Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 4 page


Date: 2015-10-07; view: 467.


 

80% гараджан складалi беларусы (літвіны). Этнiчны склад гарадскога насельнiцтва iстотна дапаўняўся рускiмi, яўрэямi, палякамi, украiнцамi, немцамi i татарамi, якiя складалi ад 20, а ў некаторых гарадах - да 40% насельнiцтва. Разнастайным быў канфесiйны склад гараджан: праваслаўныя, католiкi, унiяты, iўдзеi, мусульмане, кальвiнiсты i iншыя, але пераважалі хрысцiяне.

 

Гарады мелі неаднародную сацыяльную структуру. Вярхушку складала багатая частка купецтва i рамеснiцкiя майстры, якім належала ўся ўлада ў горадзе. Уплывовы пласт складалi таксама прадстаўнiкi ваенна-служылага саслоўя - баяры. Сярод гарадской вярхушкi была i шляхта, якая масава перасялялася ў гарады на працягу XVI - першай паловы XVII стст. Гарадскi патрыцыят складаў каля 25% іх насельнiцтва. Найбольш шматлiкую групу гараджан складалi дробныя гандляры, радавыя рамеснiкi, чаляднiкi і іх сем'i. Гэты сярэдні слой складаў 40-50% усiх жыхароў, улiчваючы, што частку iх складала таксама духавенства, чыны ўрадавай адмiнiстрацыi i iнш. Найбольш абяздоленай часткай гарадскога люду былi так званыя "люзныя людзi" i "гульцяi" - даведзеныя да галечы i абеззямеленыя сяляне, вымушаныя пакiнуць сваю гаспадарку і шукаць прытулку ў горадзе. У пачатку XVII ст. іх колькасць даходзiла да адной трэцi гарадскога насельнiцтва.

 

Гарады i мястэчкi існавалі як на дзяржаўных вялiкакняжацкiх, так i прыватнаўласнiцкiх землях. Больш 40% усiх гарадскiх пасяленняў Беларусi ў першай палове XVI ст. падпарадкоўвалiся юрысдыкцыi буйных магнатаў (Слуцк, Стары Быхаў, Клецк, Копысь, Тураў, Шклоў, Зэльва, Маладзечна, Смаргонь, Лагойск i iнш.).

 

Жыхары мястэчак i невялiкiх гарадоў побач з рамяством i гандлем займаліся апрацоўкай зямлi i сельскагаспадарчымi промысламi.

 

Невялікімі тады былі і гарады. Гарады з насельнiцтвам 10 тыс. жыхароў i больш лічыліся буйнымі. Да iх адносiлiся Полацк, Вiцебск, Слуцк, Магiлёў, Пiнск.

 

Крынiцы XVI ст. упамiнаюць каля 200 рамеснiцкiх прафесiй i спецыяльнасцей. Да лiку найбольш развiтых вiдаў рамёстваў адносiлiся здабыча i апрацоўка металаў (каля 40 прафесiй), дрэваапрацоўка (27 спецыяльнасцей), гарбарная i футравая вытворчасць (звыш 25 прафесiй), вытворчасць валакнiстай сыравiны i адзення (26 прафесiй), прадуктаў харчавання i напiткаў (21), апрацоўка мiнеральнай сыравiны (12) i г.д. Не менш 80% рамеснiкаў працавалi або на рынак, або спалучалi работу на заказ i на рынак.

 

Дзеля абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі стваралі свае ўласныя карпарацыі. Такiмi аб'яднаннямi сталi цэхi. Цэхi ў беларускiх гарадах былi трох тыпаў: спецыялiзаваныя (уваходзiлi рамеснiкi адной прафесii); аб'яднаныя (уваходзiлi рамеснiкi дзвюх i больш блiзкiх прафесiй) і зборныя (уваходзiлi прадстаўнiкi розных прафесiй). Апошнiя карпарацыi ўзнiкалi тады, калi ў тым цi iншым горадзе было мала рамеснiкаў адной спецыяльнасцi.

 

 

Гербы рамесных цэхаў

 

Аб'яднаныя ў цэхi рамеснікі падзялялiся на майстроў, чаляднiкаў i вучняў. На чале цэха стаяў цэхмiстр (стараста), якi аднагалосна выбiраўся цэхавымі майстрамі. Пры выбраннi ўлiчвалiся яго ўзрост, прафесiйныя якасцi, маёмаснае i асабiстае юрыдычнае становiшча. Майстры наймалi чаляднiкаў i вучняў. Колькасць членаў цэха вагалася ў межах 60-150 чалавек, з якiх чаляднiкi складалi ад 40 да 60%. Чаляднiк быў абавязаны прайсці курс навучання майстэрству на працягу 2-3 i больш гадоў, здзейсніць "вандроўку" ў iншы горад ці нават краiну з мэтай пераймання вопыту ў майстроў. Умовай выбрання ў цэхавыя майстры, акрамя галасавання, была добра i якасна зробленая "штука" альбо "шэдэўр" (прафесійны выраб), "пачастунак", або "каляцыя" для ўсiх членаў цэха i прадугледжаны статутам уступны ўзнос у цэхавую касу. Тэрмiн вучнёўства складаў 3-5 гадоў, на працягу якiх вучнi вельмi прыгняталiся.

 

Дзейнасць цэха i кожнага яго члена рэгламентавалася статутам. Статут ахоўваў гарадскi рынак ад канкурэнтаў і быў накіраваны як супраць нецэхавых рамеснікаў - "партачоў", так i супраць прыезджых рамеснiкаў i купцоў.

 

Рост рамяства садзейнiчаў развiццю гандлёвай дзейнасцi. У буйных гарадах таргi наладжвалiся двойчы, у невялiкiх гарадах i мястэчках - раз у тыдзень. У перадсвяточныя днi ў буйных гарадах арганiзоўвалiся кiрмашы, якiя маглi цягнуцца некалькi дзён.

 

Гандлёвыя сувязi звязвалi горад з вёскамi i мястэчкамi, а буйныя гарады - памiж сабой. Буйнейшымі гандлёвымі цэнтрамі Беларусі былі Вiцебск, Полацк, Менск, Магiлёў, Бярэсце. Гарады гандлявалі таксама з Расiяй, Польшчай, Турцыяй, Малдавiяй і інш. Больш як 20 буйных "шляхоў i гасцiнцаў" звязвалі беларускія гарады паміж сабой і з кiрмашамі Варшавы, Любліна, Лiтвы, Венгрыі, Смаленска, Украіны. Беларускiя купцы выконвалі пасрэдніцкую ролю ў гандлёвых сувязях Расіі з Польшчай. Купцы аб'ядноўваліся ў братчыны, якія ахоўвалi манапольнае становiшча мясцовага купецтва на гандаль у сваім горадзе. Вялiкiм цяжарам для купецтва былі мытныя зборы, якія яны абавязаны былі плаціць не толькі пры правозе тавару ў другую краіну за дазвол на яго продаж у іншым горадзе, але і плаціць феадалам за праезд па збудаваных iмi мастах, насыпах, а то i проста па дарозе, якая праходзiла праз iх уладаннi.

 

З умацаваннем эканамiчнай і грамадскай ролi гарадоў расло іх iмкненне пашырыць свае правы i прывiлеi. З канца XІV ст. дзяржаўная ўлада ВКЛ пайшла на дараванне гарадам самакiравання на аснове магдэбургскага права. У 1390 г. такое права было дадзена Брэсту, у 1391 г. - Вiцебску i Магiлёву, у 1496 г. - Гародні, 1499 г. - Менску, і інш. Да сярэдзiны XVII ст. яго атрымала большасць буйных гарадоў, каля паловы сярэднiх гарадоў Беларусi, у тым лiку i прыватнаўласніцкіх.

 

Горадам, які атрымаў магдэбургскае права, кіраваў магiстрат, што складаўся з рады i лавы. Рада ажыццяўляла функцыi гарадской улады i суда па маёмасных i грамадзянскiх справах, лава судзiла гараджан па крымiнальных справах. Члены рады (радцы, райцы, ратманы) i гарадскога суда (лаўнiкi) выбiралiся выключна з заможнай вярхушкі, радцы - штогод, лаўнiкi - на больш працяглы перыяд. На чале магiстрата стаяў войт, якому належала вышэйшая судовая i выканаўчая ўлада. Спачатку войты, як правiла, прызначаліся ў гарады вялiкiм князем з лiку буйных феадалаў, а з другой паловы XVI - першай паловы XVII стст. - усё часцей войты выбiралiся самiмi гараджанамi, а пасля зацвярджалiся каралём. Паўсядзённы нагляд за дзейнасцю магiстрата ажыццяўляў намеснік войта - лентвойт. Радцы са свайго асяроддзя выбiралі 3-4 бурмiстраў, якія па чарзе старшынствавалі на пасяджэннях рады, кантралявалі дзейнасць камунальных службаў, наглядалі за грамадскiм парадкам, выдаткамі гарадской казны i г. д. Пасяджэннi магiстрата праходзiлi ў будынку ратушы, які ўзводзіўся ў цэнтры горада, атрымаўшага магдэбургскае права.

 

Жыхары такіх гарадоў вызвалялiся ад улады i суда дзяржаўнай адмiнiстрацыi і ад выканання феадальных павiннасцей (па рамонту замка, абарончых умацаванняў i iнш.), што давала iм магчымасць больш часу займацца сваёй прафесiйнай дзейнасцю. Павiннасцi былi заменены аднаразавым штогадовым грашовым падаткам.

Пытанні для самакантролю

Хто такія “гульцяі” ў гарадах ВКЛ?

Якія гарады ВКЛ атрымалі “магдэбургскае права”?

13. Аграрная рэформа Жыгімонта Аўгуста

(валочная памера)

 

Аснову эканамічнага развіцця ВКЛ у ХІІІ-ХVI стст. cкладала сельская гаспадарка. Асноўным сродкам вытворчасцi з'яўлялася зямля. Яна належала дзяржаве, свецкім феадалам і царкве. Феадальная ўласнасць на зямлю была саслоўнай i насiла iерархiчны характар. Вярхоўным уласнiкам зямлi, яе распарадчыкам быў вялiкi князь. Існавалi дзве формы феадальнай уласнасцi на зямлю - умоўная (памесная) i безумоўная (вотчынная), або абмежаваная i неабмежаваная.

 

Побач з вялiкакняжацкiм даменам (у канцы XIV ст. ён займаў прыкладна 70% тэрыторыi ВКЛ) iснавала вялiкая колькасць незалежных маёнткаў. Вялiкi князь захоўваў у адносiнах да iх толькi права вярхоўнага правiцеля дзяржавы. Iх уладальнiкi распараджалiся сваiмi землямi самастойна, раздавалi iх сваiм слугам. Гэта былi ў асноўным уладаннi нашчадкаў былых удзельных князёў. За iмi было прызнана права вотчыннага землеўладання. Многiя з iх потым папоўнiлi свае валоданнi за кошт "падарункаў" вялiкiх князёў. Аднолькавымi правамi з уладаннямi былых удзельных князёў карысталiся землi, якiя належалi епiскапскiм кафедрам, цэрквам i манастырам.

 

Зямельная маёмасць сярэднiх i дробных феадалаў знаходзiлася ў залежнасцi ад вялiкага князя і насіла першапачаткова ўмоўны i абмежаваны характар. Князь рэгуляваў iх уладаннi ў сваiх ваенна-палiтычных i фiнансавых мэтах. Сваiмi памесцямi гэта катэгорыя феадалаў валодала толькi пры ўмове службы вярхоўнаму ўласнiку зямлi - вялiкаму князю. Памесце адбiралася ад уладальнiка, калi ён не з'яўляўся на службу або выконваў яе нядобрасумленна. Такое становiшча не задавальняла феадалаў. Яны вялi барацьбу за перадачу iм зямлi ў безумоўнае валоданне. Першымi такога права дамаглiся ад Ягайлы католікі. Праваслаўныя феадалы атрымалi такі прывілей толькi ў 1432 г. У сярэдзіне ХVI ст. колькасць шляхты, якая валодала зямлёй у ВКЛ, складала каля 162 тыс. чалавек (9% усяго насельніцтва).

 

Феадал-землеўласнік не мог абысцiся без сялян. Зямлю трэба было апрацоўваць, каб атрымаць ад яе карысны прадукт. Апрацоўвалi яе сяляне. Пазбаўленыя права ўласнасцi на зямлю, яны атрымлiвалi яе з рук феадала, але не ва ўласнасць, а ў карыстанне. За карыстанне зямлёй селянін заўсёды, пры любых умовах павiнен быў несцi на карысць уласнiка розныя павiннасцi. Гэта i вызначыла розныя формы залежнасцi сялянства. Яны складвалiся ў працэсе эвалюцыi памешчыцкай гаспадаркi.

 

Атрыманне ўсімі катэгорыямі феадалаў зямлі ў вотчыннае ўладанне стварыла ў іх зацікаўленасць у тым, каб мець на сваёй зямлі пастаянную рабочую сілу ў выглядзе ўжо не толькі эканамічна, але і асабіста залежных ад пана сялян. Таму згаданыя прывілеі стварылі перадумовы для пачатку наступу феадалаў на асабістую волю сялян.

 

Першым заканадаўчым крокам у запрыгоньванні сялянства з'явіўся прывілей Казіміра 1447 г., якім абмяжоўваліся сялянскія пераходы з дзяржаўных на прыватнаўласніцкія землі. Наступным этапам быў Судзебнiк 1468 г. У ім у якасцi юрыдычнага абгрунтавання прымацавання сялян да зямлi ўводзіўся прынцып земскай даўнасцi, цi старажыльства - правiла, паводле якога пражыванне сялян на зямлі феадала на працягу аднаго цi больш пакаленняў рабіла іх "непахожымi", г. зн., страціўшымі права пераходу. Першы Статут ВКЛ 1529 г. вызначыў старажыльства ўжо дзесяцiгадовым тэрмінам. Статут абмяжоўваў і тэрмін адыходу ад феадала для сялян, якія мелі на гэта права - за тыдзень да дня ўсiх святых (Юр'еў дзень на Русi) i на працягу тыдня пасля яго, калi скончацца ўсе сельскагаспадарчыя работы. Статут устанавіў таксама для сялян плату феадалу пры выхадзе - "пажылое", памер якога вызначаўся ў 5 коп лiтоўскiх грошаў. Гэта вельмi вялiкая на той час сума - за 1 капу лiтоўскiх грошаў можна было купiць чатыры каровы.

 

У 1557 г. Жыгiмонт ІІ Аўгуст правёў у сваiх вялiкакняжацкiх уладаннях аграрную рэформу, якая мела на мэце ўпарадкаваць сялянскае землекарыстанне, каб павялiчыць свае даходы. Праект рэформы быў распрацаваны ўпраўляючымі каралевы Боны, мацi караля, якая ажыццявiла гэтую рэформу ў сваiх уладаннях (Кобрынская i Пiнская эканомii) яшчэ ў 30-40-я гг. XVI ст. Вынікам рэформы было шырокае распаўсюджанне новага віду феадальнага гаспадарання - фальваркова-паншчыннай сістэмы. Заснаваны на працы прыгонных сялян, фальварак быў ужо арыентаваны на рынак. Фальваркі спарадычна з'яўляліся на беларускіх землях з другой паловы ХV ст., што было звязана з рэзкім ростам попыту на збожжа на рынках Заходняй Еўропы, на якую была арыентавана эканоміка ВКЛ, і жаданнем феадалаў атрымаць як мага большыя прыбыткі ад пасеваў збожжавых культур шляхам удасканалення дваровай гаспарадкі.

 

Згодна з "Уставай на валокі" (дакумент аб правядзенні рэформы), праводзілася новае землеўпарадкаванне. За адзінку вымярэння зямлі і ў той жа час за адзінку падаткаабкладання прымалася валока, чаму рэформа называецца яшчэ "валочная памера". Лепшая зямля адводзiлася пад гаспадарскi двор (фальварак). Памеры фальваркаў былi рознымi - ад 8 да 15 валок (ад 200 да 400 гектараў) зямлi i больш. Сялянскi надзел складала валока памерам у 33 маргi (морг раўняўся 0,71 га), або 23,43 га. Нягодная для ворыва зямля, калi яна сустракалася ў надзеле, кампенсавалася адпаведнай дабаўкай. Таму на практыцы валокi былi розных памераў - ад 33 да 46 маргоў, але лiчылiся адной падатковай адзiнкай. Моцныя сялянскiя гаспадаркi бралi i па дзве валокi, малыя - палову, 1/3 валокі - тады прапарцыянальна памяншаўся і памер сялянскіх павіннасцяў. На адну валоку фальварковай зямлi наразалася сем сялянскіх валок. Акрамя падворнага надзелу, сялянам адводзiлiся землi агульнага карыстання: сенажацi, выганы, лясы, азёры.

 

Паселеныя на новых надзелах сяляне дзялiлiся на два разрады - людзей "цяглых" i "асадных". Цяглыя сяляне павiнны былi сваiм iнвентаром i цяглом (рабочай жывёлай) апрацоўваць фальварковую зямлю. Іх асноўнай павiннасцю была паншчына - два днi ў тыдзень з валокi. Акрамя таго, яны выконвалі вялікі аб'ём іншых павіннасцяў: 4 дні талок у год, плацiлi ваенныя падаткi - сярэбшчыну i пагалоўшчыну, жарнавое і інш.

 

Астатнiх сялян вялiкi князь сялiў на "асадзе". Асадныя сяляне павiнны былi плацiць у год, у залежнасцi ад якасцi зямлi, ад 66 да 106 грошаў. Усе астатнiя павiннасцi яны выконвалі ў такiх самых памерах, як i цяглыя, г. зн. плацiць чынш, даваць авёс, сена, гусей, яйкi i г. д.

 

У вынiку ажыццяўлення рэформы 1557 г. у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм з'явiлася яшчэ адна катэгорыя сялян - "агароднiкi". Яны надзялялiся невялiкiмi ўчасткамi зямлi па 3, 6, 9 i больш маргоў у залежнасцi ад складу сям'i i наяўнасцi свабоднай зямлi. З надзелу памерам у 3 маргi яго ўладальнiк павiнен быў адпрацаваць у фальварку адзін дзень паншчыны ў тыдзень пешшу. З большага надзелу павiннасцi прапарцыянальна павялiчвалiся.

 

Спачатку аграрная рэформа была праведзена толькi ў вялiкакняжацкiх памесцях i толькi ў заходнiх ваяводствах. Ва ўсходнiх беларускiх ваяводствах яна не праводзiлася. Адной з асноўных прычын з'яўлялася тое, што там былi горшыя ўмовы для развiцця збожжавай гаспадаркi: балоцiстыя i пясчаныя глебы, аддаленасць ад балтыйскiх портаў i iнш. Не спрыялi i знешнепалiтычныя абставiны: улады ВКЛ баяліся, што любыя перамены, рэформы ва ўсходніх рэгіёнах княства будуць выкарыстаны праваслаўнымі сепаратыстамі для аддзялення і пераходу пад уладу Масквы. З той пары ўсходняя частка Беларусі паступова адставала ад заходняй у развіцці сельскай гаспадаркі.

 

Рэформа распаўсюдзілася і на феадальныя ўладанні ў заходніх паветах ВКЛ. Яе галоўным вынікам было навядзенне парадку ў аграрных адносінах, умацаванне буйной прыватнай уласнасці на зямлю. ВКЛ зраўнялася ў гэтай справе з перадавымі краінамі Заходняй Еўропы.

Пытанні для самакантролю

Як абмяжоўваў асабістую свабоду сялян Першы Статут ВКЛ 1529 г.?

Калі сялянская сям'я атрымала згодна з валочнай памерай тры валокі землі, то колькі дзён паншчыны яна павінна была адпрацаваць у фальварку?

14. Фарміраванне беларускага этнасу

 

У другой палове XIII ст. на тэрыторыi сучаснай Беларусi i суседнiх усходнiх i паўночных зямель пачынаецца працэс фармiравання беларускай народнасцi - гiстарычна складзенай устойлiвай супольнасцi людзей, якая характарызуецца агульнасцю мовы, побыту, культуры, рыс псiхiкi i этнiчнай самасвядомасцi, якiя перадаюцца з пакалення ў пакаленне, а таксама наяўнасцю саманазвы. Працэс фармiравання гэтых этнiчных прыкмет працягваўся амаль чатыры стагоддзi i пра-ходзiў пад уздзеяннем шмат якiх фактараў: сацыяльна-эка-намiчнага, палiтычнага, геаграфiчнага, царкоўна-рэлiгiйнага i iнш.

 

Адзенне

 

 

Аб'яднанне на працягу XIII-XIV стст. раздробленых зямель у складзе Вялiкага княства Лiтоўскага, падначаленне адзiнай вярхоўнай уладзе прывяло да iх тэрытарыяльнай кансалiдацыi i паслужыла штуршком для складвання этнiчнай тэрыторыi беларусаў - тэрыторыi кампактнага рассялення народа, з якой звязаны яго фармiраванне i развiццё. Этнiчная тэрыторыя адпавядала арэалам распаўсюджвання асноўных старажытных продкаў беларусаў - лiтвы, дайновы, яцвягаў, крывiчоў, дрыгавiчоў i радзiмiчаў i ўяўляла сабой у XIV-XVI стст. ужо дастаткова аднародную ў этнiчным сэнсе (монаэтнiчную) зону.

 

Палiтычны, эканамiчны фактары з'яўлялiся "фонам", на якiм адбывалася фармiраванне i развiццё беларускага этнасу. Палiтычная i сацыяльна-эканамiчная iнтэграцыя ў межах адной дзяржавы стварыла амаль што аднолькавыя ўмовы для этнакультурнага развiцця розных зямель, прывяла да нiвелiроўкi мясцовых асаблiвасцяў. У першую чаргу i хутчэй моўная i культурная нiвелiроўка адбывалася ў гарадах, асаблiва ў найбольш значных. Там мацней, чым у сельскай мясцовасцi, адчувалiся сувязi памiж асобнымi часткамi краiны.

 

 

Этнiчная тэрыторыя кожнага народа вызначаецца ўстойлiвасцю на працягу стагоддзяў. Яшчэ ў пачатку XX ст. беларусы насялялi Смаленшчыну, сумежжа Браншчыны, Чарнiгаўшчыны, Пскоўшчыны, Латгалii, а таксама Падляшша i Вiленскi край. У вынiку наступных штучных падзелаў гэтыя землi апынулiся па-за палiтычнымi межамi беларускай дзяржавы.

 

З XIII-XVI стст. на этнiчнай тэрыторыi Беларусi сфарміравалася самастойная мова са сваiмi спецыфiчнымi фанетычнымi i сiнтаксiчнымi асаблiвасцямi i лексiчным складам, якая ўжо карэнным чынам адрознiваецца ад старажытнарускай, рускай i украiнскай моў. Беларуская мова адносiцца да iндаеўрапейскай моўнай сям'i, якая ўзнікла прыкладна 3-2,5 тысячы гадоў да н.э. Некаторыя даследчыкi лiчаць, што важнейшыя асаблiвасцi нашай мовы ў той цi iншай меры iснавалi ўжо ў XIII ст. Паасобныя яе фанетычныя рысы адлюстраваны ў дагаворах XIII-XIV стст. Полацка, Вiцебска i Смаленска з Рыгай i Гоцкiм берагам, з якiх асаблiва паказальны дагавор смаленскага князя 1229 г.

 

У часы ВКЛ гаворкi дрыгавiчоў, полацка-смаленскiх крывiчоў i радзiмiчаў, якiя ўтваралi адну групу, канчаткова кансалiдавалiся ў беларускую мову. У галiне фанетыкi яе асаблiвасцямi сталi "дзеканне" (дзед, дзецi замест старажытных усходнеславянскiх дед, дети), "цеканне" (цётка, цень, мацi замест тетка, тень, мать), "аканне" (мароз, варона), "яканне" (вясна, зямля, сястра), цвёрды гук "р" (крыўда, пiсар, тры), "фрыкатыўнае вымаўленне "г", прыстаўныя зычныя i галосныя гукi ў пачатку слова (возера замест старажытнага озеро, iльняны замест льняны, iржа, вока i г. д.) i iнш., у сiнтаксiсе - выкарыстанне слоў "каб", "калi", часцiц "цi", "чы" i iнш.

 

Развiццю старажытнабеларускай (цi, як яе называлi тады, "рускай") мовы спрыяла тое, што ў канцы XIV-XVII стст. яна з'яўлялася дзяржаўнай мовай Вялiкага княства Лiтоўскага з першых стагоддзяў яго iснавання. На ёй размаўлялi вялiкiя князi лiтоўскiя i лiтвiнская феадальная знаць. На ёй працавалi княжацкая канцылярыя ў Вiльнi, судовыя ўстановы, магiстраты. На ёй размаўлялi на соймах i ў час дыпламатычных перагавораў. У часы ад Аляксандра Ягелончыка да Жыгiмонта III вялiкая колькасць грамат, прывiлеяў, лiстоў, наказаў, спiсаў i iншых актавых дакументаў пiсалася на абеларушанай царкоўнаславянскай мове. Яе ўжыванне ў афiцыйным справаводстве было заканадаўча замацавана Статутам ВКЛ 1588 г. На ёй стваралiся шматлiкiя летапiсы, мастацкiя, публiцыстычныя i мемуарныя творы, на яе перакладалi воiнскiя i рыцарскiя аповесцi i раманы, гiстарычныя хронiкi i апакрыфiчныя аповесцi. Ф. Скарына, С. Будны, дзеячы уніяцкай царквы спрыялі ўвядзенню беларускай мовы ў сакральную (рэлігійную) сферу, што таксама з'яўляецца сведчаннем факта сфарміраванасці нашай народнасці. С. Будны ў 1562 г. у Нясвiжскай друкарнi выдаў беларускамоўны "Катэхiзiс".

 

Беларуская мова з другой паловы XVI ст. паступова пачала здаваць свае пазiцыi пад нацiскам польскай. У сувязi з перайманнем шляхтай чужой мовы ў сiтуацыi двухмоўя наша мова пакрысе выцясняецца з ужытку. Рашэннем сойма 1696 г. статус дзяржаўнай на тэрыторыi княства быў замацаваны за польскай мовай.

 

Паступова складваліся агульныя абрады (Каляды, Масленiца, Купалле, Дзяды i iнш.) і звычаi (сябрына - сумеснае карыстанне сенажаццю, пашай, пчоламi i г. д.; дружба i ўзаемадапамога саўладальнiкаў гэтай маёмасцi - сяброў; талака - калектыўная суседская дапамога ў гаспадарчых работах).

 

Такiм чынам, на працягу другой паловы XIII-XVI стст. на акрэсленай этнiчнай тэрыторыi сфармiраваліся своеасаблiвы агульнабеларускi комплекс традыцыйнай культуры i сiстэма мовы, якiя сведчылi пра нараджэнне новага этнасу. XVII i XVIII стст. былi перыядам узмацнення i далейшага развiцця новых этнiчных прыкмет.

 

Знешняй формай праяўлення самасвядомасцi з'яўляецца назва народа - этнонiм.

 

У XIII-XVI стст. у дачыненнi да насельнiцтва Беларусi ўжывалiся розныя этнонiмы. Да XVII ст. абагульняючай для праваслаўнага насельнiцтва Беларусi, Украiны, Масковii з'яўлялася назва "Русь", "рускiя", "русiны". Хоць у iх грамадскай свядомасцi захоўвалася ўяўленне аб асаблiвай блiзкасцi ўсходнеславянскiх народаў, якое замацоўвала праваслаўная царква, насельнiкі Русi Лiтоўскай i Русi Маскоўскай лiчылі кожны менавiта сябе "сапраўднай" руссю, а сваiх суседзяў называлi "масквой", "маскавiтамi", "маскалямi" цi, адпаведна, "лiтвой", "лiтвiнамi", "ліцвінамі", "лiтоўцамi". Беларускiя "русiны" ўжо ў XV-XVI стст. адрознiвалi сябе ад "маскавiтаў" суседняй дзяржавы, iх мову называлі "маскоўскай", а сваю - "рускай". Этнонiм "рускiя людзi" меў больш стабiльную распаўсюджанасць сярод жыхароў усходняй Беларусi i Смаленшчыны.

 

Украiнцы, рускiя, палякi i iншыя еўрапейскiя народы называлi беларусаў "лiтвiнамi", гэта ж паняцце было саманазвай i беларускага насельнiцтва. Славянiзаванае вызначэнне "лiтвiны" адрознiвалася ад саманазвы ўласна літоўцаў, якая гучала як "lietuwis", "lietuviai", "lietuwininkas". У XIV-XV стст. "лiтвiнамi" называлi сябе пераважна жыхары заходнiх зямель Беларусi i ўсходу Летувы. У XVI i асаблiва ў XVII-XVIII стст. назва распаўсюджваецца на ўвесь беларускi этнас.

 

Гэта форма нацыянальнага самавызначэння насель-нiцтва Беларусi (асаблiва шляхты) умацоўваецца пасля аб'яднання княства з каралеўствам у Рэч Паспалiтую, якое разглядалася як "аб'яднанне дзвюх нацый (палякаў i лiтвiнаў) у "адзiную нацыю". Мясцовыя магнаты i шляхта доўгi час падкрэслiвалi, што яны менавiта "лiтвiны", чым выказвалi даволi высокi ўзровень дзяржаўна-нацыянальнай самасвядомасцi. Назвы "лiтвiны", "Лiтва", на думку даследчыкаў, былi найбольш абагульняючай формай этнiчнай самасвядомасцi i самавызначэння беларускага насельнiцтва ў XVII-XVIII стст.

 

Названыя этнонiмы ў залежнасцi ад абставiн маглi ўжывацца паасобку цi сумесна ("лiтвiн рускага роду", "лiтвiн-беларусец"), але ўсе яны з'яўлялiся элементамi этнiчнай самасвядомасцi беларускага народа. Аддзялiўшы ад сябе словы "Лiтва" i "Русь", мы атрымалi поўную блытанiну ў нашай мiнуўшчыне - не маглі знайсцi ў сваёй гiсторыi сябе, заблыталiся, што ў нашай культуры нашае, а што чужое, адкуль мы i адкуль iншыя.

Пытанні для самакантролю

Якія плямёны славян і балтаў жылі на тэрыторыі Беларусі ў Х-ХІІ стст.?

Хто такія літвіны?

15. Францыск Скарына - першадрукар, асветнік, гуманіст

 

Зоркай першай велічыні на небасхіле нашай нацыянальнай культуры і сёння з'яўляецца Францыск Скарына (каля 1490 - каля 1551) - найбольш велічная постаць эпохі Адраджэння на Беларусі. Геній Скарыны - заснавальніка усходнеславянскага кнігадрукавання, асветніка-гуманіста, доктара медыцыны, арыгінальнага мысліцеля, пісьменніка-публіцыста, перакладчыка-паліглота, выдаўца - мог зрабіць гонар любой дзяржаве.

 

Паходзіць Францыск з Полацка з купецкай сям'і. Бацька Лука і старэйшы брат Іван займаліся аптовым гандлем скурай, ад назвы якой (старажытны варыянт "скора"), верагодна, і пайшло іх прозвішча. |

 

Пачатковую адукацыю хлопчык атрымаў у Полацку ці сталічнай Вільні. У 1504 г. быў прыняты на факультэт свабодных навук Кракаўскага універсітэта - адной са старэйшых і лепшых навучальных устаноў Еўропы - і тут у 1506 г. атрымаў ступень бакалаўра свабодных мастацтваў. У час вучобы ў Кракаве Скарына ўсвядоміў навуковыя і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі, пазнаёміўся з багатай кніжнай прадукцыяй мясцовых і замежных друкарняў, з азамі тэхнікі друку. Вынаходніцтва каля 1440 г. кнігадрукавання - "мастацтва з усіх мастацтваў, навукі з усіх навук", як назваў яго "бацька" кнігадрукарства немец Ёхан Гутэнберг, з'яўляецца адным з найвялікшых дасягненняў чалавечай цывілізацыі. Рэвалюцыйная роля гэтага вынаходніцтва праявілася ў тым, што ўжо ў канцы ХV cт. у Еўропе дзейнічала звыш 200 друкарняў у 69 гарадах. Польшча стала другой пасля Чэхіі краінай, якая ўкараніла вынаходніцтва Гутэнберга. Відаць, менавіта ў Кракаве ў Скарыны выспела высакародная задума - даць і свайму народу друкаваную кнігу, прычым на яго ж роднай мове. Але пакуль набытага інтэлектуальнага досведу было мала, каб распачаць задуманую справу. Ён прагнуў новых ведаў, імкнуўся спасцігнуць новыя навукі.

 

Адсутнасць крыніц, на жаль, не дае магчымасці ў дэталях аднавіць усе этапы біяграфіі нашага славутага земляка. Дзе ён знаходзіўся і чым займаўся ў 1507-1511 гг., невядома. Аднак не падлягае сумненню, што ён працягваў адукацыю ў адным з еўрапейскіх універсітэтаў (магчыма, у Кракаве, Празе ці Германіі), паглыбляў свае веды па філасофіі, праву, прыродазнаўству, медыцыне. Восенню 1512 г. Францыск прыбыў у Італію, у знакаміты Падуанскі універсітэт, ён ужо меў ступень доктара свабодных навук і быў сакратаром дацкага караля. 9 лістапада ў прысутнасці 24-х буйнейшых вучоных гэтага універсітэта Скарына быў экзаменаваны ў галіне медыцыны і адзінадушна прызнаны ў званні доктара медыцыны.

 

Ф. Скарына на карціне Л. Дудурэнкі.

 

У нашых ведах аб Скарыне, які ўжо дасягнуў вышынь еўрапейскай адукацыі, за 1513-1516 гг. - зноў прагал. Менавіта ў гэты час ён вырашыў прысвяціць сябе кніга-друкаванню. Заручыўшыся фінансавай падтрымкай землякоў з Вільні і Полацка: багатых віленскіх гараджан Багдана Онкава, Якуба Бабіча, Юрыя Адверніка, свайго брата Івана, ён паехаў у Прагу і там заснаваў друкарню, у якой паклаў пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню, выдаў 6 жніўня 1517 г. сваю першую кнігу - Псалтыр, а потым на працягу 1517-1519 гг. - яшчэ 22 кнігі Бібліі. Скарына выдаў іх з уласнымі прадмовамі і пасляслоўямі пад агульнай назвай "Библия руска". Выбар на карысць Бібліі быў зроблены таму, што ў тыя часы, калі грамадства на яго радзіме яшчэ ў цэлым не ўзнялося да разумення значэння свецкай кнігі, Біблія была самай прыдатнай кнігай для яго асветніцкай мэты. Еўрапейскія гуманісты, якім з'яўляўся і наш зямляк, лічылі Біблію свайго роду універсальным падручнікам, энцыклапедыяй, дзе чытач мог знайсці адказы на многія складаныя пытанні.

 

 

Мова Скарынавых выданняў набліжана да беларускай, хоць у аснове сваёй заставалася царкоўнаславянскай. Кнігі выдадзены на высокім для таго часу паліграфічным узроўні, аздоблены гравюрамі, сярод якіх двойчы змешчаны ўласны партрэт першадрукара; сігнетам - друкарскім знакам Скарыны з выявай сонца, прыкрытага месяцам; арнаментаваны застаўкамі і канцоўкамі, што зрабіла іх унікальнымі помнікамі еўрапейскай кніжнай культуры і айчыннага мастацтва.

 

У канцы 1519 ці пачатку 1520 гг. Скарына перанёс кнігадрукаванне на ўсход Еўропы, на радзіму. У Вільні ў доме свайго апекуна, мецэната, бурмістра Якуба Бабіча ён уладкаваў першую на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага друкарню і на працягу 1522-1525 гг. выпусціў у свет "Малую падарожную кніжку" (каля 1522 г.) і "Апостал" (1525). Першая, невялікая па фармату, кніжка адрасавалася людзям, якія па характару сваіх заняткаў вымушаны былі часта вандраваць (купцы, воіны і інш.) і маглі ў дарозе атрымліваць з яе канфесійную, астранамічную інфармацыю, а пры неабходнасці - прыгадваць словы малітваў ці псалмаў. "Апостал", адна з найбольш папулярных царкоўна-рэлігійных кніг, - першая дакладна датаваная кніга, надрукаваная на тэрыторыі ВКЛ і апошняе па часе скарынаўскае выданне.

 

Пра далейшае жыццё і дзейнасць Францыска побач з шэрагам дакладных фактаў існуюць гіпотэзы. Да іх адносяцца меркаванні аб знаходжанні Скарыны ў 1525 г., у разгар Сялянскай вайны ў Германіі, у Вітэнбергу і аб яго сустрэчы з М. Лютэрам, а таксама версія аб паездцы пасля 1525 г. разам са сваім мецэнатам Б. Онкавым з мэтай распаўсюджання выдадзеных кніг і арганізацыі кнігадрукавання ў Маскву, дзе, аднак, прывезеныя кнігі былі канфіскаваны і спалены.

 

Жыццёвых нягод, якія абрынуліся на першадрукара, хапіла, каб рашыцца на змену месца жыхарства. Каля 1535 г. ён цяпер ужо назаўсёды пакідае радзіму і зноў пасяляецца ў Празе. У чэшскай сталіцы ён працаваў вучоным-батанікам і садоўнікам у каралеўскім батанічным садзе Фердынанда I Габсбурга. Відаць, у Чэхіі Скарына правёў апошнія гады свайго жыцця і памёр у канцы 1551 г. ці студзені 1552 г. у далечыні ад радзімы. Месца яго пахавання невядома.


<== previous lecture | next lecture ==>
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 3 page | Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 5 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.046 s.