Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Культурнае жыццё БССР у 20–30 гг.


Date: 2015-10-07; view: 745.


Беларуская культура ў 1920–1930 гг. ХХ ст. развівалася ва ўмовах падзелу тэрыторыі Беларусі паміж рознымі дзяржавамі, ва ўмовах як беларусізацыі, так і палітычных рэпрэсій.

У комплексе праблем культурнага будаўніцтва важнае месца займала ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці насельніцтва рэспублікі. З гэтай мэтай у гарадах і вёсках Беларусі ствараліся і працавалі школы і пункты па ліквідацыі непісьменнасці, школы рабочай моладзі, группы індывідуальнага навучання. У 1926 г. у БССР аформілася таварыства “Прэч непісьменнасць”, якое ўзначаліў старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў.

13 красавіка 1939 г. Саўнаркам БССР прыняў пастанову “Аб ходзе ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў БССР”. Ставілася задача аб канчатковай ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў рэспубліцы. Гэта работа працягвалася да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Цэнтральнай праблемай нацыянальнага культурнага будаўніцтва ў Беларусі з'яўлялася ўвядзенне ўсеагульнага абавязковага навучання. У 1930–1931 навучальным годзе ў БССР было ў асноўным уведзена ўсеагульнае абавязковае навучанне дзяцей 8–10 гадовага ўзросту, а таксама пераросткаў ва ўзросце 11–15 гадоў, і пачалася работа па ажыццяўленню ўсенавуча ў аб'ёме сямігадовай школы. Значна вырас кантынгент у старэйшых класах няпоўнай сярэдняй і сярэдняй школы. У 1937–1938 гг. у гэтых школах вучыліся 278454 вучні.

20-я гады сталі часам нараджэння нацыянальнай беларускай навукі. 30 кастрычніка 1921 г. адбылося афіцыйнае адкрыццё БДУ. Яго першым рэктарам быў прызначаны вядомы рускі вучоны, гісторык-славіст, прафесар У.І. Пічэта. У складзе універсітэта ў 1922–1923 гг. дзейнічалі факультэты: рабочы, грамадскіх навук, педагагічны, меды-цынскі, права і гаспадаркі. 30 студзеня 1922 г. быў заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Яго ўзначаліў вядомы вучоны-філолаг С.М. Некрашэвіч. Акрамя БДУ у БССР дзейнічалі 3 вышэйшыя навучальныя установы: Камуністычны універсітэт у Мінску, Беларускі ветэрынарны інстытут у Віцебску і Беларуская сельска-гаспадарчая акадэмія ў Горках. Акрамя таго, у рэспубліцы налічвалася 23 тэхнікумы, 20 прафтэхшкол і 20 іншых спецыяльных навучальных устаноў. У 20-я гг. у рэспубліку прыехалі вядомыя вучоныя І. Замоцін, М. Нікольскі, У. Перцаў, М. Шчакаціхін і інш. Нязменным сакратаром Інбелкульта ў 1926–1928 гг. з'яўляўся вядомы навуковы і грамадскі дзеяч В. Ластоўскі. Важную ролю ў навуковым жыцці рэспублікі адыграла адкрыццё ў 1921 г. бібліятэкі БДУ (пазней – Дзяржаўная бібліятэка БССР).

1 студзеня 1929 г. Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук (1936 – АН БССР). У 1932 г. у яе складзе налічвалася 14 навукова-даследчых інстытутаў, працавалі 22 сапраўдныя члены акадэміі і 150 навуковых супрацоўнікаў. У гэты час вучоныя Беларускай акадэміі навук праводзілі даследаванні ў галіне прыкладных навук, па праблемах сельскай гаспадаркі (лесаводства, флоры і фауны). Эфектыўна развіваліся даследаванні ў галіне хіміі, біялогіі, а таксама гуманітарных навук.

20-я гг. – час росквіту беларускай літаратуры. Менавіта тады фарміруюцца і дзейнічаюць першыя літаратурныя аб'яднанні пісьменнікаў: беларускія ("Маладняк, "Узвышша", "Полымя"), рускія ("Зве-нья", "Минский перевал"), яўрэйскія ("Юнгер арбайтер"). Іх узнікненне было выклікана пошукамі новых шляхоў у мастацтве. З "Маладняка" (1923–1928 гг.) выйшлі такія таленавітыя пісьменнікі, як К. Крапіва, М. Зарэцкі, М. Лынькоў, М. Лужанін і іншыя. З яго асяроддзя ўзняліся стваральнікі новага літаратурна-творчага аб'яднання "Полымя", у якое ўваходзілі як старэйшыя беларускія літаратары (Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны, К. Чорны), так і маладыя літаратурныя сілы (М. Чарот, А. Александровіч, А. Дудар, А. Вольны).

Менавіта ў 20-я гг. вызначаюцца сваімі асаблівымі нацыянальнымі рысамі і атрымліваюць дзяржаўную падтрымку беларускія драматургія, тэатр і кіно. Пад кіраўніцтвам выдатнага рэжысёра Е. Міровіча з 1921 па 1931 гг. адбывалася станаўленне Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра ў Мінску. У 1930 гг. створаны рускі драматычны тэатр і тэатр юнага гледача. У 1933 г. заснаваны тэатр оперы і балета.

Значнае развіццё ў гэты час атрымала і музычнае мастацтва рэспублікі. У 1932 г. была заснавана Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, дзе пачалі плённую дзейнасць кампазітары В. Залатароў, А. Багатыроў, П. Падкавыраў, У. Алоўнікаў.

Даволі плённа працавалі ў гэты час беларускія жывапісцы, скульптары і архітэктары. Беларускія жывапісцы імкнуліся распрацоўваць вытворчую тэму (Г. Віер, Я. Кругер, А. Шаўчэнка). У жанры пейзажа па-ранейшаму вядучае месца належыла В. Бялыніцкаму-Бірулі, а ў жанры партрэта – В. Волкаву, М. Філіповічу, І. Ахрэмчыку. Глыбокі след у беларускай скульптуры пакінулі А. Грубы, А. Бразер, З. Азгур, А. Глебаў.

Шматлікія дасягненні мелі месца і ў архітэктурнай творчасці: Дом урада (Мінск, 1929–1933 гг.), архітэктар І. Лангбард, першая клінічная бальніца (Мінск, 1928–1931 гг.), архітэктар Г. Лаўроў і інш.

У складаных умовах развівалася культурнае жыццё ў гэты час на тэрыторыіі Заходняй Беларусі. У 20-я гг. Таварыства беларускай школы стала самай масавай беларускай арганізацыяй. У 1928–1929 гг. польскія ўлады пад націскам грамадскага руху вымушаны былі даць дазвол на адкрыццё новых беларускіх і польска-беларускіх школ, амаль у 100 школах увесці беларускую мову як прадмет. У 1923–1924 гг. у Заходняй Беларусі налічвалася каля 20 дзяржаўных школ і 4 прыватныя беларускія школы, а таксама больш за 40 польска-беларускіх – гэта быў толькі кароткачасовы перыяд. У 1937 г. дзейнасць ТБШ была забаронена, пачаўся курс на ліквідацыю беларускай нацыянальнай школы. У канцы 30-х гг. беларуская школа ў Заходняй Беларусі ўжо фактычна не існавала, што з'яўлялася вынікам палітыкі Польшчы, накіраванай на асіміляцыю беларускага насельніцтва.

Асноўным жанрам у заходнебеларускай літаратуры з'яўляўся паэтычны, які дазваляў хутка і эмацыянальна рэагаваць на грамадска-палітычныя падзеі. Найбольш плённа працавалі ў галіне літаратуры У. Жылка, Л. Радзевіч, Г. Леўчык, Я. Скурко (Танк), В. Таўлай і інш.

У 20–30-я гг. у Заходняй Беларусі працавалі і выдатныя беларускія мастакі. У 20-я гг. вызначыўся сваім патрыятычным пафасам, нацыянальным каларытам Я. Драздовіч. У залаты фонд беларускага жывапісу ўвайшлі таксама карціны П. Сергіевіча, М. Сеўрука. Жывапіс Заходняй Беларусі захаваў пэўную свежасць, нацыянальны каларыт, адметнасць.

Такім чынам, нягледзячы на падзел Беларусі паміж рознымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, яе культура захавала пэўную адметнасць. У развіцці культуры рэспублікі выразна акрэсліваюцца два этапы – 20-я і 30-я гг. Першы вызначаецца беларусізацыяй у БССР і масавым рухам за нацыянальную школу ў Заходняй Беларусі. Асноўнымі рысамі дру-гога этапа становяцца пачатак русіфікацыі і ідэалагізацыі культурнага жыцця ў БССР, паланізацыі – у Заходняй Беларусі. Спыніць развіццё культуры адзначаныя перашкоды не змаглі. Аднак справе нацыянальнага характару гэтага развіцця, справе нацыянальна-культурнага адраджэння былі нанесены вялікія страты.

Храналогія падзей

30 студзеня 1922 г. – заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).

Красавік 1926 г. – пастанова ЦВК і СНК БССР аб увядзенні ў рэспубліцы ўсеагульнага абавязковага навучання дзяцей ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў.

1 студзеня 1929 г. – Інбелкульт рэарганізаваны у Беларускую акадэмію навук. (з 1936 г. – АН БССР).

30 кастрычніка 1921 г. – адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт.

4 жніўня 1932 г. – Саўнарком БССР прыняў пастанову "Аб увядзенні ўсеагульнага абавязковага навучання для малапісьменных".

5 мая 1934 г. – пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) "Аб структуры пачатковай і сярэдняй школы ў СССР". 3 гэтага часу былі ўстаноўлены адзіныя для ўсёй краіны тыпы агульнаадукацыйнай школы – пачатковая, няпоўная сярэдняя і сярэдняя. Вучэбныя групы сталі называцца класамі.

13 красавіка 1939 г. – Саўнарком БССР прыняў пастанову "Аб ходзе ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў БССР".

Пытанні для самаправеркі

1. Вызначце характэрныя рысы развіцця культуры Беларусі ў 20–30-я гг.

2. Назавіце найбольш выдатных прадстаунікоў беларускай нацыянальнай культуры ў галіне навукі, літаратуры, мастацтва, жывапісу, архітэктуры і скульптуры.

3. Ахарактарызуйце развіццё розных жанраў літаратуры і мастацтва ў Заходняй Беларусі ў 20–30-я гг.

7. Беларускае замежжа ў 20–30-я гг. ХХ ст.

Да апошняга часу праблемы беларускай эміграцыі і дзейнасці нацыянальна-дэмакратычных партый унутры і за межамі Беларусі вызначаліся як адмоўныя. У адносінах да іх выкарыстоўваліся эпітэты "контррэвалюцыйныя", "буржуазныя", "пацярпеўшыя банкруцтва" і г.д. Але пры ўсіх абставінах неабходна разглядаць беларусаў, што апынуліся ў выніку палітычнай, ідэалагічнай і ваеннай барацьбы за межамі Беларусі як неад'емную састаўную частку беларускага народа. На працягу апошняга стагоддзя апынуліся на чужыне сотні тысяч нашых суродзічаў. Розныя былі шляхі, што прывялі іх на край свету. Эміграцыя з беларускіх зямель праходзіла трыма даволі вялікімі хвалямі: першая – 80-я г. ХІХ ст., другая – 20-я г. ХХ ст., трэцяя – у час Другой сусветнай вайны. Кожная з іх мела адметныя прычыны, памеры, напрамкі.

Першая, найбольшая хваля эміграцыі пачалася ў 80-я гады XIX ст. За акіян ехалі жыхары ў асноўным Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў, паколькі сяляне Віцебскай і Магілёўскай найбольш перасяляліся ў Сібір. У 1905–1913 гг. эміграцыя прымае масавы характар, а яе галоўным цэнтрам становіцца Міншчына (насельніцтва ў асноўным эмігрыруе ў Бразілію). Першымі цэнтрамі эміграцыі былі Злучаныя Штаты Амерыкі, Канада, Бразілія і Аргенціна. Першая хваля (у асноўным сяляне) была пазбаўлена нацыянальнай свядомасці, якая пашыралася на пачатку ХХ ст. Выехала з Беларусі ў гэты перыяд каля 800 тыс. чалавек, з іх каля 600 тыс. вярнуліся.

У ходзе і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. з Беларусі эмігрыравалі каля 122 тыс. чалавек (усяго з былой Расійскай імперыі – каля 2 млн. чалавек). Частка гэтай хвалі эмігрантаў рушыла на усход – у Маньчжурыю і ў Кітай, але асноўная маса накіравалася на захад – у Фінляндыю, Прыбалтыку, Германію, Чэхаславакію, Францыю, ЗША, а таксама ў Канаду, Бразілію і Аргенціну.

У другой хвалі эмігрантаў нацыянальнае пачуццё было ўжо даволі пашыранае. Найбольшая колькасць эмігрантаў знаходзілася ў ЗША (100 тыс. чалавек). У 1921 г. у Нью-Йорку пачынаецца беларуская нацыянальная дзейнасць, дзе ўзнік Беларускі нацыянальны камітэт, а ў Чыкага – Камітэт абароны Беларусі. У далейшым цэнтрам беларускага палітычнага жыцця стаў Чыкага, дзе паўстала некалькі арганізацый, з якіх найважнейшымі былі Беларуска-амерыканскі нацыяналь-ны саюз, а потым, у гады Другой сусветнай вайны, Беларуска-амерыканская нацыянальная рада. Беларуская дзейнасць у ЗША ў гэты час звязана з асобамі Я. Чаропкі, Я. Варонкі, ксяндза Я. Тарасевіча, І. Ло-бача. У Канаду вялікая колькасць эмігрантаў прыбыла ў міжваенны перыяд (10 тыс. чалавек). Эмігранты не стварылі ў той час ніякай беларускай арганізацыі, хоць у рускіх рабочых клубах імя М. Горкага складалі большасць членаў.

Пасля Рыжскага пагаднення 1921 г. узмацнілася хваля эміграцыі заходнебеларускага насельніцтва ў Аргенціну. У 30-х гг. тут быў ство-раны шэраг беларускіх арганізацый: Беларускае культурна-асветніцкае таварыства, Беларускае таварыства культуры, Беларуская бібліятэка імя І. Луцкевіча і Беларускае культурнае таварыства “Белавежа”. Гэтыя чатыры таварыствы стварылі ў 1939 г. Саюз беларускіх таварыстваў у Аргенціне, галоўнымі дзеячамі якіх былі М. Мярэчка, У. Гайлевіч, Я. Пятрушак. 3 1940 г. Саюз выдаваў штогадовы гістарычна-літаратурны альманах, штогод праводзіліся кангрэсы беларускіх таварыстваў, дзейнасць якіх ахоплівала таксама Уругвай. У 30-я г. беларуская эміграцыя актывізуецца і ў Францыі: тут дзейнічаў “Хаўрус” беларус-кіх работнікаў, праводзілася беларуская прафсаюзная і адукацыйная дзейнасць. Выдаваўся бюлетэнь “Рэха”.

Пасля падпісання Рыжскага дагавора ў эміграцыю былі вымушаны падацца і кіраўнікі дзяржаўных устаноў БНР – члены прэзідыума Рады на чале з П. Крачэўскім, урада БНР (кабінет В. Ластоўскага), а таксама шэраг саветнікаў і дзеячоў некаторых партыйных цэнтраў. Галоўнай палітычнай сілай эміграцыі з'яўлялася партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Дзейнасць гэтай хвалі эміграцыі была найболыш актыўнай да 1923–1924 гг.

Бальшавіцкія ўлады імкнуліся далучыць эміграцыю да ажыццяўлення сваёй ідэі сусветнай рэвалюцыі і надаць эміграцыі рэвалюцыйны характар. Намаганні ў гэтым накірунку не заставаліся безвыніковымі. Некаторыя з эмігрантаў пачалі весці бальшавіцкую агітацыю, што абвастрала адносіны з мясцовымі ўладамі. Але найбольшы ўплыў на эміграцыю рабілі тагачасныя працэсы ў БССР: пераход да новай эканамічнай палітыкі і курс на беларусізацыю. Частка ўрада БНР на чале з А. Цвікевічам у кастрычніку 1925 г. аб'явіла аб самароспуску і вярнулася ў Беларусь. Другая частка на чале з прэзідэнтам П. Крачэўскім засталася за мяжой – у Празе. Гэты раскол быў адной з прычын затухання палітычнай дзейнасці беларускай эміграцыі. Тыя, хто за-стаўся ў Празе, утварылі эмігранцкі цэнтр – Раду БНР, якую ўзначаль-ваў П. Крачэўскі, а пасля яго смерці, у 1928–1943 гг., – В. Захарка. Урад БНР пасля 1925 г. узначальваў прэзідэнт Рады.

Пасля расколу ўзніклі новыя арганізацыі, якія намагаліся аб'яд-наць беларускую эміграцыю з мэтай задавальнення яе культурных інтарэсаў. Гэта – Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны, Аб'яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускі архіў, часопісы "Іскры Скарыны", "Прамень" (потым "Новы прамень") і інш. Аб'яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый было асабліва папулярным сярод моладзі. Яно згуртавалася вакол студэнтаў-беларусаў Прагі, Рыгі, Вільні, Варшавы, Рыма і іншых гарадоў Еўропы.

Такім чынам, пасля 1925 г. палітычная дзейнасць беларускага замежжа прыкметна згортвалася, заставалася ў асноўным культурна-асветніцкая работа.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Эміграцыя – (лац. еmigro – высяляюся) – ад'езд грамадзян са сваёй радзімы ў другую дзяржаву на пастаяннае жыхарства (ці на больш ці менш доўгі час) па палітычных, эканамічных і другіх матывах.

Эмігранты – асобы, добраахвотна ці вымушана пакідаючыя радзіму грамадзянамі якой яны з'яўляюцца.

Храналогія падзей

80-я гг. ХІХ ст. – першая хваля беларускай эміграцыі.

20-я гг. ХХ ст. – другая хваля беларускай эміграцыі.

Пытанні для самаправеркі

1. Ахарактарызуйце хвалі беларускай эміграцыі ў 20–30-я гг. ХХ ст.

2. Вызначце асноўныя цэнтры эміграцыі двух перыядаў.


<== previous lecture | next lecture ==>
Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 20-30-я гг. Палітыка беларусізацыі | Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.238 s.