Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Дадатак 8


Date: 2015-10-07; view: 1623.


Дадатак 7

Прыкладны аб'ём пісьмовага выказвання па вучэбным прадмеце ”Замежная мова“

Клас Кантроль уменняў пісьмовага маўлення па вучэбным прадмеце ”Замежная мова“
Прыкладны аб'ём пісьмовага выказвання
Агульнаадукацыйная ўстанова Гімназія Ліцэй
III - - -
IV 20 слоў - -
V 30 слоў 40 слоў -
VI 45 слоў 60 слоў -
VII 60 слоў 80 слоў -
VIII 75 слоў 100 слоў -
IX (ІХ') 90 слоў 130 слоў -
    філалагічны накірунак фізіка-матэмат., хіміка-біялагіч., грамадазнаўчы накірункі фізіка-матэмат. накірунак хіміка-біялагіч. накірунак грамадазнаўчы накірунак філалагічны накірунак
X
XI (XI')

Аб'ём навучальнага і экзаменацыйнага рэфератаў, узор іх афармлення

  Класы Аб'ём рэферата пры камп'ютэрным наборы Аб'ём рэферата пры напісанні ад рукі
ІХ (IX') 8-10 старонак 10-12 старонак
Х 12-14 старонак 14-15 старонак
ХІ (XI') 15-17 старонак 17-19 старонак
Экзаменацыйны рэферат 15-17 старонак 17-19 старонак

 

Узор афармлення рэферата:

Тытульны ліст

Назва агульнаадукацыйнай установы

 

Назва рэферата

 

Выканаў(ла)

Прозвішча, імя, імя па бацьку

вучань(іца)___ класа

 

Месца знаходжання агульнаадукацыйнай установы, год напісання рэферата

Змест(апошняя старонка)

Уводзіны

Асноўная частка

Назва главы

Назва раздзела

Назва падраздзела

Назва главы

Назва раздзела

Назва падраздзела

Заключэнне

Спіс літаратуры

Дадаткі

 

Урокі па развіцці пісьмовага маўлення вучняў. Методыка навучання сачыненням у школе.

Развіццё вуснага і пісьмовага маўлення цесна ўзаемазвязана. Гэта адзначаецца як у Канцэпцыі літаратурнай адукацыі, так і ў вучэбных праграмах.

Асноўныя жанры творчых прац па літаратуры класіфікуюцца па наступных групах:

* пераказ, эцюд, эсэ, сачыненне;

* анатацыя, водгук, рэцэнзія;

* казка, апавяданне, верш;

* нататка, замалёўка, рэпартаж, інтэрв'ю, нарыс;

* канспект, рэферат, даклад;

* ліст, дзённік.

Такі жанравы падзел абумоўлены адрозненнем зместу і спосабам яго выкладання. Падлічана, што чалавек за жыццё выкарыстоўвае каля 800 жанравых тэкстаў у сваёй маўленчай практыцы. Такім чынам, навучанне розным жанрам як відам творчага афармлення мовы з'яўляецца практычна неабходным.

Праграма прадугледжвае разнастайныя віды пісьмовых работ: пісьмовыя адказы на пытанні па тэкстах вывучаных твораў з выкарыстаннем фактычнага матэрыялу і цытат, падрабязныя пераказы зместу невялікіх сюжэтных твораў або ўрыўкаў па складзеных планах, сачыненні тыпу апісання і апавядання, сачыненні-разважанні на літаратурную тэму, па творах іншых відаў мастацтва і г. д. Усе яны як важныя віды вучэбнай дзейнасці, актыўная форма праверкі ведаў вучняў садзейнічаюць больш глыбокаму засваенню імі літаратурнага матэрыялу, замацаванню навыкаў пісьма, удасканаленню моўнай граматнасці, развіцця камунікатыўнай культуры.

Пісьмовыя работы бываюць класныя і дамашнія. Яны адрозніваюцца не толькі ўмовамі, месцам напісання і колькасцю часу на іх выкананне, але і мэтай і методыкай падрыхтоўкі да іх. Мэта класных работ – выявіць якасць набытых ведаў, праверыць глыбіню засваення праграмнага матэрыялу, узровень граматнасці школьнікаў. Да іх выканання вучань павінен быць падрыхтаваны як практычна (ведаць фактычны матэрыял, па якім праводзіцца пісьмовая работа), так і тэарэтычна (умець правільна і грунтоўна асэнсаваць пастаўленую праблему). Мэта дамашніх работ – пашырыць і замацаваць навыкі і ўменні, набытыя ў класе. Рыхтуючыся да дамашніх заданняў, вучань мае магчымасць пашыраць і паглыбляць веды па канкрэтнаму матэрыялу за кошт накаплення новых фактаў і доказаў, мяняць кампазіцыйную структуру работы, удакладняць яе план і г. д.

Па сваіх вучэбных мэтах пісьмовыя работы могуць быць навучальныя і кантрольныя. Задача першых–азнаямленне вучняў з новым тыпам пісьмовых работ, паступовая выпрацоўка ўменняў і замацаванне практычных навыкаў іх выканання. Задача другіх – выяўленне якасці набытых ведаў, глыбіні засваення праграмнага матэрыялу, узроўню моўнай граматнасці школьнікаў, накапленне адзнак.

Кожны жанр творчай працы мае сваю адметнасць, але тэхналогія навучання розным жанрам засноўваецца на агульнай структуры ці можна сказаць этапах, асабліва калі навучанне адбываецца непасрэдна на ўроках развіцця мовы.

Першы этап – гэта ўвядзенне паняцця. Ён прадугледжвае азнаямленне з азначэннем жанру, які абраны для вывучэння, яго відамі і асаблівасцямі. Засваенне сутнасці паняцця пачынаецца з увядзення тэрмінаў, іх асэнсавання. Тэрміны неабходна абавязкова запісваць на дошцы. Па-першае, наяўнасць зрокавага раду павышае эфектыўнасць успрымання інфармацыі, па-другое, ажыццяўляецца слоўнікавая праца, прывіваецца элементарная пісьменнасць.

Другі этап – гэта азнаямленне і аналітычнае назіранне.

Вучням лягчэй скласці аб нечым уяўленне, засвоіць матэрыял, калі яны маюць магчымасць звярнуцца да адпаведных прыкладаў, узораў. Але мэта аналітычнага назірання – не магчымасць калькавання, а сродак самастойнай выпрацоўкі своеасаблівага алгарытму, які адлюструе асноўныя патрабаванні і жанравыя прыкметы, дапаможа фармаваць неабходныя ўменні.

Неабходна ўлічваць, што праца над адным жанрам вядзецца ў адпаведнасці са вучэбнымі праграмамі па беларускай літаратуры ў розных узроставых групах, а значыць, і матэрыялы для аналітычнага назірання, і складзеныя на аснове іх алгарытмы павінны быць зарыентаваны на ўзроставыя асаблівасці.

Напрыклад, малодшыя падлеткі, разгледзеўшы з дапамогай настаўніка некалькі ўзораў анатацый, змогуць скласці план-алгарытм наступнага зместу:

1. Хто аўтар, якая назва і жанр твора?

2. Аб чым гаворыцца ў творы (скарыстаць элемент зацікаўлення)?

3. Каму адрасуецца твор?

Настаўніку неабходна паказаць вучням, дзе ў кнізе змяшчаюцца анатацыі, зачытаць іх. Напрыклад, варта звяртацца да розных відаў анатацый на адзін і той жа твор, папярэдняе знаёмства з якім не праводзілася.

Трэці этап – гэта планаванне і назапашванне матэрыялу. Гэты прадтэкставы этап найбольш дыферэнцыраваны, бо кожны жанр творчай працы ў сілу сваёй адметнасці патрабуе і адметнай, спецыфічнай падрыхтоўкі. З найбольш агульных можна вызначыць вывучэнне і адбор матэрыялу, ключавых слоў, прыкладаў, занатоўка тэзісаў, аргументаў. Асноўныя намаганні скіроўваюцца на выпрацоўку ўмення ўявіць у думках, «спраектаваць» вобраз будучай працы (рэцэнзіі, эсэ, сачынення ці інш.), а затым зафіксаваць, запісаць план-накід. Важна таксама прывіць уменне занатоўваць. Практыка паказвае, што калі вучань прачытае матэрыял прыкладна ў тысячу слоў, а ў працэсе чытання або адразу пасля яго напіша пяцьдзесят, у якіх падагуліць прачытанае, то справіцца з працай больш якасна, чым калі прачытае дзесяць тысяч слоў і не запіша нічога. Сам працэс занатовак абвастрае ўвагу, дапамагае вучню чытаць або абдумваць матэрыял асэнсавана. Калі звяртацца да абранага намі канкрэтнага прыкладу працы з малодшымі падлеткамі над анатацыяй, то для яе мэтанакіраванага, лагічнага і паслядоўнага правядзення выкарыстоўваецца наступны план.

1. Чытанне і асэнсаванне твора.

2. Вызначэнне зместу і афармленне яго перадачы некалькімі сказамі.

3. Вызначэнне сэнсавых частак тэксту твара.

4. Выбар сказаў, у якіх перададзена галоўная думка кожнай часткі.

5. Назапашванне ключавых слоў.

6. Адбор і афармленне інтрыгуючых момантаў (не дагаварыць, спыніцца на самым цікавым месцы).

Чацвёрты этап – тэкставы. Гэта праца над стварэннем уласнага тэксту. На гэтым этапе актуалізуюцца веды па тэорыі літаратуры, узгадваюцца паняцці – тэкст, тып тэксту, стыль, логіка-кампазіцыйная структура. Гэтыя веды даюць магчымасць паглыбляць уменні фармуляваць тэму, ідэю, тэзісы ў адпаведнасці са зместам; уменні звязваць кампаненты працы, улічваючы заканамернасці маўленчай камунікацыі; уменні выкарыстоўваць сродкі выразнасці, характэрныя жанру, над якім вядзецца праца.

За аснову кампазіцыйнай будовы бярэцца традыцыйнае трохчасткавае дзяленне: пачатак, асноўная частка, заключэнне.

Практыка паказвае, што даволі складаным для вучняў з'яўляецца падбор, пабудова першага, пачатковага сказа, а таму настаўніку варта ўдзяліць гэтаму належную ўвагу. Эфектыўны метад – калектыўная праца над пачатковымі сказамі, асабліва тады, калі настаўнік прапануе вучням прааналізаваць некалькі ўзораў адной творчай працы.

Апроч таго, што кожны пачатак індывідуальны, вучні павінны з дапамогай настаўніка вылучыць пэўную тыповасць. Яна заключаецца ў тым, што творчая праца можа пачынацца з вызначэння тэмы, асабістай думкі, цытаты, рытарычнага пытання, параўнання, заінтрыгоўваючай фразы, міні-экскурсу і г.д. Такім чынам, наступным этапам працы будзе калектыўная пабудова пачатковых сказаў па зададзеных накірунках. Адразу ж зазаначым, што аналагічным чынам будуецца праца і над заключэннямі.

Пры пабудове асноўнай часткі вучні выпрацоўваюць навыкі фармавання тэксту са зместавым напаўненнем адпаведна жанру, спосабаў арганізацыі і сувязі тэкставых кампанентаў. Найперш пры стварэнні тэксту вучні павінны арыентавацца на чатыры асноўныя правілы:

– падпарадкоўваць увесь матэрыял тэме і асноўнай думцы;

– вытрымліваць паслядоўнасць, не дапускаць пераскоквання думкі;

– адбіраць словы і сказы, якія найбольш дакладна перадаюць думкі;

– лагічна звязваць часткі, абзацы.

Пяты этап – паслятэкставы, або рэдагаванне. Пры стварэнні тэксту, нават маючы адпаведны вопыт, складана пазбегнуць пэўных пралікаў. Рэдагаванне дапамагае дабіцца неабходнай дасканаласці. Выпрацоўку навыкаў рэдагавання мэтазгодна праводзіць, першапачаткова азнаёміўшы вучняў з наступнымі патрабаваннямі:

– прааналізуйце, ці рэалізавана ваша задума;

– адкіньце лішняе;

– узмацніце малавыразныя моманты;

– абдумайце сродкі выразнасці;

– прасачыце стылёвую вытрыманасць;

– прааналізуйце звязнасць і лагічную завершанасць;

– зрабіце неабходныя папраўкі: замяніце слова, словазлучэнне, сказ; памяняйце паслядоўнасць, зрабіце перастаноўку сказаў, частак тэксту там, дзе гэта неабходна.

Асаблівасці падрыхтоўкі да напісання эсэ і сачыненняў. Удасканаленне літаратурнай адукацыі ўзмацняе акцэнт на ўкараненне сінтэзаванага навуковага і творчага элемента ў працэсе навучання маўленню, скіроўвае ўвагу на культурнафарміруючы аспект.

Класіфікацыя сачыненняў. Па мэтах навучання школьныя сачыненні бываюць навучальныя і кантрольныя, па месцу выканання – класныя і дамашнія. У залежнасці ад жанравых асаблівасцей вылучаюцца такія віды сачыненняў, як апавяданне, апісанне, разважанне, анатацыя, рэцэнзія, водзыў, рэпартаж і інш.

Надзвычай распаўсюджаным з'яўляецца сачыненне-апавяданне, якое мае на мэце паслядоўную падачу падзей: пачатак іх, развіццё і канец. Работа над такім сачыненнем пачынаецца з авалодання ўменнем напісання самага простага апавядання, у аснове якога знаходзіцца выпадак, што адбыўся з самім вучнем або яго сябрамі. Паступова работа над сачыненнем-апавяданнем ускладняецца: у ім усё большае месца займае творчы вымысел.

Больш складаным тыпам вучнёўскіх сачыненняў з'яўляецца сачыненне-апісанне. Яно патрабуе аналітычнага падыходу да раскрыцця тэмы: умення выявіць характэрныя прыметы прадмета, акрэсліць іх важнасць і зрабіць пэўныя вывады. Гэтыя сачыненні пішуцца як на матэрыяле літаратурных твораў, так і на аснове спецыяльна арганізаваных назіранняў, асабіста перажытага, творчага ўяўлення, таму патрабуюць фарміравання ўменняў і навыкаў адбору і сістэматызацыі матэрыялу.

Цікавай формай работы, якая набывае выключнае значэнне ў развіцці навыкаў звязнай мовы, з'яўляецца сачыненне-разважанне. Яно ўяўляе сабой ланцуг пэўных вывадаў па тэме, выкладзеных у адпаведнай паслядоўнасці і ў згодзе з той задумай, якую ажыццяўляе аўтар сачынення. Яно можа заключаць у сабе адказы на пытанні па тэме, разважанні па дыскусійных праблемах, раскрыццё пэўнага паняцця. Пры рабоце над такім сачыненнем неабходна памятаць, што яно як адна з разнавіднасцей вучнёўскіх пісьмовых работ цесна звязана з папярэднімі, што ў пэўнай меры заключаюць у сабе элементы разважання.

Практыкуюцца ў школе і сачыненні-нарысы – пісьмовае паведамленне пра пэўныя падзеі рэчаіснасці. Назапашваючы неабходны для сачынення-нарыса матэрыял, варта прадумаць план яго збору і групіроўкі: біяграфія героя, яго знешні выгляд, абставіны, у якіх ён жыве (жыў) і працуе (працаваў), самы цікавы эпізод з жыцця героя, яго ўчынкі. Для таго каб больш наглядна паказаць мэты і задачы такога тыпу сачынення, настаўнік знаёміць вучняў з газетнымі нарысамі, акрэслівае іх спецыфіку.

Сачыненне-рэцэнзія ўяўляе сабой крытычны аналіз, меркаванне, водзыў аб мастацкім творы, прагледжаным кінафільме, спектаклі. Аналіз робіцца звычайна ў такой паслядоўнасці: час з'яўлення твора і яго аўтар, месца выдання твора: тэма, ідэя, асноўныя праблемы і іх раскрыццё; характарыстыка вобразаў і вызначэнне іх ролі ў творы; мастацкае ўвасабленне пісьменніцкай задумы, значэнне твора, грамадская каштоўнасць яго праблем і г. д.

Сачыненне-рэпартаж – гэта водгук на найбольш важныя падзеі часу. Работу над ім таксама неабходна пачынаць з акрэслівання яго спецыфікі і задач. Мэта яго – узнавіць тую ці іншую падзею ва ўсёй яе паўнаце, каб зрабіць чытача яе саўдзельнікам.

Адна з дамінуючых роляў у развіцці пісьмовага маўлення належыць такім жанрам, як пераказ, эцюд, эсэ, сачыненне. Мы дазволім сабе не спыняцца на тэхналогіі навучання пераказу, бо на сённяшні дзень гэта тэхналогія добра распрацавана.

Настаўніку важна ўлічваць, што перш чым прыступіць непасрэдна да навучання гэтым жанрам, неабходна выкарыстоўваць цэлую сістэму практыкаванняў, якія падрыхтоўваюць да напісання звязанага тэксту.

Такімі практыкаваннямі могуць быць:

· тлумачэнне загалоўка тэксту або падбор яго і матываванне;

· выдзяленне абзацаў у тэксце, устанаўленне логікі пабудовы;

· выдзяленне ў тэксце апавядання, апісання, разважання і тлумачэнне мэтазгоднасці іх;

· адказы на пытанні, складанне сказаў, аб'яднаных тэмай;

· аднаўленне дэфармаванага тэксту, скарачэнне частак тэксту ці перастаноўка іх;

· выяўленне непаўнаты тэксту і дапаўненне яго неабходным матэрыялам;

· дапісванне пачатку ці заканчэння тэксту;

· замена ў тэксце няўдалых выразаў, падбор больш яркіх і вобразных планаў;

· складанне планаў, пераказаў;

· аналіз ключавых слоў, слоў-арыенціраў, якія нясуць найбольшую сэнсавую і вобразную нагрузку і інш.

Зразумела, што такія практыкаванні выконваюцца ў сярэдніх класах. Такім чынам рыхтуецца база для больш складанай працы ў старшых класах.

Апошнім часам у якасці падрыхтоўчай працы ў 6-7 класах настаўнікамі выкарыстоўваецца такі жанр, як эцюд.

Эцюд называюць малой формай творчай працы вучняў, які дазваляе ім усвядоміць сябе як асобу, паспрабаваць разабрацца і паразважаць над нейкай з'явай, фактам, падзеяй. Слова “эцюд” абазначае першапачатковы накід (звычайна з натуры) будучага твора або яго часткі. У плане развіцця творчых здольнасцей вучняў гэта навучанне замалёўцы з натуры нейкага эпізода жыцця, які можа быць статычным, як фотаздымак, або дынамічным, як кінафільм. Самае ж важнае, на чым настаўнік павінен акцэнтаваць увагу вучняў, – гэта перадача ўласных уражанняў і перажыванняў ад убачанага.

Выпрацоўка ўмення пісаць эцюды арганічна падводзіць вучняў да больш складанага жанру – эсэ.

Эсэ ў перакладзе з французскай мовы абазначае вопыт, накід. Яшчэ можна сустрэць такія назвы, як спроба, узважванне, разважанне, нарыс. Падаецца і некалькі азначэнняў гэтага жанру. Вучняў якраз і мэтазгодна знаёміць з некалькімі, даючы ім магчымасць параўнаць, паразважаць.

Спынімся на трох прыкладах.

1. Эсэ – гэта суб'ектыўнае разважанне, якое трактуе філасофскія, сацыяльныя, літаратурныя праблемы не ў сістэматызавана-навуковым выглядзе, а не ў вольнай форме.

2. Эсэ – празаічнае сачыненне, якое прадстаўляе ў нязмушанай форме агульныя або папярэднія меркаванні па канкрэтным пытанні і не прэтэндуе на яго вычарпальную трактоўку.

3. Эсэ – суб'ектыўнае успрыняцце, уражанне, суб'ектыўная ацэнка, незвычайны пункт погляду на прадмет размовы, выкладзены ў адвольнай форме.

Для больш грунтоўнага ўсведамлення сутнасці жанру эсэ вучняў варта пазнаёміць з некалькімі ўзорамі-прыкладамі і падвесці да наступных высноў:

· эсэ перадае індывідуальнае бачанне і ацэнку, расказвае аб нечым праз сябе;

· эсэ можа ўтрымліваць як апісанне з'яў, падзей, так і разважанні аўтара, яго роздум;

· эсэ мае свабодную кампазіцыю, успрымаецца як плынь свядомасці, думак;

· эсэ пішацца вобразнай, арыентаванай на размоўную мовай;

· эсэ мае невялікі аб'ём.

Па жанрава-стылістычнай форме эсэ падзяляюцца на некалькі відаў:

- эсэ-нататка; блізкая да газетнага жанру;

- эсэ-мастацкая замалёўка, лірычная мініяцюра, эскіз з натуры;

- эсэ-партрэт;

- эсэ-біяграфія або аўтабіяграфія;

- эсэ-ўспамін;

- эсэ-дзённікавы запіс;

- эсэ-водгук (ён выказвае меркаванне, роздум, але не прэтэндуе на разгорнутую і аргументаваную ацэнку) і інш.

Вучняў неабходна знаёміць з імі, заахвочваючы да самастойнай расшыфроўкі, дапаўняючы і ілюструючы ўрыўкамі-прыкладамі.

Поспех і добрыя вынікі пры напісанні эсэ залежаць, па-першае, ад таго, наколькі трывала і асэнсавана вучні ўсвядомілі асноўныя прыкметы гэтага жанру. настаўніку варта падрыхтаваць і выкарыстоўваць наступную памятку.

Асноўныя патрабаванні да эсэ:   Вучню неабходна:  
1. Канкрэтная тэма. Дакладна вызначыць, сфармуляваць і абдумаць тэму.
2. Навукова-канкрэтная аснова. Азнаёміцца і прааналізаваць матэрыял па тэме.
3. Падкрэсленая суб'ектыўнасць выказвання. Выявіць асабістую пазіцыю.
4. Арыентаванасць на жывую гутарковую мовы. Выкарыстоўваць вобразныя сродкі.
5. Права на дадумванне, фантазію, вымысел. Спраецыраваць уласны вымысел на тэму, прытрымлівацца рэальнага, гістарычнага або іншага кантэксту.
6. Свабодная кампазіцыя. Выбраць форму, структуру.
7. Камунікатыўнасць, адрасаванасць другому чытачу. Уявіць адрасата.
8. Праблемнасць. Пры магчымасці ўбачыць праблему ў тэме і раскрыць яе.
9.Арыентацыя на мэту. Падзяліцца роздумам, перажываннямі, расказаць пра пэўную з'яву, твор, аўтара і інш. праз сябе.

Авалоданне школьнікамі ўменнем пісаць эсэ з'яўляецца добрай асновай да напісання сачыненняў.

З мэтай навучання і ўдасканалення маўленчай дзейнасці вучняў у праграме па беларускай літаратуры прадугледжана навучанне такому жанру працы.

Сачыненне – гэта развагі таго, хто піша аб прачытаным і прааналізаваным мастацкім творы або ўрыўку з яго, ствараючы ўласны тэкст.

Ідэя сачынення самастойна вызначаецца вучнем ў выніку роздуму над мастацкім тэкстам пасля вывучэння крытычнай і навукова-папулярнай літаратуры.

Сачыненне мае сваю адметную кампазіцыю, якая самастойна выбіраецца вучнем ў адпаведнасці з тэмай.

Сачыненні па літаратуры дзеляцца на 2 віды: сачыненні на літаратурную тэму, сачыненні на вольную тэму

Паводле будовы кожнае сачыненне павінна мець тры асноўныя часткі: уступ, галоўную частку, заключэнне.

Уступ – гэта своеасаблівая прадмова, падрыхтоўка да ўспрыняцця разважання вучня. Ён (уступ) не павінен быць расцягнутым, перагружаным непатрэбнымі фактамі, якія не маюць дачынення да тэмы. Аб'ём уступа – 1/6 частка ўсяго сачынення, або 1/4 галоўнай часткі. Ва ўступе можна сказаць пра час, калі жыў аўтар, паведаміць біяграфічныя звесткі, адзначыць асноўныя творы аўтара, падаць абгрунтаванне выбару тэмы

Галоўная частка – гэта сістэма тэзісаў і аргументаў, само разважанне. Гэта частка самая важная ў рабоце, тут кожная думка аргументуецца, падцвярджаецца прыкладамі з мастацкага тэксту, а таксама тэзісамі з крытычнай літаратуры. Прычым меркаванні даследчыкаў вучань можа параўноўваць, можа згаджацца з імі, а можа і абвяргаць.

У заключэнні робяцца вывады з усяго напісанага, робяцца абагульненні назіранняў. Яно надае разважанню закончанасць, указвае, для чаго напісана сачыненне.

Сучасная методыка выдзяляе 7 этапаў працы над сачыненнем.

1. Уменне ўдумацца ў тэму, асэнсаваць яе, вызначыць яе мэты (абмежаваць сябе пэўнымі рамкамі).

2. Уменне падпарадкоўваць сваё сачыненне пэўнай ідэі.

3. Адбор матэрыялу для сачынення.

4. Сістэматызацыя сабранага матэрыялу.

5. Праца над кампазіцыйнай будовай сачынення.

6. Выбар стылю і тыпу мовы.

7. Рэдагаванне тэксту сачынення (стылістычная папраўка напісанага).

Урокі навучання сачыненням тыпу разважання з'яўляюцца эфектыўным сродкам фарміравання творчых здольнасцей вучняў, іх уменняў самастойна выказваць уласныя думкі, адстойваць пэўныя погляды, ацэньваць жыццёвыя і літаратурныя з'явы, аналізаваць іх, рабіць абагульненні і вывады.

У старшых класах, акрамя таго, калі яны выконваюцца на заключных занятках па вывучэнні канкрэтнай тэмы ці твора, то даюць магчымасць пракантраляваць, наколькі свядома засвоены вучнямі пройдзены матэрыял, сістэматызаваць усю работу па ўдасканаленні навыкаў вуснага і пісьмовага выказвання, самастойнай ацэнкі пэўнай літаратурнай з явы.

Разважанне найбольш складаны спосаб перадачы думак, выяўлення пачуццяў, бо ў яго аснове раскрыццё прычынна-выніковых адносін паміж пэўнымі жыццёвымі ці літаратурнымі з'явамі, іх аналіз і сінтэз, доказ і абгрунтаванне. Іх можна класіфікаваць наступным чынам: 1) характарыстыка літаратурнага героя; 2) параўнальная характарыстыка двух герояў; З) групавая характарыстыка герояў; 4) праблемныя тэмы; 5) тэмы абагульняльнага характару. Сачыненні на абагульняльныя тэмы ў сваю чаргу падзяляюцца на сачыненні аб ідэйным змесце твора, аб мастацкіх вартасцях твора, аб значэнні пэўнага твора або ўсёй творчасці пісьменніка.

Работа настаўніка над гэтым тыпам сачыненняў пачынаецца з акрэслівання тэмы, вызначэння яе аб'ёму і зместу. Важна так сфармуляваць тэму, каб яна стымулявала актыўны, творчы падыход вучняў да сачынення, абуджала думкі і пачуцці, мела на мэце аргументацыю, доказы, лагічныя сцвярджэнні і абгрунтаванні, каб, абапіраючыся на атрыманыя веды, школьнікі выяўлялі больш глыбокае разуменне ідэйна-мастацкага зместу твора, яго герояў, аўтарскай эстэтычнай пазіцыі. Тэма сачынення шмат у чым прадвызначае мэты выкладання і арганізацыю матэрыялу: у адных выпадках патрабуецца даць характарыстыку літаратурнага героя; у другіх напісаць сачыненне-разважанне ў форме параўнальнай характарыстыкі герояў, у трэціх даць групавую характарыстыку або авалодаць методыкай напісання сачынення-разважання абагульняльнага ці праблемнага характару.

Пры вывучэнні аднаго і таго ж твора варта прапаноўваць некалькі раўназначных тэм сачынення-разважання на выбар. Гэта павышае цікавасць вучняў да напісання сачыненняў, дае магчымасць выбіраць адну з тэм у адпаведнасці з набытым вопытам работы над літаратурным матэрыялам, з асабістымі схільнасцямі і густамі. Але любая з прапанаваных тэм сачынення-разважання мае на мэце аргументацыю, доказы, абгрунтаванні пэўнай літаратурнай з'явы ці праблемы з захаваннем лагічнай паслядоўнасці ў выкладзе думак, калі наступнае выказванне выцякае з папярэдняга і дае пачатак новай думцы.

Калі тэма абрана, пачынаецца наступны этап падрыхтоўкі да напісання сачынення. Ён уключае выяўленне мэт і задач сачынення, адбор неабходнага фактычнага матэрыялу. Не менш важна ўмець прывесці сабраны матэрыял у сістэму, скласці план, падабраць цытаты з тэксту, аформіць тэзісы. Навучанне гэтым уменням ажыццяўляецца ў працэсе аналізу падзей і эпізодаў твора, тлумачэння ўчынкаў і паводзін герояў, правядзення разнастайных вусных і пісьмовых заданняў.

Падрыхтоўка да сачынення-разважання пачынаецца з 5 класа, калі вучні авалодваюць майстэрствам вуснага выказвання ў выглядзе разгорнутых адказаў, адказаў на пытанні настаўніка і паведамленняў пра герояў. Для паспяховага правядзення такой работы неабходна ўлічваць наступнае: абраны тэкст павінен несці вялікую сэнсавую нагрузку, адказам на пытанні па ім павінна папярэднічаць чытанне і каменціраванне яго вузлавых эпізодаў, выкананне лексіка-фразеалагічных практыкаванняў, складанне плана. Улічваецца і дыферэнцыраванасць падыходу да адбору матэрыялу па ступені цяжкасці.

Так, для фарміравання ў пяцікласнікаў навыкаў работы над характарыстыкай літаратурнага героя неабходна выявіць матывы ўчынкаў героя (ідэю вобраза) і акрэсліць мэту характарыстыкі; скласці план-характарыстыку вобраза з пералікам асноўных рыс яго характару; падрыхтаваць разгорнутыя адказы-разважанні па пунктах плана, якія заключаюць у сабе тэзіс (асноўную думку, ацэнку той ці іншай з'явы, той ці іншай рысы .героя, якая акрэслена ў плане) і доказы (прыклады ў форме цытат ці ўласнага аналізу асобных сцэн і эпізодаў).

Адказы на пытанні з'явяцца своеасаблівым вусным уступам да характарыстыкі літаратурнага героя, бо ў іх фармулююцца зыходная думка і асноўныя палажэнні, неабходныя для раскрыцця тэмы, пададзена яе асабістае разуменне школьнікамі.

Сачыненні на літаратурную тэму займаюць адно з асноўных месцаў у школьнай праграме. Такія працы прадугледжваюць разважанне вучня па прапанаванай тэме з уласнай інтэрпрэтацыяй твора, з выяўленнем сваёй асобаснай пазіцыі, ацэнак.

У залежнасці ад выбару віду сачынення на літаратурную тэму перад вучнямі павінны быць пастаўлены адпаведныя задачы:

Віды сачыненняў Асаблівасці віду і задача вучняў
Характарыстыка літаратурнага героя перадаць істотныя рысы; перадаць асаблівасці характару героя; паказаць яго адметнасць і непаўторнасць; прасачыць прычыны яго ўчынкаў; раскрыць яго ўзаемаадносіны з асяроддзем; даць апісанне знешняга выгляду; паказаць сацыяльнае становішча; паходжанне героя; выявіць асаблівасці мастацкага ўвасаблення аўтарам яго характару.
Параўнальная характарыстыка герояў выявіць у герояў агульнае і адрознае; засяродзіць увагу на сувязі герояў з жыццём, на сацыяльных вытоках характараў, на выяўленні абставін, якія ўплывалі на іх фарміраванне.
Групавая характарыстыка асэнсаваць, якую сацыяльную з'яву хацеў паказаць пісьменнік з дапамогай калектыўнага вобраза; шляхам аналізу вызначыць герояў, якія належаць да адной сацыяльнай групы, маюць агульныя рысы; пры дапамозе сінтэзу даць групавую характарыстыку персанажаў, у якой акцэнтуецца ўвага на агульнасці іх светапогляду, ідэйных перакананняў і жыццёвых пазіцый.
Паказ гістарычнай асобы з сённяшняга пункту гледжання раскрыць значэнне дзейнасці гістарычнай асобы.
Праблемныя тэмы самастойна асэнсаваць праграмны матэрыял; вырашыць пастаўленую праблему; вылучыць тое, што складае сутнасць праблемы; зрабіць пэўныя вывады.
Тэмы абагульняльнага характару раскрыццё ідэйнага зместу твора; раскрыццё мастацкіх вартасцей твора;абагулены аналіз твора ў цэлым; аналіз мастацкай формы; разбор асобных эпізодаў і частак твора; раскрыццё значэння пэўнага твора або ўсёй творчасці пісьменніка;аналіз крытычнай літаратуры, даследаванняў па пэўным мастацкім творы ці па творчасці пісьменніка.

Сачыненне на вольную тэму – гэта від сачынення, пры напісанні якога вучань самастойна выбірае матэрыял, што кладзецца ў аснову творчай працы. Такім матэрыялам можа быць асабісты вопыт вучня, уражанні і факты як з жыцця, так і з мастацкіх твораў, з газет, радыё-, тэлепарадач, з кінафільмаў, спектакляў і да т.п.

Галоўнай асаблівасцю сачыненняў на вольную тэму з'яўляецца тое, што, незалежна ад таго, якая тэма абрана вучнем, абавязкова павінен быць зварот як мінімум да двух мастацкіх твораў.

Сачыненні на вольную тэму маюць прыкладна наступную класіфікацыю:

Віды сачыненняў на вольную тэму Асаблівасці віду
Сачыненні на патрыятычныя тэмы Патрабуюць асэнсавання праблем Радзімы, народа і яго гераічных спраў, вайны і міру.
Сачыненні на маральна-этычныя тэмы Маюць на мэце раскрыццё такіх праблем, як чалавечнасць, гуманізм, праца, сяброўства і пад.
Сачыненні на экалагічныя тэмы Адлюстроўваюць найбольш вострыя пытанні стаўлення, адносін чалавека да прыроды.
Сачыненні на матэрыяле сучаснай літаратуры Прадугледжваюць раскрыццё любой названай тэмы на матэрыяле твораў сучаснай літаратуры.
Сачыненні на тэмы сучаснага мастацтва, кіно, тэлебачання і г.д. Патрабуюць раскрыцця любой тэмы, праблем сучаснага мастацтва, кіно, тэлебачання і г.д.
Сачыненні, звязаныя з выбарам будучай прафесіі Патрабуюць асэнсавання сваёй будучай прафесіі.
Сачыненні асобасна-ацэначнага характару Пішуцца ад імя першай асобы (“Я”), прадугледжваюць асабістую ацэнку падзей, з'яў, і г.д.

Эфектыўна прапаноўваць вучням самім фармуляваць тэмы сачыненняў на аснове вышэй пададзеных класіфікацый.

Існуюць тыповыя патрабаванні да вучнёўскіх сачыненняў:

1. Адпаведнасць зместу сачынення зададзенай тэме.

2. Доказнасць выказанай думкі, агрументаванасць палажэнняў, якія выказваюцца.

3. Змястоўнасць, паўната ахопу тэмы, завершанасць.

4. Лагічнасць і паслядоўнасць у выкладанні матэрыялу.

5. Самастойнасць у раскрыцці тэмы.

6. Дакладнасць, яснасць, вобразнасць мовы, адзінства стылю.

7. Карэктнасць цытавання.

8. Рацыянальнае спалучэнне матэрыялу мастацкага твора, літаратурнай крытыкі з уласнымі разважаннямі аўтара працы.

9. Адсутнасць фактычных памылак і недакладнасцей.

10. Пісьменнасць (захаванне арфаграфічных, граматычных і пунктуацыйных норм сучаснай беларускай мовы).

Тыповымі прыёмамі працы на ўроках навучальнага сачынення з'яўляюцца супастаўленне фармулёвак тэм, расшыфроўка фармулёвак, складанне планаў, выбар эпіграфаў, падбор тэкставага матэрыялу, абмеркаванне асноўных тэзісаў і доказаў.

Развіццё маўлення лагічнага тыпу

У працэсе вывучэння беларускай літаратуры школьнікі павінны авалодаць не толькі пэўнымі ведамі, але і разнастайнымі ўменнямі, якія ўласцівы культурнаму, удумліваму чытачу, здольнаму паўнацэнна ўспрыняць мастацкае слова, самастойна ацаніць ідэйна-эстэтычныя вартасці літаратурнага твора. У працэсе авалодання такімі ўменнямі надзвычай важная роля належыць урокам развіцця мовы так званага лагічнага тыпу, на якіх вучні авалодваюць уменнямі па складанні планаў, тэзісаў, канспектаў, падрыхтоўцы рэфератаў, дакладаў па адной і некалькіх крыніцах. Гэтыя ўменні неабходны не толькі для паўнацэннага ўспрымання літаратуры, яны вучаць правільна карыстацца кнігай, дапамагаюць у самавыяўленні асобы, у фарміраванні яе лепшых якасцей.

Урокі па навучанні складанню простага і складанага планаў чужой і ўласнай мовы.Уменне складаць план пачынае фарміравацца яшчэ ў пачатковай школе. Праца над складаннем плана дапаможа добра запомніць прачытанае, лепш зразумець твор, яго будову, асэнсаваць тое, што хоча данесці пісьменнік да чытача. Уменне складаць план чужой мовы ўключае шэраг дробных уменняў: дзяліць суцэльны тэкст на лагічна закончаныя часткі; азагалоўліваць іх пытальнымі і апавядальнымі сказамі; даваць загалоўкі пунктам плана паасобку і плану разам.

Для першага ўрока па навучанні складанню простага плана лепш узяць мастацкі твор, падзелены на часткі самім аўтарам, і, перачытаўшы яго ў класе, прапанаваць вучням даць загалоўкі гэтым часткам у форме пытальных ці апавядальных сказаў. Затым можна ўзяць суцэльны тэкст і пасля знаёмства з ім называць пункт плана ў форме назыўнога сказа, а вучні будуць знаходзіць у тэксце межы названай часткі і прапаноўваць свае варыянты загалоўкаў у форме назыўных, пытальных ці апавядальных сказаў.

Такім чынам, праца па навучанні складанню простага плана чужой мовы прадугледжвае наступныя этапы: чытанне тэксту; разбіўка тэксту на сэнсава закончаныя часткі, вылучэнне ў іх галоўнага; азагалоўліванне частак тэксту.

Пры састаўленні складанага плана неабходна правесці дэталізацыю кожнай часткі. Пры навучанні састаўленню складанага плана настаўнік павінен звярнуць увагу на яго афармленне. План запісваецца на дошцы і тлумачыцца яго афармленне. Неабходна вучыць вучняў і пісьменнаму стылёваму афармленню планаў, звяртаць увагу на выкарыстанне ў саміх загалоўках выразаў з тэксту, устойлівых словазлучэнняў, вобразна-выяўленчых сродкаў мовы.

Пасля таго як сфарміравана ўменне складаць план чужой мовы, можна прыступаць да фарміравання ўмення па складанні плана ўласнага маўлення; важна таксама навучыць вучняў дзяліць уласныя выказванні на часткі, вызначаць, якая думка павінна быць вядучай у кожнай з частак, даваць загалоўкі гэтым часткам рознымі відамі сказаў.

Урокі па навучанні складанню тэзісаў. Калі пункт плана вызначае пэўныя граніцы чужога ці ўласнага маўлення, то тэзіс раскрывае галоўную думку гэтай часткі. Урок па навучанні складанню тэзісаў варта пачаць з тлумачэння паняцця «тэзіс». Для навучання гэтаму віду працы неабходна падабраць невялікія літаратуразнаўчыя тэксты. Праца, якая папярэднічае тэзіраванню, блізкая да працы па складанні плана. Напачатку неабходна пазнаёміць клас з тэкстам, затым падзяліць яго на часткі, вылучыць у іх галоўную думку і сфармуляваць яе. Пасля гэтага, яшчэ раз звярнуўшыся да азначэння «тэзіс», засяродзіць увагу вучняў на тым, што тэзіс фармулюе думку, а не называе яе, як пункт плана. Можна выкарыстаць наступную схему запісаў:

План Тэзіс

Перачытваючы артыкул часткамі, трэба калектыўна сфармуляваць тэзісы і зрабіць запісы па вышэй прапанаванай схеме.

У час падрыхтоўкі рэфератаў, дакладаў, канспектаў, вусных адказаў і выступленняў, пры напісанні розных відаў творчых прац асабліва важнае значэнне мае ўменне вылучыць галоўнае з таго, што есць у літаратуразнаўчых крыніцах, ці сваё выказаць уласную думку, якую трэба данесці да аўдыторыі. Гэтаму дапамагае папярэдняе складанне тэзісаў, якія могуць быць напісаны ў форме як сцвярджэння, так і адмаўлення. Уменне фармуляваць тэзісы ў форме сцвярджэння і адмаўлення адзін з паказчыкаў культуры мовы вучня.

Урокі па навучанні канспектаванню.Для таго каб вучні маглі не толькі асэнсоўваць асноўныя палажэнні артыкулаў падручніка, дадатковай літаратуры, лекцыі настаўніка, але і аргументаваць іх, мэтазгодна карыстацца такім відам самастойнай працы, як канспектаванне. У працэсе вывучэння літаратуры вучню неабходна ўмець складаць канспекты поўных прац выбарачныя канспекты ў адпаведнасці з праблемай, прапанаванай настаўнікам. Фарміраванне ўмення канспектавання пачынаецца з навучання напісанню канспекта адной крыніцы. З гэтай мэтай падбіраецца невялікі літаратуразнаўчы артыкул. Працу на ўроку варта пачынаць з тлумачэння паняцця «канспект». Высветліўшы, што канспект гэта не проста скарочаны варыянт тэксту, а згустак яго зместу, пададзены, ў лагічнай сістэме абгрунтаваных вывадаў, патрэбна падкрэсліць, што глыбока памыляюцца тыя, хто, не прачытаўшы ўвесь тэкст і не асэнсаваўшы яго змест, пачынае механічна скарачаць і рабіць запісы.

Пасля знаёмства з тэкстам, які патрэбна заканспектаваць, вызначаецца яго галоўная думка, звяртаецца ўвага на тыя праблемы, якія ў ім ставяцца, высвятляецца, як яны вырашаюцца аўтарам. Гэта праца вельмі блізкая да складання плана, пункты якога перарастаюць у тэзісы, якія павінны быць раскрыты і абгрунтаваны. Доказная частка канспекта павінна быць сціслай, але дакладнай і пераканальнай. У мэтах навучання канспектаванню можна рабіць запісы па наступнай схеме:

План Тэзіс Аргументы

Пры складанні выбарачнага канспекта літаратуразнаўчай крыніцы праца праводзіцца такая ж, толькі ў адпаведнасці з пастаўленай праблемай.

На ўроках па навучанні канспектаванню мэтазгодна пазнаёміць вучняў і з патрабаваннямі да афармлення канспекта, адзначыўшы, што канспект павінен афармляцца так, каб ім было зручна карыстацца пры падрыхтоўцы да заняткаў. Указваюцца аўтар, назва артыкула, выданне, у якім ён быў змешчаны. Кожны вывад, яго абгрунтаванне запісваюцца асобнымі абзацамі. Дазваляецца нумарацыя тэзісаў. Найбольш значныя ў сэнсавых адносінах словы можна падкрэсліваць. У канспекце неабходна пакідаць палі, на якіх можна рабіць паметкі і дадатковыя запісы.

Праца з літаратуразнаўчымі крыніцамі спрыяе выпрацоўцы ўменняў самастойнай дзейнасці, развіццю даследчых здольнасцей, асабліва калі для падрыхтоўкі выкарыстоўваецца некалькі крыніц розных відаў. Вывучэнне кожнай з іх паглыбляе і пашырае веды па вывучаемым пытанні, дае магчымасць абагуліць здабыткі вучоных па дадзенай праблеме, развівае самастойнасць у ацэнцы літаратурных з'яў.

З ліку відаў навукова-даследчых работ вылучаюцца навуковыя артыкулы, рэфераты, даклады.

Навуковы артыкул — закончанае і лагічна цэласнае міні-даследаванне, прысвечанае канкрэтнаму пытанню, мэта якога — прааналізаваць пэўную з'яву з пункта гледжання заканамернасцей, якія знаходзяцца ў яе аснове. Артыкулу ўласцівы тэарэтычныя і практычныя абагульненні, аналіз фактаў і з'яў. Падобныя даследаванні прысвечаны актуальным і важным пытанням літаратуразнаўства.

Рэферат — слова лацінскага паходжання, даслоўна перакладаецца як ‘напісанне паведамлення або публічнага даклада'. Часцей за ўсё гэтае слова ўжываецца для азначэння паслядоўнага, пераканаўчага і кароткага выкладу зместу або вылучэння сутнасці пэўнага пытання або тэмы навукова-практычнага характару.

Пачынаць працу над рэфератам мэтазгодна з літаратуразнаўчага артыкула (артыкулаў): напачатку прачытаць яго, потым скласці план, “разгарнуць” план у тэзісы, знайсці ў тэксце аўтарскія аргументы для пацвярджэння тэзісаў і, нарэшце, аформіць рэферат.

Пад дакладам разумеецца не проста выклад зместу той ці іншай крыніцы (крыніц), але і яе ацэнка, выяўленне сваёй пазіцыі: згода з тэзісамі ці аспрэчванне тэзісаў, выказаных у навуковым артыкуле, па якім пішацца даклад; крытычнае стаўленне да аргументаў, якія выкарыстаны аўтарам (“Сродкi мастацкай псiхалагiзацыi ў прозе Васiля Быкава”, “Праблема вiны i пакаяння ў творах Васiля Быкава i Генрыха Бёля”, “«Родныя дзецi» Нiла Гiлевiча як узор сучаснага паэтычнага эпасу”).

Такім чынам, у адрозненне ад рэферата, у дакладзе абавязкова павінна прысутнічаць ацэнка думак, меркаванняў, выказаных аўтарамі артыкулаў, можна згаджацца ці дыскутаваць з аўтарамі, прыводзіць свае аргументы і контраргументы.

þ Падчас працы над рэфератам і дакладам можна выкарыстоўваць наступную табліцу:

План Тэзісы Аргументы
    1 крыніца 2 крыніца

Мы ўжо згадвалі пра тое, што рэферат — гэта скарочаны пераказ зместу першаснага дакумента (дакументаў) або яго часткі з асноўнымі фактычнымі звесткамі і высновамі. Аднак рэферат — гэты не толькі кароткі, паслядоўны выклад зместу кнігі (або яе раздзела), часопіснага або газетнага артыкула. Рэфератам таксама называецца таксама кароткая перадача зместу неапублікаванай працы. У рэфераце паказваюцца шляхі і метады даследавання пытання, падаюцца вывады аўтара. Аб'ектам рэферыравання з'яўляецца толькі навуковая або даследчая літаратура.

Сучасныя патрабаванні да рэферата — дакладнасць і аб'ектыўнасць у перадачы інфармацыі, паўната адлюстравання асноўных элементаў зместу, даступнасць успрымання тэксту рэферата як па змесце, так і па форме.

У арганізацыйным плане напісанне рэферата — працэс, размеркаваны ў часе па этапах. Усе этапы працы могуць быць аб'яднаны ў тры асноўныя: падрыхтоўчы, этап напісання, заключны этап — рэдагаванне.

Падрыхтоўчы этап уключае ў сябе пошук літаратуры па вызначанай тэме з выкарыстаннем розных бібліяграфічных крыніц; выбар літаратуры ў пэўнай бібліятэцы; вызначэнне кола даведачных дапаможнікаў для наступнай працы па тэме.

Галоўнае, што павінен паказаць аўтар, — гэтае ўменне працаваць з літаратурай, пачынаючы ад яе пошуку і заканчваючы афармленнем “Бібліяграфічнага спісу”. Калі Вы ўзялі толькі адну кнігу, перапісалі з яе некалькі старонак, нават не спаслаўшыся пры гэтым на аўтара, то падобную работу рэфератам назваць нельга.

Вы прарабілі вялікую працу: пошук літаратуры па тэме рэферата, вывучэнне пытання па розных крыніцах, напісанне цытат, планаў, тэзісаў, канспектаў. Словам, сабраны вялікі матэрыял. Але гэта толькі матэрыял.

Задача другога этапа — сістэматызацыя, перапрацоўка назапашанай інфарамацыі і, нарэшце, напісанне рэферата. У прадуктыўнай (творчай) перапрацоўцы галоўная ўвага надаецца навізне зместу, аналізу яго навуковай значнасці з улікам наяўных дасягненняў у вызначанай галіне ведаў.

З пункта гледжання логікі, рэферат можа быць індуктыўнага, дэдуктыўнага або традуктыўнага характару. Пры індуктыўнай пабудове рэферата спачатку ідуць факты, затым — высновы, а пасля абагульнення высноў — фармулёўка тэзіса. Пры дэдуктыўнай пабудове наадварот: спачатку тэзіс, потым — факты, якія яго пацвярджаюць, а затым — высновы.

Пры перадачы зместу грамадска-палітычнага ці публіцыстычнага матэрыялу асабліва часта выкарыстоўваецца традуктыўная паслядоўнасць, якая будуецца на аснове супастаўлення суадносных па змесце паняццяў: мінулае — сучаснасць — будучыня; з'явы — сутнасць; простае — складанае; падабенствы — тоеснасці; адрозненні — супрацьлегласці; аб'ектыўнае — суб'ектыўнае.

У залежнасці ад тэмы рэферат можа быць па адной або некалькіх крыніцах, прысвечаны пытанням гісторыі (“Творчая бiяграфiя Рыгора Барадулiна”) і тэорыі (“Жанр навелы ў беларускай прозе пачатку ХХІ стагоддзя”) літаратуры.

Рэферат, як і любая навуковая работа, складаецца з тытульныага ліста, зместу (з пазначэннем нумароў старонак, з якіх пачынаецца кожны раздзел рэферата); уступ; асноўная частка; заключэнне; бібліяграфічны спіс.

Ва “Уступе” тлумачыцца

— чаму выбрана тэма, чым яна важная, актуальная, якую культурную або навуковую значнасць уяўляе; вызначаюцца мэта, задачы, аб'ект і прадмет даследавання;

— якая літаратура выкарыстана (“Матэрыялам для напісання рэферата паслужылі …”)

— з чаго складаецца рэферат (“Ва “Уступе” вызначана мэта рэферата…”; “Раздзел І прысвечаны…”; “У ІІ раздзеле…”; “У “Заключэнні” сфармуляваныя асноўныя вывады…”).

“Асноўная частка” рэферата складаецца з некалькіх раздзелаў, у кожным з якіх разглядаецца пэўны аспект асноўнай тэмы. Сцвярджэнні падмацоўваюцца доказамі з літаратуры, калі яны запазычаны ў аўтара выкарыстанай літаратуры — то афармляюцца як цытата. У канцы кожнага раздзела “Асноўнай часткі” абавязкова фармулюецца выснова (“Такім чынам...”; “Можна зрабіць вывад, што…”).

У “Заключэнні” (вельмі каротка) фармулююцца агульныя высновы па асноўнай тэме, перспектывы развіцця даследавання.

“Бібліяграфічны спіс” складаецца ў алфавітным парадку ў канцы рэферата па вызначаных правілах.


<== previous lecture | next lecture ==>
Дадатак 6 | Алгарытм працы над рэфератам
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.228 s.