![]() |
Правапіс мяккага знака і апострафаDate: 2015-10-07; view: 2453. Правапіс звонкіх і глухіх, свісцячых і шыпячых зычных Звонкія зычныя на канцы слова і ў сярэдзіне слова перад глухімі пры вымаўленні аглушаюцца, а глухія перад звонкімі – азванчаюцца. Аднак такое аглушэнне і азванчэнне на пісьме не перадаюцца: хлеб, след, касьба, малацьба. Нязменна перадаюцца на пісьме і шыпячыя перад свісцячымі, свісцячыя перад шыпячымі: спяшаешся, пясчаны, перапісчык. Выключэнні: пяшчота, шчасце, рошчына, ушчэнт, ушчуваць, нішчымны, ушчыльніць, нашчадак, шчупак, рашчыніць (хлеб), шчуплы, дашчэнту, шчымлівы (боль), прашчур, шчаціна, шчолач, шчодры, шчотка, шчупальцы. Напісанне ў гэтых словах адпавядае вымаўленню. Для праверкі напісання звонкіх і глухіх зычных, а таксама свісцячых і шыпячых трэба змяніць слова так, каб невыразны зычны гук стаў перад галосным: год – гады, перапісчык – перапісаць. Змякчальны мяккі знак Літара ь (мяккі знак) ужываецца для абазначэння мяккасці зычных з, л, н, с, ц, дз: - на канцы слова: столь, верасень, мядзведзь, мазь, вось; - у сярэдзіне слова перад цвёрдымі зычнымі: пісьмо, вазьму, дзьмуць; літара ь пішацца і тады, калі пры змяненні слова цвёрды зычны чаргуецца з мяккім: пісьмо – у пісьме, вазьму – возьмеш, дзьмуць – дзьме; - пасля мяккага [л'] перад зычным (цвёрдым або мяккім): пальцы, гульня; выключэнні – словы з падоўжанымі зычнымі: галлё, ралля, вяселле. Літара ь (мяккі знак) пішацца ў некаторых граматычных формах: - перад канчаткам -мі ў назоўніках творнага склону множнага ліку, а таксама перад суфіксам -чык, калі слова без гэтага суфікса канчаецца на -нь: людзьмі, калясьмі, агонь – агеньчык, камень – каменьчык; - перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў: чэрвеньскі, ліпеньскі, студзеньскі; а таксама ў слове восеньскі; - у суфіксах прыметнікаў -еньк-, -эньк-, аньк-: маленькі, старэнькі, свежанькі; - у складаных лічэбніках: пяцьдзесят, дзевяцьсот; - у дзеясловах загаднага ладу перад суфіксам -ся ў зваротных дзеясловах і перад суфіксам -це ў форме 2-ой асобы множнага ліку, калі гэтыя дзеясловы ў адзіночным ліку загаднага ладу канчаліся на ь: сустрэнься, гляньце; перад канчаткам 1-ай асобы множнага ліку -ма: гляньма, едзьма; - у няпэўных займенніках і прыслоўях: хтосьці, кагосьці, кудысьці, калісьці; а таксама у слове ледзьве.
Літара ь (мяккі знак) не пішацца: - пасля мяккіх зычных перад мяккімі, калі пры змене слова абодва зычныя становяцца цвёрдымі ці застаюцца мяккімі: дзве – два, збіраць – зборы, песня – песні; - пры перадачы падоўжаных зычных: жыццё, калоссе, насенне; - перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -нь, калі гэтыя назоўнікі – не назвы месяцаў: любанскі, разанскі, цянь-шанскі; - пасля літар ж, ш, дж, ч, р, якія абазначаюць зацвярдзелыя гукі; б, п, м, ф, якія абазначаюць губныя гукі: рэжце, Сібір, рэч, верф, восем, стэп.
Раздзяляльны мяккі знак і апостраф Для абазначэння раздзельнага вымаўлення зычных з галоснымі е, ё, ю, я, і выкарыстоўваюцца ь (раздзяляльны мяккі знак) і ' (апостраф). Раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля зычных дз, з, с, л, н, ц перад е, ё, ю, я, і, калі яны абазначаюць два гукі - [йэ], [йо], [йу], [йа], [йі]: паштальён, мільярд, парцье; але булён. Апостраф пішацца: - пасля прыставак, якія канчаюцца на зычны, перад е, ё, ю, я, перад націскным і: з'езд, раз'юшаны, аб'інець; - у сярэдзіне слоў пасля зычных перад тымі самымі галоснымі: бар'ер, сям'я, вераб'і; - у складаных словах пасля частак двух-, трох-, чатырох-: двух'ярусны, чатырох'ярусны. Пасля ў (нескладовага) апостраф не пішацца: салаўі, здароўе. Правапіс складаных назоўнікаў Разам пішуцца складаныя назоўнікі: - са злучальнай галоснай: жывёлагадоўля, краявід, часопіс; - агульныя з часткай паў-, поў-: паўапельсіна, паўгорада, поўнач; - утвораныя ад спалучэння лічэбнік + назоўнік: трохкутнік, пяцідзёнка; - з першай часткай сама-, многа-, мала-, шмат-, узаема-: мнагабор'е, шматзначнасць, узаемаадносіны, маланаселенасць, самавызначэнне; - з першай іншамоўнай часткай аўта-, вела-, мота-, кіна-, фота-, аэра-, контр-, мікра-, макра-, неа-, бія-, грос-, метэа-, авія-, электра-, стэрэа-, гідра-, агра-: аўтазавод, веласпорт, мотагонкі, кінаафіша, фотарэпартаж, аэраклуб, контрудар (але: контр-адмірал), мікраклімат, метэазводка; - першай часткай якіх з'яўляецца дзеяслоў у форме 2-ой асобы адзіночнага ліку загаднага ладу: вярнідуб, пакацігарошак, сарвігалава (але: перакаці-поле, узвей-вецер). Праз злучок пішуцца складаныя назоўнікі: - без злучальнай галоснай: плашч-палатка, сон-трава; - уласныя назвы з часткай паў-: паў-Беларусі, паў-Мінска; - адзінкі вымярэння: кілават-гадзіна, тона-кіламетр, чалавека-змена (але: працадзень); - састаўныя назвы палітычных партый і іх прыхільнікаў: сацыял-дэмакратыя, сацыял-дэмакрат; - з першай часткай обер-, унтэр-, штаб-, лейб-, віцэ-, экс- і слова контр-адмірал: штаб-кватэра, віцэ-прэзідэнт, экс-чэмпіён, унтэр-афіцэр; - састаўныя прозвішчы і геаграфічныя назвы: Салтыкоў-Шчадрын, Давыд-Гарадок, Камсамольск-на-Амуры (але: Наваполацк, Навагрудак). Правапіс складаных прыметнікаў Разам пішуцца складаныя прыметнікі: - утвораныя ад складаных назоўнікаў, што пішуцца разам: летапісны, параходны, наваполацкі; - утвораныя са словазлучэнняў: · назоўнік + прыметнік: беласнежны, заходнееўрапейскі, правабярэжны. Ад такіх прыметнікаў трэба адрозніваць словазлучэнні прыслоўя з прыметнікам (дзеепрыметнікам), якія не ўтвараюць сэнсавага адзінства, абазначаюць два паняцці і пішуцца асобна: прынцыпова новы, прыгожа аформлены, нізка прыбіты; · назоўнік + лічэбнік: трохгадовы, дзвюхмоўны, дванаццаціпавярховы; · назоўнік + займеннік: іншамоўны, усебаковы; - з першай часткай многа-, мала-, шмат-: мнагазначны, шматбаковы. Праз злучок пішуцца складаныя прыметнікі: - утвораныя ад складаных назоўнікаў, што пішуцца праз злучок: давыд-гарадоцкі, сацыял-дэмакратычны; - утвораныя ад двух і трох раўнапраўных прыметнікаў, якія могуць быць злучаны злучнікам і: літаратурна-музычны, горка-салёны, грамадска-палітычны; - якія абазначаюць колер і яго адценні: цёмна-зялёны, шэра-блакітны, бледна-сіні; - якія абазначаюць складаныя геаграфічныя назвы ці напрамкі свету, першая частка якіх – словы паўднёва-, паўночна-, усходне-, заходне-: Заходне-Сібірская нізіна, Паўночна-Казахстанская вобласць, паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні; - утвораныя ад імені і прозвішча чалавека: леў-талстоўскі, рамэн-раланаўскі. Правілы пераносу слоў З аднаго радка на другі слова пераносіцца па складах: во-ля, тра-ва, за-яц, га-ла-ва, ка-ва-лак, стра-ка-ты, пра-ве-рыць, пе-ра-кі-нуць. Калі ў сярэдзіне слова паміж галоснымі маецца спалучэнне зычных, то пераносіцца на наступны радок або ўсё гэта спалучэнне, або любая яго частка. Можна пераносіць: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра; во-стры, вос-тры, вост-ры; пту-шка, птуш-ка; кро-пля, кроп-ля; ма-ста-цтва, мас-тац-тва, мас-тацт-ва; ра-змова, раз-мова; за-става, зас-тава; ра-скрыць, рас-крыць, раск-рыць; бя-скрыўдна, бяс-крыўдна, бяск-рыўдна; дзя-ці-нства, дзя-цін-ства, дзя-цінс-тва, дзя-цінст-ва; двац-цаць, два-ццаць; калос-се, кало-ссе; сол-лю, со-ллю; памяц-цю, памя-ццю; мыц-ца, мы-цца; паа-бапал, па-абапал; насен-не, насе-нне. Пры пераносе нельга: - пакідаць або пераносіць на наступны радок адну літару, нават калі яна адпавядае складу: аса-ка, лі-нія, ра-дыё, еха-лі, па-коі; - разбіваць пераносам спалучэнні літар дж і дз, калі яны абазначаюць адзін гук [дж], [дз']: ура-джай, са-джаць, ра-дзі-ма, ха-дзіць. Спалучэнні дж і дз можна разбіваць пераносам, калі д адносіцца да прыстаўкі, а з, ж — да кораня: пад-жары, ад-жаць, пад-земны, ад-значыць; - аддзяляць ад папярэдняй галоснай літары й і ў: сой-ка, бой-кі, май-стар, дай-сці, зай-мацца, праў-да, слоў-нік, маў-чаць, заў-тра, праў-нук; - аддзяляць мяккі знак і апостраф ад папярэдняй зычнай: буль-ба, прось-ба, вазь-му, бур'-ян, сем'-яў, мыш'-як. У складаных словах кожная іх частка пераносіцца згодна з правіламі пераносу асобных слоў: се-на-ўбо-рка, збож-жа-зда-ча. Не дзеляцца пры пераносе абрэвіятуры, якія пішуцца вялікімі літарамі або з'яўляюцца спалучэннем літар і лічбаў, а таксама графічныя скарачэнні слоў і выразаў: ААН, ЮНЕСКА, НАТА, АБСЕ, ДАІ, АІ-95, г.д., г.зн., стст.; не адрываюцца пры пераносе ад лічбаў далучаныя да іх злучком канчаткі або часткі канчаткаў: а 19-й (гадзіне), 1-га (студзеня); не адрываюцца ад прозвішчаў ініцыялы: Я. Брыль, К.М. Міцкевіч, Я.Ф. Карскі, Гурскі М.І.; не пераносяцца на наступны радок знакі прыпынку; не пераносіцца на наступны радок злучок (дэфіс), які супадае са знакам пераносу (пры гэтым знак пераносу не ставіцца); пры пераносе нельга адрываць ад лічбы скарочаныя назвы адзінак вымярэння: 1990 г., ХХІ ст., 100 кг, 50 га, 2 км, 10 см, 1000 руб.
|