|
МІРСКІ ЗАМАКDate: 2015-10-07; view: 622. Феадальныя замкі гэтай пары паступова страчваюць аскетычныя рысы чыста абарончых збудаванняў. Яны ўсё больш пачынаюць адпавядаць не толькі утылітарна-ваенным мэтам, але і задачам прадстаўніцтва. Пачынаючы з другой паловы XV ст. у мясцовым замкавым дойлідстве вызначыліся дзве характэрныя тэндэнцыі. Першая сведчыла пра далейшае развіццё мясцовых будаўнічых традыцый (замкі ў Міры, Геранёнах, Любчы і інш.), з уласнай інтэрпрэтацыяй і выкарыстаннем найноўшых дасягненняў еўрапейскай фартыфікацыі. Другая тэндэнцыя адлюстроўвала выразную цягу да ўзораў еўрапейскага замкавага будаўніцтва (замкі ў Заслаўі, Нясвіжы, Ляхавічах і інш.). Менавіта ў гэтыя часы ўзніклі славутыя «брамы» — неад'емныя элементы абароны сярэдневяковых беларускіх гарадоў і замкаў. Замак у мястэчку Мір Гродзенскай вобласці ўзведзены на процілеглым ад мястэчка правым беразе рачулкі Міранкі. У плане ён нагадвае крыху перакошаны чатырохкутнік, утвораны замкавымі мурамі. На кожным рагу, выступаючы за перыметр сцен, узвышаюцца магутныя вежы. Пятая - уязная вежа-брама - размешчана ў цэнтры заходняй сцяны, звернутай да горада. Усярэдзіне замкавага двара стаіць трохпавярховы палац, прыбудаваны да паўночнай і ўсходняй сцен замка, збудаванага ў 1506—1510 гг. Замак вельмі пацярпеў у 1655 г., пад час працяглай шведскай аблогі. У гады Паўночнай вайны, у 1705 г., шведы зноў бралі замак штурмам і спалілі яго. У 1794 г. замак узяло штурмам войска А. В. Суворава. Але, бадай, найбольш быў разбураны Мірскі замак у Айчынную вайну 1812 г. У час баёў былі разбураны і спалены палац, адна вежа, пашкоджаны вонкавыя земляныя ўмацаванні. Толькі ў 1870 г. на чатырох вежах замка (акрамя узарванай паўночна-ўсходняй) аднавілі шатровыя дахі, а пазней адрамантавалі палац. У канцы XIX ст. на поўдзень ад замка выкапалі вялікі стаў. Усе вежы Мірскага замка маюць аднолькавую аб'ёмную будову: ніжняя 4-гранная аснова ўверсе пераходзіць у 8-граннік, адначасова памалу памяншаецца і аб'ём. Акцэнт мастацкага аздаблення замка зроблены на вежах. Архітэктурная апрацоўка іх фасадаў грунтуецца на розных формаю і велічынёй дэкаратыўных нішах і арнаментальных паясах. Такі прыём у беларускім дойлідстве XVI ст. быў шырока распаўсюджаны. Як і сцены вежаў, замкавыя муры таксама не былі пазбаўлены архітэктурнага дэкору. Па ўсім перыметры, на вышыні блізка 8 м ад зямлі, праходзіць арнаментальны пояс шырынёю каля 70 см у выглядзе 6 радоў цаглянай кладкі. Верхні і ніжні рады - цагліны, пакладзеныя навугол. Паміж імі праходзіць паласа заглыбленай кладкі. Пабелены вапнай, гэты пояс выразна чытаўся на чырвоным фоне цаглянай сцяны, таксама як і другі арнаментальны пояс, што ішоў па самым верее. Багацце і разнастайнасць архітэктурных дэталяў Мірскага замка, яго маляўнічасць яшчэ больш узмацняюцца каляровым афармленнем. Унутраная паверхня розных формаю і велічынёй нішаў, цяг і паясоў, атынкаваных і пабеленых вапнай, у спалучэнні з цёмна-чырвонай фактурай асноўнага поля сцен і праёмамі вежавых байніц надавалі пэўную выразнасць архітэктуры збудавання. Усе вежы Мірскага замка, канструкцыйна і стылістычна блізкія між сабою, разам з тым мелі сваё індывідуальнае архітэктурнае аблічча. Мастацкая дасканаласць фасада замка асабліва падкрэсліваецца прадуманасцю і злітнасцю арнаментальных паясоў вежаў. Іх, у сваю чаргу, арганічна працягваюць ідэнтычныя, паводле малюнку і тэхнікі выканання, паясы на праслах і паўцыркульныя нішы. Дзякуючы гэтаму ўсе элементы замка звязваюцца ў цэласную архітэктурную кампазіцыю, a ix прыгажосць і велічнасць як бы адсоўваюць магутнасць сцен на другі план, ствараючы вобраз непаўторнага збудавання. Замкавыя вежы былі пастаўлены з такім разлікам, каб зручней было весці флангавы агонь уздоўж прасел сцен. Вежы - аснова агнявой магутнасці замка, бо большасць байніц прызначалася на стральбу з гармат. Усе вежы былі запланаваны як самастойныя вузлы абароны: на выпадак, калі вораг прарвецца ў замак, у вежах з усіх бакоў былі байніцы для кругавога абстрэлу. Кожная вежа мела па 5 ярусаў-баёў з вялікай колькасцю байніц і складаную сістэму пераходаў. Завяршаліся вежы байніцамі-машыкулямі, праз якія на ворага кідалі каменне, лілі вар або смалу. 3 усіх вежаў XVI ст. амаль поўнасцю захавалася паўднёва-заходняя. Неабходна прызнаць, што з усіх вежаў Мірскага замка галоўная вежа-брама па сваіх формах, па мяккасці пластыкі і арнаментацыі фасадаў найбольш цікавая, яркая і дасканалая. Шасціярусная вежа ўладарна узнялася на 25-метровую вышыню, стоячы на трывалым падмурку. Магутнае цела волата ўпрыгожана арнаментальнымі паясамі і дэкаратыўнымі нішамі рознай велічыні і формы. Тоўшчу першага паверха вежы праразае адзіны ў замку праезд. Дзве дубовыя брамы - адна пры ўездзе ў вежу, а другая пры выездзе - пільнавалі ўваход на падворак. Палотнішчы брамных створак запіраліся велізарнымі дубовымі брусамі, ад якіх дагэтуль захаваліся ў бакавых сценах спецыяльныя гнёзды (30X30 см). Апроч таго, пярэдняя брама баранілася яшчэ спецыяльнай засцерагальнай рашоткай-герсай з адкаваных і завостраных знізу жалезных палос. Яе апускалі з другога паверха праз спецыяльны праём памерам 2,8X0,4 м. У выпадку небяспекі, перш чым варта паспявала зачыніць браму, герса з маланкавай хуткасцю падала зверху, адсякаючы ўваход і выхад з замка. Пад вежай-брамай меўся змрочны склеп-вязніца. Яго, як і самую браму, пільнавалі чатыры вартаўнікі. Паводле інвентара замка за 1688 г., у браме меліся 3 жалезныя гарматы, пакладзеныя ў байніцах. У XVIII і XIX ст. на другім паверсе размяшчалася замкавая капліца, а на сцяне, якая глядзела на дзядзінец, месціўся гадзіннік. У пачатку XVII ст. важнымі элементамі абароны Мірскага замка сталі земляныя валы, якія ў выглядзе чатырохкутніка абкружалі яго з усіх бакоў. На кожным рагу ўмацаванняў былі бастыёны галандскага тыпу. Будаўніцтва замка мела некалькі этапаў. У першым дзесяцігоддзі XVI ст. узвялі толькі сцены і вежы, а на паўднёва-заходнім участку замкавага двара паставілі цагляны аднапавярховы жылы будынак. Другі этап датуецца 20-30-мі гг. XVI ст., калі да паўднёвай і ўсходняй сцен прыбудавалі аднапавярховы корпус са склепам пад ім. Новы корпус заняў амаль палову двара. Тады ж узвялі і барбакан. На трэцім будаўнічым этапе (другая палова XVI-першая палова XVII ст.) над аднапавярховым корпусам надбудавалі яшчэ два паверхі. Знешнімі сценамі палаца сталі замкавыя сцены - паўночная і ўсходняя. У ix замуравалі байніцы, а на ўзроўні другога і трэцяга паверхаў прабілі вялікія аконныя праёмы. Усярэдзіне таксама адбылася пэўная рэканструкцыя. Уявіць сабе Мірскі замак тае пары даюць магчымасць інвентары. Паводле аднаго з іх, за 1688 г., на перадзамчы, абкружаным валам, стаялі розныя гаспадарчыя пабудовы — «стайня з вазоўняй і абозняй, усё крытае гонтай», а таксама «невялікі гародчык». Ля брамы стаяла вартоўня – «кардыгарда», дзе меліся печка «з белай кафлі, выведзеная ўверх, 3 лавы, 1 стол і 1 шкляное акно». Былі ў замку вялікая пякарня, княжаская стайня з нарыхтаванымі сенам і аўсом, замкавы бровар, лазня, гаспадарчыя скляпы, дзе захоўвалася ўсё. Высокі ганак «з усходкамі і парэнчамі маляванымі» вёў у шматлікія пакоі і залы палаца. Там усё зіхацела чысцінёю і багаццем, на якое дзівілася адно толькі сонца, што зазірала сюды праз каляровыя шыбіны вокнаў, апраўленых у алавяныя і драўляныя рамы дзівоснай работы. Паркетная падлога, высокія печы, абкладзеныя багатай кафляй, каваная медзь вісячых падсвечнікаў, славутыя карэліцкія шпалеры... Мірскі замак XVII-XVIII ст.- гэта ўжо палацава-замкавы комплекс, дзе на дзіва ўдала спалучаліся рысы ваенна-фартыфікацыйнага збудавання і мяккасць, пыха і велічнасць палацавай пабудовы. Суровае аблічча замка-воіна, аздобленае цудоўнай гармоніяй фарбаў і разнастайных архітэктурных дэталяў, прыгажосць, непаўторнасць і нацыянальны каларыт комплексу дазволілі сучаснікам заслужана назваць Мірскі замак «...сапраўднай кветкай сярэдневякоўя».
|