Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 1 page


Date: 2015-10-07; view: 769.


Перыяд з ІV па VII стст. увайшоў у гісторыю Еўропы як эпоха Вялікага перасялення народаў, названая так таму, што на гэтыя чатыры стагоддзі прыходзіцца пік міграцыйных працэсаў, якія ахапілі практычна ўвесь кантынент і радыкальна змянілі яго этнічнае, культурнае і палітычнае аблічча. Адбылася складаная міграцыя еўрапейскіх народаў - германцаў і славян. Адначасова Еўропа апынулася пад ціскам стэпавых народаў, самымі вядомымі з якіх былі гуны. Гэта была эпоха гібелі антычнай цывілізацыі і зараджэння феадалізму.

 

Шукаць новыя жыццёвыя прасторы варвараў прымушалі рэзкія змены клімату і рост насельніцтва, дэмаграфічныя "выбухі", якія нярэдка здараліся ў першабытных народаў, калі ім шанцавала на спрыяльныя жыццёвыя ўмовы. Пры нізкай прадуктыўнасці працы колькасць насельніцтва перавышала магчымасці дадзенай тэрыторыі пракарміць усіх і тады "лішнія" былі вымушаныя вандраваць. Так, напэўна, здарылася ў IV-III тыс. да н. э. з фіна-угорцамі, якія з Сібіры павандравалі на Захад і апанавалі Усходнюю Еўропу, і з індаеўрапейцамі, якія некалькімі агромністымі хвалямі ўвайшлі ў Еўропу. Праўдападобна, што мігранты сярэдзіны першага І тыс. н. э. таксама сутыкнуліся з абмежаванасцю прыродных рэсурсаў лясной і часткова лесастэпавай зоны Еўрапейскага кантынента. Былі і знешнепалітычныя чыннікі: ціск адных варварскіх плямёнаў на іншыя, а таксама аслабленне Рымскай імперыі, якая вабіла знаць сваімі багаццямі, раскошай.

 

Вялікае перасяленне народаў у Еўропе пачалося са славутай вандроўкі готаў - буйнога аб'яднання германскіх плямёнаў, якія доўгі час жылі на берагах Балтыйскага мора (у Скандынавіі і на поўначы Германіі). Помнікам ім у гэтым рэгіёне застаўся востраў Готланд альбо Гоцкі бераг, як яго называлі полацкія і літоўскія летапісы. У ІІІ ст. готы арганізавалі вялікі міжпляменны саюз і па неўдакладненых гісторыкамі прычынах кінулі свае паселішчы, накіраваліся на поўдзень, у Прычарнамор'е. У Гоцкі саюз увайшлі і славянскія плямёны, якія жылі на тэрыторыях сучасных Усходняй Германіі (палабскія славяне), Польшчы, Славакіі і, напэўна, з поўдня Беларусі. Сотні тысяч людзей, а па некаторых ацэнках некалькі мільёнаў, рухаліся са сваім скарбам і хатняй жывёлай шмат гадоў з узбярэжжа Балтыйскага мора да ўзбярэжжа Чорнага мора. Славянскія плямёны, якія сустракаліся на іх шляху, альбо далучаліся да мігрантаў, альбо былі вымушаныя перасяліцца ў іншыя мясціны. Шлях ад Балтыйскага да Чорнага мора, напэўна ж, праходзіў праз тэрыторыю Беларусі, і гэта першае з вялікіх перасяленняў народаў паўплывала на сітуацыю ў старажытнай Беларусі. На жаль, гісторыя на гэту тэму мае вельмі мала бясспрэчных фактаў.

 

Каля стагоддзя готы ладзілі жыццё на поўдні сучаснай Украіны. Аднак хваля новых качэўнікаў-гунаў (верагодна, стэпавых угра-фінаў) накрыла Прычарнамор'е. У 375 г. гуны разбілі готаў, падначалілі іх і рушылі на Захад.

 

На пачатку V ст. гуны замацаваліся ў Паноніі (цяпер Венгрыя). Гунскі саюз быў асабліва магутны пры Атыле, які стаў прэтэндаваць на частку тэрыторыі Заходняй Рымскай імперыі. У 451 г. гуны ўварваліся ў Галію, але былі разбіты рымлянамі. Гэта бітва лічыцца адной з найважнейшых у сусветнай гісторыі, паколькі ў ёй вырашаўся лёс Еўропы. Пасля смерці Атылы дзяржава гунаў распалася, а самі яны растварыліся сярод іншых народаў.

 

У 476 г. наёмныя войскі Рыма пад кіраўніцтвам славяніна Адаакра скінулі апошняга імператара Ромула Аўгустула, што прынята лічыць канцом не толькі Заходняй Рымскай імперыі, але і ўсяго антычнага перыяду гісторыі.

 

Старажытныя рымляне пакінулі нашчадкам багацейшую матэрыяльную і духоўную культуру, якую, як і культуру грэкаў, называюць антычнай. Рымскія архітэктары навучыліся будаваць дугападобныя перакрыцці - арку, звод, купал, вынайшлі бетон. У залах шмат якіх музеяў свету зберагаются сотні выдатных бюстаў, выкананых рымскімі скульптарамі, якія з дакладнасцю перадавалі рысы твару чалавека. Рымская цывілізацыя дала шмат таленавітых паэтаў, з якіх найбольш вядомыя - Вергілій, Авідзій, Гарацый. Імя багатага рымляніна Мецэната - заступніка мастацтва - стала намінальным. Вялікае значэнне рымляне надавалі асвеце. Рымскае права да сягоння вывучаюць на юрыдычных факультэтах. Вялікіх вышынь дасягнулі гістарычная навука, філасофія, логіка.

 

 

Паўстае пытанне, чаму некаторыя індаеўрапейскія народы змаглі стварыць узоры высокай цывілізацыі, а ў той самы час іншыя індаеўрапейцы, у т. л. старажытныя насельнікі Беларусі, марудна прасоўваліся ад неаліту да эпохі жалезнага веку. Канешне, сярод стваральнікаў мінойскай і наступных антычных цывілізацый былі, напэўна ж, таленавітыя арганізатары, палкаводцы, вучоныя. Галоўнае, аднак, у тым, што менавіта гэтыя народы апынуліся ў найбольш спрыяльных геаграфічных умовах. У іх хапала сіл, каб забяспечыць сябе ежай, адзеннем, жытлом і заставаўся час, каб займацца адукацыяй, навукай, мастацтвам. Добрыя шляхі зносін (цвёрды грунт, марскія шляхі) дазвалялі абменьвацца вопытам, збіраць патрэбную інфармацыю і найбольш каштоўныя вырабы ў іншых народаў. Нарэшце, прыродныя ўмовы давалі магчымасць выкарыстоўваць працу рабоў. Свабодная ад цяжкай працы эліта тым часам рухала наперад цывілізацыйны прагрэс.

 

Усё гэта было немагчыма, скажам, у Цэнтральнай Еўропе. Тагачасны стан ведаў і тэхнікі дазваляў толькі з вялікімі цяжкасцямі здабываць сродкі для існавання. Малавыдайнае земляробства, халодная зіма пазбаўлялі тутэйшае насельніцтва вольнага часу. Шырокае выкарыстанне працы рабоў у лясной паласе, дзе яны лёгка маглі збегчы, не мела сэнсу. Лясы і непраходныя балоты абмяжоўвалі культурны абмен і ўзаемадзеянне плямёнаў і народаў. Таму народы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ішлі да цывілізацыі больш доўгім і складаным шляхам.

 

Індаеўрапейскі, ці балта-славянскі, перыяд этнічнай гісторыі Беларусі распачаўся на мяжы ІІІ-ІІ тыс. г. да н. э., калі сюды прыйшлі балты.

 

Плямёны, якія шмат пазней атрымалі назву балты, уяўлялі сабой адно з адгалінаванняў індаеўрапейцаў, блізкае тым, каго ў Заходняй Еўропе ведалі над назвай галы. З паўднёвых стэпаў будучыя балты прыйшлі на Поўнач уздоўж Дняпра, засялялі большую частку сучасных Беларусі, Літвы і Латвіі. Фіна-угорцы лакалізаваліся ва Усходняй Латвіі - лівы, Эстоніі - эсты, у цэнтральных рэгіёнах сучаснай Расіі.

 

Балты знаходзіліся на больш высокім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, чым іх папярэднікі, і прынеслі на тэрыторыю Беларусі жывёлагадоўлю і земляробства. Яны змяшаліся з мясцовым даіндаеўрапейскім насельніцтвам, асноўная маса якога засталася на ранейшым месцы, і, як носьбіты больш высокай культуры, паступова яго асімілявалі, навязалі сваю мову і культуру.

 

Больш за дзве тысячы гадоў балты адносна спакойна жылі ў аблюбаваным рэгіёне Эйкумены, на ўзбоччы ад імклівых палітычных падзей і складаных этнічных працэсаў, якія тым часам адбываліся ў Заходняй Еўропе. Больш маладыя народы - германцы і славяне - перажывалі "дэмаграфічны выбух" і рыхтаваліся да перадзелу Еўропы. Першую хвалю міграцыі славян на Беларусь археолагі адносяць да сярэдзіны І тыс. да н. э. На іх думку, невялікія групы славян прасачыліся тады ў раёны Палесся. Балты, продкі якіх паходзілі са стэпаў, не спяшаліся асвойваць дрыгву, таму не перашкаджалі славянам-мігрантам там рассяліцца.

 

Аднак асноўныя падзеі адбыліся пазней, падчас "вялікага перасялення народаў", пасля таго, як готы, а затым гуны агнём і мячом разварушылі Еўропу.

 

З рухам славян у V-VІ стст. на Балканы, а адтуль - у бок багатых рымскіх правінцый і на ўсход - звязваюць з'яўленне ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе першых бясспрэчна славянскіх археалагічных помнікаў, вядомых як культура пражскага тыпу. Масавае славянскае засяленне Беларусі распачалося ў VІ ст., доўжылася да X-XІ стст. Апошнім было заселена Панямонне.

 

Наперадзе ішлі ўзброеныя славянскія дружыны, яны будавалі на сваім шляху ўмацаваныя гарадзішчы, многія з якіх пазней сталі гарадамі. Услед за дружынамі ішло земляробчае насельніцтва. Славяне часткова выцеснілі балтаў, часткова - асімілявалі. На працягу шэрагу стагоддзяў (VI-XIII) адбываліся складаныя працэсы этнічнага ўзаемадзеяння славян і балтаў. У выніку перамагла славянская стыхія, як больш высокая па сацыяльнай арганізацыі.

 

Асноўны масіў славянства на Беларусі склалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Дрыгавічы аселі ў басейне Прыпяці і цэнтры Беларусі. Назву дрыгавічоў старажытны летапісец выводзіць ад слова "дрыгва", якая была характэрнай асаблівасцю мясцовасці, дзе яны аселі. Аднак існуе і іншая версія: плямёны называліся другавіты, другавічы (другі, другія), а летапісец быў недакладны. Радзімічы пасяліліся ў басейне ракі Сож. Крывічы занялі басейн Заходняй Дзвіны. На поўначы і на ўсходзе іх мяжа праходзіла па-за межамі тэрыторыі Беларусі. Яна ўключала не толькі паўночныя раёны Беларусі, але і сучасныя Пскоўшчыну і Смаленшчыну, раёны вярхоўя Волгі, Дняпра.

 

 

Міжрэчча Буга і Нёмана было заселена змешаным у этнічных адносінах насельніцтвам пры колькаснай перавазе прадстаўнікоў таго ці іншага этнасу ў асобных раёнах. У Пінскім Палессі да Х ст. пераважалі дрыгавічы, у Берасцейскім Пабужжы - валыняне, у Панямонні - яцвягі, балцкае племя.

 

 

Мяркуюць, што славянскае засяленне Беларусі працякала ў выглядзе павольнай інфільтрацыі славян на пустуючыя ўчасткі балцкіх уладанняў. У той жа час устаноўлена, што на мяжы VII-VIII стст. большасць умацаванняў банцараўскай культуры загінула ў выніку пажараў. Верагодна, балты месцамі аказалі супраціўленне прышэльцам, што і прывяло да гібелі іх паселішчаў.

 

Рассяленне ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі супала па часе з разлажэннем першабытнага грамадства і развіццём на беларускіх землях пераважна феадальных адносін, заснаваннем гарадоў і фарміраваннем першапачатковых дзяржаўных утварэнняў - "княжанняў". У канцы Х ст. на аснове племянных княжанняў крывічоў-палачан і дрыгавічоў склаліся Полацкае і Тураўскае княствы - першыя дзяржавы на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Пытанні для самакантролю

Чаму на тэрыторыі Беларусі не было масавага рабаўладання?

Як будаваліся адносіны паміж балтамі і славянамі на тэрыторыі Беларусі?

3. Паганства ў старажытнай Беларусі

Для абазначэння старадаўніх вераванняў і культаў, што існавалі да пашырэння так званых "вышэйшых" рэлігій (хрысціянства, іслам, будызм), у багаслоўі і гістарычнай літаратуры прыняты тэрмін язычніцтва, альбо паганства. Назва паходзіць ад царкоўнаславянскага слова "языцы", што азначае народы, чужаземцы. Слова "паганства" ўтворана ад лацінскага слова "паганус" у значэнні селянін і таксама язычнік. Справа ў тым, што хрысціянства ў Рымскай імперыі, распаўсюджвалася спачатку ў гарадах. Вёска і яе жыхары (сяляне-паганцы) яшчэ доўга заставаліся язычнікамі.

 

 

Першымі формамі паганскіх вераванняў былі фетышызм, анімізм, татэмізм, магія і інш. Анімізм (паходзіць ад лацінскага слова anima ў значэнні дух, душа) - сістэма ўяўленняў і вераванняў аб духах і душы як вызначальных пачатках свету і чалавечага жыцця. Анімістычныя вобразы (душы, духі, дэманы, чэрці і інш.) узніклі як увасабленне незразумелых стыхій, што пагражалі чалавеку; з'яў і працэсаў, непасрэдна звязаных з яго існаваннем. Пры гэтым духі надзяляліся чалавечымі рысамі і якасцямі.

 

 

Абрады, дзеянні або слоўныя формулы-заклінанні, звязаныя з верай у звышнатуральныя здольнасці чалавека ўздзейнічаць на сілы прыроды, лёс, істоты і прадметы, называюцца магіяй, або чарадзействам. У аснове магіі ляжала ўяўленне, што пэўнае дзеянне выклікае адпаведную жаданую з'яву. Магія была белай, што заклікала да бога, і чорнай, што звярталася да "нячыстай" сілы. Найбольш пашырана была магія лячэбна-засцерагальная (знахарства, замовы), гаспадарчая, любоўная, шкоданосная і інш. Рэшткі магічных вераванняў існуюць і ў наш час.

 

Культ неадушаўлёных прадметаў - фетышаў, якія, паводле ўяўленняў вернікаў, надзелены звышнатуральнымі ўласцівасцямі, называецца фетышызмам. Амулеты ў выглядзе мядзведжых іклаў з прасвідраванымі дзеля падвешвання адтулінамі знойдзены, напрыклад, у Ваўкавыску ў культурным пласце Х ст.

 

Пад татэмамі звычайна разумеюць комплекс вераванняў і абрадаў, звязаных з уяўленнем пра роднасць паміж групай людзей і татэмам - пэўным відам жывёл, раслін, радзей - з'яў прыроды ці неадушаўлёнымі прадметамі. Татэма паважалі, часам абагаўлялі, не прычынялі яму шкоды. Дзеля задобрывання татэма-жывёлы выконвалі спецыяльныя магічныя абрады, песні-заклінанні, татэмныя танцы, у якіх звычайна імітаваліся паводзіны татэмаў.

 

Зямлю, ваду і неба балты і славяне засялілі багамі і духамі і кожнага надзялілі сваімі функцыямі - кожны "адказваў" за нейкае асяроддзе ці сферу жыцця. У лесе жыў лесавік, у балоце - лешы, у полі - палявік, у вадзе - русалкі, у хаце - дамавік і г. д.

 

Славяне ўяўлялі сваіх багоў у выглядзе людзей з чалавечымі звычаямі і паводзінамі. Яны маглі быць добрымі і злымі, прыносіць людзям карысць або шкоду. Каб богі былі міласцівымі да людзей, іх стараліся задобрыць, наладжвалі ў іх гонар розныя ўшанаванні: пакланяліся ім, прыносілі ахвяры, часцей у выглядзе пачастункаў, ежы. Язычнікі выраблялі з дрэва, каменю, косці, гліны вялікія і маленькія фігуркі багоў, якіх называлі ідаламі ("каменнымі бабамі").

 

Важнейшай асаблівасцю язычніцтва з'яўляецца шматбожжа. У язычніцкі пантэон славян уваходзілі багі: Пярун (бог грому і маланкі), Сварог (бог неба) і яго сын Дажбог (бог сонечнага святла), Ярыла (бог веснавой урадлівасці і плоднасці жывёлы), Жыжаль (бог агню), Зніч (бог паграбальнага агню), Стрыбог (бог вятроў), Вялес (апякун жывёлагадоўлі), Лёля (багіня вясны, дзявочай прыгажосці і кахання) і інш.

 

Вядома, што ў дагаворах Русі з Візантыяй славяне прысягалі Перуном і Вялесам. Бог грому і маланкі Пярун з'яўляўся вярхоўным язычніцкім божышчам усходніх славян. Ён быў падобны на старажытнагрэчаскага Зеўса, старажытнарымскага Юпіцера, балцкага Пяркунаса. Лічыўся ўладаром неба, даравальнікам дажджу. Ад яго залежаў плён сялянскай працы, таму Пярун ушаноўваўся і як земляробчы бог. У Х ст. ён лічыўся таксама богам-заступнікам княжацкай дружыны.

 

Месца, дзе язычнікі ўшаноўвалі сваіх багоў, прыносілі ім ахвяры, называлася капішчам, або свяцілішчам. Яны размяшчаліся на ўзвышшах, астравах, на берагах рэк і азёр, сярод балот. Звычайна капішча ўяўляла сабой пляцоўку круглай формы, у цэнтры якой стаяў ідал - вобразнае адлюстраванне бога. Па краях пляцоўка была акрэслена ровам, камянямі або ямамі. Найчасцей капішчы прысвячаліся галоўнаму богу - Пяруну. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера знаходзілася капішча Пяруна. Рэшткі свяцілішча X ст. адкрыты каля вёскі Ходасавічы Рагачоўскага раёна. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальваліся вогнішчы.

 

З VI ст. славяне на тэрыторыі Беларусі пачалі спальваць нябожчыкаў і хаваць у курганах. Паводле язычніцкіх вераванняў агонь быў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Яму і аддавалі цела нябожчыка разам з некаторымі рэчамі, якімі ён карыстаўся пры жыцці: жаночымі ўпрыгожаннямі, гліняным посудам, прыладамі працы. Лічылася, што яны спатрэбяцца яму ў замагільным жыцці. Спаленыя рэшткі чалавека змяшчалі ў гліняную пасудзіну - урну. Яе ставілі там, дзе потым узводзілі насып. Пры насыпанні кургана ўчынялася трызна - развітанне з нябожчыкам у выглядзе ваеннай гульні ці спаборніцтва.

 

Летапіс сведчыць, што яшчэ ў ХIV ст. вялікага князя літоўскага Гедыміна пасля смерці спалілі разам з яго слугамі і палоннымі крыжакамі.

 

 

Памёршага любога ўзросту па традыцыі адносілі да ліку "дзядоў", продкаў. У старажытнага насельніцтва Беларусі доўгі час захоўваўся сямейна-родавы культ шанавання продкаў, звязаны з пахавальнымі звычаямі. Некалькі разоў у год адзначаліся памінальныя святы - Дзяды (восенню) і Радаўніца (вясной). Да іх старанна рыхтаваліся - чысцілі і мылі жыллё, рыхтавалі абрадавую ежу. Перажыткам культу продкаў была вера ў дамавіка - нябачнага заступніка сям'і.

 

Святы і абрады здаўна прымяркоўвалі да пэўных каляндарных дат. У гэтых святах прасочваюцца напластаванні розных эпох - ад самых архаічных да новага часу. Каляндарная абраднасць ва ўсходніх славян мела аграрна-магічны характар, таму што асноўнай яе функцыяй было забеспячэнне дабрабыту сялянскай сям'і, які залежаў у першую чаргу ад ураджаю.

 

Залежнасць жыцця і працы селяніна ад прыродных стыхій вымушала яго выконваць разнастайныя абрады, прымеркаваныя да пэўных падзей, строга рэгламентаваныя часам. Адпаведна чатыром порам года існавалі чатыры вялікія святы, вакол якіх групаваліся іншыя. У сваю чаргу асноўныя святы прыблізна накладваліся на астранамічныя перыяды, якія былі звязаны з сонцастаяннем ці раўнадзенствам. Увесь земляробчы каляндар трымаўся на цыклах: зімой - Каляды, летам - Купалле, восенню - Дзяды, Пакровы.

 

Такім чынам, паганства - гэта вынік жыццёвай дзейнасці і светапогляду людзей, адлюстраванне іх патрэб. Увядзенне хрысціянства не скасавала цалкам язычніцкіх уяўленняў і культуры. Хрысціянская царква вымушана была дапасоўваць свае святы і абрады да язычніцкага святочнага календара. Напрыклад, сляды культу Перуна захаваліся ў некаторых павер'ях і праклёнах ("Каб цябе Пярун трэснуў"). Многае з таго, што ў язычніцкія часы насіла культавы характар, захоўваецца і сёння як мастацкая з'ява.

Пытанні для самакантролю

Хто з вялікіх князёў літоўскіх быў язычнікам?

Ці былі славяне варварамі?

4. Станаўленне феадальных адносін у грамадстве

 

Станаўленне феадалізму - доўгі і складаны працэс. І ў познеантычным, і ў варварскім грамадстве ўзнікалі перадумовы для фарміравання феадальных адносін. Гістарычна склалася так, што ў Заходняй Еўропе станаўленне феадалізму адбывалася ва ўмовах ўзаемадзеяння рымскага і варварскага грамадстваў. Класічным прыкладам такога варыянта развіцця з'яўляецца Галія (цяпер - Францыя), дзе феадалізм зацвердзіўся ў VIII-ІХ стст.

 

Заўважана, што родаплемянны лад старажытных германцаў нёс у сабе моцны феадальны зарад. Тэмпы і формы феадалізацыі грамадства залежалі ад многіх фактараў: ад суадносін варвараў і рымлян на адной тэрыторыі, культурнага ўзроўню прышлага і мясцовага насельніцтва, ад рэлігійных і прававых фактараў, прыродна-геаграфічных і знешнепалітычных умоў.

 

Пад рымскім уплывам у розных германскіх плямёнаў паступова адбываюцца змены сацыяльных адносін. Адзін вольны супляменнік атрымлівае ад князя права на валоданне вялікім абшарам зямлі - феадал. Іншыя вольныя супляменнікі, якія пасяліліся на гэтай зямлі, ператварыліся ў залежных людзей. Яны маглі валодаць зямлёй толькі са згоды феадала. Прапорцыі незалежных і залежных сялян у Германіі ў VII-XI стст. хутка мяняліся на карысць апошніх.

 

Асноўным сродкам вытворчасці і асноўным багаццем пры феадалізме з'яўлялася зямля, якая знаходзілася ў манапольным распараджэнні феадалаў. Феадал даваў сялянам зямлю ў трыманне. Селянін не з'яўляўся ўласнікам зямлі, але толькі яе трымальнікам на пэўных умовах. Яго эканамічная залежнасць ад феадала выражалася ў выглядзе рэнты (адпрацовачнай, прадуктовай ці грашовай) - працы ці плацяжоў на карысць феадала. Але на зямлі, што атрымаў у карыстанне, селянін вёў самастойную дробную гаспадарку, меў ва ўласнасці дом, хатнюю жывёлу і прылады працы, з дапамогай якіх ён апрацоўваў свой участак і раллю феадала.

 

Варвары разбурылі высокатаварную гаспадарку антычнасці. На раннім этапе феадалізму панавала натуральная гаспадарка; абмен быў нязначным, гандлёвыя сувязі не развітымі; рамяство яшчэ толькі пачынала аддзяляцца ад сельскай гаспадаркі. У буйных памесцях пераважала адпрацовачная рэнта і звязаная з ёй паншчынная сістэма гаспадарання. Шырока распаўсюджваўся таксама натуральны аброк з сялян, якія знаходзіліся ў больш лёгкай залежнасці. Грашовая рэнта была развіта яшчэ слаба.

 

Характэрнай рысай сацыяльна-палітычных адносін, якія склаліся ў Еўропе да сярэдзіны ХІ ст., была непарыўная сувязь паміж феадальнай уласнасцю на зямлю і палітычнай ўладай феадала. Буйная вотчына ўяўляла сабой не толькі гаспадарчую адзінку, але і як бы маленькую дзяржаву - сеньёрыю. У дачыненні да насельніцтва сваіх уладанняў феадал быў не толькі землеўладальнікам, але і адміністратарам - сеньёрам, у руках якога знаходзілася ўлада, суд, сродкі прымусу. Такая арганізацыя грамадства абумовіла панаванне ў Еўропе ў Х-ХІ стст. (у некаторых краінах і пазней) палітычнай раздробленасці.

 

Феадальная іерархічная лесвіца складалася з караля, які лічыўся вярхоўным сеньёрам усіх феадалаў; буйнейшых свецкіх і духоўных феадалаў з ліку тытулаванай знаці: герцагаў, графаў, архіепіскапаў і епіскапаў, абатаў буйнейшых манастыроў; землеўладальнікаў рангам ніжэй - баронаў; а таксама дробных рыцараў. Асновай васальных адносін з'яўлялася феадальнае зямельнае ўладанне - феод, ці па-нямецку лен, які васал трымаў ад свайго сеньёра.

 

Устанаўленне феадальных адносін у Еўропе ў ІХ-ХІ стст. у цэлым прывяло да ўздыму эканомікі і скачка ў развіцці прадукцыйных сіл. Усталяваліся парадак і кантроль за арганізацыяй вытворчасці. І феадал, і селянін былі зацікаўлены ў павелічэнні прадукцыйнасці працы і памераў прадукцыі. Развівалася рамяство, паступова яно аддалялася ад сельскагаспадарчых заняткаў, адраджаліся на новай феадальнай аснове рымскія гарады, узнікалі новыя пасяленні, рынкавыя цэнтры, парты для рачнога і марскога гандлю.

 

Істотнай рысай развіцця ўсходніх славян і балтаў на тэрыторыі Беларусі быў зацяжны характар шматукладнасці іх грамадскай гаспадаркі. Тут у IX-XIII стст., а месцамі яшчэ пазней, ужываліся і перапляталіся два асноўныя сацыяльна-эканамічныя ўклады: родаплемянны і феадальны.

 

Земляробчае насельніцтва старажытнай Беларусі было арганізавана ў абшчыны ("верв", "грамада"), якія валодалі ворнай зямлёй. Яны складаліся з усіх сем'яў адной або некалькіх вёсак. Паступова абшчына пападала пад "апеку" феадалаў. На працягу многіх стагоддзяў эпохі феадалізму гаспадарка сялян вялася на землях, якія належалі сельскай абшчыне. Землі даваліся ў карыстанне асобных двароў; час ад часу абшчына рабіла іх перадзел. У ёй спалучалася абшчыннае валоданне зямлёй з індывідуальным вядзеннем гаспадаркі. Сенажаці, лясы, вадаёмы былі ў сумесным карыстанні. Абшчына садзейнічала згуртаванню сялян у іх адносінах з феадаламі. Сяляне былі зацікаўлены ў яе захаванні. У пэўнай меры ў гэтым былі зацікаўлены і феадалы, якія выкарыстоўвалі кругавую паруку для стараннага выканання сялянамі панскіх павіннасцей.

 

Клас феадалаў меў сваю іерархію. На яе вяршыні знаходзіўся князь, ніжэй - князі больш дробных удзельных княстваў "вотчын", затым ішлі феадалы-ўладальнікі вялікіх і малых памесцяў. Вярхоўным уласнікам усёй зямлі лічыўся вялікі князь. Ён меў уладанні, раскінутыя па ўсяму княству. За карыстанне імі насельніцтва абавязана было плаціць князю даніну грашыма або натурай (прадуктамі, футрам і інш.). Абкладвалася кожная сялянская гаспадарка ("дым").

 

Крыніцы X-XIII стст. называюць наступныя віды феадальнага землеўладання: княжацкае, баярскае і царкоўнае. Феадальнае землеўладанне было вотчынным ці памесным. Землеўласнікамі былі таксама сялянская абшчына і асобныя сяляне. Уся эпоха феадалізму характарызуецца пастаянным імкненнем феадалаў да максімальнай канцэнтрацыі ў сваіх руках зямельнага фонду. Яны пастаянна пашыралі свае ўладанні і паступова сабралі ў сваіх руках лепшыя землі. Па меры развіцця феадальных адносін доля абшчыннага і сялянскага землеўладання пастаянна змяншалася.

 

Закабаленне свабоднага сялянства было абумоўлена гістарычнымі абставінамі феадальнай эпохі. Сялян даводзіла да галечы плата княжацкіх данін, частыя спусташальныя войны, галодныя і неўраджайныя гады, смерць кармільца, падзеж жывёлы. У перыяд войнаў сяляне абавязаны былі ісці ў апалчэнне, а гэта падрывала іх гаспадарку. Збяднелыя сяляне траплялі ў феадальную залежнасць. Абшчынныя землі пераходзілі да феадалаў ці станавіліся ўласнасцю дзяржавы. З развіццём феадальнага ладу ўсё болей скарачалася і колькасць сялян, што жылі на дзяржаўных землях, паколькі гэтыя землі разам з людзьмі пераходзілі да свецкіх і царкоўных феадалаў.

 

З'яўляюцца новыя катэгорыі феадальна залежных сялян: закупы, радовічы, ізгоі, халопы, чэлядзь. Усіх залежных ад феадала людзей пачалі падзяляць на "непахожых" і "пахожых". Першыя доўга жылі на адным месцы і страцілі магчымасць пакінуць пана. Другія яшчэ не былі поўнасцю заняволены. Залежнае насельніцтва займала самае прыніжанае становішча на сацыяльнай лесвіцы. Іх жыццё цанілася ў 16 разоў танней за жыццё кіраўнікоў княжацкіх маёнткаў - "агнішчан" і "цівуноў".

 

Сяляне адпрацоўвалі паншчыну на раллі феадала, плацілі чынш натурай (мёдам, ільном, печаным хлебам, аўсом, жытам, авечкамі, курамі і г. д.) ці грашыма. Грашовая рэнта была рэдкай з'явай, што тлумачыцца натуральным характарам гаспадаркі. З часам доля паншчыны ўсё больш узрастае ў параўнанні з чыншам.

Пытанні для самакантролю

Хто быў бліжэй да караля па феадальнай іерархіі - герцаг ці барон?

Якое з землеўладанняў было прыватным - “вотчына” ці “дым”?

5. Полацкае і Тураўскае княствы - першыя феадальныя дзяржавы Беларусі

 

Вытокі дзяржаўнасці на нашай зямлі бяруць свой пачатак ў сівой мінуўшчыне. Узнікненне інстытута дзяржавы звязана з распадам першабытнага ладу, пераходам да суседскай абшчыны, паступовым выдзяленнем сярод агульнай масы насельніцтва палітычнай і духоўнай эліты, са спецыялізацыяй і канцэнтрацыяй вытворчасці, узнікненнем гарадоў і г. д. У VI-X стст. у Заходняй Еўропе складваюцца феадальныя дзяржавы ў франкаў, бургундцаў, англасаксаў, немцаў, вылучаюцца буйныя палітычныя цэнтры ў Даніі, Швецыі, Нарвегіі. Усталяваліся дзяржавы ў славян: чэхаў, мараваў, харватаў і славенцаў, палякаў. На землях Усходняй Еўропы працэс утварэння дзяржаў адбываўся ў VIII-X стст. Крывіцкі Полацк, палянскі Кіеў і славенскі Ноўгарад выступілі першымі цэнтрамі кансалідацыі ўсходнеславянскіх племянных саюзаў. Гэтыя саюзы ўяўлялі сабой паўпатрыярхальныя-паўфеадальныя "княжанні" з князямі на чале і насельніцтвам, якое характарызавалася агульнай этнічнай самасвядомасцю, моўным адзінствам і падабенствам культуры. Еўрапейская тэндэнцыя фарміравання дзяржаўнасці ахапіла тады і сярэднявечныя беларускія землі. Яны не былі першымі ў гэтых працэсах, але і не апошнімі. У першай палове ІХ ст., як паведамляе "Аповесць мінулых гадоў", паляне, драўляне, славене, а таксама дрыгавічы і палачане мелі свае племянныя "княжанні" - правобраз першапачатковага дзяржаўнага ўтварэння.

 

 

На мяжы VIII-ІX стст. вакол Полацка пачало складвацца аб'яднанне крывічоў, якое ў першай палове ІХ ст. сфарміравалася ў самастойную тэрытарыяльную, палітычную і эканамічную адзінку і на аснове якога аформілася раннедзяржаўнае Полацкае княжанне. Полацк упершыню прыгадваецца ў летапісах ужо ў 862 г. як адзін з важнейшых гарадоў Усходняй Еўропы. Сваім раннім узнікненнем і інтэнсіўным развіццём Полацкая зямля ў многім абавязана воднаму шляху "з варагаў у грэкі", які злучаў праз сістэму рэк Дняпра, Дзвіны, Ловаці і Волхава поўдзень кантынента з поўначчу, усход з захадам. Гэта важная магістраль, па якой у асноўным ішоў міжнародны гандаль і ажыццяўляліся паходы на Візантыю, стала воссю дзяржаваўтваральнага працэсу ва Усходняй Еўропе і вызначыла статус Кіева, Полацка і Ноўгарада як важных еўрапейскіх палітычных цэнтраў.

 

У X-XI стст. Полацкае княства з'яўлялася адным з буйнейшых і магутнейшых княстваў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і сапернічала з Кіевам і Ноўгарадам у аб'яднанні зямель. Па сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму ўзроўню яно не саступала развітым дзяржавам таго часу.

 

У 862 г. ноўгарадскі князь Рурык вырашыў накіраваць намеснікаў у гарады, якія знаходзіліся ў сферы ўплыву Ноўгарада. Аднаго з іх ён паслаў у Полацк. У адказ на гэта кіеўскія князі Аскольд і Дзір, якія мелі ў Полацку свае інтарэсы, у 865 г. арганізавалі паход на Полацк і "много зла створиша" палачанам. Тым часам Паўночная Русь (Ноўгарад) і Паўднёвая Русь (Кіеў) аб'ядналіся. Пераемнік Рурыка Алег, які стаў у 882 г. вялікім кіеўскім князем, прызначыў крывічам як сваім падданым плаціць даніну на карысць Кіева, што, аднак, не прывяло да поўнай страты самастойнасці Полацкага княства. Крывічы ўдзельнічалі ў паходах кіеўскіх князёў 911 і 944 гг. на Візантыю. Але ў 40-70-я гады Х ст. Полацк выйшаў з-пад улады Кіева і аднавіў сваю палітычную самастойнасць.

 

Характар адносінаў Полацка з Кіевам у ІХ-ХІІ стст. з'яўляецца спрэчным. У літаратуры вызначыліся два асноўныя падыходы да гэтай праблемы. Першы разглядаў Кіеўскую Русь як адзіную дзяржаўную структуру, пабудаваную на аснове сузаранітэту - васалітэту, часткай якой было Полацкае княства. Прыхільнікі другога падыходу бачаць у Кіеўскай Русі няўстойлівы кангламерат плямён і народаў, у якім непрацяглы час і ў нетрывалым саюзе давялося пабываць і Полацкаму княству. Перыяды яго саюзніцкіх адносін з кіеўскімі князямі чаргаваліся з ваеннымі канфрантацыямі, ініцыятарамі якіх нярэдка выступалі полацкія князі.


<== previous lecture | next lecture ==>
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі | Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 2 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.105 s.