Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






ІV. Лічэбнік.


Date: 2015-10-07; view: 3984.


1. Ужыванне лічэбнікаў з назоўнікамі.

Лічэбнікі ў сказе звязаны з назоўнікамі і ўтвараюць разам з імі колькасна-іменныя спалучэнні, якія з'яўляюцца адным членам сказа: За чатыры гады ў ваенных дарог была бясконцая даўжыня (Скр.).

Ужыванне лічэбнікаў з назоўнікамі мае некаторыя асаблівасці.

1. Пэўнаколькасныя лічэбнікі (адна, адно, адны) дапасуюцца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне: адзін аловак, адна лінейка, адно пытанне, адны дзверы.

Заўвага. Трэба адрозніваць лічэбнікадзін ад абмежавальнай часціцы: Адзін (= толькі) вецер чуў скаргі хмаркі.

2. Пры лічэбніках два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры назоўнікі ставяцца ў назоўным склоне множнага ліку: Чатыры сыны – уся надзея і ўцеха матулі (Шым.). За гадзіны дзве дровы згарэлі, дуб знізу абсмаліўся, і агонь патух (К.Ч.). Прыметнікі, дзеепрыметнікі, парадкавыя лічэбнікі, займеннікі прыметнікавага тыпу, якія ўваходзяць у словазлучэнні з лічэбнікамі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры, таксама маюць форму назоўнага склону множнага ліку: Два старэйшыя афіцэры падняліся і, дамешваючы ў гаворку беларускія словы, хораша запрасілі “дзядзьку Якуба” за столік (Луж.). Пад бярозамі помнік. Тут пахаваны адразу дзве невялікія вёскі. У ліпені сорак другога (Б.). Параўн. у рускай мове: два лучших студента, четыре отважных бойца, три высоких дуба (назоўнік ставіцца ў родным склоне адзіночнага ліку, прыметнік – у родным склоне множнага ліку).

3. Колькасных лічэбнікі ад пяці і далей у назоўным і вінавальным склонах кіруюць назоўнікамі, якія ставяцца ў родным склоне множнага ліку: пяць студэнтаў, шэсць сшыткаў, дзесяць парт, дваццаць кіламетраў.

4. Няпэўнаколькасныя лічэбнікі спалучаюццаз з назвамі прадметаў, якія паддаюцца лічэнню (столькі кніг), і могуць спалучацца з абстрактнымі і рэчыўнымі назоўнікамі (многа радасці, шмат хлеба).

5. Дробавыя лічэбнікі складаюцца з колькаснага лічэбніка (у лічніку) і парадкавага лічэбніка (у назоўніку). Пры словах дзве, тры, чатыры парадкавыя лічэбнікі стаяць у назоўным склоне множнага ліку (тры шостыя), а ў астатніх выпадках – у форме роднага склону множнага ліку (сем дзевятнаццатых). Назоўнікі пры дробавых лічэбніках ужываюцца ў родным склоне адзіночнага ліку (сем восьмых плошчы).

6. Пры зборных лічэбніках назоўнікі таксама ставяцца ў родным склоне множнага ліку: двое хлапчукоў, трое дзяцей, чацвёра санеў, пяцёра цялят. Зборныя лічэбнікі могуць спалучацца не з усімі назоўнікамі. Яны ўжываюцца: а) з назвамі маладых істот: трое жарабят, чацвёра ягнят, пяцёра кацянят; б) з назоўнікамі, якія маюць форму толькі множнага ліку або абазначаюць назвы парных і састаўных прадметаў: трое дзвярэй, пяцёра сутак, двое лыжаў, трое варот; калі ў такія спалучэнні ўваходзяць састаўныя лічэбнікі, назоўнікі пры іх таксама маюць форму роднага склону множнага ліку: пяцьдзясят шэсць пар рукавіцаў, дваццаць дзве пары ботаў; в) з назвамі асоб мужчынскага роду: двое мужчын, трое байцоў; г) з асабовымі займеннікамі, з прыметнікамі, якія пераходзяць у назоўнікі: іх было чацвёра, прывезлі пяцёра раненых. Пачынаючы з пяцёра зборныя лічэбнікі выкарыстоўваюцца паралельна з колькаснымі (пяць кацянят, пяць варот, але два, тры, чатыры студэнты).

7. Лічэбнікі паўтара, паўтары маюць форму роду, але не скланяюцца. Лічэбнік паўтара ўжываецца з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду, паўтары – з назоўнікамі жаночага роду: паўтара года, паўтара вядра, паўтары тоны. Назоўнікі пры гэтых лічэбніках у назоўным і вінавальным склонах маюць форму роднага склону адзіночнага ліку (праз паўтары гадзіны) у астатніх склонах – формы множнага ліку (паўтары гадзінам, паўтары гадзінамі, (аб) паўтары гадзінах).

8. Пры абазначэнні адлегласці спалучэнне лічэбніка з назоўнікам ужываецца з прыназоўнікам за: за шэсць кіламетраў ад вёскі, за два кіламетры ад лагера. Параўн. у рускай мове: в двух шагах от нас, в четырех километрах от города.

9. Для выражэння прыблізнай колькасці выкарыстоўваюцца: а) адваротны парадак слоў (спачатку назоўнік, а затым лічэбнік): прывезлі тон пяць збожжа, прайшлі кіламетры чатыры; б) прыназоўнікі (пад, з (са), за, каля) і форма склону: яму пад семдзесят, прайшлі каля пятнаццаці кіламетраў, праехалі з трыццаць кіламетраў; в) два лічэбнікі (пішуцца праз злучок): за тры-чатыры дні закончым працу. Састаўныя лічэбнікі, напісаныя словамі, пры абазначэнні прыблізнай колькасці раздзяляюцца працяжнікамі (праз дваццаць тры – дваццаць пяць хвілін).

2. Скланенне і правапіс лічэбнікаў.

1. Лічэбнік адзін мае форму роду, ліку, склону (адзін аловак, адна кніга, адно заданне, адны нажніцы) і змяняецца, як прыметнік: адзін дзень – аднаго дня, у множным ліку: адны вароты – адных варот.

2. Лічэбнікі два, абодва ўжываюцца з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду, а дзве, абедзве – з назоўнікамі жаночага роду: дзве дзяўчынкі, два хлопчыкі, абодва браты, абедзве сястры. Адрозненне ў аснове (цвёрдая і мяккая) захоўваецца і ва ўсіх ускосных склонах: двух хлопчыкаў, дзвюх дзяўчынак, абодвух братоў, абедзвюх сясцёр, двум хлопчыкам, дзвюм дзяўчынкам і г.д.

3. Зборныя лічэбнікі ва ўскосных склонах маюць такія ж канчаткі, як прыметнікі ў множным ліку: двое – дваіх, дваім, дваімі.

4. Лічэбнікі два, дзве, абодва, абедзве, тры, чатыры ў творным склоне маюць на канцы -ма: двума, дзвюма, абедзвюма, трыма, чатырма.

5. Лічэбнікі ад пяці да дваццаці і лічэбнік трыццаць скланяюцца, як назоўнікі трэцяга скланення тыпу радасць: пяці, дваццаці і г.д. У лічэбніках ад адзінаццаці да дваццаці і ў лічэбніку трыццаць у сярэдзіне пішацца два ц. У творным склоне ў лічэбніках пяць, дзевяць, дзесяць, адзінаццацьдваццаць, трыццаць падаўжаецца апошні зычны асновы, што на пісьме перадаецца напісаннем падвойнай літары ц: пяццю, дзевяццю, пятнаццаццю, трыццаццю. У лічэбніках шэсць, сем, восем у творным склоне зычны не падаўжаецца: шасцю, сямю, васьмю. Лічэбнікі мільён, мільярд скланяюцца, як назоўнікі другога скланення тыпу дом; тысяча – як назоўнікі першага скланення тыпу кніга ( у творным склоне – тысячай і тысяччу)

Заўвага. Націск у складаных колькасных лічэбніках адзінаццаць – дзевятнаццаць і ўтвораных ад іх парадкавых лічэбніках нязменна падае на склад на: адзінаццаць, дванаццаць, трынаццаць, чатырнаццаць; адзінаццаты, дванаццаты, трынаццаты і г.д.

6. Пры скланенні лічэбнікаў пяцьдзясят – восемдзесят, дзвесце – дзевяцьсот змяняюцца абедзве часткі: двухсот, двумстам, двумастамі, (у) двухстах; шэсцьсот – шасцісот, пяцьдзясят – пяцідзесяці і г.д.

Заўвага. Націск у лічэбніках семдзесят, восемдзесят падае на першы склад, а ў лічэбніках пяцьдзясят, шэсцьдзясят – на апошні (параўн. у рускай мове: пятьдесят, шестьдесят; семьдесят, восемьдесят) (гл. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. – Мн., 2008). Лічэбнікі пяцьсот – дзевяцьсот маюць пабочны націск: пяцісот, сямісот; пяццюстамі, сямюстамі і г.д. У лічэбніках дзвесце – чатырыста пабочны націск узнікае ва ўскосных склонах: двухсот, чатырохсот; двумастамі, чатырмастамі.

7. Лічэбнік дзвесце ў назоўным і вінавальным склонах мае форму жаночага роду, у астатніх – мужчынскага роду: двумстам, двухстах.

8. Лічэбнікі сто, сорак маюць дзве формы: сто – ста, сорак – сарака, а лічэбнік дзевяноста ва ўсіх склонах мае аднолькавую форму, г.зн. не змяняецца.

9. Парадкавыя лічэбнікі скланяюцца, як прыметнікі: першы, першага, першаму і г.д.

10. Пры скланенні састаўных колькасных лічэбнікаў змяняецца кожнае слова: дзвесце пяцьдзясят чатыры – двухсот пяцідзесяці чатырох, двумстам пяцідзесяці чатыром. А пры скланенні састаўных парадкавых лічэбнікаў змяняецца толькі апошняе слова: пяцьдзясят восьмы – пяцьдзясят восьмага, пяцьдзясят восьмаму, пяцьдзясят восьмым.

11. Пішуцца ў адно слова складаныя парадкавыя лічэбнікі, якія заканчваюцца на -соты, -дзясяты, -тысячны, -мільённы, -мільярдны: сямітысячны, двухсотмільённы, пяцімільярдны, стадваццаціпяцітысячны. Калі ж у такіх словах першая частка запісваецца лічбай, пасля лічбы ставіцца злучок: 7-тысячны, 200-мільённы, 5-мільярдны, 300-тысячны.

3. Лічэбнік у складзе тэрміналагічных спалучэнняў.

Лічэбнікі самі па сабе тэрмінамі не з'яўляюцца. Яны могуць выкарыстоўвацца ў састаўных словазлучэннях розных тэрмінасістэм як адзін з удакладняючых атрыбутыўных кампанентаў стрыжнёвага слова (назоўніка) або як частка атрыбутыўнага кампанента. Гэта непасрэдна колькасныя або парадкавыя лічэбнікі або іх субстантываваныя формы. Напрыклад: пераключальнік на два напрамкі, зварка ў два праходы, раўнавага дзвюх фаз, код з лішкам тры, паляра другая, паляра першая, вобад з дзвюма рэбордамі, галоўка на тры аб'ектывы, замяшчальнік першага роду, адбітак другі карэктуры, вось сіметрыі другога парадку, закон выключана трэцяга, закон трох другіх.

V. Дзеяслоў.

1. Спецыфіка спражэння. Правапіс асабовых канчаткаў дзеясловаў.

Дзеясловы І спражэння маюць канчаткі (), -еш (-эш, -аш), (-э, ‑а), -ём (-ем, -ом, -ам), -еце (-яце, -яцё, -аце, -ацё), -уць (-юць): нясу, нясеш, нясе, нясём, несяце (несяцё), нясуць. Дзеясловы ІІ спражэння ўжываюцца з канчаткам (), -іш (-ыш), -іць (-ыць), -ім (-ым), -іце (-ыце), -аць (-яць): хаджу, ходзіш, ходзіць, ходзім, ходзіце, ходзяць.

Націскныя асабовыя канчаткі пішуцца так, як вымаўляюцца. Калі націск падае на аснову, то тып спражэння вызначаецца па неазначальнай форме дзеяслова. Да II спражэння адносяцца дзеясловы на -іць (-ыць), за выключэннем аднаскладовых тыпу мыць, шыць, а таксама дзеясловы ненавідзець, цярпець, гнаць, залежаць, вярцець. Усе астатнія дзеясловы з ненаціскнымі канчаткамі – І спражэння: хацець – хачу, хочаш, хоча, хочаце, хочуць; шыць – шыю, шыеш, шые, шыем, шыеце, шыюць.

Вытворныя дзеясловы з прыстаўкамі адносяцца да таго самага спражэння, што і беспрыставачныя: глядзець – гляджу, глядзіш, глядзіць і г.д. і агледзець – агледжу, агледзіш, агледзіць і г.д.; мыць – мыю, мыеш, мые і вымыць – вымыю, вымыеш, вымые. Аднолькавыя асабовыя канчаткі маюць незваротныя дзеясловы і адпаведныя зваротныя: апранаць – апранаю, апранаеш, апранае і апранацца – апранаюся, апранаешся, апранаецца.

Дзеясловы бегчы, есці, даць і вытворныя ад іх адносяцца да рознаспрагальных: бягу, бяжыш, бяжыць, бяжым, бежыце (бежыцё), бягуць; ем, ясі, есць, ядзім, ясце (ясцё), ядуць; дам, дасі, дасць, дадзім, дасце (дасцё), дадуць.

Напісанне галосных у канчатках дзеясловаў І спражэння залежыць ад асновы і месца націску. Пасля зацвярдзелых зычных пад націскам пішацца о, э (сцеражом, сцеражэш), не пад націскам – а (пішам, пішаце, сцеражаце). Пасля мяккіх зычных і пасля галосных пад націскам пішацца ё (жывём, пяём), у першым складзе перад націскам – я (жывяце і жывяцё, пеяце і пеяцё). Формы 1-й асобы множнага ліку цяперашняга (будучага) часу абвеснага ладу беражэм, нясем, смяемся, забярэм, пакладзем, пачнем – нелітаратурныя, трэба вымаўляць і пісаць: беражом, нясём, смяёмся, забяром, пакладзём, пачнём.

Асаблівай увагі патрабуе 2-я асоба множнага ліку дзеясловаў цяперашняга (будучага простага) часу. Каб не памыліцца ў напісанні (як і ў вымаўленні) гэтай формы, можна спачатку паставіць дзеяслоў у 1-й асобе множнага ліку, дзе выразна праяўляецца націскны і ненаціскны канчатак: ідзём – ідзяце і ідзяцё, едзем – едзеце (параўн. таксама дзеясловы II спражэння: маўчым – маўчыце і маўчыцё, спім – спіце і спіцё, ходзім – ходзіце. Трэба адрозніваць канчаткі дзеясловаў абвеснага і загаднага ладу: прынесяце (), кладзяце (), ідзяце () – абвесны лад, а прынясіце, кладзіце, ідзіце – загадны лад.

2. Ужыванне суфіксаў дзеясловаў.

Неабходна адрозніваць суфіксы дзеясловаў -ава- (-ява-), -ва-, -іва- (‑ыва-).

1. Калі дзеясловы 1-й асобы адзіночнага ліку канчаюцца на -ую (-юю), то ў неазначальнай форме і ў прошлым часе пішацца суфікс -ава- (-ява-): святкую – святкаваць, святкаваў; даследую – даследаваць, даследаваў.

2. Калі дзеясловы 1-й асобы адзіночнага ліку канчаюцца на -ваю, то ў неазначальнай форме і ў прошлым часе пішацца суфікс -ва: загадваю – загадваць, загадваў; пераконваю – пераконваць, пераконваў; расказваю – расказваць, расказваў (параўн. рус.: рассказываю – рассказывать, рассказывал).

3. Калі перад суфіксам утвараецца збег зычных, апошнім з якіх бываюць л, н, р, то пішацца суфікс -іва- (-ыва-): падтрымліваю – падтрымліваць, падтрымліваў; праветрываю – праветрываць, праветрываў.

4. Калі ў неазначальнай форме дзеяслоў закончанага трывання на -іць мае папярэдні галосны, то ў незакончаным трыванні перад суфіксам -ва- замест і вымаўляецца і пішацца й: супакоіць, супакоіў – супакойваць, супакойваў; прыклеіць, прыклеіў – прыклейваць, прыклейваў. Калі ад прыставачных дзеясловаў закончанага трывання пры дапамозе суфікса -ва- ўтвараюцца дзеясловы незакончанага трывання, то ў аснове іх (у складзе перад суфіксам -ва-) захоўваецца ці аднаўляецца націскное о: падскочыць – падскокваць; выпрастаць – выпростваць (просты); вырасціць – вырошчваць (рост).

Перад суфіксам прошлага часу -л- () заўсёды захоўваюцца тыя самыя галосныя, што ўжываюцца і перад суфіксам -ць неазначальнай формы: належацьналежаў, належала (параўн.: кніга належыць брату, дзе -ыць канчатак 3-й асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу); дагледзецьдагледзеў, дагледзела (параўн.: сястра дагледзіць дзіця, дзе -іць канчатак 3-й асобы адзіночнага ліку будучага простага часу).

Неабходна адрозніваць дзеясловы тыпу абяздолець (самому) і абяздоліць (каго), знясілець (самому) і знясіліць (каго), абветраць (як бы само сабою) і абветрыць (што). Пры гэтым трэба кіравацца наступным: непераходныя дзеясловы перад суфіксам неазначальнай формы -ць маюць е, а і змяняюцца па І спражэнні: знясілець – знясілею, знясілееш, знясілее, знясілеем, знясілееце, знясілеюць; абветраць – абветраю, абветраеш, абветрае, абветраем, абветраеце, абветраюць; пераходныя дзеясловы перад суфіксам неазначальнай формы -ць маюць і, ы і змяняюцца па ІІ спражэнні: знясіліць (ворага) – знясілю, знясіліш, знясіліць, знясілім, знясіліце, знясіляць; абветрыць (твар) – абветру, абветрыш, абветрыць, абветрым, абветрыце, абветраць.

3. Дзеяслоўная тэрміналагічная лексіка.

У тэрмінасістэмах выдзяляюцца ўласна тэрміналагічныя дзеясловы, якія ствараюцца спецыяльна для патрэб пэўнай вузкай сферы, іх разумеюць і імі карыстаюцца спецыялісты. Напрыклад: аклюзаваць ‘захапіць газ';аксідзіраваць ‘падвергнуць акісленню паверхню металу'; зенкаваць ‘рассвідроўваць адтуліну'; інгібіраваць ‘запавольваць або спыняць працяканне хімічнай рэакцыі'; дэзавуіраваць, такелажыць і інш. Калі такія дзеясловы трапляюць у навукова-папулярныя тэксты, то яны абавязкова суправаджаюцца агульналітаратурнымі сінонімамі.

Дзеясловы, якія з'яўляюцца агульналітаратурнымі, але выкарыстоўваюцца для перадачы тэрміналагічных паняццяў і ў межах пэўнай тэрміналагічнай сістэмы сталі адзінымі выразнікамі гэтых паняццяў, звузілі сваю семантыку і канкрэтызавалі яе. Напрыклад, пераходныя дзеясловы тэрміналагізуюцца з назоўнікамі, якія выконваюць граматычную ролю прамога дапаўнення: рэгуляваць напружанне (рэгуляванне напружання), нейтралізаваць зарад (нейтралізацыя зараду), выпраменьваць энергію (вьтраменьванне энергіі), наносіць ахоўныя пакрыцці (нанясенне ахоўных пакрыццяў).

Адносна ўжывання дзеяслоўных форм у тэрміналогіі выказвалася думка, што ў якасці граматычных сродкаў функцыянавання дзеяслова ў якасці члена тэрміналагічнай сістэмы з'яўляецца форма інфінітыва незакончанага трывання і форма 3-й асобы множнага ліку у неазначальна-асабовым значэнні. Але ўжыванне форм дзеяслова залежыць ад зместу інфармацыі, і, зразумела, нельга абмежавацца названымі вышэй формамі. 3 матэрыялаў навукова-тэхнічнай літаратуры відаць, што ў іх выкарыстоўваюцца не толькі інфінітыў і форма 3-й асобы множнага ліку, але і формы 3-й асобы адзіночнага ліку цяперашняга і будучага часу, формы прошлага часу, зваротныя формы дзеясловаў, дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі. Выкарыстоўваюцца формы загаднага ладу, напрыклад, у ваеннай тэрміналогіі: Цэлься! Стой!

Заўвага. Пра дзеяслоўную тэрміналагічную лексікугл. таксама тэарэтычны матэрыял “Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы”.


<== previous lecture | next lecture ==>
Займеннік як часціна мовы. | Дзеепрыметнік як форма дзеяслова.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.08 s.