Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






РАЗДЗЕЛ X. БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ПРАВЯДЗЕННЯ РЭФОРМ: САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ, ПАЛІТЫЧНАЕ І КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ. ЗАМЕЖНЫЯ СУВЯЗІ. БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА (1985 - 2006 гг.)


Date: 2015-10-07; view: 570.


§ 1. Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення: розныя погляды і меркаванні

Курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця. 10 сакавіка 1985 г. Генеральным сакратаром ЦК КПСС быў выбраны М.С. Гарбачоў. З яго палітычнай і дзяржаўнай дзейнасцю як першага кіраўніка краіны звязана правядзенне шматлікіх рэформ, якія ўрэшце-рэшт прывялі да змены сацыялістычнага дзяржаўнага і грамадскага ладу, да рэстаўрацыі капіталізму ў СССР.

У сярэдзіне 80-х гг. Савецкі Саюз апынуўся ў складаным становішчы. Запавольваліся тэмпы сацыяльна-эканамічнага развіцця, не заўсёды дасягненні навукі і тэхнікі ўкараняліся ў вытворчасць, нізкай была якасць многіх відаў прадукцыі, не хапала высокаякасных тавараў на рынку, па некаторых паказчыках прыпыніўся рост жыццёвага ўзроўню народа. Патрабавалася рэфармаванне палітыка-эканамічнай сістэмы, якая ў аснове сваёй сфарміравалася ў СССР у 1920 - 1930-я гг.

Пленум ЦК КПСС у красавіку 1985 г. прыняў курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР. Гэты палітычны курс меркавалася ажыццявіць за кошт трох асноўных фактараў: 1) навукова-тэхнічны прагрэс, прыярытэтнае развіццё машынабудаўнічага комплексу - базы гэтага прагрэсу; 2) структурная перабудова эканомікі - прыпыненне затратнага капітальнага будаўніцтва і выкарыстанне сродкаў, якія вызваляюцца пры гэтым, на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю прадпрыемстваў; 3) актывізацыя чалавечага фактару - павышэнне творчай, стваральнай актыўнасці людзей, ўмацаванне працоўнай дысцыпліны, павышэнне зацікаўленасці людзей у выніках працы, актывізацыя руху рацыяналізатараў і вынаходнікаў.

Аднак тагачасная эканоміка СССР была недастаткова ўспрымальнай да новых ідэй, дасягненняў навукі і тэхнікі. У сувязі з ростам і вялікімі маштабамі прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці ўзнікла напружанне ў забеспячэнні яе сыравінай і энергетычнымі рэсурсамі. Зніжэнне цэн на сусветным рынку на сырую нафту прывяло да таго, што ў 1985 - 1986 гг. даходы ад яе экспарту паменшыліся на 1/3 частку. Гэта вельмі ўскладніла закупку абсталявання за мяжой. Ва ўмовах старой сістэмы арганізацыі працы і яе аплаты сур'ёзнай матэрыяльнай зацікаўленасці работнікаў не атрымалася. На справе адбывалася не паскарэнне, а запавольванне сацыяльна-эканамічнага развіцця.

У мэтах паляпшэння якасці выпускаемых вырабаў на прадпрыемствах краіны была ўведзена дзяржаўная прыёмка прадукцыі. Спроба вырашыць праблему якасці заменай ведамаснага кантролю на новую бюракратычную структуру прывяло да разбухання адміністрацыйнага персаналу, парушэння рытмічнасці ў рабоце прадпрыемстваў. Якасць прадукцыі заставалася ранейшай, бо на рынку з-за дэфіцыту тавараў і паслуг быў даволі высокім спажывецкі попыт на любыя вырабы, у тым ліку і няякасныя.

Незадаволенасць і азлабленне ў большасці насельніцтва краіны выклікала антыалкагольная кампанія, якая праводзілася па ініцыятыве ЦК КПСС у 1985 - 1988 гг. Благародная па сваіх мэтах (барацьба з "народнай бядой" - п'янствам і алкагалізмам) яна праводзілася выключна адміністрацыйна- забарончымі метадамі. У спешным парадку закрываліся магазіны, якія гандлявалі спіртным, а таксама гарэлачныя заводы, у Крыму, Малдавіі і на Доне пачалі высякаць вінаграднікі. Па ініцыятыве мясцовых партыйных і савецкіх органаў былі створаны "зоны цвярозасці", у якіх гандль спіртнымі напоямі быў цалкам забаронены. Камсамол дапамагаў у арганізацыі "безалкагольных вяселляў", а на памінкі, юбілеі і з нагоды іншых выпадкаў алкагольныя напоі адпускаліся па спецыяльных спраўках. Масавы характар набыло самагонаварэнне. Антыалкагольная кампанія моцна пахіснула грашова- фінансавую сістэму краіны. Значная частка грошай ад продажу гарэлкі пайшла на ўзбагачэнне "ценявікоў" і карумпіраваных чыноўнікаў.

26 красавіка 1986 г. на Чарнобыльскай АЭС, што на мяжы Беларусі і Украіны, узарваўся чацвёрты энергаблок. Загінулі і атрымалі вялікія дозы выпраменьвання дзесяткі тысяч людзей, значныя тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі падвергліся радыёактыўнаму забруджванню. Тое, што кіраўніцтва СССР не паведаміла адразу аб сапраўдных маштабах трагедыі, з'явілася падставай для крытыкі савецкай сістэмы. Расходы дзяржавы на пераадоленне вынікаў аварыі складалі дзесяткі мільярдаў рублёў.

У 1986 г. курс на "паскарэнне" цалкам праваліўся. Чацвёртая частка прадпрыемстваў не выканала вытворчыя планы, 13 % з іх былі затратнымі. У студзені 1987 г. пачаўся спад вытворчасці, які не ўдалося прыпыніць і які стаў пачаткам глыбокага эканамічнага крызісу. Аднак большасць насельніцтва краіны негатыўныя эканамічныя наступствы закраналі не мацней, чым у ранейшыя гады, а да розных кампаній людзі прывыклі і па вопыту ведалі, што трэба пачакаць і ўсё вярнецца ў ранейшае русла. Таму большасць народа верыла М.С. Гарбачову і працягвала падтрымліваць яго курс.

Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення. ХХУІІз'езд КПСС (25 лютага - 6 сакавіка 1986 г.) і ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС (28 чэрвеня - 1 ліпеня 1988 г.) удакладнілі палітычны курс і вызначылі палітыку перабудовы, абнаўлення ўсіх сфер жыцця савецкага грамадства.

Перабудову прадугледжвалася праводзіць у рамках сацыялістычнага выбару, сацыялістычных ідэалаў і каштоўнасцей пад лозунгам: "Больш дэмакратыі, больш сацыялізму". Яе мэтамі былі пераадоленне дэфармацый сацыялізму, больш поўнае раскрыццё яго патэнцыяльных магчымасцей, дэмакратызацыя ўсіх бакоў жыцця савецкага грамадства, рэфармаванне палітычных інстытутаў дзяржавы. Прадугледжвалася правядзенне выбараў у Саветы ўсіх узроўняў з удзелам некалькіх кандыдатаў.

Для таго каб народ сапраўды паверыў ў безальтэрнатыўнасць перабудовы, яе ініцыятары стваралі міфы і праз сродкі масавай інфармацыі ўносілі ў грамадскую свядомасць. Сярод міфаў, створаных ініцыятарамі перабудовы, - міфы аб крызісных, застойных з' явах у савецкай эканоміцы, аб "цывілізаваным Захадзе" і "нецывілізаваным СССР", "райскім жыцці" на Захадзе і "пякельным жыцці" у нас (хаця ўзровень жыцця вышэйшы чым у СССР быў толькі ў 15 % насельніцтва Зямлі, а ў 80 % насельніцтва ён быў ніжэйшы, чым у СССР), "сапраўднай дэмакратыі" ў іх і "тыраніі, таталітарызме" у нас і інш. Некаторыя паверылі ў гэтыя міфы і разам з апазіцыяй удзельнічалі ў разбурэнні савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу.

У ходзе ажыццяўлення палітыкі перабудовы значна пашырылася самастойнасць прадпрыемстваў і аб'яднанняў у выніку іх пераходу на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне. Працоўныя калектывы атрымалі права выбіраць кіраўнікоў, рэгуляваць заработную плату і адлічэнні на сацыяльныя патрэбы. Укараняліся прагрэсіўныя формы арганізацыі працы - арэндныя калектывы, гаспадарчыя разліковыя брыгады.

Больш дэмакратычнай станавілася выбарчая сістэма, развіваліся галоснасць і плюралізм думкі, фарміравалася шматпартыйная сістэма. Больш магчымасцей стала для ажыццяўлення дэмакратычных правоў і свабод грамадзян, для творчай дзейнасці.

Разам з тым ў грамадстве з'явіліся капіталістычныя тэндэнцыі, прапагандавалася ўзбагачэнне любымі сродкамі. Многія дырэктары прадпрыемстваў здавалі ў арэнду з правам выкупу частку дзяржаўнай маёмасці, а затым за сімвалічную плату пераводзілі яе ў прыватную ўласнасць. Становішча яшчэ больш ускладнілася, калі ў 1988 г. быў апублікаваны Закон СССР аб кааперацыі.

Пад назвай кааператываў былі ўзаконены тыповыя капіталістычныя прадпрыемствы з правам найму работнікаў, якія не з'яўляліся іх членамі, з правам купляць сыравіну і паўфабрыкаты па стабільных дзяржаўных цэнах, а прадаваць прадукцыю па свабодных рыначных цэнах. Кааператывы пачалі стварацца ўсюды, у тым ліку і на базе дзяржаўных прадпрыемстваў. Рэсурсы і грошы з дзяржаўнай казны пачалі пераводзіцца ў прыватныя кішэні. Вытворчая дзейнасць кааператараў амаль не цікавіла. Яны працавалі пераважна ў гандлёва-пасрэдніцкай сферы, куплялі тавары па танных, а прадавалі па вельмі высокіх цэнах. Кааператыўная дзейнасць станавілася эфектыўным сродкам для "адмывання брудных грошай" і стварэння вялікіх капіталаў. Сацыяльнае напружанне ў грамадстве ўзмацнялася, маёмасная дыферэнцыяцыя павялічвалася.

З адменай дзяржаўнай манаполіі на знешні гандаль і з дазволам прадпрыемствам і прыватным асобам прадаваць за рубеж тавары сацыяльна- эканамічная сітуацыя ў краіне ў 1987 - 1990 гг. значна пагоршылася. Пусцелі прылаўкі магазінаў, падскочылі рознічныя цэны, прадукты харчавання адпускаліся па "картачках спажыўцоў", якія выдаваліся па месцы жыхарства. Пачалася маштабная міжнародная спекуляцыя, якая прывяла да вывазу буйных капіталаў за граніцу і стварэння магутных крымінальных структур. Эканоміка СССР і яе грашова-фінансавая сістэма ляжалі ў руінах.

Палітыка "галоснасці", абвешчаная М.С. Гарбачовым, пасеяла сумненні наконт сацыялізму як дасканалай сістэмы. Пачаўся працэс паступовай падмены сацыялізму іншымі ідэаламі і каштоўнасцямі. Ідэя сацыяльнай справядлівасці абвяшчалася шкоднай і недасягальнай, пепсі, снікерс і жвачка - сімваламі далучэння да заходняга ладу жыцця, эканоміка гандлёва-базарнага тыпу - вяршыняй эканамічнай практыкі. Пачалі прапагандавацца культ нажывы, асабістай выгады па прынцыпу "хочаш жыць - умей круціцца", а таксама тое (насілле, парнаграфія, прастытуцыя, аднаполыя шлюбы, бамжаванне і г. д.), што ў савецкі час лічылася зневажаючым чалавека і грамадства. Людзей заклікалі не працаваць, а піць, гуляць, весяліцца. Рэальныя праблемы, якія стаялі перад краінай, патанулі ў балбатні, кабінетным пражакцёрстве. Усё часцей і часцей у сродках масавай інфармацыі, на мітынгах і ў чыноўных кабінетах стала гучаць фраза вядомага літаратурнага героя Астапа Бэндара "Захад нам дапаможа". Быў зроблены антынавуковы і шкодны вывад аб тым, што савецкая сістэма не рэфарміруема, а таму павінна быць разбурана, знішчана.

Як бачна, антысаветызм стаў ідэалагічнай зброяй курсу М.С. Гарбачова, а галоснасць фактычна ператварылася ў ідэалагічную вайну, накіраваную на змену дзяржаўнага і грамадскага ладу СССР.

Фарміраванне палітычнай апазіцыі ў Беларусі. Працэс фарміравання палітычнай апазіцыі ў Беларусі пачынаўся з амаль непрыкметнай з'явы - значнага павелічэння ліку аматарскіх нефармальных аб'яднанняў і клубаў па інтарэсах. У 1986 - 1987 гг. у рэспубліцы ўзнікла 7 тыс. такіх аматарскіх аб'яднанняў і клубаў, якія налічвалі каля 1 млн. чалавек. Спачатку палітычныя пытанні ў праграмы клубаў і аб'яднанняў не ўключаліся. Напрыклад, мінская "Талака" ў сваёй праграме заяўляла, што будзе займацца выключна праблемамі нацыянальнай самабытнасці, захоўваннем помнікаў гісторыі і культуры.

Аднак прыкладна з другой паловы 1987 г. у дзейнасці клубаў і арганізацый усё больш і больш пачынаюць праяўляцца цэнтралізацыя і палітызацыя. У выніку перагавораў з уладамі ў снежні 1987 г. было дазволена правесці пад Мінскам вальны сойм беларускіх суполак. Удзельнікі яго гаварылі аб дэфармацыях сацыялізму, неабходнасці пабудовы сапраўднага сацыялізму, адраджэння беларускай нацыянальнай культуры. Спасылаючыся на У.І. Леніна, яны рабілі спробы крытыкаваць кіраўніцтва Беларусі. Гэта быў ужо, безумоўна, не культурна-асветны, а палітычны рух. Ішла самая звычайная палітычная барацьба пад прыкрыццём лозунга адраджэння нацыянальнай культуры. Пачыналася канфрантацыя маладзёжных суполак з ЦК КПБ, партыйнымі і камсамольскімі органамі.

У 1989 г. у БССР ствараецца штаб палітычнай апазіцыі - Беларускі народны фронт "Адраджэнне". Яго праграма, статут і іншыя дакументы мелі адкрыта антысавецкую і антыкамуністычную накіраванасць. На заклікі апазіцыі да знішчэння савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу адэкватнае прававое рэагаванне адсутнічала. Больш таго, узмацнілася яе канфрантацыя з праваахоўнымі органамі, партыйнымі і дзяржаўнымі структурамі. Не было і адпаведнага палітыка-арганізацыйнага рэагавання на дзеянні некаторых камуністаў і кіраўнікоў розных узроўняў, якія сталі на шлях неабгрунтаванай крытыкі савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу.

У 1988 - 1989 гг. у СССР была сфарміравана новая структура вышэйшых органаў улады - З'езд народных дэпутатаў СССР і Вярхоўны Савет СССР, які ствараўся на з'ездзе з ліку дэпутатаў і працаваў пастаянна. На Першым з'ездзе народных дэпутатаў СССР у маі - чэрвені 1989 г. старшынёй Вярхоўнага Савета СССР быў выбраны М.С. Гарбачоў.

У 1986 - 1990 гг. адбыліся крывавыя канфлікты на нацыянальнай глебе ў Якуцку, Алма-Аце, Нагорным Карабаху, Тбілісі, Фергане, Ошскай вобласці Кіргізіі, Сумгаіце, Баку, Душанбэ і іншых гарадах. Няўменне і нежаданне цэнтра знаходзіць рашэнне нацыянальных канфліктаў канчаткова дыскрэдытавалі ў вачах мясцовага насельніцтва КПСС і звязаныя з ёю ўладныя структуры. Палітычны прэстыж апазіцыі ў нацыянальных рэспубліках СССР, яе аўтарытэт і ўплыў узрасталі. Канчатковая палітычная развязка набліжалася.

§ 2. Дзяржаўны пераварот у Маскве ў жніўні 1991 г. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Ліквідацыя СССР: розныя погляды і меркаванні

Падзеі 1990 - 1991 гг. у СССР і БССР. 1990 г. з'яўляецца пераломным, лёсавызначальным годам у гісторыі Савецкай дзяржавы. Далейшы ход падзей быў лагічным працягам і завяршэннем таго, што адбылося менавіта ў гэтым годзе. Што ж адбылося ў 1990 г.?

Вясной 1990 г. на альтэрнатыўнай аснове прайшлі выбары ў рэспубліканскія і мясцовыя органы ўлады, у ходзе якіх патрабаванне адмены 6-га артыкула Канстытуцыі СССР стала ядром палітычных дыскусій, атрымала падтрымку на мітынгах. На выбарах вялікіх поспехаў дабіліся так званыя "дэмакраты" і нацыянал-сепаратысты.

На пленуме ЦК КПСС, які адбыўся ў пачатку 1990 г., М.С. Гарбачоў прапанаваў выступіць з заканадаўчай ініцыятывай аб выключэнні з Канстытуцыі СССР яе 6-га артыкула аб кіруючай ролі КПСС, замацаваць у новай платформе партыі палітычны плюралізм, змешаную эканоміку і шматпартыйнасць, увесці пасаду прэзідэнта краіны. Паслухмяныя ўдзельнікі пленума без супраціўлення капітулявалі і пагадзіліся з прапановай свайго генсека аб добраахвотнай перадачы ўлады ў краіне антысацыялістычным сілам. Нечарговы Трэці З'езд народных дэпутатаў СССР у сакавіку 1990 г. адмяніў 6-ы артыкул савецкай Канстытуцыі і ўвёў пасаду Прэзідэнта СССР. З'езд на безальтэрнатыўнай аснове выбраў М.С. Гарбачова Прэзідэнтам СССР.

Падзеі сакавіка 1990 г. сталі сігналам для нацыянал-сепаратыстаў Эстоніі, Азербайджана, Арменіі, Латвіі, Літвы, Грузіі і іншых рэспублік. Яны аб'явілі аб суверэнітэце рэспублік. Па сутнасці былі здзейснены антыдзяржаўныя парламенцкія перавароты. Цэнтральная ўлада бяздзейнічала, злачынна патворнічала сепаратызму нацыяналістаў. Больш таго, быў прыняты Закон СССР "Аб парадку рашэння пытанняў, звязаных з выхадам саюзнай рэспублікі з СССР". Саюзныя рэспублікі фактычна запрашаліся пакінуць СССР, хоць гэты працэс абстаўляўся ўмовамі і тэрмінамі. Механізм арганізацыйнага распаду краіны быў запушчаны.

Аднак рашаючы ўдар па СССР быў нанесены ў маі - чэрвені 1990 г. на першым З' ездзе народных дэпутатаў Расіі ў Маскве. У выніку напружанай палітычнай барацьбы Б.М. Ельцын з нязначнай перавагай галасоў быў выбраны Старшынёй Вярхоўнага Савета РСФСР. 12 чэрвеня 1990 г. была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР.

Падзеі ў Маскве ў маі - чэрвені 1990 г. узмацнілі "парад суверэнітэтаў" і цэнтрабежныя тэндэнцыі ў краіне, ініцыіравалі прыняцце падобных дэкларацый у іншых рэспубліках. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі ў складзе савецкай федэрацыі. Прынятае рашэнне не выражала волі большасці беларускага народа.

Кіраўніцтва СССР замест узмацнення цэнтралісцкіх пачаткаў з апорай на большасць насельніцтва стала на шлях заахвочвання дэцэнтралізацыі, перадачы рэспублікам часткі паўнамоцтваў цэнтра, перахода народнагаспадарчых комплексаў рэспублік на гаспадарчы разлік і ўстанаўленне прамых эканамічных сувязей паміж рэспублікамі, прыдання мовам тытульных нацый статуса дзяржаўных. Чым больш цэнтр саступаў саюзным рэспублікам, тым мацней гучалі патрабаванні ў яго адрас з боку нацыянальных эліт.

Летам 1990 г. адбыўся апошні ХХУІІІ з'езд КПСС. На з'ездзе М.С. Гарбачоў выступіў з новай ідэяй перабудовы, на гэты раз перабудовы КПСС на манер заходняй сацыял-дэмакратыі. Паслухмяныя дэлегаты з'езда адобрылі прапанову свайго генсека ў рэзалюцыі "Да гуманнага дэмакратычнага сацыялізму" і тым самым падпісалі сваёй партыі смяротны прыгавор. На з'ездзе з КПСС дэманстратыўна выйшаў Б.М. Ельцын. З восені 1990 г. пачынаецца працэс выхаду з партыі радавых камуністаў і самароспуску партарганізацый на прадпрыемствах і ўстановах.

Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася, калі ўрад СССР на чале з М.І. Рыжковым у сярэдзіне 1990 г. прадставіў праграму выхаду эканомікі з крызісу і пераходу да рыначных адносін. Аналагічная праграма была распрацавана і адобрана ў Беларусі. Глыбокі эканамічны крызіс, "хваробу" савецкай эканомікі кіраўніцтва СССР вырашыла лячыць "лекавымі сродкамі" капіталізму. Гэта была незаўважаная народам афіцыйная змена палітычнага курсу КПСС і Савецкай дзяржавы, бо рынак з усімі яго атрыбутамі - з'ява капіталістычнага, а не сацыялістычнага грамадства. Але тады рабіў сваю справу ідэалагічны камуфляж: рынак - гэта ўніверсальны сродак выхаду з крызісу і квітнення любой эканомікі.

Айчынная "дэмакратыя" з дапамогай Захаду ўзмацняла намаганні па развалу Саюза ССР, знішчэнні існуючага ладу. Каб пазбегнуць абвінавачвання ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы СССР, былі створаны шматлікія "фонды", "цэнтры", "саветы", "асацыяцыі", якія афіцыйна лічыліся прыватнымі, недзяржаўнымі арганізацыямі, а фактычна знаходзіліся пад кантролем спецслужб. Апазіцыйныя "дэмакратычныя" арганізацыі СССР атрымлівалі з-за мяжы матэрыяльную і фінансавую дапамогу: факсы, ксераксы, камп'ютэры, друкарскія станкі, тэлексы, відэакамеры і іншую тэхніку, грошы на фінансаванне навуковых тэм, падрыхтоўку вучэбных дапаможнікаў, слоўнікаў, энцыклапедый і г. д.

Палітычнае і прававое супрацьстаянне паміж Масквой і саюзнымі рэспублікамі стала набываць бесперапынны характар. IV З'езд народных дэпутатаў СССР у снежні 1990 г. абмеркаваў ідэю Саюзнага дагавора і прыняў рашэнне аб правядзенні рэферэндума па пытанні захавання Саюза ССР. Рэферэндум адбыўся 17 сакавіка 1991 г. Ён не праводзіўся ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Арменіі, Малдавіі і Грузіі. Гэты "бунт" нацыянальных эліт не знайшоў адпаведнага рэагавання з боку цэнтральных улад. У рэферэндуме прыняло ўдзел 148,6 млн. чалавек, ці каля 80 % грамадзян СССР, якія мелі права голасу. 113,5 млн. чалавек, ці 76,4 % выказаліся за захаванне СССР. У Беларусі за захаванне СССР прагаласавала 82,7 % агульнай колькасці выбаршчыкаў.

14 жніўня 1991 г. быў надрукаваны тэкст новага Саюзнага дагавора, які насіў супярэчлівы характар. Падпісанне дагавора павінна было адбыцца 20 жніўня 1991 г. Украіна пры гэтым заявіла, што яна не падпіша дагавор да таго часу, пакуль не будзе прынята свая канстытуцыя. Усе рэспублікі Сярэдняй Азіі, не ставячы ў вядомасць Маскву, заключылі паміж сабой сістэму двухбаковых пагадненняў.

Дзяржаўны пераварот у Маскве ў 1991 г. 4 жніўня 1991 г. М.С. Гарбачоў пакінуў Маскву і паехаў адпачываць на крымскую дачу ў Форасе. Перад ад'ездам ён даў свайму бліжэйшаму акружэнню даручэнне рыхтаваць увядзенне надзвычайнага становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР. 18 жніўня 1991 г. прадстаўнікі цэнтра прыехалі ў Форас, азнаёмілі М.С. Гарбачова са складам будучага Дзяржаўнага камітэта па Надзвычайнаму становішчу (ГКЧП) і прапанавалі падпісаць адпаведны ўказ. М.С. Гарбачоў адмовіўся гэта зрабіць, чым адразу ператварыў сваіх "гасцей" у загаворшчыкаў. Гэта вельмі нагадвала палітычную правакацыю.

Тады раніцай 19 жніўня 1991 г. усе сродкі масавай інфармацыі перадалі заяву ГКЧП аб тым, што М.С. Гарбачоў не можа выконваць свае абавязкі "па стану здароўя", а яго паўнамоцтвы пераходзяць да віцэ-прэзідэнта Г.М.Янаева. Для недапушчэння хаосу і анархіі ў асобных мясцовасцях уводзілася надзвычайнае становішча. Прыпынялася дзейнасць палітычных партый і арганізацый, уводзілася цэнзура, забараняліся мітынгі і дэманстрацыі.

У Маскве аб'яўлялася каменданцкая гадзіна. У сталіцу былі ўведзены войскі, якія ніякіх дзеянняў не прадпрымалі. Вакол "Белага дома", дзе знаходзіліся органы ўлады і кіравання Расіяй, збіраліся масквічы, у асноўным інтэлігенцыя і студэнты, будаваліся барыкады. Кіраўнікі Расіі ў звароце да грамадзян назвалі ГКЧП "рэакцыйным антыканстытуцыйным пераваротам" і запатрабавалі склікання Надзвычайнага з'езда народных дэпутатаў СССР. Выступленне Б.М. Ельцына, які залез на танк, дабаўляла яму папулярнасці. Сваім указам Прэзідэнт Расіі перападпарадкаваў сабе ўсе органы выканаўчай улады СССР, якія знаходзіліся на тэрыторыі Расіі, у тым ліку КДБ, МУС і міністэрства абароны. 21 жніўня 1991 г. прадстаўнікі ГКЧП вылецелі ў Форас для сустрэчы з М.С. Гарбачовым, але ён іх не прыняў. Лідэры ГКЧП былі арыштаваны і аддадзены пад суд. Вечарам 21 жніўня 1991 г. М.С. Гарбачоў вярнуўся ў Маскву, цалкам адмежаваўся ад сваіх саратнікаў.

Вучоныя і палітыкі неадназначна ацэньваюць падзеі 19 - 21 жніўня 1991 г. Адны з іх лічаць, што гэтыя падзеі нельга кваліфікаваць як "дзяржаўны пераварот", "путч", "загавор", бо члены ГКЧП СССР не планавалі карэнных змен у дзяржаўным ладзе краіны. Яны, наадварот, стараліся захаваць існаваўшы канстытуцыйны парадак, адзіную дзяржаву, дзяржаўны і грамадскі лад перад пагрозай яго знішчэння. Яны не згаворваліся тайна супраць прэзідэнта СССР. Другія (былы прэм'ер-міністр В.С. Паўлаў і інш.) сцвярджаюць, што падзеі 19 - 21 жніўня 1991 г. - гэта "сапраўдны дзяржаўны пераварот, добра падрыхтаваны і прафесійна праведзены Гарбачовым - Ельцыным па спецзаказу". Галоўным у "спецзаказе" было разбурэнне СССР і перавод краіны на капіталістычны шлях развіцця. Трэцяя група даследчыкаў лічыць, што выступленне ГКЧП СССР у абарону краіны і яе Канстытуцыі было няўдалым, непрафесійным. Гэкачэпісты аказаліся пешкамі ў грандыёзнай правакацыі, якая была падрыхтавана і праведзена "сусветнай закулісай"[5]. Іх абманным шляхам уцягнулі ў заведама правальнае мерапрыемства, якому прысвоілі катэгорыю "путчу" з тым, каб прыбегнуць да немагчымых у звычайнай сітуацыі надзвычайных мер па змене існуючага ладу. Гэкачэпісты, на іх думку, - ахвяры вялікага зману.

Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Падзеі 19 - 21 жніўня 1991 г. паскорылі працэс распаду СССР. 25 - 26 жніўня 1991 г. нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон "Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі", пастанову аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР. 19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў закон аб назве Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца "Рэспубліка Беларусь", аў скарочаных назвах "Беларусь". Герб "Пагоня" і бела-чырвона- белы сцяг сталі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь.

23 жніўня 1991 г. некаторыя дэпутаты Вярхоўнага Савета РСФСР у рэзкай форме запатрабавалі ад М.С. Гарбачова распусціць КПСС. М.С. Гарбачоў добраахвотна капітуляваў, пакінуў пасаду Генеральнага сакратара ЦК КПСС і распусціў Цэнтральны Камітэт партыі. Указамі Б.М. Ельцына ў жніўні 1991 г. дзейнасць КПСС і КП РСФСР прыпынялася, а ў лістападзе гэтага года - наогул забаранялася, іх маёмасць падвяргалася канфіскацыі. У жніўні 1991 г. Вярхоўны Савет Беларусі часова прыпыніў дзейнасць КПБ на тэрыторыі рэспублікі. Яе маёмасць была перададзена ва ўласнасць дзяржавы. Была знішчана палітычная сіла, якая супрацьдзейнічала новым уладам у ажыццяўленні палітыкі капіталістычнай рэстаўрацыі і на адзінстве якой трымалася адзінства і непадзельнасць СССР.

Ліквідацыя СССР. 8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы (у Віскулях Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) кіраўнікі Расіі, Беларусі і Украіны (Б. Ельцын, С. Шушкевіч, Л. Краўчук), ігнаруючы волю сваіх народаў, якая была выказана на агульнасаюзным рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г., дэнансавалі дагавор 1922 г. аб утварэнні СССР і тым самым канчаткова знішчылі вялікую і магутную дзяржаву. І гэты дзяржаўны пераварот быў здзейснены са згоды прэзідэнта СССР М. Гарбачова. Савецкі Саюз прыпыніў сваё існаванне. На руінах СССР была створана аморфная, нежыццяздольная Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Дакументы сустрэчы ў Віскулях былі адобраны Вярхоўнымі Саветамі Расіі, Беларусі і Украіны, большасць дэпутатаў якіх складалі былыя камуністы.

21 снежня 1991 г. на сустрэчы ў Алма-Аце кіраўнікі 11 рэспублік былога СССР падпісалі Дэкларацыю ў падтрымку Белавежскага пагаднення. Членамі СНД сталі ўсе былыя саюзныя рэспублікі, акрамя Літвы, Латвіі і Эстоніі.

прапаведуюць "агульначалавечыя каштоўнасці" і аддаюць перавагу "усяленскім інтарэсам" перад інтарэсамі нацыянальнымі. Для іх любая краіна - гэта толькі "месца пражывання", а не Айчына. Яны - "героі" не столькі нацыянальнай, колькі сусветнай гісторыі.

Сцвярджэнні некаторых вучоных і палітыкаў аб тым, быццам Савецкі Саюз развальваўся сам, дажываў апошнія дні, а тыя, хто сабраўся ў Белавежскай пушчы, толькі зрабілі надпіс на магільнай пліце СССР, як і сцвярджэнне аб тым, быццам СССР быў імперыяй, з'яўляюцца міфамі, якія запушчаны ў народ для дыскрэдытацыі шматнацыянальнай краіны і апраўдання дзеянняў тагачасных кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Украіны. На рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г. народ выказаўся за захаванне СССР, а воля народа - гэта самы важны аргумент на карысць існавання краіны, у якой былі, безумоўна, праблемы і цяжкасці. Больш таго, у 1922 г. абвяшчалі СССР не толькі БССР, РСФСР і УССР, але і Закаўказская Федэрацыя. Прадстаўнікоў Арменіі, Азербайджана і Грузіі, як і іншых саюзных рэспублік, у Белавежскую пушчу не запрасілі.

Большасць вучоных і палітыкаў ацэньваюць Белавежскія пагадненні аб канчатковым знішчэнні СССР і стварэнні СНД як дзяржаўны пераварот і параўноўваюць яго са жнівеньскім путчам 1991 г. На беларускай зямлі было здзейснена злачынства, акт здрады ў адносінах да СССР і яго народаў. Гэту калектыўную здраду ажыццявілі перш-наперш вышэйшыя кіраўнікі краін, работнікі партыйнага апарату, ідэалагічныя правадыры і прадстаўнікі інтэлектуальнай эліты. А каб апраўдаць здраду, быў прыдуманы "ідэалагічны камуфляж", які прымусіў значную частку насельніцтва ўспрымаць яе як памылкі савецкага кіраўніцтва і асабіста М.С. Гарбачова.

Для захавання СССР як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік патрабавалася ў першую чаргу палітычная воля расійскага кіраўніцтва на чале з Б.М. Ельцыным. Аднак сваімі дзеяннямі кіраўніцтва Расіі наносіла моцныя ўдары па СССР, стымулюючы ўзмацненне цэнтрабежных сіл, распад і хаос. Таму, лічаць даследчыкі, адказнасць за развал СССР нясуць у аднолькавай ступені М.С. Гарбачоў і Б.М. Ельцын, а таксама іх паплечнікі. Кожны з іх з улікам абставін і часу рабіў адну і тую ж справу. Палітыка перабудовы аслабіла СССР да такой ступені, што далейшае яго існаванне станавілася праблематычным. Нова-агароўскія "пасядзелкі" як тактычны манёўр адцягвалі ўвагу і ўспакойвалі народ, прытуплялі ў ім адчуванне бяды, насустрач якой ішла краіна. У той жа час сепаратысцкія настроі нацыянальных эліт узмацняліся. Пасля жнівеньскага (1991 г.) путчу ініцыятыва ў развале СССР перайшла да Б.М. Ельцына, які завяршыў тое, што пачаў М.С. Гарбачоў.

У сувязі з прыпыненнем існавання СССР 25 снежня 1991 г. прэзідэнт СССР М.С. Гарбачоў склаў свае паўнамоцтвы. Над Крамлём чырвоны сцяг СССР быў заменены трохкаляровым расійскім. Перабудова, якую М.С. Гарбачоў і яго "каманда" пачыналі "за здравне соцналнзма", закончылася "за упокой его душн".

Прычыны краху савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу. Крах савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу быў абумоўлены, па-першае, сур'ёзнымі памылкамі і пралікамі КПСС, якія былі дапушчаны ў распрацоўцы і правядзенні палітыкі перабудовы. Адсутнічала канкрэтная, навукова абгрунтаваная праграма абнаўлення савецкага грамадства, не былі дакладна вызначаны мэты і задачы, канчатковыя вынікі. Гэта дазволіла на практыцы лозунг "Больш дэмакратыі, больш сацыялізму" незаўважна для народа падмяніць лозунгам "Больш капіталізму, больш разбуральнай дэмагогіі". У грамадстве з'явіліся капіталістычныя тэндэнцыі - узбагачэнне любымі сродкамі. Бачачы гэтыя негатыўныя працэсы, значная частка народа стала абвінавачваць КПСС, партыйную эліту і ўсіх тых, па чыёй ініцыятыве пачалася перабудова. Сацыялістычныя ідэалы ў вачах мільёнаў абясцэньваліся, аўтарытэт КПСС катастрафічна падаў.

Па-другое, негатыўныя працэсы і з'явы ў грамадскім жыцці суправаджаліся моцнай прапагандысцкай кампаніяй па дыскрэдытацыі КПСС, Савецкай дзяржавы, савецкага ладу жыцця, дасягненняў краіны. Гэта кампанія ажыццяўлялася пры патуранні і дапамозе, а іншы раз і пры асабістым удзеле вышэйшых партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў краіны - М. Гарбачова, Б. Ельцына, А. Якаўлева, Э. Шэварднадзе, I. Сілаева, В. Бакаціна і інш.

Па-трэцяе, шмат папрацавала на карысць распальвання антысавецкай і антыкамуністычнай істэрыі частка навуковай, творчай і тэхнічнай інтэлігенцыі. !дэолагам "амерыканізацыі" краіны ўдалося метадам сацыяльнай дэмагогіі раз'яднаць працоўных, выклікаць схільнасць да хістанняў і крайніх дзеянняў. Людзей прымусілі паверыць, што тыя, хто не здрадзіў сваім поглядам, - гэта рэакцыянеры, кансерватары, якія заслугоўваюць пагарды, а тыя, хто за адзін дзень змяніў погляды, перафарбаваўся, - гэта сапраўдныя героі, новыя барацьбіты за "светлую будучыню народа". Прапагандысцкія намаганні апазіцыі і рэнегатаў-камуністаў давалі ім значныя палітычныя дывідэнды.

Па-чацвёртае, не садзейнічалі павышэнню аўтарытэту і ўзмацненню палітычнага ўплыву КПСС адарванасць яе вярхоў ад народа і шматмільённай арміі радавых камуністаў, пратэкцыянізм, хабарніцтва, карупцыя, замкнутасць партыйнай іерархіі, шырокае распаўсюджанне бюракратызму ў рабоце, недэмакратычнасць кадравай палітыкі, грубае падаўленне іншадумства. Памылкі ў кіраўніцтве выдаваліся за ўсеагульную некампетэнтнасць і бяздарнасць партакратаў, а недахопы ў развіцці сацыяльна-эканамічнай і духоўна-маральнай сфер - за трагедыю і катастрофу краіны. Часткай насельніцтва гэта ўспрымалася за праўду.

І нарэшце, патрэбна адзначыць, што ў час суровых выпрабаванняў генсек, Палітбюро і Сакратарыят ЦК КПСС здрадзілі сваёй партыі. Яны не звярнуліся да КПСС і народа, не зрабілі нават спробы склікаць з'езд партыі ці пленум ЦК КПСС, ніяк не супрацьдзейнічалі антыканстытуцыйным акцыям прэзідэнтаў СССР і Расіі і іх акружэння. Верхам ідэйнай і палітычнай здрады (наўмыснай ці ненаўмыснай), не маючай аналагаў у гісторыі, з'явіліся адказ у той трагічнай для КПСС сітуацыі М. Гарбачовым ад паўнамоцтваў Генеральнага сакратара ЦК КПСС і падпісанне супрацьпраўнага ўказа аб прыпыненні дзейнасці КПСС. Нічога не рабілі мясцовыя партыйныя камітэты і паслухмяныя члены партыі: капітуляцыя была масавай.


<== previous lecture | next lecture ==>
Развіццё гандлёва-эканамічных адносін БССР з замежнымі краінамі | Грамадска-палітычнае жыццё Рэспублікі Беларусь на мяжы XX - XXI стст.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.158 s.