|
З гісторыі вёскі КасутаDate: 2015-10-07; view: 895. Маёнтак з'явіўся на землях Куранецкай воласці ў выніку вялікакняжацкага падаравання і спачатку не меў уласнай назвы, таму ў дакументах зваўся «имением в Куренцы». Пазней атрымаў назву ад ракі Касутка, на беразе якой і размяшчаўся. У летапісе Касута ўпамінаецца пад 1499 г., калі была ўласнасцю Ядвігі Аляксандраўны, князёўны Гальшанскай. Маёнтак дастаўся ёй ад мужа Барташа Мантоўтавіча, пасля смерці якога яе новы муж, Ян Багданавіч Літавор Храбтовіч, атрымаў ад яе правы на часовае (да яе смерці) уладанне маёнткам. Мантоўтавічам маёнтак належаў прыкладна да XVІ ст.; калі сын Барташа Мантоўтавіча Станіслаў памёр, маёнтак перайшоў да яго жонкі Ядвігі Алегаўны, якая выйшла замуж за віленскага кашталяна Станіслава Янавіча Кезгайла. У 1529 г. Касута была ўласнасцю Станіслава Станіславіча Кезгайла, старасты жамойцкага і кашталяна трокскага. Пры ім Касута была цантральным маёнткам, у які ўваходзілі суседнія вёскі. Пасля Кезгайлы гаспадаром Касуты быў Ян Юр'евіч Глябовіч, канцлер Вялікага княства Літоўскага. У Яна Глябовіча маёнтак набыў епіскап жамойцкі Вацлаў Вярбіцкі. Пасля Вярбіцкіх Касутой валодаюць Вішнявецкія. Праз Ганну Вішнявецкую маёнтак пераходзіць да Сапегаў. У сярэдзіне XVІ ст. маёнтак Касута належаў Міхаілу Іванавічу Сапегу і яго жонцы Ядвізе Іванаўне, народжанай Глябовіч. Затым маёнтак перайшоў да князёў Вішнявецкіх. Пасля смерці Андрэя Вішнявецкага, па раздзельнаму акту 5 студзеня 1593 г., Мікалай Сапега, ваявода Віцебскі, і Ганна з роду Вішнявецкіх, становяцца гаспадарамі Касуты. У 1614 г. маёнтак перайшоў да іх малодшага сына Аляксандра-Казіміра Сапегі. У 1638 г. Себасцьян Архоравіч Свяцкі купіў маёнтак Касута Ашмянскага павета ў пана Крыштофа Сапегі, падстольніка ВКЛ. У 1718 г. маёнтак – уласнасць Я.І. Лубянскага. Ён складаўся з двара Касуты і вёсак Малмыгі, Чыжэвічы, Агароднікі і Плікавічы. У 1723 г. Я.І. Лубянскі прадаў частку маёнтка – зямлю Казлоўшчына каля в. Івонцавічы – Адаму Тышкевічу і яго жонцы Сафіі. У 1744 г. маёнтак – уласнасць Міхала Пяншэнскага, у 1752 г. – Юзафа Пузыны, біскупа інфлянцкага, у 1753 г. – Антонія і Францішкі (з Жабаў) Крываблоцкіх, у 1766 г. – Ежы Крываблоцкага, у 1789 г. – Стэфана Ромера, у 1800 г. – Юзафа Міхала Ромера. Маёнтак быў злучаны з суседнім Куранцом. Сяло Касута было сумесным уладаннем Ю.М. Ромера і Касуцкай уніяцкай плябаніі. У 1824 г. маёнтак – уласнасць паноў Сулістроўскіх, у 1836 г. – Юзафа Ромера, у 1857 г. – Ігнація Тукалы. Пасля паражэння нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-64 гг. Тукалы прымусова павінны былі прадаць маёнтак, і ў 1873 годзе яго набыў расійскі князь Пётр Вітгенштэйн. Але ўжо напрыканцы 19 стагоддзя і ажно да пачатку Першай сусветнай вайны Тукалы – зноў уласнікі Касуты. Падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, каля вёскі адбываліся жорсткія баі, у выніку якіх Касута да 1918 года апынулася пад нямецкай акупацыяй. У 1921-39 гадах Касута ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай - уласнасць Мечыслава Багдановіча. У 1938 годзе вёска Касута: 21 двор, 135 жыхароў; хутары: 10 двароў, 74 жыхары; засценак Касута: 8 двароў, 50 жыхароў; маёнтак Касута: 1 двор, 6 жыхароў. Палац у Касуце, здымак да 1939г. З 1939 года вёска Касута ў складзе БССР. На цяперашні дзень – вёска Касута, Крывасельскага с/с, у складзе сельскагаспадарчага філіяла ААТ “ Вілейскі камбікормавы завод”, Рэспубліка Беларусь. Але сёняшняя Касута- гэта не тая вёска, аб якой ішла гаворка. Тую Касуту знеслі падчас будаўніцтва Вілейскага вадасховішча ў 1973 годзе. Падмуркі той Касуты схаваны ў прыдонні хваль “вілейскага мора”, каля маста праз Касуцкую затоку. Сучасная вёска Касута ўзнікла на месцы колішняга засценка Касута і панскага двара. А аб панскім маёнтку нагадваюць зараз толькі рэшткі падмуркаў ды стогадовыя ліпы колішніх прысядзібных прысад.
Расціслаў Лапіцкі – Герой Нацыянальнага Супраціўлення
Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасня 1928 года ў в. Касута ў сям'і мясцовага святара Аляксандра Лапіцкага. У сям'і Лапіцкіх было чатыры сыны і адна дачка. Адзін сын памёр рана. Вадзім, Алег, Вольга, Расціслаў выгадаваліся патрыётамі айчыны, чаму найбольш паспрыялі сувязі з віленскім, беларускім асяроддзем. Незадоўга перад Другой Сусветнай вайной айца Аляксандра перавялі ў новы прыход у мястэчка Мільча, дзе Алег і Расціслаў пайшлі ў школу. У 1942 г. Лапіцкія перабіраюцца ў Кабыльнік, што на Мядзельшчыне. Расціслаў працягвае вучыцца ў мясцовай школе, Вадзім працаваў ў беларускай школе на Вілейшчыне, Алег узначальваў Саюз беларускай моладзі на Лідчыне. Прыклад братоў не мог не паўплываць на далейшы лёс малодшага Расціслава. Пасля вызвалення Беларусі ад германскай акупацыі Алег уключаецца ў падпольны моладзевы рух у Вільні, да дзейнасці якога падключаецца і Расціслаў. Пасля правалу арганізацыі правялі масавыя арышты. Вясной 1945 г. – суд у Мінску. Расціслаў, як непаўнагадовы атрымаў тры гады зняволення. Аднак, пасля перамогі над Германіяй, быў вызвалены па амністыі. Па звароце з Гомельскай турмы Расціслаў працягвае вучыцца ў Кабылінскай сямігадовай школе. Школа, аднакласнікі, сябры – звычайнае хлапчуковае жыццё ў першыя пасляваенныя гады. Халоднае, галоднае, але і са сваімі забавамі і ўцехамі. Расціслаў вельмі добра вучыўся, асабліва па гуманітарных дысцыплінах. Ён дасканала валодаў польскай мовай, а за гады акупацыі падвучыўся і нямецкай. Ад бацькі атрымаў у спадчыну музычны талент. Іграў на шматлікіх музычных інструментах. Актыўна працавала ў яго і тэхнічная думка. З двух калаўротаў зрабіў драўляны ровар, на якім ездзіў у школу. Пазней прымайстраваў самаробны рухавік да сапраўднага ровара. Збіраў радыёпрыёмнікі, мог адрамантаваць любы гадзіннік, зрабіў адмысловую электрычную прыладу ("электрамашыну") для лячэння рэўматызму ды іншых хваробаў — старыя людзі казалі, што памагала. Займаўся фотасправай, любіў фатаграфаваць. У 1946 г. пасля смерці мужа, айца Аляксандра, Настасся Лапіцкая разам з сынам Расціславам перабіраецца ў Некасіцк, недалёка ад Мядзеля. Расціслаў прадоўжыў навучанне ў Мядзельскай дзесяцігодцы, пайшоўшы ў восьмы клас. 1948 – 1949 гг. – напружаныя гады ў гісторыі Беларусі, асабліва Заходняй, што было звязана, найперш, з распачатай калектывізацыяй. Падаўленне ўсялякага іншадумства, арышты і зняволенне ўсіх нязгодных з камуністычным рэжымам, высылка заможных сялян на Поўнач і ў Сібір, прымусовае стварэнне калгасаў, якое суправаджалася пазбаўленнем сялян уласнай зямлі, пераслед святарства – усё гэта выклікала зразумелы пратэст усяго думаючага і вольналюбівага. У пачатку 1948 г. Расціслаў Лапіцкі стварае падпольную моладзевую арганізацыю. Гэта адбылося ў адным з мядзельскіх дамоў, доме Звярушкі, дзе кватаравалі некаторыя вучні. Бліжэйшымі яго таварышамі і паплечнікамі сталі Факусь Несцяровіч з Юшкавіч і Юзік Качарга з Качарэг. Яны друкавалі ўлёткі, змест якіх быў рэвалюцыйна-палымяны: «Партызаны, падпольшчыкі, стойце на абароне сваёй справы, беражыце ў сабе свяшчэнную нянавісць да камунізму, які нявечыць і разбэшчвае чалавецтва. Біце сталінскіх шакалаў. Моладзь, не губляй сумленне, змагайся супраць слепа веруючых у падман камунізму. Да зброі! Не бойцеся ахвяраў і пакут. Наперад да светлай будучыні! – вашыя браты». Акрамя таго, падпольшчыкі, рыхтуючыся да больш актыўных дзеянняў, пачалі назапашваць зброю. Голад і нястача гналі сіроцкую сям'ю Лапіцкіх далей. У пачатку восені 1949 г. яны апынуліся ў Смаргоні, дзе жылі родзічы спадарыні Настассі. Пачаўшы хадзіць у 10 клас Смаргонскай школы, Расціслаў і тут стаў весці антыкамуністычную прапаганду, шукаючы і згуртоўваючы аднадумцаў. На працягу месяца ўтварылася шматлікая падпольная арганізацыя. У Смаргоні таксама асноўная ўвага ўдзялялася ўлёткам. Яны друкаваліся на глухім хутары ў сядзібе Ахрамовічаў. Познімі цёмнымі вечарамі іх расклеівалі на слупах, агароджах, сценах дамоў, на будынках дзяржаўных устаноў і нават на міліцыі. Розгалас сярод тутэйшага насельніцтва ад гэткіх улёткавых кампаній быў шырокі. Усхапіліся і спецслужбы. Распачаліся нагляды, вышукі, допыты. Нарада бліжэйшых паплечнікаў па падполлю пастанавіла, што Расціславу патрэбна перайсці на нелегальнае становішча. Юнак таемна вяртаецца на Мядзельшчыну. Расціслаў не губляў сілу духа – даваў распараджэнні, перасылаў праз іншых удзельнікаў падполля шыфроўкі, папярэджваў аб магчымых арыштах. Спецслужбы шмат чаго ведалі пра Мядзельска-Смаргонскую падпольную арганізацыю. Не абыйшлося і тут без здрадніка. У ноч з 1 на 2 лютага 1950 г. у Смаргоні ў доме актыўных падпольшчыкаў Леакадзіі і Часлава Цыбоўскіх была зладжана засада. Было схоплена некалькі сяброў арганізацыі. Расціслава Лапіцкага арыштавалі ў Кабыльніку, у доме сябра Часлава Каспярэўскага. У самыя першыя дні арыштаваных трымалі ў скляпах пад будынкамі міліцыі ў Смаргоні і Мядзелі. Затым перавезлі ў турму ў Вілейку, а затым – у Маладзечна. Расціслава і яго бліжайшых паплечнікаў зняволілі ў Маладзечанскай абласной турме МГБ, вядомай жорсткім рэжымам. З 17 па 20 ліпеня 1950 г. у Маладзечна ў будынку гарадскога Дома культуры адбыўся суд. Судзіў ваенны трыбунал Беларускай вайсковай акругі без пракурора, адвакатаў і сведкаў. За дапамогу ў друкавані, рэдагаванні і распаўсюджванні ўлётак юныя падпольшчыкі атрымалі па 25 гадоў зняволення; непаўналетнія падпольшчыкі і тыя, хто ведаў пра арганізацыю, але не данёс – па 10 гадоў зняволення. Несцяровіч Факунда, якога трыбунал палічыў намеснікам Лапіцкага, быў прыгавораны да расстрэлу. Лапіцкі Расціслаў, як арганізатар і кіраўнік Мядзельска-Смаргонскага антыкамуністычнага падполля, быў асуджаны да пакарання смерцю праз расстрэл. Пасля суда большасць асуджаных перавезлі ў Вілейскую турму чакацьна свайго далейшага лёсу. Але хутка доўгімі этапамі былі развезены па канцлагерах неабсяжнай савецкай краіны. А вось Расціслава Лапіцкага нікуды не вывозілі. Пасля прыгавору яго пару месяцаў трымалі ў Вілейскай турме ў камеры смяротнікаў. Вечарам, 28 кастрычніка 1950 г., Расціслава Лапіцкага і Факунду Несцяровіча пагрузілі ў машыну і вывезлі за горад у напрамку Краснага Беражка на месца пакарання. Зачыталі прыгавор Лапіцкаму і прывялі яго ў выкананне. Несцяровічу зачыталі памілаванне, смяротную кару яму замянілі на 25 гадоў зняволення. У памяць пра Расціслава Лапіцкага ў 2009 г. на месцы яго пакарання моладзь усталявала драўляныя крыжы.
«Дарога смерці» Тэма злачынстваў сталінскага рэжыму і яго карных органаў супраць уласнага народа, на вялікі жаль, не страціла сваёй актуальнасці. Напачатку Другой сусветнай вайны ні ў чым не вінаватых людзей, вязняў савецкіх турмаў, сярод якіх былі сяляне, рабочыя, святары розных канфесій, дактары, настаўнікі, моладзь, расстрэльвалі калонамі. Большая частка з іх нават не ведала, за што была асуджана. 23 чэрвеня 1941 года, на другі дзень вайны, у Мінску адбылося тэрміновае пасяджэнне Бюро ЦК Кампартыі Беларусі на чале з П.К. Панамарэнкам, дзе першай была зацверджана дырэктыва аб расстрэле палітычных зняволеных турмаў Заходняй Беларусі. Па тэлефоне было атрымана распараджэнне аб эвакуацыі турмаў Вілейскай вобласці. З мясцовай турмы для перамяшчэння ў Разанскую турму №1 былі падрыхтаваны 1023 чалавекі. Вязняў пастроілі ў калону па 5 чалавек. Канвойныя ішлі вакол вязняў праз 5-8 крокаў адзін ад аднаго з прымкнёнымі штыкамі на карабінах. Наперадзе – 120 кіламетраў да Барысава, дзе іх пасадзяць у эшалон і адправяць на ўсход.
Па «дарозе смерці» было забіта каля 150–200 чалавек. Большую частку ахвяр скідвалі ў бульбяныя ямы, не закопваючы. Жыхары мясцовых вёсак вывезлі іх і пахавалі. Калі калону падводзілі да Барысава, то высветлілася, што чыгунка перарэзана. Канвойныя войскі развярнулі калону вязняў і зноў пагналі ў Вілейку. А на падыходзе былі нямецкія войскі. Таму было прынята рашэнне ўсіх вязняў расстраляць. Каля турмы было забіта больш за тысячу чалавек. У 1991 г. у в. Касута на месцы расстрэла пастаўлены помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій – між камянёў з адпаведнымі надпісамі – сімвал у выглядзе з'яднаных праваслаўнага і каталіцкага крыжоў. На новых могілках у Вілейцы, непадалёк ад уваходу, устаноўлены вялікі драўляны крыж, а побач – камень-валун з высечанымі словамі: «Ратуй нас, Хрысце, лёсу пакутнікаў, змучаных і расстраляных у турме Вілейскай, за часы існавання яе. Дабраслаў, Божа, душы палеглых айцоў, братоў і сясцёр нашых, імён якіх не ведалі і ведалі…».
|