Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Італьянскі тэатр эпохі Адраджэння


Date: 2015-10-07; view: 524.


ЭПОХА АДРАДЖЭННЯ

Тэатральнае мастацтва эпохі Адраджэння адрозніваецца ад сярэднявечнага перш за ўсё свецкім характарам. Цікавасць да мастацтва Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма прыводзіць да адраджэння форм антычнага тэатра, у прыватнасці такіх жанраў, як камедыя і трагедыя. Пры гэтым вялікае значэнне ў гэты час мае памкненне да народных традыцый. Дасягненне гэтага перыяду – стварэнне новай драматургіі (ХV – ХVI стст.).

Вытокі тэатра Адраджэння – у Італіі, аднак сапраўдных вышынь тэатр дасягнуў у Англіі і Іспаніі.

Першапачаткова мастацтва сцэны стваралі комікі-пацешнікі, акцёры і блазны, якія паказвалі простыя па сюжэту прадстаўленні. Паступова ў спектаклях з'яўляюцца пастаянныя персанажы-маскі: Арлекін, Брыгелла, Каламбіна, П'еро і іншыя – тэатр атрымаў назву камедыя дэль артэ (камедыя масак). Кожны персанаж меў сваю маску – характар і сапраўдную маску – частку касцюма.

Маскі закрывалі твар напалову, і акцёр, калі выбраў свайго героя, як правіла, заставаўся верным яму да канца жыцця. На сцэне камедыі дэль артэ дзейнічалі дзесяткі масак. Аднак галоўнымі заставаліся чатыры – так званы “квартэт”. На поўначы і поўдні Італіі склаліся розныя квартэты. У паўночнай частцы: Панталоне, Доктар, Брыгелла, Арлекін – венецыянскі квартэт. Паўднёвы: Кав'елла, Пульчынелла, Скарамучча, Тарталья – неапалітанскі квартэт. На поўдні, пад час ігры неапалітанскіх масак – энергічных, шумных, было шмат смешных момантаў, жартаўлівасці, трукаў, якія часам не адносіліся да зместу сцэнак; паўночныя – больш салідныя і стрыманыя, у некаторых сюжэтах нават драматычныя. Аднак, венецыянскія маскі часта выкарыстоўваліся і пазней – нават да нашых дзён. Паўднёвыя ж аказаліся не такімі папулярнымі, як паўночныя і не такімі доўгажыхарамі.

Любімцам паўночнага квартэту стаў Арлекін. Першапачаткова – просты, сялянскі хлопец, які не сумаваў нават у самых складаных сітуацыях, часам закаханы. З цягам часу характар персанажа ўскладніўся. З'явіўся сапернік у каханні – П'еро, але вынаходлівы, а часам і нахабны Арлекін заўсёды перамагаў летуценніка П'еро і ўводзіў ад яго Каламбіну. Арлекін насіў капялюшык з хвастом труса і касцюм у латках. Пазней у Францыі лахманы і латкі пераўтварыліся ў святочныя трохвугольнікі і ромбікі. Маску Арлекіна выбіралі самыя лепшыя акцёры.

З 1508 года, калі паэт і драматург Лудавіка Арыёста (1474 – 1533 гг.) паказаў у палацы герцага Ферара “Камедыю аб куфары”, нараджаецца іншы тэатр – прадстаўленне вучоная камедыя. У ёй удзельнічалі арыстакраты, прыдворныя, гараджане, яна ігралася ў палацах вельмож. У вучонай камедыі відавочна перайманне антычнай драматургіі, дзе перамагаюць заўсёды тыя, хто здольны на сапраўдныя і моцныя пачуцці, хто не баіцца перашкод і любіць жыццё, бясстрашныя і дзёрзкія, гатовыя на рызыку.

Пад уплывам антычнага мастацтва ўзнікае жанр пастараль (пастуховы) – пра няхітрыя забавы пастухоў і пастушак, дзе распавядаецца пра чыстае каханне, пра мары аб духоўнасці і ідэале.


<== previous lecture | next lecture ==>
Старажытны Рым | Англійскі тэатр эпохі Адраджэння
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.81 s.