|
ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКАDate: 2015-10-07; view: 826. “Бібліятэказнаўства: гісторыя” ў якасці раздзела ўваходзіць у курс “Бібліятэказнаўства”. Яго асноўнай мэтай з'яўляецца раскрыццё сусветнай гісторыі бібліятэчнай справы праз вывучэнне патрэбнасці грамадства ў бібліятэцы, яе ролі ў вытворчым і культурным жыцці. Вывучэнне сусветнай гісторыі бібліятэчнай справы як састаўной часткі сусветнай культуры неабходна для разумення агульных заканамернасцей развіцця культуры і спецыфічных праблем бібліятэчнага працэсу. У раздзеле “Бібліятэказнаўства: гісторыя”, які абапіраецца на законы і катэгорыі філасофіі, тэорыі бібліятэказнаўства і гісторыі кнігі, разглядаецца развіццё бібліятэчнай справы ў кожную гістарычную эпоху ў цеснай сувязі з канкрэтнымі ўмовамі пэўнай дзяржавы, вывучаецца дзейнасць бібліятэк з пазіцыі патрэб грамадства, падаюцца асноўныя тэарэтычныя і практычныя пытанні эвалюцыі бібліятэк. Адносіны паміж дзвюмя пярвічнымі функцыямі бібліятэкі – функцыяй фондаўтварэння і функцыяй абслугоўвання, змены ў іх узаемадзеянні складаюць галоўны прадмет гісторыі бібліятэк. Вывучэнне гісторыі бібліятэк менавіта як часткі сусветнай гісторыі культуры дазваляе выявіць і асэнсаваць тыя з'явы, якія найбольш моцна паўплывалі на іх развіццё і сталі пачаткам новага этапу іх эвалюцыі. Гісторыя бібліятэк разглядаецца ў сувязі з праблемамі, звязанымі з узнікненнем і развіццём бібліятэк і бібліятэчных сістэм, з генезісам поглядаў і тэорыі на арганізацыю грамадскага карыстання творамі пісьменства і друку ў мінулым і сучаснасці. Асноўнымі задачамі раздзела з'яўляюцца: – характарыстыка гістарычных перыядаў і этапаў развіцця бібліятэк, вызначэнне асноўных фактараў фарміравання бібліятэкі як сацыяльнага інстытута; – асэнсаванне сацыяльных патрабаванняў да бібліятэкі і бібліятэкара; – раскрыццё ўяўленняў аб эвалюцыі разнастайных тыпаў і відаў бібліятэк, іх функцый, даступнасці фондаў для чытачоў; – авалоданне ведамі аб інфармацыйна-пошукавай сістэме бібліятэкі ў яе гістарычным развіцці і на сучасным этапе; – дасягненнях бібліятэчнай думкі, буйнейшых бібліятэках, дзеячах. У выніку вывучэння раздзела “Бібліятэказнаўства. Гісторыя” студэнты павінны ведаць: – асноўныя этапы эвалюцыі бібліятэк і бібліятэчнай справы; – ролю і месца бібліятэкі ў развіцці чалавечага грамадства; – заканамернасці і тэндэнцыі развіцця бібліятэкі як сацыяльнага інстытута; – значэнне арганізацыі інфармацыйна-пошукавай сістэмы ў абслугоўванні чытачоў; – асноўныя тыпы і віды бібліятэк у іх гістарычным развіцці; – буйнейшыя бібліятэкі мінулага і сучаснасці; – знакамітых дзеячаў бібліятэказнаўчай думкі. Студэнты павінны ўмець: – карыстацца асноўнымі паняццямі, тэрмінамі бібліятэказнаўства; – выкарыстоўваць веды па гісторыі бібліятэк у далейшай прафесійнай падрыхтоўцы для бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці; – валодаць галоўнымі фактамі і вынікамі вывучэння гісторыі бібліятэк Беларусі і замежных краін; – улічваць гістарычныя ўмовы пры разглядзе важнейшых падзей і ролі асобы ў развіцці бібліятэк. Матэрыял вывучаецца студэнтамі ў першым семестры і прадугледжвае разнастайныя формы заняткаў. Яны разлічаны, у тым ліку, на 48 гадзін аўдыторных. Прыкладнае размеркаванне аўдыторных гадзін па формах заняткаў наступнае: лекцыі – 36 гадзіны, семінары – 12 гадзін. Прадугледжваецца кантроль ведаў у форме экзамену.
|