Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Храналогія


Date: 2015-10-07; view: 770.


Каля 1230–1263 гг. – княжанне ў Новагародку (Навагрудку) вялікага князя Міндоўга. Заснаванне дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага.

1253 г. – хрышчэнне князя Міндоўга ў каталіцтва і каранаванне яго каралём Літвы ў г. Навагародку.

1264–1266 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Войшалка (сына Міндоўга).

1267 г. – першае ўпамінанне пра г. Магілёў (“Магілёўскя хроніка“).

1267–1270 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Шварна Данілавіча.

1270–1282 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Трайдэна (Трайдзеня).

1293 – 1316 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Віценя.

ХІІІ ст. – на балцкіх землях, не захопленых крыжакамі, выдзяляюцца дзве вялікія вобласці – Аўкштайція (Сярэдняе і Верхняе Панямонне, у тым ліку і тэрыторыя цяперашняй Гродзенскай вобласці) і Жамойць (Ніжняе Панямонне каля Балтыйскага мора). Адзін з раёнаў Аўкштайціі – Літва – стаў цэнтрам аб'яднання балцкіх плямён.

ХІІІ ст. – напісанне Аршанскага Евангелля.

1307 г. – далучэнне да ВКЛ (па дагавору “раду”) Полацкай зямлі на правах аўтаноміі.

1315 г. – далучэнне да Вялікага Княства Літоўскага Берасцейскай зямлі.

1316–1341 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Гедыміна.

1323 г. – перанос Гедымінам сталіцы ВКЛ з Навагародкаў Вільню.

1320 г. – далучэнне да Вялікага Княства Літоўскага Віцебскага княства.

1320-1330 гг. – далучэнне да Вялікага Княства Літоўскага Турава-Пінскай зямлі.

1345–1377 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Альгерда (сумесна з братам Кейстутам).

1362 (1363 г). – бітва з мангола-татарамі на р. Сінія Воды (Падольская зямля на Украіне), далучэнне да ВКЛ Кіеўскай, Чарнігава-Северскай, Падольскай, Валынскай і Пераяслаўскай зямель.

1377–1392 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Ягайлы.

1380 г., 8 верасня – Кулікоўская бітва паміж войскамі Залатой Арды і вялікага князя Маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча (Данскога). Паражэнне татар. Удзел у Бітве ўзялі Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы.

1385 г., 14 жніўня – падпісанне Крэўскай уніі паміж ВКЛ і Польшчай, згодна з якой Ягайла прыняў каталіцтва і абавязваўся аб'яднаць Польшчу з Літвою, ахрысціць язычнікаў Жамойціі і Аўкштайціі, даць правы на валоданне і поўнае распараджэнне зямлёй феадалам-католікам, узяўшы шлюб з польскай каралевай Ядзвігай.

1387 г. – утварэнне Віленскага біскупства.

1387 г. – Вільня атрымала Магдэбургскае права.

1387 г. – прывілей Ягайлы, які юрыдычна замацоўваў палітычныя і эканамічныя правы феадалаў каталіцкага веравызнання.

1390 г. – Брэст атрымаў Магдэбургскае права.

1392 г. – падпісанне Востраўскага пагаднення паміж Ягайлам і Вітаўтам аб падзеле ўлады.

1392-1430 гг. – княжэнне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Вітаўта.

1399 г. – паражэнне войска Вітаўта ад татар у бітве на р. Ворксле.

1409–1411 гг. – “Вялікая вайна” паміж ВКЛ, Польшчай, з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам – з другога.

1410 г., 15 ліпеня – Грунвальдская бітва – разгром Тэўтонскага ордэна аб'яднанымі войскамі ВКЛ і Польскага каралеўства.

1413 г. – Гарадзельская ўнія (Гарадельскі прывілей), па якой было дэкларавана выключнае права феадалаў-католікаў займаць дзяржаўныя пасады ў ВКЛ.

1430 – 1432 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Свідрыгайлы.

1432–1436 гг. – грамадзянская вайна ў ВКЛ, у часе якой дзяржава часова была падзелена на Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у г. Вільні і Вялікае Княства Рускае з цэнтрам у г. Полацку. (1435 – бітва пад г. Вількамірам – паражэнне вялікага князя Свідрыгайлы).

1432–1440 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча.

1440–1492 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Казіміра IV Ягелончыка (сына Ягайлы і Софьі Гальшанскай).

1441 г. – Слуцк атрымаў Магдэбургскае права.

1447 г. – прыняццё агульназемскага прывілея Казіміра IV, якім былі замацаваны шырокія правы баяр ВКЛ у палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцці дзяржавы. Прывілей паклаў пачатак юрыдычнаму афармленню асабістай залежнасці сялян ад феадалаў.

1449 г. – пагадненне паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім. За ВКЛ прызнавалася права на Смаленшчыну, княствы ў вярхоўях р. Акі.

1468 г. – выдадзены Судзебнік вялікага князя Казіміра – першы кодэкс крымінальна-працэсуальнага права ў ВКЛ, складзеным на аснове мясцовага звычаёвага права і судова-адміністрацыйнай практыкі.

Каля 1470 –каля 1533 г. – жыццё і дзейнасць М. Гусоўскага, аўтара напісанай на лацінскай мове “Песні пра зубра” (1523 г.).

Каля 1490 – каля 1551 г. – жыццё і дзейнасць Ф. Скарыны, беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара.

1498 г. – Полацк атрымаў Магдэбургскае права.

1499 г. – Менск атрымаў Магдэбургскае права.

1492–1506 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Аляксандра.

1492 г. – прывілей Аляксандра аб правядзенні ўнутраннай і знешняй палітыкі ВКЛ толькі са згоды Рады.

1492-1494 гг. – першая адкрытая вайна паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім у серыі міждзяржаўных войн канца ХV – першай паловы ХVІ ст. Была ўстаноўлена новая мяжа паміж дзяржавамі. Права на Вяземскае княства і княствы ў вярхоўях р. Акі прызнана за Маскоўскай дзяржавай. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на гарады Ноўгарад, Пскоў, Разань, Цвер.

1500-1503 гг. –другая вайна паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім у серыі міждзяржаўных войн канца ХV – першай паловы ХVІ ст. ВКЛ страціла гарады Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Любеч, Мцэнск, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль, Старадуб, Хоцім, Чарнігаў і інш.

1506 г., 5 жніўня – разгром войскамі ВКЛ пад камандваннем М. Глінскага войска крымскіх татар.

1506–1548 гг.– княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Жыгімонта І Старога.

1506-1508 гг. – трэцяя вайна паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім у серыі міждзяржаўных войн канца ХV – першай паловы ХVІ ст. Скончылася падпісаннем пагаднення аб “вечным міры”, у якім былі падцверджаны межы, што былі зафіксаваны ў папярэдніх міждзяржаўных пагадненях.

1508 г. – мяцеж Глінскіх – групоўкі феадалаў ВКЛ, якіх узначальваў М. Глінскі.

1512-1522 гг. – чацвёртая вайна паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім у серыі міждзяржаўных войн канца ХV – першай паловы ХVІ ст. ВКЛ страціла г. Смаленск, які апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы.

1514 г., 8 верасня – паражэнне маскоўскіх войскаў пад г. Орша. Войска ВКЛ ўзначальваў К. Астрожскі.

1517 г., 6 жніўня– выданне Ф. Скарынай у Празе першай беларускай і ўсходнеславянскай кнігі “Псалтыр”.

1517 г. – выступленне прафесара Вітэнбергскага ўніверсітэта Марціна Лютэра, пачатак рэфармацыйнага руху ў Еўропе, які завяршыўся афармленнем пратэстантызму.

1522-1525 гг. – друкарская дзейнасць Ф. Скарыны ў Вільні (у 1522 г. выйшла “Малая падарожная кніжыца”, у 1522 г. – “Апостал”).

1523 г. –выданне М. Гусоўскім на лацінскай мове “Песні пра зубра”.

1529 г. – прыняцце Першага Статута ВКЛ.

1529 г. – узнікненне тэрміна “пратэстантызм”, пасля таго, як некалькі князёў і група гарадоў Свяшчэннай Рымскай імперыі выступілі з пратэстам супроць рашэння імператара аб забароне далейшага распаўсюджаня некаталіцкіх хрысціянскіх рухаў.

1530-1593 гг. – жыцё і дзейнасць Сымона Буднага – беларускага гуманіста, асветніка, рэлігійнага рэфарматара, філосафа, аднага з заснавальнікаў Нясвіжскай друкарні, дзе ён выдаў у 1562 г. на старабеларускай мове “Катэхізіс”.

1534 г. – іспанскі шляхціц Ігнацій Лаёла заснаваў для барацьбы з Рэфармацыяй каталіцкі манаскі ордэн Таварыства Ісуса (езуіты).

1534-1537 гг. – пятая вайна паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім у серыі міждзяржаўных войн канца ХV – першай паловы ХVІ ст. Гомелская зямля вярталася да ВКЛ, а Себеж і Завалочча пераходзілі да Маскоўскай дзяржавы.

1548–1572 гг. – княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста (сына Жыгімонта Старога).

Каля 1540-1599 гг. –жыцё і дзейнасць Васіля Цяпінскага – беларускага пісьменніка, гуманіста, кнігавыдаўца. В. Цяпінскі стварыў друкарню, дзе ў 1570-1580-я гг. выдаў паралельна на царкоўна-славянскай і беларускай мовах перакладзенае ім “Евангелле” з уласнай прадмовай.

ТЭРМІНАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК

Ваяводствы– адміністратыўна-тэрытарыяльныя адзінкі ў ВКЛ. З'явіліся ў 1413 г. пасля рэформы Вітаўта. На чале ваяводства стаяў ваявода. Дзяліліся на больш дробныя адзінкі – паветы і воласці. Галоўнай асобай у ваяводстве быў ваявода, які ўзначальваў тут адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і судовыя органы. Назначаўся ваявода вялікім князем і Радаю пажыццёва з ліку заможных і знатных феадалаў, ураджэнцаў ВКЛ. Ваявода ўваходзіў у склад Рады і быў абавязаны прысутнічаць на пасяджэннях сойма. Бліжэйшымі памочнікамі ваяводы былі: кашталян – па ваенных справах; пад-ваявода – па адміністрацыйна-судовых; ключнік – наглядаў за зборам даніны і чыншаў; гараднічы – камендант замка, які клапаціўся аб яго рамонце і ўтрыманні.

Гетман найвышэйшы– камандаваў узброенымі сіламі дзяржавы, калі на чале іх не стаяў сам вялікі князь. У час ваенных дзеянняў ён меў самыя шырокія паўнамоцтвы адносна ўсіх падначаленых асоб, у тым ліку права караць вінаватых. Яго намеснікам быў гетман польны, той, хто ўзначальваў войска ў паходзе.

Жэмайція (Жмудзь, Жамойція)– тэрыторыя цэнтральнай і заходняй часткі сучаснай Літвы, дзе адбываўся працэс утварэння літоўскага этнасу. Доўгі час Жэмайція была арэнай барацьбы з крыжакамі.

Залатая Арда– дзяржава, што існавала ў сярэдзіне ХІІІ – ХV стст., створана нашчадкамі мангольскага хана Чынгісхана са сталіцай ў г. Сарай (Ніжняе Паволжжа). У перыяд найбольшай магутнасці ўключала ў свой склад Сярэднюю Азію, Паўночны Каўказ, палавецкія стэпы. Вяла войны з ВКЛ.

Канцлер– кіраваў дзяржаўнай канцылярыяй, пад яго наглядам ажыццяўлялася падрыхтоўка законапраектаў, прывілеяў, грамат і іншых дакументаў з дзяржаўнай канцылярыі. У яго знаходзілася вялікая дзяржаўная пячатка, без якой ніводзін закон не мог уступіць у сілу. Канцлер падпісваў і найважнейшыя дзяржаўныя акты. Яму падпарадкоўваліся шматлікія пісары, дзякі, талмачы. У канцылярыі пісьмова на старажытнабеларускай мове (з 1696 г. – на польскай) афармляліся ўсе пастановы і распараджэнні князя і Рады. Дакументы, што выходзілі з канцылярыі і прыходзілі туды, запісваліся ў асобныя кнігі, якія называліся Літоўскай Метрыкай.

Літва– у ХІІІ ст. гістарычная назва тэрыторыі Верхняга Панямоння. Балцкая тэрыторыя, але ў значнай ступені каланізаваная славянамі. Знаходзілася ў цэнтры фарміравання Вялікага Княства Літоўскага, да якога перайшла назва.

Магдэбургскае права– права феадальнага горада на самакіраванне, паводле якога эканамічная дзейнасць, маёмасныя правы, грамадска-палітычнае жыццё, саслоўны стан гараджан рэгуляваліся ўласнай сістэмай юрыдычных нормаў. Па магдэбургскаму праву гараджане вызваляліся ад феадальных павіннасцей, ім гарантаваліся свабодныя заняткі рамяством, гандлем, земляробствам і дазвалялася выбіраць свой орган улады – магістрат, суд, ствараць рамесныя аб'яднанні – цэхі.

Маршалак земскі– старшынстваваў на пасяджэннях сойма і Рады, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады на гэтых пасяджэннях, быў даглядчыкам за парадкам і этыкетам пры двары і падчас афіцыйных цырымоній кіраваў прыёмам замежных паслоў, дапускаў да гаспадара просьбітаў са скаргамі і чалабітнымі, судзіў за злачынствы, зробленыя на сойме.

Масква – Трэці Рым– ідэалагічная формула, з дапамогай якой вялікія князі маскоўскія абгрунтоўвалі свае прэтэнзіі на землі ВКЛ, населеныя праваслаўнымі, якіх яны лічылі сваімі падданымі. Згодна з гэтай канцэпцыяй Масква з'яўляецца пераемніцай Рымскай імперыі і Візантыі (першага і другога Рыму) і адзінай праваслаўнай дзяржавай.

Пагоня– 1) усеагульны збор войска ў ВКЛ; 2) назва герба ВКЛ.

Падскарбій земскі– даглядчык дзяржаўнай казны, выконваў абавязкі міністра фінансаў, вёў улік дзяржаўных прыбыткаў і выдаткаў, наглядаў за спагнаннем натуральных і грашовых падаткаў і збораў.

Паны-рада– вышэйшы орган улады ў ВКЛ. У склад рады ўваходзілі вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы (канцлер, маршалак земскі, гетман найвышэйшы, ваяводы і інш.), а таксама прадстаўнікі каталіцкага духавенства і найбуйнейшыя феадалы. Узнікла як дапаможны орган пры вялікім князі, у канцы ХV ст. набыла большую самастойнасць. Да кампетэнцыі Рады належалі: выбранне вялікага князя, абарона дзяржавы, міжнародныя справы, выданне законаў, разгляд найважнейшых судовых спраў. Для вырашэння неадкладных пытанняў існавала тайная рада (віленскі біскуп, віленскія ваявода і кашталян, трокскія ваявода і кашталян).

Сойм– саслоўна-прадстаўнічы орган улады ВКЛ і Польшчы. Складаўся з прадстаўнікоў шляхты. На вальны (агульна-дзяржаўны) сойм збіраліся: вялікі князь, службовыя асобы цэнтральнага і мясцовага кіравання, буйныя феадалы, якія ўваходзілі ў паны-раду, каталіцкія і праваслаўныя біскупы. З 1566 г. у склад сойма выбіраліся таксама па 2 прадстаўнікі ад кожнага павета. Да кампетэнцыі вальнага сойма належылі: выбранневялікага князя, справы вайны і міру, узаемаадносіны з іншымі краінамі, устанаўленне падаткаў і рэгуляванне заканадаўства. Сойм абмяжоўваў уладу вялікага князя і паноў-рады, паступова яго роля ў кіраванні ВКЛ узрастала. Акрамя вальнага збіраліся павятовыя і ваяводскія соймікі.

Тэўтонскі ордэн– ваенна-рэлігійная арганізацыя нямецкіх рыцараў. Створана ў ХІІ ст. у Палесціне. Ордэн быў запрошаны мазавецкім князем Конрадам у 1230 г. у Прыбалтыку для барацьбы з прусамі. Заваяваўшы прусаў, стварыў у Прыбалтыцы сваю дзяржаву. Вёў працяглыя войны з ВКЛ.

Харугва– баявая адзінка ў арміях сярэднявечча, уключала ў свой склад ад 60 да 600 копій.

Чорная Русь– гістарычная вобласць у басейне Верхняга і Сярэдняга Нёмана. На мяжы І і ІІ тыс. н.э. заселена і каланізавана славянамі. На тэрыторыі Чорнай Русі ў ХІІ ст. узнікла Гарадзенскае княства, пазней – Навагародскае, Ваўкавыскае і г.д. Адыграла ролю цэнтральнай часткі, вакол якой ішло ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Буйнейшы горад Чорнай Русі Навагародак быў першай сталіцай ВКЛ.


<== previous lecture | next lecture ==>
Гістарычныя персаналіі | ГІСТАРЫЧНЫЯ ПЕРСАНАЛІІ
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.269 s.