![]() |
Дзеепрыметнік як форма дзеяслова.Date: 2015-10-07; view: 1057465. V. Дзеепрыметнік. Дзеепрыметнік – неспрагальная дзеяслоўная форма, якая абазначае прымету або ўласцівасць прадмета ці асобы паводле дзеяння: Груша расцвіла ноччу. Яшчэ ўчора яна стаяла голая,счарнелая, з вузлаватымі, сукамі, з вымерзлымі там-сям галінкамі... Некаторыя галінкі былі пазламаны, нібы пасечаны... (Лыньк.). Дзеепрыметнік спалучае ў сабе граматычныя прыметы дзеяслова і прыметніка. Як і дзеяслоў, дзеепрыметнік бывае цяперашняга і прошлага часу (квітнеючы сад, расквітнелая яблыня), незалежнага і залежнага стану (завялая кветка, прачытаная кніга), незакончанага і закончанага трывання (дзеючы, вышыты). Дзеепрыметнікі, як і дзеясловы, кіруюць назоўнікамі: напісаць алоўкам – напісаны алоўкам. Да дзеепрыметнікаў могуць прымыкаць прыслоўі: уважліва прачытаць – уважліва прачытаны. Як і прыметнікі, дзеепрыметнікі прымаюць форму роду, ліку і склону назоўніка, дапасоўваючыся да яго: прачытаная кніга, прачытаны раман, прачытаныя кнігі, у прачытанай кнізе, у прачытаным рамане, з прачытанымі кнігамі. Дзеепрыметнікі могуць мець кароткую форму (праўда, у літаратурнай мове яна малаўжывальная: лугі скошаны, кнігі прачытаны. Поўныя прыметнікі могуць выконваць ролю азначэння: Пахла малочаным збожжам і нядаўна падмеценым токам (Скр.), а таксама выказніка (ці яго часткі): Неба было чыстае-чыстае, выпаласканае і падсінелае рукою маладой гаспадыні-вясны (Саб.). Кароткія дзеепрыметнікі заўсёды з'яўляюцца выказнікамі: У якія роўныя шнурочкі цяпер пакладзены снапочкі! (К-с). Дзеепрыметнік разам з паясняльнымі словамі ўтварае непадзельнае словазлучэнне, якое з'яўляецца адным членам сказа і адасабляецца, калі стаіць пасля паяснёнага слова. Параўнаем: Пахла цёплай зямлёй і абуджаным на ёй жыццём (В. К.) і Пахла цёплай зямлёй і жыццём, абуджанай на ёй. 2. Асаблівасці ўтварэння і ўжывання дзеепрыметнікаў у беларускай мове. Дзеепрыметнікі ўтвараюцца пры дапамозе спецыфічных суфіксаў і канчаткаў прыметнікаў. Дзеепрыметнікі прошлага часу, найбольш распаўсюджаныя ў беларускай мове, утвараюцца ад асновы неазначальнай формы, таму, каб праверыць іх правапіс, часта неабходна ўзнавіць інфінітыў: пажаўцелае лісце – пажаўцець, пасеянае жыта – пасеяць. Дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу, утвораны ад дзеясловаў пры дамамозе суфіксаў -л-, -ўш-, перад гэтымі суфіксамі маюць тую галосную, якая стаіць і перад -ць у інфінітыве: паспелыя ягады (паспець), зазелянеўшыя палеткі (зазелянець), парыжэлая хустка (парыжэць), памаладзелы, памаладзеўшы твар (памаладзець). Перад суфіксам -ш- пішацца той зычны, што і ў неазначальнай форме: вырасшыя патрабаванні (вырасці), перамогшыя ворага (перамагчы). Дзеепрыметнікі з суфіксамі -ш-, -ўш- непажаданыя і іх ужыванне беларускай мове абмежавана. Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад пераходных дзеясловаў пры дапамозе суфіксаў -н-, -ен-, -ан-, -т-: заваяваць – заваяваная свабода, накарміць – накормленае дзіця, запрасіць – запрошаныя госці, паліць – палітыя кветкі, вымыць - вымытая падлога. Дзеепрыметнікі з суфіксам -н- утвараюцца ад асноў на а, я і захоўваюць гэтыя галосныя ва ўсіх формах: паказаць – паказаны фільм, засеяць – засеянае поле. Калі дзеепрыметнікі ўтвараюцца ад дзеясловаў на -іць (‑ыць), -ці, то пішуцца з суфіксамі -ен- або -ан- (пасля зацвярдзелых зычных): купіць – куплены білет, упрыгожыць – упрыгожаны будынак, прывезці – прывезены гасцінец. У дзеепрыметніках прошлага часу пішацца адно -н-: напісанае апавяданне, расклееныя аб'явы, пераплеценыя кнігі (параўн. у рускай мове: написанный рассказ, расклеенные объявления, переплетенные книги). Дзеепрыметнікі цяперашняга часу незалежнага і залежнага стану, якія сустракаюцца пераважна ў мове газет, часопісаў, навуковых прац, утвараюцца ад асновы дзеясловаў цяперашняга часу, і правапіс іх суфіксаў вызначаецца спражэннем дзеясловаў. Ад дзеясловаў І спражэння ўтвараюцца дзеепрыметнікі незалежнага стану пры дапамозе суфікса -уч- (-юч-): рашаюць – рашаючая сіла; ад дзеясловаў ІІ спражэння – пры дамамозе суфікса -ач- (-яч-): гавораць – гаворачая асоба. Гэтыя дзеепрыметнікі не ўласцівы беларускай мове. Яны ўжываюцца ва ўстойлівых словазлучэннях і пераходзяць у прыметнікі: рухаючыя сілы гісторыі, адыходзячыя падзеі, кіруючая роля і інш. Шляхам далучэння суфіксаў -ам, -ом, -ем, -ім, -ым зрэдку ўтвараюцца дзеепрыметнікі залежнага стану: Дадзеныя дзеепрыметнікі таксама не ўласцівы беларускай мове і ўжываюцца часцей за ўсе у навуковым стылі ў спалучэннях тэрміналагічнага характару: рэкамедуемая літаратура, атэстуемыя асобы і інш. Некаторыя з такіх дзеепрыметнікаў ужо ўжываюцца як прыметнікі: любімы твор, цярпімы тон і інш. Як мы ўжо адзначалі, не ўсе формы дзеепрыметнікаў аднолькава ўжываюцца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Найчасцей выкарыстоўваюцца дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага стану: Любоў да прадмета заўсёды абумоўлена любоўю да настаўніка (Луж.). Наперадзе, вельмі блізка, увесь абліты сонцам, стаяў ельнік (К. Ч.). Гэтыя дзеепрыметнікі могуць мець поўную і кароткую форму. Кароткія дзеепрыметнікі змяняюцца па ліках і родах (у адзіночным ліку), але не скланяюцца: плошча засеяна, поле засеяна, палі засеяны. Як нам вядома, поўныя дзеепрыметнікі ў сказе выконваюць ролю азначэнняў і выказнікаў, кароткія – выказнікаў: Раніцай у вялікім, нанова адбудаваным горадзе была перасадка (І.М.). Якая сіла заложана ў гэтых прасторах неабдымных родных шляхоў... (К-с). Дзеепрыметнікі мужчынскага роду ў ролі выказніка звычайна ўжываюцца ў поўнай форме, напрыклад: Верш так і застаўся непапраўлены і ненадрукаваны... (Луж.). Часта ўжываваюцца дзеепрыметнікі прошлага часу незалежнага стану з суфіксам -л-: Апейку абступілі хаты – новыя, пасівелыя ўжо ад дажджу ды ветру, скрыўленыя, абымшэлыя ад даўнасці (I. М.). Хрупае настылы ноччу снег, але ўжо над заінелым садам паплыла смуга ліловым чадам да счарнелых зімнікаў і стрэх (Грах.). Гэтыя дзеепрыметнікі з суфіксамі -ш-, ‑ўш- сустракаюцца пераважна ў публіцыстычным і навуковым стылях: Гісторыя вытворчасці шкла, узнікшая каля шасці тысяч гадоў назад у Егіпце і Сярэдняй Азіі, вельмі цікавая (“Беларусь”). Мэтазгодна пазбягаць выкарыстання дзеепрыметнікаў незалежнага стану мужчынскага роду ў форме назоўнага склону, бо яны, супадаючы з аманімічнымі дзеепрыслоўямі, робяць думку неакрэсленай, невыразнай, як у наступным сказе: (Які?) Падросшы коцік ужо менш рабіў шкоды ці (Што зрабіўшы?) Падросшы, коцік ужо рабіў менш шкоды. Дзеепрыметнікі цяперашняга часу незалежнага стану з суфіксамі -уч- (‑юч-), -ач- (-яч-) і залежнага стану з суфіксамі -ем, -ім ужываюцца вельмі рэдка і пераважна ў мове газет, часопісаў, навуковых прац: Да гаручых карысных выкапняў, акрамя здаўна вядомага торфу, адносяцца нафта і спадарожны газ, буры вугаль, гаручыя сланцы (Энцыклапедыя прыроды Беларусі). Такія дзеепрыметнікі звычайна трацяць дзеяслоўныя рысы і пераходзяць у прыметнікі, тады яны набываюць большую свабоду ўжывання: Лепш завяжы любімую хусцінку, сатканую з праменняў і нябёс, і хай нясе цябе, маю дзяўчынку, на лёгкіх крыльцах неўміручы лёс (А. К.). Для беларускай мовы не характэрны зваротныя дзеепрыметнікі. К. Крапіва папракаў некаторых пісьменнікаў за тое, што яны “злоўжываюць неўласцівымі беларускай мове дзеепрыметнымі формамі”, і прыводзіў такія прыклады: трымаўшаеся за жыццё дрэва, плач прачнуўшагася малога сына, заіскрыўшыміся вачыма, трэск ламаемых галінак. 3. Спосабы перадачы дзеепрыметнікаў пры перакладзе з рускай мовы на беларускую. Каб пазбегнуць непажаданых форм дзеепрыметнікаў (асабліва пры перакладах з рускай мовы) патрэбна карыстацца: а) ужывальнымі формамі дзеепрыметнікаў: Сотни вёрст пустой, однообразной, выгоревшей степи не могут нагнать такого уныния, как один человек, когда он сидит, говорит и неивестно когда уйдет (А. Чехов). – Сотні вёрст пустэльнага, аднастайнага, выгаралага стэпу не могуць нагнаць такой нуды, як адзін чалавек, калі ён сядзіць, гаворыць і невядома, калі ён пойдзе (Пер. Я. Васілёнка); б) прыметнікамі і спалучэннямі іх з назоўнікамі: На высоком горизонте – вечно прелестные, вечно изменяющиеся, играющие светом, как алмазы, снеговые горы (Л. Толстой). – На высокім небасхіле вечна цудоўныя, вечна новыя, у дыяментавых пералівах святла, снегавыя горы (Пер. М. Клімковіча); в) даданымі сказамі: Почтальон постоял немного, резко мотнул головой, как окончательно проснувшийся человек, и пошёл за ямщиком (А. Чехов). – Паштальён пастаяў крыху, рэзка матнуў галавою, як чалавек, які канчаткова прачнуўся, і пайшоў за фурманам (Пер. У. Карпава); г) дзеясловамі і дзеепрыслоўямі: Благодарствую за угощение, но я не пьющий (М. Шолохов). – Дзякую за пачастунак, але я не п'ю (Пер. Я. Шарахоўскага); Человек, купивший газету, отошёл от киоска – Купіўшы газету, чалавек адышоў ад кіёска або Чалавек купіў газету і адышоў ад кіёска; д) назоўнікамі: Он [Лукашка] напоминал разыгравшегося жеребца, который, взвив хвост и фыркнув, остановился как вкопанный всеми ногами (Л. Толстой). – Ён нагадваў жарабца-стаенніка, які, задраўшы хвост і фыркнуўшы, спыніўся як укапаны ўсімі нагамі (Пер. А. Кучара). е) азначэннямі-прыдаткамі: вещества, стимулирующие рост – рэчывы-стымулятары. Калі дзеепрыметнікі не нясуць неабходнай сэнсавай нагрузкі, яны пры перакладзе могуць апускацца: Собравшиеся люди обсуждали план работы – Людзі абмяркоўвалі план работы. Калі дзеепрыметнікі страчваюць дзеяслоўныя адзнакі (трывання, часу, стану) і набываюць якаснае значэнне (сталую прымету), яны пераходзяць у прыметнікі: даданы сказ, дапасаванае азначэнне. Да ліку такіх адносяцца дзеепрыметнікі цяперашняга часу з суфіксамі ‑ач- (-яч-), -уч- (-юч-), -ем-, -ім-: дрымучы лес, калючы дрот, стаячая вада, любімая кніга; дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу, утвораныя ад дзеясловаў незакончанага трывання тыпу лічаныя дні, чаканая сустрэча, жаданая вясна; некаторыя дзеепрыметнікі з суфіксамі -л-, -н-, ‑ен-, -ан-, -т: друкаваны тэкст, спелая садавіна, рослы хлопец. 4. Асаблівасці перакладу на беларускую мову тэрмінаў, у склад якіх уваходзяць дзеепрыметнікі (гл. тэарэтычны матэрыял “Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы”). VIІ. Дзеепрыслоўе. 1. Дзеепрыслоўе як форма дзеяслова. Дзеепрыслоўе – нязменная форма дзеяслова, якая абазначае дадатковае дзеянне і паясняе асноўнае дзеянне, выражанае дзеясловам-выказнікам: Мы ідзём назад па вуліцы, плёхаючыся ў густых восеньскіх лужах і прабіраючыся паўз платы (Скр.). Дзеепрыслоўе мае прыметы дзеяслова і прыслоўя. Як і дзеясловы, дзеепрыслоўі бываюць незакончанага і закончанага трывання, могуць быць пераходнымі і непераходнымі: ляжаць – лежачы, сказаць – сказаўшы; могуць мець зваротную форму: сабрацца – сабраўшыся, умыцца – умыўшыся; могуць кіраваць назоўнікамі: пасадзіць дрэва –пасадзіўшы дрэва; да іх могуць прымыкаць прыслоўі: добра пад'есці – добра пад'еўшы. Як і прыслоўі, дзеясловы з'яўляюцца нязменнымі і прымыкаюць да дзеяслова. Формаў часу дзеепрыслоўі не ўтвараюць. Гэтыя формы ў дзеепрыслоўях выражаюцца праз трыванне: дзеепрыслоўі незакончанага трывання абазначаюць дзеянне, якое адбываецца ці адбывалася адначасова з дзеяннем, выражаным дзеясловам-выказнікам: Навокал стаіць густое, каласістае жыта, спакойна дыхаючысмачным, гаркаватым пахам (Б.). Яна змоўкла, да нечага прыслухоўваючыся (Сав.); дзеепрыслоўі закончанага трывання абазначаюць закончанае дадатковае дзеянне, якое адбылося раней за галоўнае: Выйшаўшы з буфета, сябры развітваюцца (І. Н.). Дзеепрыслоўе заўсёды абазначае дзеянне той самай асобы або прадмета, што і дзеяслоў выказнік, да якога адносіцца дзеепрыслоўе. У сказе дзеепрыслоўі выконваюць ролю акалічнасцей. Найчасцей ужываюцца з паясняльнымі словамі, утвараючы з імі дзеепрыслоўнае словазлучэнне, якое з'яўляецца адным членам сказа і заўсёды адасабляецца: Яна змоўкла, да нечага прыслухоўваючыся (Сав.). Дзеепрыслоўі незакончанага трывання ўтвараюцца ад асновы цяперашняга часу дзеясловаў І спражэння пры дапамозе суфіксаў -учы (‑ючы) і дзеясловаў II спражэння пры дапамозе суфіксаў -ачы- (-ячы): І – чытаць – чытаючы, казаць – кажучы; II – хадзіць – ходзячы, бачыць – бачачы.Выключэнні: баючыся, сплючы (у дзеясловах ІІ спражэння суфікс -ючы). Дзеепрыслоўі закончанага трывання ўтвараюцца ад асновы інфінітыва далучэннем суфіксаў -ўшы (пасля галосных) і -шы (пасля зычных): узя-ць – узяўшы, прынес-ці – прынёсшы. Ад формы прошлага часу ўтвараюцца дзеепрыслоўі, калі ў інфінітыве перад -ці ёсць гук [с'], які ў асабовых формах чаргуецца з [д], [т]: прывесці – прывяду – прывёўшы. 2. Асаблівасці ўтварэння і ўжывання дзеепрыслоўяў у беларускай мове. 1. Дзеепрыслоўе, абазначаючы дадатковае дзеянне, адносіцца не толькі да выказніка, але і да дзейніка, г.зн. і асноўнае дзеянне, выражанае дзеясловам-выказнікам, і дадатковае, выражанае дзеепрыслоўем, павінна выконвацца адной і той жа асобай ці прадметам. Сувязь дзеепрыслоўя як з выказнікам (прымыканне), так і з дзейнікам (сэнсавая суадноснасць) схематычна ўяўляецца такім чынам:
Пятрусь g спыніўся
|