|
Рэспубліка Беларусь і сусветнае супольніцтва. Яе адносіны з СНД і Расійскай ФедэрацыяйDate: 2015-10-07; view: 641. Распад СССР паклаў пачатак прынцыпова новаму этапу ў міжнародным жыцці Беларусі. Яе статус дзяржаўнай незалежнасці прызнаны міжнароднай супольнасцю: па стану на сярэдзіну 2001 г. Рэспубліка Беларусь прызнана 137 краінамі свету. У 1991–1995 гг. падпісана больш за 600 двухбаковых міждзяржаўных і міжурадавых дагавароў па пытаннях знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці. За гэты час рэспубліка стала паўнапраўным удзельнікам Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Далучыўшыся да Дагавора аб скарачэнні войскаў у Еўропе, яна выканала свае абавязацельствы аб ліквідацыі да ўстаноўленых памераў танкаў, баявых машын пяхоты і іншых агульнавайсковых узбраенняў. У 1992 г. рэспубліка вывела са сваёй тэрыторыі тактычную ядзерную зброю і адмовілася ад статуса ядзернай дзяржавы. У 1996 г. ядзерная зброя была выведзена за межы краіны поўнасцю. У эканамічным супрацоўніцтве Рэспубліка Беларусь у 90-х гг. развівала перш за ўсё сувязі з краінамі СНД. 29 сакавіка 1996 г. быў падпісаны дагавор аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі з Расіяй, Казахстанам і Кыргыстанам (“саюз чатырох”); 2 красавіка 1996 г. – Дагавор аб Супольнасці суверэнных дзяржаў – Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, які забяспечыў грамадзянам абедзвюх краін роўныя правы ў атрыманні адукацыі, ахове здароўя, працаўладкаванні, аплаце працы, заканадаўстве і іншых галінах. Сёння СНД знаходзіцца ў пошуку найбольш прымальных для ўсіх удзельнікаў прынцыпаў міждзяржаўнага супрацоўніцтва. Распрацаваны і прыняты шэраг дакументаў, у тым ліку Устаў СНД. Дзейнічае межпарламенцкае аб'яднанне. Адначасова развіваюцца двухбаковыя адносіны паміж дзяржавамі, якія ўтварыліся на месцы былога СССР. Цэнтрам СНД вызначаны г. Мінск. Важным крокам у далейшым паглыбленні інтэграцыі стала падпісанне 2 красавіка 1997 г. у Маскве Дагавора аб саюзе Беларусі і Расіі, якім прадугледжваецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі, іх бяспекі, абароназдольнасці, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўропы і свету. 8 снежня 1999 г. у Маскве быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Па выкананню гэтага дагавору вядзецца работа і зараз. З сярэдіны 90-х гг. Беларусь пачала актыўна развіваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з дзяржавамі далекага замежжа, ствараць сумесныя прадпрыемствы. Агульная колькасць іх складала ў 1992 г. – 116, у 1996 г. – каля адной тыс. фірм. У 1997 г. асноўнымі гандлёвымі партнёрамі рэспублікі з'яўляліся: Расія – 55,7% ад агульнага аб'ёму таваразвароту, Украіна – 9,8%, Германія – 6%, Польшча – 3,2%, Літва – 2,2%, ЗША – 1,6%, Італія – 1,5%. Свой уклад у наладжванне эканамічнага супрацоўніцтва з замежнымі фірмамі ўносілі такія новыя для рэспублікі структуры, як Саюз прадпрымальнікаў, Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, асацыяцыя дзелавога супрацоўніцтва “Гранат”, акцыянернае таварыства “Цэнтр ХХІ стагоддзя” і інш. Рэспубліка Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай шматлікіх сусветных арганізацый, што абавязвае ўносіць сродкі ў іх бюджэт. Напрыклад, у 1994 г. яны склалі: у міжнародныя фінансавыя органы – 4 млн. долараў, на ўтрыманне ААН і іншых міжнародных арганізацый – 11,8, на адкрыццё і ўтрыманне розных замежных устаноў – 10,1 млн. дол. Акрамя гэтага, рэспубліка часткова фінансавала арганізацыйнае і тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў – удзельніц СНД. Аднак, ажыццяўляючы міжнародную дзейнасць, Беларусь сутыкнулася са шматлікімі цяжкасцямі, якія звязаны з эканамічным крызісам. Рэзкае абвастрэнне эканамічнага крызісу ў 1991–1996 гг. прывяло да значнага скарачэння экспартных магчымасцей рэспублікі, дэфіцыту валютных сродкаў. Развіццю новых форм супрацоўніцтва перашкаджаюць некампетэнтныя, бюракратычныя адносіны да справы, кансерватызм у кіраванні эканомікай. Ва ўзаемаадносінах прадпрыемстваў, якія маюць непасрэдныя дагаворы з замежнымі партнёрамі, усё яшчэ вялікую долю займае бартар. Адным з напрамкаў міжнароднай дзейнасці Беларусі з'яўлялася вырашэнне праблемы экалагічнай бяспекі, звязанай з ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На тэрыторыю рэспублікі прыпала 70% усяго радыёактыўнага забруджвання. У гэтай зоне апынулася трэцяя частка плошчы, на якой пражывала больш за 2,2 млн. чалавек.У крытычным стане апынуліся 20% лясоў, 73 рэспубліканскія і 162 мясцовыя заказнікі, 336 помнікаў прыроды. Сярод іх – Белавежская і Налібоцкая пушчы, Бярэзінскі і Прыпяцкі запаведнікі, Асвейскае возера і інш. Нягледзячы на намаганні, зробленыя кіраўніцтвам краіны па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама дапамогу ўрадавых арганізацый і грамадскасці замежных краін, праблема Чарнобыля па сённяшні дзень застаецца вострай. Наогул, пераадолець вынікі такой буйной тэхнагеннай катастрофы, як чарнобыльская, Беларусі магчыма толькі з дапамогай міжнароднага супольніцтва. Такім чынам, месца Беларусі ў міжнародным супольніцтве вызначаецца яе знешнепалітычным курсам на стварэнне без'ядзернай зоны і ператварэннем у нейтральную дзяржаву, паглыбленнем і развіццём шматвектарнай знешняй палітыкі пры адначасовым умацаванні асобных эканамічных, палітычных і культурных зносін з Расіяй. Пераадольваючы крызісныя з'явы ў эканоміцы, Рэспубліка Беларусь прыкладае ўсе намаганні ў вырашэнні праблем чарнобыльскай трагедыі, якія хвалююць сусветнае грамадства. Храналогія падзей 30 студзеня 1992 г. – Рэспубліка Беларусь прынята ў члены Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ). Верасень 1992 г. – адкрыццё ў Мінску прадстаўніцтва ААН. 15 студзеня 1994 г. – афіцыйны візіт у Мінск Прэзідэнта ЗША Біла Клінтана. 2 красавіка 1996 г. – падпісанне Дагавора аб Супольнасці Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. 2 красавіка 1997 г. – падпісанне Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі. 8 снежня 1999 г. – падпісанне Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Пытанні для самаправеркі 1. Якія змены адбыліся ў становішчы Беларусі на міжнароднай арэне пасля распаду СССР? 2. Чым вызначаецца ўдзел Беларусі ў рэалізацыі палітыкі бяспекі і раззбраення? 3. На якіх прынцыпах грунтуецца знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе? 3. Пошукі шляхоў выпрацоўкі эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь Адлік часу эканамічных рэформаў у Беларусі пачаўся з 13 кастрычніка 1990 г., калі Вярхоўны Савет БССР па рашэнню саюзнага кіраўніцтва прыняў урадавую праграму пераходу да рыначнай эканомікі, у якой было аб'яўлена аб будаўніцтве нацыянальнай самастойнай эканомікі. Пасля дэнансацыі саюзнага дагавору і ўтварэння СНД (1991 г.) унітарная гаспадарка былога СССР ператварылася ў міжнародную эканамічную сістэму. Гэты факт патрабаваў новых падыходаў ва ўзаемаадносінах паміж былымі рэспублікамі ў сферы грашова-крэдытнай, гандлёвай і мытнай палітыкі. Вярхоўны Савет прыняў шэраг законаў, накіраваных на рэфармаванне эканомікі. Сярод іх – аб уласнасці, аб Нацыянальным банку і банкаўскай дзейнасці, Мытны кодэкс, аб прадпрымальніцтве, аб дзяржпрадпрыемствах, аб праве ўласнасці на зямлю, аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, аб эканамічнай неплацёжаздольнасці і банкруцтве і інш. Законы павінны былі стварыць базу для сацыяльна-эканамічнага суверэнітэту і спрыяць стабілізацыі. Аднак рэальнымі вынікамі сталі эканамічны крызіс, крах крэдытна-фінансавай сістэмы, імклівы рост інфляцыі і катастрафічнае зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва Беларусі. На крызісныя з'явы ў эканоміцы негатыўна паўплывалі разрыў гаспадарчых сувязей, пашырэнне абавязку па пастаўках прадукцыі з другіх рэспублік. Асабліва вострае становішча склалася з пастаўкамі ў рэспубліку сыравіны, матэрыялаў, машын і абсталявання, камплектуючых вырабаў. З 1992 г. рыначныя рэформы ўступілі ў новую фазу. Іх сутнасць зводзілася да лібералізацыі цэн і ўвядзення механізма свабоднай канкурэнтнасці прадпрыемстваў. Але стымулюючага ўздзеяння на эканоміку Беларусі і іншых дзяржаў СНД гэта не аказала, таму што надзеі на дапамогу Захаду не мелі пад сабой ніякай асновы і эканамічныя паказчыкі працягвалі пагаршацца. Вынікі працы народнай гаспадаркі ў 1992 г. сведчылі аб тым, што нацыянальны даход рэспублікі ў параўнанні з 1991 г. скараціўся на 11%, вытворчасць прамысловай прадукцыі – на 9,4%, сельскагаспадарчай – на 6%; знешнегандлёвы абарот склаў 1,8 млрд. долараў ЗША і зменшыўся ў параўнанні з папярэднім напалову. Не вызначыўшы самастойнай эканамічнай палітыкі, працягваючы выкарыстоўваць рубель у якасці плацёжнага сродку, рэспубліка трапіла ў поўную залежнасць ад эканамічнай сітуацыі ў Расійскай Федэрацыі. Паміж краінамі СНД узнік востры міждзяржаўны плацёжны крызіс. Правядзенне рэформ у 1992–1994 гг. дазволіла стварыць у Беларусі неабходны мінімум рыначных інстытутаў, нарматыўна-прававых дакументаў, пераўтварыць сістэму дзяржаўнага кіраўніцтва эканомікай у новую сістэму з рыначнымі рэгулятарамі. Зроблены практычныя крокі па павышэнні адкрытасці эканомікі, лібералізацыі гаспадарчых сувязей, рэфарміраванні адносін уласнасці. Паступова мяняліся сацыяльна-псіхалагічныя ўстаноўкі суб'ектаў гаспадарання, іх экана-мічныя паводзіны. Разам з тым рыначныя пераўтварэнні ў Беларусі адбываліся супярэчліва і непаслядоўна. Гэта звязана з навізной і маштабнасцю задач пераходу ад планавай сацыялістычнай эканомікі да капіталістычнай рыначнага тыпу, а таксама з інерцыйнасцю эканамічных працэсаў, немагчымасцю стварэння новага эканамічнага базісу за кароткі час. Для пераадолення крызісных з'яў і недахопаў, а таксама вызначэння перспектыўных задач у правядзенні рыначных рэформ былі распрацаваны “Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996–2000 гг.”, прынятыя першым Усебеларускім народным сходам у кастрычніку 1996 г. Правядзенне эканамічнай палітыкі ў Беларусі мае свае асаблівасці. Да іх адносяцца: – па-першае, кіраўніцтва дзяржавы ўзяло за аснову сацыяльна арыентаваную мадэль рыначнай эканомікі. Для яе характэрны плюралізм форм уласнасці, больш шырокі ўдзел дзяржавы ў рэгуляванні эканомікі, задавальненне сацыяльных запатрабаванняў у галіне адукацыі, аховы здароўя, культуры; – па-другое, прыпынена стыхійная прыватызацыя і стварэнне буйных прыватных капіталаў; – па-трэцяе, дзяржава адмовілася ад куплі-продажу зямель сельскагаспадарчага прызначэння, ад дэмантажу буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замены яе сялянскай (фермерскай) гаспадаркай. На першым этапе рыначных рэформ Беларусь узаемадзейнічала з краінамі СНД у новай эканамічнай прасторы, захоўвала максімальную прысутнасць беларускіх прадпрыемстваў на расійскім рынку і ў той жа час праводзіла палітыку, якая б заахвочвала вытворцаў шукаць новых партнёраў. Павелічэнне экспартнага патэнцыялу рэспублікі застаецца вельмі сур'ёзнай і цяжкавырашальнай праблемай, якая патрабуе часу, структурнай перабудовы эканомікі, вялікіх матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў, патэрналісцкай палітыкі з боку дзяржавы. Аднак недахопы энергетычных рэсурсаў, слабая сыравінная база, няпоўная структурная перабудова эканомікі і недахопы ў правядзенні канверсіі, нізкая якасць айчыннай прадукцыі, неплацяжы, зніжэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва, недахопы ў дзяржаўным рэгуляванні эканомікі, безініцыятыўнасць гаспадарчых кіраўнікоў замаруджваюць сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Шляхі да эфектыўнай рыначнай эканомікі вядомыя, яны выпрабаваныя многімі замежнымі краінамі і прынеслі станоўчыя вынікі. У іх аснове правядзенне прыватызацыі, фарміраванне слоя ўласнікаў, стварэнне стабільнай нацыянальнай фінансавай інфраструктуры, інтэграцыя ў сусветную эканоміку, стварэнне заканадаўчай базы лібераліза-цыі эканамічных адносін. Другі Усебеларускі народны сход прыняў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001–2005 гг. Такім чынам, на Беларусі ў 90-я гг. не ўдалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў эканамічным развіцці. Патрабуецца навукова абгрунтаваная, эфектыўная эканамічная канцэпцыя і праграма выхаду краіны з крызісу, якая забяспечыць развіццё прадукцыйных сіл, росквіт Айчыны, павышэнне ўзроўню жыцця беларускага народа. Асноўныя тэрміны і паняцці Гаспадарчы разлік – метад гаспадарання, пры якім даходы, якія атрымлівае прадпрыемства ад рэалізацыі сваёй прадукцыі, пакрываюць яго выдаткі ад вытворчасці гэтай прадукцыі. Прыватызацыя – раздзяржаўленне, пераход маёмасці з дзяржаўнай уласнасці ў прыватную або акцыянерную. Самафінансаванне – метад гаспадарання, пры якім прадпрыемства не атрымлівае фінансавых сродкаў з дзяржбюджэту, а зарабляе грошы само за кошт сваёй вытворчасці і рэалізацыі яе вырабаў. Інфляцыя – абясцэньванне грошай у выніку выпуску іх у абарот без забеспячэння неабходнай колькасці тавараў, зніжэнне пакупной здольнасці грошай. Інтэграцыя – працэс і вынік узаемасувязі, узаемадзеяння, збліжэння і аб'яднання ў адзінае цэлае якіх-небудзь частак, элементаў, у прыватнасці краін і іх эканомік, сацыяльных і палітычных структур, партый, арганізацый і г.д. Храналогія падзей 2 красавіка 1991 г. – павышэнне рознічных цэн на харчовыя і прамысловыя тавары і паслугі. 25 жніўня 1991 г. – прыняцце пастановы “Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР”. Студзень 1992 г. – пераход да свабодных рознічных цэн (т.зв. лібералізацыі цэн) на тавары і паслугі вытворча-тэхнічнага вызначэння. Май 1992 г. – увядзенне ў абарачэнне разліковых білетаў Нацыянальнага банка РБ. Студзень 1993 г. – уведзены ў дзеянне Закон РБ “Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь”. Пытанні для самаправеркі 1. Чаму эканамічныя рэформы 1992–1994 гг. у Беларусі пацярпелі правал? 2. Назавіце асноўныя напрамкі рыначных рэформ у Беларусі, якія пачалі правадзіцца пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. 3. Якія асноўныя рысы рыначнай эканомікі вы маглі б назваць? 4. Культурнае і духоўнае жыццё Рэспублікі Беларусь Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця, абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці рэспублікі вызначылі накірунак развіцця культуры Беларусі. У змяніўшыхся ўмовах праявіліся яе новыя рысы: паступовае пераадоленне ідэалагічнага і дзяржаўнага кантролю ў культуры, пашырэнне недзяржаўных, альтэрнатыўных формаў і жанраў развіцця культуры, здзяйсненне пэўных крокаў на шляху да нацыянальна-культурнага адраджэння. З мэтай узнаўлення беларускай культуры, стварэння спрыяльных умоў для захавання яе самастойнасці і далейшага развіцця 26 лютага 1990 г. быў прыняты закон аб мовах, у якім беларуская мова станавілася дзяржаўнай. Пры падрыхтоўцы і папулярызацыі палажэння закона вялікую ролю адыграла Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, якое ў 1989 г. узначальваў народны паэт Беларусі Н. Гілевіч. Намаганнямі актывістаў ТБМ выдадзена шмат твораў беларускай гістарычнай спадчыны. 4 верасня 1991 г. быў прыняты закон аб культуры, які гарантаваў свабоду творчай дзейнасці, плюралізм напрамкаў і стыляў, абарону інтэлектуальнай уласнасці, гуманістычную накіраванасць і г.д. Паступова ствараецца нацыянальная сістэма адукацыі, якая рэгулюецца законам аб адукацыі, прынятым 29 кастрычніка 1991 г. Гэты закон грунтуецца на прынцыпах навуковасці з арыентацыяй на сусветны ўзровень адукацыі, дэмакратызм, экалагічную накіраванасць, пераемнасць і бесперапыннасць. У перыяд правядзення рэформ здолела захаваць свой магутны інтэлектуальны патэнцыял беларуская навука. У пачатку 1993 г. у Беларусі налічвалася 137 навукова-даследчых, 57 канструктарскіх і 23 праектныя арганізацыі. Развіваліся фундаментальныя і прыкладныя даследаванні. Аднак на працягу 90-х гг. ва ўмовах эканамічнага крызісу значна скараціліся выдаткі дзяржавы на навуку. Гэта прывяло да адтоку вучоных за мяжу і ў іншыя сферы грамадскай дзейнасці. Дэмакратызацыя грамадскага жыцця спрыяла развіццю гуманітарнай навукі і адукацыі. Найбольш значныя поспехі зроблены ў беларусістыцы. Выйшлі ў свет і праведзены даследаванні па гісторыі і куль-туры Беларусі. Сярод іх працы У. Ігнатоўскага, М. Доўнар-Запол-скага, М. Шчакаціхіна, А. Мальдзіса, А. Ліса, М. Ермаловіча, У. Конана, Г. Каханоўскага, А. Лойкі, Г. Штыхава і інш. Ля вытокаў сучаснага нацыянальна-культурнага адраджэння знаходзілася дзейнасць грамадскіх арганізацый гісторыка-культурнага і краязнаўчага напрамку “Талака” у Мінску, “Паходня” у Гродне і інш. Прыкметнай з'явай стала правядзенне ІХ (1986 г.) і Х (1990 г.) з'ездаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Літаратурная творчасць Я. Брыля, В. Быкава, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, Н. Гілевіча, А. Дударава, вылучаецца высокай грамадзянскай пазіцыяй. Шырокую вядомасць атрымала згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, намаганнямі якога стала правядзенне з'ездаў беларусаў свету. Увагу беларускім дзеячам культуры надае і міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА, якая ў 1990 г. шырока адзначала 500-годдзе з дня нараджэння Ф. Скарыны. Далёка за межамі Беларусі святкаваліся 110-гадовыя юбілеі беларускіх песняроў – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Упершыню рэспубліка стала месцам правядзення свята славянскай пісьменнасці і культуры. Вяртанню гістарычнай памяці народа садзейнічала выданне часопісаў “Спадчына”, “Беларускі гістарычны часопіс”, “Беларуская мінуўшчына” і інш. Вялікая праца праводзіцца па перавыданні твораў рэпрэсіраваных навукоўцаў, пісьменнікаў, а таксама дзеячоў беларускай эміграцыі. Адной з важных задач палітыкі дзяржавы ў галіне культуры з'яўляецца захаванне помнікаў айчыннай гісторыі і культуры. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гаворыцца аб тым, што дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. Сёння на тэрыторыі Беларусі налічваецца больш за 15 тыс. помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння. У 1992 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”. Мэтанакіраваная работа праводзіцца не толькі па вяртанню гісторыка-культурнай спадчыны, але і па рэстаўрацыі помнікаў. Вялікія рэстаўрацыйныя работы ў канцы 80–90-х гг. праводзіліся, напрыклад, у Мірскім замку – помніку архітэктуры XVI ст. Пастановай Савета Міністраў Нясвіжу быў нададзены статус Нацыянальнага запаведніка, а для адраджэння яго гісторыка-культурнай спадчыны быў створаны міжнародны фонд “Нясвіж”. Праводзяцца работы па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры на Навагрудчыне, Лідскага замка, Барысаглебаўскай царквы, гістарычнай забудовы Мінска, Брэста, Гродна. Надзвычайную каштоўнасць для Беларусі мае Полацкі гісторыка-культурны запавед-нік, які ўключае 18 помнікаў гісторыі, археалогіі і культуры. Першымі, хто ўзняў пытанне аб выхаванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, былі пісьменнікі. З'явілася шмат публіцыстычных выданняў, літаратары актыўна ўключыліся ў палітычнае жыццё. Выходзяць у свет цікавыя творы, з'яўляюцца новыя імёны. Адкрыццём сталі творы Р. Баравіковай, Л. Урублеўскай, Т. Бондар, А. Наварыча, А. Казловіча, братоў Дэбішаў і інш. У гэты час працягвалі плённа працаваць старэйшыя беларускія пісьменнікі: І. Чыгрынаў, І. Шамякін, І. Навуменка, В. Быкаў, якімі былі напісаны творы высокага літаратурнага ўзроўню. У развіццё беларускага тэатральнага мастацтва ўнеслі значны ўклад рэжысёры В. Раеўскі і Б. Луцэнка, акцёры С. Станюта, М. Яроменка, Р. Янкоўскі, А. Клімава, М. Захарэвіч, Л. Бржазоўская, Ю. Траян і інш. У сучасным выяўленчым мастацтве выразна пашырыліся нефармальныя тэндэнцыі. У складзе неафіцыйнага творчага аб'яд-нання працуюць прызнаныя майстры А. Марачкін, Я. Кулік, К. Харашэвіч, В. Шаранговіч, М. Купава і інш. Увогуле, сучасны стан выяўленчага мастацтва рэспублікі характарызуецца значнасцю падзей і ажыўленнем, што звязана з актывізацыяй дзейнасці і пашырэннем мастацкага рынку. Далейшае развіццё атрымала музычнае мастацтва. Створаны Дзяржаўны камерны хор, Мінскі аркестр духавых інструментаў “Няміга”, калектыў па адраджэнню музычнай спадчыны “Беларуская капэла” пад кіраўніцтвам М. Фінберга. Традыцыйным стала правядзенне шэрагу музычных фестываляў, сярод якіх “Славянскі базар” у Віцебску, “Магутны Божа” у Полацку і “Залаты шлягер” у Магілёве, фестываль маладых выканаўцаў у Маладзечне. У 90-я гг. адбыліся змены ў адносінах да суайчыннікаў за межамі Беларусі. Зроблены першыя крокі па азнаямленню грамадскасці з культурнымі набыткамі Н. Арсеневай, М. Сяднёва, К. Акулы, Ю. Віцьбіча і інш. Наладзілася дзейнасць беларускіх культурна-асветніцкіх аб'яднанняў і таварыстваў у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Рызе. У Вільнюсе адноўлена выданне газеты “Наша ніва”. Такім чынам, з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь шмат зроблена для развіцця адукацыі, навукі, друку, літаратуры, мастацтва, архітэктуры. Павышаецца ўзровень самасвядомасці беларусаў, іх цікавасць да гісторыі і культуры Бацькаўшчыны. * * * Гістарычны вопыт – багацце народа. Яго няведанне, тым больш ігнараванне, з'яўляецца памылкай, якую нельга зразумець ці апраўдаць. Адметна бяднейшым становіцца і народ, калі слаба ведае сваю мінуўшчыну, гісторыю сваіх далёкіх і блізкіх прашчураў, якія так шмат вынеслі і так многа зрабілі, каб цяпер сучасныя пакаленні сталі тымі, якімі яны ёсць. Вывучэнне гісторыі Беларусі дае магчымасць з набытымі ведамі жыць у новым тысячагоддзі, а шырока прызнаная талерантнасць беларускага народа неад'емна будзе ўключаць і гістарычную памяць як адну са сваіх адметных якасцей. Храналогія падзей Ліпень 1991 г. – міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску, які стаў традыцыйным. Ліпень 1993 г. – І-ы з'езд беларусаў свету. Верасень 1993 г. – першае святкаванне Дня беларускай пісьменнасці ў Полацку. Май 1993 г. – адкрыты помнік Кірылу Тураўскаму ў г.п. Тураве (скульптар М. Інькоў). Красавік 1996 г. – выхад у свет І тома “Беларускай энцыклапедыі”. Студзень 1996 г. – руская мова набыла статус дзяржаўнай. Верасень 1997 г. – хрысціянская святыня – крыж Ефрасінні Полацкай адноўлены майстрам М. Кузьмічом. Верасень 1998 г. – міжнароднае свята паэзіі ў Навагрудку, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча. Снежань 1999 г. – адкрыццё помніка Ефрасінні Полацкай (скульптар І. Голубеў, архітэктар В. Ягадніцкі). Пытанні для самаправеркі 1. Якія законы вызначаюць сённяшнюю дзяржаўную палітыку Беларусі ў сферы культуры? 2. Ці можна сказаць, што сучаснае Адраджэнне з'яўляецца працягам працэсу Адраджэння пачатку ХХ ст.? Адказ пацвердзіце гістарычнымі фактамі. 3. Ахарактарызуйце новыя з'явы ў развіцці беларускай культуры на сучасным этапе. Спіс літаратуры Асноўная 1. Айчынная і сусветная гісторыя. Курс лекцый: У 2 ч. – Мн., 1995. 2. Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Нав. рэд. А.М. Алпееў. – Мн., 2002. 3. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. – Мн., 2000. 4. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. – Мн., 1994–1995. 5. Чигринов П.Г. Очерки истории Беларуси. – Мн., 1997. 6. Эканамічная гісторыя Беларусі: Курс лекцый. – Мн., 1996. Дадатковая 1. Адамушка У.І. Палітычныя рэпрэсіі 20–50-х гг. на Беларусі. – Мн., 1994. 2. Алпеев А.Н. Мы – народ… ХХ век. – Мн., 1998. 3. Алпеев А.Н. …И не было завтра. – Мн., 2000. 4. Алпеев А.Н. Раздумья о судьбах Отечества. – Мн., 2003. 5. Гуманистическая парадигма воспитательной работы в вузе: Сб. науч.ст. / Науч. рук. А.Н. Алпеев. – Мн., 2003. 6. Лыч Л.М., Навіцкі У.Л. Гісторыя культуры Беларусі. – Мн., 1996. 7. Палітычныя партыі Беларусі / П.І. Брыгадзін, У.Ф. Ладысеў, М.С.Сташкевіч і інш. – Мн., 1994. 8. Приоритеты интелектуальной элиты в развитии мировой цивилизации: Материалы международной науч.-теорет. конф., 2002 г. Междунар. гуманитар.-экон. ин-т; Редкол.: А.Н. Алпеев и др. – Мн., 2002. 9. Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях 1772–2002 гг. / Науч. ред. А.Н. Алпеев. – Мн., 2003. 10. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Мн., 1991–2003. Т. 1–6. Планы семінарскіх заняткаў і тэмы рэфератаў па гісторыі Беларусі для дзённай формы навучання
Семінар 1.Развіццё беларускіх зямель (VI – сярэдзіна XIII ст.) – 2 гадзіны.
|