|
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 5 pageDate: 2015-10-07; view: 519.
Геніяльнае пачынанне Скарыны, багатыя скарынінскія традыцыі былі падхоплены, працягнуты і развіты яго сучаснікамі і паслядоўнікамі - выдатнымі друкарамі, пісьменнікамі, вучонымі І. Фёдаравым і П. Мсціслаўцам, С. Будным, В. Цяпінскім, братамі Мамонічамі і інш. Кнігі Ф. Скарыны распаўсюджваліся і карысталіся папулярнасцю і аўтарытэтам на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Літвы, Расіі і іншых краін. Яны беражліва захоўваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне, служылі ўзорам для пераймання паслядоўнікамі і здзейснілі вялікую культурную місію ва Усходняй Еўропе. На сённяшні дзень захавалася каля 400 экзэмпляраў кніг Скарыны. Як найкаштоўнейшыя рэліквіі яны зберагаюцца ў музеях і бібліятэках розных краін свету. На Беларусі ж іх, на жаль, не засталося ніводнай.
Скарына разумеў важнасць роднай мовы як фактару, які спрыяе захаванню цэласнасці народа, яго адзінства і нацыянальнай самабытнасці. Таму ён замацаваў родную мову ў высокай літаратуры сусветнага значэння - ў Бібліі - як мову раўнапраўную, "боскую", побач з класічнымі агульнапрызнанымі кананічнымі мовамі (лацінскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай). Ён даказаў яе права на "свяшчэнства". І ў гэтым яго вялікая заслуга перад сваім народам і перад усім славянскім светам. Скарына стаяў ля вытокаў беларускай нацыянальнай культуры і стаў яе сімвалам.
Рашэннем ЮНЭСКА 1990 год быў абвешчаны годам Францыска Скарыны. Пытанні для самакантролю Дзе Скарына атрымаў ступень бакалаўра, а дзе доктара медыцыны? Як называлася апошняя кніга Скарыны? 16. Барацьба за гегемонію ва Усходняй Еўропе ў ХІV-ХVI стст.
У першай палове ХІV ст. ва Усходняй Еўропе ўзмацняюцца тэндэнцыі цэнтралізацыі грамадска-дзяржаўнага ладу. Услед за Навагародкам і Вільняй пачаў збіраць рускія землі маскоўскі князь Іван Каліта (1325-1340). Набірала сілу Цвер. Літоўскія князі ўмешваліся ў барацьбу паміж Цвер'ю і Масквой за вялікае княжанне Уладзімірскае, пры гэтым рабілі стаўку на Цвер.
Пры Альгердзе, сыне Гедыміна, (1345-1377) Вялікае княства Літоўскае выступіла з палітычнай праграмай аб'яднання, збірання ўсіх усходнеславянскіх зямель і абвясціла сябе пераемнікам духоўных і культурна-гістарычных традыцый старажытнай Русі. Больш як удвая павялічыў князь тэрыторыю дзяржавы, пашырыў яе межы далёка на поўдзень і на ўсход. Ён далучыў да яе землі на Дняпры і Сожы, большую частку Украіны, частку заходніх зямель сучаснай Расіі. Умацаваў пазіцыі ВКЛ у Ноўгарадзе і Пскове, намагаўся перамагчы Маскву. У арбіце палітычнага прыцягнення Літвы апынуўся Смаленск.
За два дзесяцігоддзі да Дзмітрыя Данскога Альгерд атрымаў выдатную перамогу над мангола-татарамі, разграміў іх у 1362 г. на Сініх Водах (цяпер рака Сінюха, прыток Паўднёвага Буга). Гэта перамога карэнным чынам змяніла лёс украінскага народа: вызваленая ад ардынскага ярма Украіна ўрэшце атрымала магчымасць эканамічнага і культурнага развіцця. Практычна ўся паўднёва-заходняя палова зямель былой Кіеўскай Русі ўвайшла тады ў склад ВКЛ. Разам з Кіеўскім княствам у 60-я гады XIV ст. увайшлі ў яго склад і апошнія з беларускіх зямель - Брагінская і Мазырская воласці, падпарадкаваныя Кіеву.
Альгерд падтрымліваў цесны саюз з Цвер'ю, замацаваны шлюбам на цвярской княжне Ульяне, і дапамагаў ёй у барацьбе з Масквой. Альгерд аб'яднаў пад сваёй уладай большую частку гістарычнай Кіеўскай Русі і рэальна прэтэндаваў на завяршэнне гэтага працэсу на ўсходзе. У 1368, 1370 і 1372 гг. ён рабіў паходы на Маскву, але падпарадкаваць яе не ўдалося.
Збіральніцкую, аб'яднаўчую палітыку сваіх папярэднікаў на ўсходнеславянскіх землях працягнуў Вітаўт. Для пашырэння сферы свайго ўплыву ён выкарыстаў аслабленне Залатой Арды, бязладдзе ў Паўночна-Усходняй Русі. Вітаўт у 1395 г., авалодаў Смаленскам і падначаліў яго сваёй уладзе, паставіў у ім свайго намесніка. Без асаблівых канфліктаў Вітаўт дамогся прызнання сваёй улады Ноўгарадам. Пад пратэктарат ВКЛ трапілі таксама Разанскае княства і Пскоў. Каб захаваць выхад да Чорнага мора, Вітаўт замацаваў у складзе сваёй дзяржавы паўднёвае Падолле. У гэты час ВКЛ займала найбольшую ў сваёй гісторыі тэрыторыю - ад Нёмана і Дзвіны да нізоўя Дняпра і Днястра, да прычарнаморскіх стэпаў, ад мора і да мора.
Бітва з татарамі. Літаграфія М. Басалыгі
Пасля Крэўскай уніі ў 90-я гг. XIV ст. Вітаўт выступіў з прапановай стварэння самастойнага, здольнага супрацьстаяць Польшчы, Руска-Літоўскага каралеўства, якое ўключала б і землі Маскоўскай Русі. Яго падтрымаў татарскі эмігрант хан Тахтамыш, скінуты з золатаардынскага трона. Вітаўтам і Тахтамышам была распрацавана праграма ўзаемападтрымкі і сумесных дзеянняў. Князь абяцаў хану дапамогу ў вяртанні ўлады над Залатой Ардой. Той абавязаўся зрабіць Вітаўта гаспадаром усёй Рускай зямлі. Але грандыёзнае паражэнне на Ворскле ў 1399 г. войска ВКЛ, пасланага ў падтрымку Тахтамыша, негатыўна паўплывала на лёс дзяржавы: супраць пахіснутай улады Вітаўта ўзбунтаваліся Смаленск і Ноўгарад; давялося санкцыянаваць новую унію з Польшчай.
Тры разы хадзіў Вітаўт супраць Масквы, апошні раз у 1408 г., калі ён сустрэўся з рускім войскам на рацэ Угры (прыток Акі). Вітаўт і маскоўскі князь Васіль (яго зяць) вырашылі заключыць мір і правесці мяжу паміж сваімі ўладаннямі па Угры, якая такім чынам стала крайнім усходнім рубяжом ВКЛ у час яго найбольшых памераў.
Аднак вялiкi князь маскоўскi Iван III (1462-1505) падпарадкаваў сабе схільны аддацца пад уладу Літвы Ноўгарад, перамог апошняга канкурэнта Масквы княства Цвярское. Пасля канчатковага звяржэння мангола-татарскага ярма (1480) князь маскоўскi абвясціў аб праве Масквы на абшары ўсёй былой iмперыi Рурыкавiчаў. А тым часам праваслаўная знаць усходнеславянскiх (рускiх) зямель ВКЛ была незадаволенай сваiм нераўнапраўным становiшчам у параўнаннi з феадаламi-католiкамi і выказвала прамаскоўскiя настроi. Яе прадстаўнікі (князi Варатынскiя, Бялеўскiя, Мярэцкiя, Вяземскiя, Адоеўскiя і інш.) прымалі маскоўскае падданства, а іх зямельныя надзелы з вайсковай дапамогай суседскай дзяржавы ўключаліся ў яе склад. Так без абвяшчэння адкрытай вайны ў 80-я г. ХV ст. на ўсходнiх межах княства пачалiся сапраўдныя ваенныя дзеяннi. Iдэалагiчным прыкрыццём далучэння новых тэрыторый для маскоўскага ўрада быў лозунг абароны праваслаўя ў ВКЛ.
Аршанская бітва 1514 г. Нацыянальны музей у Варшаве
У першай палове ХVІ ст. Маскоўская дзяржава развязала супраць ВКЛ цэлую серыю войнаў, у выніку якіх Маскоўская Русь адваявала трэцюю частку ўсходнiх зямель ВКЛ. Суадносiны сiл Масквы i Вiльнi няўмольна змянiлiся. Пераламаць сітуацыю не змагла нават славутая перамога над маскоўскім войскам 8 верасня 1514 г. пад Оршай. Аслабленае няўдалымі войнамi i бесперапыннымi набегамi крымскiх татар, ВКЛ ужо не магло весцi спрэчку за страчаныя тэрыторыі. А ў сярэдзiне XVI ст. ВКЛ сустрэлася з дамаганнямi Iвана IV ужо на сучасныя беларускiя i ўкраiнскiя землi.
У 1558 г. Руская дзяржава распачала барацьбу за тэрыторыю Лiвоніі i выхад да Балтыйскага мора. Але на яе шляху ў Еўропу стаяла Вялiкае княства Лiтоўскае - захоп Лівоніі ствараў пагрозу яго паўночным рубяжам. Віленскім пагадненнем 1561 г. польскi кароль i вялiкi лiтоўскi князь Жыгiмонт ІІ Аўгуст узяў Лівонію пад сваю апеку і запатрабаваў ад Iвана IV вывесцi адтуль свае войскi. Цар катэгарычна адмовiўся. Тады ВКЛ уступіла ў вайну i паслала на абарону Лiвонii сваё войска. У адказ на гэта Iван Грозны накiраваў свае асноўныя сiлы на тэрыторыю Беларусi, якая стала асноўным тэатрам вайны.
15 лютага 1563 г. пасля двухтыднёвай аблогі 60-тысячнае маскоўскае войска на чале з самім Iванам IV захапіла і разрабавала Полацк. Амаль уся паўночная Беларусь папала пад 16-гадовую акупацыю. Рускi цар узмацнiў свае пазiцыi на заваяванай тэрыторыi, пабудаваў у раёне Полацка шэраг крэпасцей: Сушу, Каз'яны, Усвят і інш.
Пасля заключэння Люблінскай уніі Маскоўская дзяржава мусіла ўжо мець справу з Рэччу Паспалітай. Аб'яднанне 1569 г. дазволiла новаму каралю Стэфану Баторыю сабраць новае літвінска-польскае войска, падмацаваць яго атрадамi венграў i наёмнiкаў - немцаў. 30 жніўня 1579 г. гэта 40-тысячная армiя адваявала Полацк. Наступную кампанiю 1580 г. Баторый праводзiў ужо на маскоўскай тэрыторыi - пачаў аблогу моцнай рускай крэпасцi - Пскова. Сiлы абедзвюх дзяржаў (Рэчы Паспалiтай i Масковii) былi на мяжы магчымага. Таму 15 студзеня 1582 г. яны падпiсалi 10-гадовае Ям-Запольскае перамiр'е. Iван IV адмаўляўся ад Прыбалтыкi (Лiвонii) i ад Полацкай зямлi, а Рэч Паспалiтая вяртала Масковіі крэпасцi на яе тэрыторыi. Дзяржаўная мяжа практычна не мянялася.
Такім чынам, канфрантацыя Літвы і Масковіі ў ХІV-ХVI стст. прывяла да значных перамен ва Усходняй Еўропе. Масква аб'яднала вакол сябе Паўночна-Усходнюю Русь, перамагла татараў, захапіла Паволжа, стварыла велізарную, цэнтралізаванную, моцную дзяржаву. Падчас Лівонскай вайны цар Іван IV быў блізкі да таго, каб і на Захадзе атрымаць перамогу, адабраць у ВКЛ частку ўсходнеславянскіх зямель. Гэта вымусіла ВКЛ пайсці на новую ўнію з Польшчай і стварэнне федэратыўнай дзяржавы - Рэчы Паспалітай, што дало часовую перавагу пад Масквой і на два стагоддзі адтэрмінавала расійскую экспансію. Пытанні для самакантролю Хто з вялікіх князёў далучыў да ВКЛ Кіеў і іншыя украінскія землі? Чым закончылася Лівонская вайна?
ІІІ. РЭЧ ПАСПАЛІТАЯ АБОДВУХ НАРОДАЎ Люблiнская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай Утварэнне уніяцкай царквы Рэнесанс - цывілізацыйны скачок Еўропы Рэфармацыя ў Еўропе і Беларусі Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай Сацыяльна-эканамічнае развіццё Супрацьдзеянне Рэчы Паспалітай татарскай, шведскай і турэцкай агрэсіі Канфрантацыя Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай Вынікі Паўночнай вайны для беларусаў Адукацыя і асвета ў Беларусі ў XVI-XVIII cтст. Заняпад Рэчы Паспалітай і яе першы падзел Спробы рэформ і другі падзел Рэчы Паспалітай Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Ліквідацыя Рэчы Паспалітай 17. Люблiнская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай
Гiсторыя зблiжэння Вялікага княства Літоўскага з Польскім каралеўствам бярэ свой пачатак з Крэўскай уніі 1385 г., калi дзве дзяржавы ўпершыню аб'ядналiся на аснове дынастычна-персанальнай унii пры захаванні імі пэўнай самастойнасці ва ўнутранай і знешняй палiтыцы. Неаднаразовае аднаўленне і перазаключэнне унiй (у 1401, 1413, 1446, 1501 гг.) сведчыць, па-першае, аб іх нетрываласці, па-другое, аб наяўнасці ў жыццi абедзвюх дзяржаў такiх фактараў, якiя падштурхоўвалi iх да зблiжэння. У XV-XVI стст. вызначылася трывалая тэндэнцыя: чым больш абвастралiся адносiны Вiльнi з Масквой, тым больш ВКЛ схiлялася да аб'яднання з Польшчай. Няўдачы ў Лiвонскай вайне, захоп войскам Iвана Грознага Прыбалтыкi i Полацка адсекла ўсходнюю i цэнтральную часткі Беларусi ад мора, што было цяжкiм ударам па гандлi. Сiлы дзяржавы былi на мяжы магчымага. Гэта вайна, як адзначалi пазней палiтыкi, прыгнала ВКЛ да новай унii з Польшчай.
У XVI ст. апрача рэлiгiйных супярэчнасцяў, узніклі iншыя - ўнутрысаслоўныя супярэчнасцi памiж магнатэрыяй (багатай шляхтай) i шляхтай сярэдняй ды дробнай. Элiтарнае магнацтва, буйныя землеўласнiкi мелі амаль неабмежаваную ўладу ў ВКЛ, праводзiлі на соймах і сойміках свае рашэннi, манiпулявалі большасцю шляхтай, якая не мела ў дзяржаве нiякай рэальнай улады. Літвінскую шляхту прываблівалі "залатыя вольнасцi" польскай шляхты, якая мела доступ да ўлады, рашуча ўплывала на ўнутраную i знешнюю палiтыку ўрада. Дасягненне гэтых мэтаў літвінская шляхта звязвала з заключэннем унii з Польшчай.
Альтэрнатывай саюза з Польшчай для ВКЛ магло быць заключэнне унii з Масковiяй i прызнанне над сабой улады Iвана IV цi яго сына. Але маскоўскае дваранства не мела такой вольнiцы, як польскiя шляхцiчы. Больш таго, гэта быў час апрычнiны, дэспатычны рэжым Iвана IV адпужваў літвінскую шляхту.
На перамовах урад ВКЛ i кiруючыя колы Польшчы прапаноўвалi розныя ўмовы злучэння дзяржаў. Літвінскія палітыкі хацелi абмежавацца ваенна-палiтычным саюзам, якi б захаваў незалежнасць i самастойнасць княства. Прадстаўнiкi Польшчы стаялi за скасаванне незалежнасцi ВКЛ. Кожны бок цвёрда стаяў на сваiм.
Для канчатковага вырашэння пытання аб унii на 23 снежня 1568 г. быў прызначаны з'езд у Люблiне. Паслы ВКЛ, у лiку якiх было шмат магнатаў, адчувалі, што абставiны складваюцца не на iх карысць, збiралiся памалу i як бы нехаця. Больш-менш значная колькасць iх сабралася толькi да 10 студзеня 1569 г. У склад дэлегацыi ВКЛ уваходзiлi канцлер i вiленскi ваявода Мiкалай Радзiвiл Руды, падканцлер Астафей Валовiч, жамойцкi стараста Ян Хадкевiч, падскарбiй Мiкалай Нарушэвiч i iншыя ўплывовыя асобы. На сойм прыбылi кароль i каля 160 паслоў i сенатараў Польшчы i ВКЛ. У гэты ж дзень пачалiся перамовы. Амаль шэсць месяцаў працягваўся сойм. Кожны бок ставiў свае ўмовы, якiя не прымалiся супрацьлеглым. Нiхто не саступаў. Больш таго, дэлегацыя ВКЛ раскалолася на магнацкую i шляхецкую групы, з якiх першая была супраць, а апошняя стаяла за ўтварэнне унii з Польшчай.
Калi паслы княства ўбачылi пагрозу гвалтоўнага заключэння унii на непрымальных для сваёй дзяржавы ўмовах, яны ў знак пратэсту ў ноч на 1 сакавiка 1569 г. пакiнулi Люблiн з намерам сарваць перамовы. Пры падтрымцы польскiх паслоў вялiкi лiтоўскi князь, кароль польскi Жыгiмонт Аўгуст, скарыстаў цяжкае знешнепалiтычнае становiшча княства і фактычна здзейснiў акт дзяржаўнай здрады - незаконна, насуперак сваiм абяцанням i прысягам аб захаваннi цэласнасцi тэрыторыi ВКЛ, 5 сакавiка 1569 г. выдаў унiверсал аб перадачы Польшчы Падляшша з гарадамi Бельск, Беласток, Драгiчын-на-Бугу, Мельнiк. Такiмi ж незаконнымi актамi, без згоды сойма былi адарваны ад княства i далучаны да Польшчы Валынь, Падолле, Кiеўшчына.
Супрацьпраўныя акты Жыгiмонта Аўгуста, разбурэнне адзiнага фронту барацьбы за незалежнасць княства з-за пазiцыi ўкраiнскiх паслоў i сенатараў зламалі супрацiў магнатаў. У чэрвенi на пагрозлiвы выклiк караля яны вярнулiся ў Люблiн. Жыгiмонт загадаў дэпутатам літвінам прыняць унiю. Магнаты пайшлi на згоду.
1 лiпеня 1569 г. быў падпiсаны акт унii. Паводле гэтага акта, Каралеўства Польскае i Вялiкае княства Лiтоўскае злучаліся ў адну дзяржаву, якая атрымлівала назву Рэч Паспалiтая. Унiя была заключана на наступных умовах:
Люблінскі сойм 1569 г. Гравюра ХVI ст.
Злучаныя дзяржавы маюць аднаго гаспадара - караля, якi носiць тытул "кароль польскi i вялiкi князь лiтоўскi, рускi, прускi, мазавецкi, жамойцкi, кiеўскi, валынскi, падляшскi i лiфляндскi". Яго пасада была не спадчыннай, а выбарнай. Абiраюць яго народы абедзвюх дзяржаў разам, для гэтай мэты збiраецца сойм у Варшаве. Каранацыя караля адбываецца ў Кракаве. Лiтва не мае права абраць для сябе асобнага вялiкага князя. Для вырашэння найважнейшых дзяржаўных спраў збiраецца агульны сойм Рэчы Паспалiтай. Ён складаецца з дэпутатаў, абраных на павятовых соймiках. Пасяджэннi сойма праходзяць на польскай зямлi. Склiканне асобных соймаў для княтва i для кароны (с. зн. Польшчы) не прадугледжвалася. Усе нязгодныя з умовамi унii ранейшыя пастановы ВКЛ касуюцца. Украіна (Кіеўшчына, Валынь, Падолле i Падляшша) аддзяляюцца ад ВКЛ i далучаюцца да Польшчы. Лiвонiя аб'яўляецца сумесным валоданнем княства i кароны. Дзяржавы праводзяць агульную знешнюю палiтыку.
Разам з тым, Люблiнская унiя захоўвала пэўную самастойнасць ВКЛ. Яно мела сваё войска, асобнае ад Польшчы заканадаўства i судовую арганiзацыю, захоўвала даўнi адмiнiстрацыйны апарат i сваю пячатку. Польшча i ВКЛ захоўвалi самастойныя назвы i да канца XVII ст. мелi розныя дзяржаўныя мовы. Афiцыйнай дзяржаўнай мовай ВКЛ заставалася старабеларуская, у Польшчы - лацiнская. Доўгі час і грошы ў кароне i княстве былi асобныя. Захавалася нават мытная мяжа паміж імі.
Для iншых дзяржаў Рэч Паспалiтая была адзiным цэлым утварэннем, але ўнутры яе iснавала дзяленне на карону, або Польшчу, - у яе склад уваходзiлi польскiя i ўкраiнскiя землi, i княства, цi Лiтву, - яна складалася з зямель сучаснай Літвы, Беларусі i некаторых рускiх зямель.
Значная частка феадалаў ВКЛ праяўляла незалежнiцкiя, антыпольскiя настроi. Насуперак акту унii ў ВКЛ у 70-80-я гг. XVI ст. рэгулярна збiралiся агульнадзяржаўныя соймы. У 1581 г. была створана асобная вышэйшая судовая iнстанцыя для ВКЛ - Галоўны трыбунал. А прыняты ў 1588 г. Статут, па сутнасцi, скасоўваў многiя пастановы Люблiнскай унii.
Леў Сапега (1557 – 1633) – палитычны и ваенны дзеяч ВКЛ. Паходзищ са старажытнага роду аршанских баяр. З 1589 г. канцлер, а з 1625 – гетман ВКЛ. Пасля смерци караля Ст. Баторыя яго апанавала идэя абъяднання Рэчы Паспалітай з Расіяй. Аб'яднанне славянскіх народаў і абранне імі адзінага манарха, на яго думку, спрыяла б росту іх іх эканамічнага і ваеннага патэнцыялу, забяспечыла б трывалы мір. З імем Сапегі звязана падрыхтоўка і выданне 3-га Статута ВКЛ (1588) і стварэнне ў 1581 г. Трыбунала ВКЛ – найвышэйшай судова–апеляцыйнай інстанцыі дзяржавы.
Барацьбiтом за незалежнасць княства ў складзе Рэчы Паспалiтай, якi пастаянна дбаў пра ўмацаванне яго эканамiчнай i палiтычнай магутнасцi, быў буйнейшы палiтычны i грамадскi дзеяч ВКЛ Леў Сапега (1557-1633) - сакратар, потым пiсар дзяржаўнай канцылярыi, падканцлер i ўрэшце канцлер. Сапега вёў барацьбу з Жыгiмонтам III за поўную самастойнасць княства, iмкнуўся прымусiць яго паважаць законы сваёй дзяржавы. Ён дамогся таго, што кароль мусiў узгадняць свае рашэннi па ўсiх пытаннях на тэрыторыi княства з канцлерам.
Пытанні для самакантролю Хто ў ВКЛ быў за Люблінскую унію з Польшай, а хто супраць? Як вырашаўся лёс Украіны па ўмовах Люблінскай уніі? 18. Утварэнне уніяцкай царквы
Кiраўнiкi праваслаўнай i каталiцкай канфесiй вякамі выношвалi iдэю скасаваць негатыўныя наступствы царкоўнага расколу 1054 г., пераадолець загародку памiж цэрквамi i ўзмацнiць хрысцiянства праз яднанне. Iдэя унii то замiрала, то зноў уваскрасала. Была i спроба яе рэалiзацыi ў 1439 г. у Фларэнцыi. Тады ўпершыню ўдалося прымiрыць грэкаў з рымскай царквою. Пад Фларэнцiйскай унiяй стаяў подпiс маскоўскага мiтрапалiта. Фармальна яна пашыралася і на Вялікае княтва Літоўскае, але фактычна не была ажыццёўлена.
ВКЛ больш за iншыя дзяржавы адчувала негатыўныя наступствы падзелу хрысцiянства. Геапалiтычнае становiшча княства памiж Польшчай i Маскоўскай дзяржавай i двума сусветнымi рэлiгiйнымi цэнтрамi - Ватыканам i Канстанцiнопальскiм патрыярхатам - вымагала пошуку, з аднаго боку, кампрамісаў, а, з другога, самастойных шляхоў царкоўна-рэлiгiйнага развiцця сваёй дзяржавы. Калi ў адносiнах з заходнiм суседам удавалася дасягнуць пэўных кампрамiсаў, адносiны з усходнiм станавiлiся ўсё больш складанымi. Кіраўніцтву ВКЛ здавалася, што шляхам рэгiянальнай унii (калi правалiлася унiя Фларэнцiйская) магчыма вырашыць праблему супрацьстаяння на нашых землях Захаду i Усходу i стварыць самастойную царкву. Для шэрагу грамадскiх i рэлiгiйных дзеячаў царкоўны кампрамiс з'яўляўся таксама сродкам iнтэграцыi ў Заходнюю Еўропу. З дзевяцi мiтрапалiтаў, абраных у ВКЛ у XV ст., пяцёра абвяшчалі царкоўную унію або былі яе прыхiльнiкамi. Вядома калектыўнае пасланне праваслаўнага духавенства і свецкай знаці ВКЛ 1476 г. Папе Рымскаму з прапановай аб аб'яднанні з каталіцкай царквой.
А тым часам арыентаваная на заняпалую, Вiзантыю i яе культуру, беларуска-ўкраінская прававаслаўная царква апынулася ў другой палове ХVI ст. у крызісным стане, губляла свой аўтарытэт у грамадстве і вернікаў. Найперш яе адракалася знаць - прадстаўнікі інтэлектуальнай і палітычнай эліты, якія не маглі задаволіць свае духоўныя патрэбы ў праваслаўнай царкве, кінуліся спачатку ў вір рэфармацыйнага руху, а потым перайшлі ў каталіцызм. Спробы мясцовай іерархіі рэфармаваць царкву поспеху не мелі. Шукаць паратунку ў тых умовах ад свайго духоўнага цэнтра - Канстанцiнопальскага патрыярхату, які гібеў пад уладай туркаў, не прыходзiлася. З'явiлася думка, што залежнасць ад яго бескарысная i нават шкодная. Выключалася i арыентацыя на створаны ў 1589 г. Маскоўскi патрыярхат, якi прысвойваў сабе мiсiю "трэцяга Рыма", - пасля спусташальнай Лiвонскай вайны распаўсюджвання ўплыву Масковii ў ВКЛ баялiся.
Такiм чынам, рэлiгiйная згода 1596 г. паўстала ў вынiку збегу як комплексу еўрапейскiх рэлiгiйна-палiтычных адносiн 60-90-х гг. XVI ст., так i ўнутраных абставiн і з'явілася спробай вырашыць выступіўшыя ў рэлігійнай форме грамадска-палітычныя, нацыянальна-дзяржаўныя, міжнародныя і духоўна-культурныя праблемы і супярэчнасці ВКЛ, Беларусі і Украіны. Суб'ектамі уніі былі папства, улада Рэчы Паспалітай і Кіеўская мітраполія, кожны з якiх меў свае iнтарэсы i праводзiў уласную лiнiю ў царкоўнай сферы. Два першыя разглядалi унiю як пераходную ступень у рымска-каталiцтва. Беларуска-ўкраінскі епіскапат дастаткова паслядоўна адстойваў мясцовыя рэлiгiйна-палiтычныя i этнакультурныя iнтарэсы.
Арганізатарамі уніі былі брэсцкi епiскап Iпацiй Пацей i луцкi епiскап Кiрыла Тарлецкi. Спачуванне i дапамогу яны знайшлi ў асобе караля i князя Жыгiмонта Вазы i канцлера ВКЛ Льва Сапегi. На працягу 1590-1595 гг. на саборах, нарадах і перамовах з прадстаўнiкамi Ватыкана вы-крышталізоўвалiся ўмовы уніі, агаворваліся гарантыі забеспячэння самабытнага аблiчча, асобнасцi, правоў i прывiлеяў сваёй царквы. Былі выпрацаваны 33 артыкулы царкоўнай згоды, прызнанне якіх Папам Рымскім і каралём было ўмовай заключэння уніі. Яны вызначалі дагматычныя, абрадава-літургічныя, іерархічныя і юрыдычныя асновы і статус уніяцкай царквы, яе ўзаемаадносiны з дзяржавай, касцёлам. Артыкулы-ўмовы былі закліканы ліквідаваць дэзарганізацыю праваслаўнай царквы ва ўсіх сферах духоўнага, матэрыяльнага і культурнага жыцця і мелі выразную этна-ахоўную скіраванасць. Яны прадугледжвалі дзяржаўныя гарантыі уніяцкай царкве, нейтралiзоўвалі небяспеку ла-цiнiзацыi i паланiзацыi, прадугледжвалі захаванне адміністрацыйнай самастойнасці і незалежнасці ад польскага касцёла, павышэнне сацыяльнага статусу епіскапата, захаванне ўсходняй (візантыйскай) традыцыі. Форма i змест артыкулаў-умоў Берасцейскай уніі абвяргаюць стэрэатып аб поў-ным падпарадкаваннi беларуска-ўкраiнскай праваслаўнай царквы рымскай i расчыстцы шляху для польска-каталiцкай культурна-рэлiгiйнай экспансii. Гэта была спроба ўзгадаваць новую форму хрысціянскай рэлiгii на вiзантыйска-ўсходнеславянскай аснове з выкарыстаннем заходнiх традыцый.
На саборы праваслаўных епiскапаў у Берасцi вясной 1595 г. была абвешчана дэкларацыя аб рашэннi заключыць саюз з каталiцкай царквой. Яе падпiсалi кiеўскi мiтрапалiт Рагоза i ўсе епiскапы Вялiкага княства Лiтоўскага, акрамя львоўскага i перамышльскага. Сабор упаўнаважыў I. Пацея i К. Тарлецкага на далейшыя перамовы з каралём i Папам Рымскiм i - пры дасягненнi згоды - на правядзенне акта унii. Той самай восенню Жыгiмонт III звярнуўся да падданых сваёй дзяржавы з унiверсалам, у якiм абвясцiў рашэнне вышэйшага праваслаўнага духавенства аб унii, што патрэбна Рэчы Паспалiтай для ўзмацнення яе цэласнасцi, i заклiкаў у "добрай волi i любвi" прыняць унiю. Тады ж Пацей з Тарлецкiм паехалi ў Рым, дзе 23 снежня на пасяджэннi калегii кардыналаў з удзелам папы Клiмента VIII была ўрачыста абвешчана унiя.
Царкоўны сабор 6-9 кастрычнiка 1596 г. у Берасці санкцыянаваў гэты акт. Праціўнікі уніі правялі тады ў Берасцi альтэрнатыўны сабор. Ён аб'явiў iмпiчмент унiяцкiм уладыкам, адлучыў iх ад царквы i выракся царкоўнай еднасцi. Iдэолагi кожнага з гэтых лагераў былi ўпэўнены, што менавiта яны адстойваюць праўду, выказваюць iнтарэсы ўсяго этнасу. Каралеўскi унiверсал 15 снежня 1596 г. зацвердзiў унію. Урады Вялiкага княства Лiтоўскага i Польшчы, папства пачалi афiцыйна лiчыць яе здзейсненым фактам.
Уніяцкая, альбо грэка-каталіцкая царква ўзначальвалася кіеўскім мітрапалітам, які вызнаваў вяршэнства Папы Рымскага і ім прызначаўся. Рэзідэнцыя мітрапаліта знаходзілася ў Вільні, Наваградку, Мінску. Духавенства абіралася выключна з ураджэнцаў Беларусі і Украіны. Царква карысталася богаслужэбнай царкоўнаславянскай мовай (літургічнай), якая ў ХVII-XVIII стст. падверглася моцнай беларусізацыі, і беларускай ("рускай", паводле тагачасных крыніц), замацаванай рашэннем базыльянскай кангрэгацыі 1636 г. у якасці мовы казанняў. Грэка-католікі прызналі каталіцкую дагматыку, але захавалі праваслаўную абраднасць і юліянскі каляндар.
Уніяцтва стала верай, галоўным чынам, сельскага насельнiцтва, гарадскiх нiзоў, часткi дробнай i сярэдняй шляхты. Магнаты i ў большасцi сваёй шляхта пасля падаўлення Рэфармацыi аддавалi перавагу каталiцтву. У 1647 г. на тэрыторыі Рэчы Паспалітай было каля 4 тысяч уніяцкіх прыходаў і 13,5 тысяч праваслаўных. Поспехі новага веравызнання ў значнай меры былі забяспечаны мірнымі, негвалтоўнымі метадамі, адносна сумленным спаборніцтвам з праваслаўем, тым больш што ва ўмовах вядомай талерантнасці, гарантаванай соймам, спадзявацца толькі на прымусовыя метады распаўсюджвання не прыходзілася. На мяжы XVII-XVIII стст. уніяцтва стала самай масавай рэлігіяй у ВКЛ. Пытанні для самакантролю Якія спробы кансалідацыі хрысціянскіх канфесій вядомы да Берасцейскай уніі? Якім чынам унія 1569 г. была легімітызавана свецкай уладай? 19. Рэнесанс - цывілізацыйны скачок Еўропы
Хрысціянская цывілізацыя, якая ўсталявалася ў Заходняй Еўропе пасля гібелі цывілізацыі антычнай, на пэўны час замарудзіла культурны і сацыяльны прагрэс чалавецтва ў гэтай частцы Эйкумены. Хрысціянская царква адпомсціла антычнай цывілізацыі за стагоддзі жорсткіх рэпрэсій з боку рымскіх улад. Амаль усе дасягненні антычнай культуры былі адвергнутыя ці забароненыя. Навука, мараль, палітыка былі падпарадкаваныя хрысціянскім догмам і інтарэсам каталіцкага кліра. Рэакцыя царквы ў сферы духоўнай культуры і цемрашальства варвараў - новых гаспадароў Заходняй Еўропы абумовілі, што на працягу тысячагоддзя цывілізацыйны ўзровень Еўропы быў ніжэйшы ад дасягнутага ў антычную эпоху.
Феадальная раздробленнасць Еўропы і бесперапынныя войны таксама стрымлівалі эканамічнае і культурнае развіццё краін і народаў. Цяжкасці цывілізацытыйнага працэса тлумачыліся яшчэ і больш суровымі кліматычнымі ўмовамі большасці краін Еўропы ў параўненні скажам, з Крытам, Грэцыяй ці Італіяй.
І ўсё-ж рэгрэс у Еўропе не быў абсалютным. Пасля "вялікага перасялення народаў" і ўзнікнення феадальных дзяржаў па чалося наступовае развіццё ўсіх сфер жыцця. Павялічвалася колькасць насельніцтва, што само па сабе было фактарам прагрэса. Так, у Англіі ў ХІ ст. налічвалася каля 2 млн. жыхароў, а ў ХVI ст. - ужо 5 млн., у Германіі адпаведна - 3,5 млн. і 8 млн. чалавек. Толькі за 90% насельніцтва пражывала ў сельскай мясцовасці.
Фларэнцыя XV ст.
Феадальная эліта, якая складала да 10 працэнтаў насельніцтва, імкнулася да раскошы, стварала попыт на прадукцыю рамеснікаў і замежныя тавары, якія прывозілі гандляры. Рамеснікі і купцы абудоўвалі і пашыралі разрабаваныя некалі варварамі гарады ў Італіі, дзе спадчына антычнай цывілізацыі захавалася лепш, чым у іншых краінах, ужо ў ХІ-ХІІ стст. узніклі буйныя цэнтры міжнароднага гандлю - Генуя і Венецыя, Фларэнцыя. Мілан, Рым, Неапаль славіліся рамяством, Фларэнцыя да таго ж была буйнейшым банкаўскім цэнтрам. Варта зазначыць, што на другім месцы па колькасці гарадоў сярод краін Еўропы было Вялікае княства Літоўскае.
Гарадскія саслоўі (бюргеры - па-нямецку; буржуа - па-французку) на працягу некалькіх стагоддзяў занялі вельмі важнае месца ў сацыяльнай структуры сярэдневечнага грамадства. У гарадах равіваліся асвета і адукацыя, у процівагу царкоўнаму цемрацельству адраджаліся элементы навукі, фарміравалася грамадская думка. Адначасова гарады сталі саюзнікамі манархаў у перадаванні феадальнай раздробленнасці.
У XV ст. замест рамесніцкіх майстэрняў пачалі стварацца мануфактуры, быў новы падзел працы: не толькі паміж рамёствамі, але і паміж работнікамі адной спецыяльнасці, якія цяпер выконвалі толькі асобныя тэхналагічныя аперацыі. У выніку ў мануфактурах выдайнасць працы пераўзышла ўзровень, якога дасягалі папярэднія цывілізацыі. Буржуазія хутка багацела, а яе танныя вырабы змянілі быт і лад жыцця ўсіх саслоўяў грамадства.
Новы ўдар па традыцыйнаму феадальнаму ладу жыцця нанеслі вялікія геаграфічныя адкрыцці XV-XVI стст., у выніку якіх у Еўропу ў вялікай колькасці сталі пастаўляцца золата, серабро, каланіяльныя тавары. Кола багатых людзей папоўніліся маракамі, канкістадорамі, якія таксама месціліся ў гарадах.
У XV-XVI стст. феадальныя замкі і сеньёрскія сядзібы згубілі сваю ролю палітычных і эканамічных цэнтраў грамадства. Каталіцкія манастыры перасталі быць адзінамі цэнтрамі адукацыі і ведаў. Гэтыя функцыі беспаваротна перайшлі да гарадоў.
Багатыя буржуа хутка паставілі пад сумленне хрысціянскія ідэалы пажыццёвага пакутніцтва ў імя Бога, пакаянне за нейкія грахі, аскетызм у асабістым жыцці. У іх светапоглядзе пераважалі рацыяналізм і гуманізм, ідэалы поспеху, багацця, імкненне да ведаў і свецкай культуры. Еўрапейскае грамадства ўступіла ў эпоху Ренесансу, г. зн. Адраджэння антычнай культурнай традыцыі, якая ў цэнтр увагі ставіла не Бога, а чалавека, яго фізічныя і духоўныя якасці. Ідэолаг рэнесанса італьянскій паэт Ф. Петрарка назваў папярэдні перыяд у гісторыі Еўропы тысячагоддзем варварства.
|