Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Манастыр і царква


Date: 2015-10-07; view: 694.


У 1638 г. Себасцьян Архоравіч Свяцкі купіў маёнтак Касута Ашмянскага павета ў пана Крыштофа Сапегі, падстольніка ВКЛ. Маёнтак быў набыты ў вечнае карыстанне яшчэ пры жыцці першай жонкі, Паланэі Шатушанкі, дачкі старасты Крычаўскага. Спадкаемцаў ад гэтага шлюба не было. Перад смерцю яго жонка завяшчала пабудаваць царкву на месцы, дзе яна будзе пахавана: «там, дзе цела маё грэшнае пахавана, павінен пан муж мой так шмат з гэтай сумы ўзяць, ахвяруючы (на царкву) як Пан Бог падскажыць сэрцу Яго Міласці». Так у маёнтку Касута была пабудавана царква Уваскрасення Гасподня і ўзнясення Дзевы Марыі. Новая царква была забяспечана ўсім неабходным: абсталяваннем, кнігамі.

Потым Себасцьян Свяцкі набывае фальварак Волкаўшчызну на рацэ Пела Ашмянскага павета ў пана Томаша Канстанцінавіча Залескага, падсудка Віленскага; «фальварак з плацінай і млынам, дваровымі пабудовамі, пабудовамі фальварка, з фруктовымі садамі і палямі, сенакосамі лугавымі і балотнымі, з сялянамі». Фальварак быў набыты пры другой жонцы, Зоф'і Кавальскай, якая, уступаючы ў шлюб, пасага не мела. Фальварак быў набыты за грошы першай жонкі, таму па завяшчанню Свяцкага пасля яго смерці дзеці да гэтага фальварка доступа не павінны мець.

Касутскую царкву Себасцьян Свяцкі перадаў у вечнае карыстанне з усёй маёмасцю Брацтву Віленскаму з умовай, што пры царкве заўсёды павінны быць два святара, адзін дзяк і пеўчы; служба павінна праводзіцца штодзённа; каб царква была дагледжана толькі святарамі Брацтва Віленскага; каб царква была перанесена крыху далей да садоў (на гары, недалёка Агароднікаў); два разы ў год каля царквы павінны праходзіць два кірмашы: першы - у дзень Святога Пятра, другі – у дзень Узнясення найсвяцейшай Багародзіцы.

Па фундушы С. Свяцкі перадаў Брацтву Віленскаму і манастыр, які быў тут заснаваны яшчэ па фундушы Сапегаў.

 

Унук Себасцьяна Свяцкага, Ян Свяцкі, адмяніў першапачатковы фундуш і перадаў маёнтак Касута разам з царквой і манастыром уніятам.

Згодна актаў візітацыі Касуцкага манастыра, якія праводзіліся ў перыяд з 1705 па 1744 г. апісанне царквы і манастыра наступнае: «перад уездам у манастыр – вялікі крыж. Увесь манастыр разам з царквой абнесены заборам, царква, заснаваная ў імя Уваскрасення Гасподня, драўляная, купалы пакрытыя бляхай. Перад царквой прытвор з вежай, званіца з двума званамі. Звод царквы і алтар пафарбаваны. Іканастас часткова пазалочаны. У царкве карціна з выявай фундатара Себасцьяна Свяцкага. Перад манастыром ганак, на якім стаяць лаўкі. Пры манастыры пякарня, невялікая канюшня. Каля манастыра размешчаны дом для гасцей».

Візітацыя Касуцкага манастыра 1824 г.: «царква пры манастыры драўляная, але падчас буры разваленая і адноўлена ў 1766 г. У 1767 г. у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла ад Кіраўніка мясцовага ксяндза Яна Фідэльскага па дакументу мітрапаліта Філіпа Феліцыяна Валадковіча асвячоная. Яна пабудавана з брусчатага дрэва на каменным фундаменце, пакрытая гонтам. Падлога царквы з пліткі. Тры алтары. Каля царквы званіца з брусчатага дрэва з трыма званамі. На тэрыторыі царквы пабудавана ў 1815 г. каменная капліца. Манастыр пабудаваны пад кіраўніцтвам Януарыя Красоўскага ў 1785 г. з брусчатага дрэва на каменным фундаменце. Падлога выкладзена плітамі, па абодва бакі размешчаны кельі манахаў. Недалёка ад манастыра знаходзіцца кухня, пякарня. Аптэкі пры манастыры няма, як і бібліятэкі, за выключэннем невялікай колькасці кніг у пакоі Кіраўніка. Сярод астатніх пабудоў манастыра адзначаюцца бровар, баня, сыраварня, канюшня, карэтная, хлеў для жывёлы, сенавал».

Пасля задушэння паўстання 1830-31гг.(г.з.”шляхецкага паўстання”) на хвалі барацьбы з уніяцтвам, якое падтрымлівала паўстанцаў, было прынята рашэнне аб скасаванні Грэка-Рымскіх (уніяцкіх) манастыроў. У 1835 годзе Касуцкі уніяцкі манастыр ордэну Святога Базыля Вялікага быў скасаваны па загадзе Дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў Расійскай імперыі. Манахаў размеркавалі па іншых застаўшыхся уніяцкіх манастырах, а нерухомы фундуш манастыра перайшоў да Грэка- Расейскай (праваслаўнай) царквы. У тым жа 1835 годзе Касута была абрана цэнтрам Вілейскага праваслаўнага благачыння. У 1837 г. вілейскім благачынным і святаром у Касуцкую ўспенскую царкву быў прызначаны Ігнацый Баліцкі - колішні уніят, які перайшоў у праваслаўе. Пасля паражэння чарговага і апошняга нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-64 гг., у рэчышчы Мураўёўскай палітыкі пашырэння праваслаўя было вырашана пабудаваць у Касуце новую мураваную царкву. Таму старую драўляную, яшчэ ўніяцкую, царкву знеслі і на яе месцы ў 1868 годзе пачалося будаўніцтва новай царквы з бутавых камянёў і цэглы. На час будаўніцтва пад царкву была прыстасавана колішняя ўніяцкая капліца, якую адрамантавалі і дабудавалі да яе драўляную прыбудову са званіцай. Кіраваў працай усё той жа Ігнацый Баліцкі. 29 чэрвеня1878 года адбылося асвячэнне пабудаванай у псеўдарускім стылі Касуцкай царквы. Яна атрымала імя ў гонар св. Апосталаў Пятра і Паўла. Ігнацый Баліцкі да гэтага дню не дажыў ( памёр у 1876г.), а новы настаяцель І.Стралецкі падарыў царкве на асвячэнне звон, які каштаваў 140 тагачасных рублёў. Гэтую царкву можна ўбачыць у Касуце і зараз. А вось аб старажытным уніяцкім манастыры нагадвае толькі капліца на могілках каля царквы, пабудаваная ў 1815 годзе, у каменных сутарэннях пад якой спачываюць у трунах фундатары Касуцкага манастыра базыльянаў.


<== previous lecture | next lecture ==>
Гетман Украіны Піліп Орлік | Самая стабильная отрасль права.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.092 s.