|
Прычыны і характар першай сусветнай вайныDate: 2015-10-07; view: 1116. Кафедра гуманітарных дысцыплін
Беларусь у перыяд станаўлення буржуазнага грамадства (першая сусветная вайна – люты 1917 г.)
Метадычныя парады студэнтам усіх спецыяльнасцей да семінарскіх заняткаў па курсу "Гісторыя Беларусі"
Магілёў 2005
УДК Т6. 3 (2Б)
Абмеркаваны i рэкамендаваны да друку на пасяджэннi кафедры гуманітарных дысцыплін Пратакол №_4_ ад "25" _лістапада_2004 г.
Складальнік к.г.н., дац. Т.Г. Бабкова
Рэцэнзент к.г.н., дац. І.А. Пушкін
© УА "Магiлеўскi дзяржаўны універсітэт харчавання"
На пачатку ХХ ст. сфарміравалася сусветная сістеэма гаспадаркі. Залежнасць кожнай краіны ад імпарту сыравіны, паліва, прадуктаў харчавання была вельмі высокай. Так, напрыклад, прамысловасць Германіі была забяспечана ўласнай сыравінаю толькі на 45-50%. Германія ўвозіла 2/3 жалезнай руды, палову каляровых металаў, каля 90% медзі і г.д. Абвастраюцца супярэчнасці паміж дзяржавамі з-за сфер эканамічнага і палітычнага ўплыву, пачынаецца барацьба за перадзел свету. Каб студэнты зразумелі прычыны і характар вайны, неабходна дакладнае тлумачэнне інтарэсаў вялікіх дзяржаў свету, якія прывялі іх да вайны. Англія. У выніку нераўнамернага развіцця краін, яна паступова страчвае пазіцыі асноўнай прамысловай каланіяльнай дзяржавы. Стварыўшы моцны марскі флот, Германія кідае вызаў брытанскаму гасподству на моры. Да таго ж Англія імкнулася стварыць яшчэ больш "Вялікую Брытанію", каб падпарадкаваць сабе ўвесь свет. Францыя. Як і Англія, яна не хацела уступаць зверхпрыбыткаў ад эксплуатацыі калоній, ні тым больш самі каланіяльныя тэрыторыі. Францыя спадзявалася не толькі вярнуць захопленыя германіяй Эльзас і Латарынгію, але і далучыць Рурскі басейн да сябе, і таксама пашырыць свае ўладанні ў Афрыцы. Аўстра-Венгерская манархія, шматнацыянальная дзяржава, жадала захаваць адзінства ўнутры краіны і пашырыць свой уплыў на Балканах, захапіць Сербію. Італьянскія кіруючыя колы імкнуліся вярнуць славу старажытнага Рыму, падпарадкаваць сабе Албанію, перадзяліць каланіяльныя ўладанні ў Афрыцы. Злучаныя Штаты Амерыкі (якія, дарэчы, уступілі ў вайну толькі ў красавіку 1917 г., вайна ж пачалася у 1914 г.) марылі ўзмацніць свой уплыў у Заходнім паўшар'і, а таксама ў Кітаі. ЗША разлічвалі таксама на магчымасць аслабіць як германскі блок, так і Расію, з мэтай пераўтварыць іх у другарадныя краіны. Такая "прагматычная" палітыка цалкам укладвалася ў рамкі капіталістычнага суперніцтва, калі ідзе барацьба ўсіх супраць усіх, а саюзнікі могуць быць толькі часовыя. Дарэчы будзе накіраваць увагу студэнтаў на тое, што Балканскі паўвостраў, празваны "пороховым погребом Европы", быў арэнай суперніцтва вялікіх дзяржаў, а таксама арэнай войн не аднойчы. Германія. Мілітарыстскія колы гэтай краіны імкнуліся стварыць "Вялікую Германію", куды павінны былі ўвайсці Айстра-Венгрыя, Балканы, Прыбалтыка, Скандынавія, Галандыя, частка Францыі. Германія таксама прагнула мець вялізную германскую калонію ў Афрыцы. Акрамя таго германскія імперыялісты з мэтай свайго эканамічнага і палітычнага замацавання на Балканскім паўвостраве і Блізкім Усходзе (якія здаўна знаходзіліся ў сферы расійскіх інтарэсаў), паспрабавалі пабудаваць чыгунку ад Балкан праз Турцыю на Блізкі Усход. Гэта з'явілася рэальнай пагрозай для Расіі, якая б не мела выхаду ў Сярэдземнае мора. Да таго ж Германія хацела адарваць ад Расіі Польшчу, Фінляндыю, Беларусь, Украіну. Расія. У адрозненні ад іншых буйных еўрапейскіх дзяржаў яна не мела калоній за межамі сваёй тэрыторыі, але паслядоўна абараняла свае інтарэсы ў Карэі, Кітаі, Афганістане, на Балканах, у Іране ад экспансіі Англіі, Японіі і Германіі. Частка рускага дваранства і буржуазіі марыла аб Вялікай Славянскай імперыі на чале з Расіяй. Трэба памятаць і пра жаданне Расіі кантраляваць пралівы Басфор і Дарданелы. Хаця не лішнім будзе падкрэсліць і тое, што рускія сапраўды мелі асобыя сімпатыі да славян Балканскага паўвострава з-за агульнага славянскага паходжання. Такім чынам, у канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. утварыліся два саюзы імперыялістычных краін: Германія – Італія – Аўстра-Венгрыя (Траісты саюз) і Англія – Францыя – Расія (Антанта). Траісты саюз быў заключаны яшчэ ў 1882 г., Антанта ўтвараецца ў 1904 г., Расія далучаецца да апошняга аб'яднання ў 1907 г. На баку Антанты выступіла Японія, Германію падтрымала Турцыя. Можна зрабіць наступны вывад: на сусветнай арэне змяніліся суадносіны. Краіны, якія абагналі ў развіцці сваіх канкурэнтаў, дабіваліся новых рынкаў збыту, новых сфер выкарыстання капіталу. Але ў сувязі з тым, што да пачатку ХХ ст. свет быў падзелены паміж буйнымі краінамі, новы яго перадзел мог скончыцца толькі вайной. Мэтазгодна будзе выдзеліць галоўныя супярэчнасці: паміж старой каланіяльнай Англіяй і маладым драпежнікам – германскім мілітарызмам, а таксама суперніцтва паміж Германіяй і Расіяй з-за ўплыву на Балканах. Акрамя эканамічных прычын, палітычнай прычынай вайны было імкненне задушыць узросшы за апошняе дзесяцігоддзе рэвалюцыйны рух у еўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў Расіі. У цэлым першая сусветная вайна насіла імперыялістычны, захопніцкі, несправядлівы характар. Толькі Сербія, Чарнагорыя, Бельгія вялі справядлівую вайну за свае вызваленне. Падставай для пачатку вайны з'явілася забойства 28 чэрвеня 1914 г. наследніка аўстра-венгерскага трона Франца Фердынанда. 28 ліпеня Аўстрыя аб'яўляе вайну Сербіі. Расія ў адказ аб'яўляе аб мабілізацыі. Германія ў сваю чаргу таксама праводзіць мабілізацыю і аб'яўляе вайну Расіі ( 1 жніўня), а затым і Францыі як саюзніцы Расіі. Нямецкія войскі ўступаюць у Бельгію, якая была нейтральнай краінай, што прымусіла Англію прыняць удзел у вайне супраць Германіі (4 жніўня). Усяго ў вайне ўдзельнічала 38 краін з насельніцтвам звыш 1,5 млрд чалавек, што склала 75 % усяго насельніцтва зямнога шара. Сусветная вайна працягвалася 4 гады і 4 месяцы і дорага абайшлася чалавецтву. Паводле няпоўных звестак было забіта, паранена і пакалечана каля 30 млн чалавек. Кароткі вывад можа быць наступным: вайна не вырашала задач нацыянальнага развіцця дзяржаў, не адпавядала інтарэсам народаў, а значыць была несправядлівай, захопніцкай.
2. Беларусь ва ўмовах ПЕРШАЙ сусветнай вайны Увага студэнтаў павінна быць скіравана на тое, што ў адносінах да вайны палітычныя сілы Беларусі, як і ўсей Расіі, занялі розныя пазіцыі. Праўрадавыя і буржуазныя сілы прызывалі народ на абарону "цара і айчыны". З пазіцый прапаганды вайны і прызывам да класавага міру ўнутры краіны выступілі дробнабуржуазныя партыі. Так, меньшавікі сталі асуджаць паўстанні і забастовачны рух. Эсеры казалі аб неабходнасці "прыняць вайну" і "дапамагчы арміі нанесці паражэнне германцам". У бундаўцаў адзінага падыходу ў адносінах да вайны не было. Адны з іх выступалі як умераныя пацыфісты, другія былі за перамогу Расіі, а трэція жадалі перамогі Германіі. З арыгінальнай ідэяй выступілі бальшавікі. Яны прызвалі да барацьбы за пераўтварэнне імперыялістычнай вайны ў вайну грамадзянскую, інакш кажучы, у вайну прыгнечаных мас супраць буржуазіі і іншых эксплуататараў. Дзеля гэтага, лічылі яны, працоўным ваюючых краін перш за ўсё трэба імкнуцца да паражэння сваіх урадаў у вайне, каб аблегчыць перамогу над пануючымі класамі. Нелішнім будзе засярэдзіць увагу студэнтаў на тым, як пачатак вайны дазволіў стабілізаваць сацыяльна-палітычную абстаноўку ў краіне і, ў прыватнасці, у Беларусі. Тут адбылося толькі некалькі непрацяглых стачак, амаль поўнасцю спыніліся сялянскія хваляванні. Разам з тым назіраўся ўздым так званага "кваснага патрыятызму". Ён ахапіў усе вышэйшыя слаі насельніцтва, а таксама значную частку дробнай буржуазіі горада і вёскі. У Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах мясцовыя ўлады арганізавалі патрыятычныя сходы. 18 жніўня ў Мінску вялікая група навучэнцаў прайшла па вуліцах горада і падала адрас на імя цара аб поўнай падтрымцы палітыкі ўрада ў вайне. Асабліва размах выяўлення патрыятычных пачуццяў назіраўся ў Магілёве. Тут адбыліся сходы дваранства і настаўнікаў, на якіх было заяўлена аб гатоўнасці народа да любых ахвяраў у імя цара і айчыны. Улетку 1915 г. Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск-Пастава-Баранавічы-Пінск. На тэрыторыі Беларусі апынулася каля 2,5 млн салдат расійскай арміі і каля 1 млн нямецкіх салдат. Каля 1, 5 млн бежанцаў хлынула з заходніх раёнаў Беларусі ва ўсходнія. Тысячы бяздомных, галодных людзей гінулі ад эпідэмій тыфу і іншых хвароб. Цяжка адбілася вайна на гаспадарцы тэрыторый Беларусі, незанятых нямецкімі вайскамі. У 1917 г. доля прадукцыі мясцовай прамысловасці, скіраваная на патрэбы насельніцтва, складала толькі 15-16% даваеннага ўзроўню. Разам з тым паасобныя галіны (швейная, абутковая, металаапрацоўчая, хлебапякарная і інш.), што выконвалі ваенныя заказы, значна павялічылі выпуск прадукцыі. Большасць існаваўшых фабрык і заводаў і зноў створаных часовых прадпрыемстваў і майстэрняў абслугоўвалі армію.
На тэрыторыі Беларусі на ўсіх прадпрыемствах, што абслугоўвалі фронт, працавала вялікая колькасцьрабочых, мабілізаваных з Расіі. У выніку на Беларусі павялічылася колькасць кадравага пралетарыяту і яго канцэнтрацыя. Напярэдадні Лютаўскай 1917г. рэвалюцыі ў Мінску налічвалася каля 30 тыс. рабочых, Гомелі – каля 25, Віцебску – 18, Магілёве – 7 тысяч. У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі былі мабілізаваны і адпраўлены на фронт. Акрамя таго, на абарончыя работы прымусова пасылалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Цяжкім ярмом для сялян Беларусі з'яўляліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. За гады вайны значна скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: з 1913 па 1917 гг. плошчы пасеваў жыта скараціліся на 18,7%, бульбы – на 34,2 %. З-за моцнага заняпаду сельскай гаспадаркі амаль перасталі паступаць на рынак прадметы першай неабходнасці. Гэта выклікала рост дарагоўлі, хуткае зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа. Цэны на прадукты харчавання і адзенне на Беларусі ў 1916 г. павялічыліся ў 5-6 разоў у параўнанні з 1913 г. Цяжкае становішча, у якім апынуліся працоўныя Беларусі, даволі хутка пазбавіла іх ад патрыятычнага чаду, якім царскія ўлады прыкрывалі захопніцкія мэты вайны. Пачынаючы з 1915 г., назіраецца нарастанне рабочага руху. У 1916 г. стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў, у якім удзельнічала 1800 чалавек. Трэба адзначыць такую характэрную рысу выступленняў, як тое, што стачкі на Беларусі ў гэты час адбываліся разрознена і, як правіла, у іх удзельнічала толькі частка пралетарыяту. Масавасці рабочых рух не набыў. Актыўнай дзейнасці якіх-небудзь палітычных арганізацый і плыняў на неакупіраванай частцы Беларусі таксама не назіралася. Чаму? Тлумачыцца гэта прыфрантавым становішчам Беларусі, перанасычанасцю яе тэрыторыі войскамі, паліцыяй, жандармамі. Больш шырокі размах на Беларусі ў гады вайны атрымаў сялянскі рух. Ён адбываўся ў форме пагромаў памешчыцкіх маенткаў, разрабавання харчовых магазінаў і лавак. Гэты рух насіў хутчэй стыхійны, чым рэвалюцыйны характар. Актывізацыя сялянскага руху назіралася з перанясеннем баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі, калі непамерна ўрасталі рэквізіцыі і ваенныя павіннасці. Узмацніліся антыпамешчыцкия, антываенныя, антыўрадавыя выступленні. Ваенныя паражэнні царскай арміі ў кампаніі 1915 г., няўдачы на фронце ў 1916 г., велізарныя людскія страты выклікалі незадаволенасць салдат. У войсках успыхвалі хваляванні, звязаныя з дрэнным забеспячэннем прадуктамі і абмундзіраваннем, недахопам зброі і боепрыпасаў. 22 кастрычніка 1916 г. адбылося паўстанне салдат, казакоў і матросаў на размеркавальным пункце ў Гомелі. Паўстанне ўспыхнула ў сувязі з арыштам аднаго з казакоў. Улады жорстка расправіліся з паўстантамі. 9 чалавек былі расстраляны, частка арыштаваных была адпраўлена на катаргу і ў арыштанцкія роты. Але спыніць працэс разлажэння арміі ўжо было немагчыма. Вайна прывяла эканоміку Беларусі да ўпадку. Аб'ём прамысловай вытворчасці за гады вайны склаў каля 30 % даваеннага ўзроўню. Каля трэці прамысловых прадпрыемстваў былі дземанціраваны ці эвакуіраваны. Гарады былі перапоўнены ваеннымі і бежанцамі. Абвастрылася харчовая праблема. У вёсцы востра адчуваўся недахоп працоўных рук, скараціліся пасяўныя плошчы, зменьшылася пагалоў'е ската. Зробім вывад: першая сусветная вайна абвастрыла ўсе супярэчнасі ў краіне, прывяла да вострага эканамічнага і палітычнага крызісу. Царызм ужо быў няздольны вывесці краіну з гэтага тупіка. Рэвалюцыя ў краіне стала непазбежнай.
3. Лютаўская 1917 г. рэвалюцыя. Абвастрэнне сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу Да пачатку 1917 г. з-за рэзкага пагаршэння эканамічнага становішча, няўдач і вялікіх страт на фронце, а таксама з-за поўнай бяздарнасці ўрада, які не мог кіраваць краінай, царскі рэжым страціў давер літаральна ўсіх слаёў грамадства. 23 лютага 1917 г. пачаліся выступленні жанчын-работніц Петраграда. Хваляванні перараслі ў масавыя дэманстрацыі, забастоўкі пад лозунгамі звяржэння самаўладдзя і спынення вайны. Праз тыдзень цар Мікалай ІІ павінен быў адракчыся ад прэстолу. 28 лютага пачалося адначасова фарміраванне Часовага ўрада і Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, большасць у якім складалі меньшавікі і эсеры. Старшынёй часовага ўрада стаў князь Г. Львоў, міністрам замежных спраў – прафесар, кадэт П. Мілюкоў, членамі кабінета сталі таксама кадэты: М. Некрасаў – шляхі зносін, А. Шынгароў – земляробства, А. Мануйлаў – асвета. Ваеннае міністрэства ўзначаліў акцябрыст – мільянер М. Цярэшчанка, гандль і прамысловасць – А. Канавалаў, юстыцыі – А. Керанскі і г.д. Пытанне аб уладзе было вырашана. Улада з рук цара і яго ўрада, якія прадстаўлялі інтарэсы дваранства, перайшла ў рукі Часовага ўрада, які прадстаўляў інтарэсы буржуазіі, капіталістычных памешчыкаў. Але ўлада буржуазнага ўрада была чыста намінальнай. Урад не меў аднаго з галоўных прызнакаў дзяржаўнай улады – узброенай сілы. Армія была на баку Петраградскага савета, другой улады. Як і ў Петраградзе, у краіне ствараюцца розныя органы ўлады – Саветы і буржуазныя органы, якія насілі розныя назвы – камітэты грамадскай бяспекі, камітэты грамадскіх прадстаўнікоў і г.д. Такім чынам, пытанне аб уладзе было вырашана ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі вельмі незвычайна: у форме двоеўладдзя. Новай уладзе трэба было вырашаць сацыяльна-эканамічныя і палітычныя праблемы, якія народ патрабаваў вырашыць неадкладна: 8-гадзінны рабочы дзень, спыненне вайны, зямельная рэформа. Але Часовы ўрад не выдаў закон аб увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня. Рабочыя самі яго ўводзілі. У адносінах да пытання аб зямлі ўрад аб'явіў, што закон аб зямельнай рэформе будзе прыняты толькі Устаноўчым сходам. Сяляне ж спадзяваліся, што новы ўрад вырашыць зямельнае пытанне неадкладна. Працяг вайны да перамогі – такая тактыка была ва ўрада ў адносінах да вайны. Яна не адпавядала чаканням працоўных. У Мінску аб звяржэнні царскага ўрада звесткі былі атрыманы 1 сакавіка 1917 г. Былі арыштаваны камандуючы фронтам, начальнік штаба, камендант горада. 4 сакавіка быў сфарміраваны Мінскі савет рабочых дэпутатаў і яго Часовы выканаўчы камітэт. Прадстаўнікі памешчыкаў, буржуазіі, гарадскіх улад стварылі Часовы камітэт парадку і бяспекі. Такім чынам, і на тэрыторыі Беларусі ўтварылася двоеўладдзе. На працягу сакавіка – красавіка 1917 г.у Беларусі створана 37 Саветаў. Саветы гэтага перыяда зыходзілі з таго, што буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя павінна прывесці да ўлады буржуазію. Таму Саветы на тэрыторыі Беларусі прызнавалі кіраўніцтва з боку Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, але прызнавалі і Часовы ўрад пры ўмове яго дзейнасці на карысць народа. Ва ўсе губернскія і ўездныя цэнтры Беларусі Часовы ўрад прызначыў сваіх камісараў. Да губернскіх камісараў перайшлі функцыі губернатараў. Акрамя паліцыі, жандармерыі і пракуратуры захаваліся ўсе мясцовыя дзяржаўныя органы. Трэба падкрэсліць для студэнцкай аудыторыі, што гэта было часовае, пераходнае становішча, якое захоўвала ў сабе глыбокія супярэчнасці, якія пазней прывялі да новых класавых баёў. Наступны матэрыял павінен даць студэнтам ўяўленне аб прычынах паглыблення крызісу грамадства, у выніку чаго за кароткі прамежак часу у краіне наспела і адбылася другая, Кастрычніцкая, рэвалюцыя. Вельмі цяжка было разабрацца масам у складанай палітычнай абстаноўцы. Але само жыццё вучыла народ. Добрай школай для свядомасці працоўных сталі тры палітычных крызісы Часовага ўрада. 18 красавіка (1 мая) 1917 г. Расія ўпершыню адкрыта святкавала міжнароднае свята працы. Менавіта ў гэты дзень міністр замежных спраў П. Мілюкоў афіцыйна заверыў урады Англіі, Францыі, ЗША ў тым, што Расія працягне вайну да перамогі. Для народа, які чакаў атрымаць мір з рук Часовага ўрада, нота Мілюкова была як бомба. Па ўсёй краіне адбыліся дэманстрацыі супраць вайны. Гэта быў першы палітычны крызіс Часовага ўрада. Другі крызіс адбыўся ў час работы І Усерасійскага з'езду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў у чэрвені 1917 г. 18 чэрвеня масы выйшлі на дэманстрацыі пад лозунгамі "Уся ўлада саветам!", "Зямлю – сялянам!", "Далой вайну!" Гэта сведчыла аб тым, што давер мас да Часовага ўраду пахіснуўся. Не прайшло і месяца як краіна перажыла трэці палітычны крызіс. Ён быў звязаны з няўдалым, праваленым наступленнем на фронце. Масы стыхійна выйшлі на вуліцы 3 ліпеня. Мірная дэманстрацыя ў Петраградзе была растраляна. Двоеўладдзе скончылася, рэальнай уладай стаў толькі Часовы ўрад, эсэра-меньшавісцкія Саветы пераўтварыліся ў яго прыдатак. У гэты час сярод працоўных мас і саладт узрастаў уплыў бальшавісцкіх арганізацый. Бальшавікі ішлі на фабрыкі, заводы, у майстэрні, воінскія часці, дзе тлумачылі неабходнасць стварэння агульнага фронту рабочых, сялян і салдат ў барацьбе за ўладу супраць памешчыкаў і капіталістаў, супраць Часовага ўраду. Прызывы бальшавікоў аб перадачы зямлі сялянам, аб заключэнні дэмакратычнага міру без анексій, кантрыбуцый з разуменнем і адабрэннем сустракаліся масамі. Бальшавікі ўнеслі сур'ёзны ўклад у разгром мяцежа А. Карнілава, які паспрабаваў з дапамогай контррэвалюцыйных сіл усталяваць ваенную дыктатуру. Барацьба з карнілаўскім мяцежом паскорыла "палявенне" мас. На мітынгах салдаты, рабочыя, сяляне патрабавалі перадачы ўсёй улады Саветам. Пачалася бальшавізацыя Саветаў. У верасні 1917 г. у Мінскі Савет было выбрана 184 бальшавікі ці 53% яго складу. Такім чынам, адбывалася хуткая палітызацыя мас. У цяжкіх умовах вайны, голада, жабрацтва незадавальненне народа ўзмацнялася. Неабходна засяродзіць увагу студэнтаў на такой з'яве, як рост палітызацыі грамадства і нацыянальнай свядомасці беларусаў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі значна ўзмацніўся беларускі нацыянальны рух. Ажывілася дзейнасць агульнарасійскіх партый, і ў першую чаргу кадэтаў. Кадэтаў падтрымлівалі эсеры і меньшавікі. Эсеры пасля звяржэння царызму схілілі на свой бок вялікую колькасць сялян і салдат, а таксама частку рабочага класа. Гэтаму спрыяла аграрная праграма эсераў. Найбольш моцна ўплыў эсэраў адчуваўся ў Магілёўскай губерні. Аб уздыме нацыянальнай свядомасці сведчыла стварэнне нацыянальных арганізацый. У маі 1917 г. аформілася Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС). Галоўным праграмным патрабаваннем гэтай партыі была аўтаномія Беларусі ў межах Расійскай дзяржавы. Прадугледжвалася праграмай канфіскацыя толькі той зямлі, якая належала царскай сям'і і буйным польскім памешчыкам. Зямельнае пытанне павінен быў вырашыць Устаноўчы сход. Таксама ў маі 1917 г. арганізавалася Беларуская хрысціянская дэмакратыя. БХД абараняла асновы буржуазнага ладу, выступала за захаванне прыватнай уласнасці, за аўтаномію Беларусі ў складзе Расіі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі актывізавалі сваю дзейнасць яўрэйскія арганізацыі – Бунд, Яўрэйская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (ЯСДРП) і інш. Гэтыя партыі ўсімі сіламі дапамагалі Часоваму ўраду ў выкананні яго мерапрыемстваў. Вясной 1917 г. узнавіла сваю дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Да сярэдзіны 1917 г. яна налічвала каля 5 тысяч членаў і спачуваючых. БСГ падтрымлівала Часовы ўрад, заклікала сялян не захопліваць памешчыцкія землі, а чакаць пакуль зямельнае пытанне вырашыць "краявы сейм аўтаномнай Беларусі", вяла агітацыю за федэратыўную рэспубліку з аўтаноміяй Беларусі.
Па праграмных патрабаваннях блізка да БСГ стаяла Беларуская Народная грамада (БНГ). Можна зазначыць, што пасля Лютаўскай рэвалюцыі на Беларусі ўтварылася разгалінаваная сетка розных партый і арганізацый. Каб узмацніць свой уплыў на развіццё грамадства, некаторыя з іх імкнуліся да аб'яднання. Па ініцыятыве БНПС 25 сакавіка 1917 г. быў скліканы з'езд "беларускіх дзеячаў". Асноўная мэта з'езда – аб'яднанне ўсіх нацыянальных сіл і накіраванне іх у рэчышча барацьбы за "нацыянальны ідэал". На з'езде быў абраны Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі памешчыкаў, сярэдняй і дробнай буржуазіі. 8-12 ліпеня 1917 г. адбыўся другі з'езд беларускіх партый і арганізацый. На з'езде замест скасаванага Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК) была створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый. Асноўныя праграмныя патрабаванні Рады: аўтаномія Беларусі ў складзе Расіі, развіццё нацыянальнай культуры і мовы, арганізацыя беларускага войска. Восенню 1917 г. адбыўся раскол БСГ на дзве часткі. Па ініцыятыве А. Чарвянова ў Петраградзе была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (БСДРП) на базе левай плыні БСГ, якая прыняла бальшавіцкі кірунак. Трэба звярнуць увагу студэнтаў на тое, што разам з імкненнем аб'яднання у беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол на правую і левую плыні. Калі правыя былі задаволены вынікамі Лютаўскай рэвалюцыі, то левыя патрабавалі ажыццяўленне ў краіне радыкальных пераўтварэнняў. Палітычная сітуацыя ў Беларусі характарызавалася складанасцю і супярэчнасцямі. Былі палітычныя партыі, арганізацыі, але адзінай аўтарытэтнай сілы, якая б узначаліла нацыянальна-дэмакратычны рух, не было. Ды і сярод беларусаў не было адзінства адносна сваёй палітычнай будучыні. Ва ўмовах далейшага паглыблення агульнанацыянальнага крызісу барацьба народных мас супраць буржуазіі дасягнула небывалага размаху. У цэнтры яе стаяў пралетарыят. Забастоўкі, стачкі суправаджаліся прымяненнем новага сродку пралетарскай барацьбы – устанаўленнем рабочага кантролю над вытворчасцю. Рабочыя арыштоўвалі і адхілялі ад кіравання завадскую адміністрацыю. У верасні былі арыштаваны ўладальнікі лесапільных заводаў у Мазырскім павеце і Заслаўі, якія адмовіліся ўвесці рабочы кантроль. Беларускія рабочыя актыўна падтрымалі вераснёўскую ўсерасійскую забастоўку чыгуначнікаў. Да забастоўкі далучыліся чыгуначнікі Мінска, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, Гомеля. Усё больш масавы востры характар набывала барацьба сялян за зямлю. Сяляне захоплівалі памешчыцкія землі, палілі маёнткі. Калі ў жніўні было разгромлена 38 памешчыцкіх двароў, то ў верасні ўжо 67. У кастрычніку сялянскі рух ахапіў 40 паветаў Беларусі. Да выступленняў рабочых і сялян далучаліся выступленні салдат Заходняга фронту. Садацкія масы выступалі супраць працягвання вайны, павялічвалася колькасць дэзерціраў з фронту, узмацнілася братанне сярод рускіх і нямецкіх салдатаў. Хуткімі тэмпамі ішла бальшавізацыя армій Заходняга фронту. У кастрычніку 1917 г. тут дзейнічалі 170 партыйных арганізацый. Такім чынам, студэнты павінны ўсвядоміць тыя абставіны, якія непазбежна вялі краіну да новай рэвалюцыі. Трэба падкрэсліць, што на працягу 8 месяцаў буржуазія знаходзілася пры ўладзе і пры гэтым не ажыццявіла карэнных перамен. Працягвалася вайна, не былі вырашаны нацыянальнае і аграрнае пытанні, не праводзіліся сацыяльныя рэформы. Усё гэта вяло краіну да немінучай катастрофы. Гісторыя радыкальна паставіла пытанне аб ўладзе. Ці была альтэрнатыва новай, савецкай уладзе? Неабходна, каб студэнты зразумелі, што альтэрнатыва была, і не адна. Першая альтэрнатыва. Захаванне ўлады Часовага ўраду. Гэта было магчыма толькі пры некаторых умовах: а) трэба было тэрмінова прыняць рашэнне аб міру, аб перамовах з Германіяй са згоды ці без яе з боку саюзнікаў; б) аб'явіць аб перадачы памешчыцкай зямлі ў вяддзенне сялянскіх камітэтаў; в) трэба было Керанскаму, як кіраўніку Часовага ўраду, узяць на сябе ініцыятыву стварэння ўраду без буржуазіі (гэта не было зроблена). Другая альтэрнатыва: устанаўленне ваеннай дыктатуры. Такая спроба мела месца ў жніўні 1917 г. – карнілаўшчына. Падзеі паказалі, што масы не прынялі такі варыянт. Трэцяя альтэрнатыва: анархія, хаос. Чацвёртая – устанаўленне ўлады Саветаў. Апошняя была выбрана гісторыяй. Рэфармісцкі шлях развіцця для Расіі станавіўся немагчымым. Ні адна з буржуазных партый не здольна была стабілізаваць становішча, ліквідаваць хаос, арганізаваць кіраванне дзяржавай. Самымі ўплывовымі і аўтарытэтнымі сталі партыі бальшавікоў, меньшавікоў і эсераў. У гэтых умовах бальшавікі сталі на шлях барацьбы за ўладу, пачалі актыўную падрыхтоўку да ўзброенага паўстання.
|