|
ЛЕКЦЫЯ №21. Выдавецкая дзейнасць беларускай эміграцыіDate: 2015-10-07; view: 1225. Эміграцыя (ад лац. высяляюся), выезд грамадзян са сваёй Бацькаўшчыны ў іншую краіну на пастаяннае або доўгае пражыванне па палітычных, рэлігійных, эканамічных, этнічных ці іншых прычынах, а таксама ў выпадку сацыяльных (войны, рэвалюцыі) або прыродных катаклізмаў. Насельніцтва пачало пакідаць беларускія землі яшчэ з часоў вялікага перасялення (з VI ст.), у часы існавання найстаражэйшых дзяржаўных утварэнняў – Полацкага і Тураўскага княстваў. У ХІ–ХІІ стст. па-за межы родных мясцін выходзілі прадстаўнікі кіруючай эліты, якія пакідалі іх у сувязі з палітычнымі абставінамі (найчасцей ва ўмовах паражэння ў барацьбе за ўладу). Прававой асновай натуральнай эміграцыі з беларускіх зямель з'явіліся створаныя ў ВКЛ заканадаўчыя акты і зводы законаў – прывілей 1447 г., віцебскі 1503 г. і полацкі 1547 г. прывілеі; Статуты ВКЛ 1529 г., 1566 г. і 1588 г. і інш. На працягу XV–XVII стст. ураджэнцы ВКЛ выязджалі ў “Свяшчэнную Рымскую імперыю”, італьянскія дзяржавы – Геную, Венецыю, Падую, Фларэнцыю і інш.; Польшчу, Чэхію, Францыю, Іспанію, Галандыю, дзе паступалі на вайсковую службу ці павышалі свой адукацыйны ўзровень, садзейнічалі распаўсюджанню навукі, адукацыі і друкарства (найбольш вядомыя ў гэтых адносінах Ф.Скарына, К.Семяновіч, Сімяон Полацкі, І.Капіевіч і інш.). Сістэматычная эміграцыя з беларускіх земляў пачалася ў ХІХ ст. Сярод падстаў былі і палітычныя прычыны (уз'яднанне з Расіяй, паўстанні 1830-х, 1863 г. і інш.), але асноўнымі з'яўляліся эканамічныя ўмовы жыцця. Эміграцыя ў БССР была нязначнай. Парадак афармлення дакументаў для выезду за мяжу рэгламентаваўся пастановай СНК СССР “Аб выездзе за мяжу грамадзян і іншаземцаў” (ад 30.06.1922), у якой, аднак, не было непасрэдных палажэнняў наконт выезду на сталае жыхарства. Тым не менш у 1924–1925 гг. замежным аддзелам НКУС БССР было выдадзена 2296 дазволаў на выезд на пастаяннае жыхарства ў ЗША, Польшчу, Германію, Латвію, Палесціну. Каля 10–15% тых, хто ад'язджаў складалі беларусы, астатнія – яўрэі, палякі, рускія і інш. Арганізацыйнае аб'яднанне беларускай эміграцыі бярэ свой пачатак у першай чвэрці ХХ ст., калі з Беларусі выязджаюць свядомыя беларускія дзеячы: Аляксандр Сянкевіч, Сцяпан Бубешка, Іван і Антон Чарапукі, Язэп Варонка, а. Ян Тарасевіч і інш. Так паўсталі грамадскія, палітычныя і культурна-даследчыя арганізацыі эмігрантаў у Чэхаславаччыне, Францыі, ЗША, Германіі. У маі 1925 г. у Празе было створана Беларускае (Крывіцкае) Культурнае Таварыства імя Францішка Скарыны, якое ўзначаліў гісторык Мікола Ільяшэвіч. Адным з сяброў таварыства быў студэнт Пражскага універсітэту Ян Станкевіч. У 1927 г. у Празе быў таксама арганізаваны Беларускі Навуковы кабінет, кіраўніком якога з'яўляўся Тамаш Грыб. Праз год тамсама быў заснаваны Міколам Вяршыніным Беларускі Замежны Архіў. Тры названыя арганізацыі запачаткавалі па-за Беларуссю навукова-даследчую і бібліяграфічна-уліковую беларусазнаўчую дзейнасць. Колькасць сяброў гэтых арганізацый у розных крыніцах падаецца па-рознаму, ад 50 да больш за 100 чалавек. Лідэрам у галіне збірання беларусікі, наладжвання бібліяграфічнага і інфармацыйнага банку за мяжой стаў Беларускі Замежны Архіў, які пасля смерці Міколы Вяршыніна пераняў Тамаш Грыб, меўшы шырокія стасункі з іншымі эміграцыйнымі дзеячамі і арганізацыямі, а таксама праз свае універсітэцкія кантакты меў сувязь з даследчыкамі беларусікі. З канца 1920-х і ў пачатку 1930-х гг. эміграцыйная палітыка ўлады БССР стала больш жорсткай і легальная эміграцыя была практычна спынена ў 1930-я гг. Жаданне выехаць на сталае жыхарства за мяжу ўспрымалася як здрада. Змяніўся і характар урадавых пастаноў аб эміграцыі, у якіх у асноўным пераважалі абмежаванні і забароны. У пошуках працы і лепшых умоў жыцця з 1924 г. пачалася масавая эміграцыя насельніцтва з Заходняй Беларусі. Значную ролю ў жыцці беларусаў-эмігрантаў стала адыгрываць выдавецкая дзейнасць. Як адзначыла вядомая беларуская бібліёграф, якая жыла ў ЗША Зора Кіпель (….), “[…] кожны другі беларус – паэт. […] а кожны трэці – выдавец або друкар”. Так было ў Празе ў пачатку 1920-х, у Парыжы ў 1930-х, у Заходняй Германіі і Аўстрыі ў лагерях для перемешчаных у 1940-я, а пазней – у Амерыцы, Англіі, Бельгіі, Аўстраліі і іншых краінах, дзе рассяліліся беларусы. З 1920-х гг. пачынаецца друк кніг і часопісаў беларускай эміграцыі. У перыяд паміж першай і другой сусветнымі войнамі цэнтрам беларускай эміграцыі была Прага, хаця палітычная дзейнасць вялася і ў Берліне, і ў Парыжы. У Празе пачаўся друк часопісаў, палітычных інфармацыйных лістовак. Найстарэйшымі эміграцыйнымі выданнямі з'яўляюцца часопісы “Перавясла” (1923) і “Беларускі Студэнт” (1923). Абодва выданні выдаваліся студэнтамі. У 1926 г. выйшаў альманах “Замежная Беларусь” (кн.1). У Празе выйшлі значныя публікацыі па гісторыі беларусі В.Захаркі (1926), П.Крэчэўскага (1926). Першыя выданні па гісторыі беларусаў у Латвіі і Літве належаць К.Езавітаву, якія выходзілі ў рызе (1927). Дробныя беларускамоўныя выданні, а таксама календары выходзілі ў Аргенціне. У 1920-я гг. былі заснаваны Беларускае выдавеца ў Латвіі, Беларускі выдавецкі цэнтр у Літве, выдавецтва імя Ф.Сарыны ў Празе. У Рызе, Коўне, Празе друкуюцца такія беларускія часопісы і газеты, як “Крывіч”, “Часопісь”, “Беларускі сьцяг” і інш. У Коўне, сталіцы Літвы, выдавецкай дзейнасцю ў эміграцыі займаўся В.Ластоўскі. У 1924 г. выдаў “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік”, у 1926 г. – “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі”. У значна большай меры пачалося беларускае кнігадрукаванне на Захадзе ў час другой сусветнай вайны. У канцы 1939 г. у Берліне пачала выходзіць беларуская газета “Раніца” (да 1945 г.). Рэдакцыя газеты стала выдаваць таксама і кнігі. Адной з першых была брашура Міколы Шкялёнка “Экономічны нарыс Беларусі” (Берлін, 1940. 8 с.). У 1942 г. у Берліне выйшлі ўжо лацінкай такія выданні, як “Беларусь у песнях” Ніны Абрамчык і “Гісторыя Беларусі ў картах”. У серыі “Народная бібліятэчка” ў 1944 г. у Берліне былі выдадзены яшчэ 8 кніг. У берлінскай серыі “Бібліятэчка Каліноўцаў” выйшла брашура В.Ластоўскага “Што трэба ведаць кожнаму беларусу” (3-е выд.). На працягу 1944–1945 гг. былі надрукаваны яшчэ тры выданні, рыхтаваліся да друку некалькі рукапісаў, аднак з-за штодзённых бамбардзіровак яны не былі выпушчаны. У 1947–1966 гг. у Германіі (у Мюнхене) выходзіла газета “Бацькаўшчына” (выйшла 637 нумароў). У Альдэнбургу (Заходняя Германія) ў 1945–1946 гг. – рукапісны ілюстраваны “Штодзённы крывіцкі лісток” (выйшла 99 нумароў), на 100 нумары часопіс змяніў назву на “Ліхтар” і выйшлі яшчэ 43 нумары. Некалькі беларускамоўных выданняў убачылі свет у Празе ў 1942–1943 гг., напрыклад, “Сымон Музыка” Я.Коласа (1942), “Ад родных ніў” Л.Геніюш (1942), “Беларускія (крывіцкія) песьні для соля, дуэту, квартэту...” (1943). У Кёнігсбергу (Каралеўцы) выходзілі беларускія календары на 1943, 1944 гады – “Гаспдар: Беларускі народны Каляндар”. У 1945–1946 гг. у Зальцбургу (Аўстрыя) выходзіў літаратурна-гістарычны часопіс “Пагоня”. У значна большых памерах разгарнулася беларускае кнігадрукаванне на эміграцыі пасля другой сусветнай вайны, калі ў Заходняй Еўропе апынуліся каля ста тысяч беларусаў-перамяшчэнцаў, якія не хацелі вяртацца на савецкую радзіму. Беларускія лагеры для перамешчаных асобаў знаходзіліся найперш у Заходняй Германіі і Аўстрыі. Значная колькасць беларусаў пражывала і ў Англіі, Францыі, Італіі, меншая – у Бельгіі, Даніі і іншых заходнееўрапейскіх краінах. У лагерах былі арганізаваны школы, таварыствы, грамадска-палітычныя згуртаванні. Была наладжана і выдавецкая справа. Узніклі такія выдавецкія суполкі, як “Крыніца”, “Скаўцкае выдавецтва АБМ”, суполка “Зарынка”, выдавецтва “Шыпшына” і інш. Выдавецкай дзейнасцю займаліся таксама і арганізацыі: “Згуртаваньне беларускіх скаўтаў”, “Праваслаўнае брацтва Жыровіцкае Божае Маці” і інш. Найбольшую колькасць сярод друкаванай прадукцыі ў пасляваенны час займалі мастацкія творы – новыя: Майсея Сяднёва, Міхася Кавыля, Наталлі Арсеньевай, Алеся Салаўя, Міколы Вярбы і іншых; а таксама старыя творы беларускіх класікаў. Значную частку складала і кніжная прадукцыя для моладзі – гэта вучэбна-дапаможная літаратура, якая неабходна была для беларускіх школ (толькі ў Заходняй Германіі дзейнічала каля дзесятка беларускіх школ і дзве гімназіі). Першым падручнікам беларускай эміграцыі ў пасляваенны час стаў “Лемантар” Апалёніі Радкевіч (Рэгенсбург, 1946. 88 с.), які за кароткі час разыйшоўся па ўсіх беларускіх школах у Германіі, ЗША, Аўстраліі. Складаннем беларускіх падручнікаў займаліся таксама Міхась Міцкевіч, які апрацаваў і выдаў каля дзесятка чытанак для розных класаў народных школ; настаўнік Язэп Гладкі ў супрацоўніцтве з Кастусём Сіткоўскім выдалі таксама некалькі чытанак, лемантар (лацінкай) і дапаможнік па геаграфіі. На трэцім месцы ў кнігавыдавецкім патоку беларускай эміграцыі былі рэлігійныя выданні: малітоўнікі, рэлігійна-філасофская літаратура, спеўнікі. Друкаваліся таксама кнігі і іншага тэматычнага зместу – тэхнічная літаратура, даведкавая, размоўнікі. Найбольш выдавалася літаратуры ў 1946–1948 гг. Праўда, выдавецтва “Бацькаўшчына” (1947–1966) найбольшую частку сваёй літаратуры выпусціла ў пачатку 1950-х гг. Цэнтрамі беларускага кнігадрукавання ў Заходняй Германіі сталі лагеры для перамешчаных у г.Рэгенсбург – Крывіцкае (Беларускае) навуковае таварыства Ф.Скарыны, з 1947 г.; г.Хам (лагер Міхельсдорф), лагеры Ватэнштэт, Остэргофэн. У 1946 г. пачынаецца беларускі друк у Рыме, калі выйшаў кірылічны малітоўнік для беларусаў “Божым шляхам” (176 с.). Пазнейшы друк у Італіі быў амаль выключна лацінкай. Асноўнае беларускае выдавецтва ў Італіі – гэта рэдакцыя часопіса “Зьніч” (1948–1972), рэдактар і выдавец якога быў пралат айцец Пётра Татарыновіч. У “Зьнічы” выйшла шмат рэлігійных і мастацкіх кніг. У Англіі беларускі друк пачаўся ў больш шырокім маштабе ў 1947 г., але там выдаваліся ў асноўным часопісы і інфармацыйная літаратура пра Беларусь – улёткі, невялічкія брашуры. Кнігавыданне ў Англіі адзначаецца з 1950-х гадоў, калі пачаў сваю працу “Беларускі рэлігійны Цэнтр” у Лондане. У Францыі цэнтрам беларускага кнігадруку быў Парыж, дзе арганізацыя моладзі і “Беларуская рэлігійная місія” надрукавала некалькі грунтоўных манаграфій на беларускай мове, сярод якіх “Беларусь у датах і ліках” Л.Гарошкі (1947) і П.Каваля (1950; 2-е выд. 1953), У Бельгіі амаль выключна выходзілі перыядычныя выданні. Да канца саракавых гадоў беларускае кнігавыданне ў Заходняй Еўропе ў сувязі з перасяленнем эмігрантаў за акіян значна скарацілася (акрамя Вялікабрытаніі і Германіі). Эстафету ў 1950–60-х гг. падхапілі Аўстралія, Канада, ЗША, Аргенціна (выдавецтва Язэпа Альсевіча ў Буэнас-Айрэсе). Найбольшая колькасць выдавецкіх цэнтраў узнікла ў ЗША: 1. у 1949 г. у Нью-Йорку заснаваны Беларускі выдавецкі Фонд; 2. на пчатку 1950-х узнікла Беларускае Выдавецтва Міколы Прускага ў Грэнд-Рэпідзе, штат Мічыган, якое друкавала выданні для моладзі, жыццяпісы выдатных беларускіх дзеячаў, мастацкія творы, успаміны і інш.; 3. Фонд Яна Пятроўскага; 4. выдавецтва Уладзіміра Пелясы, 5. выдавецтва Янкі Золака; 6. у 1954 г. – друкарня “Пагоня” (выдавала падручнікі, чытанкі, карты і інш.), 7. на пачатку 1960-х гг. заснавана Беларускае выдавецкае Таварыства ў Саўт-Рыверы і беларуская Выдавецкая Сябрына ў Чыкага, якая дзейнічала да канца 1970-х), 8. на пачатку 1960-х гг. ў Нью-Йорку заснавана выдавецтва “Заранка”. Выдавала вучэбную і адукацыйна-асветніцкую літаратуру, дзейнічала да 1972 г.; 9. у канцы 1960-х гг. заснавана выдавецтва “Родны край”ў Трэнтане, штат Нью-Джэрсі. Выдавала кароткія літаратурна-мастацкія творы, легенды, рэлігійную літаратуру; 10. у 1975 г. заснавана Беларускае выдавецтва “Час”. Дзейнічала да сярэдзіны 1980-х гг.; 11. у 1989 г. у Гановеры, штат Пенсільванія, Васілём і Далорэс Мельяновічамі заснавана выдавецтва W&D. Выдавала англамоўную інфармацыйную літаратуру пра Беларусь. 12. У 1951 г. у Нью-Йорку быў заснаваны Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва (БІНІМ), які з 1952 г. пачаў сваю выдавецкую дзейнасць з штогодніка “Запісы”. Крывіцкае (Беларускае) навуковае таварыства Ф.Скарыны наладзіла выпуск навукова-літаратурнага часопіса “Веда” (1951–1954) і кніг па гісторыі і культуры Беларусі. Створаная ў Нью-Йорку Фундацыя імя П.Крэчэўскага спрыяе вывучэнню і публікацыі беларускай спадчыны. Важным цэнтрам сканцэнтравання навуковых сіл беларускіх эмігрантаў у Заходняй Еўропе стаў Мюнхен, дзе пачаў працу самастойны аддзел БІНІМа (1955–1966). З сярэдзіны 1950-х гадоў беларускія даследчыкі ўдзельнічалі ў рабоце Інстытута па вывучэнні СССР, створанага ў 1950 г. у Мюнхене савецкімі эмігрантамі. У межах яго праграм былі апублікаваны “Беларускія зборнікі”, шэраг прац, падрыхтаваных беларускімі даследчыкамі на эміграцыі. Створанае ў 1954 г. Англа-беларускае таварыства (Лондан) садзейнічала з'яўленню новых даследчыкаў-беларусістаў у Вялікабрытаніі. На старонках яго часопіса “Journal of Beyelorusian Studies” (1965–1988) змяшчаліся артыкулы па гісторыі, палітыцы, іншых праблемах жыцця беларускага народа. У 1960–80-я гг. з'явіліся новыя культурна-навуковыя цэнтры: Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва ў Канадзе ў Таронта, з 1967 г.), Беларуская бібліятэка і музей імя Ф.Скарыны (Лондан, з 1971 г.), Інтсытут беларусаведы ў Ляймене (Германія, з 1983 г. выдаваў “Весткі”), Фонд імя Льва Сапегі (Нью-Йорк, з 1975 г.), Беларускі дапамагова-адукацыйны фонд (Хайнсвіл, Фларыда, з 1976 г.), Фонд імя І.Любачкі (Нью-Йорк, з 1977 г.), якія заахвочваюць даследаванні па гісторыі і культуры Беларусі, спрыяюць публікацыі іх вынікаў. У даследчыцкіх працах беларускай эміграцыі выкладаўся альтэрнатыўны погляд ) у дачыненні тагачаснай афіцыйнай трактокі ў БССР) на гісторыю старажытнай Беларусі, Вялікага Княства Літоўскага (Я.Станкевіч, В.Пануцэвіч, П.Урбан). Замежныя скарыназнаўцы В.Тумаш (С.Брага), Я.Садоўскі, А.Надсан значна ўзбагацілі новымі фактамі і дакументамі навуковую літаратуру аб жыцці і дзейнасці Ф.Скарыны (бібліяграфія В.Тумаша “Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI–XX”. Нью-Йорк, 1989; абароненыя ў Рыме і Лондане дысертацыі Я.Садоўскага). Асноўныя палажэнні беларускай замежнай гістарыяграфіі па розных аспектах гісторыі Беларусі савецкага часу адлюстраваны ў “Беларускіх зборніках”, асобных выданнях А.Адамовіча, С.Станкевіча, У.Сядуры, Г.Паланевіча, С.Кабыша, Я.Запрудніка і інш. У 1950–80-я гг. за мяжой з'явіліся спецыяльныя публікацыі, прысвечаныя шэрагу вузлавых пытанняў і праблем гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэння ў ХХ ст. (“Беларуская дзяржаўнасць : хрэстаматыя і бібліяграфія”. Нью-Йорк, 1988 – склалі В. І З.Кіпелі). У шэрагу прац крытыкавалася савецкая нацыянальная палітыка, палітыка рэпрэсій і генацыду ў БССР. Характарыстыку этнаграфічнай і гістарычнай тэрыторыі Беларусі практычна першымі закранулі Я.Станкеч, В.Тумаш, В.Пануцэвіч, У.Глыбінны. Замежныя беларускія даследчыкі сталі пачынальнікамі вывучэння гісторыі нацыянальнай эміграцыі: А.Калубовіч – ад ранніх перасяленцаў і да другой сусветнай вайны; В.Кіпель – нацыянальнай дыяспары ў ЗША; Я.Садоўскі – у Канадзе; А.Вініцкі – у Германіі. Асобнае выданне было прысвечана беларусам Аргенціны (1953). На эміграцыі рабіліся спробы асэнсавання гісторыі і культуры Беларусі ў шырокім кантэксце паводле тагачасных культуралагічных канцэпцый. Да ліку гістарыяграфічных публікацый трэба аднесці грунтоўны агляд А.Калубовіча стану вывучэння помнікаў беларускага пісьменства Х – ХVII стст. (“Дасюлетні стан вывучэння помнікаў беларускага пісьменства Х – ХVII ст. : гістарыяграфічны агляд”. Кліўленд, 1978). У канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. у друку Беларусі сталі з'яўляцца працы, прысвечаныя розным аспектам беларускай эміграцыі, у тым ліку і выдацкай дзейнасці. Так, у даследаванні беларуса – грамадзяніна ЗША, Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША”, якое выйшла ў Мінску ў 1993 г., сістэматызаваны і прадстаўлены унікальны матэрыял па гісторыі фармавання і дзейнасці беларускай эміграцыі ў ЗША, у тым ліку выдавецкай дзейнасці, якой прысвечаны раздзелы “Выдавецкая справа. Беларусіка ў сродках масавай інфармацыі” і “Роля амерыканскіх бібліятэк, навуковых і вучэбных устаноў у прапагандзе беларускай спадчыны”. Праўда, гэта была толькі першая спроба гістарычнага экскурса беларускага эміграцыйнага друку ў 1920–1970-я гады. Вынікам карпатлівай шматгадовай працы Зоры і Вітаўта Кіпеляў стала выйшаўшая ў 2003 г. бібліяграфія “Беларускі й беларусаведны друк на Захад. Асобныя выданьні”. У каталогу было ўлічана 4180 асобных выданняў: кнігі, брашуры, адбіткі, аднаразавыя перыядычныя выданні, лістоўкі, карты, плакаты, паштоўкі, канверты, маркі. Храналагічна былі ахоплены выданні, пачынаючы з ХІХ ст. да пачатку 2003 г., якія на 90% прадстаўлялі калекцыю друкаваных выданняў беларускай дыяспары, перададзеную Кіпелямі Славянскаму Аддзелу Нью-Йоркскай Публічнай Бібліятэкі. Наступным бібліяграфічным выданнем названых складальнікаў стаў каталог “Беларускі друк на Захадзе. Пэрыёдыка” (Нью-Йорк, 2004), а ў 2006 г. было ажыццёўлена перавыданне названых бібліяграфій у адным аб'ёмным томе. У апошняй працы зроблена спроба дапоўніць папярэднія выданні (больш чым 100 новымі пазіцыямі, у тым ліку да 2005 г. уключна). Пад тэрмінам “беларускі друк на Захадзе” разумелася друкаваная прадукцыя, створаная беларусамі, беларускімі арганізацыямі, цэрквамі, установамі на беларускай і небеларускай мовах (англійскай, нямецкай, французскай, рускай і інш.). На жаль і ў гэтай бібліяграфічнай працы амаль не атрымалі адлюстравання выданні беларусаў так званага “блізкага” замежжа, як, напрыклад, Расіі, ці Украіны, Літвы і Польшчы. Тем не менее, нельзя не отдать должное составителям, продолжившим работу по библиографированию печатного наследия беларуской эмиграции. У 2004 г. у Беларусі ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчы” аднайменнага міжнароднага аб'яднання ўбачыла свет яшчэ адно выданне – гэта манаграфія Натальі Гардзіенка “Беларусы ў Аўстраліі. Да гісторыі дыяспары”, напісаная на аснове сведчанняў з архіву Беларускага аб'яднання ў Аўстраліі, Інтэрнет-сайтаў, рэсурсаў Дэпартаменту іміграцыі і шматлікіх кльтурных і абарыгентскіх спраў, успамінаў саміх беларусаў, перыядычнага друку. У кнізе асобным раздзелам выдзелены “Беларускі друк ў Аўстраліі” (перыядычныя і асобныя выданні), а ў дадатку ўключана бібліяграфія беларускага і беларусазнаўчага друку ў Аўстраліі, якая дапаўняе названыя вышэй бібліяграфіі. Даследаванне Н.Гардзіенка з'яўляецца заўважным навуковым унёскам у вывучэнне гісторыі беларускай дыяспары, якая яшчэ чакае сваёй абагульняючай працы. Асабліва патрэбны ўлік і бібліяграфаванне ўсёй друкаванай спадчыны беларускай эміграцыі, яе асэнсаванне. За мяжой падобная работа пачыналася яшчэ Тамашом Грыбам (ад імя Беларускага Архіву) у 1920-х гг. у Празе, Янам Станкевічам (Крівчскае Таварыства) у Германіі ў 1940-х гг., Мікалаем Паньковым (ад імя Усебеларускага Архіву) у 1950-х гг. і дырэкцыяй Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў ЗША, куды ў 1953 г. увайшла Беларуская бібліяграфічная служба (была створана ў 1946 г. на першай нарадзе беларускіх кніжнікаў у Ольдэнбургу ў Германіі). Аднак цалкам беларускай эміграцыі не ўдалося сфармаваць цэнтр, выконваючы ролю Кніжнай Палаты ўсяго выдадзенага ў эміграцыі. Большасць пачынанняў, даведзеных да лагічнага канца, стала справай асобных энтузіястаў. У свой час немалаважную ролю ў зборы інфармацыі пра беларускія замежныя выданні адыгралі і такія перыядычныя выданні, як газета “Беларус” (1950–1995), у якой рубрыку “Зьбіраньне эміграцыйнага друку” вяла Зора Кіпель; а таксама – “Аб'еднаньне” (1948–1961), “Божым Шляхам” (1947–1980), “Бацькаўшчына” (1947–1962), “Беларускі голас” (..), “Полацак” (1993–1997) сістэматычна паведамлялі пра найбольш значныя беларускія выданні. Асобныя бібліяграфічныя матэрыялы публікаваліся на старонках “Запісаў Беларускага Інстытут Навукі і Мастацтва” (1953. №2; 1954. №1), “Нівы” (1991. 29 сн.) і інш. На жаль, сістэматычны і поўны ўлік эмігрантскіх выданняў ў Беларусі сёння таксама не вядзецца (?). Найбольшымі калекцыямі друкаванай прадукцыі беларускіх эмігрантаў валодае Нацыянальная бібліятэка Беларусі (каля 2 тыс. назваў). Да нядаўняга часу зборам падобных матэрыялаў займаўся і Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф.Скарыны (бібліятэка цэнтра расфармавана ў 2006 г.). Некаторыя выданні захоўваюцца ў кніжных зборах такіх міжнародных арганізацый, як “Бацькаўшчына”, Міжнародная арганізацыя беларусістаў, а таксама ў прыватных зборах. Доўгі час спадчына беларускай эміграцыі заставалася невядомай; не вывучалася і не выкарыстоўвалася. Толькі ў 1991–1994 гг. яна змагла актыўна і арганічна ўліцца ў навукова-культурны кантэкст жыцця Беларусі. У сваю чаргу абвяшчэнне незалежнасці Беларусі выклікала павелічэнне колькасці даследаванняў гісторыі Бацькаўшчы за мяжой. Намаганнямі вучоных “бліжняга” замежжа (з Масквы) і Беларусі наладжаны выпуск літаратурна-мастацкага штогодніка “Скарыніч” (вып.1, 1991; вып.2, 1993). У новым ці абноўленым беларускім замежным друку папулярызаваліся дасягенні сучаснай гістарычнай думкі усходняй дыяспары: “Наша Ніва” (Вільнюс), “Сьвітанак” (Рыга), “Шляхам Скарыны” (Масква) і інш. Нацыянальна-дзяржаўнае адраджэнне садзейнічала актывізацыі вучоных заходняй дыяспары. Быў заснаваны часопіс “Полацак” (у Кліўлендзе, 1991–1997), на старонках якога ў лепшых традыцыях патрыятычных выданняў, якія склаліся ў час нацыянальнага Адраджэння, друкаваліся даследаванні гісторыкаў Беларусі і замежжа. Пачаў выходзіць часопіс “Прамень” (у Манфале, з 1993 г.). Пасля 1994 г. у друку беларускага замежжа з'явіліся публікацыі, крытычна ацэньваючыя сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь, – ліквідацыю нацыянальных сімвалаў (герба і сцяга), увядзенне двухмоўя і знішчэння беларускай мовы, парушэнне правоў чалавека, таталітарнай формы кіравання. І той шлях узаемадзеяння даследчыкаў Беларусі і нацыянальнай дыяспары, які намеціўся ў першай палове 1990-х быў перарваны. Што тычыцца колькаснага складу сучаснай друкаванай спадчыны беларускай эміграцыі, то па нашых дадзеных за перыяд з 1991 па 2006 гг. выйшла каля 700 назваў кніг і брашур, а таксама 62 назвы перыядычных выданняў. Гэта складае ад усёй колькасці надрукаванага беларускімі эмігрантамі каля 16% і 14% адпаведна. У сярэднім у год прыходзілася па 44 кніжных выданнні. Найбольш плённымі для кнігавыдання былі 1993 г. – 65 выданняў, 1995 г. – 62, 1996 г. – 65, 1997 г. – 67. З 2001–2002 гг. назіраецца памяншэнне колькасці назваў, якія выходзілі ў друку беларускага замежжа. Асноўнай мовай выданняў з'яўляецца, безумоўна, беларуская. Сярод выкарыстання іншых моваў больш распаўсюджаны английская, нямецкая і французская. Так, даволі значная частка перыядычных выданнняў 1991–2006 гг. выходзіла на англійскай, беларускай і англійскай, французскай, французскай і беларускай, нямецкай, нямецкай і беларускай, беларускай і украінскай мовах – усяго 24 назвы. Амаль усе беларускамоўныя перыядычныя выданні выходзяць на кірыліцы – 37. Асноўныя выдавецкія цэнтры сучаснай эміграцыі.Найбольш плённай за гісторыю эміграцыі стала дзейнасць выдавецтва Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва, якое, не маючы сваёй уласнай паліграфічнай тэхнікі, рыхтуе кнігі да выдання і друкуе сваю прадукцыю ў розных прыватных беларускіх і небеларускіх друкарнях. Яшчэ ў першым і асноўным выданні інстытута “Запісах” (з 1952 г.), у перадавіцы першага іх нумару была выказана думка пра неабходнасць фармавання інтэлектуальнай творчай арганізацыі, акрэслены кірункі дзейнасці на падтрымку, ажыўленне і каардынацыю беларускай навукова-культурнай работы ў эміграцыі. Зборнік жа стаў сістэматычным навуковым органам Інстытута. Выходзіць у Нью-Йорку і Мюнхені. Асноўную фінансавую падтрмку выданне атрымлівае з Фундацыі імя Пятра Крэчэўскага. З 2002 г. “Запісы” друкуюцца ў Мінску. За перыяд 1992–2008 гг. былі выдадзены кнігі 20-31. У іх нашлі адлюстраванне такія матэрыялы, як архівы Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва, Беларускай Народнай Рэспублікі, рукапісныя матэрыялы вядомых дзеячаў беларускай культуры (нпр., Янкі Купалы) – “Запісы, 20” (Нью-Йорк, 1992); успаміны пра Вацлава Ластоўскага – “Запісы, 21” (Нью-Йорк, 1994); навуковыя даследаванні, як праблемы расійскай нацыянальнай свядомасці ў Беларусі канца XIX – пачатку ХХ ст. – “Запісы, 23” (Нью-Йорк, 1996), гісторыя беларускага руху, пачынаючы з XIII ст. – “Запісы, 24” (Нью-Йорк, 1999), беларуская дыяспара ў нацыянальнай сучаснай гістарыяграфіі ХХ ст., беларуская мемуарыстыка ў эміграцыі – “Запісы, 25” (Мінск; Нью-Йорк, 2001), беларуская гістарычная навука ў эміграцыі, беларускі рэлігійны друк у эміграцыі, беларусы ў Аўстраліі – “Запісы, 27” (Мінск; Нью-Йорк, 2004) і шэраг іншых публікацый, прысвечаных таксама дзейнасці асобных выдатных прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, як напрыклад, Зора Кіпель – “Запісы, 27” (Мінск; Нью-Йорк, 2004) і інш. Інстытутам выдаваліся таксама літаратурна-мастацкі часопіс “Конадні” (1954–1963), інфармацыйны “Абежнік” (1953–1969). З 1955 г. выдавецтва інстытута прыступіла да выдання кніг. Былі заснаваны такія серыі, як “Бібліяграфічная серыя”, у якой убачылі свет 7 грунтоўных бібліяграфічных прац; “Гісторыя эміграцыі” (3 кнігі, з 1994 г.); “Беларускія паэты й пісьменьнікі” (11 кніг, з 1979 г.). Значны ўнёсак у развіццё выдавецкай дзейнасці зрабілі Вітаўт Тумаш, Антон Адамовіч, Вітаўт Кіпель (узначальвае інстытут з 1982 г.) З канца 1980-х гг. інстытут падтрымлівае цесныя кантакты з асобнымі грамадскімі арганізацыямі ў Беларусі. Усяго ў 1991–2007 гг. было выдадзена каля 50 назваў кніг і брашур. Прыярытэтнае месца ў выдавецкім рэпертуары займае гістарычная і бібліяграфічная тэматыка. Важным кірункам з'яўляецца выданне мастацкай і філалагічнай літаратуры; выданняў, прысвечаных культуры Беларусі і белірускай эміграцыі. З 2000 г. амаль усе выдавцкія праекты БІНІМа ажыццяўляюцца як суместныя: з Мінскам, Варшавай, Вільняй, Беластокам. Значны ўклад у развіццё выдавецкай дзейнасці ўнеслі Вітаўт Тумаш, Антон Адамовіч, Вітаўт Кіпель (узначальвае Інстытут з 1982 г.), Янка Запруднік, Томас Бэрд, Зміцер Саўка, Лявон Юрэвіч і інш. У ЗША выдавецкай дзейнасцю займаліся таксама выдавецтва газеты “Беларус” (Нью-Йорк), выдавецтва “Polacak” (Нью-Йорк) – існавала да 1992 г., “Беларускае Выдавецкае Таварыства” (Нью-Йорк), выдавецтва “Парус” (Нью-Йорк), “БАЗА” (Нью-Йорк),“Беларускае Мастацка-Культурнае і Навуковае Таварыства” (Саут Рывер), “Беларуска-Амерыканскае Таварыства” (Кліўленд), “Фундацыя П. Крэчэўскага” (Нью-Йорк), Рада БНР (Нью-Йорк, Кліўленд), Беларускі Архіў у ЗША (Нью-Йорк), “C.Atheneum” (Чыкага), Byelorussian Chantable Educational (Гейнсвіл). Мікалай Прускі, Барыс Данілюк, Ян Пятроўскі, Янка Юхнавец і іншыя атрымалі вядомасць як прватныя выдаўцы. Значныя суместныя выдавецкія праекты беларусаў ЗША і Канады належаць беларускаму выдавецтву “Пагоня” (Таронта). Бунейшым навукова-культурным цэнтрам у Еўропе з'являецца Беларуская бібліятэка і музей імя Ф.Скарыны (1971–). Дзякуючы нястомнай дзейнасці а. Аляксандра Надсана, Апостальскага Візітатара для беларусаў католікаў за мяжой, які ўзначальваў бібліятэку з дня яе заснавання, тут сабраны багацейшыя кніжныя і архіўныя зборы беларускай эміграцыі. Лонданская Беларуская бібліятэка стала навуковым цэнтрам для вучоных беларусазнаўцаў з розных краін свету. Навукова-даследчай працай займаўся і сам а. Аляксандр Надсан, што знайшло адлюстраванне (за перыяд 1992 – 2004 гг.) у 10 асобных кніжный выданнях, 7 з якіх выйшлі ў выдавецтве “Божым шляхам”[1]. У 2003 г. былі апублікаваны матэрыялы канферэнцыі “Роля беларускае дыяспары ў захаваньні і развіцьці белорусскай культуры”. У дзейнасці бібліятэкі, у тым ліку выдавецкай, значную ролю адыгралі а. Чэслаў Сіповіч, а таксама збіральнік і даследчык беларускай рэлігійнай музыкі Гай Пікарда. З 1957 г. у Лондане дзейнічае выдавецтва “Божым шляхам”, асноўным выданнем якога ў 1957–1980 гг. быў аднайменны грамадска-рэлігійны і літаратурна-гістарычны часопіс на беларускай мове. Выдавецтва спецыялізуецца на выданні рэлігійзнай літаратуры, у тым ліку прысвечанай гісторыі хрысціянства, хрысціянскай царквы, царкоўнага будаўніцтва, рэлігійных адносін у Беларусі, узаемазалежнасці рэлігіі і культуры, нацыянальнай самасвядомасці ў развіцці беларускага народа, хрысціянскім ассветнікам, заснавальнікам айчыннага кнігавыдання. Адной з заўважнейшых фігур, а таксама аўтарам шэрагу выданняў з'яўляецца айцец Аляксандр Надсан. Асабліва актыўнымі ў дзейнасці выдавецтва сталі 1991–1995 гг., калі выйшлі ў свет больш за 40 назваў кніжных выданняў. У 1996–2004 гг. былі выдадзены яшчэ 15. У 1992 г. у перакладзе на сучасную беларускую мову і з заўвагамі а. Аляксандра Надсана выйшлі “Выбраныя малітвы з Малой Падарожнай Кніжкі” Ф. Скарыны. Значная ўвага ў выдавецтве ўдзялялася літаратуры па гісторыі царквы, што пацвярджаюць такія выданні а. А. Надсана, як “400 гадоў Берасьцейскай Уніі” (1996), “L'Église Grécque Catholique (Uniate) Biélarusienne” (1996), “Магдалена Радзівіл і грэка-каталіцкая царква” (2001), “Сьвяты Кірыла Тураўскі” (2001), а таксама багаслужэбнай і літургічнай літаратуры – “Боская Літургія між сьвятымі Айца Нашага Базыля Вялікага” (1991), “Акафіст Найсьвяцейшай Багародзіцы” (1992), “Малебны Канон Найсьвяцейшай Багародзіцы” (1992), “Абрад Сьвятога Хросту і Мірапамазаньня”, “Абрад пахаванньня памерлых” (1991), “Абрад Шлюбу” (1992) і інш. У рэпертуары рэлігійных выданняў адзначаюцца царкоўныя песеннікі, як “Беларускі Царкоўны Сьпеўнік” Гая Пікарды (1993), “Беларускі Духоўны Сьпеўнік” (1994) і царкоўныя календары – “Беларускі царкоўны каляндар” (1993–). У Лондане існуе таксама Англа-Беларускае Таварыства, заснаванае пры Аб'яднанні беларусаў Вялікабрытаніі, якое рэгулярна выдавала на англійскай мове штогоднік навуковых артыкулаў пад назвай “The Journal of Byelorussian Studies” – “Часопіс беларускіх даследаванняў” (1965–1988). У другой палове 1990-х гг. былі надрукаваны два тамы “Occasional Papers in Belarusian Studies” – “Аказійных матэрыялаў” (1995), заснаваны штоквартальны часопіс таварыства “The Belarusian Cronicle” “Беларуская хроніка” (1997–2007?), які падае панарамны агляд падзей, звязаных з англа-беларускімі сувязямі” [4, с. 7]. Актыўны ўдзел у жыцці Таварыства прымалі а. А. Надсан, Г. Пікарда, А. Макмілін. Важкая падтрымка выхаду ў свет кніжных выданняў беларускіх эмігрантаў аказваецца ў Чэхіі, Польшчы, Літве і іншых краінах, дзе беларуская кніга вымушана знаходзіцца ў эміграцыі. Напрыклад, выдавецкія праекты Радыё Свабода ў Празе, дзе Беларускай службай Радыё заснавана серыя “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе” (1998–). У Польшчы актыўнай выдавецкай дзейнасцю займаецца Беларускае літаратурнае аб'яднанне ў Беластоку “Белавежа”, на ліку якога ўжо больш за 50 назваў апублікаваных твораў мастацкай літаратуры. У 1990 г. заснавана серыя «Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб'яднання “Белавежа”». Выдавецкай дзейнасцю ў Беластоку займаецца Праграмная Рада Штотыднёвіка “Ніва”, у Варшаве – выдавецтва “Беларускіх Ведамасьцяў”, “Фонд Сьцяпана Батуры”. Праблемы захавання беларускай мовы і ролі ў гэтым беларускай эміграцыі прысвечана кніга Ніны Баршчэўскай “Беларуская эміграцыя – абаронца роднае мовы”, якая выйшла ў 2004 г. у Польшчы (Варшава). Манаграфія ўключае таксама раздзелы, прысвечаныя выдавецкай дзейнасці. Больш запатрабаванай стала ў апошні час выдавецкая база Літвы, дзе акрамя “Таварыства беларускай культуры ў Літве” дзейнічаюць такія выдавецкія цэнтры, як «Выдавецтва Беларусаў Літвы “Рунь»”, “Наша Будучыня”, “Інстытут Беларусістыкі”, “ULA”, “Jusida”, “Gudas”, выдавецтва Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта і інш. Напрыклад, у 2000–2002 гг. у выдавецтве “Рунь” выйшлі ў свет 8 выданняў серыі “Партрэты віленчукоў”, прысвечаныя вядомым дзеячам беларускага адраджэння. Сярод навейшых выданняў у Германіі з'яўляецца штоквартальнік “Belarus–News” (“Навіны з Беларусі”), які выдаецца з 1998 г. на нямецкай мове. У ім аналізуецца развіццё падзей у Беларусі і даецца навейшая бібліяграфічная інфармацыя пра Беларусь, змешчаная ў нямецкіх газетах і Інтэрнеце. Значная ўвага ўдзяляецца таксама выданням вучэбным, як напрыклад “Падручнік па беларускай гісторыі” (2000?). Асобныя выданні выходзяць у Мюнхене, Кёльне, Берліне. У 1996 г. у Францыі было заснавана Таварыства па развіццю даследаванняў, інфармацыі і культуры Беларусі, асноўным выданнем якога з'яўляецца штоквартальны бюлетэнь “Perspectives biélorussiennes” (“Беларускія перспектывы”). Значнай падзеяй у 1997 г. было выданне манаграфіі “Гутарым па-беларуску” – “Parlons biélorussien. Langue et culture” [4]. Аўтары выдання Аляксандра Гужон і Вірджынія Шыманец разам з урокамі беларускай мовы ўключылі раздзелы па гісторыі і культуры Беларусі. Нельга не адзначыць у апошні час і дзейнасць парыжскага выдавецтва “L'Harmattan”, у якім з 2000 г. пачаты выпуск серыі “Collection Biélorussie” (“Беларуская калекцыя”), прысвечанай гісторыі і культуры Беларусі (рэдактар серыі – В. Шыманец)[2]. У тэматыцы сучаснага выдавецкага рэпертуару беларускай эміграцыі вядучае становішча займае гістарычная (234 назв.), грамадска-палітычная (200 назв.), рэлігійная (165 назв.), мастацкая (63 назв.) і мастацтвазнаўчая літаратура (39 назв.). Цалкам можна адзначыць, што асноўныя тэматычныя групы кніжных выданняў беларускай эміграцыі складае літаратура грамадска-палітычная і гістарычная, рэлігійная, адукацыйна-асветніцкая, мастацкая, публіцыстычная; па відах выданняў – гэта літаратурна-мастацкая, навуковая і навукова-папулярная. За доўгі час свайго існавання ў выгнанні беларуская літаратура назапасіла багатую творчую спадчыну, заснаваную ў першую чаргу на нацыянальнай ідэі. Эміграцыйная літаратура “адраджала той рай, адкуль яна была выгнана разам з апосталамі – з тымі знакавымі фігурамі і рэаліямі, якімі поўніцца паэзія дыяспары. Аднак, пачынаючы з 1995 г. у літаратурным руху беларускай эміграцыі адзначаецца пэўны спад. Адыходзяць людзі, уміраюць выданні, апошнія з магікан ужо не пішуць, а маладыя аўтары і таго (як “пражане” Сяржук Сакалоў-Воюш, Максім Шчупар) адмаўляюцца лічыць сябе эміграцыйнымі пісьменнікамі. І, як сцвярджае беларус-эмігрант Лявон Юрэвіч, канчаецца эміграцыйны этап беларускай літаратуры. І, відаць, можна сказаць, што наступае этап пераасэнсавання спадчыны беларускай эміграцыі, этап захавання і распаўсюджання гэтай спадчыны ў Беларусі, этап ліквідацыі межаў, бо думка сёння нягледзячы ні на што павінна і можа быць свабоднай. Гэтаму садзейнічаюць і сучасныя камп'ютэрныя тэхналогіі, якія дазваляюць зносіны і ўзаемадзеянне праз Інтэрнет, дзякуючы якому атрымліваюць распаўсюджанне і электронныя часопісы, кніжныя Інтэрнет-магазіны і бібліятэкі. Адным з такіх сайтаў з'яўляецца сайт “Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ” (існуе з 2000 г.). Дзякуючы і друкаваным і электронным выданням даследчыкі атрымліваюць магчымасць знаёміцца з беларускай эміграцыйнай думкай, з дапамогай сучасных тэхналогій, у прыватнасці, мікрафільмавання, плануецца капіраванне і распаўсюджанне назапашанай спадчыны ў разнастайныя беларускія бібліятэкі і цэнтры. Наглядны матэрыял і крыніцы: 1. Божым шляхам. – Рым, 1946. – 176 с. 2. Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. – Коўна, 1924. Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. – Коўна, 1926. 3. “Запісы”. 4. Journal of Beyelorusian Studies. 5. Тумаш В. Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI–XX. – Нью-Йорк, 1989. 6. Калубовіч А. Дасюлетні стан вывучэння помнікаў беларускага пісьменства Х – ХVII ст. : гістарыяграфічны агляд. – Кліўленд, 1978. 7. Кіпль В. Беларускі друк на Захадзе : бібліяграфія / Вітаўт Кіпель, Зора Кіпель ; пад рэд. Юрася Гарбінскага й Лявона Юрэвіча = Kipel V. Belarusian Publishing in the West : a bibliography / Vitaut Kipel, Zora Kipel ; edited by Jerzy Garbinski & Liavon Yrevich. – Нью Ёрк ; Варшава, 2006. – 714 с. 8. Кіпель В. Беларусы ў ЗША. – Мн., 1993. 9. Лявончыкаў В.Е. Бібліяграфія беларускага замежжа пасля другой сусветнай вайны (1945–1991 гг.) / В.Е.Лявончыкаў, В.В.Бушуева // Вопросы библиографоведения и библиотековедения : межведомственный сб. – Мн. : Універсітэцкае, 1994. – С.51, 56.
[1] См., например: Бібліяграфія Аляксандра Надсана. In Запісы. New York, Miensk, 2006, кн. 30, с. 102–123. [2] См.: Беларуская серыя французскага выдавецтва “L'Harmattan”. In Голас Радзімы. Мінск, 2003, 1 мая (№18), с. 16.
|