|
ТЭМА. ДА НОВАЙ МАДЭЛІ ГРАМАДСКАГА ЛАДУDate: 2015-10-07; view: 683. 1. БССР у другой палове 80-х – пачатку 90-х гг. Супярэчнасці ў грамадска-палітычным і эканамічным развіцці У сярэдзіне 80-х гг. Савецкі Саюз апынуўся ў складаным становішчы: запавольваліся тэмпы сацыяльна-эканамічнага развіцця, не заўсёды дасягненні навукі і тэхнікі ўкараняліся ў вытворчасць, нізкай была якасць многіх відаў прадукцыі, не хапала высокаякасных тавараў на рынку, па некаторых паказчыках прыпыніўся рост жыццёвага ўзроўню народа. Патрабавалася рэфармаванне палітыка-эканамічнай сістэмы, якая ў аснове сваёй сфарміравалася ў СССР у 20–30-я гг. У другой палове 80-х гг. быў удакладнены палітычны курс і вызначана палітыка перабудовы, ініцыятарам якой з'яўляўся генеральны сакратар ЦК КПСС М.С. Гарбачоў (1985 г.). Перабудову прадугледжвалася праводзіць у рамках сацыялістычнага выбару з мэтай больш поўнага раскрыцця патэнцыяльных магчымасцей сацыялізму і ператварэння яго ў мадэль гуманнага, дэмакратычнага ладу. Палітыка перабудовы ўключала правядзенне эканамічнай рэформы, рэформы палітычнай сістэмы, сацыяльнай і культурнай сфер жыцця савецкага грамадства, стварэнне прававой дзяржавы. Важным напрамкам палітыкі перабудовы стала дэмакратызацыя грамадскага жыцця рэспублікі і разгортванне галоснасці і плюралізму. Поспех рэформы ў значнай ступені залежыў ад таго, як хутка і ў якім накірунку адбудзецца дэмакратызацыя партыі. Трэба адзначыць, што напачатку ў дзейнасці Кампартыі Беларусі з'явіліся некаторыя змены. У партыйных камітэтах былі скасаваны гаспадарча-галіновыя адзелы і пачалося ўвядзенне ратацыі кадраў. У мэтах пашырэння ўнутрыпартыйнай дэмакратыі былі ўведзены выбары на альтэрнатыўнай аснове, рабіліся захады па пашырэнні правоў пярвічных арганізацый. Аднак жыццё паказала, што ў КПСС – КПБ адсутнічала канкрэтная, навукова абгрунтаваная праграма абнаўлення савецкага грамадства. Не былі дакладна вызначаны канчатковыя вынікі, на дасягненне якіх накіроўваліся намаганні грамадства. Сацыялістычныя ідэалы ў вачах мільёнаў людзей абясцэньваліся, аўтарытэт пануючай партыі катастрафічна падаў. Важнае значэнне ў рэформе палітычнай сістэмы атрымала аднаўленне поўнаўладдзя Саветаў. Яны павінны былі пашырыць свой уплыў на ўсе бакі кіравання, палепшыць структуру і функцыяніраванне ўсяго дзяржаўнага апарату. У 1989 г. адбыліся выбары народных дэпутатаў СССР, якія ўпершыню праходзілі як больш свабодныя і альтэрнатыўныя, аднак 1/3 частка кандыдатаў прайшла ў дэпутаты не па выбарчых акругах, а ў якасці прадстаўнікоў Камуністычнай партыі і грамадскіх арганізацый, што наглядна сведчыла аб абмежаванасці дэмакратыі. У 1990 г. па-новаму былі праведзены выбары народных дэпутатаў у Вярхоўны і мясцовыя Саветы дэпутатаў БССР. Аднак ва ўмовах аднапартыйнасці большасць месцаў зноў атрымалі прыхільнікі Камуністычнай партыі Беларусі. Рост грамадзянскай і палітычнай свядомасці насельніцтва прывёў да ўзнікнення ў 1989 г. апазіцыйнага ў адносінах да КПБ грамадска-палітычнага руху пад назвай Беларускі народны фронт (БНФ) “Адраджэнне” за перабудову, які ў 1990 г. узяў курс на заваяванне палітычнай улады. У 1990 г. на ХХХІ з'ездзе КПБ было прынята рашэнне імкнуцца да захавання за партыяй ролі кіруючай і накіроўваючай сілы ў грамадстве. Імкненне партыйнага кіраўніцтва праявілася ў рашучым супрацьдзеянні ўзнікненню любых палітычных арганізацый. Права на аб'яднанне ў форме палітычных партый, масавых рухаў, прафесіянальных саюзаў, жаночых, маладзёжных, дзіцячых, навуковых, культурна-асветніцкіх, спартыўных і іншых аб'яднанняў і таварыстваў было замацавана прынятым у кастрычніку 1990 г. Законам СССР “Аб грамадскіх аб'яднаннях”. Першымі сталі Беларуская сялянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Аб'яднаная дэмакратычная партыя Беларусі, Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Беларускі хрысціянска-дэмакратычны саюз і інш. Складванне шматпартыйнасці азначала канец манаполіі КПСС – КПБ на ўладу. Была зроблена спроба рэфармавання Кампартыі ў напрамку яе дэмакратызацыі і пераўтварэння ў партыю парламенцкага тыпу, але гэта аказалася справай бесперспектыўнай. У самой партыі ўзніклі роз-ныя плыні, многія камуністы выйшлі з яе складу. Утварэнне палітычных партый і аб'яднанняў сведчыла пра глыбокія пераўтварэнні ў грамадскім жыцці і развіцці дэмакратыі. Але галоўнае заключалася ў тым, што стварэнне палітычных фарміраванняў на справе сцвярджала новыя падыходы да вырашэння складаных грамадска-палітычных праблем і крах аднапартыйнай сістэмы на Беларусі. Важную ролю адыгрывала аднаўленне і дзейнасць прафсаюзнага руху. У кастрычніку 1990 г. адбыўся першы з'езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – самага буйнога грамадскага аб'яднання ў рэспубліцы. На хвалі забастовачнага руху ўтварылася Канфедэрацыя працы Беларусі. У Салігорску ўзнік Незалежны прафсаюз гарнякоў Беларусі. У 1991 г. адбыўся ўстаноўчы з'езд Свабодных прафсаюзаў Беларусі, якія аб'явілі сябе канкурэнтамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Апошняй спробай вярнуць ўсё на старыя пазіцыі быў жнівеньскі путч 1991 г. у Маскве, калі “Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы” (ДКНС) аб'явіў аб пераходзе ў яго рукі ўсёй улады ў СССР. Няўдалы вынік гэтага мерапрыемства паскорыў крах КПСС (КПБ) і СССР у цэлым. Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця была звязана з курсам на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аднак супярэчнасці жыцця грамадства сярэдзіны 80-х гг. асабліва востра праявіліся ў эканоміцы. У адпаведнасці з прынятым 12-м пяцігадовым планам развіцця БССР на 1986–1990 гг. прадугледжвалася за пяць гадоў павялічыць за кошт інтэнсіўнага развіцця эканомікі нацыянальны даход на 26%. З мэтай паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі была створана рэспубліканская праграма “Інтэнсіфікацыя”. Асноўнай праблемай эканамічных пераўтварэнняў з'яўлялася забеспячэнне выпуску прадукцыі высокай якасці і надзейнасці, канкурэнтназдольнай на сусветным рынку, своечасовае яе аднаўленне ў ад-паведнасці з запатрабаваннямі спажыўцоў. Аднак ва ўмовах функцыя-ніравання каманднай эканомікі вынікі дасягаліся за кошт адміністратыўных метадаў. У ходзе ажыццяўлення перабудовы ў сацыяльна-эканамічным развіцці была прызнана неабходнасць забяспечыць пераход ад цэнтралізаванай, каманднай сістэмы кіравання да дэмакратычнай, заснаванай пераважна на эканамічных метадах. Пашыралася самастойнасць прадпрыемстваў і аб'яднанняў у выніку іх пераходу на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне. Укараняліся прагрэсіўныя формы арганізацыі працы – арэндныя калектывы, гаспадарчыя разліковыя брыгады. Ужо ў 1988 г. на Беларусі ва ўмовах гаспадарчага разліку і самафінансавання працавалі ўся прамысловасць, аграпрамысловы комплекс, транспарт, гандаль, большасць будаўнічых арганізацый. Разам з тым, спалучаць цэнтралізаванае кіраўніцтва з самакіраваннем прадпрыемстваў аказалася немагчыма. Не дапамагла і дзяржпрыёмка – кантрольная служба за якасцю выпускаемай прадукцыі. Больш таго, узнікла новая праблема: прадпрыемствы, якія атрымалі некаторую самастойнасць, пачалі павялічваць заработную плату супрацоўнікам, тэмпы ж росту вытворчасці пры гэтым не павышаліся. Пачалася інфляцыя, абвальны спад вытворчасці. У сельскай гаспадарцы пераўтварэнні былі накіраваны на змякчэнне каманднага кіраўніцтва калгасамі з боку дзяржавы, але агульны стан працягваў пагаршацца, і для забеспячэння насельніцтва харчовымі прадуктамі была ўведзена сістэма талонаў. У гэтых умовах спробы пераходу да разнастайных форм і спосабаў гаспадарання на зямлі вынікаў не прынеслі. Эканамічнае становішча рэзка пагоршылася ў сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 г. Эканамічны ўрон, нанесены Беларусі, ацэньваецца ў 32 гадавыя рэспубліканскія бюджэты, а вынікі для здароўя людзей наогул не прадказальныя. Радыёнуклідамі забруджана пятая частка тэрыторыі рэспублікі, дзе пражывала больш за 2 млн. чалавек. З гаспадарчага абароту выведзена 20% зямель. Паводле ацэнак спецыялістаў, чарнобыльскі выбух быў эквівалентны выбуху 70 бомбаў, што скінулі амерыканцы на Хірасіму ў канцы Другой сусветнай вайны. У 1989 г. была прынята доўгатэрміновая Дзяржаўная праграма ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая накіравана на сацыяльную падтрымку людзей. Пачалося іх перасяленне з забруджаных тэрыторый на новае месца жыхарства. Такім чынам, другая палова 80-х – пачатак 90-х гг. – час вострых супярэчнасцей у грамадска-палітычным і эканамічным развіцці БССР. Асноўныя тэрміны і паняцці Апазіцыя парламенцкая – група дэпутатаў, погляды якіх не супадаюць альбо супярэчаць думкам парламенцкай дэпутацкай большасці ці ўладзе. Галоснасць – магчымасць адкрыта выказваць крытычныя адносіны да ўлады і існаваўшай ідэалогіі (сістэмы поглядаў), сказаць праўду аб сваёй гісторыі і сучаснасці, рэалізаваць на справе абвешчаныя дэмакратычныя свабоды слова, друку, мітынгаў і шэсцяў. Кансерватызм – прыхільнасць да ўсяго застарэлага, аджыўшага, але вельмі ўстойлівага, традыцыйнага, што выклікае супрацьдзеянне ў адносінах да ўсяго новага. Плюралізм – прызнанне права на існаванне розных поглядаў, думак, меркаванняў па пытанню або шляхах развіцця дзяржавы і грамадства. Увасабляецца ў шматпартыйнасці як форме дэмакратычнага ўладкавання грамадства. Храналогія падзей 1985–1991 гг. – правядзенне ў СССР палітыкі перабудовы. 26 красавіка 1986 г. – аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Чэрвень 1989 г. – у Вільні адбыўся ўстаноўчы з'езд БНФ. Пытанні для самаправеркі 1. У чым заключалася сутнасць палітыкі перабудовы ў СССР? 2. Якія палітычныя сілы ажыццяўлялі перабудову ў БССР і якія вынікі яна прынесла? 3. Пакажыце, у чым заключаецца значэнне шматпартыйнасці. 4. У чым прычыны крызісу беларускай эканомікі ў другой пало-ве 80-х – пачатку 90-х гг.? 2. БССР на міжнароднай арэне ў 40–80-я гг. Пасля Другой сусветнай вайны змянілася палітычнае становішча Беларусі. Яна была адноўлена ў рамках адзінай дзяржавы і пачала выходзіць на міжнародную арэну праз дзейнасць у ААН. Уключэнне БССР у склад краін-заснавальніц ААН было абумоўлена прызнаннем вялікага ўкладу яе ў разгром фашызму, а таксама каласальных людскіх ахвяр і матэрыяльных страт у час вайны. Так, 27 красавіка 1945 г. БССР упершыню ў гісторыі стала членам самай аўтарытэтнай арганізацыі, створанай у мэтах падтрымання міжнароднага міру і бяспекі, развіцця адносін паміж народамі, ажыццяўлення міжнароднага супрацоўніцтва ў вырашэнні міжнародных праблем эканамічнага, сацыяльнага, культурнага і гуманітарнага характару. Аднак удзел дэлегацыі Беларусі ў рабоце ААН з самага пачатку прыняў фармальны характар, бо яна фактычна з'яўлялася часткай дэлегацыі СССР і знаходзілася ў фарватары той палітыкі, якую ён праводзіў. Разам з тым членства БССР у складзе ААН садзейнічала развіццю міжнародных сувязей і кантактаў, набыццю дыпламатычнага вопыту. Практычнай карысцю для беларускага народа з'явілася атрыманне ад гэтай арганізацыі дапамогі ў якасці паставак тавараў, машын і абсталявання ў найбольш цяжкі пасляваенны час. Дэлегацыя БССР удзельнічала ў абмеркаванні пытанняў, якія выносіліся на штогадовыя сесіі. Ужо на першай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у студзені 1946 г. была прынята рэзалюцыя “Аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў”, прапанаваная БССР. У 1946 г. на Парыжскай мірнай канферэнцыі беларуская дэлегацыя выступіла ў абмеркаванні тэрытарыяльных і рэпарацыйных пытанняў у пасляваеннай Еўропе. З пазіцый усталявання такіх адносін, якія выключалі б дыскрымінацыю іншых народаў, у лютым 1947 г. БССР падпісала мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Фінляндыяй і Італіяй. Усяго ў 1944–1955 гг. БССР падпісала 30 дагавароў, пагадненняў, канвенцый і ўступіла ў Міжнародны Саюз электрасувязі і Сусветны паштовы Саюз (1947 г.), Сусветную метэаралагічную арганізацыю (1948 г.), Міжнародную арганізацыю працы (1954 г.). Змякчэнне міжнароднай напружанасці ў другой палове 50-х гг., пасля перыяду абвастрэння “халоднай вайны” (1945–1955 гг.), дало магчымасць дэлегацыі Беларусі адстойваць у ААН лінію на ўмацаванне міру і бяспекі, ліквідацыю каланіялізму, развіццё раўнапраўнага эканамічнага супрацоўніцтва. У 1963 г. у ліку першых БССР падпісала ў Маскве дагавор аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, космасе і пад вадой. У 1965 г. прадстаўніцтвы БССР дзейнічалі ў спецыяльных органах ААН, такіх як ЮНЕСКА, МАГАТЭ і інш. Супрацьстаянне двух лагераў, і перш за ўсё ЗША і СССР, пагражала ўзнікненнем новай сусветнай вайны. Таму ў 1981 г. чарговая сесія Генеральнай Асамблеі ААН прыняла прапанаваную БССР і УССР Дэкларацыю аб прадухіленні ядзернай вайны. У ёй адзначалася, што тыя дзяржавы, якія першымі пачнуць баявыя дзеянні з выкарыстаннем ядзернай зброі, будуць абвешчаны сусветным супольніцтвам ваеннымі злачынцамі і панясуць адказанасць. Зручнае геапалітычнае становішча прадвызначыла пашырэнне кантактаў і развіццё двухбаковых сувязей паміж краінамі-членамі СЭУ, перш за ўсё з Польшчай, Балгарыяй, Чэхаславакіяй і ГДР. У пачатку 70-х гг. на долю беларускага экспарту ў сацыялістычныя краіны прыпадала электронна-вылічальных машын – 91%, матацыклаў – 88%, металарэжучых станкоў – 70%, грузавых аўтамабіляў – 56%, трактароў – 54%. Усяго больш за 300 прадпрыемстваў Беларусі пастаўлялі сваю прадукцыю прыкладна ў 100 краін свету. Каля 10% прыходзілася на краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Для паскарэння тэхнічнага прагрэсу ў прамысловасці, іншых галінах гаспадаркі важнае месца мелі эканамічныя сувязі з развітымі капіталістычнымі краінамі. У 1970–1980 гг. на іх долю прыпадала 22,5% усіх экспартных паставак рэспублікі. За кошт імпартных аперацый у рэспубліку завозіліся тэхналагічныя лініі і абсталяванне, тавары шырокага ўжытку. Неабходным сродкам умацавання і паглыблення сяброўскіх адносін паміж беларускім і іншымі народамі свету былі культурныя, навуковыя, спартыўныя і турысцкія сувязі. Галоўным чынам гэта ажыццяўлялася праз дзяржаўныя і грамадскія структуры, партыйныя, праф-саюзныя, камсамольскія арганізацыі, творчыя саюзы, бібліятэкі і г.д. Адначасова з гэтым Беларусь удзельнічала ў працы шматлікіх міжнародных арганізацый, камітэтаў, таварыстваў па супрацоўніцтву. Пры іх непасрэдным удзеле адбываўся навуковы і культурны абмен, праводзіліся міжнародныя выставы, кінафестывалі, кангрэсы, сімпозіумы і г.д. Такім чынам, у 40–80-я гг. роля Беларусі ў міжнародным супольніцтве мела важнае значэнне. Супрацоўнічаючы ў складзе шматлікіх камітэтаў ААН, БССР ажыццяўляла разнастайныя мерапрыемствы па пашырэнні і ўмацаванні сяброўскіх адносін з народамі ўсіх дзяржаў свету. Храналогія падзей Чэрвень 1945 г. – дэлегацыя БССР падпісала Статут ААН. 1949 г. – стварэнне Савета Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). 1954 г. – уступленне БССР у Міжнародную арганізацыю працы (МАП) і Арганізацыю па пытаннях асветы, навукі і культуры (ЮНЕСКА). 1955 г. – падпісанне Варшаўскага дагавору – ваенна-палітычнага блока сацыялістычных дзяржаў. 28 сакавіка 1958 г. – арганізацыя пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН. 1975 г. – нарада па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (Хельсінская нарада). Ліпень 1982 г. – у Мінску адбыўся “Марш міра – 82”, які прахо-дзіў па маршруту Стакгольм–Мінск–Масква. Пытанні для самаправеркі 1. Што, на вашу думку з'явілася асноўнай прычынай прыняцця Беларусі ў члены ААН? 2. Якія мэты ставіла перад сабой Арганізацыя Аб'яднаных Нацый? 3. Якія перашкоды існавалі на шляху пашырэння эканамічных сувязяў Беларусі з замежнымі краінамі? 3. Культурнае і духоўнае жыццё БССР у другой палове 40-х – 80-я гг. Адраджэнне культурнага жыцця адбывалася ў надзвычай складаных умовах. За гады вайны амаль поўнасцю была знішчана матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі, адукацыі і культуры, многія навукоўцы загінулі, не хапала выкладчыкаў. У 1944–1945 гг. вяртаюцца з эвакуацыі вышэйшыя навучальныя ўстановы: у жніўні 1944 г. – Белдзяржуніверсітэт, восенню 1944 г. – Мінскі, Віцебскі, Магілёўскі і Гродзенскі педагагічныя інстытуты, пачаўся навучальны год у Белдзяржкансерваторыі. Ужо ў 1947 г. многія навучальныя ўстановы перавысілі даваенны ўзровень па колькасці студэнтаў. Хутка была адноўлена матэрыяльна-тэхнічная база акадэмічнай навукі, перавышаны даваенны выпуск газет, часопісаў і інш. Ужо ў 1946 г. у рэспубліцы дзейнічала 12 тэатраў. Адзначаючы несумненныя дасягненні народнай асветы, нельга не адзначыць, што менавіта ў гэтыя гады адукацыя стала на шлях дэнацыяналізацыі, з мэтай дасягнення памылковай, зусім не абгрунтаванай задачы КПСС аб зліцці культур і моваў у час пабудовы камуністычнага грамадства. Гэта садзейнічала фарміраванню пакалення людзей, цалкам ці ў значнай ступені адарваных ад нацыянальна-культурнай глебы, гістарычных каранёў. Ва ўмовах існавання таталітарнага палітычнага рэжыму існавала сістэма кантролю ідэйнай накіраванасці, якая забяспечвала прынцып партыйнасці, г.з. строгае выкананне партыйных прадвызначэнняў у галіне адукацыі і навукі, літаратуры і мастацтва. Адбыліся новыя арышты сярод інтэлігенцыі па палітычных матывах, ахвярамі якіх сталі паэты і празаікі У. Дубоўка, С. Грахоўскі, А. Звонак, П. Пруднікаў, вучоны-біёлаг А. Жэбрак і інш. Спроба дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця была абумоўлена прыходам да кіраўніцтва М.С. Хрушчова ў сакавіку 1953 г. і прыняццем курса на дэсталінізацыю грамадства. Асаблівую ролю ў гэтым адыграў ХХ з'езд КПСС, які адбыўся ў 1956 г. Ён закрануў усе сферы жыцця і вызначыў палітыку “адлігі” (1954–1964 гг.), якая абумовіла працэс духоўнага разняволення і крытыку культу асобы Сталіна. Важнасць для грамадства набылі дыскусіі аб ролі і месцы інтэлігенцыі, удасканаленні палітычнай сістэмы ў межах лібералізацыі. Былі спынены масавыя рэпрэсіі і пачалася рэабілітацыя ахвяр. У 1956–1961 гг. Вярхоўны суд БССР разгледзеў звыш 30 тыс. спраў у адносінах больш як 50 тыс. чалавек і рэабілітаваў каля 40 тыс. жыхароў рэспублікі. У іх ліку вядомыя палітычныя, культурныя і навуковыя дзеячы М.М. Галадзед, А.Р. Чарвякоў, Зм. Ф. Жылуновіч, С.П. Шушкевіч, С.І. Грахоўскі. Пачатая дэмакратызацыя востра паставіла задачу выпрацоўкі стратэгічнага курсу. Ім стала праграма КПСС, прынятая на ХХІІ з'ездзе партыі (1961 г.) і накіраваная на будаўніцтва камунізму ў СССР. Яна пазней атрымала назву “палітычны валюнтарызм”, таму што праводзілася без уліку аб'ектыўных законаў развіцця грамадства. Праграмная заява КПСС аб пабудове камунізму ў краіне на працягу жыцця аднаго пакалення не дапускала магчымасці існавання рэлігійных вераванняў, што абумовіла ўзмацненне прапаганды атэізма і палітыкі канфрантацыі дзяржавы да канфесійнага жыцця ў рэспубліцы. Праводзілася кампанія па масаваму закрыццю храмаў усіх канфесій. Ваяўнічыя атэісты станавіліся нават на шлях вандалізму, у выніку якога знішчаліся архітэктурныя помнікі. На змену лібералізацыі палітычнага курсу прыйшла эпоха “застою”, звязаная са зменай у кіраўніцтве дзяржавай. Палітыка, якую праводзіў Л.І. Брэжнеў у 1964–1982 гг., была звернута на кансервацыю сфарміраваных за дзесяцігоддзі формаў эканамічнай і грамадска-палітычнай дзейнасці. Гэты паварот быў падмацаваны вывадамі аб павышэнні вядучай ролі партыі ў жыцці грамадства, узмацненнем яго сацыяльнай аднароднасці і пашырэннем калектывізму. Вялікі размах набылі шматлікія ідэалагічныя кампаніі, якія праходзілі пры абмерка-ванні і прыняцці Канстытуцыі СССР 1977 г. і Канстытуцыі БССР 1978 г. Іх вартасцю была арыентаванасць на абарону сацыяльных правоў людзей. Але пры адсутнасці дэмакратычных свабод і узмацненні бюракратызму, усё гэта выклікала ў народа апатыю і пессімізм. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1964–1982 гг. абумовіла ўзмацненне кіраўніцтва культурай з боку КПБ. Пачаліся абвінавачванні інтэлігенцыі ў размыванні каштоўнасцей сацыялізму, парушэнні прынцыпу партыйнасці, узмацнілася ідэалагізацыя культурнага жыцця, якая павінна была забяспечыць выхаванне новага чалавека з камуністычным светапоглядам. У 1971 г. быў абвешчаны лозунг аб тым, што ў СССР узнікла новая гістарычная супольнасць – савецкі народ. Ва ўмовах разгортвання навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў свеце, навука стала важным паказчыкам агульнага стану краіны. Дзякуючы навуковым распрацоўкам у галіне матэматыкі, хіміі, у біялагічнай навуцы, інтэгральнай мікраэлектронікі і вылічальнай тэхніцы імёны беларускіх вучоных У. Платонава, М. Ельяшэвіча атрымалі прызнанне ў свеце. Характэрная рыса навукі гэтага часу – развіццё фундаментальных даследаванняў. У беларускай літаратуры галоўнай заставалася ваенная тэма. Большасць пісьменнікаў з'яўляліся ўдзельнікамі вайны, таму іх творы даносілі да сучаснікаў праўдзівае адлюстраванне Вялікай Айчыннай вайны. З'явіўся першы партызанскі раман – “Глыбокая плынь” І. Шамякіна. Атрымалі прызнанне раманы “Мінскі напрамак” І. Мележа і “Векапомныя дні” М. Лынькова. Шырокую вядомасць сваімі аповесцямі “Жураўліны крык”, “Альпійская балада”, “Трэцяя ракета” набыў В. Быкаў. Уклад пісьменніка ў беларускую літаратуру быў адзначаны Зоркай Героя Сацыялістычнай працы і званнем народнага пісьменніка Беларусі. З сярэдзіны 60-х гг. атрымлівае асвятленне гістарычная тэматыка і мастацкая гісторыя беларускага народа. Найлепшымі творамі сталі “Хатынская аповесць” А. Адамовіча, “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” У. Караткевіча і трылогія “Палеская хроніка” І. Мележа, удастоеная Ленінскай прэміі. Сярод твораў драматургіі вядомасць атрымалі сатырычныя п'есы “Таблетку пад язык”, “Святая прастата” А. Макаёнка, “Брама неўміручасці” К. Крапівы. Паводле твораў пісьменнікаў на кінастудыі “Беларусьфільм” былі зняты мастацкія стужкі, якія данеслі да сусветнай грамадскасці найбольш адметныя з'явы з гісторыі і культуры Беларусі: “Палеская легенда”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Несцерка”, “Чырвонае лісце”, “Масква-Генуя” і інш. Дзейнасць кінарэжысёраў В. Рубінчыка і В. Турава стала вядомай за межамі рэспублікі. У беларускім выяўленчым мастацтве значнае месца займаюць творы М. Савіцкага, Г. Вашчанкі, Л. Шчамялёва, У. Стэльмашонка, звязаныя з адлюстраваннем гістарычных падзей, асоб, архітэктурных помнікаў. Арыгінальнасць і талент мастакоў А. Ісачова і М. Шагала атрымалі шырокае прызнанне ў свеце, але не на сваёй радзіме. Сярод помнікаў манументальнага мастацтва асабліва вылуча-юцца мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць – герой” (скульптары А. Глебаў, С. Селіханаў), помнікі Я. Купалу (А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі), Я. Коласу (З. Азгур), помнік маці-патрыётцы Н. Купрыянавай (А. Заспіцкі). Такім чынам, нягледзячы на партыйнае ўздзеянне на творчы працэс, культура ў гэты перыяд увасабляла ў сабе грамадскі талент і светаадчуванне лепшых дзеячоў беларускай зямлі. Увогуле, грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі ў 70 – першай палове 80-х гг. – з'ява неадназначная, складаная і супярэчлівая. Асноўныя тэрміны і паняцці Таталітарны рэжым – форма дзяржаўнай улады, пры якой ажыццяўляецца поўны (татальны) кантроль над усімі сферамі жыцця грамадства, забаронены дэмакратычныя арганізацыі і ліквідаваны канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян. Культ асобы – узвялічванне ролі аднаго чалавека, прыпісванне яму вызначальнага ўплыву на ход гістарычных падзей. Ідэалогія – сістэма прававых, палітычных, маральных, філасофскіх, рэлігійных, мастацкіх поглядаў і ідэй, якія належаць групе людзей ці палітычнай партыі. Лібералізацыя – палітычны курс, працэс, які абумоўлівае дапушчэнне некаторых дэмакратычных свабод, рух за ўмераныя крокі ўперад у развіцці грамадства. Сацыялістычны рэалізм – мастацкі метад, які патрабаваў адлюстравання ў літаратуры і мастацтве савецкага сацыялістычнага ладу рэальнасцей жыцця, якія вызначаліся ў партыйных дакументах. Храналогія падзей 1 верасня 1945 г. – пачалі дзейнічаць 22 вышэйшыя навучальныя ўстановы, у якіх вучылася 5 тыс. студэнтаў. 14–25 лютага 1956 г. – ХХ з'езд КПСС, які паклаў пачатак крытыкі культу асобы І.В. Сталіна. Красавік 1964 г. – заснаванне беларускага таварыства па культурных сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма”. Май 1967 г. – святкаванне 900-годдзя г. Мінска. Ліпень 1969 г. – адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. 25 верасня 1971 г. – адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць – герой”. Красавік 1978 г. – прыняцце Канстытуцыі БССР. Студзень 1979 г. – усесаюзны перапіс насельніцтва: у БССР налічвалася 9560 тыс. чалавек. Пытанні для самаправеркі 1. Што, на вашу думку, з'явілася асноўнай прычынай кансервацыі старой палітычнай сістэмы і ўзмацнення таталітарызму ў першыя пасляваенныя гады? 2. Пакажыце месца Камуністычнай партыі ў стварэнні і функцыяніраванні строга цэнтралізаванай таталітарнай сістэмы кіравання дзяржавай і грамадствам. 3. Вызначце адрозненне перыяду 1945–1955 гг. ад перыяду другой паловы 50-х – пачатку 80-х гг. як двух этапаў развіцця беларускай культуры.
|