|
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 10 pageDate: 2015-10-07; view: 413.
У сярэдзіне 20-х гадоў тайныя таварыствы на Беларусі былі разгромлены.
Рэвалюцыя 1830 г. у Францыі ўскалыхнула Еўропу і нанесла моцны ўдар па сістэме Свяшчэннага Саюза, аплотам якога былі дзяржавы, што падзялілі Рэч Паспалітую. Мікалай I спрабаваў арганізаваць контррэвалюцыйную інтэрвенцыю спачатку ў Францыю, потым у Бельгію, якая дабілася незалежнасці ад Нідэрландскага каралеўства. Гэта падштурхнула да адкрытага выступлення польскіх шляхецкіх рэвалюцыянераў. У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося вызваленчае паўстанне, кіраўнікі якога ставілі галоўнай мэтай аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Хутка яно ахапіла ўсё Царства Польскае.
Вясной 1831 г. у руках паўстаўшых аказаўся шэраг паветаў Заходняй Беларусі. Паўстанне развівалася тут у многім стыхійна, хоць і існаваў Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Сяляне і мяшчане мабілізоўваліся ў атрады пераважна пад прымусам і не былі зацікаўлены ваяваць без вырашэння сваіх сацыяльных праблем. У той жа час царскія ўлады абяцалі ім вызваленне ад паноў-паўстанцаў. Кульмінацыяй падзей стала бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 г., у якой аб'яднаныя паўстанцкія сілы края разам з прысланым у дапамогу польскім корпусам не змаглі дасягнуць перамогі над царскімі войскамі. Усяго за зброю ўзяліся 15-19 тыс. чалавек. Легендай засталася ў гісторыі дзейнасць маладой шляхцянкі Эміліі Плятэр, якая ўзначаліла паўстанцкі атрад у некалькі тысяч ваяроў.
Летам 1831 г. асобныя выступленні адзначаліся ў паўднёвых паветах Беларусі, але ў цэлым паўстанне на беларускіх землях пайшло на спад і ў жніўні было задушана. Многія яго ўдзельнікі былі аддадзены пад суд. У шляхцічаў канфіскоўваліся маёнткі, асоб недваранскага паходжання аддавалі ў салдаты ці ссылалі ў Сібір.
Хто змог, эміграваў, пераважна ў Францыю. Адтуль паўстанцкая эміграцыя засылала сваіх эмісараў для працягу барацьбы.
Шляхецкія рэвалюцыянеры ўлічылі ўрокі паўстання. Іх рух, асабліва ў 40-я гады, дэмакратызаваўся і радыкалізаваўся, набываў аграрны характар. У ім удзельнічала ўсё больш прадстаўнікоў разначыннай інтэлігенцыі, якая імкнулася павесці за сабой сялянскія масы. Ідэі правадыра польскай дэмакратыі Іаахіма Лялевеля, які настойваў праз вызваленне сялян далучыць масы насельніцтва да рэвалюцыі, знаходзілі шмат паслядоўнікаў.
Студэнт Медыка-хірургічнай акадэміі ўраджэнец Піншчыны Франц Савіч (1815-1845) заснаваў у 1836 г. у Вільні "Дэмакратычнае таварыства", члены якога прапагандавалі ідэі дружбы народаў у барацьбе супраць самадзяржаўя, стаялі за вызваленне сялян і надзяленне іх зямлёй. "Ліцвін, валынец, падайце ж мне рукі... Царам - на згубу, панам - для навукі", - заклікаў Савіч у сваім вершы "Дзе ж тое шчасце падзелася?.." Праз тры гады ўдзельнікі гэтага таварыства былі арыштаваны.
У 1846-1849 гг. у Вільні, Мінску, Гродне, Лідзе, Ашмянах і іншых гарадах існавала тайная арганізацыя "Братні саюз літоўскай моладзі" ("Саюз свабодных братоў"), якая налічвала каля 200 членаў. Вялася прапаганда сярод салдат і афіцэраў мінскага гарнізона, выраблялася зброя, завязваліся непасрэдныя кантакты з сялянамі аж да ўцягнення іх у арганізацыю.
1848 г. у Еўропе стаў годам буржуазна-дэмакратычных рэвалюцый, накіраваных супраць феадальна-абсалютысцкіх рэжымаў, засілля вярхушкі буржуазіі, іншаземнага прыгнёту. 22-24 лютага пачалася рэвалюцыя ў Францыі, якая адразу ж знайшла водгук у германскіх дзяржавах. 13 сакавіка пакрыліся барыкадамі вуліцы Вены, за Венай паўстаў Будапешт, затым Прага. Рэвалюцыя ахапіла ўсю шматнацыянальную Аўстрыйскую імперыю. 18 сакавіка перамагло паўстанне ў Берліне. Моцным быў рух у Італіі, дзе патрыёты паспяхова змагаліся з войскамі аўстрыйскіх акупантаў. Супраць турэцкага іга падняліся малдаўскі і валашскі народы. Бурліла Іспанія, Швейцарыя, Бельгія. Рэвалюцыйная хваля змятала палітычныя рэжымы, троны, манархаў, міністраў. Рэвалюцыі сыгралі вялікую ролю ў аслабленні манархічных рэжымаў і феадальна-прыгонніцкіх парадкаў: знішчаны прыгонны стан сялян у Аўстрыйскай імперыі, уведзены некаторыя буржуазна-ліберальныя рэформы ў Германіі. Зменшыўся нацыянальны прыгнёт, замацаваліся палітычныя пазіцыі буржуазіі.
Рэвалюцыйная хваля спынілася ля граніц Расійскай імперыі: Мікалай I супрацьпаставіў ёй "бар'ер - са штыкоў". У заходнія губерні рушыў армейскі корпус у якасці паліцэйскага кардона ад "рэвалюцыйнай заразы". Генерал-губернатарам прадпісвалася прыняць "усе неабходныя для захавання грамадскай бяспекі меры" на выпадак актыўных дзеянняў шляхты супраць урада. Тут з'явіліся нелегальныя рукапісныя лістоўкі, адозвы, звароты, пісьмы пра рэвалюцыйную барацьбу народаў Еўропы, з заклікамі далучыцца да іх. Аднак напружанасць і вастрыня асобных падзей у масавыя выступленні ў Беларусі, як і ў суседнім Царстве Польскім, не перайшлі.
Ідэя адраджэння Вялікага княства Літоўскага паступова адыходзіла ў гісторыю, а беларуская нацыянальна-дзяржаўная ідэя ў грамадскім руху канца XVIII - першай паловы XIX стст. яшчэ не аформілася. Але калі дзекабрысты наогул ігнаравалі нацыянальныя правы беларускага і іншых народаў Расійскай імперыі, то ўдзельнікі гурткоў і арганізацый, створаных на мясцовай, хаця і моцна спаланізаванай, глебе, праяўлялі "літоўскі сепаратызм", любілі родны край, што пры збліжэнні іх з беларускай сялянскай масай стварала неабходныя перадумовы для фарміравання беларускай ідэі і выдзялення яе як самастойнай у недалёкай будучыні. Пытанні для самакантролю Што такое Царства Польскае? Хто такая Эмілія Плятэр? 34. Адукацыя і навука ў канцы XVIII - першай палове XIX стст.
Адукацыйны працэс на беларускіх землях у гэты час знаходзіўся пад моцным уплывам польскай і рускай традыцый, што тлумачыцца як аб'ектыўнымі ўмовамі знаходжання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля Расійскай імперыі. Пасля шляхецкага паўстання 1830-1831 гг. царскі ўрад распачаў выцясненне польскай мовы і культуры, укараненне праваслаўя і ідэі адзінай рускай народнасці. Паланізацыі супрацістаўлялася русіфікацыя, а на практыцы яна ўзмацняла паланізацыю. Бо тая частка шляхты, якая адмоўна ставілася да праваслаўя і палітыкі Расіі ўвогуле, была вымушана злівацца з польскім нацыянальным рухам, абвяшчаць сябе палякамі.
Яшчэ пры Кацярыне II былі зроблены першыя спробы арганізацыі народнай асветы на дзяржаўным узроўні ў Расіі. Паводле статута 1786 г. у кожным губернскім горадзе прадугледжвалася адкрыццё аднаго чатырохкласнага Галоўнага народнага вучылішча, а ў павятовым - аднаго двухкласнага Малога народнага вучылішча. Палажэнні статута рэалізоўваліся ў губернях усходняй Беларусі, далучанай да Расійскай імперыі у 1772 г. Аднак на практыцы рускія свецкія школы ўзніклі не ўсюды і прытым яны былі недаступныя для сялян. У канцы XVIII ст. працягвалі дзейнічаць манастырскія уніяцкія і каталіцкія навучальныя ўстановы, у тым ліку і езуіцкія. Сярод апошніх вылучалася Полацкая езуіцкая акадэмія (1812-1820 гг.), якая па ўзроўні адукацыі набліжалася да вышэйшай навучальнай установы. У цэлым сістэма асветы на беларускіх землях пакуль працягвала працаваць па-польску.
Вялікі двор Віленскага універсітэта. Сучасны здымак.
У адпаведнасці з рэформай асветы 1803-1804 гг. школы беларускіх губерняў былі ўключаны ў склад Віленскай навучальнай акругі. Сістэма адукацыі была саслоўнай, сяляне не маглі пайсці далей пачатковых (царкоўна-прыходскіх) школ, вышэйшая адукацыя існавала толькі для дваран. Цэнтрам адукацыі і навукі з'яўляўся Віленскі універсітэт, у якім выкладанне вялося на польскай мове, але заахвочвалася вывучэнне гісторыі і мясцовых традыцый, што садзейнічала выкрышталізацыі сярод студэнцтва ідэй беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Пасля паўстання, у 1832 г., Віленскі універсітэт, як асяродак шляхецкага патрыятызму і вальнадумства, зачыняецца. Каталіцкія манастырскія вучылішчы пераўтвараюцца ў свецкія гімназіі і павятовыя вучылішчы, дзе выкладанне вялося на рускай мове. Асвета пачала будавацца на прынцыпах "праваслаўя, самадзяржаўя і народнасці". Да 60-х гадоў XIX ст. на Беларусі дзейнічала 576 навучальных устаноў усіх тыпаў, у якіх навучалася каля 17 тыс. чалавек, што складала 0,5% усяго насельніцтва.
Адукацыйная сістэма вымушана была адгукацца на запатрабаванні часу, рабіліся, хоць і непаслядоўна, захады для развіцця спецыяльнай адукацыі. З пачатку 20-х гг. пачалося распаўсюджванне ланкастэрскіх школ для небагатых вучняў. Гэтыя школы ўзніклі у канцы XVIII - першай палове XIX стст. у розных краінах у выніку грамадскага руху за танны і хуткі спосаб атрымання адукацыі. Паводле ланкастэрскай сістэмы (англійскія педагогі Дж. Ланкастэр і А. Бэл) адбывалася навучанне дзяцей і дарослых больш падрыхтаванымі вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка. Першая ў Ра-сійскай імперыі школа ўзаемнага навучання была адкрыта ў 1819 г. у Гомелі, у тагачасным маёнтку графа М. Румянцава. У 1840-я гг. сталі адкрывацца пачатковыя школы для дзяржаўных сялян, настаўнікамі ў якіх часцей за ўсё былі мясцовыя святары. У 1840 г. пачынае працаваць Горы-Горацкая земляробчая школа, пераўтвораная ў 1848 г. у земляробчы інстытут - першую ў Расіі вышэйшую агранамічную навучальную ўстанову. Праз пансіёны і інстытуты шляхетных дзяўчат з 1840-х гадоў арганізоўвалася жаночая асвета.
У галіне навукі еўрапейскую славу атрымаў Віленскі універсітэт. Значнага ўзроўню дасягнулі тут дакладныя навукі. Ян Снядэцкі, які працяглы час быў рэктарам, унёс выдатны ўклад у матэматыку і астраномію, яго падручнік па сферычнай трыганаметрыі лічыўся найлепшым у Еўропе. Брат Яна Андрэй Снядэцкі на аснове віленскіх лекцый стварыў першы універсітэцкі падручнік па хіміі, а ў працы "Тэорыя арганічных істот", перакладзенай на нямецкую і французскую мовы, адным з першых у Еўропе абгрунтаваў ідэю аб кругавароце элементаў у прыродзе. Вучоныя-грамадазнаўцы мелі поспехі ў даследаванні мінулага Вялікага княства Літоўскага, старажытнай беларускай культуры, што спрыяла ўзнікненню беларусазнаўства і абгрунтаванню беларускай нацыянальнай ідэі. Пры універсітэце дзейнічалі добра абсталяваная абсерваторыя, адзін з самых значных у Еўропе батанічных садоў, першы ў Расіі заалагічны музей, багацейшая бібліятэка, шмат кабінетаў. Усё гэта дазваляла атрымліваць вышэйшую адукацыю на ўзроўні, які не саступаў лепшым тагачасным універсітэтам Заходняй Еўропы.
У Горы-Горацкім інстытуце развіваліся аграбіялогія і іншыя сельскагаспадарчыя навукі. Тут працаваў адзін з пачынальнікаў хімічнай навукі на Беларусі К. Шміт, выкладаў таксама выдатны хімік і педагог І. Цютчаў. Разам са студэнтамі праводзілася работа па вывядзенні новых сартоў сельскагаспадарчых культур, высокапрадуктыўных парод жывёлы, стварэнні інвентару. Вялікія палі, конны завод, сельскагаспадарчыя машыны, у тым ліку і замежныя, уся "эканамічная наяўнасць" перададзенага інстытуту казённага маёнтка, забяспечвалі якаснае засваенне вучэбнага плана.
У асяроддзі інтэлігенцыі ўзмацняецца цікавасць да краязнаўства. Гэта абумоўлівалася як дэмакратызацыяй шляхецкага вызваленчага руху з яго пошукамі апоры ў сялянстве, так і тагачасным рамантызмам з яго культамі старадаўнасці і народнасці. Менавіта ў першай палове XIX ст. у свядомасці шляхты беларускіх зямель, што называла сябе "літвінскай", пачалі адбывацца велізарныя па сваёй значнасці зрухі, якія леглі ў аснову працэсу, які мы сёння называем пачаткам беларускага нацыянальнага адраджэння. Шляхта мясцовага паходжання вывучала гісторыю роднага краю, народную культуру, да якіх пачала ставіцца як да ўласных каранёў і здабыткаў. Выдзеліліся беларуская археалогія, этнаграфія, фалькларыстыка, дзе плённа працавалі І. Грыгаровіч, Т. Нарбут, браты Я. і К. Тышкевічы, Я. Чачот, А. Кіркор. Выяўляюцца і публікуюцца шматлікія матэрыялы і дакументы з беларускай мінуўшчыны, пішуцца абагульняючыя аналітычныя працы, складаюцца фальклорныя зборнікі. З ініцыятывы Яўстафія Тышкевіча ў 1855 г. быў заснаваны першы публічны ў Беларусі і Літве Віленскі музей старажытнасцей. Пры ім дзейнічала археалагічная камісія, якая займалася зборам, даследаваннем і папулярызацыяй гістарычнай і этнакультурнай спадчыны, арганізоўвала абмен інфармацыяй, кнігамі і сустрэчы з навуковымі арганізацыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і іншых краін. У пачатку 40-х гг. знакаміты чэшскі вучоны Павел Шафарык на этнаграфічнай карце Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ўпершыню паказаў этнічную тэрыторыю беларусаў; ён жа адзначыў 15 спецыфічных асаблівасцей беларускай мовы. Усё гэта сведчыла аб пачатку самапазнавання народа і яго сцвярджэння ў новай еўрапейскай і славянскай сям'і. Пытанні для самакантролю За што быў зачынены ў 1832 г. Віленскі ўніверсітэт? Чым застаўся вядомы ў беларускай гісторыі Я. Тышкевіч? 35. Адмена прыгоннага права і буржуазныя рэформы 1860-1870-х гг.
Змена феадальна-карпаратыўнага ладу буржуазна-ліберальнымі парадкамі ў заходнееўрапейскіх краінах, якія першымі ўступілі на капіталістычны шлях развіцця (Нідэрланды, Англія, Францыя) адбылася, як вядома, праз Рэфармацыю і буржуазныя рэвалюцыі. Пры ўсіх непазбежных для такога роду канфліктах, выдатках і ахвярах, яны забяспечвалі радыкальны злом старой сістэмы сацыяльных адносін і хуткі пераход грамадства ў новую якасць. Але пазней выявіўся і іншы шлях - ён больш характэрны для ўсходнееўрапейскіх краін - шлях буржуазных рэформ, з яго паступовым пераўтварэннем грамадства ў капіталістычным напрамку, пры непазбежным захоўванні на доўгі час перажыткаў феадальнага мінулага. У цэнтры гэтых пераўтварэнняў стаяла пытанне аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці і стварэнні з іх класа свабодных вытворцаў.
Стан сялянскага пытання ў Рэчы Паспалітай напрыканцы XVIII ст. даваў надзею на свабоду сялян у недалёкай будучыні. Іх лёс непакоіў перадавую грамадскую думку, стаў прадметам абмеркавання на Чатырохгадовым сойме, што вылілася ў прыняцце адпаведнага пункта ў Канстытуцыі 3 мая, сялянскаму пытанню быў прысвечаны Паланецкі універсал Касцюшкі. Аднак унутраная і знешняя рэакцыя перакрэсліла такі ход падзей. У складзе Расійскай імперыі прыгонніцкая сфера тады яшчэ пашыралася і ўмацоўвалася. Спробы прагрэсіўных дваранскіх колаў у заходніх губернях падымаць пытанне аб магчымым вызваленні сялян доўгі час спыняліся ці ігнараваліся царскімі ўладамі. Тым часам у суседніх Польшчы і Прусіі, а пазней Эстоніі і Латвіі сяляне ўжо з пачатку ХІХ ст. мелі асабістую свабоду. З усіх тэрыторый падзеленай Рэчы Паспалітай Літва, Беларусь і Правабярэжная Украіна падыходзілі да адмены прыгоннага стану апошнімі. Яны залежалі ад выспявання агульнай сітуацыі ва ўсёй імперыі.
Крымская вайна 1853-1856 гг. паказала ўсю глыбіню адсталасці феадальнай Расіі ад перадавых еўрапейскіх краін, а размах нарастаючага сялянскага руху напалохаў вярхі, што вымусіла цара Аляксандра ІІ у 1856 г. канстатаваць небяспеку далейшага зацягвання з адменай прыгоннага права, бо яна магла ажыццявіцца знізу. Падрыхтоўку рэформы пачалі з беларуска-літоўскіх губерняў, улічвалі як большую гатоўнасць да гэтага мясцовых памешчыкаў, так і ўсю вастрыню тут сацыяльнай і палітычнай сітуацыі. Каб забяспечыць сабе грамадскую падтрымку, імператар праз віленскага генерал-губернатара У.І. Назімава арганізаваў "ініцыятыву" з боку памешчыкаў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў. Інвентарныя камітэты гэтых губерняў прынялі рашэнне спыніць рэгуляванне адносін паміж памешчыкамі і сялянамі і пагадзіліся на бязвыплатнае вызваленне сялян з захаваннем усёй зямлі за памешчыкамі.
Царскі ўрад не рашыўся вызваляць сялян зусім без зямлі, але атрымаць яе ва ўласнасць можна было толькі за выкуп, сума якога вызначалася аброкам, капіталізаваным з 6% гадавых. Паколькі такая сума значна перавышала рэальны рынкавы кошт зямлі, то памешчыкі фактычна атрымоўвалі кампенсацыю за страту ўласнасці над асобай селяніна. Ва ўсходнебеларускім рэгіёне, дзе захавалася абшчына, ўстанаўліваліся фіксаваныя памеры сялянскіх надзелаў (вышэйшы ад 4 да 5,5 дзесяцін і ніжэйшы ад 1 да 2 дзесяцін). У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях існавала падворнае землекарыстанне і тут сялянам пакідаўся іх дарэформенны надзел. Дзяржава закладвала за сялян 4/5 выкупной сумы, а вяртаць гэтую пазыку - так званыя штогадовыя выкупныя плацяжы - прыходзілася з вялікімі працэнтамі. Адразу выкупіць ва ўласнасць можна было толькі сядзібу, палявы надзел выкупляўся са згоды памешчыка. Да заключэння выкупнога пагаднення сялянам за карыстанне надзеламі трэба было выконваць на карысць памешчыка павіннасці - паншчыну ці аброк - ва ўстаноўленых дзяржавай памерах. Гэтыя часоваабавязаныя адносіны афармляліся ўстаўнымі граматамі і маглі цягнуцца 9 і больш гадоў. Памешчыкі мелі права пакінуць за сабой не толькі лепшыя ворыўныя землі, але і так званыя сервітутныя: сенажаці, выганы, вадапоі, лясы, азёры, без якіх сялянская гаспадарка звычайна не магла абысціся. Прадугледжваўся новы парадак кіравання сялянамі, заснаваны на выбарнасці ніжэйшага звяна - сельскіх старастаў і валасных праўленняў.
"Палажэнні" аб выхадзе на волю прыгонных сялян і маніфест, якім абвяшчалася аб гэтым насельніцтву, Аляксандр ІІ падпісаў 19 лютага 1861 г. У беларускіх губернях рэформа была афіцыйна аб'яўлена ў сакавіку - маі. Да сялян хутка дайшло, што яны падманутыя ў сваіх чаканнях. Хваля пратэстаў ахапіла імперыю і найбольш буйнымі цэнтрамі выступленняў сталі Паволжа, Літва і Заходняя Беларусь. Распаўсюджваліся чуткі аб падмене царскага маніфеста. У 1861 г. адбылося каля 400 хваляванняў беларускіх сялян. Урад прадбачыў абвастрэнне сітуацыі і яшчэ напярэдадні рэформы расмясціў тут больш 100 тыс. салдат, што дазволіла яму адбіць першы, самы моцны, націск сялянскага руху.
Паўстанне 1863 г. рэзка ўскладніла палітычную сітуацыю ў заходніх губернях імперыі. Урад, напалоханы аграрнымі дэкрэтамі паўстанцаў, магчымасцю масавага ўдзелу ў паўстанні сялян, каб адцягнуць іх на свой бок, вымушаны быў змяніць тут некаторыя ўмовы рэформы. Паводле спецыяльных царскіх указаў, у беларускіх рэгіёнах спыняліся часоваабавязаныя адносіны, і сяляне, незалежна ад згоды памешчыкаў, тэрмінова пераводзіліся на абавязковы выкуп зямельных надзелаў, прычым памер выкупных плацяжоў зніжаўся на 20%. Тым, хто быў абеззямелены памешчыкамі ў перадрэформенны перыяд, поўнасцю ці часткова вярталіся надзелы. Было заяўлена і аб захаванні права сялян на карыстанне сервітутнымі ўгоддзямі. Вырваныя паўстаннем у самадзяржаўя ўступкі істотна змякчалі грабежніцкія ўмовы вызвалення сялян у Літве і Беларусі ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі і адкрывалі тут большыя магчымасці для развіцця капіталістычных адносін.
Па выніках аграрных рэформ звыш паловы ўсіх зямель Беларусі змаглі захаваць за сабой дваране-памешчыкі, сялянам жа дасталася трэцяя частка, рэштку ўтрымлівалі казна, царква і іншыя ўстановы. Пры гэтым большасць сялянскіх двароў атрымалі надзелы такіх памераў, што не забяспечвалі ўтрыманне сярэдняй сям'і. Найбольш прагрэсіўнай часткай пераўтварэнняў у вёсцы было абвяшчэнне асабістай свабоды сялян. З гэтага часу іх нельга было прадаваць, купляць, дарыць і г.д. Былыя прыгонныя прызнаваліся "свабоднымі сельскімі жыхарамі" і надзяляліся грамадзянскімі правамі (свабоднага ўступлення ў шлюб, заключэння дагавораў і здзелак, выбару роду заняткаў, паступлення ў навучальныя ўстановы) аж да пераходу ў іншыя саслоўі (мяшчан, купцоў). Хоць заставалася гаспадарчая залежнасць селяніна ад памешчыка і дзяржавы, але адчыняўся шлях да ўсеагульнага распрыгонення грамадства і яго эвалюцыі ў буржуазным накірунку.
Уступкі самадзяржаўя патрабаванням буржуазнага развіцця краіны выявіліся таксама ў правядзенні на працягу 60-70-х гг. у Расіі земскай, судовай, цэнзурнай, школьнай, гарадской і ваеннай рэформаў. Аднак праводзіліся яны паступова і не ўсюды. На Беларусі гэта залежала ад палітычнай абстаноўкі, што склалася ў сувязі з паўстаннем. Царскі ўрад пакуль не рашыўся ўвесці тут земскае самакіраванне, бо не давяраў мясцовым памешчыкам. З гэтай жа прычыны адклалася да 1872 г. судовая рэформа, паводле якой уводзіўся міравы суд. У адрозненне ад цэнтральных губерняў, дзе суддзяў выбіралі земскія сходы, у Беларусі яны прызначаліся міністрам юстыцыі. На 5 гадоў пазней, у 1875 г., была праведзена гарадская рэформа, згодна з якой у гарадах ствараліся гарадскія думы - органы самакіравання; выбары ў іх ажыццяўляліся на аснове маёмаснага цэнзу. Паводле ваеннай рэформы рэкруцкая сістэма камплектавання арміі замянялася ўсеагульнай воінскай павіннасцю. Школьная рэформа ўводзіла прынцыпы ўсесаслоўнасці адукацыі, цэнзурная - некалькі пашырала магчымасці друку, праўда, не беларускага. Паколькі сутнасць палітыкі царызму ў заходніх губернях вызначалі вялікадзяржаўныя, русіфікатарскія задачы, то буржуазны накірунак гэтых рэформаў быў больш абмежаваны, чым у цэнтральнай Расіі. Пытанні для самакантролю Што такое сервітуты і як склаўся іх лёс падчас рэформы 1861 г.? Ці было ўведзена на Беларусі мясцовае самакіраванне ў форме земстваў? 36. Паўстанне 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага на Беларусі
Абвастрэнне сітуацыі ў беларускай вёсцы ў сувязі з адменай прыгоннага права і чаканнем сялян сапраўднай волі па часе супала з ажыўленнем нацыянальнага руху на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай з цэнтрам у Царстве Польскім. У 1860 г. тут прайшлі народныя патрыятычныя маніфестацыі. Выбух абурэння выклікаў расстрэл 27 лютага 1861 г. патрыятычнай працэсіі ў Варшаве. Актыўнасць палякаў працягвала нарастаць і перакідвацца на беларускія, літоўскія і правабярэжнаўкраінскія землі.
У нацыянальна-вызваленчым руху аформіліся дзве палітычныя групоўкі: "чырвоныя" і "белыя". "Чырвоныя" меркавалі аднавіць незалежнасць Польшчы праз народнае паўстанне, найбольш радыкальныя з іх (левыя) выказваліся за рэспубліканскі і дэмакратычны лад, самавызначэнне народаў, разлічвалі на падтрымку рэвалюцыйных сіл Расіі. "Белыя", што прадстаўлялі інтарэсы буйных землеўладальнікаў і вярхоў буржуазіі, імкнуліся не дапусціць, каб паўстанне перарасло ў сялянскую рэвалюцыю, а спадзяванні на аднаўленне незалежнасці звязвалі з націскам на Расію заходнееўрапейскіх дзяржаў. Яны наладзілі сувязь з арыстакратычнай эміграцыяй у Парыжы і праз князя Чартарыйскага падтрымлівалі адносіны з урадамі Францыі і Англіі. "Белыя" планавалі аднавіць Польшчу ў межах Рэчы Паспалітай. Для кіравання і каардынацыі падрыхтоўкі паўстання ў Варшаве ў сакавіку 1862 г. быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК) на чале з "чырвонымі" Я. Дамброўскім, З. Серакоўскім, В. Урублеўскім.
Кастусь Каліноўскі (1838 – 1864), шляхціч, рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст і паэт.Вучыўся на юрыдычным факульцеце Пецярбургскага універсітэта. Вярнуўся ў 1861 г. у Вільню і ў хуткім часе стаў адным зправадыроў вызваленчага руху. Выдаваў нелегальную газету "Мужыцкая праўда", з дапамогай якой рыхтаваў паўстанне. Узначаліў Літоўскі правінцыяльны камітэт, кіраваў паўстаннем да студзеня 1864 г., калі быў арыштаваны. Мужна паводзіў сябе ў час следства, перадаў на волю "Пісьмо з-пад шыбеніцы" – свае ідэйна-палітычнае завяшчанне. Публічна павешаны ў Вільні.
Пад уплывам гэтых падзей складвалася сітуацыя ў Беларусі, дзе найбольш актыўную ролю адыгрываў Кастусь Каліноўскі (1838-1864), шляхціч з Гродзеншчыны, рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст і паэт. Ён скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта, удзельнічаў там у рэвалюцыйных гуртках. Вярнуўся ў 1861 г. на радзіму і ў хуткім часе стаў адным з правадыроў вызваленчага руху. Сумесна з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім выдаваў нелегальную газету "Мужыцкая праўда", якая стала рупарам рэвалюцыйна-дэмакратычнага крыла "чырвоных". На працягу 1862-1863 гг. выйшла сем нумароў у выглядзе лістовак. Сваім зместам газета растлумачвала сялянам прыгонніцкі характар аграрнай рэформы, раскрывала імперскую палітыку самадзяржаўя, абараняла скасаваную ўладамі уніяцкую царкву.
Летам 1862 г., з мэтай падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве, у Вільні стварыўся Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), фармальна падначалены ЦНК. У ім былі прадстаўлены літоўска-беларускія "чырвоныя", а старшынёй з кастрычніка 1862 г. стаў К. Каліноўскі. Паводле ўспамінаў сучасніка, ён быў самай выдатнай асобай у Камітэце, "...адным з найшляхетных тагачасных мужоў Літвы, адукаваны, чысты, поўны высакароднасці, розуму і энергіі. Абходзіў пешкі Літву і Беларусь, нёс у народ жар любові да бацькаўшчыны... Не хацеў мець ніякіх стасункаў са шляхтай, а абапіраўся толькі на народ. Адносіны Літвы і Польшчы разумеў толькі як федэратыўныя - з поўнай незалежнасцю Літвы". ЛПК ініцыіраваў збор сродкаў на паўстанне, стварэнне мясцовых рэвалюцыйных арганізацый: гродзенскай, мінскай, навагрудскай і іншых.
Паўстанне выбухнула ў Царстве Польскім у ноч з 22 на 23 студзеня 1863 г., калі адначасова напалі на рускія гарнізоны ў розных частках краіны. Нагодай выступлення стала правядзенне рэкруцкага набору паводле спісаў, што ўключалі ўсіх "нядобранадзейных" маладых людзей. Заўчаснае выступленне ў Польшчы з'явілася поўнай нечаканасцю для рэвалюцыянераў Беларусі і Літвы, але пасля ваганняў было падтрымана імі. 1 лютага 1863 г. ЛПК абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і абнародаваў праграмныя дакументы, што дубліравалі праграму польскіх паўстанцаў. Насельніцтва заклікалася падняцца на ўзброеную барацьбу, жыхары аб'яўляліся раўнапраўнымі грамадзянамі, незалежна ад саслоўнай прыналежнасці, нацыянальнасці і веравызнання. Ва ўласнасць сялян бязвыплатна перадаваліся зямельныя надзелы, якія знаходзіліся ў іх карыстанні, а з памешчыкамі за зямлю разлічвалася дзяржава. Беззямельныя сяляне, але толькі ўдзельнікі паўстання, павінны былі атрымаць па тры маргі зямлі (1 морг роўны 0,71 га). Рэкруцтва замянялася трохгадовай усеагульнай вайсковай павіннасцю. Аднаўлялася уніяцкая царква. Па сутнасці гэта была буржуазная праграма.
Першыя атрады паўстанцаў з'явіліся ў заходніх паветах Беларусі з Польшчы ўжо ў канцы студзеня 1863 г. Большасць мясцовых атрадаў сфарміраваліся ў сакавіку-красавіку. У іх склад увайшлі дробная шляхта, навучэнцкая моладзь, рамеснікі, сяляне, афіцэры, што пакінулі царскую армію. Агульнага плана дзеянняў і ўзаемнай каардынацыі не было. Не хапала таксама зброі. Дзейнічалі партызанскімі метадамі. Усяго на Беларусі (у сучасных яе межах) з лютага па жнівень 1863 г. зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі; 2/3 з іх адбыліся на Гро-дзеншчыне і Віленшчыне.
Ваяры, удзельнікі паўстання 1863 – 1864 гг.
Калі першапачаткова ініцыятыва належала "чырвоным" і прычым іх радыкальнай, левай частцы, то з развіццём паўстання да яго далучыліся "белыя", каб пазбавіць рэвалюцыйнай накіраванасці, а толькі справакаваць ваеннае ўмяшальніцтва Англіі і Францыі. "Белыя" ўстанавілі кантроль над кіруючымі органамі ў Варшаве і ў сакавіку 1863 г. па ўказанні адтуль быў створаны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы на чале з памешчыкам Я. Гейштарам. Каліноўскі, пасля рэзкага пратэсту супраць гэтай акцыі, не знайшоўшы дастатковай апоры, прыняў пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. Прыход "белых" да кіраўніцтва кампраметаваў справу ў вачах сялянскіх мас, чым шырока карысталіся ўлады, яны прадстаўлялі гэта як выступленне паноў супраць "цара-вызваліцеля" з мэтай аднаўлення прыгону. Такое ўяўленне падтрымлівала ў сялян і праваслаўная царква. У выніку, асноўная маса беларускага сялянства не далучылася да паўстанцаў, іх доля склала каля 18%.
Урады Англіі і Францыі адкрыта спачувалі паўстанню, але абмежаваліся толькі дыпламатычнымі дэмаршамі і дазволам ваяваць добраахвотнікам, якіх прыбыло ў Польшчу і Літву некалькі соцень. У розных краінах паўстанцаў падтрымлівалі рэвалюцыянеры: М. Бакунін, Дж. Гарыбальдзі, Л. Кошут, К. Маркс. Маркс і Энгельс разлічвалі, што пры спрыяльным развіцці падзей паўстанне дасць штуршок рускай рэвалюцыі і перанясе рэвалюцыйнае полымя ў суседнюю Германію, а таксама іншыя заходнееўрапейскія краіны. З ініцыятывы А. Герцэна, французскі пісьменнік Віктор Гюго звярнуўся да расійскай грамадскасці з заклікам падтрымаць паўстанцаў. У іх шэрагі ўлілося каля 300 рускіх салдат і афіцэраў. Адначасова ўрадавы друк, рускія кансерватары і лібералы разгарнулі шавіністычную кампанію як супраць паўстанцаў, так і ўласных рэвалюцыйных дэмакратаў, што фактычна паралізавала агітацыю апошніх і перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сялянскае паўстанне.
У такіх неспрыяльных умовах выявілася няздольнасць "белых" кіраваць паўстаннем. Іх арганізацыі не вытрымлівалі тэрору ўлад. У чэрвені 1863 г., пасля арышту многіх членаў Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, у яго былі ўведзены Каліноўскі і іншыя левыя. Яны неўзабаве стварылі так званы Літоўска-Беларускі чырвоны жонд - падпольны урад, які спрабаваў удыхнуць у паўстанне новыя сілы. Але было ўжо позна, рэальных паспехаў дасягнуць не ўдалося. Царызм тапіў паўстанне ў крыві, а памешчыкі ўключыліся ў кампанію збору вернападданіцкіх адрасоў. Восенню 1863 г. узброеная барацьба на Беларусі спынілася, а летам і восенню 1864 г. былі разгромлены апошнія атрады ў Польшчы.
Мужны і нястомны Каліноўскі працягваў рэвалюцыйную дзейнасць, спрабаваў выратаваць людзей і арганізацыі, каб зноў выступіць вясною 1864 г. Доўгі час удавалася канспіравацца, але адзін з членаў арганізацыі на допыце выдаў яго. 10 сакавіка Каліноўскі быў публічна павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні. Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі і Літве 128 паўстанцаў былі пакараны смерцю, больш 850 асуджаны на катаргу, каля 12 тыс. чалавек сасланы і выселены. У Беларусі і Літве быў устаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на змяншэнне польскага ўплыву і ўзмацненне русіфікацыі краю.
|