Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 3 page


Date: 2015-10-07; view: 503.


 

Заснаваныя Ефрасінняй Полацкай манастыры сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве. У іх былі створаны школы. Яна, асветніца, памнажала кніжнасць, стварыла майстэрню па перапісцы кніг.

 

На схіле жыцця асветніца вырашыла здзейсніць паломніцтва ў Святую Зямлю і ў 1167 г. адправілася ў Іерусалім. Але, знясіленая падарожжам, захварэла і памерла. Была пахавана непадалёку ад Іерусаліма, адкуль рака з яе рэшткамі як каштоўнейшая рэліквія была ў 1187 г. вывезена у Кіева-Пячорскую лаўру.

 

Дабрачыннасць і самаадданасць у служэнні Бацькаўшчыне і царкве сталі падставай да яе пасмяротнага ўшанавання, якое пачалося ўжо ў канцы ХІІ ст. Да ХVI ст. культ Ефрасінні дастаткова распаўсюдзіўся ў праваслаўным свеце. Яна стала першай жанчынай, кананізаванай рускай праваслаўнай царквой (1547). Яна прызнана святой і каталіцкай царквой. У 1910 г. рака з мошчамі святой была ўрачыста перавезена з Кіева ў Полацк. Зараз святая Ефрасіння Полацкая лічыцца нябеснай заступніцай, апякункай Беларусі. Яе вобраз натхніў многіх пісьменнікаў, паэтаў і мастакоў на стварэнне літаратурных і жывапісных твораў.

 

З прыняццем хрысціянства звязаны пачатак мураванага дойлідства на Беларусі, хоць першыя хрысціянскія цэрквы былі драўлянымі. Самым старажытным з'яўляецца Сафійскі сабор у Полацку, які па духу і ўнутраным змесце паўтараў храмы ў Ахрыдзе і Канстанцінопалі. Полацкая Сафія была сястрой і ў пэўнай ступені саперніцай аналагічных храмаў у Кіеве і Ноўгарадзе. Як і там, яна з'яўлялася ўвасабленнем ідэі магутнасці, адзінства і непадуладнасці. Гісторыя захавала імёны першых беларускіх муляроў - Давыд, Таума, Мікула і Капес.

 

У ХІІ ст. адбываецца росквіт мураванага будаўніцтва. Узнікаюць мясцовыя арцелі муляроў і дойлідаў, якія ствараюць мясцовыя архітэктурныя школы - полацкую і гарадзенскую з самабытнымі архітэктурнымі стылямі. Кожны горад - цэнтр удзельнага княства - імкнецца займець свае мураваныя бажніцы. У ХІІ ст. узводзяцца манументальныя культавыя будынкі ў Віцебску, Гародні, Наваградку, Ваўкавыску, Мінску, Тураве, Пінску. У Гародні ў ХІІ ст. меліся ўжо тры мураваныя царквы, у тым ліку знакамітая Каложа. У Полацку з ваколіцамі іх было каля дзесятка, у Смаленску - сем. Сярод дойлідаў ХІІ ст. вядома імя Іаана, які ўзвёў у Полацку Спаскую царкву Ефрасіннеўскага манастыра.

Пытанні для самакантролю

Хто вырабіў крыж Ефрасінні Полацкай?

Чым увайшоў у гісторыю Кірыла Тураўскі?

ІІ. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ

Утварэнне і працэс фарміравання ВКЛ

Крэўская унія і яе наступствы

Дзяржаўны і грамадскі лад Вялікага княства Літоўскага, Рускага Жамойцкага

Гарады і гараджане ў ВКЛ

Аграрная рэформа Жыгімонта Аўгуста (валочная памера)

Фарміраванне беларускага этнасу

Францыск Скарына - першадрукар, асветнік, гуманіст

Барацьба за гегемонію ва Усходняй Еўропе ў ХІV-ХVI стст.

9. Утварэнне і працэс фарміравання ВКЛ

 

У канцы 30-х - 40-я гг. XIII ст. пачынаецца новы перыяд гісторыі Беларусі, галоўным зместам якога з'яўляецца фарміраванне на яе і суседніх тэрыторыях новай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (далей - ВКЛ). Яе ўтварэнне - заканамерны вынік сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця зямель сучасных Беларусі і Літвы ў XII-XIII стст.

 

Адносіны ўсходнеславянскіх княстваў са сваімі бліжэйшымі балцкімі суседзямі былі няпростымі. Разрозненыя землі гістарычнай Літвы ў X-XII стст. былі аб'ектам заваёвы суседніх славянскіх дзяржаў. Полацкія князі неаднаразова выкарыстоўвалі літоўскія дружыны для высвятлення адносін паміж сабой і са сваімі суседзямі ў час міжусобіц. У "Аповесці мінулых гадоў" літва называецца ў ліку плямёнаў, якія плацілі даніну Кіеву. Частымі былі спусташальныя паходы ўсходнеславянскіх дружын і на яцвяжскія землі. У сваю чаргу ў XI - першай трэці XIII стст. літоўскія і яцвяжскія дружыны неаднаразова рабілі рабаўнічыя набегі на славянскія княствы. Але верхняе і сярэдняе Панямонне заставалася рэгіёнам балта-славянскага супрацоўніцтва, у якім актыўна і культурна дамінавалі славяне, якія з часам асімілявалі балцкіх аўтахтонаў.

 

У канцы XII - першай палове XIII стст. на змену цэнтрабежным тэндэнцыям прыходзіць імкненне да кансалідацыі і на беларускіх землях. З розных бакоў няўмольна насоўваліся крыжакі і мангола-татары. У пачатку XIII ст. Полацкае княства першае з усходнеславянскіх зямель прыняла на сябе цяжар барацьбы з крыжакамі - ордэнам Мечаносцаў. Услед за мечаносцамі ў Прыбалтыцы з'явіўся Тэўтонскі ордэн, які нейкі час "кватэраваў" у Трансіль-ваніі. Тэўтонаў запрасіў мазавецкі князь Конрад, каб з іх дапамогай перамагчы суседзяў - ваяўнічых прусаў. Крыжакі заваявалі Прусію, мясцовае насельніцтва часткова загінула, часткова перасялілася на тэрыторыю сучаснай Беларусі. З Усходу прыйшла іншая бяда: у 1236-1240 гг. татара-мангольскія орды разрабавалі Паўночна-Усходнюю Русь, спалілі Кіеў. Стэпавых драпежнікаў чакалі і на Беларусі. У такіх умовах адышлі на другі план міжусобіцы ўсходнеславянскіх князёў паміж сабою і іх сваркі з даўнімі суседзямі - літвой, якія жылі на захад ад Менска. У канкрэтна-гістарычных умовах таго часу склаўся своеасаблівы славянска-балцкі ваенна-палітычны саюз. Яго пачаткам быў саюз важнейшага горада Панямоння Навагародка з літоўскім правадыром Міндоўгам. Невядома, ці сам Міндоўг прыслаў да навагародцаў прапанову злучыць свае сілы, ці навагародскія ўплывовыя людзі паслалі запрашэнне на княжанне. Такім чынам, новая дзяржава ўтваралася ў Навагародку, куды ў сярэдзіне XIII ст. перамясціўся з Полацка цэнтр палітычнага жыцця Беларусі, а першую цагліну ў яе падмурак заклаў Міндоўг.

 

Міндоўг (1195 – 1263) – аднаго з правадыроў літоўскіх плямен пачатку XIII ст. Міндоўг-язычнік быў запрошаны на пасад навагародскага князя і прыняў праваслаўе. Дзеля ўмацавання сваей пазіцыі ў барацьбе з уладарамі Галіцка-Валынскага княства, Жамойціі, Лівонскага ордэна ўступіў у зносіны з Рымам і каля 1251 г. прыняў каталіцтва. У канцы жыцця карыстаўся неабмежаванай уладай у Літве, што выклікала змову супраць яго мясцовых князеў, у выніку якой Міндоўг быў забіты.

 

У 1246 г., відаць, у момант узыходжання на трон у Навагародку Міндоўг прыняў праваслаўе, што было ўмовай яго абрання на пасаду князя навагародскага. У 1248 г. ён аб'яднаў землі верхняга Панямоння вакол Навагародка: "поимана бъ вся земля Литовская", што можна прыняць за пачатак ВКЛ.

 

 

Галоўным праціўнікам на шляху пабудовы панямонскай дзяржавы ў 50-70-я гг. XIII ст. былі галіцка-валынскія князі, якія трымалі гэту тэрыторыю пад сваім кантролем і ўбачылі ў саюзе літвы з Навагародкам небяспеку для сваіх пазіцый у Панямонні. У 1252 г. вялікае войска на чале з Данілам Галіцкім, спустошыла "ўсю зямлю навагародскую", захапіла Гарадзен, пагражала задушыць працэс утварэння новай дзяржавы ў самым пачатку. З гэтага першага цяжкага выпрабавання дзяржаву выратаваў дыпламатычны манеўр Міндоўга, якому ўдалося перацягнуць на свой бок Лівонскі ордэн згодай прыняць заходні варыянт хрысціянства. Падзякай Папы Рымскага за такі крок было прызнанне новай дзяржавы і каранацыя Міндоўга ў Навагародку ў 1253 г. каралём Літвы. У 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор з Данілам Галіцкім. Пад палітычны ўплыў ВКЛ увайшоў Полацк, куды на княжанне быў запрошаны пляменнік Міндоўга. Багатыя полацкія традыцыі дзяржаўнага і культурнага жыцця аказалі значны ўплыў на фарміраванне ўнутранага ладу ВКЛ.

 

Забойства ў 1263 г. Міндоўга стала пачаткам унутранага крызісу ВКЛ, які працягваўся некалькі гадоў. Старэйшы сын Міндоўга Войшалк пасля ўпартай міжусобіцы пры падтрымцы навагародскай і пінскай дружын вярнуўся ў Навагародак, заняў бацькоўскі прастол і пачаў княжыць "ва ўсёй зямлі Літоўскай".

 

На пачатку ХIV ст. поспехам адзначалася дзейнасць вялікага князя Віценя (1293-1316), пры якім у складзе ВКЛ быў канчаткова замацаваны Полацк. Аб'яднанне адбылося на падставе "рада" - дагавора 1307 г., які гарантаваў палачанам аўтаномнасць зямлі, захаванне мясцовых законаў і суда, і са згоды полацкага баярства і багатага купецтва. Значным тэрытарыяльным прырашчэннем было далучэнне да ВКЛ Берасцейскай зямлі. Віцень увёў княжацкі герб і агульнадзяржаўную пячатку з выявай Пагоні. Пагоня з цягам часу стала гербам дынастыі вялікіх літоўскіх князёў, а з 1384 г. - дзяржаўным гербам ВКЛ.

 

Гедымін (1270 – 1341) умела выкарыстоўваў супярэчнасці паміж рускімі княствамі і падтрымліваў праціўнікаў маскоўскага князя Івана Каліты. Хоць большасць баяр пры Гедымінавым двары былі праваслаўнымі і сам ен сімпатызаваў хрысціянству, пахавалі яго як язычніка.

 

Аб'яднаўчую палітыку славянскіх і балцкіх зямель актыўна прадоўжыў вялікі князь Гедымін (1316-1341). Ён правіў чвэрць стагоддзя і за гэты час далёка пасунуў межы і ўплыў сваёй дзяржавы на поўдзень і ўсход. Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню, заснаваную на месцы паселішча ХІ-ХІІ стст. на Крывой (Лысай) гары. Ужо ў 1323 г. Вільня называлася ў Гедымінавых граматах "каралеўскім горадам", гэта значыць, сталіцай. Сябе ж ён называў "каралём Літвы і Русі".

 

Падчас праўлення Гедыміна да княства далучыліся Віцебская, Менская, Тураўская землі. Ёсць падставы меркаваць, што гэты працэс насіў мірны характар. Так, менскі князь Васіль як васал Гедыміна ездзіў у складзе літоўскага пасольства ў Ноўгарад Вялікі. Гедымінаў сын Альгерд пабраўся шлюбам з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй і ў 1320 г., пасля смерці цесця, стаў спадкаемцам Віцебскага княства. Увайшлі ў склад ВКЛ таксама Падляшша і Валынь (цяпер Украіна).

 

Альгерд (1296? – 1377) быў вялікім князем ВКЛ у 1345 – 1377 гг. Адзін з найвыдатнейшых палкаводцаў: выйграў шэраг бітваў з крыжакамі; разграміў войскі трох татарскіх князеў у вялікай бітве на р. Сінія Воды, учыніў тры паходы на Маскву. Значна пашырыў тэрытарыяльныя ўладанні ВКЛ. У часы праўлення Альгерда руская мова ў яе мясцовым варыянце была афіцыйна прызнанай мовай справаводства і вялікакняжацкага двара. Паводле летапісаў, сам князь незадоўга да смерці прыняў праваслаўную веру.

 

Такім чынам, пры Гедыміне большая частка сучасных беларускіх зямель апынулася ў складзе ВКЛ. Палітычная мудрасць гаспадара праявілася ў тым, што пры ўключэнні новых зямель ён гарантаваў ім аўтаномію і непадзельнасць тэрыторыі, дэклараваў "старыны не парушаць", захоўваў мясцовыя законы, недатыкальнасць правоў і ўладанняў феадалаў, мяшчан, духавенства, падсуднасць іх толькі сваім мясцовым судам, самастойнасць пры заключэнні гандлёвых пагадненняў.

 

 

За стагоддзе свайго імклівага росту, ад Міндоўга да Гедыміна, невялікае княства ў Панямонні далучыла суседнія тэрыторыі, заселеныя славянамі і балтамі, і пераўтварылася ў Вялікае княства Літоўскае і Рускае. Тэрмін "Літва" стасаваўся тады да верхняга і сярэдняга Панямоння, пад "Руссю" разумелася сучаснае беларускае Падняпроўе і паўночная Украіна.

 

Галоўным ворагам княства быў Тэўтонскі ордэн, асноўным тэатрам вайны з'яўлялася Панямонне. Для абароны княства ад уварванняў крыжакоў Гедымін узвёў першакласныя па тым часе крэпасці ў Троках, Вільні, Медніках, Лідзе, Крэве. У барацьбе супраць Ордэна Гедымін меў выдатнага памочніка - князя Давыда Гарадзенскага, які быў старастам і каштэлянам у Гародні. Практычна ніводная перамога над крыжакамі як у абарончых, так і ў наступальных аперацыях не абыходзілася без удзелу Давыда.

Пытанні для самакантролю

Якім чынам Міндоўг стаў князем Наваградскім?

Хто з вялікіх князёў літоўскіх быў каранаваны Папам Рымскім каралём Літвы?

10. Крэўская унія і яе наступствы

 

Смерць вялікага князя Альгерда (1377) выклікала вострую і працяглую дынастычную барацьбу ў Вялікім княстве Літоўскім, якая нярэдка перарастала ў ваенныя сутыкненні паміж прэтэндэнтамі на трон. У змаганне актыўна ўмешваліся і замежныя дзяржавы, у першую чаргу Тэўтонскі ордэн.

 

 

Руіны Крэўскага замка (Смаргонскі раен). Пабудаваны, па меркаваннях некаторыз даследчыкаў, пасля 1338 г. вялікім князем літоўскім Гедзімінам і яго сынам Альгердам як абарончая цвержа супраць Тэўтонскага ордэна. Не аднойчы церпячы ад аблог і штурмаў воінаў, у XVIII ст. замак быў канчаткова разбураны. У 1929 г. была праведзена кансервацыя яго рэшткаў. 14 жніўня 1385 г. у замку было заключана пагадненне аб саюзе ВКЛ з Польшчай – так званая Крэўская унія.

 

 

Альгерд сваім пераемнікам прызначыў сына ад другога шлюбу - Ягайлу. Гэта стала прычынай незадаволенасці іншых сыноў Альгерда і суродзічаў. Брат Альгерда Кейстут на кароткі час 1381-1382 гг. захапіў Вільню і стаў вялікім князем літоўскім. Разгарнулася барацьба паміж Кейстутам і Ягайлам, апошні абапіраўся на дапамогу крыжакоў. Пераможцам з гэтай вайны выйшаў Ягайла. Кейстут быў вераломна захоплены ў палон і на загад пляменніка задушаны. Аднак барацьбу з Ягайлам працягнуў сын Кейстута - Вітаўт.

 

Становішча Ягайлы было нетрывалае. У гэтай сітуацыі яму былі прапанаваны два варыянты шлюбу: з дачкой вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Данскога і з польскай каралевай Ядвігай. Фактычна гаворка ішла пра выбар гістарычнага шляху, па якім пойдзе Вялікае княства Літоўскае, пра яго ўсходнюю ці заходнюю палітычную арыентацыю. Ягайла абраў другі шлях.

 

14 жніўня 1385 г. у замку Крэва прадстаўнікі Польскага каралеўства і Ягайла з некалькімі братамі заключылі міждзяржаўнае пагадненне. Згодна з яе ўмовамі, Ягайла абяцаў хрысціцца паводле каталіцкага абраду разам з усімі сваімі братамі і хрысціць падданых, "свае землі літоўскія і рускія назаўжды далучыць да Кароны Каралеўства Польскага", перадаць усе свае скарбы на патрэбы злучаных дзяржаў, заплаціць велізарную суму 200 тыс. фларэнаў былому жаніху Ядвігі аўстрыйскаму прынцу Вільгельму. Наўзамен Ягайлу быў паабяцаны шлюб з Ядвігай і польская карона - як мужу каралевы. У 1386 г. пачалася рэалізацыя умоў Крэўскага пагаднення. Гэтаму злучэнню была наканавана працяглая і няпростая гісторыя. З цягам часу мяняліся яго ўмовы, але ў цэлым яно аказалася выгадным і перспектыўным для абодвух бакоў, пріснавала 400 гадоў.

 

У Вялікім княстве Літоўскім было многа незадаволеных Крэўскай дамовай. Літоўская знаць, хоць і прыняла каталіцкі хрост, але не жадала дзяліцца ўладай і трапляць у палітычную залежнасць ад польскіх паноў. Праваслаўныя баяліся экспансіі каталіцкага касцёла. І практычна ўсім не падабалася дэклараваная ў крэўскім акце страта дзяржаўнай незалежнасці ВКЛ. Таму вельмі хутка тут узнікла магутная апазіцыя Ягайлу. Яе ўзначаліў Вітаўт. Разам з крыжакамі ён распачаў барацьбу супраць свайго стрыечнага брата. З кожным месяцам пазіцыі Вітаўта ў ВКЛ мацнелі, папулярнасць расла, ён атрымліваў адну перамогу за другой. Некаторыя землі, напрыклад Полацкая, добраахвотна прынялі яго ўладу. У выніку Ягайла быў вымушаны пайсці на ўступкі Вітаўту. У 1392 г. паміж імі было заключана Востраўскае пагадненне, паводле якога Вітаўт атрымаў пад сваю ўладу Вялікае княства Літоўскае. Тым не менш яшчэ доўгі час ён усё ж такі прызнаваў вярхоўную ўладу польскага караля Уладзіслава ІІ Ягайлы, як "вярхоўнага" князя ВКЛ.

 

Адным з галоўных накірункаў унутрыпалітычнай дзейнасці Вітаўта было скасаванне буйных удзельных княстваў у ВКЛ. Ён жорстка падаўляў супраціў князёў і ператвараў удзелы ў намесніцтвы, кіраўнікоў якіх прызначаў сам. Так былі ліквідаваны Віцебскае, Кіеўскае, Чарнігаўскае і іншыя княствы. Дасягнутая цэнтралізацыя ўлады і эфектыўная сістэма кіравання дазволілі Вітаўту праводзіць актыўную і ў цэлым паспяховую знешнюю палітыку.

 

Вітаўт і Ягайла клянуцца разам змагацца з крыжакамі. Сцэна са спектакля Я. Купалы "Князь Вітаўт", 2000 г.

 

 

Самым небяспечным ворагам ВКЛ быў Тэўтонскі ордэн, які рэгулярна здзяйсняў напады на літоўскія і заходнебеларускія землі. У 90-я гг. XIV ст. іх аб'ектамі асабліва часта станавіліся Гародня, Ліда, Наваградак. Даходзілі немцы і да сталіцы - Вільні. Такім жа небяспечным ворагам быў Ордэн і для Польшчы. Супольны праціўнік, а таксама Крэўскае пагадненне рабілі Вялікае княства Літоўскае і Каралеўства Польскае натуральнымі саюзнікамі. Абвастрэнне адносін у рэшце рэшт прывяло да Вялікай вайны, якую ў 1409-1411 гг. вялі, з аднаго боку, Польшча і ВКЛ, а з другога - Тэўтонскі ордэн. Яе кульмінацыйнай падзеяй стала Грунвальдская бітва, якая адбылася 15 ліпеня 1410 г. і ў якой войскі саюзнікаў разграмілі крыжакоў. Грунвальд быў адной з найбуйнейшых бітваў еўрапейскага сярэднявечча. У ім з абодвух бакоў удзельнічала некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, значная частка якіх загінула. У арміі саюзнікаў было 90 харугваў: 50 з Польшчы і 40 з ВКЛ. 22 харугвы ВКЛ былі выстаўлены беларускімі землямі. 30 з 40 палкоў ВКЛ неслі на сваіх сцягах герб "Пагоня".

 

 

Грунвальдская бітва. Карціна Я. Матэйкі

 

 

Разгром крыжацкага войска паклаў канец ваеннай магутнасці Ордэна. Перамога пад Грунвальдам яшчэ больш шчыльна злучыла Польшчу і ВКЛ, прадэманстравала карысць ад аб'яднання сіл. У 1413 г. на супольным сойме ў Гарадле паміж дзяржавамі была заключана новая унія. Бакі пагадзіліся, што ў выпадку смерці караля Уладзіслава ІІ Ягайлы альбо вялікага князя Вітаўта абранне іх пераемнікаў будзе здзейснена толькі са згоды манарха і арыстакратыі саюзнай дзяржавы. Гарадзельскі акт надаў шырокія прывілеі і перавагі каталіцкай знаці ВКЛ. Яны датычыліся як маёмасных правоў (феадалам-католікам гарантавалася бесперашкоднае валоданне і перадача па спадчыне вотчын), так і ўдзелу ў палітычным жыцці і кіраванні дзяржавай (толькі "падуладныя святой рымскай царквы" маглі займаць афіцыйныя пасады і ўваходзіць у вялікакняжацкую раду). Такім чынам, праваслаўныя феадалы былі пастаўлены ў дыскрымінацыйнае становішча. Гарадзельскі прывілей на доўгія гады ўскладніў стасункі паміж каталіцкімі і праваслаўнымі феадаламі ВКЛ. Ён паклаў пачатак адной з самых вострых і балючых праблем яго рэлігійнага, грамадскага і палітычнага жыцця.

 

Напрыканцы жыцця, калі Вітаўт дасягнуў велізарных уплываў ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, ён вырашыў разарваць унію з Польшай і каранавацца каралеўскай каронай. У 1429 і 1430 гг. ён склікаў каранацыйныя з'езды, прычым на першым, у Луцку, прысутнічаў імператар Святой Рымскай імперыі. Але палякі выступалі рэзка супраць ператварэння Вялікага княства Літоўскага ў каралеўства і здолелі перашкодзіць гэтым планам. 27 кастрычніка 1430 г. Вітаўт Вялікі памёр.

 

У хуткім часе пасля смерці Вітаўта арыстакратыя ВКЛ без згоды польскіх магнатаў абрала новым вялікім князем малодшага брата Ягайлы Свідрыгайлу (1430 - 1432 гг.) Яго палітыка рэзка адрознівалася ад курса Вітаўта. Насуперак Гарадзельскаму прывілею Свідрыгайла стаў прызначаць праваслаўных феадалаў на высокія дзяржаўныя пасады. Гэта выклікала незадаволенасць з боку паноў-католікаў, якія арганізавалі змову і ў 1432 г. абралі новым вялікім князем брата Вітаўта Жыгімонта (1432-1440). Распачалася феадальная вайна 1432-1436 гг. Жыгімонт абапіраўся ў асноўным на каталіцкую знаць і кантраляваў Літву, Заходнюю і Цэнтральную Беларусь. Пад уладай Свідрыгайлы аказаліся Полацк, Віцебск, Смаленск, Усходняя Беларусь і ўкраінскія землі. Падтрымку яму аказвалі праваслаўныя князі, баяры, мяшчане. Ягайла і Жыгімонт былі вымушаны выдаць прывілеі, якімі праваслаўная знаць ураўноўвалася ў асабістых і маёмасных правах з каталіцкай. Гэты прадбачлівы ход праціўнікаў, а таксама ваенныя няўдачы Свідрыгайлы прывялі да яго канчатковай паразы.

Пытанні для самакантролю

Навошта палякі прапанавалі Ягайле ажаніцца з каралеўнай Ядвігай?

Якім чынам Вітаўт стаў вялікім князем літоўскім?

11. Дзяржаўны і грамадскі лад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага

 

Сістэма кіравання краінай у ВКЛ развівалася на аснове старажытнага права, што бытавала ў Полацкім, Менскім, Навагародскім, Тураўскім і іншых княствах. Пасля заключэння Крэўскай уніі і ўсё большага збліжэння з Польшчай у арганізацыю кіравання дзяржавай сталі пераносіцца тыя рысы і формы, якія склаліся ў Польшчы.

 

Кіраўніком дзяржавы быў вялікі князь (гаспадар), у большасці часу ён з'яўляўся адначасова каралём Польшчы. Вялікі князь з'яўляўся таксама суддзёй, адміністратарам, галоўнакамандуючым узброеных сіл краіны. Галоўным яго абавязкам была абарона ўласнасці і тэрыторыі гаспадарства. Вялікі князь меў шырокія паўнамоцтвы: права весці міжнародныя справы, уступаць у саюзы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, ён прызначаў на дзяржаўныя пасады і распараджаўся дзяржаўнымі маёнткамі. Яму належала права заканадаўчай ініцыятывы і за яго подпісам выдаваліся ўсе найважнейшыя заканадаўчыя акты.

 

Вялікі князь выбіраўся з прадстаўнікоў дома Гедымінавічаў (пазней Ягайлавічаў, ці Ягелонаў) напачатку вузкім колам найважнейшых саноўнікаў, а з канца ХV ст. - вальным (агульным) соймам з удзелам прадстаўнікоў усіх зямель. Інагурацыя (узвядзенне на пасаду, каранацыя) вялікіх князёў адбывалася ў Вільні, у касцёле святога Станіслава. На галаву новаабранага гаспадара ўскладалася мітра Гедыміна, а потым маршалак земскі ўручаў яму меч і скіпетр.

 

Ажыццяўляў свае паўнамоцтвы вялікі князь не аднаасобна, а з удзелам Рады, сойма і службовых асоб вярхоўнага кіравання. Прававое становішча вялікага князя літоўскага было тыповым для становішча абмежаванага феадальнага манарха.

 

 

Каранацыя вялікага князя літоўскага Аляксандра польскім каралем. Нацыянальны музей у Кракаве

 

Дзяржаўны лад ВКЛ можна вызначыць як парламенцкую манархію. Непасрэдны ўплыў вялікага князя, які адначасова быў і польскім каралём, на дзяржаўныя справы аслабляўся яго частымі і працяглымі ад'ездамі ў Польшчу. У час знаходжання ў Польшчы князь не меў права займацца дзяржаўнымі справамі ВКЛ. Імі займалася Рада, альбо Паны-рада. Спачатку Рада была дарадчым органам пры князю і назначалася гаспадаром па яго ўласным выбары. Паступова значэнне і моц Рады раслі, і яна замест дарадчай установы пры вялікім князю зрабілася кіруючым органам, які ўжо юрыдычна абмяжоўваў уладу гаспадара. Яна стала пастаянным выканаўча-распарадчым, заканадаўчым, кантрольным і судовым органам. З цягам часу ўстанавіўся пэўны састаў Рады. Права засядаць у ёй мелі каталіцкія біскупы, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты, самыя важныя службовыя асобы цэнтральнага ўпраўлення (маршалак земскі, канцлер, гетман найвышэйшы, і інш.) і некаторыя буйныя феадалы па асабістых запрашэннях. Поўны састаў Рады налічваў 45 чалавек, а пасля рэформы 1565 г. і стварэння новых ваяводстваў іх стала 65.

 

 

Кампетэнцыя Рады была такой жа шырокай, як і самога гаспадара. Яна вырашала пытанні абароны дзяржавы, міжнародных адносін, бягучага кіравання, фінансавай дзейнасці, назначэння на вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Толькі з удзелам Рады рыхтаваліся і прымаліся новыя заканадаўчыя акты, выдаваліся граматы і прывілеі. Рашэнні, прынятыя з удзелам Рады, не маглі быць зменены або адменены аднаасобна вялікім князем.

 

Агульнадзяржаўны (вальны) сойм меў важнае значэнне ў сістэме органаў дзяржаўнай улады. На яго пасяджэнні запрашаліся ўсе буйныя феадалы, што ўваходзілі ў склад Рады, службовыя асобы цэнтральнага і часткова мясцовага кіравання, вярхі каталіцкага і праваслаўнага духавенства, а таксама дэпутаты ад шляхты. Усе шляхцічы мелі права з'яўляцца на соймы, але, паколькі яны ўхіляліся ад яўкі, у 1512 г. быў прыняты закон, паводле якога павятовай шляхтай выбіраліся па 2 дэпутаты ад кожнага павета. Іншыя пласты насельніцтва сваіх прадстаўнікоў на сойме не мелі. На соймах выпрацоўваўся агульны кірунак знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы. Ён быў форумам вострай палітычнай барацьбы, абмяжоўваў уладу вялікага князя і, часткова, Рады. Інстытут вальных соймаў дазваляў сярэдняй і дробнай шляхце прымаць удзел у палітычным жыцці краіны.

 

Вышэйшымі службовым асобамі ў дзяржаве былі маршалак земскі, гетман, канцлер і падскарбій. Маршалак земскі старшынстваваў на пасяджэннях сойма і Рады, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады на гэтых пасяджэннях, быў даглядчыкам за парадкам і этыкетам пры двары і падчас афіцыйных цырымоній, кіраваў прыёмам замежных паслоў, дапускаў да гаспадара просьбітаў са скаргамі і чалабітнымі, судзіў за злачынствы, зробленыя на сойме.

 

Гетман найвышэйшы камандаваў узброенымі сіламі дзяржавы, калі на чале іх не стаў сам вялікі князь. У час ваенных дзеянняў ён меў самыя шырокія паўнамоцтвы адносна ўсіх падначаленых асоб, у тым ліку права караць вінаватых. Яго намеснікам быў гетман польны, той, хто ўзначальваў войска ў паходзе.

 

Канцлер кіраваў дзяржаўнай канцылярыяй, пад яго наглядам ажыццяўлялася падрыхтоўка законапраектаў, прывілеяў, грамат і іншых дакументаў з дзяржаўнай канцылярыі. У яго знаходзілася вялікая дзяржаўная пячатка, без якой ніводзін закон не мог уступіць у сілу, ён падпісваў і найважнейшыя дзяржаўныя акты. Яго намеснікам быў падканцлер, які пры адсутнасці канцлера выконваў яго абавязкі. Канцлеру падпарадкоўваліся шматлікія пісары, дзякі, талмачы. У канцылярыі пісьмова на беларускай мове (з 1696 г. - на польскай) афармляліся ўсе пастановы і распараджэнні князя і Рады. Дакументы, што выходзілі з канцылярыі і прыходзілі туды, запісваліся ў асобныя кнігі, якія называліся Літоўскай Метрыкай.

 

Падскарбій земскі быў даглядчыкам дзяржаўнай казны і выконваў абавязкі міністра фінансаў, вёў улік дзяржаўных прыбыткаў і выдаткаў, наглядаў за спагнаннем натуральных і грашовых падаткаў і збораў. Яго намеснік - падскарбій дворны адказваў за грашовыя і матэрыяльныя сродкі, што ішлі на патрэбы гаспадарскага двара.

 

На ўсе вышэйшыя пасады ў дзяржаве прызначаліся толькі буйныя феадалы некаторых найбольш знатных фамілій, толькі ўраджэнцы ВКЛ, якія мелі пэўную адукацыю ці практычны вопыт дзяржаўнай службы. Усе пасады даваліся пажыццёва, і ні гаспадар, ні Рада не мелі права без віны адабраць іх.

 

Мясцовае кіраванне на беларускіх землях было складаным. Яно залежала ад гістарычнага мінулага мясцовасці, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і ад уладальніка тэрыторыі. Найбольш буйныя старажытныя княствы (Полацкае, Віцебскае, Берасцейскае, Навагародскае) у першай палове XVI ст. былі пераўтвораны ў ваяводствы, іншыя - у паветы, а такія, як Слуцкае, Кобрынскае і некаторыя іншыя, заставаліся княствамі. Асабнае кіраванне было ў гарадах, якія атрымалі магдэбургскае права.

 

Галоўнай асобай у ваяводстве быў ваявода, які ўзначальваў тут адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і судовыя органы. Назначаўся ваявода вялікім князем і Радаю пажыццёва з ліку багатых і знатных феадалаў, ураджэнцаў ВКЛ. Ваявода ўваходзіў у склад Рады і быў абавязаны прысутнічаць на пасяджэннях сойма. Бліжэйшымі памочнікамі ваяводы былі: кашталян - па ваенных справах; падваявода - па адміністрацыйна-судовых; ключнік - наглядаў за зборам даніны і чыншаў; гараднічы - камендант замка, які клапаціўся аб яго рамонце і ўтрыманні.

 

Кіраўніком адміністрацыі ў павеце быў староста. Назначаўся ён, як і ваявода, гаспадаром і Радай з ліку буйных феадалаў. Гэтая пасада вельмі часта разглядалася як дадатковая крыніца даходаў радных паноў, а павіннасці, звязаныя з пасадай, выконваў яго намеснік - падстароста. Прававое становішча старосты залежала ад павета, які ён узначальваў, і ад таго, хто гэту пасаду займаў, ад яго сувязяў і паходжання.

 

Староста, як і ваявода, абавязаны быў сачыць за парадкам на падведамнай тэрыторыі, наглядаў за гаспадаркай дзяржаўных маёнткаў і за паступленнем дзяржаўных даходаў, клапаціўся пра баявую гатоўнасць замкаў, збіраў апалчэнне ў выпадку ваеннай небяспекі, разглядаў крымінальныя і ваенныя справы, сачыў за выкананнем судовых рашэнняў.

 

У павеце захоўваліся таксама старыя пасады ключніка, стайніка, гараднічага, ляснічага, цівуна, харужага - павятовага сцяганосца, які збіраў усіх ваеннаабавязаных людзей павета ў выпадку ваеннай небяспекі.

 

Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў павеце былі павятовыя соймікі. На іх маглі прысутнічаць усе шляхцічы павета. Тут абмяркоўваліся як мясцовыя, так і агульнадзяржаўныя справы. Павятовыя соймікі збіраліся штогод або нават некалькі разоў на год у павятовым цэнтры. Старшынстваваў на сойміку або найбольш высокі па пасадзе пан, або павятовы маршалак.

 

На павятовых сойміках выбіраліся дэпутаты на вальны сойм, выпрацоўваліся для іх інструкцыі і наказы, а таксама хадайніцтвы і просьбы да ўрада, заслухоўваліся справаздачы і інфармацыі аб соймах, выбіраліся кандыдаты на судовыя і іншыя пасады, вызначаліся памеры падаткаў на патрэбы павета. Пры дапамозе соймікаў павятовая шляхта абараняла свае мясцовыя інтарэсы перад цэнтральнымі органамі.

Пытанні для самакантролю

Хто кіраваў Вялікім княствам падчас, калі вялікі князь знаходзіўся ў Польшчы, дзе з'яўляўся каралём?

Хто кіраваў войскам ВКЛ падчас паходу: маршалак ці гетман польны?

12. Гарады і гараджане ў ВКЛ

 

У ХІІІ-ХVI стст. на беларускіх землях інтэнсіўна развіваюцца гарады і мястэчкі, якія ўсё ў большай ступенi канцэнтравалi рамеснiцтва, гандаль, станавiлiся цэнтрамi ажыўленага палiтычнага i культурнага жыцця насельнiцтва Беларусi. У крынiцах XIV - першай паловы XVII стст. упамiнаецца прыкладна 350 гарадскiх паселiшчаў на тэрыторыi сучаснай Беларусi, з якіх пераважную большасць складалi мястэчкi ў 200-300 дамоў, з некалькiмi вулiцамi і 2-3 тыс. жыхароў. У сярэдзiне XVII ст. з 2,8-3 млн. жыхароў Беларусi ў гарадах i мястэчках пражывала 350-400 тыс. чалавек, або 12-13%. Гарадское насельнiцтва фарміравалася за кошт уцёкаў прыгонных сялян, перасялення вольных сялян, натуральнага прыросту. Але частыя войны i масавыя эпiдэмii зводзiлi натуральны прырост да мiнiмуму.


<== previous lecture | next lecture ==>
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 2 page | Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 4 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.628 s.