Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 20-30-я гг. Палітыка беларусізацыі


Date: 2015-10-07; view: 850.


Пераход краіны ад вайны да міру адбываўся ў цяжкай абстаноўцы. Асабліва пацярпела Беларусь. У пачатку 20-х гг. тэрыторыя БССР складалася з шасці паветаў былой Мінскай губерні (Мінскі, Ігуменскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Слуцкі і Мазырскі). Плошча яе складала 52,3 тыс. квадратных км з насельніцтвам каля 1,5 млн. чалавек. Між тым бальшавікі праводзілі палітыку, накіраваную на стварэнне адзінай савецкай дзяржавы.

16 студзеня 1921 г. быў падпісаны дагавор паміж БССР і РСФСР аб стварэнні аб'яднаных наркаматаў (ваенных і марскіх спраў, гандлю, знешняга гандлю, фінансаў і працы, шляхоў зносін, поштаў і тэлеграфаў).

У 1921–1922 гг. былі аформлены пагадненні па пытаннях фінансавых, зямельных і іншых сувязей, якія прадугледжвалі правядзенне адзінай палітыкі і аказанне непасрэднай дапамогі БССР з боку Савецкай Расіі. 22 лютага 1922 г. у Маскве адбылася нарада паўнамоцных прадстаўнікоў васьмі рэспублік, у тым ліку і БССР, РСФСР, Украінскай, Грузінскай, Азербайджанскай, Армянскай Савецкіх Рэспублік, Бухарскай, Харэзмскай Народных Рэспублік, Далёкаўсходняй Рэспублікі.

На першым з'ездзе Саветаў Саюза ССР, які адбыўся 30 снежня 1922 г. у Маскве, была прынята пастанова аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. Такім чынам, стварылася новая савецкая дзяржава. Урад БССР пачаў дабівацца ўзбуйнення рэспублікі.

Паміж ЦВК РСФСР і ЦВК БССР было заключана пагадненне, на падставе якога 3 сакавіка 1924 г. ЦВК РСФСР выдаў дэкрэт па перадачы Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў: Аршанскага, Быхаўскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Горацкага, Дрысенскага, Калінінскага (Клімавіцкага), Лепельскага, Сенненскага, Суражскага, Чавускага, Чэрыкаўскага, Магілёўскага, Мсціслаўскага, Полацкага, Рагачоўскага. VI Надзвычайны Усебеларускі з'езд Саветаў (13–16 сакавіка 1924 г.) заканадаўча аформіў гэты акт. У выніку першага ўзбуйнення тэрыторыя Савецкай Беларусі павялічылася да 110 тыс. кв. км., г.зн. больш чым у два разы, а насельніцтва да 4,2 млн. чалавек.

У снежні 1926 г. адбылося новае ўзбуйненне БССР. У яе склад увайшлі Гомельскі і Рэчыцкі паветы, у якіх налічвалася больш як 15 тыс. кв. км з насельніцтвам каля 649 тыс. чалавек. У абодвух выпадках насельніцтва далучаных да БССР тэрыторый станоўча аднеслася да змены свайго дзяржаўнага статуса. Гэта было на справе вяртанне часткі адабраных у Беларусі ў 1919 г. зямель. Такім чынам, пасля двух узбуйненняў БССР яе тэрыторыя на пачатак 1927 г. складала прыблізна 125 950 км 2 з насельніцтвам каля 5 млн. чалавек.

Адначасова ў БССР вырашалася пытанне аб яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле. У пачатку 1925 г. рэспубліка была падзелена на 10 акруг (Аршанская, Бабруйская, Віцебская, Калінінская, Мінская, Магілёўская, Мазырская, Полацкая, Слуцкая) і 100 раёнаў. А ў сярэдзіне 1927 г. арганізаваны 8 акруг (Мінская, Гомельская, Віцебская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Аршанская і Мазырская), 101 раён і 1446 сельскіх Саветаў. Змяненні адміністрацый па тэрытарыяльнаму падзелу рэспублікі былі замацаваны ў Канстытуцыі БССР, прынятай на VIII Усебеларускім з'ездзе Саветаў 11 красавіка 1927 г.

Пераход да нэпа, неабходнасць лічыцца з тымі сацыяльнымі пытаннямі, якія абаранялі прынцыпы сапраўднага суверэнітэту, і патрэбы знайсці заваёвы даверу насельніцтва застаўлялі бальшавікоў стаць на шлях садзейнічання нацыянальна-культурнаму будаўніцтву на Беларусі. Такая палітыка атрымала назву “беларусізацыі”.

У работу па рэалізацыі палітыкі беларусізацыі ўключылася і час-тка дзеячоў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху: У.М. Ігнатоўскі, Зм. Жылуновіч, А.Л. Бурбіс і інш.

Працэс беларусізацыі пачаўся ў чэрвені 1924 г., калі была ўтворана спецыяльная камісія па ажыццяўленню нацыянальнай палітыкі ў рэспубліцы.

Палітыка беларусізацыі прадугледжвала некалькі напрамкаў:

– вывучэнне супрацоўнікамі партыйных, дзяржаўных і прыватных устаноў беларускай мовы і перавод на яе справаводства;

– у 1923–1925 гг. праводзілася ваенная рэформа. Камплектаванне Чырвонай Арміі пачало базіравацца па тэрытарыяльным прынцыпе ў спалучэнні з кадравай ваеннай рэформай і прадугледжванні фарміравання нацыянальных часцей і злучэнняў;

– нацыянальна-культурнае будаўніцтва.

Ажыццяўленне палітыкі беларусізацыі праходзіла ў два этапы: 1) з сярэдзіны 1923 г. і да сярэдзіны 1924 гг., 2) лета 1924 г. і прыкладна да 1928 г. – час актыўнай практычнай рэалізацыі вызначаных напрамкаў.

Поспехі і дасягненні палітыкі беларусізацыі відавочны: у 1927 г. беларускай мовай валодалі ў цэнтральных дзяржаўных установах 80% служачых, у акруговых і раённых установах – каля 70%. Асноўныя рэспубліканскія дакументы выдаваліся на беларускай мове, а таксама на адной з трох іншых моў: рускай, польскай ці яўрэйскай.

Паспяхова праходзіла беларусізацыя і ў навучальных установах. Да 1928 г. каля 80% агульнаадукацыйных школ было пераведзена на беларускую мову навучання. На ёй вяліся заняткі ў многіх прафесійна-тэхнічных вучылішчах і чатырох педагагічных тэхнікумах. Разам з тым ва ўсіх навучальных установах суіснавалі беларуская і руская мовы (першая – як мова большасці насельніцтва, другая – як маючая агульнасаюзнае значэнне).

Беларускія школы ў 1931 г. складалі 83,5% (а ў 1921 – 21,5%). За гэты час колькасць яўрэйскіх школ павялічылася з 2,5 да 5,5%, польскіх з 0,3 да 4,5%. У 1930 г. 76,6% студэнтаў вышэйшай школы рэспублікі былі беларусамі, выкладанне больш 70% вучэбных дысцыплін вялося на беларускай мове. Сярод навуковых супрацоўнікаў у пачатку 30-х гг. колькасць беларусаў складала 45%.

У 1924 г. было заснавана Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. У 1931 г. выдадзена на беларускай мове 1069 назваў кніг агульным накладам 10,2 экзэмпляраў, выходзіла 13 рэспубліканскіх газет, з іх 6 на мовах нацыянальных меншасцей, 64 раённыя і гарадскія газеты, 30 часопісаў.

У выніку да 1928 г. беларусізацыя дасягнула значных поспехаў і абапіралася на падтрымку беларускага насельніцтва. Перыяд 20-х гг. – гэта перыяд сапраўднага беларускага Рэнесансу.

У канцы 20-х гг. адміністрацыйна-камандная сістэма аб'явіла беларусізацыю заганай і пачалася барацьба з так званымі нацдэмамі, якая перарасла ў яжоўска-берыеўскія рэпрэсіі 30-х гг.

Такім чынам, 20-я гг. – гэта перыяд практычнай спробы савецкай улады ажыццявіць беларускае нацыянальнае адраджэнне.

Асноўныя тэрміны і паняцці

“Узбуйненне” БССР – вяртанне ў 1924 і 1926 гг. да БССР часткі тэрыторый РСФСР з большасцю беларускага насельніцтва.

Беларусізацыя – нацыянальная палітыка ў БССР у 20-я гг., якая спрыяла развіццю беларускай культуры, мовы, узмацненню нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Храналогія падзей

14–18 снежня 1922 г. – IV Усебеларускі з'езд Саветаў. Пры-няцце Дэкларацыі аб неабходнасці стварэння Саюза ССР і ўваходжання ў яго склад Беларускай ССР.

30 снежня 1922 г. – Усесаюзны з'езд Саветаў. Прыняцце Дэкларацыі і Дагавору аб утварэнні СССР.

3 сакавіка 1924 г. – вяртанне БССР паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў з пераважна беларускім насельніцтвам.

13–16 сакавіка 1924 г. – VI Надзвычайны Усебеларускі з'езд Саветаў. Заканадаўчае афармленне ўзбуйнення БССР.

8 жніўня 1924 г. – па пастанове ЦВК БССР ад адміністацыйным падзеле БССР на 10 акруг, 100 раёнаў і 1202 сельсаветы.

6 снежня 1926 г. – пастанова Прэзідыума ЦВК аб перадачы Рэчыцкага і Гомельскага паветаў у склад БССР.

5–12 красавіка 1927 г. – VIII з'езд Саветаў БССР. Прыняцце новай Канстытуцыі БССР.

Ліпень 1924 г. – афіцыйны пачатак правядзення беларусізацыі ў БССР.

Сярэдзіна 1923 – да сярэдзіны 1924 гг. – І этап беларусізацыі.

Лета 1924 – прыкладна да 1928 гг. – ІІ этап беларусізацыі.

Пытанні для самаправеркі:

1. Калі і чаму быў створаны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік?

2. У чым заключалася сутнасць палітыкі беларусізацыі?

3. Якія перыяды можна вылучыць у гісторыі беларусізацыі і чаму?

4. Па якіх асноўных напрамках адбываўся працэс беларусізацыі?

5. Які быў агульны вынік беларусізацыі к канцу 20-х гг.?

6. Калі былі праведзены далучэнні да БССР усходнебеларускіх зямель?

5. Палітычныя рэпрэсіі ў БССР

Прыход Сталіна да ўлады суправаджаўся спыненнем НЭПа і замацаваннем адміністратыўна-камандных метадаў кіравання. Умацоўваўся рэжым асабістай улады, ці культу асобы, і як вынік – усталяванне таталітарнага рэжыму і дэфармацыя нацыянальна-культурнай палітыкі. Жорсткасць стала нормай жыцця грамадства. Рэпрэсіі былі патрэбны кіруючаму апарату па шматлікіх прычынах. Яны дазвалялі спісваць на «ворагаў народа» пралікі ў эканоміцы і сацыяльнай палітыцы, давалі мільёны бясплатных рабочых, стваралі атмасферу страху, што заглушала спробы супраціўлення. На жорсткасць рэпрэсій паўплывалі як знешнія ўмовы існавання СССР, так і ўнутранае грамадска-палітычнае жыццё з улікам барацьбы за ўладу ў вышэйшых партыйных і дзяржаўных органах.

Беларусь стала адной з першых ахвяр рэпрэсій, якія разгарнуліся ўжо ў 20-я гады і не спыняліся да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а затым працягваліся ў пасляваенны час.

Рэжым асабістай улады не мог ужыцца з самастойнасцю рэспублікі ні ў эканамічнай, ні ў палітычнай сферах, з вылучэннем і актыўнай дзейнасцю мясцовых кадраў. З пачатку 20-х гадоў на Беларусі, як і ў цэлым па СССР, пачаў фарміравацца рэпрэсіўны механізм, які ўключаў заканадаўчую базу, сістэму судовых, пазасудовых органаў і папраўча-судовых лагераў.

З канца 20-х гадоў, у перыяд «штурмаў» індустрыялізацыі і калектывізацыі, разам з націскам на сялянства адбыўся удар па нацыянальнай інтэлігенцыі, якая была абвінавачана ў «правым ухіле». На беларускую інтэлігенцыю быў павешаны ярлык «нацыянал-дэмакратызму». Першымі ў нацдэмаўшчыне былі абвінавачаны А.Р. Чарвякоў – старшыня ЦВК БССР, Зм. Жылуновіч, які працаваў на той час у выдавецтве «Беларусь», і У.М. Ігнатоўскі, – першы прэзідэнт АН БССР.

Рэпрэсіі выліліся ў расправу над прадстаўнікамі беларускай навукі, літаратуры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. 3 вядомага спісу на 826 удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху 1917–1924 гг. рэпрэсіраваны ўсе, хто застаўся жыць на тэрыторыі СССР. У 1930-я г. больш за палову сваіх членаў страцілі ў выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі, АН БССР (рэпрэсіраваны 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў). Кульмінацыяй расправы над інтэлігенцыяй у 1930–31 гг. стала справа аб «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі» “Саюз вызвалення Беларусі” (СВБ), па якой арыштавана 108 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Арышты па справе "СВБ" пачаліся ў лютым 1930 г., калі быў заняволены "контррэвалюцыйны" паэт Н. Чарнушэвіч, і дасягнулі найбольшага ўздыму ў ліпені, а працягваліся да канца года. Хваля арыштаў прайшла па галоўных цэнтрах і асяродках беларускай навукі, асветы і мастацтва ў Мінску (БАН, БДУ, пісьменніцкія арганізацыі "Полымя”, "Узвышша", Наркамасветы, Беларускі дзяржаўны музей, архіў, Першы Беларускі дзяржаўны тэатр і інш.), у Горках (Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія), у Віцебску (ветэрынарны інстытут), у Магілёве (Гістарычны архіў) і г.д.

Па справе СВБ былі арыштаваны акадэмікі БАН В. Ластоўскі, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, прафесар А. Смоліч, народны камісар земляробства Дз. Прышчэпаў, народны камісар асветы А. Баліцкі, пісьменнікі М. Гарэцкі, У. Дубоўка, Я. Пушча і іншыя. Арыштаваны таксама былыя кіраўнікі беларускіх дзяржаўных утварэнняў, якія вярнуліся з эміграцыі ці жылі ў Беларусі – I. Серада, У. Пракулевіч, А. Цвікевіч, Я. Дыла і іншыя. Гэта сведчыць аб тым, што справа СВБ, арышты па ёй мелі палітычны характар, з'яўляліся фактычнай формай расправы з былымі палітычнымі праціўнікамі бальшавікоў. "Справа СВБ " была пачаткам сістэматычных рэпрэсій у Беларусі.

Адначасова з СВБ у 1930 г. былі "раскрыты" і іншыя "контррэвалюцыйныя, шкодніцкія і дыверсійна-шпіёнскія арганізацыі", у прыватнасці беларускі філіял "Працоўнай сялянскай партыі" (па гэтай “справе” было асуджана 59 чалавек); беларускі філіял "Прампартыі" – асуджана 30 чалавек; беларускі філіял "Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў) – асуджана 30 чалавек. У красавіку 1933 г. "выкрыта шкодніцтва" ў сістэме жывёлагадоўлі. Па гэтай “справе” было арыштавана 82 чалавекі, у тым ліку 9 прафесараў, 7 навукоўцаў, 33 ветурачы, 14 служачых Наркамзема, 13 заатэхнікаў і г.д. У 1935 г. было асуджана 8074 чалавекі, а ў 1936 г. – 12 371 чалавек. У чэрвені 1937 г. вяліся бязлітасныя нападкі на члена Бюро ЦК КП(б)Б, старшыню ЦВК БССР А. Чарвякова, які пасля дзвюх спроб апраўдацца застрэліўся ў сваім кабінеце.

З сярэдзіны 1937 г. да ліпеня 1938 г. было арыштавана 2570 удзельнікаў так званага "аб'яднанага антысавецкага падполля". Сярод іх 40 наркомаў і іх намеснікаў, 179 кіруючых работнікаў савецкага і гаспадарчага апарату, 1 акадэмік, 25 навукоўцаў, 41 выкладчык вну, 23 супрацоўнікі ЦК КП(б)Б, 16 супрацоўнікаў Саўнаркома.

У 1937–1938 гг. былі рэпрэсіраваны старшыні ЦВК і СНК БССР І.Ф. Адамовіч, Зм.Ф. Жылуновіч, сакратар А.І. Крыніцкі і іншыя. Таксама былі падвергнуты рэпрэсіям амаль усе наркамы, прафсаюзныя і камсамольскія дзеячы, кіраўнікі народнай гаспадаркі, якія працавалі ў Беларусі ў 20-х – другой палове 30-х гг. Большасць з іх была прыгаворана пазасудовымі органамі да вышэйшай меры пакарання.

Новы ўздым хвалі рэпрэсій назіраўся з восені 1939 г., пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР. У гэтых абласцях былі рэпрэсіраваны (у асноўным высланы ва ўсходнія раёны СССР) цэлыя групы насельніцтва – служачыя былога дзяржапарату, судовых органаў, пракуратуры, паліцыі, арміі, гандляры, леснікі, рамеснікі з сем'ямі, – усяго каля 125 тыс. чалавек.

Такім чынам, усяго ў 1917–1953 гг. ахвярамі рэпрэсіі сталі каля 600–700 тыс. грамадзян Беларусі. Акрамя таго, у 1920–30-я г. у Беларусі было рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян.

З лістапада 1917 г. да красавіка 1953 г. за «контррэвалюцыйныя злачынствы» да вышэйшай меры пакарання прыгаворана 35868 чалавек. Сярод катаў беларускага народа – былыя наркамы НКУС БССР Г.А. Малчанаў, Б.Д. Берман, А.А. Наседкін, Л.Ф. Цанава. Масавыя рэпрэсіі на Беларусі спыніліся толікі пасля смерці Сталіна. Усяго з 1954 г. да пачатка 2000 г. у Беларусі рэабілітавана больш за 200 тысяч ахвяр рэпрэсій. Рэабілітацыя працягваецца.

У выніку неабходна адзначыць, што 20–30-я гады ХХ ст. з'явіліся ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны адметным, складаным і драматычным часам. Рэпрэсіі наклалі адмоўны адбітак літаральна на ўсе бакі грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця рэспублікі.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Рэпрэсіі – неабгрунтаванае прыцягненне да крымінальнай адказ-насці за так званыя контррэвалюцыйныя злачынствы. Яны право-дзіліся ў форме расстрэлаў, ссылак, высылак, накіравання на спец-пасяленне, выдалення па-за межы Беларусі грамадзян рэспублікі, замежных дзяржаў ці асоб без грамадзянства, якія пражывалі на тэрыторыі рэспублікі, судовымі або пазасудовымі органамі па палі-тычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах.

Курапаты – месца масавых расстрэлаў і захаванняў савецкіх грамадзян у 1937–1941гг. ва ўрочышчы Курапаты каля г. Мінска. Органамі НКУС БССР было расстраляна (па дадзеных следчай групы Пракуратуры БССР) не менш за 30 тысяч чалавек.

"Нацыянал-дэмакратызм" – пад ім разумелі "варожую ідэалогію і практыку", контррэвалюцыйную плынь у многіх установах, якая мела сваёй мэтай "рэстаўрацыю капіталізму" у рэспубліцы. Нацыянал-дэмакратаў (нацдэмаў) параўноўвалі з "нацыянал-фашыстамі".

Храналогія падзей

Люты 1930 г. – арышты па справе СВБ (180 чалавек).

Красавік 1933 г. – масавыя арышты ў сістэме жывёлагадоўлі (82 чалавекі).

Сярэдзіна 1937 – ліпень 1938 гг. – арышты 2570 удзельнікаў так званага "аб'яднанага антысавецкага падполля".

З восені 1939 г. – новы ўздым хвалі рэпрэсій пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР (арыштавана каля 125 тыс. чалавек).

Пытанні для самаправеркі

1. Як устанавіўся ў краіне палітычны рэжым аўтарытарнай улады?

2. Якія былі перадумовы яго распаўсюджвання ў Беларусі?

3. Як ён адлюстроўваўся на грамадска-палітычным жыцці рэспублікі?

4. У чым сэнс таталітарнага палітычнага рэжыму?


<== previous lecture | next lecture ==>
Калектывізацыя: сутнасць і вынікі | Культурнае жыццё БССР у 20–30 гг.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.677 s.