![]() |
Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метадDate: 2015-10-07; view: 510. П.А. Бузук пры вывучэнні гісторыі мовы [14]
У мовазнаўстве ёсць нямала спрэчных пытанняў, звязаных з паходжаннем той або іншай з'явы: адны мовазнаўцы лічаць той або іншы факт вынікам дзеяння закону аналогіі, іншыя бачаць у ім з'яву чыста фанетычнага парадку і да т. п. Спрэчкі гэтыя часта з'яўляюцца марнымі, але паміж тым у шэрагу такіх выпадкаў тлумачэнню пытання магло б садзейнічаць геаграфічнае вывучэнне розных фактаў, калі яны лічацца рознымі варыянтамі адной і той жа моўнай з'явы. <...> У гэтых выпадках спроба размяшчэння ў храналагічным парадку фанетычных змяненняў, якія адбываліся ў дагістарычны час без дэталёвага, я сказаў бы нават вычарпальнага … даследавання славянскіх гаворак, была б недаравальным свавольствам. У сваёй рэцэнзіі “Крытычныя заўвагі пра рэканструкцыю найстаражытнага лёсу рускіх дыялектаў”…, напісанай з нагоды артыкула Трубяцкога (у 1-м томе “Часопіса славянскай філалогіі”), Селішчаў правільна адзначыў, што большая частка гэтых з'яў, храналогію якіх Трубяцкой адносіць да аднаго часу, адбывалася ў розны час. Напрыклад, замена g> γ не закончылася і ў наш час; не ў адзін і той жа час адбываўся і пераход спалучэнняў nj>n'n', dj>d'd': “Спалучэнні nj, dj маглі трымацца на працягу доўгага часу на паўднёвым захадзе”. З нагоды гэтай беглай заўвагі праф. Селішчава магу сказаць, што такія спалучэнні не толькі захаваліся на паўднёвым захадзе на працягу доўгага часу, але яны захаваліся і да нашага часу ў паўночна-заходнім кутку тэрыторыі Беларусі, месцы, якое наогул з'яўляецца адной з найбольш старажытных славянскіх дыялектных тэрыторый. Яшчэ Сержпутоўскі ў сваім артыкуле “Граматычны нарыс беларускай гаворкі в. Чудзіна Слуцкага раёна Мінскай вобласці”… паведаміў, што ў апісанай ім вёсцы звычайна вымаўляюць весіэлье або весельё, шчасцье, Илья, судзья і г. д. <…> Цяпер мы падкрэсліваем тое значэнне, якое мае для гісторыі мовы лінгвістычная геаграфія ў вузкім сэнсе гэтага слова. Звярнуўшы ўвагу на адзін з вывадаў, якія робяць Жыльерон і Эдмон у “Лінгвістычным атласе Францыі” наконт таго, што супадзенне плошчаў гукавых з'яў … магчыма толькі тады, калі яны з'яўляюцца двума рознымі праяўленнямі аднаго факта, і зрабіўшы да гэтага вываду некаторыя папраўкі і дапаўненні…, мы ў цэлым шэрагу тых выпадкаў, калі ўзнікаюць спрэчкі аб паходжанні таго або іншага факта, можам выкарыстаць метад геаграфічнага вывучэння з'яў мовы. Часта ў адной з'яве аб'ядноўваюцца шматлікія факты, якія з'яўляюцца аднароднымі толькі на першы погляд, але ў сапраўднасці маюць зусім рознае паходжанне. Так, напрыклад, лабіялізацыя е, якая ўпершыню адбывалася толькі пасля мяккага зычнага і перад наступным цвёрдым, у беларускіх гаворках у цэлым шэрагу выпадкаў рознага паходжання. На рознае паходжанне паказвае адрозненне тэрыторый, з якімі звязаны гэтыя розныя выпадкі. Назіраем гэтыя факты і ў сярэдзіне слоў (ёлка – елка, ёсць – есць і г. д.) і ў апошнім адкрытым складзе (сьпіцё – сьпіце, гальлё – гальле, ужо – ужэ і інш.). Кожны з гэтых выпадкаў мае сваю ізаглосу, і такім чынам геаграфічнае вывучэнне толькі адных выпадкаў лабіялізацыі е магло б разгарнуцца ў цэлы дыялекталагічны атлас. <…> Найбольш цікавыя выпадкі (зразумела, больш позняга паходжання) 'о і 'е ў апошніх адкрытых складах. Нам удалося пакуль выявіць прыкладныя межы паміж сьпіцё і сьпіцé і паміж гальлё і гальлé. Параўнанне іх пераканала нас у тым, што яны рознага паходжання, і менавіта не фанетычнага: вельмі далёка адыходзяць гэтыя ізаглосы адна ад адной. Мяжа паміж сьпіцё і сьпіцé праходзіць з аднаго боку на паўночны ўсход ад Харобрычаў, затым ад Уваравіцкага раёна, ад Жлобіна, Бабруйска, Асіповічаў, Кайданава (нашы запісы), далей на поўнач ад Наваградка…, нарэшце на поўнач ад мястэчка Орлі (нашы запісы) і далей ад Ваўкавыскага павета і Гародні, як пра гэта сведчаць матэрыялы ў “Люд беларускі” Федароўскага – тут усюды пануе сьпіцé, з другога боку мы знаходзім ужо сьпіцё ў Навазыбкаўскім павеце…, далей у Рагачоўскім павеце, г. зн. напоўнач ад паўднёвай гаворкі цвёрда-эрай падгаворкі былой Магілёўскай губерні.., нарэшце сьпіцё мы дастаткова часта сустракалі з прафесарам Дурнаво ў раёнах, блізкіх да Мінска. Горш з вызначэннем другой з межаў (паміж гальлё – гальле) па шэрагу прычын: рэдкасць з'яўлення гэтых выпадкаў у жывой мове, адсутнасць адпаведнага пункта ў адказах на ранейшыя дыялекталагічныя праграмы і інш. Але можна ўвогуле сцвярджаць, што гэтая мяжа праходзіць значна на поўнач за першую ізаглосу – прыкладна па мяжы, якую праводзілі паміж беларускімі і ўкраінскімі мовамі; толькі напоўнач ад Прыпяці (супраць Мазыршчыны), гальлё глыбей урэзваецца ў тэрыторыю беларускіх гаворак. Як бы там ні было, вялікае адрозненне паміж абедзвюма ізаглосамі пераконвае нас у тым, што яны неаднолькавага і таму, напэўна, не фанетычнага паходжання. З'яўленне ў абодвух выпадках е (ё) у канцы слова выклікана нейкімі марфалагічнымі прычынамі (уплыў сяло на гальлё, нясем на несяце). <…>
|