|
Тэма 1. Беларуская стылістыка: гісторыя і сучасны станDate: 2015-10-07; view: 941. Лекцыйны матэрыял Стылістыка як навука бярэ свой пачатак з антычнай і сярэднявечнай паэтыкі (навука аб паэзіі) і рыторыкі (навука аб сродках пераканання, метадах уздзеяння на масавую аўдыторыю). Тэрмін “стыль” замацоўваецца ва ўжыванні з ХІХ ст. для абазначэння індывідуальнага творчага почырку. З гэтага часу рыторыка змыкаецца са стылістыкай як навука аб сродках выразнасці мовы і эфектыўнасці маўлення. Як асобны раздзел лінгвістыкі стылістыка афармляецца ў ХХ ст., калі значная ўвага моваведаў скіроўвалася ў бок вывучэння асаблівасцей функцыянавання мовы. Лінгвістычная стылістыка ў сучасным сэнсе пачынаецца з прац Ш. Балі (“Трактат па сучаснай стылістыцы”, 1909), робіцца асобным раздзелам мовазнаўства ў працах Пражскага лінгвістычнага гуртка. Афармленне стылістыкі было завершана ў канцэпцыі В.Вінаградава. Першыя распрацоўкі праблем стылістыкі ў беларускай філалогіі адбыліся ў 20-30-я гады ХХ ст. Навуковае асэнсаванне пытанняў і праблем гэтай дысцыпліны адбылося ў пасляваенны час. Стылістычныя назіранні адлюстроўваюцца ў працах Ф. Янкоўскага, У. Анічэнкі, А. Аксамітава, Л. Антанюк, М. Бірылы, М. Булахава, Т. Бандарэнка, А. Баханькова, Л. Бурака, Я. Камароўскага, І. Германовіча, А. Жураўскага, А. Каўруса, Р. Клюсава, І. Лепешава, В. Ляпёшкіна, Б.Лапава, А. Міхневіча, А. Наркевіча, А. Падгайскага, Л. Шакуна, П. Шубы, А. Юрэвіч і многіх іншых беларускіх лінгвістаў, у перыядычных выданнях “Беларуская лінгвістыка”, “Беларуская мова”, “Культура мовы журналіста”, на старонках часопісаў “Полымя”, “Народная асвета”, у газетах “Літаратура і мастацтва”, “Настаўніцкая газета” і інш. Напачатку пытанні стылістыкі разглядаліся беларускімі мовазнаўцамі пераважна ў культурна-моўным, нарматыўным аспекце, а не ў функцыянальным. Потым, у 70-80-я гады, пачынаюць з'яўляцца даследаванні, у якіх закранаюцца пытанні функцыянальнай дыферэнцыяцыі сродкаў беларускай мовы. Перадумовай тэарэтычнага асэнсаванняпраблем стылістыкі як галіны аб стылістычных рэсурсах мовы, заканамернасцях іх функцыянавання ў розных тэкстах стала задача распрацоўкі адпаведнага курса ў вну і неабходнасць складання адпаведных вучэбных дапаможнікаў. Першую спробу стварэння вучэбных дапаможнікаў па стылістыцы беларускай мовы зрабіў М.Я. Цікоцкі, які спачатку выдаў дапаможнік для газетных работнікаў “Некаторыя выпадкі стылістычнага выкарыстання сінтаксічных сродкаў беларускай мовы” (Мн., 1958, 78 с.), а потым дапаможнік у 2-х частках для студэнтаў і настаўнікаў “Практычная стылістыка беларускай мовы” (Мн., 1962, Ч. 1, 138 с.; 1965. Ч. 2, 187 с.). Адпаведны курс спачатку называўся практычнай стылістыкай, што абумоўлівала яго змест і структуру. Пазней Цікоцкі падрыхтаваў і вучэбны дапаможнік “Стылістыка беларускай мовы” (Мн., 1976), дзе асвятліў агульныя паняцці гэтай навуковай дысцыпліны, падаў звесткі з гісторыі стылістычнай навукі. Акрамя таго, ім жа быў падрыхтаваны дапаможнік “Стылістыка публіцыстычных жанраў” (Мн., 1971) і манаграфія “Сугучнасць слоў жывых... Нататкі па стылістыцы мастацкай літаратуры” (Мн., 1981). Наступны дапаможнік – “Стылістыка беларускай мовы” А.А. Каўруса (Мн., 1980, 2-е выд. 1987) адрозніваецца ад вучэбнага дапаможніка Цікоцкага не столькі сваёй тэматыкай, колькі шырокім падборам тэкстаў і заданняў для практычных заняткаў. Прыкладна ў такім жа плане выкананы і вучэбны дапаможнік А.К. Юрэвіча “Стылістыка беларускай мовы” (Мн., 1983).
|