Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 6 page


Date: 2015-10-07; view: 475.


 

Эпоха рэнесансу нарадзіла шырокае кола выдатных вучоных і мастакоў. Талентам Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна еўрапейскае пераўзышло высокі ўзровень мастацтва антычнасці. Такія мысліцелі, як Эразм Ратэрдамскі, Томас Мор, Франсуа Радле, Нікола Макіявелі, Мікалай Капернік, Мікола Гусоўскі стварылі падручнікі філасофіі і іншых навук.

 

Іншым шляхам да гэтай эпохі ішлі народы Цэнтральнай, Паўночнай і Усходняй Еўропы. Старажытныя насельнікі Беларусі, Польшчы, Украіны, Чэхіі, Усходняй Германіі, Скандынавіі не пазналі атычнай цывілізацыі, таму не зведалі і таго цывілізацыйнага крызісу, які ахапіў Заходнюю Еўропу ў V ст. у сувязі з гібеллю Рымскай імперыі. І калі краіны Заходняй Еўропы пачалі пераход да хрысціянскай цывілізацыі ў V ст., то на Беларусі яшчэ пяць стагоддзяў ішлі працэсы вялікай міграцыі, г. зн. асваенне тэрыторый славянамі, іх уладкавання сярод ранейшых прышэльцаў - балтаў: падпарадкаванне, выцясненне альбо асіміляцыя.

 

У ІХ-Х стст. новыя гаспадары беларускай зямлі - славяне мелі ўжо протадзяржаўныя ўтварэнні - саюзы плямёнаў з гарадамі, як палітычнымі цэнтрамі. Складаліся перадумовы фарміравання арыгінальнай славянскай (варварскай) цывілізацыі. Аднак распаўсюджанне хрысціянства прывяло да ўкаранення хрысціянскай цывілізацыі і на гэтай тэрыторыі. Адбылося гэта ў канцы Х ст., на пяць стагоддзяў пазней, чым у Заходняй Еўропе.

 

 

Наступныя пяць стагоддзяў цывілізацыйны прагрэс на тэрыторыі Беларусі значна паскорыўся. Гэтаму спрыяла ўтварэнне дзяржаўнасці, г. зн. навядзенне адноснага парадку ў міжлюдскіх стасунках і міжнародных дачыненнях, канцэнтрацыя высілкаў грамадства па рашэнні гаспадарчых і культурных задач. Паскарэнню прагрэсу паспрыяла і хрысціянства, разам з якім старажытная Беларусь пазычыла ў Візантыі пісьменнасць, многія рамествы, тэхналогіі, дойдліства, навуковыя веды, элементы арганізацыі грамадскага жыцця.

 

Аднак у параўненні з Заходняй Еўропай нашы продкі мелі значна горшыя перадумовы цывілізацыйнага скачка. На Беларусі не было антычнай спадчыны: апрацаваных палёў і высокай агракультуры, рымскіх дарог і мастоў, палацаў і дамоў, выкваліфакаваных рамеснікаў і гандляроў. Больш цяжкімі былі геаграфічныя, у т. л. кліматычныя ўмовы.

 

І тым не меньш, народ Беларусі ў гэтым цывілізацыйным спаборніцтве не апынуўся сярод аўтсайдэраў Еўропы. У XV-XVI стст. грамадства ВКЛ па свайму культурнаму ўзроўню было падрыхтавана ўспрымаць ідэі Рэнесансу. Больш таго, прадстаўнікі тагачаснай эліты ВКЛ былі прызнаныя і шанаваныя ў Еўропе. М. Гусоўскі, Ф. Скарына, С. Будны, В. Цяніпскі, стваральнікі Літоўскіх статутаў, шэраг іншых мысліцеляў і аўтараў сваімі творамі ўзбагацілі агульнаеўрапейскую культурную скарбніцу Серэднявечча.

Пытанні для самакантролю

Якую культуру адраджала Еўропа падчас Рэнесанса?

Якія сацыяльныя слаі сталі падчас Рэнесанса?

20. Рэфармацыя ў Еўропе і Беларусі

 

У пачатку XVI ст. Заходнюю Еўропу ўскалыхнуў нябачны дагэтуль па актыўнасцi рэлiгiйны рух, якi ўвайшоў у гiсторыю пад назвай "Рэфармацыя". Ён быў накiраваны супраць засiлля каталiцкай царквы ва ўсiх сферах жыцця, аб'ектыўна меў антыфеадальны характар. Iнiцыятарам i авангардам руху была буржуазiя. Галоўнай мэтай руху было стварэнне спрыяльных маральных i прававых умоў для дзейнасцi i быту класа буржуазii.

 

У вузкаканфесiянальным сэнсе Рэфармацыя азначала перагляд дагматаў каталiцызму i рэлiгiйныя пераўтварэннi, што прывялi да ўзнiкнення новага кiрунку ў хрысцiянстве - пратэстантызму. Ён аб'ядноўвае шэраг самастойных цэркваў i сектаў (лютэранства, кальвiнiзм, англiканская царква, метадысты, баптысты, адвентысты i iнш.), якiя некалькi адрознiваюцца культам i арганiзацыяй, але звязаны агульнасцю паходжання i дагматыкi. Асноўныя дагматычныя палажэннi пратэстантызму сфармуляваны яго заснавальнiкамi М. Лютэрам, Ж. Кальвiнам, У. Цвiнглi.

 

У сярэдзіне XVI ст. дух пратэстанцтва павеяў на Беларусi. Разнастайныя сувязi з еўрапейскiмi краiнамi, асаблiва гандаль, вандроўкi цэхавых рамеснiкаў, падарожжы магнатаў, навучанне лiтвiнскай моладзi ў шэрагу унiверсiтэтаў Еўропы садзейнiчалi пастаяннаму прытоку iнфармацыi i ўспрыманню новых рэлiгiйных павеваў тагачасным грамадствам Беларусi. Рэфармацыя на Беларусi развiвалася ў рэчышчы еўрапейскага руху, але не была яе простым водгукам. У адрозненне ад заходнееўрапейскай яна развiвалася тут на феадальнай аснове i мела iншую сацыяльную базу. У вiр рэфармацыйнага руху былi ўцягнуты галоўным чынам прывiлеяваныя слаi: магнаты, частка дробнай i сярэдняй шляхты.

 

У сярэдзiне XVI ст. рэлiгiйнымi навiнкамi захапiлiся магнаты (Радзiвiлы, Сапегi, Валовiчы, Кiшкi i iнш.) - працiўнiкi унii з Польшчай. З дапамогай пратэстанцкай веры яны жадалi захаваць адасобленасць сваёй дзяржавы ад каталiцкай Польшчы. Шляхту i заможных гараджан Рэфармацыя прываблiвала магчымасцю падарваць усемагутнасць царквы, як праваслаўнай, так і каталіцкай. Гэтыя мэты паўплывалi на магнатаў, якiя сталi не толькi прыхiльнiкамi iдэй Рэфармацыi, але i кiраўнiкамi яе практычнага пераўтварэння ў жыццё. Шырокiя народныя масы засталiся да яе глухiмi, таму рух не меў тут такога размаху, як у Еўропе.

 

Мiкалай Радзiвiл Чорны (1515 – 1565), палітычны, культурны і рэлігійны дзеяч ВКЛ. Атрымаў ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла V княжацкі тытул. З 1550г. канцлер ВКЛ. Уплыў Радзівіла на палітыку вялікакняжыцкага ўрада быў такі значны, што ў 1551 г. ен атрымаў права на захоўванне найважнейшых дзяржаўных актаў у сваім архіве. На соймах выступаў за суверэннасць Вялікага княства ў складзе Рэчы Паспалітай. З яго имем звязана распаўсюджанне рэфармацыйных ідэй, развіцце мецэнацтва і арганізацыя кнігадрукавання.

 

Асаблiва шчыраваў на нiве Рэфармацыi на Беларусi буйны магнат, вiленскi ваявода, канцлер, тагачасны некаранаваны ўладар Вялiкага княства Лiтоўскага Мiкалай Радзiвiл Чорны. Першай асобе дзяржавы пратэстанцтва ўяўлялася адным з дзейсных чыннiкаў збаўлення ад згубнага для суверэнiтэту ВКЛ уплыву суседзяў. Канцлер, якi паслядоўна адстойваў незалежнасць сваёй дзяржавы не толькi палiтычнымi, але i культурнымi сродкамi, хацеў з дапамогай новай веры iдэалагiчна i духоўна абаранiць ВКЛ i ад Польшчы, i ад Масковii. З уласцiвай яму дынамiчнасцю ён стаў выкараняць каталiцтва ў дзяржаве. Толькi ў сваiх уладаннях канцлер закрыў 187 касцёлаў, разбурыў усе прыдарожныя каталiцкiя каплiчкi i крыжы i адкрыў 134 кальвiнісцкiя зборы. У 1553 г. ён заснаваў у Вiльнi першую пратэстанцкую абшчыну, а ў канцы 50-х гг. заклаў у Бярэсцi першы на Беларусi збор (рэфармацкую царкву).

 

 

Пад асабiстым заступнiцтвам М. Радзiвiла ў сярэдзiне XVI ст. былi арганiзаваны пратэстанцкiя абшчыны ў Нясвiжы, Клецку, Iўi, Оршы i iнш. У 1557 г. у Вiльнi пад яго старшынствам адбыўся першы ўстаноўчы з'езд лiтоўскiх пратэстантаў. У другой палове XVI - пачатку XVII стст. у многiх гарадах i мястэчках ВКЛ узнiклі кальвiнісцкiя асяродкi. Вакол iх групаваліся выдатныя вучоныя, прапаведнiкi, пiсьменнiкi, кнiгавыдаўцы. Некаторыя з iх (С. Будны, В. Цяпiнскi) становяцца ўпоравень са знакамiтымi еўрапейскiмi мыслiцелямi. Рэфармацыя спрыяла актывiзацыi духоўнага жыцця грамадства, развiццю асветы i арганiзацыi кнiгадрукавання, распаўсюджванню рэнесансна-гуманiстычных i рацыяналiстычных тэндэнцый у беларускай культуры i пашырэнню яе мiжнародных кантактаў.

 

У другой палове XVI - першай палове XVII стст. на тэрыторыi Беларусi дзейнiчала каля 90 кальвiнісцкiх i 8 арыянскiх збораў. Большасць з iх размяшчалася ў заходнiх i цэнтральных паветах, дзе iснавалi буйныя прыватнаўласнiцкiя землеўладаннi. Гэтаму спрыяў i разнародны этнарэлiгiйны склад насельнiцтва рэгiёну ў параўнаннi з усходняй часткай Беларусi, дзе пераважала праваслаўнае насельнiцтва. Адчыняюцца сотнi кальвiнісцкiх школ, "шпiталi" (прытулкi для нямоглых), у буйнейшых абшчынах - друкарнi. Большасць рэфармацыйных абшчын знаходзiлася ў залежнасцi ад феадалаў-патронаў, якiя забяспечвалi пратэстанцкiх мiнiстраў (свяшчэннiкаў) i казнадзеяў (прапаведнiкаў) сродкамi на пражыццё - зямельнымi ўладаннямi, грашовым утрыманнем.

 

 

Да 60-х гг. у кальвiнiзм перайшла большасць беларускiх магнатаў i значная частка шляхты. З 600 праваслаўных шляхецкiх фамiлiй Навагародскага ваяводства вернасць сваёй рэлiгii захавалi толькi 16.

 

Пад сцягам кальвiнiзму спачатку аб'ядналiся ўсе слаi грамадства, якiя прымалi ўдзел у Рэфармацыi. Да 1562 г. яшчэ не было рэзкiх разыходжанняў памiж рознымi сацыяльнымi групоўкамi. Мiж тым магнаты i шляхта, калi дамаглiся сваiх мэтаў, рабiлiся ўсё больш абыякавымi да Рэфармацыi. Яны не толькi iгнаравалi iнтарэсы iншых саслоўяў, але iмкнулiся падавiць радыкальную апазiцыю гараджан i сялян, якая вылучалася з кальвiнiсцкага лагера ў самастойную плынь на працягу 1562-1565 гг. Яе прыхiльнiкi называлi сябе антытрынiтарыямi, цi арыянамi (ад iмя святара Арыя, якi жыў у IV ст. н. э. у Александрыi i адмаўляў траiчнасць бажаства), а таксама лiтоўскiмi братамi, i не абмяжоўвалi Рэфармацыю рэлiгiйна-палiтычнымi лозунгамi, а патрабавалi сацыяльных пераўтварэнняў у грамадстве.

 

Польскiя i лiтвiнскiя феадалы, якiя спачатку падтрымлiвалi рэфармацыйны рух, напалоханыя прывiдам сялянскай вайны, з 70-х гг. XVI ст., калi ў iм узмацнiўся сацыяльны пратэст, сталі яго пакідаць і без ваганняў пачалi мяняць свае рэлiгiйныя погляды на карысць каталіцызму. У гэту веру вярнулiся не толькi былыя католiкi. Яе прымалi таксама прадстаўнiкi праваслаўных фамiлiй (Валовiчы, Збаражскiя, Сапегi), якiя ненадоўга далучылiся да пратэстантызму.

 

У Заходняй Еўропе дзеля барацьбы з Рэфармацыяй пад кіраўніцтвам прастолу Папы Рымскага быў створаны ордэн езуітаў. Пачаткам контррэфармацыi ў ВКЛ лiчыцца 1570 г., калi першыя езуiты з'явiлiся ў Вiльнi. Iх паклiкаў сюды вiленскi бiскуп Валяр'ян Пратасевiч дзеля барацьбы з пратэстантамi i арганiзацыi унiверсiтэта ў сталiцы княства. Каралеўская ўлада падтрымала езуітаў, шчодра надзяляла іх зямельнымi ўладаннямi з прыгоннымi сялянамi, ахвяравала значныя грашовыя сумы на патрэбы Ордэна. Эканамiчная моц забяспечыла ордэну магутны iдэалагiчны i палiтычны ўплыў. Галоўным iдэолагам контррэфармацыi ў ВКЛ стаў Пётр Скарга, рэлігійны дзеяч і пісьменнік.

 

Першачарговай задачай езуітаў было вяртанне ў лона рымскай царквы спакушаных пратэстанцтвам вышэйшых пластоў i распаўсюджванне каталiцтва сярод праваслаўнага насельнiцтва Беларусi. Галоўнымi сродкамi ажыццяўлення гэтых мэтаў былi палiтыка, школа, лiтаратура, пропаведзь, набажэнства. Каб кантраляваць палiтыку, езуiты ўвайшлi ў палацы эліты як духоўнiкi, дарадчыкi, хатнiя настаўнiкi. На моладзь яны ўплывалi праз школу. У 1570 г. у Вiльнi Ордэн адкрыў свой калегiум, пераўтвораны ў 1579 г. у акадэмiю. У шэрагу іншых гарадоў езуіты заснавалi калегiі - навучальныя ўстановы сярэдняга тыпу. У хуткiм часе пiсьменнiкi, прапаведнiкi Ордэна запаланiлi кнiжны рынак Беларусi сваёй друкаванай прадукцыяй, у якой дыскрэдытавалi пратэстанцкую i праваслаўную цэрквы i прапагандавалi каталiцкае веравучэнне.

 

Тэрыторыя Беларусi пакрылася сеткай кляштараў i пышных касцёлаў, упрыгожаных абразамi, скульптурай, з велiчнай арганнай музыкай. Праз іх езуіты ўздзейнічалі на шырокiя масы грамадства. Добрую рэпутацыю сярод насельнiцтва Ордэн займеў дабрачыннай дзейнасцю, аказаннем медыцынскай дапамогі; арганiзацыяй аптэк, шпiталяў, прытулкаў для беднякоў.

 

Паступова абноўленае i ўзмоцненае езуiтамi каталiцтва пачало выцiскаць кальвiнiзм, арыянства i iншыя пратэстанцкiя секты. Асаблiвым праследаванням з боку каталiцкай царквы i дзяржавы падверглiся прыхiльнiкi радыкальнай Рэфармацыi - антытрынiтарыi (арыяне). У 1647 г. прыгаворам соймавага суда ў Рэчы Паспалiтай зачынялiся ўсе арыянскiя друкарнi i школы, а арыян сойм прыгаварыў да выгнання з дзяржавы.

 

Сучасная еўрапейская гiстарыяграфiя адмовілася ад трактоўкі контррэфармацыі як феадальна-каталіцкай рэакцыі, а бачыць у ёй рух, якому Еўропа ХVI ст. у аднолькавай з Рэфармацыяй меры абавязана сваім духоўна-культурным уздымам. Гэта дае падставу адмовіцца ад ранейшага погляду на контррэфармацыю на Беларусі як на сістэму толькі рэпрэсіўных мер і ўбачыць яе шматзначную духоўна-культурную функцыю і на нашай зямлі.

Пытанні для самакантролю

Якія сацыяльныя колы былі ініцыятарамі Рэфармацыі ў Заходняй Еўропе, а якія ў ВКЛ?

Хто такія езуіты?

21. Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай

 

Рэч Паспалітая лічылася супольнай дзяржавай абодвух народаў, г. зн. польскай і літвінскай шляхты. Яна вяла агульную для ВКЛ і Кароны знешнюю палітыку. Аднак аб'яднанне дзяржаў не прывяло да уніфікацыі іх палітычных сістэм. Абедзве дзяржавы захоўвалі асобную дзяржаўную адміністрацыю (з адпаведнымі кіруючымі пасадамі), асобныя войскі са сваім камандаваннем, свае фінансавыя сістэмы, скарб і манету, самастойныя судовыя і мытныя (да 1766 г.) сістэмы, асобнае заканадаўства. Асобнымі для ВКЛ былі канцылярыя і пячатка. Кожная з дзяржаў мела сваю дзяржаўную мову: Польшча - лацінскую (з канца ХVI ст. фактычна польскую), ВКЛ - беларускую (з 1696 г. польскую, але афіцыйныя акты на беларускай мове захоўвалі сваю моц).

 

Паны-рада ВКЛ імкнуліся ўмацаваць асновы палітычнай суб'ектнасці княства ў межах прынятай уніі. Асабліва важнай перашкодай на шляху уніфікацыі палітычных сістэм Кароны і Княства быў новы Статут ВКЛ 1588 г., які, па сутнасці, адмаўляў прынцыпы дзяржаўнай уніі з Каронай. У прыватнасці, ён адмяніў дэклараванае ў Любліне раўнапраўе кароннай шляхты з падданымі княства на тэрыторыі ВКЛ: палякам, якія трактаваліся ў Статуце як чужаземцы, забаранялася займаць дзяржаўныя пасады любога ўзроўню, а таксама купляць, атрымліваць у спадчыну і ў падарунак нерухомую маёмасць. Палітычны лад ВКЛ не адпавядаў таму яго становішчу ў Рэчы Паспалітай, якое вызначыў Люблінскі акт. Фармальна дзве дзяржавы аб'ядноўвалі толькі супольны манарх і сойм, якія былі вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады ў Рэчы Паспалітай.

 

Кіраўнік дзяржавы - кароль польскі (ён жа вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі) - меў абмежаваныя паўнамоцтвы. У той час, калі ў краінах Заходняй Еўропы, найперш у Францыі, Іспаніі і Англіі, з ХVI ст. саслоўна-прадстаўнічыя манархіі пераўтвараліся ў абсалютысцкія дзяржавы з адной дынастыяй на чале, дык у Рэчы Паспалітай зацвердзілася рэспубліканская сістэма ўлады з інстытутам слабога манарха, які з 1573 г. свабодна выбіраўся. Паміж шляхтай і кожным новым каралём перад яго абраннем заключалася спецыяльная дамова ("пакта канвента"). Гэта быў своеасаблівы індывідуальны кантракт, які вызначаў абавязкі новаабранага манарха.

 

Заканадаўчую і часткова судовую ўладу меў агульны для ўсёй дзяржавы сойм, які складаўся з дзвюх палат: сената і пасольскай ізбы (палаты дэпутатаў). Сенат складаўся з магнатаў, прадстаўнікоў цэнтральнай і правінцыйнай адміністрацыі (ваяводы, каштэляны і інш.) і вярхоў каталіцкай царквы (біскупы). У яго складзе было 140-150 сенатараў. У пасольскую ізбу выбіраліся шляхцічы-дэпутаты (паслы) па два чалавекі ад кожнага павета. У сярэдзіне ХVIII ст. у яе складзе было 236 дэпутатаў. Лічылася, што яна з'яўляецца рашаючай часткай сойма, але фактычна яна нічога вырашаць не магла. На тэрыторыі Кароны паветаў было амаль удвая больш, чым у ВКЛ; таму прадстаўнікі Кароны складалі каля 2/3 сойма.

 

Агульныя (вальныя) соймы Рэчы Паспалітай засядалі ў Варшаве. З 1673 г. кожны трэці звычайны сойм (акрамя канвакцыйнага, элекцыйнага і каранацыйнага) праходзіў на тэрыторыі ВКЛ у Гродне.

 

 

Кароль і вялікі князь Жыгімонт з жонкай Барбарай (з роду Радзівілаў). Эскіз Я. Матэйкі. Нацыянальны музей у Кракаве.

 

Адсутнасць прамых нашчадкаў у Жыгімонта ІІ Аўгуста прывялі дзяржаву ў 1572 г. да глыбокага палітычнага крызісу, які стаў водападзелам дзвюх эпох у гісторыі дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай: эпохі спадчыннай каралеўскай улады, якая завяршылася са згасаннем дынастыі Ягелонаў (са смерцю Жыгімонта ІІ) і эпохі выбарных каралёў. Абранне ў 1573 г. новага манарха - прадстаўніка французскага каралеўскага дома Генрыха Валуа - суправаджалася выпрацоўкай і прыняццем знакамітых Генрыхавых артыкулаў, якія сталі сінонімам "залатых шляхецкіх вольнасцяў". Непарушным абвяшчаўся прынцып свабодных выбараў караля; кароль не меў права самастойна ўводзіць новыя падаткі і склікаць паспалітае рушанне; знешняя палітыка манархіі ставілася пад кантроль сената; шляхце гарантавалася права адмовіцца ад паслушэнства каралю ў выпадку невыканання ім законаў Рэчы Паспалітай, і інш. Акрамя таго, уводзіўся інстытут сенатараў-рэзідэнтаў, якія паміж соймамі павінны былі кантраляваць дзейнасць манархаў. Так былі ўведзены канстытуцыйныя абмежаванні каралеўскай улады. У караля заставалася фактычна толькі адно істотнае права - прызначаць на дзяржаўныя пасады.

 

 

З сярэдзіны ХVII ст. "шляхецкая дэмакратыя" з непазбежнасцю перараджалася ў рэжым магнацкай алігархіі. Умоўнай цэзурай усталявання гэтага рэжыму можна лічыць пачатак праўлення караля Яна Казіміра ў 1648 г. З 60-х гг. раўнавага паміж шляхецкім саслоўем і каралеўскай уладай парушаецца, ад чаго ў палітычным выйгрышы аказаліся адны толькі магнацкія групоўкі. "Шляхецкая дэмакратыя"становіцца толькі прыкрыццём магнацкай алігархіі, а магнацкія групоўкі дзейнічаюць ужо не ў інтарэсах Рэчы Паспалітай, а сваіх уласных. Дэстабілізацыя і анархізацыя палітычнага ладу нарастае ад дзесяцігоддзя да дзесяцігоддзя.

 

Па меры абмежаванняў каралеўскіх паўнамоцтваў пашыраліся функцыі соймаў. У той жа час ён пачынаў працаваць усё менш эфектыўна, таму што соймавая трыбуна станавілася часцей за ўсё арэнай сутыкнення своекарыслівых інтарэсаў магнацкіх кланаў. Паступова мацнела перакананне, што задача сойма заключаецца не ў прыняцці новых законаў і змене існуючага права, але толькі ў тым, каб забяспечыць захаванне непарушнасці і выкананне раней прынятых прававых норм. Складзеныя традыцыі былі замацаваны ў грамадскай свядомасці і ў палітычнай практыцы выкарыстаннем знакамітага прынцыпу ліберум вета, які набыў у ХVІІ ст. самадастатковае значэнне і стаў разглядацца як краевугольны камень "шляхецкай дэмакратыі".

 

Дэмакратызм дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай быў зусім нетыповай з'явай для новага часу. Пасля знішчальных войнаў сярэдзіны ХVII ст. сярод шляхты пашырылася перакананне аб выключнасці і непаўторнасці дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Тагачасная сістэма ўяўлялася самай дасканалай, і кожная спроба нешта змяніць успрымалася як імкненне да дыктатуры. Найлепшым спосабам прадухілення змен было блакіраванне новых соймавых пастаноў і законаў праз ліберум вета. З 1652 г., калі пасол ад ВКЛ Сіцынскі, які выконваў волю Радзівілаў, упершыню адкрыта яго прымяніў, зрывы соймаў станавіліся ўсё больш частымі. З 1652 па 1763 гг. больш за палову адкрытых соймаў (37 з 73) было сарвана. Менавіта зрывы соймаў выявілі цяжкую хваробу парламентарызму ў Рэчы Паспалітай. Сенат быў паступова падпарадкаваны кантролю ніжняй палаты сойма і стаў разглядацца як пасрэднік паміж шляхтай і каралём.

 

Такім чынам, на працягу ХVII ст. дзяржаўны апарат Рэчы Паспалітай прыходзіў у нягоднасць. Падзеі Паўночнай вайны і наступнае пераўтварэнне Рэчы Паспалітай у аб'ект пастаяннага ўмяшання звонку і палітычнага маніпулявання ставілі з усёй вастрынёй пытанне аб дзяржаўных пераўтварэннях.

Пытанні для самакантролю

Чаму Рэч Паспалітую абодвух народаў называюць шляхецкай рэспублікай?

З якога часу пасада караля ў Рэчы Паспалітай парастала быць спадчыннай?

22. Сацыяльна-эканамічнае развіццё

 

У сярэдзіне ХVI ст. на Беларусі пражывала 1,8 млн. жыхароў, якія па свайму сацыяльна-эканамічнаму становішчу адносіліся да трох саслоўяў: шляхты, сялянства, мяшчан. У сваю чаргу, шляхта, у залежнасці ад эканамічнай моцы і палітычнай ролі ў гаспадарстве, падзялялася на буйную (валодала звыш 500 сялянскіх "дымоў" - гаспадарак), сярэднюю (валодала ад 20 да 500 дымоў) і дробную, якая складала самы шматлікі пласт (мела менш за 20 дымоў або і зусім не мела сялянскіх гаспадарак). Паводле прававога статусу беззямельная шляхта адносілася да пануючага класа, а паводле маёмаснага становішча - набліжалася да сялянскага саслоўя. З сярэдзіны ХVI ст. роля дробнай шляхты ў палітычным жыцці ВКЛ павялічваецца ў выніку рэформы судовых органаў і росту ўплыву павятовых соймікаў.

 

Самым шматлікім саслоўем феадальнага грамадства былі сяляне. На іх становішча вялікі ўплыў аказала аграрная рэформа Жыгімонта Аўгуста, званая валочная памера. Рэформа ўзмацніла феадальны прыгнёт сялян, завяршыла іх канчатковае запрыгоньванне, падзяліла на катэгорыі: цяглыя і слугі (больш набліжаныя да панскага двара рамеснікі, кавалі, конюхі і інш.; яны былі больш заможныя). Вышэйшую групу ўтваралі ваенна-служылыя людзі: баяры путныя, баяры панцырныя. У другой палове ХVI ст. завяршылася юрыдычнае запрыгоньванне сялянства: Статут 1566 г. вызначыў 10-гадовы тэрмін пошуку збеглых сялян, Статут 1588 г. павялічыў гэты тэрмін у два разы. Пастанова 1573 г. дала пану права караць селяніна па свайму меркаванню, праўда, сойм 1768 г. ухваліў пакаранне смерцю за забойства селяніна.

 

"Устава на валокі" 1557 г. тычылася толькі дзяржаўных уладанняў. Паны сталі праводзіць яе на сваіх землях толькі ў другой палове ХVI ст., калі сталі відавочныя поспехі ў раней рэфармаваных гаспадарках. Яны таксама выкарыстоўвалі інструкцыі, блізкія да "Уставы на валокі". У Падзвінні і Падняпроўі, дзе буйнае землеўладанне развівалася слаба, а шляхта была малалікая, да аграрнай рэформы дайшло толькі ў канцы ХVI - пачатку ХVII стст. Аднак фальварак так і не стаў тут дамінуючай формай гаспадарання, галоўную ролю адыгрывала грашовая рэнта. Адносіны, якія склаліся ў беларускай вёсцы пасля валочнай памеры, не зведалі істотных зменаў да другой паловы ХІХ ст.

 

Адной з яркіх асаблівасцяў эканамічнага развіцця Беларусі ХVI - першай паловы ХVIІ стст. стала урбанізацыя. На канец гэтага перыяду гісторыкі налічваюць 467 гарадоў і мястэчак. У заходніх паветах Беларусі ступень урбанізацыі была большая, чым у Падняпроўі і Падзвінні. Найбольш буйнымі былі Полацк, Магілёў, Віцебск, Брэст, Пінск, Слуцк (10 і больш тысяч жыхароў), Мінск, Орша, Гродна (ад 5 да 10 тыс.). Да Лівонскай вайны самым буйным у цяперашніх межах Беларусі быў Полацк. Пасля разбурэння Полацка ў гады вайны другім пасля сталіцы ВКЛ стаў Магілёў. Большасць гарадоў мелі па некалькі тысяч чалавек, а мястэчкі - па 1,5-2 тысячы.

 

Статут 1588 г. дазволіў шляхце засноўваць мястэчкі на ўласных землях і яна пачала паспяхова выкарыстоўваць гэту магчымасць. Вялікая ўдзельная вага прыватнаўласніцкіх гарадоў - адна з асаблівасцяў Беларусі. Магнацкім родам, найперш Радзівілам, Сапегам, Хадкевічам, належала прыкладна 40% гарадоў у ХVI-ХVII стст. (Мір, Нясвіж, Быхаў, Клецк, Капыль, Талачын, Шклоў і інш.)

 

Да сярэдзіны ХVIІІ ст. усе буйныя і частка сярэдніх гарадоў атрымалі магдэбургскае права. Выкарыстанне гарадской вярхушкай рады ў сваіх інтарэсах, перакладванне цяжару падаткаў на рамесна-гандлёвы люд вяло да абвастрэння сацыяльных супярэчнасцяў у горадзе. У 1606-1610 гг. у Магілёве гараджане выступілі супраць злоўжыванняў членаў магістрата, зверглі раду і абралі новую раду з паўстанцаў. Выступленні гараджан мелі месца ў Гродне ў 1670 і 1700 гг., Магілёве ў 1733 г.

 

Самым значным з сялянскіх рухаў ХVIІІ ст. было ўзброенае паўстанне ў Крычаўскім старостве, якое знаходзілася ва ўладанні Гераніма Радзівіла, у канцы 1743 - пачатку 1744 г. Выступленне было выклікана бясчынствамі арандатараў - братоў Іцкавічаў, якія завышэннем плацяжоў і адпрацовачных павіннасцяў, грабяжамі, насіллем і мардаваннем давялі сялян да адчаю. Паўстанне ўзначаліў войт вёскі Селішчы Васіль Вашчыла, які арганізаваў з сялян узброены атрад. На працягу года паўстанне распаўсюдзілася на большасць тэрыторыі староства, дзе сяляне ўстанавілі сваю ўладу. Радзівіл вымушаны быў перадаць яго іншаму арандатару. На пачатку 1744 г. магнат накіраваў у Крычаў атрад рэгулярнага войска з артылерыяй, які разбіў паўстанцаў.

 

Пасля эканамічнага заняпаду другой паловы ХVII - пачатку ХVІІІ стст., выкліканага паласой разбуральных войнаў і ўнутраных міжусобіц, з сярэдзіны ХVIII ст. пачалася нармалізацыя гаспадарчага жыцця.

 

Яна знайшла адлюстраванне ў павелічэнні колькасці насельніцтва: з 1,5 млн. у 1717 г. да 3,6 млн. у 1791 г. Большасць гарадоў выйшла са стадыі крайняга спусташэння, але агульная колькасць жыхароў гарадоў так і не дасягнула ўзроўню першай паловы ХVII ст. Аднаўляецца цэхавае рамяство, але ў гэты перыяд узмацняюцца прыкметы яго разлажэння.

 

Асобныя феадалы з мэтай павелічэння прыбытковасці сваіх уладанняў сталі на шлях радыкальнай перабудовы вядзення сваёй гаспадаркі, ліквідавалі паншчыну і замянілі яе чыншам. Працай і самаабмежаваннем сялян да 60-х гг. ХVIІІ ст. сельская гаспадарка была ў асноўным адноўлена: павялічылася плошча ворных зямель, пагалоўе прадукцыйнай жывёлы, з'явілася тэндэнцыя да параённай спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.

 

 

Шаўковы пояс Слуцкай мануфактуры. Канец XVIII ст.

 

Многія феадалы пачалі ствараць у сваіх уладаннях прадпрыемствы мануфактурнага тыпу. На Беларусі буйнейшымі былі Урэцкі і Налібоцкі шкляныя заводы князёў Радзівілаў, жалезаапрацоўчы завод графа Храптовіча (у маёнтку Вішнева Ашмянскага павета), фаянсавы завод князя Агінскага (Целяханы Пінскага павета), Нясвіжская суконная фабрыка і Слуцкая фабрыка шаўковых паясоў Радзівілаў . На гэтых прадпрыемствах працавала па 40-50 чалавек, якія выпускалі вырабаў на дзесяткі тысяч злотых. У канцы ХVIII - пачатку ХІХ стст. на Беларусі працавала больш за 250 падобных прадпрыемстваў (без вінакурных і піваварных).

 

Комплекс мануфактур быў створаны падскарбіем ВКЛ Антоніем Тызенгаўзам у Гродзенскай і Брэсцкай каралеўскай эканоміях: суконная, шаўковая, палатняная, панчошная, капялюшная, карэтная, шаўковых паясоў і інш. На гродзенскіх прадпрыемствах працавала каля 1,5 тыс. пастаянных рабочых з ліку прыгонных сялян, але былі яшчэ і часовыя.

 

На гаспадарчую дзейнасць станоўча паўплывалі рэформы 60-70-х гг.: стварэнне дзяржаўнай Скарбовай (казначэйскай) камісіі, якая сканцэнтравала ў сваіх руках кіраванне фінансамі, нагляд за гандлем і шляхамі зносін; увядзенне ў 1766 г. адзіных для ВКЛ мер вагі, аб'ёму, даўжыні; увядзенне адзінага, абавязковага для ўсіх (у тым ліку шляхты і духавенства, якія раней не плацілі) падатку і адмена ўнутраных мытных падаткаў; абмежаванне ліхвярства. Росту ўнутраных і знешніх гандлёвых сувязяў спрыяла будаўніцтва новых шляхоў зносін. Праз палескія балоты пракладваюцца пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты. Агінскі канал злучыў Нёман з Прыпяццю, пачалося будаўніцтва Днепра-Бугскага канала.

 

Дасягнутыя ў ХVIII ст. эканамічныя поспехі вырасталі на феадальнай глебе і забяспечваліся ў асноўным прыгоннай працай фальварковага сялянства. А развіццё рамесна-прамысловай вытворчасці на фоне працэсу індустрыялізацыі краін Заходняй Еўропы выглядала вельмі сціпла.

Пытанні для самакантролю

Як ставіўся да беглых сялян Статут ВКЛ 1588 г.?

Каму належыла фабрыка слуцкіх паясоў?

23. Супрацьдзеянне Рэчы Паспалітай татарскай, шведскай і турэцкай агрэсіі

 

У канцы ХVI ст., пасля перамогі ў Лівонскай вайне, знешнепалітычныя пазіцыі Рэчы Паспалітай здаваліся вельмі моцнымі. Яна была адной з дзяржаў, якая сапернічала з Габсбургамі за лідэрства ў Цэнтральнай Еўропе. Распачатая ў 1609 г. адкрытая ваенная інтэрвенцыя супраць Расіі прывяла да далучэння Смаленска і Чарнігава-Северскіх зямель да Рэчы Паспалітай. Кіраўніцтву Рэчы Паспалітай удалося вырашыць і праблему татарскіх нападаў. Яшчэ Жыгімонт ІІ падчас Лівонскай вайны прыняў на дзяржаўную службу (уключыў у рэестр) частку казацкай вольніцы. Князь Д. Вішнявецкі, буйны магнат на Украіне, пабудаваў на востраве на Дняпры крэпасць - Запарожскую Сеч, дзе пасяліў ваяўнічыя казацкія атрады. Такім чынам, разрозненыя казацкія групоўкі, якія раней вялі ў стэпе абарончую, партызанскую вайну супраць Крымскага ханства, пераўтварыліся ў добра арганізаванае, прафесійнае войска. Казакі перакрылі татарскім ордам шлях на Украіну і Беларусь. Крымскае ханства цяпер магло пагражаць Рэчы Паспалітай толькі ў саюзе з Турцыяй альбо Расіяй.

 

Больш складаным былі справы на Балтыйскім узбярэжжы. Сын шведскага караля і польскай прынцэсы Жыгімонт Ваза ў 1588 г. стаў каралём Рэчы Паспалітай пад імем Жыгімонта ІІІ. Затым ён унаследаваў карону Швецыі, стаў шведскім каралём Жыгімонтам І. Але лютэранская апазіцыя ў Швецыі на сойме 1599 г. дэтранізавала яго. Жыгімонт ІІІ Ваза не збіраўся канчаткова губляць шведскую карону і пайшоў на вырашэнне спрэчак сілавым метадам. З 1602 г. пачаліся актыўныя ваенныя дзеянні. Новы шведскі кароль Карл ІХ быў двойчы разгромлены войскам вялікага гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевіча. Гэты трыумф праславіў гетмана на ўсю Еўропу, але радыкальных перамен у вайне не адбылося.

 

Упартасць амбіцыйнага Вазы ў яго барацьбе за вяртанне шведскай кароны мела сумныя вынікі для Рэчы Паспалітай. У выніку вайны Швецыя ўмацавалася і стала дамінуючай дзяржавай Балтыкі.

 

Чарговая вайна Швецыі ў саюзе з Брандэнбургам і Трансільваніяй супраць Рэчы Паспалітай 1655-1660 гг., перапляталася з вайной Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. і вайной Расіі супраць Швецыі 1656-1661 гг.


<== previous lecture | next lecture ==>
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 5 page | Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 7 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 3.003 s.