|
Пачатак барацьбы з крыжацкай агрэсіяй (першая палова ХІІІ ст.). Роля беларускіх зямель у яе спыненні.Date: 2015-10-07; view: 693. У канцы ХІІ ст. у Прыбалтыцы з'явіліся першыя каталіцкія месіянеры, услед за якімі пачалі прыбываць атрады крыжакоў. У вусці Заходняй Дзвіны ў 1201 г. яны заснавалі крэпасць Рыгу, якая стала апорай нямецкай агрэсіі ў землі балтаў. Неўзабаве датчане напалі на эстонскае ўзбярэжжа, разбурылі старажытную крэпасць Калывань (Талін) і заснавалі сваю – Рэвель (1209). У войсках крыжакоў ствараліся асобныя манашаска-рыцарскія арганізацыі: іх звалі духоўна-рыцарскімі ордэнамі. Першым быў створаны ў 1119 г. ордэн тампліераў (храмоўнікаў), другім – ордэн шпітальераў-янітаў. У канцы ХІІ ст. стварыўся трэці ордэн – Тэўтонскі, які пазней перасяліўся з Палесціны ў Прусію. У 1202 г. рыжскі епіскап Альберт Буксгаўдэн, жадаючы абярнуць у хрысціянства насельніцтва Прыбалтыкі, заснаваў рыцарскі Ордэн мечаносцаў. Пацярпеўшы цяжкае паражэнне ў вайне з арабамі, нямецкія князі ў канцы ХІІ ст. вырашылі перанесці вайну ў Прыбалтыку і Русь, заваяванне якіх ім абяцала новыя землі і прыбыткі. Прыбалтыка, праз якую праходзіў важны для Русі гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае мора, ужо даўно знаходзілася ў сферы інтарэсаў Полацкага княства. Полацкія князі кантралявалі водны шлях, а мясцовыя плямёны ліваў прызнавалі васальную залежнасць ад Полацка і плацілі яму даніну. Пабудаваўшы ў вусці Заходняй Дзвіны крэпасць Рыгу, рыцары ўстанавілі кантроль над гандлёвым шляхам і паставілі ў залежнасць ад сябе рускіх купцоў. Працягваючы агрэсію, ордэн наблізіў свае ўладанні да Кукенойса, аднаго з падначаленых Полацку рускіх гарадоў-княстваў, і паспрабаваў перахапіць у полацкага князя права на збіранне даніны з ліваў. Летам 1203 г. войскі полацкага князя Уладзіміра асадзілі дзве нямецкія крэпасці – Ікскюль і Гольм. Немцам давялося адкупіцца грашыма. Летам 1206 г. Уладзімір спусціўся на караблях па Дзвіне з вялікім войскам, і 11 дзён працягвалася асада Гольма. Але крэпасць устаяла. Князь Кукенойса Вячка некалькі разоў атрымліваў перамогу над крыжакамі. У 1207 г. Вячка разам з літоўскімі атрадамі асадзіў Рыгу, але, не атрымаўшы дапамогі ад полацкага князя, вярнуўся назад, спаліў свой горад і адышоў на Русь. Не змог вытрымаць націску крыжакоў і другі рускі горад-княства на Дзвіне – Герцыке. Яго князь вымушаны быў прызнаць сябе васалам рыжскага епіскапа. Неўзабаве ордэн і полацкі князь Уладзімір заключылі “вечны” мір. Полацк адмовіўся ад збірання даніны з ліваў. Дзвіна аб'яўлялася свабоднай для праезду купцоў. Але варожасць захавалася. У 1216 г. полацкі князь Уладзімір пачаў рыхтаваць сумесны паход з эстамі і лівамі супраць крыжакоў, але раптоўная смерць перашкодзіла яго ажыццяўленню. Ваенная экспансія немцаў супраць Полацкага княства і Наўгародскай зямлі прывяла Полацк і Ноўгарад да палітычнага саюзу, які быў замацаваны шлюбам Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава. У бітве на Няве са шведскімі войскамі ў 1240 г. наўгародцам дапамагалі палачане. У гэтай бітве вызначыўся полацкі воін Якуб. Знішчэнне Аляксандрам Неўскім нямецкіх рыцараў на лёдзе Чудскага возера ў 1242 г. спыніла крыжацкую агрэсію на паўночным захадзе.
|