Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Беларусь у міжваенны перыяд (1918-1939 гг.) 7 page


Date: 2015-10-07; view: 575.


Група армій “Цэнтр” фактычна перастала існаваць, але яе разгром каштаваў Чырвонай Арміі шмат сіл. Так, пад час аперацыі “Багратыён” савецкія войскі страцілі 440 879 чал., у тым ліку забітымі 97 232 салдат і афіцэраў. За мужнасць і гераізм звыш 1500 воінам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, больш за 402 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 663 злучэнні і часці атрымалі ганаровыя найменні Аршанскіх, Мінскіх, Віцебскіх, Бабруйскіх, Магілёўскіх, Рагачоўскіх і інш.

З усталяваннем Савецкай улады на яго плечы лягла нялёгкая праца па аднаўленні разбураных камунікацый. Так, у найкарацейшы тэрмін жыхары Беларусі вярнулі ў карыстанне 10 тыс. км чыгунычных пуцей і 1 735 мастоў. Беларускія сяляне дзяліліся са сваімі вызваліцелямі апошнімі прадуктамі. Так, у 1944 г. яны здалі звыш плана ў фонд Чырвонай Арміі 3 млн пудоў хлеба і 25 млн. пудоў бульбы. 420 тыс. беларускіх юнакоў папоўнілі шэрагі Чырвонай Арміі. Таксама ў было мабілізавана на фронт 180 тыс. беларускіх партызан.

З вызваленнем Чырвонай Арміяй былых акупіраваных тэрыторый СССР сусветная вайна ўступіла ў завяршальную стадыю. Але нягледзячы на адкрыццё ІІ фронту, асноўны цяжар барацьбы з германскім фашызмам і яго сатэлітамі па-ранейшаму прыпадаў на Савецкі Саюз. Яскравым доказам яго вызначальнага ўклада ў разгром агрэсара стала ўзяцце Чырвонай Арміяй Берліна.

II сусветная вайна прынесла велізарныя матарыяльныя, людскія і духоўныя страты. З загінуўшых 60 млн чалавек большая палова – 27 млн прыпадае на народы СССР. Германія страціла 13, 6 млн. чал., пры гэтым больш за 10 млн яна згубіла на савецкім фронце. Чырвоная Армія толькі забітымі, памерлымі ад ран і прапаўшымі без вестак страціла 8, 7 млн чал. Прынята лiчыць, што з 10-мiльённага насельнiцтва даваеннай БССР загінуў кожны трэці. Акупанты разбурылi 209 з 270 гарадоў i пасёлкаў БССР. У ліку 9 200 спаленых вёсак 627 былі знiшчаны разам з жыхарамi (Хатынь, Дальва).

Акупанты разрабавалі і знішчылі больш за 10 000 фабрык i заводаў, 96% энергетычных магутнасцяў, усе калгасы, саўгасы і МТС. Такі ж лёс спасціг музеі, бібліятэкі, навуковыя і навучальныя ўстановы. У грашовым вымярэннi БССР страцiла больш паловы сваiх нацыянальных багаццяў.

Беларусы заплацілі высокую цану за сваё вызваленне. Як і ўсе народы СССР яны мужна змагаліся на ўсіх франтах, ва ўсіх родах войск. Салдаты і афіцэры, партызаны і падпольшчыкі, байцы перадавых ліній і работнікі тыла, усе яны, мужна змагаліся з ворагам. Толькі ў дзеючую армію было прызвана звыш 1, 3 млн жыхароў Беларусі. Яны ўдзельнічалі ва ўсіх буйнейшых аперацыях Вялікай Айчыннай. Бессмяротнай славай пакрылі сябе абаронцы Брэсцкай крэпасці, Магілёва, Гомеля. Сярод абаронцаў Ленінграда вызначыўся снайпер Ф. Смалячкоў. У бітве пад Масквой праславіліся камандзір гвардзейскай дывізіі А. Люзікаў і камандзір кавалерыйскага корпуса генерал Л. Даватар, лётчык А. Катрыч.

За самаадданую абарону Сталінграда званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена нашым землякам – лётчыку І. Сержантаву, радыстцы В. Стэмпкоўскай, мінамётчыку Н. Жолудзеву, камандзіру дывізіі А. Пастрэвічу і інш. Неўміручы подзвіг на Курскай дузе здзейсніў беларус, лётчык-знішчальнік А. Гаравец, які ў адным баі цаной уласнага жыцця збіў 9 варожых бамбардзіроўшчыкаў. Сотні тысяч беларусаў бралі ўдзел у фарсіраванні Дняпра. Асобныя з іх – кулямётчык Дз. Жмуроўскі, связісты, М. Піліпенка і І. Карасёў і інш. заслужылі званне Героя Савецкага Саюза. Бессмяротнай славай пакрыў сябе радавы Ю. Смірноў пад час вызвалення Беларусі, які трапіў у палон, але не выдаў планаў камандавання і загінуў. Вядомы імёны 14 беларусаў, якія паўтарылі подзвіг А. Матросава, грудзьмі закрыўшых абмразуры варожых агнявых кропак.

Пры штурме Берліна праславіліся камандзір палка А. Жук, камандзір роты Дз. Пенязькоў, танкіст А. Філімонаў, лётчык П. Галавачоў. Глыбока сімвалічным з'яўляецца і той факт, што ў ліку тых, хто ўсталяваў сцяг Перамогі над рэйхстагам, быў былы беларускі партызан Ягораў.

Усяго з 11 693 воінаў, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, 466 былі беларусамі або выхадцамі з Беларусі. У тым ліку чацвярым – лётчыку П. Галавачову і танкістам І. Гусакоўскаму, С. Шутаву, І. Якубоўскаму – гэта званне было прысвоена двойчы. 67 нашых суайчыннікаў сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеняў. Ратны ўклад каля 400 тыс. воінаў-беларусаў быў ацэнены баявымі ордэнамі і медалямі.

 

6. Пасля разгрому фашыстаў пад Курскам краіны-удзельніцы антыгітлераўскай кааліцыі (ЗША, Вялікабрытанія і СССР) прыйшлі да высновы аб тым, што поўная перамога над агрэсарам – гэта толькі пытанне часу. Таму пад час сустрэч на высокім дзяржаўным узроўні ў ліку іншых сталі абмяркоўвацца пытанні пасляваеннага уладкавання Еўропы. Так, на канферэнцыі ў Тэгеране (Іран) (28 лістапада па 1 снежня 1943 г.) І. Сталін, прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт і прэм'ер-міністр Велікабрытаніі У. Чэрчыль прынялі рашэнне аб стварэнні агульнай арганізацыі, здольнай вырашаць міжнародныя праблемы і супярэчнасці, прадухіляць новыя войны і быць гарантам захавання міру і бяспекі.

У мэтах атрымання большай палітычнай вагі ў гэтай арганізацыі, савецкае кіраўніцтва выступіла з прапановай аб уключэнні ў яе як мага больш саюзных рэспублік у якасці самастойных членаў. У прыватнасці, у камісію па ваенных злачынствах прапаноўвалася ўключыць сем савецкіх рэспублік. Аднак такія захады не атрымалі падтрымкі з боку ЗША і Вялікабрытаніі на той падставе, што рэспублікі СССР не маюць канстытуцыйнай асновы для асобнага прадстаўніцтва на міжнароднай арэне.

У такіх умовах кіраўніцтва СССР правяло шэраг змен у саюзную Кастытуцыю, якія былі заканадаўча аформленыя ў лютым 1944 г. Вярхоўным Саветам СССР. Новымі нормамі прадугледжвалася права саюзных рэспублік уступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі. З гэтай нагоды ў сакавіку 1944 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон аб утварэнні Народ-нага камісарыята замежных спраў рэспублікі.

Але падобныя змены ў становішчы суб'ектаў Савецкага Саюза не магло канчаткова ператварыць рэспублікі ў суб'ектаў міжнароднага права. І калі савецкі бок прапанаваў у лік будучых членаў ААН усе савецкія рэспублікі, то прэзідэнт ЗША у спецыяльным пасланні І. Сталіну адзначыў, што такія ініцыятывы пагражаюць стварэнню арганізацыі. Савецкі бок, у сваю чаргу, у якасці аргументаў падкрэсліваў, што, напрыклад БССР і УССР па колькасці насельніцтва і плошчы тэрыторыі значна пераўзыходзяць краіны, якія без супярэчанняў планавалася ўключыць ў ААН.

Праблема членства саюзных рэспублік у новай арганізацыі атрымала працяг пад час Ялцінскай канферэнцыі (4-11 лютага 1945 г.). Пасля напружаных перамоў кіраўніцтва Вялікабрытаніі і ЗША ўсё ж дало згоду на уключэнне ў будучую ААН 2 ­– 3 рэспублік, якія найбольш пацярпелі ад фашысцкай агрэсіі. Па выніках канферэнцыі было вырашана, што іх будуць прадстаўляць УССР і БССР.

27 красавіка 1945 г. пасля двух тыдняў працы ўстаноўчай канферэнцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Сан-Францыска было прынята афіцыйнае рашэнне аб уключэнні УССР і БССР у шэраг першапачатковых членаў арганізацыі. У склад дэлегацыі ад нашай рэспублікі ўвайшлі наркам замежных спраў К. Кісялёў, акадэмік А. Жэбрак, прафесар Перцаў, дацэнт Ф. Шмыгаў і Г. І. Байдукоў. Яны ж удзельнічалі ва ўстаноўчай сесіі ААН і 26 чэрвеня 1945 г. падпісалі Статут Усеагульнай міжнароднай арганізацыі (Арганізацыі Аб'яднаных нацый).

Уключэнне БССР у склад краін-заснавальніц ААН стала натуральным прызнаннем вялікага ўкладу беларускага народа ў справу перамогі над фашызмам. Тым не менш яна не ўспрымалася ў свеце незалежнай і суверэннай дзяржавай, а разглядалася неад'емнай часткай СССР.

Знешнепалітычная дзейнасць рэспублікі цалкам праходзіла ў рэчышчы інтарэсаў і рашэнняў саюзнага ўрада. Праўда, беларуская дэлегацыя ў ААН спрабавала выступаць як самастойная сіла. Напрыклад, выступленне К. Кісялёва па вырашэнні карэйскага пытання разыходзілася з афіцыйнай пазіцыяй СССР, але ад рэпрэсій яго ўратаваў сам І. Сталін.

У далейшым БССР актыўна ўдзельнічала ў працы разнастайных органаў ААН і ў 1946 г. выступала ініцыятарам прыняцця рэзалюцыі аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў у 1946 г.

Выхад БССР на міжнародную арэну запатрабаваў распрацоўкі і прыняцця яе дзяржаўных сімвалаў – сцяга, герба і гімна. Але гэта былі толькм знешнія атрыбуты беларускага суверэнітэту. Як і ўсе 15 саюзных рэспублік, БССР, нават у міжнародным жыцці, па-раней-шаму адстойвала інтарэсы адзінага дзяржаўнага арганізма – СССР.

 

7. З сярэдзіны 1950-х знешнепалітычная дзейнасць СССР набыла пэўны дынамізм. Яна грунтавалася на неабходнасці пераадолення напружанасці ў адносінах з Захадам. Дзейнасць БССР праходзіла ў агульным рэчышчы міжнароднай палітыкі СССР і краін-удзельнікаў Варшаўскага дагавору і Савета Эканамічнай Узаемадапамогі. Цыклічнае абвастрэнне адносін паміж дзвюма палітычнымі сістэмамі (“Карыбскі крызіс”, агрэсія ЗША супраць В'етнама, увядзенне савецкіх войск у Чэхаславакію, араба-ізраільскія войны і інш.) непасрэдна адбівалася на міжнародным аўтарытэце ўсяго СССР. Заходняе грамадства да канца стагоддзя амаль не адрознівала савецкіх грамадзян па нацыянальнай прыкмеце, а называла іх “рускімі”. У поўным сэнсе гэтае правіла можна было перанесці і на міжнародную палітыку СССР, якая таксама не мела нацыянальных адценняў.

Гады так званай “хрушчоўскай адлігі” пэўным чынам спрыялі станаўленню БССР як суб'екта міжнародных адносін. Рэспубліка паслядоўна ўдзельнічала ў рамках міжнародных арганізацый і дагавораў. Калі ў канцы 1950-х гг. БССР была ўдзельніцай 54 міжнародных дагавораў, то да канца 1980-х – больш за 170. БССР брала ўдзел у працы 70 міжнародных арганізацый, у тым ліку спецыялізаваных установах ААН ЮНЕСКО, МАГАТЭ, Міжнародным саюзе электрасувязі, Міжнароднай арганізацыі працы і інш.

Важнае месца ў міжнародных стасунках БССР займалі сувязі ў галіне культуры. З дазволу вышэйшых уладных структур іх здзяйснялі творчыя саюзы, навучальныя і навуковыя ўстановы, а таксама спецыяльны орган —Беларускае таварыства сяброўства і культурных сувязяў з замежнымі краінамі.

У адпаведнасці з рашэннямі ЮНЕСКО у нашай краіне вялася падрыхтоўка спецыялістаў для краін, якія ўсталі на некапіталістычны шлях развіцця. Да канца 1980-х гг. у БССР прайшлі навучанне каля 10 тысяч грамадзян з Усходняй Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

У галіне захавання міру і бяспекі на планеце БССР стала ўдзельнікам дагавора 1963 г. аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, космасе і пад вадой, Канвенцыі аб забароне ваеннага ці іншага шкоднага ўздзеяння на прыроднае асяроддзе. Дыпламатычны корпус рэспублікі быў сааўтарам Дэкларацыі сацыяльнага развіцця (1969), Дэкларацыі аб выкарыстанні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў інтарэсах міру (1975). Далучылася БССР і да Дэкларацыі аб прадастаўленні калоніям і іх народам незалежнасці (1960), Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі (1966) і інш.

Абраная на 1974–1975 гг. непастаянным членам Савета Бяспекі ААН, БССР спрыяла прыняццю шэрагу важных рашэнняў ААН.

Значнай падзеяй у жыцці рэспублікі стала далучэнне да міжнароднага руху гарадоў-пабрацімаў. У 1957 г. Мінск заключыў адпаведнае пагадненне з англійскім Нотынгемам. У 1985 г. ужо 7 гарадоў БССР мелі пабрацімскія сувязі з 14 гарадамі 9 краін Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі.

Але з прычыны асаблівасцей савецкай палітычнай сістэмы БССР у пасляваенныя дзесяцігоддзі так і не набыла міжнародна-прававога прызнання як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Рэспубліка не мела сапраўдных дыпламатычных адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях (пры ААН у Нью-Йорку і пры спецыялізаваных установах ААН у Вене, Парыжы і Жэневе) фактычна з'яўляліся філіяламі агульна-саюзных прадстаўніцтваў. Нязначна змяняла сітуацыю размяшчэнне ў Мінску генеральных консульстваў Польшчы, ГДР і Балгарыі.

Найбольш прыкметным полем міжнароднай дзейнасці БССР была ААН. Пераважная большасць падпісаных рэспублікай ў рамках сістэмы ААН міжнародных дагавораў насіла шматбаковы характар. Двухбаковымі заставаліся толькі дагаворы 1944-1945 гг. з Польшчай.

Нягледзячы на існаванне Міністэрства замежных спраў БССР, яго магчымасці былі вельмі абмежаванымі саюзным міністэрствам, якое ўзначальваў наш зямляк А. А. Грамыка. Толькі з распадам СССР і ўсёй сацыялістычнай сістэмы і ўсталяваннем дзяржаўнага суверэнітэта Беларусь атрымала магчымасць вызначаць і здзяйсняць уласную ўнутраную і знешнюю палітыку.

Лекцыя 18. Утварэнне і палітычнае развіццё суверэннай Рэспублікі Беларусь

1. Распад СССР. Заканадаўча-прававое афармленне дзяржаўнага суверэнітэту Рэс-публікі Беларусь.

2. Прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ўвядзенне прэзідэнцкай формы кіравання.

3. Вынікі рэспубліканскіх Рэферэндумаў (1995, 1996, 2004). Змененні і дапаўненні ў Канстытуцыю РБ.

4. Шляхі і асаблівасці фарміравання прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці на Беларусі. Складванне шматпартыйнасці.

 

 

1. Да канца 1980-х гг. у СССР вызначыліся працэсы сістэмнага распаду, якія адбываліся ў народнай гаспадарцы, сацыяльным жыцці, палітычных і міжнацыянальных адносінах. Працяглая эканамічная стагнацыя, выкліканая пераважна экстэнсіўнымі метадамі гаспадарання, прывяла да дэфіцыту тавараў народнага спажывання і сацыяльнай напружанасці. На фоне дасягненняў заходнееўрапейскай постіндустрыяльнай цывілізацыі давер савецкіх людзей да сацыялістычных каштоўнасцей знізіўся да крызіснага стану. Заняпад КПСС, якая працяглы час з'яўлялася своеасаблівым каркасам палітычнай сістэмы, прывёў да разбалансавання галін улады і аслаблення ўсяго дзяржаўнага арганізму. Дэмакратызацыя і галоснасць спарадзілі хвалю антыкамунізму, пашырэнне ліберальных і нацыяналістычных ідэй.

Палітычная эліта шэрагу саюзных рэспублік і асобных рэгіёнаў РСФСР бачыла выйсце са складанага становішча ў адасабленні ад Масквы. Іх настроям спрыялі вынікі недальнабачнай ленінскай і сталінскай палітыкі ў нацыянальным пытанні. Так, у снежні 1986 г. адбыліся антырускія хваляванні ў Казахстане. У 1988 г. канфлікт паміж армянскім і азербайджанскім насельніцтвам Нагорнага Карабаха, які ў красавіку 1991 г. перарос у вайну паміж іх рэспублікамі. У 1989 г. прыбалтыйскія рэспублікі дамагліся асуджэння пакта Молатава­-Рыбентропа, а разам з ім – прызнання незаконнасці ўключэння сваіх краін у СССР у 1940. 12 лістапада 1989 г. Вярхоўны Савет Эстонскай ССР ануляваў сваю дэкларацыю ад 22 ліпеня 1940 г. аб уваходжанні ЭССР у СССР.

На фоне гэтых і іншых падзей у колах савецкай палітычнай эліты ўзнікла думка аб рэарганізацыі саюзнай дзяржавы. Так, многім здавалася, што пашырэнне ў ёй правоў кожнай рэспублікі дазволіць аднавіць колішнюю магутнасць СССР. З гэтай нагоды 12 чэрвеня 1990 г. Вярхоўны Савет РСФСР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. 16 ліпеня іх прыкладу паследаваў парламент УССР, а 27 ліпеня – БССР. Згодна Дэкларацыі аб суверэнітэце, Беларусь абвяшчалася самастойнай дзяржавай з вяршэнствам на яе тэрыторыі Канстытуцыі і законаў Беларускай ССР, паўнатой ўлады рэспубліканскіх органаў, самастойнасцю і незалежнасцю рэспублікі ў міжнародных зносінах.

“Парад суверэнітэтаў” 1990 г. суправаджаўся разбурэннем саюзнага заканадаўства і эканамічных сувязяў. З гэтага моманту агульнасаюзныя органы ўлады сталі губляць кантроль над краінай. 11 сакавіка 1991 г. Літва першай з саюзных рэспублік абвясціла аб сваёй незалежнасці, а Савецкі Саюз апынуўся перад перспектывай распаду як адзінай дзяржавы. З уседамленнем таго першы прэзідэнт СССР М. Гарбачоў настаяў на правядзенні 17 сакавіка 1991 г. Усесаюзнага рэферэндума з мэтай узняць народную актыўнасць у абарону адзінай дзяржавы. Але ідэя захавання абноўленага СССР выклікала супярэчлівае стаўленне да яе з боку саюзных рэспублік і іх грамадзян. Так, з 15 рэспублік ад удзелу ў рэферэндуме адмовіліся Літва, Латвія, Эстонія, Арменія, Грузія, Малдова. У той самы час жыхары астатніх рэспублік у большасці выказаліся за яго захаванне. У БССР гэты паказчык перавысіў 82 % галасоў электарата.

Вынікі рэферэндума натхнілі прыхільнікаў адзінства на распрацоўку праекта заключэння новага саюза – Саюза Суверэнных Дзяржаў (ССД) як “мяккай” дэцэнтралізаванай федэрацыі. У красавіку 1991 г. Прэзідэнт СССР М. Гарбачоў на сустрэчы у падмаскоўным Нова-Агарове з вышэйшымі асобамі дзевяці рэспублік («9 + 1») дамовіліся аб хутчэйшым заключэнні новага саюзнага дагавора. Падпісанне адпаведнага дакумента дэлегацыямі Беларусі, Казахстана, РСФСР, Таджыкістана і Узбекістана планавалася на 20 жніўня 1991 г. Восенню таго ж 1991 г. дагавор належала падпісаць Азербайджану, Кіргізіі, Украіне і Туркменіі.

Але перспектыва поўнага развалу СССР і яго замены канфедэрацыяй, а таксама імкненне ліквідаваць усе жасягненні перабудовы, прымусіла частку вышэйшых урадавых асоб на чале з віцэ-прэзідэнтам СССР Г. Янаевым 19 жніўня пайсці на здзяйсненне дзяржаўнага перавароту. У БССР намаганні путчыстаў падтрымалі Цэнтральны, тры (Магілёўскі, Гродзенскі, Брэсцкі) абласныя камітэты КПБ, старшыня Вярхоўнага Савета М. Дземянцей, Генеральны пракурор БССР Шаладонаў і інш. У Маскве вялікую ролю ў падаўленні путчу адыграў прэзідэнт Расіі Б. Ельцын. Пасля арышту яго ініцыятараў супярэчнасці паміж цэнтральнай і рэспубліканскімі ўладамі яшчэ больш узмацніліся, а Савецкі Саюз канчаткова страціў шанец на існаванне ў сваім ранейшым выглядзе ўзору 1922-1990 гг.

Неўзабаве пасля арышту путчыстаў, 25-26 жніўня 1991 г. Мінску пераважна камуністычны склад дэпутатаў V (пазачарговай) сесіі Вярхоўнага Савета 25 жніўня прыняў Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце БССР» і пастанову «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР».

Дзейнасць КПБ была прыпынена, а яе маёмасць нацыяналізавана. У лічаныя дні 600-тысячная арганізацыя развалілася. Прэм'ер-міністр Беларусі В. Кебіч заявіў аб прыпыненні кабінетам міністраў членства ў КПСС.

17-19 верасня 1991 г. VІ сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняў “Закон аб назве БССР”, у адпаведнасці з якім наша краіна перайменоўвалася ў Рэспубліку Беларусь. Законы “Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь” і “Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь” уводзілі новыя дзяржаўныя сімвалы – бел-чырывона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Замест падаўшага ў адстаўку М. Дземянцея, новым старшынёй (спікерам) Вярхоўнага Савета быў абраны С. Шушкевіч.

14 лістапада 1991 г. Дзяржаўны Савет СССР з удзелам кіраўнікоў Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, Расіі, Таджыкістан, Туркменіі, Узбекістана на чале з Прэзідэнтам М. Гарбачовым прыняў рашэнне заключыць дагавор аб стварэнні ССД як канфедэрацыі (са сталіцай у Мінску). Яго падпісанне было прызначана на 9 снежня 1991 г. З гэтай нагоды ў пачатку снежня кіраўніцтва трох рэспублік – заснавальніц СССР – Б. Ельцын (Расія), Л. Краўчук (Украіна) і С. Шушкевіч (Беларусь) сустрэліся ва ўрадавай рэзідэнцыі ў Белавежскай пушчы (Віскулі), але па той прычыне, што 1 снежня ўкраінскі народ (90,3 % галасоў) выказаўся за выхад з СССР і поўную незалежнасць сваёй краіны, праект ССД быў адкінуты. 8 снежня ўдзельнікі сустрэчы канстатавалі факт, што «Саюз ССР як суб'ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе свае існаванне» і дэнансавалі адпаведны дагавор ад 1922 г. Акрамя таго, яны падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) як міжнароднай (міждзяржаўнай) арганізацыі. 10 снежня Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь адзінагалосна (за выключэннем дэпутата В. Ціхіні) ратыфікавалі Віскулёўскія пагадненні. Такім чынам, незалежнасць Рэспублікі Беларусь была дасягнута не столькі пад уздзеяннем унутрыпалітычных працэсаў, колькі ў выніку распаду СССР.

Прынятыя ў Віскулях дакументы выклікалі нязгоду Прэзідэнта СССР М. Гарбачова, але рэальнай уладай ён ужо не валодаў і не мог паўплываць на далейшы ход падзей. 12 снежня Вярхоўны Савет РСФСР прагаласаваў за ратыфікацыю дакументаў.

Заснавальнікі СНД запрасілі іншыя рэспублікі былога СССР уступіць у Садружнасць. 21 снежня 1991 г. падчас сустрэчы на вышэйшым узроўні ў Алма-Аце (Казахстан) да СНД далучылася яшчэ 8 рэспублік: Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кіргізія, Малдавія, Таджыкістан, Туркменія, Узбекістан, было падпісана так званае Алмаацінскае пагадненне, якое лягло ў аснову ўсёй арганізацыі. Цэнтрам СНД быў вызначаны горад Мінск. Прыбалтыйскія рэспублікі адмовіліся ад членства ў садружнасці. У кастрычніку 1993 г. у СНД уступіла Грузія.

25 снежня Прэзідэнт СССР М. Гарбачоў абвясціў аб перапыненні сваіх паўнамоцтваў і перадаў кіраванне стратэгічнай ядзернай зброяй Прэзідэнту Расіі Б.Ельцыну. Следам перапынілі свае паўнамоцтвы Вярхоўны Савет як вышэйшы орган ўлады СССР. 26 снежня дэпутаты яго верхняй палаты прынялі дэкларацыю аб перапыненні існавання СССР. Фармальна Расія і Беларусь не абвяшчалі аб незалежнасці ад СССР, а толькі канстатавалі факт перапынення яго існавання.

Адначасова Расія абвясціла аб працягу членства ў міждународных інстытутах, узяла на сябе ўсе запазычанасці і актывы СССР, а таксама ўсю яго ўласнасць СССР за мяжой.

Усе замежныя праціўнікі камунізму ўспрынялі развал СССР як сваю перамогу ў халоднай вайне. Разам з Савецкім Саюзам перастала існаваць уся так званая “сацыялістычная сістэма”. Амаль усе краіны былога “сацыялістычнага лагеру” вярнуліся на адкінуты калісьці шлях рыначных адносін.

Канец унітарнага Савецкага Саюза быў пачаткам суверэннай Рэспублікі Беларусь і абрання ёю ўласнага шляху эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця.

 

 

2. Набыццё Рэспублікай Беларусь суверэнітэту запатрабавала палітычнай кансалідацыі ўсіх сіл, зацікаўленых у пераадоленні цяжкасцей, з якімі сустрэлася краіна пасля развалу СССР. Дэпутаты ад БНФ выказваліся за неабходнасць датэрмiновага пераабрання Вярхоўнага Савета, камуністычная большасць якога перашкаджала ажыццяўленню эканамічных рэформ. Але ў кастрычніку 1992 г. старшыня Вярхоўнага Савета адхiлiў прапанову аб рэферэндуме на гэты конт. Але і С. Шушкевічу як главе дзяржавы не ўдалося стабілізаваць эканамічнае і палітычнае становішча, у выніку яму давялося падаць у адстаўку. Абранне ў 1994 г. адстаўнога міліцэйскага генерала М. Грыба на пасаду спікера таксама сітуацыі не палепшыла. На фоне несціхаючых канфліктаў паміж лідэрамі БНФ і КПБ, паплечнікамі прэм'ер-міністра В. Кебіча і прыхільнікамі рыначных рэформ выявіліся многія недахопы парламенцкай рэспублікі. Неўзабаве, дзякуючы дзяржаўным СМІ, у беларускім грамадстве пашырылася і запанавала думка аб неабходнасці прыняцця новай Каенстытуцыі і ўвядзення прэзідэнцкай формы кіравання. Парламенцкая большасць выступала за наданне прэзідэнту права поўнага кантролю над выканаўчай уладай. Па-сутнасці, ужо пад час працы над праектам Асноўнага закону яго распрацоўшчыкі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта разглядалі толькі В. Кебіча.

Сама ж Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята Вярхоўным Саветам 15 сакавіка 1994 г. Гэты акт з'явіўся найважнейшым крокам беларускага грамадства на шляху да рэальнага суверэнітэту і ўмацавання дзяржаўнасці. Паводле Канстытуцыі, Беларусь абвяшчалася унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая валодала вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляла ўнутраную і знешнюю палітыку.

Канстытуцыя складалася з 8 раздзелаў, 8 глаў і 149 артыкулаў. Яна адбіла карэнныя змены ў сацыяльна-эканамічным і палітычным развіцці краіны пасля развалу СССР. Чалавек і яго правы абвяшчаліся найвышэйшай каштоўнасцю грамадства i дзяржавы. Ужо ў прэамбуле фіксавалася ідэя перавагі суверэнітэту народа над суверэнітэтам дзяржавы. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся народ, які мусіў ажыццяўляць яе непасрэдна i праз прадстаўнічыя органы. Гарантыя разнастайных палітычных інстытутаў, ідэалогій i поглядаў, плюралізму думак сведчыла аб сапраўднай дэмакратычнасці Канстытуцыі. У ёй адбіўся пэўны ўлік вопыту кан-стытуцыйнага будаўніцтва ў СССР, БССР i іншых краінах; замацаванне ў якасці эканамічнай асновы розных форм уласнасці; устанаўленне роўнасці дзяржавы i грамадзяніна, наяўнасць у ix узаемных абавязкаў; замацаванне ў якасці асноўнага кірунку для развіцця існуючага заканадаўства прыярытэту прынцыпаў міжнароднага права, яе дэідэалагізаваны характар і многае іншае. Упершыню ў гісторыі беларуская мова абвяшчалася дзяржаўнай. Рускай мове забяспечвалася права свабоднага карыстання як мовай міжнацыя-нальных зносін.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, як і ўсе іншыя, утрымлівала палажэнні аб галінах улады, іх функцыях і паўнамоцтвах. Дэпутацкі корпус парламента абмяжоўваўся 260 чал. Статус кіраўніка дзяржавы раскрываўся ў главе 4 “Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь”.

Вясной-летам 1994 г. распачалася кампанiя па выбарах прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь. Свае кандыдатуры выставiлi В. Кебiч, былы спікер С. Шушкевiч, лідэр БНФ З. Пазняк, старшыня Гродзенскага аблвыканкама А. І. Дубко, адзін з лідэраў КПБ В. Нoвiкаў i старшыня парламенцкай камiсii па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, створаных пры органах дзяржаўнага кіравання А. Р. Лукашэнка.

Фаварытам перадвыбарчай гонкі доўгі час быў В. Кебіч, які актыўна выкарыстаў адміністратыўны рэсурс (СМІ, мясцовыя ўлады, чыноўніцтва і інш.). Але 17 чэрвеня ўжо ў першым туры выбараў ён хоць а абыйшоў 4 канкурэнтаў, але значна саступіў А. Лукашэнку, які набраў 45 % галасоў. 10 ліпеня ў другім туры В. Кебіч набраў ўсяго каля 20 % галасоў. Такім чынам, поўную перамогу на выбарах атрымаў А. Лукашэнка. У ліку прычын таго былі: зразумелая электарату і рэальная для ажыццяўлення выбарчая праграма, з абяцаннем выкаранення карупцыі, уздыму эканомікі, пераадолення інфляцыі, інтэграцыі з Расіяй і інш. З другога боку, маса выбаршчыкаў адмовіла ў даверы В. Кебічу – тыповаму наменклатурнаму вылучэнцу, які за чатыры гады свайго прэм'ерства не здолеў зрабіць хоць штосьці карыснае для Беларусі і яе народа.

20 ліпеня 1994 г. 40-гадовы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даў клятву на служэнне народу і Айчыне і прыступіўся да выканання сваіх абавязкаў главы дзяржавы і кіраўніка выканаўчай улады.

 

3. Вынікі рэспубліканскіх Рэферэндумаў (1995, 1996, 2004). Змененні і дапаўненні ў Канстытуцыю РБ.

Да цяжкасцей эканамічнага кшталту, з якімі давялося сутыкнуцца маладому прэзідэнту А. Лукашэнка, далучыліся цяжкасці палітычнага кшталту. Справа ў тым, што паводле Канстытуцыі, Беларусь заставалася парламенцкай рэспублікай, і прэзідэнту не хапала паўнамоцтваў, каб ажыццяўляць сваю выбарчую праграму і вырашаць надзённыя праблемы. Спробы Вярхоўнага Савета стрымаць яго аўтарытарныя метады кіравання прычыніўся да працяглага палітычнага канфлікту ў галінах улады. Зацятымі праціўнікамі А. Лукашэнкі выступілі дэпутаты ад БНФ. У апазіцыю да прэзідэнта сталі нават яго паплечнікі па выбарчай камандзе – В. Ганчар, Дз. Булахаў і інш. Не спрыялі паляпшэнню дзяржаўных спраў і недружалюбныя ў дачыненні Прэзідэнта паводзіны спікера парламента М. Грыба.

У пачатку 1995 г. пэўныя станоўчыя зрухі па абмежаванні ўсеўладзя парламента прынесла рэфармаванне сістэмы выканаўчай улады. Яе сутнасць заключалася ў тым, што зараз гэтыя органы на ўсіх узроўнях – ад абласных да сельскіх – (так званая “вертыкадь”) прызначаліся асабіста Прэзідэнтам і яму ж падпарадкаваліся. Але для вырашэння маштабных задач гэтага было недастаткова.

Невыпадкова, што ў тых ўмовах у нетрах прэзідэнцкага атачэння ўзнікла думка аб канстытуцыйнай рэформе, якая б ураўнаважыла баланс заканадаўчай і выканаўчай улад. Важкае слова на гэты конт павінен быў выказаць электарат. Наспеласць рэферэндуму выклікалася таксама ўзросшым незадавальненнем жыхароў рэспублікі фарсіраваным укараненнем дзяржаўнай мовы ў адукацыйныя і іншыя ўстановы. Па-другое, ветэраны вайны і людзі пажылога ўзросту, якія перажылі вайну, патрабавалі скасаваць дзяржаўную сімволіку – бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню” та той падставе, што яна выкарыстоўвалася беларускімі калабарантамі.

14 мая 1995 г. для абмеркавання гэтых пытанняў у Рэспубліцы Беларусь адбыўся ўсенародны рэферэндум, у якім ўзяло ўдзел 64, 8% грамадзян. У адказ на пытанне: “Цi згодны Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай” станоўчы адказ далi 83, 3% галасаваўшых. На другое пытанне: “ Цi падтрымлiваеце Вы прапанову аб устанаўленнi новых Дзяржаўнага сцяга i Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь” – 75, 1. На трэцяе пытанне – “Цi падтрымлiваеце Вы дзеяннi Прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь, накiраваныя на эканамiчную iнтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй” – 83, 3. На чацвёртае пытанне – “Цi згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Кан-стытуцыю Рэспублікі Беларусь, якiя прадугледжваюць магчымасць датэрмiновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзiдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сiстэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыi” - 77, 7 % электарату.

Вярхоўны Савет ХIII склiкання зацвердзiў вынiкi рэферэндуму і ў адпаведнасцi з iм адбылася замена сiмволiкi i ўдакладненне Закона аб беларускай мове.

Галоўным палітычным вынікам плебісцыта стала выяўленне рэальнай расстаноўкі сіл. У прыватнасці, галасы, аддазеныя “за”, былі тоеснымі выказванням вотуму даверу Прэзідэнту.

У снежнi 1995 г. адбылiся дадатковыя выбары ў Вярхоўны Савет, куды не трапiла нiводнага прадстаўнiка БНФ. Старшынёй парламента быў абраны лідэр Аграрнай партыі С. Шарэцкi. Памiж iм i Прэзiдэнтам канструктыўных адносiн не склалася.

Вынiкi майскага рэферэндуму не знялi напружанасцi ў грамадстве. Працяглая палiтычная канфрантацыя паміж прыхільнікамі Прэзідэнта і парламента негатыўна адбівалася на ўсіх галінах жыццядзейнасці беларускага народа. Пры гэтым, абедзве галіны ўлады – заканадаўчая і выканаўчая пастаянна звярталіся ад імя народа і выступалі ў яго інтарэсах. Яны ж і выступілі з прапановай абмеркавання на чарговым Рэферэндуме першачарговых, на іх думку, праблем. Так, Прэзiдэнт А. Лукашэнка вынес прапановы: 1. перанесцi Дзень Незалежнасцi (“Дзень Рэспублiкi”) з 27 ліпеня на 3 лiпеня; 2. прыняць Канстытуцыю 1994 г. са змяненнямi i дапаўненнямi (новая рэдакцыя Канстытуцыi Рэспублікі Беларусь). Па пункце 3. Прэзідэнт ставіў пытанне: “Цi выступаеце Вы за свабодныя, без абмежаванняў куплю i продаж зямлiў”. І па пункце 4 – “Цi падтрымлiваеце Вы скасаванне пака-рання смерцю ў Рэспубліцы Беларусь”.


<== previous lecture | next lecture ==>
Беларусь у міжваенны перыяд (1918-1939 гг.) 6 page | Беларусь у міжваенны перыяд (1918-1939 гг.) 8 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.411 s.