|
Гетман Украіны Піліп ОрлікDate: 2015-10-07; view: 593.
«Ніколі не перестану шукати всіх легальных засобів, шоб заявити моï права ũ право моï нациïï на Украïну» Піліп Орлік (1741 г.)
Беларусь дала свету цэлы шэраг выдатных асобаў, дзеячаў гісторыі, навукі, культуры, і па праве Вілейшчына можа ганарыцца яшчэ адным імем – імем П.С. Орліка – Піліп Сцяпанавіч Орлік нарадзіўся 11 кастрычніка (22-га па новым стылі) 1672 г. у с. Касута Ашмянскай воласці (зараз в. Касута Вілейскага раёна) у сям'і Сцяпана Орліка і Ірэны (паводле іншых крыніц Ганны) Малахоўскай. Па бацькавай лініі род Орлікаў паходзіў з баронскага роду, распаўсюджанага ў Чэхіі. Бацька – католік, служыў у польска-літоўскай арміі, маці – праваслаўная, са старажытнага літоўскага роду. Сцяпан Орлік загінуў у 1673 г. пад крэпасцю Хоцін (цяпер горад на р. Днестр у Заходняй Украіне), прымаючы ўдзел у польска-турэцкай вайне. Усе турботы пра дзяцей леглі на плечы маці, якая ахрысціла сына (магчыма, ужо другі раз, бо бацька быў католікам) па праваслаўным абрадзе. У хуткім часе сям'я пераехала на Украіну ў Кіеў. Тут Піліп атрымаў добрую адукацыю ў Кіева-Магілянскім калегіўме (з 1701 г. - акадэмія), дзе найбольш цікавіўся багаслоўем і філасофіяй. Пад уплывам таленавітага настаўніка Стэфана Яворскага, які на ўсё жыццё застаўся яго сябрам і дарадцам, шліфаваліся прыродныя здольнасці маладога шляхціча, адточваўся яго талент пісьменніка. Піліп Орлік валодаў многімі еўрапейскімі мовамі (польскай, шведскай, французскай, балгарскай, італьянскай, нямецкай, грэчаскай), а таксама лацінскай і старажытнагрэчаскай мовамі. Як адзін з найлепшых выпускнікоў, Піліп спачатку працаваў пісарам у кансісторыі Кіеўскай мітраполіі, пасля ў Генеральнай вайсковай канцылярыі, дзе зрабіў бліскучую кар'еру. Высокая адукаванасць, здольнасць і працавітасць юнака прыцягнулі ўвагу гетмана Івана Мазепы (дзяржаўны і палітычны дзеяч, з 1687 г.- гетман Войска Запарожскага левага берага Дняпра, з 1704 г., пасля аб'яднання Левабярэжнай і Правабярэжнай Украіны, – гетман Войска Запарожскага абоіх бакоў Дняпра), які шукаў добрых і сумленных паплечнікаў, каму можна было даверыцца. Піліп Орлік ажаніўся з дачкой палтаўскага палкоўніка Паўла Герцыка Ганнай. Пасля шлюбу атрымаў у пасаг значныя маёнткі, што паставіла яго яшчэ бліжэй да казацкай арыстакратыі Левабярэжжа. У 1702 г. Орлік быў прызначаны на пасаду генеральскага пісара. Карыстаючыся даверам І. Мазепы, пастаянна знаходзіўся каля яго. Быў з ім і ў кастрычніку 1708 г., калі шведскі кароль Карл ХІІ, які вёў вайну з Расіяй, увайшоў з войскамі на Левабярэжную Украіну, і І. Мазепа перайшоў на бок караля. Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 г. яны разам са шведскай арміяй апынуліся на падкантрольнай туркам тэрыторыі ў Бендэрах, дзе неўзабаве памёр І. Мазепа. 16 чэрвеня 1710 г. запарожскія казакі «на выгнанні» гетманам Украіны абвясцілі Піліпа Орліка, а праз месяц Карл ХІІ прызнаў гэты выбар спецыяльным дыпломам. Піліп Орлік, прымаючы гетманскую булаву як сімвал улады, зацвердзіў сваю канстытуцыю «Пакты і канстытуцыя правоў і вольнасцяў войска Запарожскага». У сваёй канстытуцыі ён упершыню ў сусветнай гісторыі падзяліў уладу на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Гэты дакумент вызначыў прававую думку еўрапейскіх народаў на многія дзесяцігоддзі. У сакавіку 1711 г. П. Орлік з арганізаванай ім 16-тысячнай украінскай арміяй, якую падтрымлівала звыш 30 тыс. палякаў, запарожскіх казакаў і крымскіх татар, рушыў на Украіну. Атрымаўшы на сваім шляху шэраг перамог, гэта войска неўзабаве падышло да Белай Царквы і асадзіла яе. Аднак у стане саюзнікаў пачаўся разлад, набліжалася расійская армія, гэта вымусіла Орліка зноў адступіць да Бендэр. З гэтага часу пачалося жыццё гетмана ў эміграцыі, якое расцягнулася на 30 гадоў. Спачатку П. Орлік жыў у Швецыі, дзе Карл ХІІ штогод плаціў яму 13 тыс. талераў, частка якіх ішла на ўтрыманне генеральнай старшыны і канцылярыі. У 1718 г. на полі бою ў Нарвегіі быў забіты шведскі кароль, з якім Орлік звязваў надзеі на вызваленне Украіны, схіляючы таго да новай вайны з Расіяй. Таму Орлік быў вымушаны пакінуць Швецыю і пераехаць з сям'ёй у Германію. Пётр І, імкнучыся вярнуць Орліка, прапанаваў яму з сям'ёй амністыю, аднак гетман не пайшоў на гэта. Была спроба сілай захапіць яго сям'ю, але гэтага цудам удалося пазбегнуць. Жонка з дзецьмі хаваліся ў розных манастырах, у адным з якіх памёр малодшы сын. Усяго ў сям'і Орлікаў было 8 дзяцей – 3 сыны і 5 дачок, хроснымі бацькамі якіх сталі выдатныя дзеячы тых краін, дзе яны нараджаліся. Сын Орліка Рыгор пасля паражэння Турцыі ў руска-турэцкай вайне (1735 – 1739) выехаў у Францыю, дзе працягваў справу бацькі ў спробе нацыянальнага адраджэння сваёй бацькаўшчыны, атрымаў тытул графа і званне генерала на французскай службе. Далейшы жыццёвы шлях завёў П. Орліка ў Польшчу, Францыю, а затым у Турцыю. Апошнія 12 гадоў жыў у Салоніках (Грэцыя). Пасля пераехаў у Ясы (цяпер Румынія), дзе і памёр 24 мая 1742 г. Піліп Орлік быў не толькі палітычным дзеячам, але вядомы і як здольны паэт, які пісаў у «макаранічным» стылі сумессю польскай і лацінскай моў вершы, пераважна панегірыкі, прысвечаныя важным падзеям у жыцці вядомых асоб тагачаснай Украіны. Першы свій паэтычны твор Орлік надрукаваў ў Вільні ў 1695 г. Пакінуў ён і «Дыярыуш падарожжаў», які вёў з 1720 г. па 1731 г., мемуары з апісаннем свайго радаводу і жыццёвага шляху. Да 330-годдзя з дня нараджэння П. Орліка ў 2002 г. па ініцыятыве Галіны Калюжнай, Заслужанага работніка культуры Украіны, была створана грамадская камісія па ўвекавечванню памяці П. Орліка Беларускага грамадскага аб'яднання ўкраінцаў «Ватра», якую яна ўзначальвае на працягу ўсіх гэтых гадоў. Дзякуючы актыўнай працы членаў камісіі пры ўдзеле ўкраінскіх аб'яднанняў «Заповіт» (Мінск), «Краяни» (Маладзечна) з удзелам супрацоўнікаў Вілейскага краязнаўчага музея была пачата праца па вяртанню імя П. Орліка на гістарычную радзіму. У 2006 г. была выдадзена кніга «П. Орлік – гетман і аўтар першай канстытуцыі Украіны» (аўтар ідэі і праекта Г. Калюжная і У. Казлоўскі). Па хадайніцтву камісіі і Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь рашэннем раённага Савета ў в. Касута быў урачыста адкрыты памятны знак і мемарыяльная дошка Піліпу Орліку. Штогод у дзень прастольнага свята Царквы св. Пятра і Паўла ў в. Касута ўкраінцамі арганізоўваюцца выставы народнай творчасці, фотаматэрыялаў аб дзейнасці грамадскай камісіі, выступленне вакальных ансамбляў.
|