![]() |
А.У. Гулыга, Я.І. ШэндэльсDate: 2015-10-07; view: 688. Пра кампанентны аналіз значэнневых адзінак мовы [30] <…> Элементарнае значэнне лексічнай адзінкі выводзіцца не толькі з дапамогай прынцыпова розных метадаў, але па-рознаму вызначаецца і мае самыя розныя найменні. “Дыферэнцыйны элемент” (яшчэ ў Ф. дэ Сасюра), “фігура зместу” (Л. Ельмслеў), “семантычны множнік” (выкарыстоўваецца ў працах Ю.Д. Апрэсяна і А.К. Жалкоўскага), “дыферэнцыйная прымета” (сустракаецца, напрыклад, у працах І.В. Арнольд), “наэма” (Э. Кошмідар, Г. Меер), “семантычны маркер” (Д. Болінджар, Дж. Кац і Дж. Фодар – апошнія адрозніваюць побач з семантычным маркерам “distinguisher”, пры дапамозе якога ўдаецца ўстанавіць адрозненне дадзенай лексічнай адзінкі ад іншых; гэтае тэрміналагічнае адрозненне не падтрымліваецца астатнімі лінгвістамі), і, нарэшце, “сема” (У. Скалічка) – вось далёка не поўны спіс тэрмінаў-канкурэнтаў. З усіх найменняў элементарных значэнняў у лексікалогіі і граматыцы найбольш ужывальным аказаўся тэрмін “сема”, які шырока выкарыстоўваецца Ю. Найдам, К. Бальдынгерам, А. Грэймасам, Б. Пацье, у нас М.Д. Сцяпанавай, У.Р. Гакам, А.А. Уфімцавай. <…> <…> У.Р. Гак таксама ўстаноўлівае іерархію сем унутры семантычнай структуры слова. Перш за ўсё ён, карыстаючыся тэрмінам Б. Пацье, вылучае архісему – агульную сему родавага значэння (у слова воўк гэта – адушаўлёная істота, а ў слове прыходзіць – дзеянне). Далей устаноўліваюцца дыферэнцыйныя семы відавога значэння, якія могуць быць двух тыпаў: апісальныя, г. зн. якія адлюстроўваюць уласныя ўласцівасці прадмета, што вылучаюцца на аснове адрозненняў і падабенстваў (форма, будова, памеры прадмета, спосаб ажыццяўлення дзеяння) і адносныя, якія адлюстроўваюць сувязі розных аб'ектаў (функцыя, прасторавыя і часавыя адносіны). На ніжэйшым узроўні вылучаюцца патэнцыйныя семы, якія павінны адлюстроўваць патэнцыйныя ўласцівасці прадметаў і актуалізуюцца ў пэўных умовах… Падзел сем на дыферэнцыйныя і патэнцыйныя, які праводзіцца У.Р. Гакам, пераклікаецца з прапановай А. Грэймаса дакладна адрозніваць першасныя іманентныя семантычныя структуры з ядзернымі семамі і другасныя семантычныя структуры з кантэкставымі семамі або класемамі (тэрмін Б. Пацье), якія маніфестуюць свае значэнні ў маўленчай камунікацыі. Неабходна адрозніваць кампанентны аналіз слова па-за яго ўжываннем (парадыгматычны шлях) і кампанентны аналіз слова ў маўленні (сінтагматычны шлях). Пры вывучэнні слова парадыгматычным шляхам даследчык прыбягае перш за ўсё да азначэнняў і апісанняў значэнняў у тлумачальных аднамоўных слоўніках. Гэтым спосабам шырока карыстаюцца Дж. Кац і Дж. Фодар, а таксама Ю. Найда. Блізкім спосабам з'яўляецца таксама тлумачэнне паняцця лагічным шляхам. І, нарэшце, семы вызначаюцца месцам, якое займае слова ў семантычным полі. Тэорыя поля не выключае кампанентнага аналізу, наадварот, яна толькі тады можа мець цвёрдую аснову, калі яна абапіраецца на непадзельныя далей сэнсавыя адзінкі; тэорыя поля і аналіз па семах дапаўняюць адно аднаго. Пры вывучэнні семантычнай структуры слова сінтагматычным шляхам улічваецца перш за ўсё кантэкст і сітуацыя, а таксама дыстрыбуцыя, г. зн. непасрэднае акружэнне слова. Даследчык мае права таксама выкарыстоўваць метад субстытуцыі і падстаноўкі. <…> Кампанентны аналіз аказаўся вельмі плённым у марфалогіі, якая праз свой адносна закрыты характар і высокую ступень абагульненасці лягчэй паддаецца раскладанню на элементарныя сэнсавыя адзінкі. <…> У адпаведнасці з вызначэннем лексічнай семы…, сема ў марфалогіі з'яўляецца мінімальным на дадзеным этапе даследавання дыскрэтным элементам катэгарыяльнага значэння (або грамемы). Сема – гэта адзін з сэнсаадрознівальных прымет формы, адначасова і дыферэнцыйная (дыстынктыўная) прымета ў граматычных апазіцыях. На кожным этапе аналізу семы непадзельныя, таму ні адна сема не можа быць камбінацыяй іншых сем. У той жа час сукупнасць або “пучок сем” складаюць катэгарыяльнае значэнне формы… Прыведзенае азначэнне патрабуе некаторых тлумачэнняў. Удакладненне на дадзеным этапе аналізу неабходнае таму, што ў залежнасці ад мэты даследавання фармулёўка і колькасць сем мяняецца. Калі патрабуецца ў тэрмінах сем вызначыць катэгарыяльны змест часціны мовы як класа слоў, то дастаткова адной семы, напрыклад, працэсуальнасць для дзеяслова, прадметнасць для назоўніка, якасць для прыметніка. Асобныя граматычныя катэгорыі ўнутры часцін мовы характарызуюцца таксама ў агульным выглядзе, напрыклад, адушаўлёнасць / неадушаўлёнасць у рускай мове. <…> Колькасць сем адной грамемы розная; адна сема сустракаецца як мінімум, звычайна ж граматычнае значэнне ўтварае сэнсавую структуру з некалькіх сем. Колькасць сем вызначае камунікацыйную насычанасць дадзенай формы. Ёсць формы з меншай і большай ёмістасцю інфармацыі, параўн. нямецкі прэтэрыт з адной семай ‘прошлы' і плюсквамперфект з чатырма семамі: ‘прошлы, папярэднічанне ў дачыненні да іншага дзеяння, кантактнасць з наступным дзеяннем, закончанасць дзеяння (спыненне яго)'… <…> Калі кампанентны аналіз лексічных адзінак аказваецца значна больш складаным за кампанентны аналіз на ўзроўні марфалогіі, то найбольшыя цяжкасці, безумоўна, узнікаюць пры аналізе сінтаксічных адзінак. Можна выказаць наступнае меркаванне: чым вышэйшы ўзровень, чым буйнейшая даследаваная адзінка, тым больш складаны падзел на семы семантычнай структуры. <…> Кампанетны аналіз пытальных сказаў нямецкай мовы быў праведзены ў кандыдацкай дысертацыі В.А. Парцянікава. Аўтар разглядае граматычнае значэнне пытальных сказаў як структуру, у якой вылучаюцца тры семы: сема пытання – асноўная сема – і дзве спадарожныя семы, а іменна: сема паведамлення і сема пабуджэння. У пэўных умовах яны могуць падаўляць асноўную сему і рэалізавацца як самастойныя семы… <…> Пералічаныя сказы тыпу Ён прыйшоў можна характарызаваць, вядома, наяўнасцю сем ‘аповед', ‘сцвярджэнне' і ‘рэальная мадальнасць'. <…> <…> Назіраюцца і першыя вельмі нясмелыя спробы раскладання семантычнай структуры складаназалежнага сказа на семы. Сінтаксічная семантыка складаназалежнага сказа, гэтак жа як і простага, складваецца з катэгорыі прэдыкатыўнасці і мадальнасці, але рэлевантным для складаназалежнага сказа з'яўляецца сінтаксічна-семантычныя адносіны паміж галоўным і даданым сказам… <…> Складазалежны сказ мае складаную семантычную структуру, якая складаецца з цэнтральнай агульнай семы, што ўласціва ўсяму цэламу сказу (напрыклад, ‘каўзальнасць', ‘кампаратыўнасць') і вызначае сінтаксічна-семантычныя адносіны паміж элементарнымі сказамі, і шэрагу маргінальных сем, якія зыходзяць ад галоўнага або даданага сказаў. Не выключана магчымасць з'яўлення вялікай колькасці агульных сем. Апрача таго, у семантычную структуру складаназалежнага сказа ўваходзяць нерэлевантныя для яго семы элементарных сказаў: ‘працэсуальнасць', ‘стан', ‘якасць', якія ў далейшым для прастаты аперацыі з аналізу выключаюцца. Звернемся да аналізу канкрэтных прыкладаў:
Взрывают весенние плуги Корявую кожу земли, – Чтоб осенью снежные вьюги Пустынный простор занесли. (В. Брюсов) Агульная сема: ‘фінальнасць' Семы галоўнага сказа: Семы даданага сказа: 1) ‘рэальнасць', 1) ‘інтэнцыйная мадальнасць', 2) ‘цяперашні час', 2) ‘будучы час', 3) ‘сцвярджэнне'. 3) ‘сцвярджэнне'. <…>
Пытанні
1. Якія найменні існуюць у лінгвістыцы для абазначэння элементарнага значэння моўнай адзінкі? Якія з іх найбольш ужывальныя ў лінгвістыцы? 2. Якім чынам У.Р. Гак устаноўлівае іерархію сем унутры семантычнай структуры слова? 3. Якія два віды кампанентнага аналізу слова неабходна адрозніваць? Учым сутнасць гэтых відаў? 4. Чаму кампанентны аналіз аказаўся вельмі плённым у марфалогіі? Пацвердзіце прыкладамі. 5. Што вы можаце сказаць пра кампанентны аналіз сінтаксічных адзінак? Прывядзіце неабходныя прыклады. А.М. Кузняцоў Аб выкарыстанні метаду кампанентнага аналізу ў лексіцы [31]
<…> На самой справе, ужо само семантычнае поле (лексічна-семантычная група) вылучаецца на аснове якога-небудзь семантычнага кампанента. Так, напрыклад, дзеясловы руху аб'ядноўваюцца ў адно семантычнае поле на базе асноўнага кампанента “перамяшчэнне ў прасторы”, семантычнае поле колераабазначэнняў вылучаецца на аснове семантычнага кампанента “колер”, або, нарэшце, поле тэрмінаў роднасці – на базе агульнага кампанента “роднасць”. <…> Усе лексічна-семантычныя групы, якія да нядаўняга часу апісваліся метадам кампанентнага аналізу, маюць акрэсленую, выразную семантычную структуру. Як правіла, імі з'яўляюцца тэрміны роднасці і некаторыя іншыя групы з такой самай (у сэнсе выразнай арганізацыі) семантычнай структурай. Матэрыял такога тыпу дае магчымасць даследчыку выявіць характэрныя асаблівасці і адрозненні ў семантыцы розных моў. <…> Аднак нярэдка пры разглядзе метаду кампанентнага аналізу падкрэсліваецца як яго асноўны недахоп тое, што ў мове, апрача лексічна-семантычных груп, названых вышэй, ёсць многа слоў, значэнні якіх не маюць выразнага падзелу ў жыццёвым і моўным вопыце моўнікаў…, і што дастасаванне метаду кампанентнага аналізу да даследавання лексічных адзінак такога роду немагчымае. Адсюль робіцца выснова аб немагчымасці пабудовы агульнай лексічнай семантычнай сістэмы…, аб абмежаванасці гэтага метаду самім матэрыялам даследавання. Ці так гэта? Паспрабуем разабрацца. Сапраўды, лексічна-семантычныя групы, падобныя да тэрмінаў роднасці, часцей за іншыя даследаваліся з дапамогай метаду кампанентнага аналізу. Адна з прычын такой аднастайнасці ў выбары матэрыялу заключаецца ў тым, што сам гэты метад узнік на стыку дзвюх навук: лінгвістыкі і антрапалогіі. Ён быў распрацаваны лінгвістамі, але ўпершыню быў выкарыстаны для апісання этнаграфічнага матэрыялу (перш за ўсё сістэм роднасці). Гэтая сувязь метаду і матэрыялу, які аналізуецца гэтым метадам, стала ў нейкай ступені традыцыйнай. Гэтая традыцыя захоўваецца да нашага часу. Другой прычынай з'яўляецца ўжо згаданая вышэй прастата і выразнасць семантычнай структуры. Лексічны матэрыял такога тыпу настолькі просты і даступны для разумення (прынамсці, у тых выпадках, калі гаворка ідзе пра індаеўрапейскія мовы), што выкарыстоўваецца ўсякі раз, калі неабходна прадэманстраваць тыя або іншыя палажэнні метаду кампанентнага аналізу. <…> Цяпер, на нашу думку, нельга з поўнай упэўненасцю гаварыць пра абмежаванасці выкарыстання метаду кампанентнага аналізу. Такі вывад быў бы, па крайняй меры, дачасным. У сучасны момант ужо апублікаваны працы, у якіх з дапамогай названага метаду падпалі пад семантычны аналіз вобласці лексікі яўна менш структураваныя, чым тэрміны колераабазначэння, займеннікі або тэрміны роднасці. Адной з першых спроб такога роду з'яўляецца апублікаваная параўнаўча нядаўна манаграфія Э. Бендыкса… У ёй аўтар даследуе групу дзеясловаў англійскай мовы, аб'яднаных агульным семантычным кампанентам, раўназначным дзеяслову to have ў яго асноўным значэнні. <…> Яна [праца], несумненна, будзе садзейнічаць далейшаму развіццю метаду кампанентнага аналізу, больш шырокаму ўкараненню яго ў практыку лінгвістычных даследаванняў. <…> Такім чынам, з усяго сказанага можна зрабіць наступныя вывады. 1. Метад кампанентнага аналізу знаходзіць усё больш шырокае выкарыстанне пры даследаванні лексічнага матэрыялу. Нягледзячы на некаторыя недахопы, абумоўленыя агульным станам сучаснай семантыкі як самастойнай дысцыпліны, ён у наш час з'яўляецца адным з асноўных метадаў строгага і эканамічнага апісання семантыкі, таму што дае магчымасць перадаць значэнні вялікай колькасці лексічных адзінак з дапамогай абмежаванага і адносна невялікага набору элементарных сэнсавых адзінак (семантычных кампанентаў). 2. Разгляданы намі метад семантычнага аналізу ўпершыню быў выкарыстаны пры апісанні значэнняў слоў, якія маюць выразную семантычную структуру і таму лягчэй за ўсю паддаюцца семантычнаму апісанню ў тэрмінах кампанентнага аналізу. Аднак, як паказалі вынікі некаторых нядаўна апублікаваных прац, гэты метад можа быць дастасаваны і да іншых, значна менш структураваных абласцей лексікі. 3. Выкарыстанне метаду кампанентнага аналізу ў лексіцы заснавана на зыходнай выснове аб наяўнасці сістэмнай арганізацыі лексікі. Пры гэтым улічваецца складанасць і неаднароднасць разгляданай вобласці лексікі, якая не дапускае аналізу ўсяго слоўніка ў цэлым. Таму для даследавання бяруцца асобныя замкнутыя (або якія разглядаюцца як замкнутыя) лексічныя падсістэмы, што вылучаюцца на аснове семантычнага крытэрыя. Дастасаванне гэтага метаду да даследавання семантычных палёў з'яўляецца найбольш эканомным і, значыць, найбольш апраўданым, таму што ўжо само семантычнае поле вылучаецца на аснове якога-небудзь семантычнага кампанента, агульнага для ўсіх уваходных у яго лексічных адзінак. Апрача таго, у выніку апісання дастаткова вялікай колькасці семантычных палёў можна будзе пабудаваць цэлыя лексічныя семантычныя сістэмы розных моў, што дасць магчымасць выявіць семантычныя асаблівасці моў і ажыццявіць іх супастаўляльна-тыпалагічны аналіз. 4. У наш час праводзіцца інтэнсіўная работа па далейшым развіцці і ўдасканаленні метаду кампанентнага аналізу. Вынікі яе будуць мець вялікае значэнне не толькі для даследаванняў у галіне лексічнай семантыкі, але і для развіцця семасіялогіі ў цэлым, паколькі метад, заснаваны на раскладанні значэнневых лінгвістычных адзінак на семантычныя кампаненты, можа аказацца карысным ва ўсіх выпадках, калі гаворка ідзе пра сэнсавы бок мовы.
|