Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Старажытны Рым


Date: 2015-10-07; view: 561.


Рымскі тэатр развіваўся пад уплывам тэатра Старажытнай Грэцыі і рымскіх парадных прадстаўленняў.

На святах у гонар жатвы выконваліся фесціны – грубаватыя сатырычныя песні. Былі папулярныя і сатуры – прадстаўленні, якія мелі паходжанне з Этрурыі – сучасная Таскана (цэнтр Фларэнцыя). Сатуры ўключалі ў сабе музыку, танцы, спевы, драматычныя сцэнкі бытавога і камічнага зместу. Але самы шчаслівы і доўгі лёс у атэланы (ад назвы горада Атэла) – звычайна камічнае прадстаўленне, у якім дзейнічалі маскі-характары (менавіта яны сталі вытокамі італьянскай камедыі дэль артэ). Кожная маска вызначала пэўны тып асобы. У прадстаўленні ўдзельнічала 4 персанажы:

§ Макк – абжора, дурань і прастафіля, быў лысым, з носам-кручком і вушамі асла;

§ Буккон – кемлівы і балбатлівы абжора, меў адвіслыя вусны і раздутыя шчокі;

§ Пап – багаты, сквапны і глупы стары;

§ Дасэн – хітры гарбун, невук і шарлатан.

Да І ст. да н. э. тэкст атэланы стваралі па ходу дзеяння ўдзельнікі спектакля.

Камедыі: – тагата – вясёлая п'еса, якая заснавана на мясцовым італьянскім матэрыяле (ад грэч. тога – верхняе рымскае адзенне); –паліата – з'яўляецца на рубяжы новай эры (палія – грэчаскі шырокі плашч, у такім адзенні хадзілі героі твораў). Дзеянне адбывалася ў Грэцыі, персанажамі былі грэкі, усё астатняе звязана з Рымам. Росквіт жанра звязаны з іменем Ціта Макцыя Плаўта (250 – 184 гг. да н. э.), сваёй творчасцю ён паклаў аснову еўрапейскай камедыі Новага часу. Ён імкнуўся да займальнасці ў сваіх камедыях. Плаўт шырока выкарыстоўваў прыём кантамінацыі – змяшэнне ў адной п'есе фрагментаў сюжэтных ліній розных п'ес розных грэчаскіх аўтараў.

Прыём “Кві пра Кво” (хто пра што) – напрыклад, п'еса “Клад”: у героя п'есы Эўкліона (дарэчы, першы сквапны чалавек у еўрапейскай драме) прападае гаршчок. Да яго прыходзіць Ліканід і прызнаецца, што пазбавіў яго дачку цнатлівасці, аднак кажа не прама, а іншасказальна, а Эўкліон разумее, што Ліканід прызнаецца, што ўзяў яго гаршчок. Злучэнне рэплік, у якіх не названы прадмет абмеркавання, і прыводзіць да блытаніны, што застаўляе гледачоў ад душы весяліцца. Прыём контыкі – музычныя нумары, арыі і рэчытатывы, якія вымаўляюцца пад музыку.

На мяжы эпох у Старажытным Рыме быў распаўсюджаны пантамім– сольны мужчынскі тэатралізаваны танец. Акцёр выступаў у масцы і іграў адразу некалькі роляў, у тым ліку і жаночых. Змест пантаміма пад музыку расказваў хор.

Любоўю рымлян карысталася і пірыха – танцавальны спектакль у выкананні ансамбля танцоўшчыкаў, у якасці сюжэта звычайна выбіралі міфалагічную гісторыю.

Рымскі тэатр не быў звязаны з культам баства, таму не меў грамадскага значэння. Акцёрамі былі не паважаныя, а пагарджаемыя людзі з ліку рабоў і вольнаадпушчаных. Прадстаўленні праводзіліся на агульнадзяржаўных святах і ў любы час па ініцыятыве знатнага грамадзяніна. Тэатры будаваліся з дрэва, а у 55 годзе да н.э. – першы каменны, пабудаваны ў Рыме, ён змяшчаў да 40 тысяч чалавек. Тэатр меў заслону, хора не было, на архестры займалі месцы знатныя жыхары. Будавалі тэатры на роўным месцы (у адрозненні ад Грэцыі), тут узводзілі магутны фундамент.

 

СЯРЭДНЕВЯКОЎЕ

Развіццё тэатральнага мастацтва ў гэтую эпоху падзяляюць на два перыяды: ранні (з V па ХІ стст.) і сталы (з ХІІ да сяр. ХVI стст.).

Ранні перыяд станаўлення сярэдневяковага тэатра

Пасля падзення Рымскай Імперыі, Еўропа доўгі час не ведала развітога тэатральнага мастацтва. Адзіным відам тэатральных відовішчаў былі выступленні вандруючых акцёраў – пацешнікаў, забаўляльнікаў. Людзей гэтай справы называлі па-рознаму: царкоўныя аўтары лічылі іх нашчадкамі антычных мімаў (mimus), а таксама называлі пантамімамі (pantomimus), гістрыёнамі (histrio). Агульнапрыняты лацінскі тэрмін – “йокулятар” (joculator – жартаўнік, балагур). Прадстаўнікі шляхты называлі іх “плясунамі” (saltator), “блазнамі” (“шутами”) (balatro, scurra), “музыкантамі” (musicus) – апошніх адрознівалі па роду музычнага інструмента (citharista, cymbalista і г.д.). Асаблівае распаўсюджанне атрымала французская назва “жанглёр” (jongleur); у Іспаніі яму адпавядала слова “хуглар” (juglar); у Германіі – “шпільман” (Spielmann), у Беларусі – “скамарох”. На кірмашах выступалі акрабаты, фокуснікі, канатаходцы, дрэсіроўшчыкі, артысты, якія расказвалі гісторыі, спявалі і ігралі на інструментах.

Царква адносілася адмоўна да гэтага, лічыла такіх людзей язычнікамі і бязбожнікамі, аднак публіка іх любіла. Але гэта не было тэатрам.

Сталы перыяд станаўлення сярэдневяковага тэатра

Сярэдневяковы тэатр нарадзіўся ва ўлонні царквы і называюць яго таму рэлігійным. Прадстаўленні давалі магчымасць наблізіць богаслужэнне да тэатральнага дзейства, разыграць некаторыя сцэны Свяшчэннага Пісання.

Першай формай рэлігійнага тэатра стала літургічная драма – спачатку толькі чытанне тэкстаў, пад час якіх выконваліся няхітрыя дзеянні, якія сімвалізавалі што-небудзь (напрыклад, на Раство Хрыстова тры святары выконвалі ролю трох валхвоў, на Вялікую Пятніцу (перад Вялікаднем) – загортвалі крыж у цёмную тканіну і клалі яе на падлогу – сімвалізавала пахаванне Хрыста). Затым у службу сталі ўключацца сцэнкі, якія святары чыталі па ралях (дыялог не паўтараў дакладна слоў з Евангелля). Дзейнічаючыя асобы мелі нават касцюмы – мантыі, касцюмы і шлемы воінаў, скура жывёлы для Яна Хрысціцеля і інш.

У другой палове ХІІ ст. з'яўляецца паўлітургічная драма. Для яе пісаўся тэкст, запазычаны са Свяшчэннага Пісання, але з рэмаркамі, з пастановачнымі ўказаннямі. Дзеянне адбывалася на небе, зямлі і ў пекле. У прадстаўленнях з'яўляўся д'ябал са світаю, гэтыя ролі святары не маглі іграть, таму запрашалі свецкіх людзей. Насуперак намерам, чэрці станавіліся любімымі персанажамі, якія выклікалі рогат. Дзеянні адбываліся не ў храме, а знадворку на прыступках храма.

У ХІІІ ст. з'яўляецца новы від прадстаўленняў на рэлігійную тэму: інсцэніроўкі легенд пра цуды, якія стваралі святыя і Маці Божая. Такія прадстаўленні называліся міраклі. Сюжэты былі разнастайныя, аднак заўсёды існавала настаўленне, за распусныя ўчынкі персанажы нясуць пакаранне, грэшнікі раскайваюцца, пасланцы Бога пасарамляюць заганы. Міраклі не былі прымеркаваны да якога-небудзь свята.

Але найбольш папулярнай у эпоху Сярэдневякоўя была містэрыя, якая з'яўлялася часткай гарадскіх вялікодных і калядных урачыстасцяў і праходзіла на цэнтральнай плошчы. Яе росквіт – ХІV – ХV стст. Містэрыі пісаліся на рэлігійныя і гістарычныя тэмы, часам былі прысвечаны сучасным падзеям. Патэтычныя або драматычныя сцэны чаргаваліся з сатырычнымі. У такіх эпізодах удзельнічалі чэрці, але яны заўсёды былі пераможанымі пасланцамі Бога.

Гарадскі савет і царкоўныя ўлады прызначалі людзей, якія былі адказныя за правядзенне святаў. Гэтыя людзі кіравалі будаўніцтвам сцэны, складалі тэкст, падбіралі выканаўцаў, працавалі над ролямі.

Часам у містэрыі ўстаўлялі эпізоды, якіх няма ў Бібліі, таму дзейнічалі героі не толькі Біблейскія. Абавязкова ў містэрыях быў блазан (шут). Ён узлазіў на падмосткі ў самы непадыходзячы момант і нёс бязглуздзіцу – гэтыя жартоўныя маналогі называлі “таўчоным гарохам”. На прадстаўленнях стваралі спецыяльныя сцэнічныя эфекты: персанажаў незаўважна замянялі цацкай і адрубалі рукі, выкарыстоўвалі жывёл, пудзілаў з механічнымі прыстасаваннямі. Сачылі за правільнасцю хода прадстаўлення, аднак часам былі імправізацыі (асабліва з боку чарцей і блазна).

Містэрыя – грандыёзная гульня, якая захоплівала і акцёраў і гледачоў. Акцёраў адбіралі сярод гараджан (часцей па прыкмеце знешняй прывабнасці). Іграць у містэрыях было вельмі ганарліва, таму жадаючых (асабліва на ролі святых і Самаго Хрыста) было больш, чым неабходна. Часам праводзіўся гандаль і за ролю плацілі вызначаную суму. Прадстаўленні рыхтаваліся доўгі час і шлі прыкладна каля месяца. Кожную раніцу людзі глядзелі гісторыі з жыцця Хрыста, якія перамешваліся са сцэнкамі, што нагадвалі пра паўсядзённы быт. Містэрыі абыходзіліся гарадской казне нятанна. Публіка любіла тэатральныя эфекты і чакала, што Біблейскі Ной будзе ратавацца ад патопу ў сапраўдным каўчэгу. Таму цэх карабельшчыкаў ствараў такі драўляны каўчэг, а цэх пажарных рабіў у горадзе сапраўдны “патоп”. Напрыклад, у горадзе Бурж (Францыя) у адной з містэрый удзельнічаў дракон – гэта была пачвара прыблізна сямі з паловай метраў у даўжыню, якая пастаянна варушыла галаву і хвост. А з высунатага языка звяргалася полымя.

З ХV ст. увялі плату за прадстаўленне. Удзельнікі містэрый станавіліся прафесійнымі акцёрамі. Узніклі саюзы, якія і займаліся падрыхтоўкай містэрый. Напрыклад, у 1402 годзе парыжскі парламент надзяліў манаполіяй на паказ містэрый “Брацтва Пакут Гасподніх”, якое паказвала ў сталіцы Францыі рэлігійныя п'есы.

У ХV ст. у Англіі і Францыі сталі іграць п'есы – маралітэ. Яны абавязкова змяшчалі мараль, павучанне. Героямі былі Дабро, Зло, Глупства, Розум, Вера, Распутства, Непаслухмянасць, Каханне, Голад, Вайна, Пакаянне, Пост і г. д., яны паводзілі сабе як людзі, мелі свае касцюмы.

У сярэдневякоўі рэлігійны тэатр не з'яўляецца адзіным. Праводзяцца разнастайныя язычніцкія абрады – Карнавал, Майскія гульні – якія змяшчаюць элементы тэатралізацыі. Сюжэты карнавальнах дзействаў, такія як барацьба жыцця і смерці, сталі асновай асаблівага віда тэатральных прадстаўленняў – фарса (з фр. – начынне). Вытокі фарса ідуць з прадстаўленняў гістрыёнаў і з карнавальных, масленічных гульняў. Апавяданні гістрыёнаў вызначылі ў агульных рысах тэматыку і дыялогі фарса, карнавальныя шэсці – яго дзейсную гульнёвую прыроду і масавы характар. У дзеянні ўдзельнічала, як правіла, два героі – стары і малады. Акцёры прыдумвалі сюжэт па ходу дзеяння. Аднак ужо ў ХІІІ ст. сюжэты пачынаюць запісваць, ім надаюць літаратурную форму, пазбаўляючы грубасці і непрыстойнасці (напрыклад, “Хлопчык і сляпы” – канфлікт маладосці і сталасці). У ХV ст. фарс пераўтвараецца ў кароткую п'есу, яскравую карціну побыту і нораваў гараджан.

З ХІІІ ст. былі створаны і прадстаўлены гульні (п'есы, прысвечаныя жыццёвым падзеям), з якіх у далейшым з'явяцца новыя жанры: бытавая п'еса, фантастычнае прадстаўленне – феерыя і сатырычныя дзействы.

Вялікая ўвага ў гэты перыяд надавалася і ўладкаванню тэатральнай прасторы. Так, у Англіі прадстаўленні праходзілі на спецыяльных павозках, акцёры пераязджалі з адной гарадской плошчы на другую. У Францыі – ці ў спецыяльна пабудаваных доміках-альтанках ці на галоўнай плошчы, дзе ўзводзілі памост у выглядзе кальца (чымсьці падобна на грэчаскі амфітэатр).

У канцы эпохі царкоўныя і свецкія тэатральныя формы набліжаюцца, характэрным становіцца запазычванне мастацкіх прыёмаў. У канцы ХV ст. на поўдні Еўропы, у Італіі ўсё больш яскравыя і заўважныя прыкметы новага тэатра – тэатра эпохі Адраджэння.


<== previous lecture | next lecture ==>
Старажытная Грэцыя | Італьянскі тэатр эпохі Адраджэння
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.744 s.