|
Жыццёвы і творчы шлях М.Танка (1912 – 1995)Date: 2015-10-07; view: 2142. П Л А Н : 1. Жыццёвы і творчы шлях М.Танка. Паэзія даваеннага перыяду: пафас, праблематыка вершаў, асноўныя жанры [1 – 4; 6; 8 – 11; 16; 18; 19; 23 – 25; 27; 38; 44; 46; 47; 51; 53; 54].
Біяграфія М.Танка: маскоўскі перыяд жыцця будучага паэта (1914 – 1922), выбрабаванні на шляху асветы (перапыненасць вучобы ў Вілейцы, Радашковічах і Вільні), астрожныя перыяды жыцця, прафесійная падпольная дзейнасць на тэрыторыі Заходней Беларусі, журналісцкая праца ў гады Вялікай Айчыннай вайны, поспехі пісьменніка ў творчасці ў пасляваенны час. Адметнасць заходнебеларускай лiтаратуры i абумоўленасць творчасцi Максіма Танка яе спецыфiкай. Танальнасці і сімволіка зборніка “На этапах” (1936), разгалінаванне суровай пачуццёвасці і лірычнага суперажывання ў зборніках “Журавiнaвы цвет” (1937) і “Пад мачтай” (1938); шырыня тэматычнага дыяпазону, жанравая разнастайнасць вершаў “Чорныя скібы”, “Спатканне”, “Песня кулікоў”, “На пероне”, “Паслухайце, вясна ідзе” і інш., змешчаных у даваенных зборніках, спалучэнне ў гэтых творах рэвaлюцыйнага пафасу i высокай паэтычнай культуры.
2. Раскрыццё эпічнага таленту М.Танка ў паэмах 30-х гадоў: “Нарач”, “Сказ пра Вяля”, “Каліноўскі” [1 – 4; 5; 6; 8; 11; 16; 18; 38; 49; 53; 54].
Праблематыка і жанрава-стылявыя асаблівасці паэмы “Нарач” (1935 – 37), характарыстыка вобразаў рэвалюцыянера Грышкі, рыбакоў Прахора, Архіпа, Сымона, яго дачкі Таццяны; праблема героя і масы ў паэме “Сказ пра Вяля” (1937); мастацкае асэнсаванне вобраза галоўнага героя ў паэме “Каліноўскі” (1938); канкрэтна-жьщцёвы i легендарна-фальклорны матэрыял у змесце гэтых твораў.
3. Асаблівасці лірыкі Максіма Танка ваеннага часу. Тэматыка, праблематыка, пафас, вобразы галоўных герояў паэмы “Янук Сяліба” [1 – 4; 5; 6; 7; 8; 9; 11; 16; 18; 19; 25; 39; 53; 54].
Тэма радзімы, услаўленне подзвігу ў імя яе вызвалення ў зборніках “Праз вогненны небасхiл” (1945) і “Вастрыце зброю” (1945): паэтызацыя Бацькаўшчыны ў вершах “Беларусь” і “Родная мова”, жанравая спецыфіка вершаў “Маці”, “Не шкадуйце, хлопцы, пораху”. Адлюстраванне драматызму народнай барацьбы ў паэме “Янук Сяліба” (1943), тэматычна-вобразная роднасць твора з ваеннай лірыкай і паэмай “Нарач”, тэма мастацтва ў легендзе пра музыку Кулiка ў кантэксце ўсяго твора; паказ свету народнага жыцця ў баладна-прытчавым плане: лясная калыханка Раіны, спрэчка бога і чорта аб уладзе над духоўнасцю чалавека і інш.; характарыстыка вобразаў Янука і Раіны, Гарыдаўца, Мітрафана, капітана Шарона, Курта.
4. Характарыстыка творчасці М.Танка першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (зб. “Каб ведалі”, “На камні, жалезе і золаце”, “У дарозе”). Мастацкі аналіз вершаў. Філасофскі змест паэмы “Люцыян Таполя”[1 – 4; 5; 6; 8; 9; 11; 16; 18; 19; 23; 39; 53; 54].
Тэма мінулай вайны, радзімы ў зборніках “Каб ведалі” (1948), “На камні, жалезе і золаце” (1951), “У дарозе” (1954); неадназначнасць творчых здабыткаў у вершах гэтых зборнікаў: апявальная гучнасць некаторых твораў і майстэрства паэта, выяўленае ў асучасненай змястоўнасці вершаў “Каб ведалі”, “Якубу Коласу”, “Шапэн”, “Рукі маці” і ў форме балады-легенды – гераічнай (“Балада пра партызана Дубягу”) і трагічнай (“Пасылае маці думы”).
5. Мастацкія асаблівасці творчасці М.Танка 50 – 60-х гадоў ( зб. “След бліскавіцы”, “Мой хлеб надзённы”, “Глыток вады”, “Перапіска з зямлёй”) [1 – 4; 6; 7; 8; 11; 13; 15; 16; 18; 19; 23; 25; 26; 39; 53; 54].*
Пашырэнне жанрава-тэматычных абсягаў, узбагачэнне стылю ў лірыцы 50-х – 60-х гадоў; Максім Танк як паэт “другога дыхання” ў зб. “След бліскавіцы” (1957), “Мой хлеб надзённы” (1962), “Глыток вады” (1964), “Перапіска з зямлёй” (1967): эстэтычная цэласнасць, прага грамадскага і творчага абнаўлення жыцця, пераацэнка грамадска-ідэалагічных і асабіста здабытых каштоўнасцей у вершах “Перш непакоіўся...”, “Даўно я перастаў баяцца...”, “Божа паэзіі...”і інш.; пашырэнне сферы грамадзянскага і патрыятычнага самавыяўлення паэта ў “замежных” вершах “Гібралтар”, “У Луўры”; удасканаленне і развіццё тэхнікі верша, узмацненне інтэлектуальнага пачатку ў вершах “Ave Maria”, “Венера Мілоская”, “Мой хлеб надзённы”, “Шчасце” і інш.; зварот да свету вясковага чалавека, паэтызацыя родных мясцін, прадметны жыццяпіс ў вершах “Смаленне кабана”, “Дачнікі”, “Перапіска з зямлёй”, “Мой родны кут”, “Зямное прыцягненне” і інш.
6. Лірыка М.Танка 70 – 90-х гадоў (зб. “Перапіска з зямлёй”, “Хай будзе святло”, “Прайсці праз вернасць”, “Збор калосся”, “Мой каўчэг”, “Errata” і інш.): разнастайнасць тэматыкі, праблематыкі, жанравае багацце. Аналіз вершаў з гэтых зборнікаў. Жанрава-стылявыя асаблівасці паэмы “Мікалай Дворнікаў” [1 – 4; 7; 8; 11; 13; 15; 16; 19; 20; 23; 25; 28; 50; 52 – 55].
Інтэнсіўнасць мастацкіх пошукаў М. Танка ў паэзіі 70-х – 80-х гадоў, змена ракурсу бачання супярэчлівых з'яў свету; заглыбленне ў рэчаіснасць, свядома ўзмоцненая арыентацыя на паэтыку асацыятыўнасці, роздумная іншасказальнасць у зб. “Хай будзе святло” (1972), “Дарога, закалыханая жытам”(1972), “За маім сталом” (1984), “Збор калосся” (1989). Вяртанне ў гады маладосці, раскрыццё героікі і трагізму падзей ў паэме “Мікалай Дворнікаў”(1978). Прытчападобнасць і алегарызм, пашырэнне ўмоўна-асацыятыўнага пачатку ў вершах “Спецыяльнасць мая – спецыяльнасць сапёра...”, “Над Маякоўскім”, “Павестка ў суд”, “Няздзейсненае падарожжа”, “Здарэнне ў самалёце”, філасофская значнасць твораў “Пігмаліён”, “Марк Шагал”, “З дзённіка д'ябла”, “Гравюры Скарыны”, змешчаных у вышэй названых зборніках паэта, ідэйна-мастацкія асаблівасці танкаўскага верлібра; узмацненне спавядальнасці, самапакаяння ў паэтычых зборніках 90-х гадоў: “Мой каўчэг” (1995) і “Errata” (1996): асэнсаванне перажытага і зведанага ў жыцці ў вершах “На пераатэстацыі”, “У шпіталі”, “Трэн пакутны”, “Не вязе мне, спадары, прызнацца”, “Усё жыццё я не любіў расстанняў” і інш.; вечныя праблемы і каштоўнасці чалавечага жыцця і гуманістычны пафас апошніх вершаў паэта “З альбома Л.”, “Апошняя стрэча”, “Эх, Багрыме...”, Раскладанне лыжак”, “Раніца”, “Памяці Л.”, “Бежанская ёлка”, “Як жа сталася гэтак...”, ндрукаваных у часопісе Полымя за 1996, № 9. Значэнне творчасці М. Танка як паэта-наватара ў гісторыі беларускай літаратуры, уплыў яго паэзіі на агульны літаратурны працэс.
|