![]() |
Камедыя “Выбачайце, калі ласка” (1953).Date: 2014-03-13; view: 2011. Выяўленне рэчаіснасці 50 – 60-х гадоў ХХ стагоддзя ў камедыях А.Макаёнка (“Выбачайце, калі ласка”, “Каб людзі не журыліся”, “Лявоніха на арбіце”). Поспех твора быў незвычайным. Прычым нікім не чаканым, бо пасля апублікавання п’есы ў часопісе “Театр” савецкая тэатральная крытыка была моцна абурана “яе ідэйнай заганнасцю”. Былі падрыхтаваны знішчальныя артыкулы ў маскоўскай прэсе, але... Ашаламляльны поспех сцэнічнага ўвасаблення камедыі, а таксама паслясталінскае “раптоўнае прасвятленне” грамадства ўсё расставілі на сваіх месцах. 125 тэатраў краіны ставілі гэту п’есу. Шырока вядомы той факт, што драматург М.Пагодзін, галоўны рэдактар часопіса “Театр”, калі пасля прачытання п’есы аддаў загад зняць з ужо звярстанага нумара нейкі іншы твор і паставіць на яго месца “Камни в печени” (так называлася п’еса ў рускім перакладзе). Гэты вытанчаны “сацыялістычны рэаліст” добра бачыў падтэкст, схаваны ў камедыі, але ўсё ж не пабаяўся “падставіць” сябе і, вядома, А.Макаёнка. Гэты падтэкст (асуджэнне ўсёй сучаснай аўтару калгаснай сістэмы) свядомым ніяк не назавеш. Не тое было ў Макаёнка выхаванне і, адпаведна, светапогляд, каб цалкам адмаўляць савецкія парадкі. Аднак у многім паказальным здаецца такі вось запіс у яго дзённіку: “Як у вас справы ў калгасе? — Як на ТУ–104” — ??” — “Адзін вядзе, а ўсіх ванітуе”. Сёння ўспрымаецца як легенда і тое, з якой актыўнасцю рэагавалі гледачы на падзеі, што адбываліся ў спектаклі. “У адным з сельскіх клубаў, — сведчыў тэатральны крытык і блізкі сябра драматурга Г.Колас на старонках «Литературной газеты»,— як толькі закончыўся спектакль (ігралі артысты Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы (!), калгаснікі вырашылі правесці не то сход, не то дыскусію па пастаноўцы. Спрачаліся, шумелі і – знялі свайго старшыню за тое, што ён быў падобны на старшыню Гарошку” з Макаёнкавай п’есы. “Вызваленую пасаду прапанавалі... выканаўцы ролі перадавой калгасніцы Ганны Чыхнюк” (яе іграла Ржэцкая) (Г.Колас). Вялікі сцэнічны поспех камедыі “Выбачайце, калі ласка” быў абумоўлены не толькі надзённасцю тэмы і глыбокай змястоўнасцю твора. Не апошнюю ролю адыгралі падзейная дынамічнасць, агульная займальнасць сюжэтнага дзеяння, трапная дэталізацыя. У камедыі «Выбачайце, калі ласка!» драматург здолеў выйсці на такую праблематыку, праз якую галоўныя беды нашага жыцця высвечваліся вельмі наглядна і пераканальна. Калі браць адно знешні падзейны план твора, дык пісьменнік выкрываў толькі прыпіскі ў такой справе, як збожжанарыхтоўкі. Але па тых часах гэта была вельмі небяспечная, здавалася, недатыкальная тэма. Прыпіскі, хлусня ў найважнейшай дзяржаўнай справе – збожжанарыхтоўках! У савецкай краіне (дзе няма і не можа быць несумленных кіраўнікоў і антаганістычных канфліктаў)! «Прызнаюся, нават мне стала страшна — за Андрэя! На што замахнуўся!» — згадваў I.Шамякін ужо ў 80-я гады(І.Шамякін. Аповесць пра сябра). А ў Макаёнкавай камедыі быў яшчэ і падтэкст. I ён аказаўся настолькі глыбокім, што яго належным чынам можна ацаніць толькі цяпер. Зразумела, Макаёнак ніколі не ставіў пад сумненне сам калгасны лад, хаця многія яго заганы бачыў выразна. Так, у лісце да пісьменніка А. Кулакоўскага, напісаным у 1946 годзе, ён паведамляў, што ў Журавіцкім раёне з 71 калгаса толькі ў 13 хоць нешта выдалі на працадзень, а ў пачатку 60-х гадоў занатаваў у дзённіку наступны шматзначны дыялог, апублікаваны толькі пасмяротна: «— Як у вас справы ў калгасе? / — Як на Ту104./ — ???/ — Адзін вядзе, а ўсіх ванітуе». Адрак не адмаўляў Макаёнак цалкам, катэгарычна і савецкіх парадкаў, хаця добра бачыў, якую шкоду краіне прыносіла грубае самавольства яе кіраўнікоў. Пра гэта таксама ёсць дзённікавыя запісы, якія датуюцца 1956 годам, але ў друк трапілі зноў жа толькі пасля смерці пісьменніка. Неабходна адзначыць, што ні ў камедыі «Выбачайце, калі ласка!», ні ў іншых сваіх творах пісьменнік не замахваўся на партыйна-дзяржаўную сістэму. I справа была, заўважае Д.Бугаёў, не толькі ў цэнзурных абмежаваннях, але і ў тым, што Макаёнак з дзяцінства выхоўваўся ў прававернай савецкай сям'і. за сувязь з партызанамі быў расстраляны гітлераўцамі. Сам Андрэй Макаёнак на вайне быў ротным палітруком і ўжо ў 1977 годзе напісаў: «Належу да партыі камуністаў. Па пераконанні». Дык ці трэба здзіўляцца, што гэткі чалавек на самую сістэму не замахваўся і замахвацца не мог? Ён шчыра лічыў, што выкрывае толькі некаторыя яе заганы, ад якіх яна можа пазбавіцца, не знішчаючы самую сябе. Але фактычна пад агонь сатырыка трапілі карэнныя недахопы нашага грамадскага ладу, тыя, без якіх ён не мог існаваць. Асабліва маштабным і па-мастацку выразным атрымаўся ў камедыі сатырычны вобраз Каліберава, які ў рэальным жыцці меў шматлікіх прататыпаў.. У тыпізаваным вобразе макаёнкаўскага Каліберава напорыстасць і хітраванне, запазычаныя ў розных прататыпаў, выдатна спалучыліся, сталі арганічнымі рысамі персанажа. Калібераўшчына як сацыяльная з'ява (практыка цынічнага адміністравання ў кіраўніцтве пэўнымі галінамі народнай гаспадаркі, паказуха, прыпіскі, махінатарства) існавала даўно, але назыўной стала па ўзору-партрэту з камедыі «Выбачайце, калі ласка!» Дзеля дасягнення пераканаўчасці гэтага партрэта аўтар не скупіўся на выдаткаванне творчай фантазіі, нічым сябе не абмяжоўваў і не займаўся самарэдагаваннем. Па-першае, ён рашуча адмовіўся ад схаластычнай дазіроўкі адмоўных і станоўчых рысаў у характары героя. Па-другое, ухіліў любую дыскрымінацыю ў адносінах да выяўленчых сродкаў, «забыўшы», што нарматывісты ад афіцыёзнай крытыкі ў штыкі прымалі такія дзейсныя кампаненты мастацкай палітры, як, напрыклад, рэзкае сатырычнае асмяянне, гратэск. Плённае скарыстанне знайшоў у камедыі мастацкі прыём характарыстыкі галоўнага героя яго духоўным акружэннем (па прынцыпу: які поп, такі і прыход). Вобразы іх абмаляваны скупымі, драматургічна лапідарнымі, але вельмі выразнымі фарбамі. Калібераў — з тых савецкіх чыноўнікаў, якія дбалі не пра дабрабыт дзяржавы і не пра свой уласны дабрабыт, а пра славу, гучную ўхвалу ў прэсе, магчымасці вылучыцца ў вачах высокага начальства і памяняць свой «калібр» на буйнейшы. Дзеля гэтага ён і наважваецца на аферу са здачай неіснуючага збожжа раённымі гаспадаркамі і атрымання квітанцый за зерне, якога няма на складах. Раён трапляе ў пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, а яго хваляць у прэсе і заўважае абласное начальства. Напорыстасць Каліберава падмацоўваецца яго становішчам, бо Сцяпан Васільевіч на час дзеяння ў творы аднаасобна камандуе цэлым раёнам. Праўда, тут драматург пайшоў на пэўную ўмоўнасць, бо, згодна п'есы, Калібераў узначальвае райвыканком, а, як вядома, паўната фактычнай улады тады была ў першага сакратара райкома партыі. Макаёнак не рызыкнуў непасрэдна зачапіць партнаменклатуру, няхай і на раённым узроўні, і таму паслаў партыйнага бога (у п'есе гэта па-засцэнічны персанаж Макар Сямёнавіч) на лячэнне, пакінуўшы гаспадаром у раёне менавіта Каліберава. Словам, перад намі не дробная пешка ў камандна-адміністрацыйнай сістэме, а, як падкрэслівае і прозвішча, персона значнага калібру. Намінальна персона, па рэальнай уладзе, сканцэнтраванай у ягоных руках. На самой жа справе Калібераў — пусты і нікчэмны балбатун, а яшчэ прыстасаванец, гатовы дзеля кар'еры на ўсё. Ён не мае ні сур'ёзнай агульнай адукацыі, ні спецыяльнасці, ні арганізатарскіх талентаў. А таму ўся яго бурная дзейнасць па кіраўніцтву раёнам зводзіцца да пасяджэнцкай мітусні і голага адміністрацыйнага націску. Вось як сам Калібераў расказвае заезджай карэспандэнтцы пра сваю працу з людзьмі, якая нібыта і забяспечыла поспех, вядома, уяўны: «Спачатку склікалі сесію райсавета, потым сход райпартакгыву, а райком камсамола — раённы сход камсамольскага актыву. Пасля райвыканком сумесна з райкомам партыі правялі нараду старшынь сельсаветаў, потым — нараду старшынь калгасаў, брыгадзіраў і рахункаводаў. Затым — семінар сакратароў партарганізацый, семінар агітатараў. Па лініі аддзела прапаганды і рэдакцыі райгазеты правялі нараду селькораў і рэдактараў насценгазет. Па лініі аддзела культустаноў — нараду загадчыкаў клубаў і сельскіх хатчытальняў... А потым у кожны калгас паслалі ўпаўнаважанага райкома і райвыканкома... Ага, ледзь не забыў. Яшчэ правялі злёт механізатараў». Карціна проста жахлівая, хоць Калібераў пра гэта і не здагадваецца. Жонка Каліберава Антаніна Цімафееўна — амбіцыйная мяшчанка; менавіта яна штодзённа натхняла разжалаванага з высокай сталічнай пасады ў старшыні сельскага райвыканкома Каліберава «націскаць», «закручваць гайкі», «узяць работнічкаў за жабры», прыдумала яму камяні ў печані і легенду кіраўніка, які згарае на рабоце. Муж павінен вярнуцца ў Мінск! На белым кані! Дзеля гэтай мэты — усе сродкі прыдатныя, дзеля яе здзяйснення не грэх абаперціся на любога памочніка. Нават на хапугу-казнакрада, дырэктара спіртзавода Кузьму Печкурова. Або на ўпаўнаважанага па нарыхтоўках — Моцкіна, вобраз якога з'яўляецца адным з самых яркіх сатырычных тыпаў у беларускай камедыяграфіі. Моцкін — фігура па-свойму маштабная. Праўда, маштабнасць тая — залюстэркавая, бо і сам ён не герой, а антыгерой. 3 вывернутай мараллю, з антыподнымі параметрамі светабачання, з адпаведнымі крытэрыямі ацэнак людзей, рэчаіснасці, свайго месца ў жыцці. У яго быў абсалютны нюх на чарвяточыну ў душах людзей, а таксама і віртуознае ўменне пакарыстацца гэтым дарам прыроды. Менавіта Моцкіну належала ідэя выйсці ў перадавікі па збожжанарыхтоўках пры дапамозе фікцыі з гарантыйнымі распіскамі, і ён беспамылкова адшукаў хаўруснікаў для здзяйснення афёры. «Аты, брат, камбінатар! Спеец!» — ледзьвене з захапленнем кажа пра яго Калібераў. Атрымліваецца, што Моцкін не столькі памагаты, колькі «мозг», «генератар ідэй», ён жа і пранырлівы іх выканаўца. Моцкіну ўдавалася не толькі добра прыстасоўвацца да абставінаў, але і актыўна ўплываць на іх, застаючыся пры гэтым у ценю. Калі афёра ўсё ж лопнула, ён не без падстаў спадзяваўся выйсці сухім з вады. «За што? Калі б я што-небудзь якое, дык я ж ніколі, нічога, ніякага. А калі што якое, дык што тут такое? Квітанцыі я не выпісваў, распіскі не даваў, на старшынь не націскаў і па радыё таксама не выступаў». Нібыта і праўда ён ні пры чым, гэтак жа як «ні пры чым» бывае лялькавод у тэатры марыянетак. Засвечвацца махляру не з рукі, бо і ў яго ёсць таемная мара — узначаліць вялікую базу ў Бабруйску. Актыўным хоць разам з тым і нявольным пасобнікам ашуканцаў выступіў у п'есе старшыня калгаса «Партызан» Ягор Гарошка, вобраз якога — несумненная творчая ўдача А.Макаёнка. Менавіта гэты вобраз — непасрэднае абвінавачванне калібераўшчыне, чыноўніцкаму самадурству, валюнтарызму. Чалавек ён унутрана сумленны, але слабавольны. Адсюль усе яго беды. Усёй душой хацелася яму жыць па справядлівасці, рабіць дабро сваім калгаснікам, аднак фактычна здраджвае ім, ідзе на падман дзяржавы, робіцца саўдзельнікам злачынства. «Сцяпан Васільевіч, — у роспачы звяртаецца ён да Каліберава, — а што я магу зрабіць? 3 аднаго боку вы націскаеце, а з другога боку, вось бачыце, яны — народ. А мне каго слухаць?». Не бачыць выхаду небарака-старшыня, таму так часта і вырываецца з яго грудзей безнадзейнае: «Хоць круць-верць, хоць верць-круць, а...» А ніяк не растлумачыш аднавяскоўцам, чаму з году ў год працадзень застаецца пустым (шкоднасць калібераўшчыны як заганнага стылю кіраўніцтва праяўлялася і ў практыцы перакідвання часткі плана паставак збожжа дзяржаве са слабых гаспадарак на моцныя, чым губілася зацікаўленасць сялян у выніках сваёй працы). Урэшце рэшт герой пераадольвае сваю палахлівасць і паўстае супраць прыгоннікаў у вобліку раённага начальства. Выбар быў зроблены. На карысць народа і пры дапамозе гэтага народа, увасабленнем якога ў творы выступілі брыгадзір Міхальчук і калгасніца Ганна Чыхнюк. У ацэнцы гэтых вобразаў тагачасная крытыка аднадушнай не была. I ўсё ж болынасць крытыкаў прызнавалі пераканаўчасць вобразаў, адзначалі, што «Ганна вырастае да вялікага жыццёвага абагульнення, яе вуснамі гаворыць народ». (Ровенских Б. «Извините, пожалуйста!» в театре имени Янки Купалы // Советская Белоруссня. 1955. 22 февр.)Але ж, як слушна заўважае П.Васючэнка, пратэст Ганны псіхалагічна не абгрунтаваны, ён тлумачыцца толькі тым, што Ганна «чалавек з народу». Ужо ў гэтым творы А. Макаёнка вымалёўваюцца асаблівасці яго стылю. Варта прыгадаць сцэнку, якая разыгрываецца ў апартаментах Каліберава. Наведвальнікі прыходзяць да яго з «гасцінчыкамі»: Гарошка — з поўнымі клункамі, якія перадае гаспадыні, дырэктар спіртзавода Печкуроў — з грэлкай «вогненнай вады», якую адразу ж распіваюць. Пад чарку «ўтрасаюцца» «вытворчыя» праблемы. Калібераў набірае нумар тэлефона нейкага маёра Дуева і выбаўляе Печкурова ад вайсковых збораў. Відавочна, А.Макаёнак дасканалаведаў звычкі савецкага чыноўніцтва і сёе-тое замаляваў проста з натуры. Ёсць у творы бліскучыя мізансцэны, напоўненыя выбуховай смехавай энергіяй. Напрыклад, раптоўная «хвароба» Каліберава («камні ў пячонках»), калі над яго кар'ерай пачынаюць збірацца хмары. Трапна і дасціпна выпісана сцэна развітання Тарошкі са сваёй службовай пячаткай: «Гарошка. ...(Звяртаецца да пячаткі.) 3 табой мне і пачот і павага былі. Ты мяне і карміла, ты мяне і паіла: з табой я ніводнага вяселля, ніводных хрэсьбін не прапусціў. А вось — прыйдзецца, відаць, расстацца. Ты, як няверная жонка,— сённяў аднаго, заўтраў другога». Змагаючыся на першы погляд толькі супраць недарэчнасцей у калгасных хлебапастаўках, драматург, сам таго выразна не ўсведамляючы, на самой справе ўдарыў па галоўных падвалінах нашай таталітарнай сістэмы, бо высмеяў тое, на чым яна трымалася,— паказуху і падман, якімі было пранізана афіцыйнае жыццё ад верху да нізу. Такім чынам, маштабныя сатырычныя вобразы, намаляваныя ў камедыі, сказалі значна больш, чым гэта ўяўлялася самому аўтару. Такая сіла мастацкага абагульнення, мастацкай праўды, здабытай з глыбінь жыцця неардынарным пісьменніцкім талентам. Макаёнак працягваў мастакоўскае даследаванне вясковай рэчаіснасці, на матэрыяле якой створаны камедыі «Каб людзі не журыліся» (1957), «Лявоніха на арбіце» (1961), «Таблетку пад язык» (1972). Камедыя “Каб людзі не журыліся” (1957). (“Самі с усамі”). Камедыя іх вызначалася даволі праўдзівым паказам тагачасных калгасаў, сельскіх і раённых кіраўнікоў (хлёстка напісаныя сатырычныя вобразы калгаснага старшыні Самасеева і райпланаўскага начальніка Гудзеева) і з гэтай прычыны сустрэла моцнае афіцыёзнае супрацьдзеянне, з-за якога аўтару прыйшлося шмат крамсаць свой твор. Прыход камедыі да гледача быў вельмі няпростым. Ад Макаёнка чакалі нечага падобнага на папярэдні твор, ды, зрэшты, і чакалі – то нездарма. Аднак лёс яго ў многім быў вырашаны публікацыяй не зусім дапрацаванага варыянта ў эмігранцкай газеце “Бацькаўшчына” (Мюнхен). “Было б яшчэ паўбяды ад таго, што рэдакцыя надрукавала п’есу, над якой аўтар сумесна з тэатрам працягваў працаваць, каб палепшыць твор. Мяне абурыла не гэта. Мяне абурылі тыя каментарыі, якія былі выказаны ў некаторых артыкулах газеты. Як у крывым люстэрку, там скажаюць мае ідэйныя творчыя пазіцыі і, несумненна, вырываючы рэплікі з п’есы, адвольна, па-свойму, тэндэнцыйна тлумачаць яе, ні слова не сказаўшы пра галоўнае ў камедыі – пра яе партыйную накіраванасць, дэмакратычны характар.. (“За вяртанне на Радзіму”, 1959, № 40). Макаёнак даў водпаведзь “прыслужнікам імперыялізму”, але яна мала што змяніла. Нясцярожлівыя дамарошчаныя перастрахоўшчыкі пастараліся “замарозіць” пастаноўку таленавітага твора. Сцэну ён убачыў толькі ў 1959 годзе. Пачатак дзеі драматург фіксуе з абсалютнай дакладнасцю — 1 красавіка 1955 г. I гэтую дэталь, калі ўлічыць, што ў творах А.Макаёнка ніколі і нічога выпадковага не было, варта разгледзець як красамоўную падказку чытачу, рэжысёру, гледачу: шукаць дадатковы, падтэкставы сэнс. Да часу напісання п'есы ўрад краіны прыняў шэраг важных пастаноў, закліканых кардынальна палепшыць жыццяздольнасць калгасаў; селяніну стала дыхацца лягчэй. Не бачыць гэтага драматург не мог, тым не менш, не паспяшаўся біць у літаўры. Наадварот, падзейны фон у камедыі надзвычай змрочны, ноткі трывогі пранізваюць нават чыста камічныя сцэны. Вось якой атрымалася гутарка двух старшынь (былога і будучага) калгаса «Вольная праца»: Самасееў (Кавальчуку, нявесела). Дык вы, значыцца, правяралі? Кавальчук. Прыглядаўся. Самасееў. Нуі што? Кавальчук. Чэсна сказаць? Дрэнь вашы справы. Самасееў (няўпэўнена). Відаць, нагаворы, паклёп... Кавальчук. Трэба разабрацца. Самасееў. Во-во-во!.. Іменна разабрацца! Тут жа такія людзі, што... За тры гады чатырох старшынь з'елі. Кавальчук. З'елі? Самасееў. З'елі! I гузікі выплюнулі. Кавальчук. Чатырох? Самасееў. Я — пяты. Кавальчук. Нуі апетыты! Самасееў. 3 гэтага калгаса анекдот пайшоў: старшыня тут адчувае сябе ўсё роўна як бульба. Кавальчук. Бульба? Самасееў. Калі за зіму не з'ядуць, дык вясной пасадзяць. Кавальчук (смяецца). Забаўна. Зіма скончылася, ужо вясна на дварэ, а вас жа не з'елі? Самасееў. Ну вот. Кавальчук (смеючыся). Думаеце — пасадзяць? Самасееў. Вам весела, а ў мяне сям'я. Якога толку можна чакаць у гэтай гаспадарцы, калі за тры гады ў ёй змянілася чатыры кіраўнікі! Але камедыя «Каб людзі не журыліся» не была б творам, вартым пяра ўдумлівага мастака, калі б у ёй прычыны недахопаў у сельскай гаспадарцы выводзіліся толькі з кадравай чахарды. I зусім не выпадкова аўтар галоўным героем абраў Цімафея Кавальчука: ён, былы дваццаці-пяцітысячнік, у 1930 г. арганізоўваў калгас «Вольная праца», а ў красавіку 1955 г., змяніўшы на пасадзе старшыні п'яніцу Самассева, мог увачавідкі праверыць, наколькі спраўдзіліся тыя абяцннні, якімі завабліваў сялян у хаўрус калектыўнай працы. На жаль, далёка не ўсё атрымалася так, як марылася. «Бяры грэх на енню душу, Цімафей, — гаворыць Кавальчуку стары калгаснік Цярэшка. — Вялікую справу ты пачаў, а да канца не давёў. Сабраў нас, аднаасобнікаў, у адну кучу, ласкуты нашы сцягнуў на жывую нітку, а вузялкі забыўся завязаць. Не паспеў. Паехаў. А што ж гэта за шытво без вузялкоў? Абы што-якое — нітка, і вылазіць — вось табе і прарэха». Не цяжка здагадацца, што не канкрэтнаму Кавальчуку адрасуюцца папрокі старога селяніна, праблема ставіцца ў прынцыпе. Для аўтара п'есы не было сумненняў наконт мэтазгоднасці праведзенай у 30-я гады рэформы сельскай гаспадаркі. Іншая рэч, што не ўсё ў ёй толкам прадумана, узважана, падрахавана, таму і людзям жывецца нявесела. Аўтарскія сумненні заключаліся ў тым, ці адэкватныя меры прымала кіраўніцтва дзяржавы дзеля ўхілення недахопаў, ці правільна «завязваліся вузялкі». Яго вельмі трывожыла, што без перабольшання гістарычныя ўрадавыя пастановы аб рэарганізацыі сельскай вытворчасці, прынятыя ў 1953—1956 гг., амаль цалкам ігнаравалі так званы чалавечы фактар. А без гэтага любое новаўвядзенне асуджана на правал. Прынамсі, сваім творам драматург імкнуўся прыцягнуць увагу грамадскасці да незайздроснага стану сельскага працаўніка, вымушанага жыць на ўласнай зямлі ці то госцем, ці то гаспадаром. I выяўляў ён гэтае імкненне з такой палымянасцю і вастрынёй, што выклікаў незадаволенасць пэўнай часткі дзяржаўнага чынавенства. I яны здолелі скараціць п'есе сцэнічнае жыццё да мінімуму, хоць мала тагачасных твораў маглі пахваліцца такой ступенню мастацкай выразнасці, такой грамадзянскай заклапочанасцю ў пастаноўцы сацыяльных праблем, такой насычанасцю гуманістычнага пафасу. Як бачым Самасееў мала чым адрозніваецца ад свайго літаратурнага папярэдніка. Самасееў перакананы, што ён незаменны і павінен займаць толькі кіруючыя пасады. I гэта пры тым, што працаваць не ўмее. Ды і сумлення не мае. Яно дрэмле ў душы Самасеева з таго часу, як пачаў лічыць сябе тым, хто можа вырашаць лёсы іншых і ўплываць на іх. Грамадскія справы Самасеева цікавяць менш за ўсё. Ён любіць выпіць, прыхапіць грамадскага багацця, паклёпнічае на сумленных працаўнікоў. I нават калі яго выключаюць з партыі, працягвае займацца тым жа. Ніколькі не сумняваецца, што яго пакаралі несправядліва. У творчым плане камедыя “Каб людзі не журыліся” цікавая тым, што на новым узроўні засведчыла імкненне драматурга да як мага больш поўнага раскрыцця характару не толькі галоўных, але і другарадных персанажаў. Засведчыла п’еса і яшчэ адно: узбагачэнне аўтарскай моўнай “узброенасці”. Камедыя “Лявоніха на арбіце” Праблемы сельскай рэчаіснасці закранае А.Макаёнак і ў камедыі “Лявоніха на арбіце”. П'еса з'явілася ў атмасферы грамадскага ўздыму пасля выкрыцця культу асобы. Была прынята Праграма КПСС, у якой абяцалі хуткі і непазбежны камунізм, і быў здзейснены першы палёт чалавека ў космас. У драматурга былі падставы для напісання «адпаведнай» часу камедыі, у якой віруе нібыта бясхмарны смех. Камедыя «Лявоніха на арбіце» выклікала вельмі шырокі рэзананс, пераможна крочыла па прафесійных і самадзейных тэатрах, адзначалася Літаратурнай прэміяй імя Я.Купалы (тады гэта была вышэйшая пісьменніцкая ўзнагарода ў рэспубліцы). Аднак ацэнкі нярэдка былі рэзка супрацьлеглыя. Адным не падабалася, што А.Макаёнак прыхарошвае рэчаіснасць (і гэта гаварылі пра таго, хто, наадварот, рэзка асуджаў усё адмоўнае). Другія бачылі выдаткі ў празмерным супастаўленні «ўласніка» Лявона Чмыха і яго празмерна грамадска свядомай жонкі. Не пашанцавала і фільму «Рагаты батальён», у аснову сцэнарыя якога была пакладзена п'еса «Лявоніха на арбіце». Сёння відавочныя і слабасці твора, яго пэўная кан'юнкгурнасць[2] і лакіровачнасць, яўнае перабольшанне заможнасці паказаных у камедыі вяскоўцаў, хаця і з агаворкамі, што не ва ўсіх калгасах яна дасягнута. Ёсць у п'есе і замах на сялянскую карову, якую герой твора Лявон Чмых пад дружным напорам астатніх дзейных асоб мусіць здаць на калгасную ферму. Бо і ягоная жонка, тая Лушка Лявоніха, што нечакана выходзіць на арбіту раённага дэпутацтва, ставіць ультыматум: «Выбірай: карова ці я?» I Лявоніха, і іншыя «правільныя» героі п'есы падавалі справу так, што падсобная гаспадарка (а якая ж яна без уласнай кароўкі!) толькі тармозіць прагрэс у вёсцы, замінае сялянам шчыльнымі радамі крочыць у камунізм, хаця ў сапраўднасці яна была і застаецца ўмовай выжывання для мільёнаў нашых людзей. Лявон аказваецца нібы ў аблозе: «перадавая» жонка рвецца ў дэпутаты, адмаўляецца даглядаць карову, як «перажытак уласніцтва», да таго ж і начальства, калгаснае і раённае, дзяўбе... Ды і аўтар «падстаўляе» свайго героя: паказвае за крадзяжом калгаснага сена. Здаецца, усе і ўсё супраць «антыгероя», і вось-вось рухне яго «рагаты бастыён» — апошняя перашкода на шляху да камунізму... Але і гэты твор атрымаўся з хітрынкай: у ім адчуваецца і аўтарская сімпатыя да абаронцы «рагатага бастыёна», і пэўнае апраўданне яго (Як сведчыць С.Лаўшук, Макаёнак сцвярджаў, што пісаў вобраз Лявона Чмыха «са сваёй маці», а яна, казаў драматург, «жыццё ведала і многія сельскія праблемы разумела надзіва глыбока»). Гэткае разуменне было і ў Лявона.. У падтэксце твора прыхавана пытанне: «А ці спыталі вы ў таго, каго называеце ўласнікам і «перажыткам», ці так ужо хоча, ці рвецца ён у незнаёмы для яго камунізм? » Выяўляюцца рысы беларуса — абачлівасць, асцярожнасць, яму трэба папрыглядацца, што ўяўляе сабой гэта незнаёмае, «з чым яго ядуць». У спрэчцы, якую Лявон вядзе са сваімі блізкімі, ён выказваецца пераканаўча: «Лявон. ... (Па-філасофску.) Што такое карова? Максім (пасля паўзы). Сенаспажывец. Лушка. Нуу... малако... смятана.. Клава. Масла... Лявон (з пагардай. Бабскі розум. Авось ён разумее. (Паказаў на старшыню.) Таму і такі прыцэл бярэ... Карова — гэта мая свабода, мая эканамічная незалежнасць. Гэта — мой бастыён, мой дот! Расшыфроўваю: «долговременная обороительная точка». Міхал. Ад каго ж вы будзеце бараніцца ў сваім рагатым бастыёне? Буйкевіч. Хіба не ясна? Ад камунізма. Лявон. Што вы за людзі? Ну чаго спяшаецеся? Што вы мяне гоніце? Дайце агледзецца! А то што ні дзень, то ўсё (разгублена) новае...(з абурэннем) новае... (са злосцю) новае!!! Жыву, як на палубе карабля: то туды гайдане, то сюды. Няўстойліва на нагах стаю. Дайце мне прыспасобіцца». Пройдзе не так шмат часу, і «кансерватызм» Лявона будзе выглядаць здаровай сялянскай логікай. А публіцыстыка раней за мастацкую літаратуру пачне гаварыць пра страту пачуцця гаспадара, пра ўласніцтва як здаровае пачуццё селяніна, які працуе на сваёй зямлі. У п'есе нямала вадэвільных эпізодаў: пошук злодзея, які краў калгаснае сена і забыў каля стога дзяружку; «эмансіпаваная» Лявоніха чытае ўслых рызыкоўную мясціну з Флабэра; спробы суседкі Клавы спакусіць чужога мужа... Зрэшты, і ў «Лявонісе на арбіце» драматург не застаўся толькі памяркоўна-пакладзістым алілуйшчыкам. Крытычны пафас, які ёсць і ў гэтым творы, выявіўся ў паказе наменклатурнай фігуры зноў жа раённага маштабу Глуздакова і яго памочніка Цесакова. Сатырычны дар Макаёнка тут праявіўся дастаткова моцна. Сэнсава-змястоўны «сектар» сюжэта звязаны з лініяй Глуздакоў—Цесакоў— Мікалай Сяргеевіч, мае ўсе адзнакі аўтаномнасці, выглядаючы якп'еса ў п'есе. Гэтая лінія — цалкам сатырычная. Фігура Глуздакова, канцылярскага робата, які за цыркулярамі, фармулярамі і пастановамі даўно перастаў бачыць людзей, адчуваць рэальныя запатрабаванні часу. Драматург падрабязна, са знішчальнай з'едлівасцю мымалёўвае партрэт героя: салідны ўзрост, з жывоцікам і задышкай, з лысінай на ўсю галаву аж да патыліцы, твар пухленькі, ружовенькі, як у нованароджанага... А чаго варты кабінет, у якім засядае Мітрафан Сазонавіч! Над усім, выцясняючы астатнюю мэблю, высіцца вялізны, агромністы сейф, увасабленне важнасці, сакрэтнасці і таямнічасці. Толькі «сціпласць» Глуздакова, саркастычна заўважае драматург, перашкодзіла ператварыць увесь кабінет у сейф ці з сейфа зрабіць кабінет. Можна ўявіць, колькі скаргаў, зваротаў грамадзян згінула без слядоў у бязмерным чэраве монстра-сейфа, колькі плённых прапаноў і планаў пахавана ў гэтай бяздоннай скрынцы-труне. Своеасаблівы Белікаў раённага маштабу, Глуздакоў глушыць любую ініцыятыву з нізу — як бы чаго не выйшла. Затое рэляцыі зверху ён успрымае з поўным піетэтам, гатовы выканаць іх безаглядна, не задумваючыся над тым, наколькі яны разумныя, наколькі адпавядаюць інтарэсам раёна. Герою вельмі хочацца ўтрымацца ў кіруючым крэсле, уседзець у ім да пенсіі. Дзеля здзяйснення гэтай мэты ён гатовы на ўсё: паступацца ўласнай годнасцю, прыслужвацца перад начальствам. У бліскуча напісанай сцэне сустрэчы з сакратаром абкома Мікалаем Сяргеевічам Глуздакоў пераўзыходзіць самога сябе. Варта высокаму госцю заявіць, што ў кабінеце душнавата, — і Мітрафан Сазонавіч лезе адкрываць фортку, расшпільвае пінжак, праз імгненне начальства заўважае, што ў кабінеце нібыта халаднавата, — і вернападцанніцкае «рэле» тут жа пераключаецца адпаведным чынам. Наяўнасць у творы такіх сцэн яскрава сведчыла аб выдатным сатырычным майстэрстве А.Макаёнка. Кур'ёзнасць фігуры Глуздакова заключаецца ў тым, што ён — пры ўсёй сваёй нікчэмнасці — увасабляе сілу. Сілу затхлай герметыкі, рыхла-нязрушнай масіўнасці, інертнасці, пад якімі задыхаецца ўсё жывое, здаровае. Наглядны прыклад таму — памочнік Цесакоў. Прырода не абдзяліла юнака ні розумам (выказваецца ён проста афарыстычна), ні дзелавітасцю (усю руцінную працу Глуздакоў пераклаў на памочніка), але добрым задаткам наўрад ці ўдасца разгарнуцца: і на словах, і на справах яго ляжыць выразны адбітак змярцвеласці, замбіравання. Сатырычная камедыя «3 кірмашу» з-пад пяра драматурга з'явілася ў 1967 г. Аднак, нягледзячы на намаганні аўтара, дэмаршы кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў БССР, заступніцтва некаторых дзяржаўных чыноўнікаў высокага рангу, камедыя так і не ўбачыла святла рампы. Абструкцыю свайму твору А.Макаёнак успрыняў не проста балюча, а хваравіта — да адчаю, да памкнення звесці рахункі з жыццём. I толькі франтавая закалка, падтрымка сяброў дапамаглі выстаяць, не зламацца. Ратаваўся працай. Працай, якая знясільвала. Працай, якая давала сілы. У выніку амаль адначасова, з інтэрвалам у некалькі месяцаў драматург завяршае дзве трагікамедыі — «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970), якія далі падставы гаварыць пра новага Макаёнка. |