|
Тэктанічныя трэшчыны.Date: 2015-10-07; view: 512. Тэктанічнае разлінзаванне і будзінаж. Тэктанічнае разлінзаванне– працэс утварэння выцягнутых ці разарваных лінз звычайна невялікіх па памерах (не больш за дзесяткі сантыметраў, першыя метры) у выніку паслойнага расцягнення і пластычнай дэфармацыі акаляючых іх парод. Будзінаж – працэс утварэння блокаў крохкіх парод (будзін) у выніку паслойнага расцягнення і пластычнай дэфармацыі акаляючых іх парод (мал. ). Пры будзінажы спачатку фарміруюцца поперачныя расколіны, а потым – лінзападобныя блокі. Памеры будзін могуць дасягаць 10 – 15 метраў.
Тэктанічныя трэшчыны – дыз'юнктыўныя парушэнні горных парод, утвораныя ў выніку тэктанічных дэфармацый. Кожная трэшчына мае наступныя элементы: - бакі, ці сценкі – самкнутыя або ссунутыя адна адносна другой паверхні разрыва горных парод; - зіянне – адыход адной сценкі ад другой. Трэшчыны характарызуюцца дліной, шырынёй, глыбінёй пранікнення, азімутамі распасцірання і падзення і вуглом падзення (нахілу). Шырыня трэшчыны – адлегласць паміж сценкамі па нармалі (перпендыкуляры). Дліна трэшчыны – працягласць па распасціранню. Глыбіня пранікнення – адлегласць, на якую трэшчына прасочваецца па падзенні. Усе гэтыя параметры вылічаюцца ў сантыметрах (міліметрах) ці метрах (кіламетрах). Азімуты распасцірання і падзення і вуглом падзення вылічаюцца ў градусах аналагічна параметрам слаёў (пластоў). Усе трэшчыны па генезісе можна падзяліць на два асноўных тыпа: - Сколы – вязкія разрывы, утвораныя ў выніку расцягваючых ці сціскаючых тангенцыйных (накіраваных па датычнай (па-руску – касательной) да паверхні дэфармацыі) напружанняў. Візуальна сколы выглядаюць як серыя кулісападобных расколін з невялікім зіяннем ці, часцей, зачыненых. - Разрывы – крохкія (па-руску – хрупкие) разрывы, утвораныя ў выніку расцягваючых ці сціскаючых нармальных (накіраваных па перпендыкуляры да паверхні дэфармацыі) напружанняў. Разрывы звычайна прадстаўлены асобнымі расколінамі або сістэмай субпаралельных трэшчын, якія маюць пэўную (часам значную – да дзесяткаў сантыметраў і нават метраў) шырыню паміж сценкамі разарваных парод. Разрывы бываюць адчыненымі або запоўненымі (кальмаціраванымі) абломкавым матэрыялам ці новаўтворанымі мінераламі, часам адрознымі па складзе ад дэфармаванай горнай пароды. М.В.Гзоўскі ў працах, прысвечаных вывучэнню дыз'юнктыўных дэфармацый парод, дэталёва апісаў фізічныя асновы ўтварэння тэктанічных разрываў у аднародным асяроддзі: 1. Вырашальную ролю пры дэфармацыі парод горных парод і ўтварэнні разрываў гуляюць памеры геалагічных цел і петраграфічныя асаблівасці парод. 2. Дыз'юнктыўнае парушэнне ўтвараецца ў выніку рэалізацыі тэктанічных напружанняў, велічыні якіх змяняюцца ў залежнасці ад працягласці дзеяння напружанняў, варыяцыі температуры і ціску. 3. Утварэнне разрыва заўжды прыводзіць да змянення поля напружанняў; адбываецца яго аслабленне ў адных месцах і ўзмацненне ў іншых. Пасля ўтварэння трэшчыны змяняецца арыенціроўка восяў напружанняў, што прыводзіць да ўтварэння новых расколаў. 4. У адным месцы могуць утварыцца адна ці больш спалучаных пар плоскасцяў скола ў залежнасці ад змянення лакальнага напружанага стану. Трэшчыны адрыву звычайна арыентаваны пад вуглом 450 да напрамку дзеяння пары сіл (расцягнення і сціскання). 5. Тэктанічныя напружанні, якія дзейнічаюць ў зямной кары рэалізуюцца на працягу даволі доўгага часу. Пры гэтым дэз'юнктыўныя нарушэнні праходзяць некалькі стадый свайго фарміравання: а) утварэнне асобных невялікіх разрываў; б) павелічэнне памераў трэшчын да разломаў; в) злучэнне асобных разломаў у адзін вялікі глыбінны разлом, які развіваецца, як тэктанічная адзінка пэўны час да поўнага затухання тэктанічных рухаў уздоўж яго. 6. За час фарміравання вялікіх разломаў можа адбывацца змена накірунку і моцы напружанняў у выніку чаго сколы могуць змяняцца адрывамі і наадварот. Акрамя таго, М.В.Гзоўскі шмат увагі ў сваіх працах надаваў колькасным метадам аналізу трэшчынаватасці, уключаючы вызначэнне напрамкаў тэктанічных напружанняў па дадзеных даследаванай расколістасці з выкарыстаннем графічнай прасторавай мадэлі – эліпсоіда дэфармацый. Асобныя расколіны (трэшчыны) аб'ядноўваюцца ў сістэмы, якія фарміруецца ў выніку рэалізацыі тэктанічных напружанняў. Для колькаснай ацэнкі сістэм трэшчынаватасці ўжываецца вялікая колькасць характэрыстык, сярод якіх можна назваць наступныя: - інтэнсіўнасць расколістасці (трэшчынаватасці) – колькасць адзінкавых расколін (трэшчын) на пагонны метр горнай пароды; - удзельнае расцягненне – працэнтныя суадносіны аб'ёму прыадчыненных трэшчын да агульнага аб'ёму даследуемай пароды; - лінейнае зіянне – працэнтныя суадносіны плошчы прыадчыненых расколін да плошчы пароды, якая ўключае трэшчыны. Вынікі колькаснага аналізу трэшчынаватасці прадстаўляюць у таблічнай форме, таксама паказваюцца графічна ў выглядзе руж-дыяграм трэшчынаватасці, іншымі спосабамі. Сярод сістем трэшчын акрамя агульнага колькаснага падліку асобных разрываў праводзяць узроставы аналіз трэшчын. У гэтым сэнсе вылучаюць аднаўзроставыя трэшчыны, якія ўтварыліся ў адзін час пад уздзеяннем адных і тых жа тэктанічных напружанняў, а таксама рознаўзроставыя, якія ўтварыліся паслядоўна адна за другой пад уздзеяннем адных і тых жа або змяніўшыхся тэктанічных напружанняў. Больш маладой лічыцца трэшчына, якая парушае ўтвораную раней трэшчыну (мал. ). Усю разнастайнасць трэшчын класіфіціруюць па шматлікіх крытэрыях, сярод якіх можна назваць наступныя: - па канфігурацыі плоскасці разрыву вылучаюць роўныя, няроўныя, хвалістыя, каленападобныя, пляскатыя (па-руску – плоские), радыяльныя, канцэнтрычныя і іншыя; - па вуглу падзення плоскасці трэшчын вылучаюць гарызантальныя (0 – 50), спадістыя (па-руску – пологие) (5 – 250), слаба нахіленыя (30 – 450), стромкія (па-руску – крутые) (45 – 800), субвертыкальныя і вертыкальныя (80 – 900); - адносна перасякаемых слаёў трэшчыны бываюць падоўжанымі (па-руску – продольные), якія паралельныя распасціранню слаёў; поперачнымі (па-руску – поперечные), якія заклаліся ўпоперак распасцірання слаёў; касыя (дыяганальныя), якія знаходзяцца пад вострымі вугламі да распасцірання слаёў ці структур.
|