|
Першая прыватная газета на Беларусі “Минский листок”.Date: 2015-10-07; view: 1156. Грамадска-палітычная газета “Северо-Западный край”
Тэрор і разгул царскай рэакцыі, што ахапілі нашу Бацькаўшчыну пасля падаўлення паўстання 1861—1863 гадоў, распаўсюджваліся і ўплывалі на ўсе без выключэння бакі грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця. Друк у гэтым сэнсе стаць выключэннем, вядома ж, ніяк не мог: царскі рэжым ужо добра разумеў і ўсведамляў цану друкаванага слова. І, тым не менш, у апошняй трэці ХІХ стагоддзя было адзначана даволі прыкметнае павелічэнне колькасці перыядычных выданняў як ва ўсёй Расійскай імперыі, так і на яе ўскраінах. Паводле афіцыйных звестак, калі ў 1871 годзе выходзілі 14 часопісаў і 36 газет, то ўжо ў 1890-м лічбы павялічыліся больш чым удвая: выдаваліся 29 часопісаў і 79 газет. Розныя перш за ўсё па палітычнай і сацыяльнай арыентацыі, разлічаныя на пэўныя колы сваіх прыхільнікаў і чытачоў, гэтыя выданні публіцыстычнымі сродкамі павінны былі несці чытачу пэўныя ідэалагічныя перакананні, спавядаць задачы, устаноўкі, намеры і планы як тых ці іншых сіл і грамадска-палітычных фарміраванняў, што якраз тады пачалі ўзнікаць на прасторах Расійскай імперыі, так і асобных невялікіх груп і нават прыватных асоб… Царскія ўлады падчас разгляду дакументаў аб заснаванні новых перыядычных выданняў ставіліся да іх аднолькава строга і нават сурова. У кожнай газеце і часопісе яны бачылі свайго самага злоснага ворага, тую трыбуну, з якой публіцысты настройвалі народ супраць існуючых у дзяржаве парадкаў, заклікалі просты люд “да тапара”. Тым не менш, як бачна ўжо з прыведзеных вышэй некалькіх лічбаў, стрымаць арганізаванай хвалі наступлення перыядычнага друку афіцыйныя ўлады па-сутнасці проста не маглі. У такіх вось няпростых і, разам з тым, цікавых умовах 7 лютага 1886 года натарыус з Мінска Іван Фацінскі пасля доўгіх хадайніцтваў атрымаў ад Галоўнага кіраўніцтва па справах друку Імперскай канцылярыі дазвол на выданне літаратурна-палітычнай газеты. Менавіта з такім падзагалоўкам менш чым праз два месяцы – 2 красавіка таго ж 1886-га – і выйшаў у свет першы нумар “Минского листка”. Выданне праіснавала да 1902 года. У залежнасці ад фінансавага становішча, а іншым разам – і з-за адсутнасці матэрыялаў і спрыяльных умоў для распаўсюджвання – “Минский листок” спачатку выходзіў на чатырох ці шасці старонках двойчы на тыдзень, потым – з 1896 па 1898 гады – нават штодзённа, а ў апошнія пяць гадоў свайго існавання – тры разы на тыдзень. Зазначым: для чытача гэта была даволі прыймальная перыядычнасць. Свае мэты і задумы прыватны заснавальнік і выдавец газеты І. Фацінскі даволі выразна і акрэслена выклаў у рэдакцыйнай заяве: “Край гэты (маецца на ўвазе Беларусь, якая, як вядома, афіцыйна называлася “Паўночна-Заходні край”. – Заўвага А.М.) уяўляецца нам не арэнай барацьбы розных элементаў, а дзейнасцю мірнага суіснавання людзей, якія маюць аднолькавае права на матэрыяльны, разумовы маральны росквіт. Таму мы будзем імкнуцца, па меры нашых сіл, выясняць як умовы, што садзейнічаюць развіццю краю, так і ўмовы, якія яго стрымліваюць”… Гэта было адкрытае і шчырае ўказанне на тое, што наша Бацькаўшчына мела поўнае права на самастойнае грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае вызначэнне і жыццё. За 16-гадовы перыяд існавання “Минского листка” ў ім даволі часта мяняліся рэдактары і штат супрацоўнікаў. Акрамя І. Фацінскага, газету ўзначальвалі С. Мацвееў, А. Мацкевіч, Ф. Каменскі, К. Зіноўеў і іншыя рэдактары. Натуральна, што кожны з іх уносіў пэўныя карэктывы ў палітычную накіраванасць газетнага курсу, аднак істотнымі адрозненнямі гэтыя новаўвядзенні не вызначаліся. Выданне, як засведчылі даследчыкі перыядычнага друку таго часу, мела ліберальна-дэмакратычны накірунак. З нумара ў нумар газеты пераходзілі рубрыкі “Палітычны агляд” і “Мясцовая хроніка”, “Замежныя навіны” і “Агульная хроніка”, “Тэлеграмы” і “Карэспандэнцыі”, “З залы суда” і “Белетрыстыка”, “Аддзел сельскай гаспадаркі” і “Фельетоны”… Ужо адзін пералік іх сведчыць аб тым, што выданне праяўляла цікаўнасць да самых розных бакоў жыццядзейнасці грамадства. “Минский листок” іншы раз даволі жорстка праследаваўся царскім рэжымам. Так, на працягу 1896 года, калі выданне рэдагаваў Канстанцін Зіноўеў, са 194 нумароў 80 былі канфіскаваны паліцыяй. У наступным, 1897 годзе, пачынаючы з сакавіка, газета была забаронена на восем месяцаў. Зіноўеў, натуральна ж, быў вызвалены ад абавязкаў рэдактара, і рэдакцыйны калектыў зноў узначаліў Іван Фацінскі. Асаблівай папулярнасцю сярод чытачоў газеты вызначаліся публікацыі на гістарычную і літаратурную тэматыку. Гісторыка-публіцыстычныя нарысы такіх слынных даследчыкаў нашай даўніны, як М. Доўнар-Запольскі, М. Янчук і іншыя, пра Барысаў, Бабруйск, Гомель, Лепель, Магілёў, Мазыр, Пінск, Полацк і іншыя гарады Беларусі неслі мноства новых звестак і фактаў аб іх узнікненні і ролі ў станаўленні і развіцці нашай Бацькаўшчыны, вызначаліся вострым гучаннем і надзённасцю. Літаратурнае ж жыццё было прадстаўлена зазвычай урыўкамі з твораў Астроўскага, Гогаля, Горкага, Караленкі, Салтыкова-Шчадрына, Тургенева, а таксама Ажэшкі, Пруса, Заля, Мапасана… Больш таго, газета выступала ў абарону рэвалюцыйна-дэмакратычных поглядаў Бялінскага, а таксама творчасці Грыбаедава, Лермантава і Пушкіна, што, безумоўна ж, сведчыць аб высокім прафесіянальным і публіцыстычным майстэрстве аўтараў “Минского листка”. Вялікая заслуга “Минского листка” і перад беларускай нацыянальнай літаратурай. Па-першае, з яго старонак (№ 37 за 1889 год) беларус упершыню пачуў пра такі бессмяротны твор, як сатырычная паэма “Тарас на Парнасе” (дарэчы, твор быў змешчаны пад назвай “Тарас”); па-другое, менавіта гэта выданне апублікавала многія творы Янкі Лучыны, Каруся Каганца і іншых тагачасных творцаў. На працягу 1886—1893 гадоў супрацоўнікі газеты падрыхтавалі і выдалі чатыры кнігі “Календаря Северо-Западного края”, якія ўключалі ў сябе лепшыя літаратурныя творы, фальклорныя матэрыялы, навукова-публіцыстычныя артыкулы і даследаванні. Гэтыя кнігі таксама мелі надзвычай вялікую папулярнасць у чытачоў. У 1902 годзе “Минский листок” быў перайменаваны ў газету “Северо-Западный край”. Як адзначаюць многія даследчыкі, гэта быў заканамерны працэс: гарадская па першапачатковай задуме газета “Минский листок” паступова набыла вагу як грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае выданне, а таксама – публіцыстычную і літаратурную значнасць у грамадстве, і, такім чынам, рэальна прэтэндавала на статус агульнабеларускага друкаванага сродку інфармацыі. Як засведчыць час, “Северо-Западный край” дастойна падхопіць набыты вопыт сваіх папярэднікаў і ўпэўнена панясе сцяг маладой прагрэсіўна-дэмакратычнай беларускай журналістыкі далей, у шырокія народныя масы. Першы нумар газеты “Северо-Западный край” выйшаў у Мінску 1 кастрычніка 1902 года, апошні – 8 снежня 1905 года. За гэты параўнальна невялікі адрэзак часу свет пабачыў 801 нумар выдання. Яно мела звыш 20 рубрык-раздзелаў—па-сутнасці тыя ж, што і “Минский листок”: “Мясцовая хроніка”, “Палітычны агляд”, “Апошняя пошта”, “Замежныя навіны”, “Сярод рабочых”, “Белетрыстыка”, “Тэлеграмы”, “Фельетоны”, “Тэатр і музыка” і некаторыя іншыя. Газета з'явілася на свет і выходзіла ў той час, калі вялася падрыхтоўка, а потым і адбылася першая руская рэвалюцыя. Таму зусім заканамерна ў гісторыі яе існавання вылучаюцца два перыяды. Першы перыяд ахоплівае 1902—1904 гады, калі на старонках выдання змяшчаліся іншы раз рэзка супрацьлеглыя ў ідэйных адносінах артыкулы, карэспандэнцыі і нарысы. Заклікаючы да ажыццяўлення ідэй гуманізму, верацярпення і нацыянальнага раўнапраўя, “Северо-Западный край” нават патрабаваў ад улад “прыгледзецца” да штодзённага жыцця простага народа, палепшыць яго эканамічнае становішча. Цэнзура пільна сачыла за “паводзінамі” газеты. Ужо ў 1903 годзе віцэ-губернатар Мінскай губерні Чарнцоў, які фактычна выконваў абавязкі галоўнага цэнзара над друкам, адзначаў, што напрамак “Северо-Западного края” “выклікае ў яго занепакоенасць”... У першыя два гады існавання пазіцыя газеты па аднаму з важнейшых для тагачаснага грамадства пытанняў – сялянскаму была яшчэ крайне супярэчлівай і палітычна нявызначанай. З аднаго боку, выданне імкнулася паказаць “усю ўродлівасць, усю гнюснасць урадавай палітыкі, якая прывяла вёску да жабрацтва і цемнаты”. А з другога боку, яно абмяжоўвалася паўмерамі, прапаноўваючы сродкі, якія практычна не закраналі эканамічнага становішча пануючых класаў. У барацьбе дзвюх тэндэнцый – рэвалюцыйна-дэмакратычнай і ліберальнай – верх на старонках газеты пакуль што брала апошняя з іх… Аналізуючы ж публікацыі газеты з кастрычніка 1904 года, можна прасачыць больш упэўнены пераход яе з ліберальных пазіцый да дэмакратызму і нават – марксізму, які, як вядома, у той час у царскай Расіі набываў усё больш шырокае распаўсюджванне. Разам з ростам рэвалюцыйнага руху мяняўся і характар выдання. На яго старонках усё часцей з'яўляюцца матэрыялы, у якіх з'явы грамадска-палітычнага жыцця аналізуюцца з пазіцый пралетарыята і сялянства. Як сведчыў вядомы беларускі даследчык “Северо-Западного края” доктар філасофскіх навук, прафесар Мікалай Рожын, газета, абараняючы інтарэсы рэвалюцыйных мас, усё больш і больш звязвае сваю дзейнасць з прапагандай марксісцка-ленінскіх ідэй, з рэвалюцыйнай практыкай пралетарыята. І як вынік такой дзейнасці – узмацненне праследаванняў з боку ўлады. 10 чэрвеня 1905 года газета была закрыта, а яе рэдактар і выдавец Міхаіл Мысаўской арыштаваны і высланы з Мінска на тры гады. Дарэчы, у той час некаторыя супрацоўнікі, у тым ліку і рэдактар “Северо-Западного края”, ужо з'яўляліся членамі расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). Выданне газеты аднавілася толькі праз 4 месяцы – 28 кастрычніка 1905 года. У перадавым артыкуле “Сябрам-чытачам” рэдакцыя растлумачыла сваім прыхільнікам прычыны нявыхаду газеты, запэўніўшы, што і надалей яна будзе гаварыць з імі “сумленна і справядліва”. Сваю вернасць ранейшай праграме падтрымкі радавых працоўных мас “Северо-Западный край” пацвердзіў і наступнымі вершаванымі радкамі: С оружьем огненного слова Опять мы в бой идти готовы, Сменить того, кто пал… Такім чынам, напярэдадні першай рускай рэвалюцыі пад уплывам росту рэвалюцыйнага руху “Северо-Западный край” практычна поўнасцю адышоў ад лібералізму і далучыўся да сацыял-дэмакратычнага руху. Арыенціруючыся на цэнтральныя бальшавіцкія выданні (“Вперед”, “Пролетарий”, “Новая жизнь”), газета канчаткова вызначае крытэрыі ацэнкі падзей, свае тэарэтычныя і тактычныя прынцыпы. На яе старонках рэгулярна змяшчаюцца матэрыялы аб рэвалюцыйнай барацьбе пралетарыята Беларусі. У спецыяльным аддзеле-рубрыцы “Сярод рабочых” газета паведамляе аб выступленнях пралетарыята Мінска, Гомеля, Магілёва, Віцебска, Гродна і іншых гарадоў. Пры гэтым яна кожны раз адзначае, што барацьба вядзецца пад кіраўніцтвам мясцовых арганізацый РСДРП, а сацыял-дэмакратычныя ідэі ў асяроддзі рабочых паўсюдна знаходзяць разуменне і падтрымку... Як і яе папярэдніца – “Минский листок”, газета “Северо-Западный край” адстойвала прынцыпы рэвалюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі, з прагрэсіўных пазіцый ацэньвала творчасць вядомых рускіх і беларускіх пісьменнікаў, заклікала да развіцця нацыянальнай культуры і нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Сімвалічна і зусім заканамерна, што і Янка Купала свой першы верш “Мужык” надрукаваў 15 мая 1905 года менавіта на старонках “Северо-Западного края”. Газета вяла таксама рашучую барацьбу за выданне друкаваных органаў і ажыццяўленне тэатральных пастановак на роднай беларускай мове, праяўляла сур'ёзную заклапочанасць і ўвагу да гісторыі культуры, быту і фальклору нашага народа. 8 снежня 1905 года на 801-м нумары выданне газеты спынілася. Усе супрацоўнікі, за выключэннем рэдактара, былі арыштаваны. І толькі 12 сакавіка 1909 года Міхаіл Мысаўской добраахвотна з'явіўся ў паліцэйскае ўпраўленне, дзе яму і ўручылі копію абвінаваўчага акта. 4 мая адбыўся суд, які прыняў рашэнне аб прысуджэнні былому рэдактару штрафу ў памеры 100 рублёў, “а выдаваемую ў Мінску газету “Северо-Западный край” закрыць назаўсёды”… ДРУК БЕЛАРУСІ 1905 – 1917 ГАДОЎ Газеты “Наша доля” і “Наша Ніва”
Вядомаму беларускаму навукоўцу і публіцысту, доктару гістарычных навук, прафесару Міхасю Бічу належыць ці не самая ёмістая ацэнка шляху, пройдзенаму беларускай нацыянальнай журналістыкай амаль што за чатыры з паловай стагоддзі. У артыкуле “У змаганні за лепшую долю”, змешчаным у № 8 часопіса “Полымя” за 1966 год, ён пісаў: “Дзіўны твой гістарычны лёс, беларускае друкаванае слова! Адным з першых у свеце прабілася ты праз цемру сярэднявечча. Падхапіўшы на свае крылы выдатныя творы сусветнай літаратуры – у тым ліку думкі, мары і справы вялікіх беларусаў эпохі Адраджэння, – ты панесла іх па шырокіх прасторах сялянскай зямлі, каб разагнаць тую цемру, якая сляпіла людзям вочы, засланяла ім шлях наперад. …Выправіў цябе ў свет слаўны доктар Францыск Скарына. Крылы твае ўзмацнялі, палётам тваім кіравалі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Пётр Мсціславец, Лаўрэнцій Зізаній. Дзякуючы ім, ты ўвайшло ў скарбніцу сусветнай культуры. А потым здарылася нешта недарэчнае. Крылы твае аслабелі. Ты з'яўлялася ўсё радзей і радзей і ўрэшце зусім знікла, ды так надоўга, што сам народ, які даў табе жыццё, забыўся, што ты некалі нават было. Гэтак – на мяжы жыцця і смерці – прайшло каля двух стагоддзяў. Але народ не памёр і захаваў сваё жывое слова. Яно жыло пад саламянай страхой, на вясковай вуліцы – жыло ўсюды, дзе ступала нага беларуса і працавала яго няўтомная рука. Не, народ не памёр! Ён толькі на доўгі-доўгі час выпаў з арбіты сусветнай цывілізацыі…” Выдатны агляд шматвяковага шляху-дарогі – усяго ў некалькі дзесяткаў слоў! Бліскучы ўзор публіцыстыкі: яго і сёння можна (і трэба!) прыводзіць як шчырае, з болем у душы, выказванне за лёс і справы нашых далёкіх папярэднікаў, набыткі якіх “каля двух стагоддзяў”, на жаль, былі забыты… Дзякуй Богу, знайшліся паслядоўнікі Скарыны і Буднага, Цяпінскага і Зізанія, якія адрадзілі славу беларускага друкаванага слова. Гэта гістарычная місія выпала на пачатак ХХ стагоддзя… Трэба адзначыць: да пачатку ХХ стагоддзя нейкай сістэмы ў беларускай журналістыцы не існавала. У пяці губернях Паўночна-Заходняга краю выдаваліся 25 друкаваных выданняў, аднак адладжаны ці нават рэгулюемы журналісцка-выдавецкі працэс яны не ўяўлялі. Спецыяльны царскі маніфест ад 17 кастрычніка 1905 года нібыта і дазволіў выйсці друкаванаму слову на новы, больш шырокі прастор: забароны на выданне газет і часопісаў, у тым ліку і на нацыянальных мовах на так званых ускраінах Расійскай імперыі, былі ліквідаваны. У Мінску і іншых губернскіх гарадах Беларусі адразу ж пачалі з'яўляцца перыядычныя выданні самай рознай грамадска-палітычнай арыентацыі. Ужо на рубяжы 1905—1906 гадоў такіх выданняў на нашай Бацькаўшчыне налічвалася 75. Царскія ўлады, падрабязна прааналізаваўшы сітуацыю, спахапіліся: друкаванае слова выходзіла з-пад дзяржаўнага кантролю! На свет з'явіўся новы дакумент – пастанова “Часовыя правілы аб друку”, якая ў катэгарычнай форме абмяжоўвала свабоду слова – і перш за ўсё адносна грамадска-палітычнай тэматыкі і накірункаў дзейнасці перыядычных выданняў. Зноў пачалі свае жорсткія дзеянні цэнзура і нагляд за друкам. У выніку амаль палова выданняў на тэрыторыі Беларусі – 36 з 75-ці, па-сутнасці і не нарадзіўшыся, спынілі сваё існаванне. Аднак, як кажуць у такіх выпадках, працэс ужо пайшоў… Агульнапрызнана: фарміраванне сістэмы нацыянальнага беларускага легальнага друку пачалося з выхаду ў свет газеты “Наша доля”. Ідэю стварэння газеты на беларускай мове кіраўнікі даволі вядомай у той час грамадска-палітычнай арганізацыі – Беларускай сацыялістычнай Грамады (БСГ) – выношвалі не адзін месяц і нават год. Партыі, якая налічвала ў сваіх радах звыш 5 тысяч актыўных членаў, свой друкаваны орган быў вельмі і вельмі патрэбны. Паражэнне рэвалюцыйных выступленняў народа выклікала, як вядома, актыўнае наступленне рэакцыйных сіл, так званага царскага цемрашальства. Простыя людзі мелі пільную патрэбу ў праўдзівым слове: аб сабе, сваім рэальным становішчы, надзённых патрэбах, мэтах і задачах… Для вырашэння гэтых і многіх іншых надзённых пытанняў і праблем БСГ з 1 верасня 1906 года і пачала выдаваць штотыднёвік “Наша доля”. Афіцыйны дазвол на яго выданне ад Галоўнага ўпраўлення па справах друку 12 жніўня 1906 года атрымаў віленскі мешчанін Іван Тукеркес. На 8 старонках газета прадстаўляла публікацыі пад 21 рубрыкай-аддзелам. Найбольшую цікавасць уяўлялі наступныя з іх: “Палітычны агляд”, “Жыццё гарадоў”, “Жыццё вёскі”, “Дзеянні ўрада”, “Што чутно на Белай Русі”, “З мінулага Беларусі”, “Новыя творы беларускай літаратуры” і іншыя. Назва газеты зусім не выпадковая. У прамым і пераносным сэнсах слова доля Грамадзе, як палітычна з'арыентаванай сіле, ды і ўсім яе прыхільнікам, дасталася вельмі нялёгкая. Аб'явіўшы байкот булыгінскай Думе, БСГ па-ранейшаму заклікала да барацьбы з царызмам, клікала дабівацца “права народу сваёй уладай пастанаўляць аб сваіх справах і патрэбах”. Ужо самы першы нумар “Нашай долі” сведчыў аб тым, што намеры Грамады ў змаганні за свае мэты і задачы самыя што ні ёсць сур'ёзныя, і іх партыя будзе адстойваць да канца. Друкавалася “Наша доля” кірыліцай і лацінкай: першае выданне прызначалася для праваслаўных беларусаў, другое – для католікаў. Тыраж у 10 тысяч экзэмпляраў павінен быў, паводле задумы выдаўцоў, данесці народу праўду аб яго становішчы. Верш жа вядомай паэтэсы Цёткі (Алаізы Пашкевіч) “Наш палетак”, змешчаны ў першым нумары выдання, клікаў народ да нацыянальнага адраджэння: Наш палетак не араты, Палынамі цвіце ніва. Ну-ка, братцы, кумы, сваты, Да работы станьма жыва! Хто араці добра зможа, Хто разоры скора ладзіць, Хто шчасліва сее збожжа, Хто гароды добра садзіць, – Жыва, жыва за работу! Без аглядкі, хто што можа, Усе роўны без расчота, Усіх праца будзе гожа! Дарэчы, на старонках “Нашай долі” ўпершыню заявіў аб сабе як выдатны творца Канстанцін Міцкевіч, які пад сваім бессмяротным псеўданімам “Якуб Колас” надрукаваў у газеце свой верш “Наш край”. Яшчэ больш канкрэтныя задачы ў змаганні з царызмам ставіла “Наша доля” ў сваіх наступных нумарах. Так. у артыкуле “Як мужыку палепшыць сваё жыццё”, апублікаваным у другім і трэцім нумарах, быў заклік да стварэння сялянскіх саюзаў па ўзору прафесійных саюзаў рабочых, а ліквідацыя эксплуататараў звязвалася з сумеснымі дзеяннямі працаўнікоў горада і вёскі. Такі штотыднёвік уладам, вядома ж, быў што костка ў горле. І як вынік, з 6 нумароў “Нашай долі” ў свет выйшлі чатыры, два былі канфіскаваны паліцыяй, а сёмы нумар наогул знішчаны ў наборы. Віленскі пракурор абвінаваціў рэдактара ў “змове супраць імператара”… На газету ўлады завялі крымінальную справу, і неўзабаве – 11 студзеня 1907 года – Віленская судовая палата прыняла рашэнне назаўсёды забараніць выданне “Нашай долі”, а І. Тукеркеса прыгаварыла да турэмнага зняволення тэрмінам на 1 год… Аднак і такія жорсткія рэпрэсіўныя меры не маглі ўжо спыніць памкненняў членаў Грамады. Свой друкаваны орган яны мелі намер мець у што б тое ні стала! Матывы заставаліся ранейшыя: кіраўніцтва БСГ выдатна разумела яго важнасць і значнасць. Таму яшчэ да афіцыйнай забароны судом выдання “Нашай долі” яны там жа, у Вільні, наладзілі выхад новага штотыднёвіка – “Наша Ніва”. Заснавальнікамі, выдаўцамі і рэдактарамі газеты сталі ўсё тыя ж актыўныя, апантаныя змагары за беларускую нацыянальную справу – сацыял-дэмакраты браты Іван і Антон Луцкевічы і Аляксандр Уласаў. Першы нумар “Нашай Нівы” выйшаў 10 лістапада 1906 года. У склад рэдакцыйнай калегіі яе ўваходзілі В. Ластоўскі, Я. Драздовіч, Я. Купала, А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, Я. Манькоўскі, С. Палуян, А. Чыж, Ядвігін Ш. На самым бачным і кідкім месцы на першай паласе газета засведчыла, што будзе служыць “усяму беларускаму скрыўджанаму народу”. Вядомы даследчык гісторыі нашай Бацькаўшчыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Ермаловіч зусім слушна адзначаў, што менавіта “Наша Ніва” зрабіла “сапраўдную вясну беларускага друку”. І раней, шмат гадоў назад, і зараз вяліся і вядуцца спрэчкі: дык якой жа, паводле палітычнай скіраванасці і арыентацыі, была “Наша Ніва”? Правёўшы падрабязны супастаўляльны аналіз зместу выдання і параўнанне пазіцый як непасрэдных супрацоўнікаў, так і даследчыкаў яго лёсу і гісторыі, возьмем на сябе смеласць сказаць адназначна: “Наша Ніва” была рэвалюцыйнай газетай! Рэвалюцыйнай перш за ўсё таму, што, без гвалту і крыку, без гучнай фразеалогіі, якая вельмі часта выдавалася і выдаецца нібыта за высокага кшталту публіцыстыку, нашаніўцы рабілі такую важную, несумненна, рэвалюцыйную на той час справу, імя якой было “некалькі” іншае – беларускае нацыянальнае Адраджэнне. Штатныя супрацоўнікі выдання, іх шматлікія аўтары-дарадчыкі выразна бачылі і рэальна ацэньвалі сваё месца і сваю ролю ў гэтым важным для народа, сапраўды гістарычным, працэсе. Больш акрэслена і выразна, чым сама газета, пра гэта не скажаш. Вось што пісала “Наша Ніва” напрыканцы 1909 года: “Ні само друкаванае слова, ні сама газета робіць адраджэнне 8-мільённага народа, бо ёй гэта не пад сілу. Яна толькі кіруе, ім яна раздзьмухвае тыя іскры нацыянальнай свядомасці, што бліснулі ў час завірухі (маюцца на ўвазе рэвалюцыйныя падзеі 1905—1907 гадоў. – Заўвага А.М.), каторая ад краю да краю ўскалыхнула ўсё Расійскае гасударства…” І зусім не перабольшым мы, калі скажам: у многім дзякуючы менавіта “Нашай Ніве”, беларусы, нягледзячы на шмятвяковы ўціск і ганьбаванне, выстаялі як народ; захавалі развілі і панеслі далей свае нацыянальныя адметнасці. На пачатку ХХ стагоддзя, увайшоўшы ў штодзённае жыццё аморфнай, зусім не з'яднанай і не арганізаванай масы, імя якой было – беларускі народ, менавіта “Наша Ніва” стабілізавала і паскорыла ў ім самае галоўнае – працэс нацыянальнага станаўлення, крышталізацыі асаблівасцей і адметнасцей беларусаў. Браты Іван і Антон Луцкевічы і Аляксандр Уласаў выдатна разумелі, што выданне газеты адкрытага рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку ўлады нізашто не дазволяць. Таму ў дакументах, пададзеных у Галоўнае ўпраўленне па справах друку, што знаходзілася ў Пецярбургу, яны закамуфлявалі праграму “Нашай Нівы” выключна пад дзейнасць асветніцкага характару. Газета мела намер весці і змяшчаць наступныя асноўныя раздзелы і рубрыкі: дзеянні і распараджэнні ўрада; пілітычны агляд за тыдзень; вясковае і гарадское жыццё; народная асвета; фельетоны; новыя літаратурныя творы на “беларускай гаворцы”; паведамленні з Беларусі і Літвы; сельская гаспадарка; артыкулы навукова-папулярныя і па гісторыі і геаграфіі; юрыдычны і даведачны аддзелы, дадатак… Адзін пералік галоўных напрамкаў выдання сведчыў, што яно было задумана як універсальны друкаваны орган з адначасовымі функцыямі газеты і часопіса, і ўключала практычна ўсе аспекты тагачаснага грамадска-палітычнага і літаратурна-асветнага жыцця нашага краю. “Друкавацца выданне мае ў друкарні Кухты рускім і лацінскім шрыфтамі”, – адзначалася ў тых жа праграмных дакументах. Паступова, аднак даволі упэўнена, “Наша Ніва” стала сапраўды народным, агульнабеларускім органам інфармацыі. Пастаянна адчуваючы ціск і ганенні з боку царскага рэжыму, праследаванні цэнзуры, газета не ўступала ў пустапарожнія дыскусіі і дыялогі-“лаянкі” з шавіністычнымі і чарнасоценнымі выданнямі тыпу “Новое время”, “Окраины России”, “Русское знамя”, “Варшавский дневник”, “Виленский вестник”, “Белорусский вестник”, “Дзённік Віленскі” і іншымі, хаця яны настойліва і мэтанакіравана правакавалі нашаніўцаў на гэта. Задачы і прызначэнне штотыднёвіка былі зусім іншымі: весці рэальны летапіс жыцця беларускіх гарадоў і вёсак, адлюстроўваць думкі і памкненні простага народа… І газеце гэта спаўна ўдавалася. Паводле падлікаў даследчыкаў, толькі за першыя тры гады свайго існавання “Наша Ніва” змясціла звыш 900 допісаў амаль што з 500 беларускіх вёсак, мястэчак, гарадоў. Сваіх падпісчыкаў, распаўсюджвальнікаў і простых прыхільнікаў яна мела не толькі ў Беларусі, але і ў Маскве і Пецярбургу, Варшаве і Львове, Празе і Брно, Парыжы і Льежы, нават – у Злучаных Штатах Амерыкі… За тыя ж тры першыя гады выхаду газета прадставіла сваім чытачам магчымасць пазнаёміцца з творчасцю 97 паэтаў і празаікаў, апублікаваўшы на сваіх старонках 337 іхніх вершаў і апавяданняў. Свае творы тут змяшчалі Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Канстанцыя Буйло, Янка Журба і многія іншыя творцы. Менавіта дзякуючы “Нашай Ніве”, адбылося іх станаўленне і прызнанне як Творцаў з вялікай літары. М. Багдановіч, напрыклад, дэбютаваў у ёй выдатным апавяданнем “Музыка”, а Я. Купала апублікаваў тут свае паэмы “У Піліпаўку”, “За што?”, “Бандароўна”, каля 170 вершаў, 30 артыкулаў. Упершыню са старонак штотыднёвіка чытач даведаўся і пра бессмяротную Коласаўскую “Новую зямлю”… У перакладах з рускай і польскай моў (вось вам і адказ на “сцвярджэнне” некаторых даследчыкаў аб надуманым нацыяналізме выдання! –Заўвага А.М.) у газеце змяшчаліся творы А. Чэхава і Л. Талстога, М. Гогаля і В. Караленкі, В. Брусава і М. Горкага, А. Міцкевіча і Э. Ажэшкі… На вялікі жаль, у савецкі час роля і месца “Нашай Нівы” і ў гістарычнай навуцы ў цэлым, і ў журналістыцы непасрэдна трактаваліся і “пераацэньваліся” з пункту гледжання афіцыйнай ідэалогіі і прапаганды, без унікнення ў рэальную сутнасць. Газету лічылі “ліберальна-буржуазнай”, нацыяналістычнай, контррэвалюцыйнай… Рабіліся “заключэнні”, што яна нібыта прапаведавала буржуазныя рэформы, нацыяналістычныя лозунгі адраджэння беларускага народа, а рэвалюцыйныя пры гэтым адмаўляла… І наогул, калі верыць “Гісторыі беларускай журналістыкі”, выдадзенай у 1979 годзе, выданне “не прызнавала класавай дыферэнцыяцыі беларускага народа”… Калі ж у № 1 штотыднёвіка за 1912 год тыя ж самыя “пераацэньшчыкі” гісторыі “знайшлі” словы аб тым, што шчасце і будучыня Расіі не ў прыгожых словах, а ў спакойнай творчай працы ўсіх яе народаў, што “ўсе беларусы – гэта родныя браты, гэта адна сям'я…” , то яны тут жа, у тыя ж 70-я гады ХХ стагоддзя, “убачылі” ў гэтым “буржуазна-нацыяналістычнае крэда” (!) газеты… Аднак… Месца і роля “Нашай Нівы” ў фарміраванні беларускай грамадска-палітычнай думкі, нацыянальнай свядомасці, у развіцці літаратуры, мовы, культуры, у станаўленні і ўмацаванні культурных адносін і сувязей з іншымі краінамі і народамі паступова перагледжаны і высока, па заслугах, ацэнены нашым сучасным грамадствам. …У 1914 годзе па настойлівай просьбе заснавальнікаў і выдаўцоў газеты яе рэдактарам пагадзіўся стаць Янка Купала. “Наша Ніва”, вобразна кажучы, расквітнела яшчэ больш, яна стала насамрэч Купалаўскай. З'явіліся новыя рубрыкі і раздзелы, новыя аўтары са сваёй адметнай публіцыстыкай. Аднак пад кіраўніцтвам будучага класіка беларускай літаратуры ёй выходзіць доўга, на вялікі жаль, не давялося. Да Вільні, дзе выдаваўся штотыднёвік, набліжаўся фронт Першай сусветнай вайны. Выданне яго станавілася практычна немагчымым, і 7 жніўня 1915 года Янка Купала, забраўшы з беднай рэдакцыйнай касы апошнія 5 рублёў, зрабіў у канторскай рэгістрацыйнай кнізе запіс аб выданні апошняга, 31-га нумара “Нашай Нівы” за той год… Высокасэнсоўна і праведна гучаць і зараз радкі з артыкула “Ці маем права быць беларусамі?”, апублікаваным у нумарах 22, 23 і 26 штотыднёвіка за 1912 год: “Нязменны закон, каторым кіруецца ўвесь свет: тварыць культурныя рэчы ўсясветнай вартасці можна толькі ў сваёй роднай мове… Замяніць жа народу яго мову – гэта значыць забіць душу таго народа, яго асобенную творчую здольнасць… Мы, беларусы, не толькі маем права, але і павінны застацца беларусамі…” Цвёрда стаяўшы на пазіцыях пераважна эвалюцыйнай (а не “выключна рэвалюцыйнай”, як сцвярджаюць асобныя даследчыкі) перабудовы тагачаснага грамадства, не адмаўляючы пры гэтым і рэвалюцыйнага ўмяшання ў ход падзей, “Наша Ніва” спаўна і годна выканала свой абавязак перад беларускім народам. Як газета народная і для народа – “ва ўсёй яе гістарычнай абумоўленасці і нацыянальнай спецыфічнасці”, яна з тых флагманаў нашай нацыянальнай журналістыкі, якімі кожны беларус мае ўсе падставы даражыць і ганарыцца!
Асаблівасці станаўлення беларускага нацыянальнага друку
Станаўленне беларускага нацыянальнага друку адбывалася на працягу не аднаго стагоддзя. Так, менавіта стагоддзі спатрэбіліся дзеля гэтага, бо практычна кожны з разгледжаных ужо намі перыядаў развіцця беларускага грамадства, побач з узнікненнем, развіццём і ўдасканаленнем палітычных, эканамічных і сацыяльных стасункаў, патрабаваў сваіх падыходаў, узаемаадносін і ўзаемакантактаў і з друкаваным словам. Так, на розных ступенях развіцця знаходзіўся ў кожны з тых перыядаў друк, аднак, як мы бачылі вышэй, ніводная, так бы мовіць, улада, ніводная форма кіравання грамадствам не грэбавала сувязямі са сродкамі інфармацыі свайго часу. І не без падстаў на тое: сілу друкаванага слова ўладары і палкаводцы, прыхільнікі ўлады і мяцежнікі, свяцілы навукі і проста адукаваныя людзі разумелі спаўна, выразна бачылі тую сілу на свае ўласныя вочы… Усё гэта калі і не стрымлівае, дык моцна замінае выяўленню асаблівасцей станаўлення нашага нацыянальнага друку. Па-першае, гэта станаўленне не магло адбыцца без узаемадзеянняў са знешнім светам – гэта значыць, без уплыву становішча друкаванага слова ў, як модна зараз казаць, далёкім і блізкім замежжы. Зазначыць трэба адразу: тое становішча ў замежжы іншам разам было на крок-два наперадзе ў параўнанні з сітуацыяй на нашай Бацькаўшчыне; аднак жа нярэдка і нашы продкі і папярэднікі апярэджвалі час (чытай: сваіх калег-канкурэнтаў) і справай даказвалі сваю кампетэнтнасць, дасведчанасць, нават – перавагу над імі… Яе Вялікасць Гісторыя зафіксавала ўсё: і насамрэч рэвалюцыйныя здзяйсненні ў славянскім культурным свеце Францыска Скарыны, і гуманістычнага характару міжнародныя набыткі Спірыдона Собаля, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, братоў Зізаніяў, Мялеція Сматрыцкага, Міколы Гусоўскага, Сімяона Полацкага… Іх і некаторых іншых Асоб можна (і трэба!) смела ставіць каля вытокаў узнікнення і станаўлення нашага нацыянальнага друку, з гонарам за іх справы адзначаючы пры гэтым, што сярод братоў-славян ЯНЫ былі першымі! Менавіта гэтыя і іншыя тытаны гуманізму і Адраджэння сталі адкрывальнікамі асноўных прынцыпаў публіцыстыкі як спецыфічнага віду грамадска-палітычнай літаратуры, аднаго з важнейшых складнікаў культуры ўвогуле. Мы адзначалі ўжо, аднак варта, на нашу думку, і паўтарыць: ужо да канца ХУІІ стагоддзя ўзровень развіцця беларускага друкаванага слова знаходзіўся на перадавых пазіцыях на еўрапейскім кантыненце! Ды і сам факт прызнання старабеларускай мовы ў якасці дзяржаўнай у наймагутнейшай у Еўропе Беларускай дзяржаве – Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, таксама гаворыць перш за ўсё аб тым, што, адначасова з літаратурай і мовай, журналістыка знаходзілася на належнай вышыні… Думаецца, менавіта тут нялішнім будзе і такое сведчанне: у параўнанні з сітуацыяй у практычна ўсіх іншых перадавых на той час дзяржавах, становішча друкаванага слова на нашай Бацькаўшчыне мела адну характэрную асаблівасць. У Чэхіі, дзе, як вядома, распачынаў сваю падзвіжніцкую дзейнасць Францыск Скарына, кнігі і газеты выдаваліся зазвычай на чэшскай мове; у Германіі, дзе яшчэ раней шчыраваў Іаган Гутэнберг, – на нямецкай; у Італіі – на італьянскай мове і г.д. Нашыя ж гуманісты і асветнікі (і асабліва падчас працы на журналісцкай ніве пазней – ужо ў ХУІІІ—ХІХ стагоддзях), зыходзячы з рэальнага становішча спраў, практычна аднолькава шчыра і праведна працавалі ва ўмовах рэальнага шматмоўя. Тая ж газета “Кур'ер Віленскі” на працягу звыш 150 гадоў (!) была сапраўднай гістарычнай з'явай адразу трох культур – беларускай, літоўскай і польскай. У беларускіх гарадах Вільні і Гродне, акрамя беларускамоўных, выходзілі газеты і часопісы на польскай і літоўскай мовах, у Мінску, Віцебску, Магілёве – на рускай і яўрэйскай… І гэта ніколькі не замінала станаўленню і развіццю нашай нацыянальнай журналістыкі, а, наадварот, спрыяла яе ўзбагачэнню і творчаму ўдасканаленню. Так павінна было быць, і так было насамрэч! Характэрнай асаблівасцю станаўлення беларускага нацыянальнага друку і яго значным і адметным складнікам былі, ёсць і застануцца рэлігійныя выданні. “…Епархиальные ведомости” другой паловы ХІХ-га – пачатку ХХ-га стагоддзяў былі вялікай грамадскай з'явай жыцця ўвогуле. Вызначаючыся ідэйна-тэматычнай спецыфікай і накіраванасцю, царкоўныя перыядычныя выданні неслі грамадству ідэі дабра, міру, спакою і любові. Ажыццяўленню ж гэтых ідэй так часта перашкаджала сама рэчаіснасць чалавечага быцця… Самым спрыяльным часам для станаўлення нацыянальна-дэмакратычнага друку на Беларусі сталі, несумненна, першыя два дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Гэта акалічнасць прымушае нас спыніцца на тым перыядзе некалькі падрабязней. Па-першае, у гэты перыяд выходзілі ў свет прааналізаваныя ўжо намі газеты “Наша доля” і “Наша Ніва” – сапраўдныя флагманы беларускага нацыянальнага друку. Дарэчы, многія даследчыкі нашага друку лічаць гэтыя штотыднёвікі пачынальнікамі нацыянальнага друку, аднак мы пагадзіцца з такім довадам не можам. Справа ў тым, што матывы і цэлыя накірункі барацьбы за беларускае нацыянальнае адраджэнне былі ўласцівы некаторым друкаваным сродкам інфармацыі задоўга да нараджэння і выхаду ў свет “Нашай долі” і “Нашай Нівы”: той жа “Мужыцкай праўдзе” Кастуся Каліноўскага… Па-другое, па стану на 1915 год на нашай Бацькаўшчыне выдаваліся ажно 80 газет і часопісаў, і больш паловы з іх мелі дэмакратычны характар і скіраванасць. Менавіта дзякуючы гэтым двум асноўным фактарам, рэвалюцыйны рух на Беларусі набыў масавы характар. Акрамя гэтага, да таго часу стварыліся, у асноўным сфарміраваліся і пачалі надзвычай актыўную грамадска-палітычную дзейнасць многія партыі, арганізацыі і рухі, і сярод іх такія шматлікія і ўплывовыя, як: Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (РСДРП), якая напачатку стагоддзя падзялілася на бальшавікоў і меншавікоў, Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), Беларуская сацыялістычная Грамада (БСГ), Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд)... Іхнія перыядычныя выданні, лістоўкі , пракламацыі і звароты паступова, аднак даволі ўпэўнена, авалодвалі розумамі і сэрцамі чытачоў, спрыялі хуткаму папаўненню радоў прыхільнікаў і аднадумцаў гэтых грамадска-палітычных партый і арганізацый. Гэту сапраўдную барацьбу за прыхільнікаў і чытачоў у канчатковым выніку выйгралі, як вядома, бальшавікі на чале з Уладзімірам Ульянавым (Леніным) і іхнія перыядычныя выданні. Дарэчы, нядаўна ўстаноўлена, што на сродкі, прывезеныя Леніным падчас вяртання з працяглай эміграцыі з-за мяжы ў Расію (сярэдзіна 1917 года), было заснавана каля 50 новых бальшавіцкіх перыядычных выданняў, у тым ліку і газета “Звезда” (да 1924 года яна выдавалася на рускай мове) ў горадзе Мінску. У той жа час пабачылі свет і першыя беларускамоўныя дзіцячыя выданні – часопісы “Раніца” і “Лучынка” (абодва – 1914 год), якія, нягледзячы на неспакойны час (пачыналася Першая сусветная вайна), засведчылі аб клопатах прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі аб падрастаючым пакаленні – будучыні свайго краю. Змест і накіраванасць часопісаў дае нам усе падставы сцвярджаць аб тым, што гэта таксама з'яўляецца даволі характэрнай асаблівасцю станаўлення і развіцця беларускага нацыянальнага друку.
|