![]() |
ПРАДМОВАDate: 2015-10-07; view: 543. Даследавання мовы Метады МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ Тарихы Установа адукацыі “МАГІЛЁЎСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ імя А.А. КУЛЯШОВА”
В.І. Рагаўцоў
Вучэбна-метадыяныя матэрыялы
У дзвюх частках Частка 1
Магілёў 2011
Друкуецца па рашэнні рэдакцыйна-выдавецкага савета МДУ імя А.А. Куляшова
Рэцэнзенты: кафедра беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава (загадчык кафедры кандыдат філалагічных навук дацэнт Г.А. Арцямёнак); загадчык кафедры англійскага, агульнага і славянскага мовазнаўства МДУ імя А.А. Куляшова кандыдат філалагічных навук дацэнт Я.Я. Іваноў Рагаўцоў, В.І. Метады даследавання мовы: вучэбна-метадычныя матэрыялы / В.І. Рагаўцоў: у 2 ч. – Магілёў: УА “МДУ імя А.А. Куляшова”, 2011. – Магілёў: УА “МДУ імя А.А. Куляшова”, 2011. – Ч. 1. – 108 с.
Разглядаюцца такія метады лінгвістычных даследаванняў, як апісальны, супастаўляльны, параўнальна-гістарычны, метад лінгвістычнай геаграфіі, структурныя (дыстрыбуцыйны, непасрэдна складальных, трансфармацыйны, кампанентнага аналізу). Асобная ўвага надаецца разгляду метадалогіі і метаду ў мовазнаўстве. Для студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ.
Вучэбна-метадычныя матэрыялы складаюцца з асобных тэм, кожная з якіх, апрача тэарэтычнага матэрыялу, уключае пытанні і заданні для кантролю ведаў студэнтаў, урыўкі з мовазнаўчых прац, а таксама пытанні да іх. Асноўнае прызначэнне пытанняў і заданняў – найперш праверыць веданне студэнтамі метадаў лінгвістычных даследаванняў (сутнасць, прыёмы, сфера выкарыстання і інш.), а таксама сістэматызаваць і замацаваць веды. Для больш глыбокага засваення матэрыялу мэтазгодна выкарыстоўваць іншую літаратуру, у прыватнасці навучальны дапаможнік Б.А. Плотнікава “Общее языкознание: семинарий” (Мн., 1986), у якім пры разглядзе тэмы, прысвечанай метадам даследавання мовы, апрача ўступных тэарэтычных заўваг і спісу літаратуры, падаецца пералік палажэнняў і пытанняў па тэме. У вучэбна-метадычныя матэрыялы ўключаны ўрыўкі з прац пераважна ўсходнеславянскіх мовазнаўцаў (расійскіх – Б.А. Сярэбранікава, У.К. Юсупава, С.Д. Кацнельсона, Г.У. Сцяпанава, Н.Д. Аруцюнавай, Г.А. Клімава, А.С. Кубраковай, Т.В. Булыгінай, А.У. Гулыгі, Я.І. Шэндэльс, А.М. Кузняцова і інш., беларускіх – А.Я. Міхневіча, Б.А. Плотнікава, А.А. Крывіцкага, украінскіх – А.С. Мельнічука). Некаторыя са змешчаных у кнізе ўрыўкаў з прац вядомых лінгвістаў сустракаюцца таксама ў хрэстаматыях, якія адыгралі і адыгрываюць несумненную ролю ў філалагічнай падрыхтоўцы спецыялістаў. Гэта хрэстаматыя па агульным мовазнаўстве (склад. Б.І. Касоўскі) і па гісторыі лінгвістычных вучэнняў (склад. У.А. Звегінцаў). Фрагменты з лінгвістычных прац дадуць магчымасць студэнтам-філолагам азнаёміцца з разважаннямі вядомых мовазнаўцаў па найбольш важных і актуальных праблемах, звязаных з метадамі і прыёмамі лінгвістычнага аналізу. Змешчаныя пасля ўрыўкаў пытанні сфармуляваныя такім чынам, каб не толькі праверыць, наколькі трывала засвоілі студэнты неабходны матэрыял, але і садзейнічаць удасканаленню ў іх навыкаў крытычнага аналізу тэарэтычных з'яў, уменняў студэнтаў супастаўляць розныя погляды мовазнаўцаў і рабіць абгрунтаваныя высновы. Пажадана, каб студэнты азнаёміліся з усімі змешчанымі ў дапаможніку ўрыўкамі і далі адказы на ўсе пастаўленыя пытанні. Выкладчык, улічваючы ўзровень тэарэтычнай падрыхтаванасці студэнтаў, можа выбарачна прапанаваць адны ўрыўкі для калектыўнай ці індывідуальнай працы ў аўдыторыі, другія – для самастойнага аналізу. Прапанаваная літаратура будзе карыснай студэнтам пры падрыхтоўцы да практычных (семінарскіх) заняткаў, а затым да экзамену (заліку) і дапаможа лепш разабрацца ў складаных тэарэтычных праблемах. Рыхтуючыся да практычных (семінарскіх) заняткаў, студэнт павінен помніць, што: 1) далёка не ўсе праблемы, звязаныя з метадамі даследавання мовы, атрымалі ў лінгвістыцы адназначную інтэпрэтацыю. Больш за тое, некаторыя з іх нават адны і тыя ж мовазнаўцы трактуюць часам па-рознаму, супярэчліва. Таму пры разглядзе дыскусійных пытанняў студэнты павінны выказаць свае меркаванні, абгрунтаваць іх, спаслаўшыся на аўтарытэтных лінгвістаў; 2) адказы на пытанні павінны быць кароткія, але аргументаваныя, падмацаваныя выказваннямі вучоных або вытрымкамі з прааналізаваных лінвістычных прац. Аўтар выказвае шчырую падзяку афіцыйнаму рэцэнзенту дапаможніка – кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, у прыватнасці яе загадчыку дацэнту Г.А. Арцямёнку, за каштоўныя заўвагі і парады. Аўтар таксама дзякуе за слушныя прапановы загадчыку кафедры англійскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова кандыдату філалагічных навук дацэнту Я.Я. Іванову.
1. МЕТАДАЛОГІЯ Ў МОВАЗНАЎСТВЕ
Метадалогія ў мовазнаўстве – вучэнне пра метады даследавання мовы. Яна вызначае арыентацыю і характар лінгвістычнага даследавання (у прыватнасці, падыход да аб'екта мовазнаўства) і ў значнай ступені абумоўлівае яго вынік. У мовазнаўстве, як і ў іншых галінах навукі, метадалогія выконвае наступныя асноўныя функцыі: 1) вызначае аб'ект вывучэння (яго сутнасць і адмежаванне ад аб'ектаў іншых навук); 2) акрэслівае задачы кожнага даследавання (з улікам мэты вывучэння аб'екта); 3) распрацоўвае метады і прыёмы аналізу мовы і вызначае шляхі (спосабы) іх практычнага выкарыстання; 4) ацэньвае ступень адпаведнасці вынікаў даследавання пастаўленым мэтам. Метадалогія ў мовазнаўстве ўключае два ўзроўні: а) агульнанавуковую метадалогію (мае дачыненне да метадаў і прынцыпаў розных навук, у тым ліку і лінгвістыкі) і б) уласна лінгвістычную (датычыць метадаў і прыёмаў, спецыфічных для мовазнаўства). Вызначальнае метадалагічнае значэнне для мовазнаўства маюць асноўныя законы, прынцыпы і катэгорыі дыялектыкі (закон пераходу колькасных змен у якасныя, адмаўлення адмаўлення, адзінства і барацьбы супрацьлегласцей, прынцыпы ўсеагульнай сувязі з'яў, гістарызму, катэгорыі агульнага, прыватнага і асобнага, формы і зместу і інш.). Так, прынцып усеагульнай сувязі з'яў пакладзены ў аснову метадалагічнага прынцыпу сістэмнасці ў мовазнаўстве, у адпаведнасці з якім мова павінна вывучацца ў яе сувязях з іншымі з'явамі (у першую чаргу з грамадскімі), з улікам міжмоўнага ўзаемадзеяння, складанай унутранай узаемасувязі розных структурных узроўняў і элементаў мовы, маўленчай дзейнасці і інш. Метадалагічная каштоўнасць для мовазнаўства дыялектычнага закону пераходу колькасных змяненняў у якасныя заключаецца ў тым, што ён сведчыць пра паступовасць гістарычных змен мовы, акцэнтуе ўвагу даследчыкаў на нераўнамернасці тэмпаў моўнага развіцця. Дыялектычны закон адзінства і барацьбы супрацьлегласцей з'яўляецца ўнутраным стымулам моўных змен. З дыялектычнай катэгорыяй руху як спосабу існавання матэрыі і свядомасці звязаны прынцып гістарызму ў мовазнаўстве, які прадугледжвае разуменне мовы як зменлівай з'явы. Палажэнне дыялектыкі пра вызначальную ролю зместу ў параўнанні з формай (большая актыўнасць зместу, адставанне формы ад зместу ў тэмпах развіцця, магчымасць пэўнага ўплыву зместу на форму) арыентуе на правільнае разуменне ў мовазнаўстве складаных суадносін паміж абодвума бакамі моўнага знака. Аднак вызначальнасць (“актыўнасць”) зместу ў параўнанні з формай нельга трактаваць як першаснасць ідэальнага і другаснасць матэрыяльнага ў мове. Спецыяльнанавуковы аспект метадалогіі ў мовазнаўстве мае дачыненне да спецыяльных (лінгвістычных) метадаў і прыёмаў даследавання, выбар якіх абумоўлены спецыфікай аб'екта або яго асобных бакоў і кампанентаў. Гэта, напрыклад, такія метады, як трансфармацыйны, дыстрыбуцыйны, непасрэдна складальных, эксперыментальна-фанетычны і інш. Усебаковае і аб'ектыўнае вывучэнне канкрэтнага моўнага аб'екта магчымае пры выкарыстанні адэкватных яго спецыфіцы метадаў даследавання (нярэдка не аднаго, а некалькіх).
|