Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Грамадска-палітычнае жыццё Рэспублікі Беларусь на мяжы XX - XXI стст.


Date: 2015-10-07; view: 573.


Рэспубліка Беларусь - прэзідэнцкая рэспубліка. 1992 - 1994 гг. - гады жорсткай палітычнай барацьбы ў Вярхоўным Савеце рэспублікі па пытаннях эканамічнага жыцця, дзяржаўнага будаўніцтва, будучага саюза з Расіяй. Ішлі спрэчкі аб тым, якой рэспублікай павінна быць Беларусь: прэзідэнцкай ці парламенцкай. У гэтай дыскусіі ўзрастаў палітычны аўтарытэт старшыні парламенцкай камісіі па барацьбе з карупцыяй А.Р. Лукашэнкі.

15 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў новую Канстытуцыю - Асноўны закон Рэспублікі Беларусь. Згодна з ёю, Беларусь з'яўляецца унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. Канстытуцыяй уведзена ў рэспубліцы прэзідэнцкая форма кіравання.

Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10 ліпеня 1994 г. выбраны А.Р. Лукашэнка. Для забеспячэння эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі была створана падпарадкаваная ўсенародна выбранаму прэзідэнту скразная вертыкальная структура, якая ўключае выканаўчыя і распарадчыя органы як у цэнтры, так і на месцах.

У мэтах вырашэння некаторых спрэчных пытанняў, якія ставіла палітычная апазіцыя і якія мелі прынцыповае значэнне для забеспячэння згоды ў грамадстве, па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з яго перадвыбарнай платформай (забеспячэнне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, эканамічнай і палітычнай стабільнасці, барацьба з карупцыяй і злачыннасцю, паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту народа) 14 мая 1995 г. быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум. Беларускі народ падтрымаў прапановы кіраўніка дзяржавы аб наданні рускай мове роўнага статусу з беларускай, развіцці эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй, устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Герб "Пагоня" і бела-чырвона-белы сцяг на рэферэндуме народам не былі прызнаны нацыянальнымі дзяржаўнымі сімваламі.

Па-першае, як сведчаць першакрыніцы, герб "Пагоня" быў вядомы як герб Вялікага княства Літоўскага ўжо ў ХІІІ ст. Але гэта не дае падстаў сцвярджаць, што ён з'яўляецца беларускім нацыянальным і дзяржаўным сімвалам, бо Вялікае княства Літоўскае не было толькі беларускай дзяржавай, як пішуць некаторыя гісторыкі, а з' яўлялася поліэтнічнай дзяржавай чатырох асноўных народаў - беларускага, літоўскага, рускага і ўкраінскага, таму і герб "Пагоню" можна лічыць гістарычным сімвалам усіх гэтых чатырох народаў.

Па-другое, герб "Пагоня" - гэта рыцарскі сімвал воінскай славы, воінскай магутнасці, выява народнай традыцыі пагоні, якая была характэрнай не толькі для беларусаў ці літоўцаў, а для ўсіх тых, хто ваяваў, падвяргаўся нападу і рабіў пагоню за пераможаным ворагам ці ворагам, адступіўшым без бітвы. А калі ў той час (ХІІ - ХІУ стст.) ваявалі амаль усе - і народы Захаду і народы Усходу (а не толькі беларусы ці літоўцы), то і традыцыя народнай пагоні была традыцыяй і ўсходнеславянскіх народаў і заходнееўрапейцаў, і выява пагоні сустракаецца і на Усходзе і на Захадзе.

Па-трэцяе, герб "Пагоня" не меў усебеларускага распаўсюджання, аб чым сведчыць наступнае. Сярод 47 гербаў губерняў і гарадоў Беларусі, якія прыведзены ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, толькі 11 мелі выяву "Пагоні". У ХУІ - ХУІІІ стст. з 70 гербаў гарадоў Беларусі знак "Пагоні" быў толькі ў 5 - Магілёва, Лепеля, Дрысы, Чэрыкава і Ліпнішак.

Па-чацвёртае, герб "Пагоня" ўзнік гістарычна, ён цалкам належыць сівой феадальнай даўніне. Як факт нашай гісторыі герб "Пагоня" можа выкарыстоўвацца ў прозе, вершах, кінастужках, тэатры, музыцы, архітэктуры, наогул, у жыцці беларускага народа, як і іншых народаў. Як культурна- гістарычны знак герб "Пагоня" - чысты, як дзяржаўна-палітычны сімвал - заплямлены, бо ў 1941 - 1944 гг. знаходзіўся ў руках здраднікаў, катаў і ворагаў беларускага народа. А што можа як дзяржаўны герб сімвалізаваць сёння гэты феадальны знак "Пагоня"? Агрэсіўнасць, ваяўнічасць, помслівасць, пагоню, тэакратычнасць дзяржавы? Не, гэта не ўваходзіць у менталітэт беларускага народа.

Яшчэ менш даследаванай з'яўляецца праблема паходжання бела- чырвона-белага сцяга. Дакументаў амаль ніякіх няма. Ёсць толькі публікацыі тых, хто пад гэтым сцягам змагаўся за буржуазную будучыню Беларусі. Сярод іх прафесар-здраднік Р. Астроўскі (у гады Вялікай Айчыннай вайны служыў акупантам, узначальваў Беларускую цэнтральную раду). Ён у замежным часопісе "Беларуская думка" (1965, № 7) сцвярджаў, што "упершыню пытанне аб гербе і сцягу абмяркоўвалася на пасяджэнні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Мінску ў сакавіку 1917 г. Менавіта ў гэты час вырашылі карыстацца "Пагоняй" і вядомым сцягам, узор якога быў прыняты тады ж. На сцягу зрабілі надпіс "Няхай жыве вольная Беларусь". Як сведчыць інфармацыя часопіса, бела-чырвона-белага сцяга да таго часу ў беларусаў не існавала.

Яшчэ больш дакладная даведка маецца ў артыкуле Г. Альгердзіча (беларускі калабарацыяніст перыяду Вялікай Айчыннай вайны А. Адамовіч) у газеце "Раніца" (месца выдання Берлін) за 26 лістапада 1944 г. У ім напісана: "Паходжанне нашага сённяшняга бела-чырвона-белага сцягу параўнальна нядаўняе і звязана з часам рэвалюцыі 1917 г. таму, што пытанне аб агульна-нацыянальным ці дзяржаўным сцягу ў мінуўшчыне было недаследаваным. А нашым нацыянальным дзеячам 1917 г. і зусім невядомым. Давялося ім выступіць у гэтай галіне вольнымі тварцамі. У выніку гэтай творчасці адразу з'явіўся быў у якасці нацыянальнага сцягу аднаколерны белы штандар. Відаць, у прызнанні яго за нацыянальны сцяг кіраваліся расшыфраваннем самога назову "Беларусь". Аднак хутка выявілася неадпаведнасць такога аднаколернага белага сцягу: ён занадта біў у вочы на фоне рэвалюцыйнага разумення сымболікі колераў (чырвонае - колер рэвалюцыі, белае - колер контррэвалюцыі). Да таго ж, аддаўна меў міжнароднае значэнне знаку паддачы, капітуляцыі на вайне. Таму неўзабаве пасярод белае палатніны сцягу была праведзена чырвоная, "рэвалюцыйная" паласа. Гэтак і з'явіўся наш сённяшні сцяг".

Артыкул А. Адамовіча быў надрукаваны ў 1944 г., калі яшчэ былі жывымі многія беларускія дзеячы 1917 - 1920 гг., дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, якія б маглі не пагадзіцца, паправіць аўтара, калі б была надрукавана няпраўда.

Такім чынам, герб "Пагоня" і бела-чырвона-белы сцяг з'яўляюцца не нацыянальнымі сімваламі, а сімваламі барацьбы за ўладу пэўных палітычных сіл, не падтрыманых большасцю беларускага народа. Герб "Пагоня" і бела- чырвона-белы сцяг - сімвалы буржуазнай Беларусі, чырвона-зялёны сцяг з белым арнаментам і герб з серпам і молатам - сімвалы Савецкай Сацыялістычнай Беларусі.

Выбіраючы сімвалы новай дзяржавы - Рэспублікі Беларусь, большасць народа зыходзіла з таго, што дзяржаўныя герб і сцяг павінны быць незаплямленымі, чыстымі, не звязанымі ў думках беларусаў са злачынствамі і генацыдам перыяду Вялікай Айчыннай вайны. На рэферэндуме 1995 г. большасць народа выказалася за новую сімволіку, якая ўяўляе сабой крыху змененую дзяржаўную сімволіку Савецкай Беларусі.

Палітычная апазіцыя, у тым ліку частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета і членаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, выступіла супраць курсу, абранага А.Р. Лукашэнкам і большасцю беларускага народа. Палітычная напружанасць у грамадстве ўзмацнілася.

19 - 20 кастрычніка 1996 г. у Мінску адбыўся Усебеларускі народны сход, на якім з дакладам "Толькі народ мае права рашаць своё лёс" выступіў А.Р. Лукашэнка. Дэлегаты схода, якія прадстаўлялі народ Беларусі, адобрылі ўнутраную і знешнюю палітыку, што праводзіла кіраўніцтва дзяржавы.

24 лістапада 1996 г. адбыўся ініцыіраваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам рэспубліканскі рэферэндум. Беларускі народ прагаласаваў за прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі А.Р. Лукашэнкам, выказаўся супраць свабоднай, без абмежаванняў куплі і продажу зямлі, супраць адмены смяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь.

На рэспубліканскім рэферэндуме была падтрымана прапанова А.Р. Лукашэнкі аб перанясенні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня рэспублікі) з 27 ліпеня на 3 ліпеня - дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. Дзень 27 ліпеня ў памяці людзей звязваецца з некаторымі змрочнымі падзеямі ў айчыннай гісторыі. 27 ліпеня 1942 г. кат беларускага народа, гаўляйтэр В. Кубэ, падтрымаў беларускіх здраднікаў і выдаў распараджэнне, якім дазволіў "пры розных урачыстасцях і для распазнавання нацыянальнасці беларускай побач з нямецкімі адзнакамі на дамах вывешваць і насіць "бела-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоню". Менавіта ў гэты дзень (выпадкова ці наўмысна), 27 ліпеня 1990 г. была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. З гэтым днём і з гэтым дакументам большасць народа звязвае не толькі крок да незалежнасці Беларусі, але і да развалу вялікай і магутнай дзяржавы - Савецкага Саюза. Беларускі народ адмовіўся ад таго, каб дзень 27 ліпеня і далей лічыць сваім галоўным дзяржаўным святам - Днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Днём рэспублікі).

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета быў сфарміраваны двухпалатны Нацыянальны сход. Ён складаецца з Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Прэзідэнт з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Кіраўніком выканаўчай улады з яўляецца прэм'ер-міністр урада, пашыраны правы і паўнамоцтвы Савета Міністраў.

18 мая 2001 г. у Мінску адбыўся другі Усебеларускі народны сход. На ім з дакладам "За моцную, квітнеючую Беларусь" выступіў А.Р. Лукашэнка. Сход падвёў вынікі выканання "Асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 1996 - 2000 гг.", прынятых першым Усебеларускім народным сходам у 1996 г. Была абмеркавана і адобрана Праграма сацыяльна- эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001 - 2005 гг.

У 2000 г. адбыліся свабодныя дэмакратычныя выбары дэпутатаў двухпалатнага Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 9 верасня 2001 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на новы 5-гадовы тэрмін выбраны А. Р. Лукашэнка.

У 2002 г. былі зацверджаны музыка і словы Гімна Рэспублікі Беларусь. Аўтарам музыкі з'яўляецца кампазітар Нестар Сакалоўскі, аўтарамі слоў - паэты Міхась Клімковіч і Уладзімір Карызна.

17 кастрычніка 2004 г. адбыўся ініцыіраваны Прэзідэнтам рэспубліканскі рэферэндум і свабодныя дэмакратычныя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Сфарміраваны таксама новы склад Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. На аснове галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме з артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь выключана яго другая частка: "Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш двух тэрмінаў". Тым самым пераважная большасць беларускага народа пагадзілася з тым, каб А.Р. Лукашэнка нараўне з іншымі кандыдатамі мог балаціравацца ў час выбараў 2006 г. на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

2 - 3 сакавіка 2006 г. у Мінску адбыўся трэці Усебеларускі народны сход, на якім з дакладам "Дзяржава для народа" выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. Сход падвёў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2001 - 2005 гг. і зацвердзіў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2006 - 2010 гг.

§ 4. Канфесійная палітыка. Адраджэнне царкоўнага жыцця

У 80-я гады ХХ ст. у СССР і БССР пачынаюць змяняцца адносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі канфесіямі. Традыцыйнае супрацьстаянне і канфрантацыя паступова саступаюць месца талерантнасці і ўзаемнай павазе, супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Пачынаецца працэс адраджэння царкоўнага жыцця. З рэлігіяй вернікі звязваюць гарантыю палітычнай і этнаканфесійнай стабільнасці ў грамадстве, непарушнасць яго духоўнасці і маралі, аднаўленне нацыянальных звычаяў і традыцый народа.

На тэрыторыі Беларусі аднаўляюцца і будуюцца новыя храмы, адкрываюцца новыя прыходы, павялічваецца колькасць вернікаў. У 2004 г. у Рэспубліцы Беларусь было зарэгістравана 26 рэлігійных накірункаў. Каля 80 % вернікаў атаясамліваюць сябе з праваслаўем, каля 10 %о - з каталіцызмам, каля 2 % - з пратэстантызмам, 0,3 % - з іудаізмам.

Спецыфіка рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі вызначаецца перш-наперш яе геапалітычным становішчам на мяжы паміж заходняй і ўсходняй цывілізацыямі, суіснаваннем і пачарговым дамінаваннем праваслаўя і каталіцызму. Дзяржавы, у склад якіх у розныя гістарычныя перыяды ўваходзіла тэрыторыя Беларусі, заўсёды характарызаваліся поліканфесійнасцю. У Заходняй Беларусі захоўваецца традыцыйна больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70 - 80 % насельніцтва вернікі) і адпаведна значна больш рэлігійных абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Затое ў 80 - 90-я гг. найбольш высокі колькасны рост рэлігійных абшчын адбываўся ў Цэнтральнай і Усходняй Беларусі.

Рэлігійныя арганізацыі Беларусі маюць значныя магчымасці для распаўсюджання сваіх веравучэнняў. У апошнія 10 гадоў на тэрыторыі Беларусі выдавалася больш за 100 найменняў перыядычных выданняў, з якіх 17 належаць праваслаўнай царкве, 8 - каталіцкай, 4 - іудзеям, 1 - мусульманам, 73 выданні выпускаюцца новымі рэлігійнымі рухамі. Акрамя таго, на тэрыторыю рэспублікі з-за мяжы завозілася 256 найменняў рэлігійнай літаратуры.

Праваслаўная царква. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод іншых рэлігійных аб'яднанняў Беларуская праваслаўная царква займае першае месца. У2004 г. яна аб'ядноўвала 1 245 абшчын, 10 епархій, 19 манастыроў. З канца 80 - пачатку 90-х гг. колькасць праваслаўных прыходаў у Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы. У 1985 г. у Мінску быў здадзены ў эксплуатацыю будынак, у якім памясціўся архірэйскі дом з дамавой царквой у гонар Сабора беларускіх святых.

У 1989 г. праваслаўнай царкве былі перададзены жаночыя манастыры Спаса-Ефрасіннеўскі ў Полацку і Раждзяство-Багародзічны ў Гродне. 1 верасня 1989 г. аднавіліся заняткі ў Мінскай духоўнай семінарыі, якая, як і раней, памясцілася ў жыровіцкім Успенскім манастыры. У гэтым жа годзе ў Мінску пачало работу духоўнае вучылішча для падрыхтоўкі псаломшчыкаў і рэгентаў царкоўных хораў.

У кастрычніку 1989 г. у межах БССР быў утвораны Беларускі Экзархат. Мінска-Беларуская епархія, кіраўніком якой з 1978 г. быў мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), прыпыніла сваё існаванне. Мітрапаліт Філарэт стаў мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам Усяе Беларусі. Беларуская праваслаўная царква арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 1992 г. у Мінску, Заслаўі і Полацку адбыліся ўрачыстасці з нагоды 1000-годдзя ўстанаўлення Полацкай кафедры, а ў 1993 г. святкавалася 200-годдзе Мінскай епархіі.

У 1993 г. Сінод Беларускага Экзархата прыняў рашэнне аб адкрыцці Мінскай духоўнай акадэміі. Сістэму духоўных навучальных устаноў дапоўнілі створаныя на мяжы ХХ - ХХІ стст. духоўныя вучылішчы ў Віцебску і Слоніме, факультэт тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Мінску (пасля яго закрыцця - Беларускага дзяржаўнага універсітэта), школа катэхізатараў у Мінску, рэгенцкая школа пры Мінскім духоўным вучылішчы і школа царкоўных званароў пры Мінскім епархіяльным упраўленні. У 1996 г. на мінскім прадпрыемстве "Выдатнае ліццё" пачалі адліваць званы, якія паступаюць у прыходы і манастыры Беларускага Экзархату.

Сведчаннем непарыўнай сувязі Беларускага Экзархату з Рускай праваслаўнай царквой з'явіліся візіты ў Беларусь Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Алексія ІІ. У час першага візіту ў 1991 г. ён наведаў раёны, якія пацярпелі ад ядзернай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Алексій II наведаў Беларусь і ў сувязі са святкаваннем 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў сувязі з 60-годдзем яе пачатку. У час свайго візіту ў 2002 г. Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі прыняў удзел у святкаванні Жыровіцкай іконы Божай Мацеры ва Успенскім мужчынскім манастыры і ў цырымоніі адкрыцця будынка Дома міласэрнасці ў Мінску.

Адраджэнне царкоўнага жыцця ў іншых канфесіях. Да ліку традыцыйных рэлігій у Беларусі адносіцца другая па колькасці вернікаў каталіцкая царква. Ва ўмовах дэмакратызацыі грамадства ёй дзяржава перадала больш за 25 раней закрытых касцёлаў. Цяпер у 4 каталіцкіх епархіях Беларусі, якія ўзначальвае мітрапаліт кардынал Казімір Свёнтак, аб'яднаны 427 абшчын, дзейнічаюць 359 каталіцкіх храмаў. Падрыхтоўка каталіцкіх святароў ажыццяўляецца ў семінарыях у Гродне і Пінску.

З пачатку 90-х гг. у Беларусі рабіліся спробы адраджэння уніяцкай царквы. Гэты працэс звязаны з пошукамі часткай беларускамоўнай інтэлігенцыі нацыянальнай царквы, у якой богаслужэнне і культ павінны быць звязаны з нацыянальнай сімволікай, мовай і традыцыямі. У 2004 г. на тэрыторыі Беларусі было зарэгістравана 13 уніяцкіх абшчын, у кожнай з якіх па 5 - 7 чалавек. Для падрыхтоўкі прафесійных святароў уніяцкія абшчыны накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў у духоўныя навучальныя ўстановы Ватыкана і Польшчы. У 1996 г. беларускія уніяты ўрачыста адзначалі 400-гадовы юбілей Брэсцкай царкоўнай уніі. Сучасныя спробы адраджэння уніяцкай царквы ў Беларусі большасцю насельніцтва ўспрымаюцца як спроба расколу беларускага грамадства, экспарту чужой культурнай традыцыі і арганізацыйнай структуры.

У 90-я гады ХХ ст. з 3 да 15 павялічылася колькасць пратэстанцкіх цячэнняў у Беларусі, а колькасць абшчын - з 288 да 862. Найбольш дынамічна развіваюцца хрысціяне веры евангельскай, евангельскія хрысціяне-бапцісты і адвенцісты. Усе пратэстанцкія цячэнні аб'ядноўваюць у Беларусі каля 70 тыс. актыўных веруючых. Прэсвітараў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць у двух вышэйшых і двух сярэдніх навучальных установах евангельскіх хрысціян- бапцістаў і хрысціян веры евангельскай. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічаюць 307 малітвенных дамоў і 12 дабрачынных місій. Вядучыя пратэстанцкія арганізацыі карыстаюцца магутнай зарубежнай фінансавай падтрымкай.

З XIV ст. на беларускіх землях існуе этнаканфесійная група яўрэяў-іудзеяў. У 90-я гады XX ст. пачало аднаўляцца рэлігійнае жыццё іудзеяў у Рэспубліцы Беларусь. Сёння тут зарэгістравана 27 іудзейскіх абшчын, якія ў 1993 г. арганізавалі Іудзейскае рэлігійнае аб'яднанне ў Рэспубліцы Беларусь. Дзейнічае ў Мінску духоўнае вучылішча (ешыбот), больш за 15 нядзельных школ, яўрэйскія класы ў сярэдніх школах. Пытанні рэлігійнага жыцця асвятляюцца ў 4 яўрэйскіх газетах. З-за адсутнасці мясцовых равінаў абшчыны запрашаюць прапаведнікаў з ЗША і Ізраіля. Значнай падзеяй ў жыцці беларускіх яўрэяў стала стварэнне ў 1998 г. Цэнтра яўрэйскай культуры, які ўспрымаецца як цэнтр адраджэння нацыянальнай культуры з адпаведнымі атрыбутамі (рэстаран нацыянальнай кухні, магазіны кашэрных прадуктаў і прадметаў рэлігійнага культа, курсы па вывучэнню іўрыта, гісторыі і традыцый яўрэйскага народа).

На тэрыторыі Беларусі этнаканфесійная група татар-мусульман існуе з XIV ст. У 2004 г. ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 23 мусульманскія абшчыны. Яны ўваходзяць у склад створанага ў 1994 г. Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання Рэспублікі Беларусь, кіруючым органам якога з'яўляецца муфціят на чале з муфціем. З 1991 г. дзейнічае культурна-асветнае беларускае аб'яднанне татар "Аль-Кітаб". Праводзяцца акцыі па культурна- рэлігійнай інтэграцыі татар Беларусі, Літвы, Польшчы і Крыма, захаванню іх этнічнай самабытнасці, адраджэнню ісламскай рэлігіі і культуры. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі засталася адна мячэць - у Іўі Гродзенскай вобласці. У 90-я гады XX ст. пачалося будаўніцтва і рэстаўрацыя мячэцей у Слоніме, Навагрудку, Відзах. Ствараецца комплекс мусульманскага культурна- рэлігійнага цэнтра ў Мінску. У 1997 г. былі праведзены ўрачыстасці з нагоды 600-годдзя з дня афіцыйнай даты з'яўлення на тэрыторыі Беларусі першых пасяленняў татар.

Нетрадыцыйныя рэлігійныя накірункі і рухі. Яны звязаны галоўным чынам з буддызмам і індуізмам (хатха-ёга, дзэн-буддызм, агні-ёга, вайшнавы, крышнаіты, брахма кумарыс і інш.). Іх членамі з'яўляецца ў асноўным вучнёўская моладзь і інтэлігенцыя.

Дзейнасць экстрэмісцкіх і дэструктыўных рэлігійных сект у Рэспубліцы Беларусь забаронена.

Закон Рэспублікі Беларусь "Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях". Прававым выражэннем новай палітыкі дзяржавы стала прыняцце Закона Рэспублікі Беларусь "Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях", які дзейнічае з 1992 г. На працягу 90-х гадоў у яго ўносіліся змены і дапаўненні. 27 чэрвеня 2002 г. Палатай прадстаўнікоў была прынята і адобрана Саветам Рэспублікі новая рэдакцыя Закона "Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях . Ён рэгулюе адносіны ў галіне правоў чалавека і грамадзяніна на свабоду веравызнання, а таксама вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый, зыходзячы з:

• права кожнага на свабоду веравызнання, а таксама на роўнасць перад законам незалежна ад адносін да рэлігіі;

• роўнасці рэлігій перад законам;

• прызнання вядучай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа;

• духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі;

• неаддзельнасці ад агульнай гісторыі народа Беларусі Евангеліцка- лютэранскай царквы, іудаізму і ісламу;

• неабходнасці садзеяння дасягненню ўзаемнага разумення, цярпімасці і павагі рэлігійных пачуццяў грамадзян у пытаннях свабоды веравызнання. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з павагай і разуменнем адносіцца да ўсіх

рэлігійных канфесій і перш-наперш да вядучай канфесіі - праваслаўнай. Пры гэтым умовамі добрых адносін да канфесій з'яўляецца любоў да Беларусі і беларускага народа, выкананне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе заканадаўства, падтрымка ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы.

Сістэматычна праходзяць сустрэчы Прэзідэнта краіны А.Р. Лукашэнкі з іерархамі праваслаўнай, каталіцкай і іншых канфесій, на якіх абмяркоўваюцца пытанні супрацоўніцтва ў духоўна-этычнай сферы, у выхаванні ў насельніцтва высокіх маральных якасцей, чалавекалюбства, патрыятызму, любві да Айчыны. Кіраўнікі Рэспублікі Беларусь прысутнічаюць на богаслужэннях, звяртаюцца да іерархаў царквы і вернікаў з прамовамі, аказваюць матэрыяльну і фінансаву падтрымку ў аднаўленні, будаўніцтве і рамонце храмавых і манастырскіх збудаванняў. Пастаянная і цесная сувязь паміж свецкай дзяржавай і царквой, якая афіцыйна аддзелена ад дзяржавы, садзейнічае ўсталяванню талерантнасці, міру і ўзаемаразумення паміж вернікамі розных канфесій, а таксама палітычнай і этнаканфесійнай стабільнасці ў Рэспубліцы Беларусь.



<== previous lecture | next lecture ==>
РАЗДЗЕЛ X. БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ПРАВЯДЗЕННЯ РЭФОРМ: САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ, ПАЛІТЫЧНАЕ І КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ. ЗАМЕЖНЫЯ СУВЯЗІ. БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА (1985 - 2006 гг.) | Рэспубліка Беларусь на шляху рыначных рэформ. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.287 s.