Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 7 page


Date: 2015-10-07; view: 478.


 

Вайну пачаў шведскі кароль Карл Х Густаў нападам на Польшчу ў ліпені 1655 г. Восенню ён заняў Варшаву, Кракаў і вымусіў капітуляваць каронную армію. Кароль Ян ІІ Казімір выехаў у Сілезію. На працягу паўгода шведы захапілі амаль усю тэрыторыю Польшчы і Жамойць. Значная частка магнатаў, шляхты і арміі перайшлі на бок шведаў.

 

Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі "сепаратысцкую" шляхецкую групоўку ВКЛ на чале з вялікім гетманам Янушам Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655 г., паводле якога ВКЛ парывала дзяржаўную унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. Аднак большасць шляхты Беларусі не падтрымала гэтай ініцыятывы, і Рэч Паспалітая захавалася. У канцы года раптоўна памёр Я. Радзівіл.

 

"Патоп", як назавуць шведскае ўварванне, прывёў палякаў у шокавы стан. Аднак шок першых месяцаў змяніўся ўздымам патрыятычных пачуццяў. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае народнае супраціўленне і партызанскую барацьбу, да якой далучылася і шляхта.

 

Узнавіла ваенныя дзеянні польская армія і ў вайне настаў пералом. Галоўныя сілы Карла Х Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, было разбіта пад Варнай. 1 ліпеня 1656 г. была вызвалена Варшава.

 

Восенню шведскі кароль выступіў з першым праектам падзелу аслаблай Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, украінскімі казакамі і стрыечным братам Я. Радзівіла Багуславам, што пераўтварала Рэч Паспалітую з суб'екта міжнароднай палітыкі ў яе аб'ект. Праект прадугледжваў стварэнне незалежнага спадчыннага княства для Радзівіла, у якое павінна было ўвайсці Навагрудскае ваяводства і некаторыя родавыя ўладанні Радзівілаў. Аднак шведаў паступова выцяснялі з тэрыторыі Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай прымкнуў імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Леапольд І і перайшоў прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Смерць Карла Х аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем у 1660 г. Аліўскага міру (у Аліўскім кляштары пад Гданьскам) паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян ІІ Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні на поўнач ад Дзвіны - у Ліфляндыі і Эстоніі. Курляндскае і Земгальскае княствы і Інфлянцкае ваяводства засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае валоданне Польшчы і ВКЛ.

 

Рэч Паспалітая выйшла з узрушэнняў сярэдзіны ХVII ст. надзвычай аслабленай ва ўсіх адносінах - палітычным, эканамічным і дэмаграфічным.

 

Булава персідскага тыпу, якая належала гетману ВКЛ Яну Карлу Хадкевічу. 1621 г. Нацыянальны музей у Варшаве.

 

Доўгі час сур'ёзнай пагрозай для Еўропы была Асманская імперыя, якая ўзнікла ў ходзе заваявальных войнаў, што вяліся туркамі-асманамі пад ідэйным ісламскім сцягам "барацьбітоў за сапраўдную веру супраць няверных" і да пачатку ХVІ ст. ператварылася ў мацнейшую сусветную дзяржаву. Вайна, асабліва з немусульманамі, лічылася нормай не толькі з пункту погляду яе права, але і складала аснову існавання ваенізаванай Асманскай дзяржавы. У ХVІ ст. яна валодала вялізнымі тэрыторыямі ў Еўропе (Балканскі паўвостраў і Крым), Азіі (Малая Азія, Аравія, Міжрэчча, Сірыя, Палесціна, Закаўказзе) і Паўночнай Афрыцы і вылучалася вайсковай магутнасцю. Асманская імперыя стала непасрэдна пагражаць Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, аж да 70-х гг. ХVІІ ст. ажыццяўляла заваёўніцкія паходы, у тым ліку і на землі Рэчы Паспалітай. Толькі к канцу стагоддзя Еўропа змагла перайсці ў контрнаступленне.

 

 

Ужо ў пачатку ХVI ст. для еўрапейскіх дзяржаў стаў відавочным той факт, што ніводная з іх не валодае дастатковым патэнцыялам дзеля таго, каб у адзіночку справіцца з асманскай агрэсіяй. Каралі з дынастыі Ягелонаў звярталіся да еўрапейскай супольнасці за дапамогай супраць турак.

 

Між тым адносіны з Турцыяй складваліся для Варшавы трывожна. У 1620 г. праз рабаўнічыя напады казакоў на турэцкія ўладанні дайшло да адкрытага канфлікту Рэчы Паспалітай з Асманскай імперыяй. У 1620 г. туркі ўварваліся на тэрыторыю Украіны. На другі год султан Асман ІІ абяцаў спустошыць усю Рэч Паспалітую. Толькі гераізм абаронцаў лагера пад Хоцінам на Днястры, дзе злучанымі сіламі да апошняй хвіліны жыцця кіраваў 60-гадовы літоўскі гетман Ян Кароль Хадкевіч, скаваў велізарную турэцкую армію і дазволіў у кастрычніку 1621 г. заключыць з Портай мір. Найбольш небяспечная вайна з асманамі адбылася ў канцы cтагоддзя. У 1672 г. яны захапілі Камянец-Падольскі, дайшлі да Львова і Кракава. Варшаўскі ўрад у тым жа годзе падпісаў мір, паводле якога аддалі туркам амаль усю Украіну, абавязваліся штогод плаціць султану па 22 тыс. чырвоных злотых. Умовы былі ганебнымі. Сойм не ратыфікаваў гэтага дагавора, устанавіў высокі падатак, і на гэтыя грошы сабралі 50-тысячнае войска. 11 лістапада 1673 г. пад Хоцінам гетман Ян Сабескі разграміў турэцкую армію, аднак вярнуць страчаныя землі не ўдалося. Не было відаць і канца вайне. У 1675 г. турак ледзь адагналі ад Львова.

 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян ІІІ Сабескі – пераможца асманаў на Украіне і пад Венай. Галерэя ў Нябораве (Польшча)

 

У адзіночку адцясніць турак Рэч Паспалітая была не ў стане. У 1683 г. быў заключаны саюз с Габсбургамі, а хутка з аўстрыйскай сталіцы пачуліся заклікі аб дапамозе: Ян Сабескі, які быў ужо абраны каралём, прывёў да венскіх сцен 30-тысячную армію. Пад яго камандаванне перайшлі аўстрыйскія палкі і дапаможны корпус з нямецкіх княстваў. Маючы ў агульнай колькасці да 70 тыс. чалавек - трохі меней, чым праціўнік, - ён 12 верасня 1683 г. даў генеральны бой. Разгром турак-асманаў пад Венай радыкальна змяніў абстаноўку на паўднёвым усходзе кантынента. Хоць Порта ўсё яшчэ заставалася грозным праціўнікам, асманскай экспансіі ў Еўропе быў пакладзены канец. Сабескі праславіўся на кантыненце як выратавальнік хрысціянскага свету ад няверных. Гэта быў апошні поспех Рэчы Паспалітай на міжнароднай арэне.

 

Пытанні для самакантролю

У якіх войнах вылучыўся літоўскі гетман Ян Хадкевіч?

Хто выратаваў Вену ад туркаў у 1683 годзе?

 

24. Канфрантацыя Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай

 

Пасля перамогі ў Лівонскай вайне 1558-1582 гг., знешнепалітычныя пазіцыі Рэчы Паспалітай сталі настолькі трывалымі, што дазволілі ёй самой перайсці да экспансіі на Усход.

 

Восенню 1604 г. пры падтрымцы караля Жыгімонта ІІІ Вазы з тэрыторыі Украіны на Маскву выправіўся 3-тысячны атрад на чале з быццам бы цудам ацалелым сынам Івана Грознага царэвічам Дзмітрыем, які лічыўся забітым у 1591 г. (Ілжэдзмітрыем І). У лагеры самазванца быў і невялікі аддзел літвінскай шляхты, хоць у цэлым шляхта ВКЛ адмоўна паставілася да гэтай авантуры. Пасля раптоўнай смерці цара Барыса Гадунова, пры падтрымцы маскоўскага баярства самазванец увайшоў у Маскву і быў каранаваны там на царства. Але праз год у Маскве выбухнула паўстанне. Паўстанцы расправіліся з Ілжэдзмітрыем і яго наймітамі. Праўрадавыя колы Рэчы Паспалітай пачалі прапагандаваць ідэю прэвентыўнай вайны. Вясной 1607 г. у Шклове з'явіўся другі самазванец, які з войскам авантурыстаў рушыў на Маскоўскае царства і ў пачатку 1608 г. ужо кантраляваў палову яго, але быў спынены арміяй Васіля Шуйскага ля самай сталіцы, у вёсцы Тушын.

 

Агнястрэльная зброя Гарматы з фігурнымі ўпрыгожаннямі. 17 ст.

 

Баярская апазіцыя ў Маскве, якая жадала пазбавіцца ад новага цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону сыну Жыгімонта ІІІ Уладзіславу. Насуперак волі вальнага сойма, Ваза ў 1609 г. распачаў адкрытую вайну супраць Расіі з мэтай адваявання Смаленскай зямлі і далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. У верасні літвінска-польскае войска з каралём на чале ўзяло ў аблогу першакласную Смаленскую крэпасць. Незадаволенае палітыкай Шуйскага маскоўскае баярства звергла цара. Часовы ўрад - баярская рада ("сямібаяршчына") накіравала да Жыгімонта пад Смаленск пасольства і ў жніўні 1610 г. заключыла з ім дагавор пра саюз Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай праз абранне царом 15-гадовага каралевіча Уладзіслава, які быў афіцыйна абвешчаны царом Расіі. У верасні 1610 г. польскае і літвінскае войскі занялі Маскву, а яшчэ праз год штурмам быў здабыты і вернуты ў склад ВКЛ Смаленск.

 

 

Аднак у 1612 г. у Маскве выбухнула паўстанне супраць інтэрвентаў. У жніўні да сталіцы падышло расійскае апалчэнне, сфарміраванае ў Ніжнім Ноўгарадзе старастам Кузьмой Мініным і князем Дзмітрыем Пажарскім. Славуты літвінскі палкаводзец Ян Хадкевіч, які перамагаў і шведаў, і туркаў, тут пазнаў паражэнне. У лістападзе заціснуты ў Крамлі польска-літоўскі гарнізон капітуляваў. Земскі сабор 1613 г. абраў царом 16-гадовага Міхаіла Раманава. У 1617-1618 гг. каралевіч Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, каб вярнуць трон, але яе штурм вынікаў не даў. Вычарпаныя баявыя рэсурсы і значныя страты ў людзях вымусілі абодва бакі пайсці на перагаворы. 1 снежня 1618 г. было падпісана Дэулінскае перамір'е на 14,5 гадоў, паводле якога ў склад ВКЛ увайшлі Смаленск, Мажайск, Дарагабуж, Вязьма, да кароны - землі Чарнігаўская і Северская. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул "цара маскоўскага і ўсяе Русі", але на троне застаўся Міхаіл Раманаў.

 

Урад цара Аляксея Міхайлавіча імкнуўся да рэваншу за інтэрвенцыю Рэчы Паспалітай на пачатку XVII ст. Зручную сітуацыю для нанясення вырашальнага ўдару па Рэчы Паспалітай стварыла вайна ўкраінскіх казакаў супраць Кароны, якая зацягнулася і знясіліла апошнюю. Перамовы аб удзеле Расіі ў вайне з Рэччу Паспалітай на баку Хмяльніцкага вяліся з 1649 г. На працягу 1649-1651 гг. маскоўскі ўрад, хоць і заяўляў аб гатоўнасці аказаць дапамогу ўкраінскім казакам, але не мог рашыцца на адкрытае ваеннае ўмяшанне на Украіне і ВКЛ. Расія яшчэ не была гатова да вайны. З сакавіка 1653 г. яна пачынае актыўна да яе рыхтавацца. Згода Земскага сабора 1653 г. аб прыняцці Украіны пад царскую "высокую руку" і абвяшчэнне гэтага рашэння на Пераяслаўскай Радзе 8 студзеня 1654 г. азначалі пачатак вайны.

 

Мушкет з апорнай сошкай, 17 ст.

 

У маі 1654 г. тры вялікія арміі - з Вялікіх Лук, Вязьмы і Бранска - агульнай колькасцю да 80 тысяч чалавек уварваліся ў межы ВКЛ. Ім на дапамогу Б. Хмяльніцкі паслаў з Украіны 20-тысячны атрад пад началам наказнога гетмана Івана Залатарэнкі, які павінен быў дзейнічаць у паўднёва-ўсходніх паветах Беларусі. Агульная задума рускага камандавання заключалася ў заняцці важных стратэгічных пунктаў на шляху да Вільні. На першым этапе вайны ВКЛ змагла выставіць супраць гэтай сілы 10-12-тысячнае апалчэнне мясцовай шляхты.

 

За першы год вайны руская армія авалодала тэрыторыямі да Дняпра на ўсходзе і да Дзвіны на поўначы Беларусі. Смаленск, Віцебск і Гомель упарта адбіваліся. Шэраг гарадоў на пачатку вайны капітуляваў: Магілёў, Шклоў, Невель, Чавусы, Полацк. Некаторыя здаліся пад уплывам прапаганды беларускага шляхціча Канстанціна Паклонскага, які перайшоў на бок цара, стварыў мясцовы казацкі полк і меў даручэнне схіляць гарады да здачы. Рускія ваяводы знішчалі ўсё, што можна было знішчыць, бязлітасна распраўляліся з абаронцамі гарадоў, а сялян і асабліва рамеснікаў тысячамі вывозілі ў палон. У Маскве і іншых рускіх гарадах узніклі цэлыя слабодкі з гвалтоўна пераселеных туды "беларусцаў", як называлі ў Расіі ўсходніх літвінаў.

 

Вясной 1655 г. пачаўся другі паход рускай арміі, якая атрымала перамогі пад Барысавам, Слуцкам, Ашмянамі. У ліпені яна авалодала Менскам, Клецкам, Слонімам. 31 ліпеня амаль безабаронная Вільня была захоплена, абрабавана і выпалена, у жніўні ўзяты Гродна і Коўна. Да восені ўся тэрыторыя Беларусі апынулася пад акупацыяй, за выключэннем раёнаў Палесся, Берасцейшчыны і Панямоння. Слуцк, Пінск, Стары Быхаў і Брэст заставаліся пад кантролем польска-літоўскіх сіл. 4 верасня Аляксей Міхайлавіч прыняў тытул самадзержца "всея Великия и Малыя и Белыя России".

 

Пасля захопу Вільні маскоўскі ўрад палічыў ліквідацыю ВКЛ як дзяржавы і анексію яго зямель справай вырашанай і пайшоў на часовае прымірэнне з Рэччу Паспалітай. У 1656 г. у Немежы, пад Вільняй, паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай было падпісана двухгадовае перамір'е.

 

Гаспадаранне маскоўскіх войскаў на Беларусі, шматлікія паборы і кантрыбуцыі, рабаўніцтва, гвалт і масавы вываз людзей у няволю распальвала тут антырускія настроі і выклікала шырокі рух народнага супраціву. Ён пачаўся адразу пасля з'яўлення царскага войска ва ўсходніх паветах дзяржавы, актывізаваўся падчас наступальнай кампаніі гетмана Я. Радзівіла зімой 1654-1655 гг. Яго разгортванню ў 1657 г. у Мінскім ваяводстве і Падняпроўі садзейнічала прысутнасць казацкіх атрадаў Івана Нячая, прызначанага замест І. Залатарэнкі. У 1658 г. загоны Нячая сталі адкрыта ваяваць супраць расійскага войска. Асаблівую незадаволенасць казацкіх старшынь выклікалі спробы царскіх ваяводаў прывесці "беларусаў да падданства цару". Калі на пачатку вайны, дзякуючы шырокай прапагандзе і ўдаламу выкарыстанню міжканфесійных супярэчнасцяў у ВКЛ маскоўскі ўрад змог у шмат якіх месцах Беларусі нейтралізаваць і нават схіліць на свой бок праваслаўнае насельніцтва, то з пачаткам акупацыі больш характэрна масавая антымаскоўская барацьба мясцовага насельніцтва.

 

Вясной 1660 г., пасля заключэння мірнага пагаднення са Швецыяй, Рэч Паспалітая змагла засяродзіць сілы на барацьбе з Масквой. З другой паловы 1660 г. ваенная ініцыятыва канчаткова пераходзіць у рукі польска-літоўскага камандавання. З Прусіі і Ліфляндыі да Вільні былі перакінуты войскі пад началам вялікага гетмана П. Сапегі і С. Чарнецкага. У 1661 г. сталіца ВКЛ была вызвалена. Рускія войскі не змаглі стрымаць націску і адступілі ў напрамку Полацка.

 

Абодва бакі былі знясілены ваеннымі дзеяннямі. Пасля працяглых і цяжкіх перамоў у 1667 г. у в. Андросава, каля Мсціслава, паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай было заключана пагадненне тэрмінам на 13,5 года. Паводле яго ўмоў, Смаленскае і Чарнігаўскае ваяводствы і ўкраінскія землі па левы бераг Дняпра адыходзілі да Расіі. Тэрыторыя ВКЛ паменшылася з 370 да 312 тыс. кв. км.

 

Трактат, падпiсаны ў беларускай вёcцы Андросава, стаўся найважнейшай падзеяй гiсторыi Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Баланс сiл ва Усходняй Еўропе быў канчаткова парушаны на карысць Маскоўскай дзяржавы, якая выйшла на першае месца па магутнасцi, завалодала iнiцыятывай. Рэч Паспалітая, наадварот, ужо ў Андросаве падпiсала сабе прысуд. Прыйшоў час хуткага заняпаду Рэчы Паспалiтай. Да замiрэння 1667 г. тут аднеслiся па-рознаму. Частка магнатаў i шляхты ўхваляла яго. Групоўка сенатараў на чале з Янам Сабескiм катэгарычна выступiла супраць Андросаўскага трактата i заклiкала працягваць вайну. Гэта, зразумела, была утопiя.

 

Шматгадовыя ваенныя дзеяннi, палiтыка татальнага спусташэння зямлi i вываду палонных прывялi Беларусь да дэмаграфiчнай i гаспадарча-эканамiчнай катастрофы, на стагоддзе адкiнулi яе назад. Па стратах i адмоўных вынiках вайна 1654-1667 гг. была самай трагiчнай у нашай гiсторыi, гэта нацыянальная катастрофа. З 1650 па 1667 гг. колькасць насельнiцтва скарацiлася больш як удвая - з 2,9 да 1,4 млн. чалавек. Большасць людзей гiнула не ў бiтвах, а з голаду i эпiдэмiй. Беларускiя ваяводствы абязлюдзелi таксама з-за перасяленняў, вывазу сялян i рамеснiкаў у Расiю. Асаблiва пацярпела жыхарства паветаў, сумежных з Маскоўскай дзяржавай: у Аршанскiм, Мсцiслаўскiм, Полацкiм паветах пуставала ад 69 да 75% хат, тут засталася менш за трэць ад даваеннай колькасцi насельнiцтва. Трэцяя частка гаспадарак Берасцейскага i Наваградскага ваяводстваў засталася без гаспадароў. Спатрэбiлася 125 гадоў, каб насельнiцтва Беларусi дасягнула ўзроўню сярэдзiны XVII ст.

Пытанні для самакантролю

Як доўга каралевіч Уладзіслаў быў царом Маскоўскай дзяржавы?

Якія вынікі мела вайна між Расіяй і Рэччу паспалітай 1654-1667 гг.?

25. Вынікі Паўночнай вайны для беларусаў

 

У канцы XVII ст. на поўначы Еўропы склалiся эканамiчныя i палiтычныя перадумовы для перадзелу сфер уплыву памiж мацнейшымі дзяржавамi рэгiёну. Расiя, Саксонiя i Данiя ўтварылi каалiцыю пад назвай "Паўночны саюз" (адсюль i назва вайны 1700-1721 гг.), паспрабавалi захапiць частку ўладанняў Швецыі.

 

У жаданнi вярнуць Лiвонiю, страчаную Рэччу Паспалiтай паводле Алiўскага мiру 1660 г. на карысць Швецыi, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст II, які быў адначасова і курфюрстам Саксоніі, у 1700 г. у саюзе з Данiяй i Расiяй выступiў супраць Швецыi. Расiя ў Паўночнай вайне iмкнулася заваяваць землi, якiя былi захоплены Швецыяй у пачатку XVII ст. i зачынялi ёй выхад у Балтыйскае мора.

 

Вайна пачалася няўдала для саюзнiкаў. Шведская армiя з Карлам ХІІ на чале ў 1700-1701 гг. прымусiла капiтуляваць Данiю, пад Нарвай атрымала перамогу над расiйскай армiяй, пад Рыгай разбiла саксонскае войска Аўгуста II i ў пачатку 1702 г. уступiла на тэрыторыю ВКЛ. Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў. Падчас Паўночнай вайны ВКЛ, бадай, у апошнi раз выступiла ў якасцi самастойнага фактару еўрапейскай палiтыкi. У 1702-1703 гг. памiж княствам i Расiяй былі падпiсаны тры мiждзяржаўныя пагадненнi аб сумесных дзеяннях супраць Швецыi. Расiя iмкнулася выкарыстаць антышведскiя настроi шляхты, каб уцягнуць Рэч Паспалiтую ў вайну, надоўга затрымаць шведскiя войскi на яе тэрыторыi, што дало б магчымасць самой лепш падрыхтавацца да вайны. Расiйскi ўрад абяцаў ваенную i фiнансавую дапамогу i нават распрацоўваў праект пераходу ВКЛ пад вярхоўную ўладу цара.

 

Грамадства ВКЛ раскалолася на працiўнiкаў i прыхiльнiкаў шведаў. У гэты ж час у дзяржаве разгарэлася "магнацкая" вайна за ўладу памiж Сапегамi, Агiнскiмi, Вiшнявецкiмi i Радзiвiламi. Сапегi шукалi падтрымку ў Карла XII, а прадстаўнiкi антысапегаўскай шляхецкай партыi (Агiнскiя i Вiшнявецкiя) дамаўлялiся з Пятром I. Прыклад палiтычнай беспрынцыповасцi паказаў кароль Аўгуст II. Ён кiдаўся то да Пятра I, то да Карла XII. У iмкненнi заключыць сепаратны мiр са Швецыяй ён не спыняўся нават перад магчымасцю частковага падзелу Рэчы Паспалiтай. Шведскi кароль лiчыў Аўгуста II несумленным палiтыкам і задумаў пазбавіць яго каралеўскай пасады. Кандыдата ў каралi шукалі нядоўга. У 1704 г. шляхта на чале з апальнымi Сапегамi, якая непрыязна ставiлася да Аўгуста II, пры падтрымцы шведскiх штыкоў абрала новым манархам ваяводу Станiслава Ляшчынскага.

 

У Рэчы Паспалiтай утварылася двоеўладдзе: адны падтрымлiвалi Аўгуста II, другiя - Станiслава Ляшчынскага. Чарговая канфрантацыя вяла да трагедыi - прыцягнення знешнiх сiл для вырашэння ўнутраных супярэчнасцяў.

 

Восенню 1704 г. у Беларусь уступiла амаль 60-тысячнае расiйскае войска пад камандаваннем Рапнiна, усе выдаткі па ўтрыманні яго неслі мясцовыя жыхары. Расійская армія ачысцiла тэрыторыю ВКЛ ад шведскiх войскаў i атрадаў Сапегi. Шведы перайшлi Нёман, разбурылi ваколiцы Гароднi. Па беларускай зямлi пачаў гуляць смерч спусташэння. Рэч Паспалiтая ператварылася "ў заезджы двор i карчму" для чужаземных войскаў, якiя зводзiлi рахункi памiж сабою i нiшчылi край. Так, вядомы загад Пятра I, паводле якога патрабавалася "... везде провиант и фураж, тако ж хлеб стоячий в поле и в гумнах или в житницах по деревням ... жечь, не жалея и строения ... уничтожать мосты, мельницы, а жителей со скотом переселять в леса".

 

Не лепшае было стаўленне i з боку шведаў. Загад Карла XII прадугледжваў: "Кантрыбуцыю спаганяць агнём i мячом. Хутчэй хай пацерпiць невiнаваты, чым выслiзне вiнаваты... Было б найлепей, каб усе гэтыя мясцiны былi панiшчаны рабункамi i пажарамi i каб усе, хто там жыве, вiнаватыя цi невiнаватыя, былi знiшчаны".

 

На працягу амаль усяго папярэдняга Палтаўскай бiтве перыяду тэрыторыя Беларусi была асноўным тэатрам ваенных падзей i базай забеспячэння як рускага, так i шведскага войскаў, а таксама войска Рэчы Паспалiтай. За кошт мясцовага насельнiцтва яны забяспечвалi свае патрэбы ў правiянце, фуражы, транспарце. Збору кантрыбуцый спадарожнічалі самавольствы i рэпрэсii. У выпадку нявыплаты яе ў тэрмiн накiроўвалiся ўзброеныя атрады для "экзекуцыi" - прымусовага спагнання.

 

Па меры прасоўвання шведскай армii на ўсход, Пётр адводзiў войска да сваёй мяжы, вымотваў працiўнiка, падрываў яго баяздольнасць. Ён хацеў даць рашучы бой на беларускай зямлi. 28 верасня 1708 г. пад вёскай Лясная ля Прапойска (сучасны Слаўгарад) руская армiя разграмiла шведскі корпус генерала Левенгаўпта, які ішоў з Рыгі на дапамогу Карлу ХІІ.

 

Кацярына І (1684 - 1727), жонка цара Пятра І і расійская імператрыца (сапр. Марта Скаўронь), нарадзілася на Полаччыне нібыта ў сям'і прыгоннага. У юнацтве працавала служанкай у святара з суседняй Лівоніі, падчас Паўночнай вайны апынулася ў рускай арміі ў якасці "трафея". Была каханкай царскага вяльможы Меншыкава, спадабалася цару і ў рэшце рэшт стала яго жонкай, а ў маі 1724 г. была каранавана ў Маскоўскім крамлі на імператрыцу. Пасля смерці Пятра І (1725) пры дапамозе графа Меншыкава стала самадзяржаўнай правіцельніцай Расіі. Імператрыцай Расіі (1741 – 1761) была таксама і яе дачка Лізавета.

 

Разгром шведаў пад Палтавай (27 чэрвеня 1709 г.) рэзка памяняў палiтычную сiтуацыю ў краiне. Расiйскае і польскае войскі ачысцiлi ад шведаў i iх прыхiльнiкаў Беларусь, Жамойцію i Польшчу, ваенныя дзеяннi пера-кiнулiся на тэрыторыю Швецыi i iшлi далей пры поўнай перавазе Расii. Трон Рэчы Паспалiтай пры падтрымцы саксонскага войска зноў заняў Аўгуст II, прыхiльнiк цара Пятра, якi разам з прускiм каралём устанавiў над Рэччу Паспалiтай палiтычны кантроль. Шляхта, знявераная ў былым манарху, усё ж пагадзiлася аднавiць яго на пасадзе. Хоць межы Рэчы Паспалiтай пасля Паўночнай вайны засталiся некранутымi, але яна згубiла свой суверэнiтэт i ўсё больш пападала ў залежнасць ад палiтыкi расiйскага манарха. У шэрагу гарадоў, у тым лiку ў Полацку i Быхаве, былi размешчаны расiйскiя гарнiзоны. У Расiю вывозiлiся рамеснiкi i моладзь. Царскi вяльможа А. Меншыкаў ад свайго iмя раздаваў пасады i маёнткi прыхiльнiкам Пятра I. У 1717 г. Пётр І навязаў сойму Рэчы Паспалітай рашэнне аб скарачэнні яе войска і захаванні славутага "liberum veto".

 

 

Зацiкаўленыя ў захаваннi безуладдзя i анархii пад прыкрыццём аховы i гарантавання "шляхецкiх вольнасцяў" Расiя, Прусiя і Аўстрыя вырашылі ўтрымлiваць Рэч Паспалiтую ў залежнасці ад сябе. Паўночная вайна эканамічна зруйнавала Рэч Паспалiтую, асаблiва яе ўсходнiя рэгiёны. Яна была адной з найбольш драматычных старонак беларускай гiсторыi. Вялiкае княства Лiтоўскае зноў было адкiнута на дзесяткi гадоў назад у сваiм гаспадарчым развiццi. Ваенныя дзеяннi, грабяжы, пастоi войскаў, непасiльныя кантрыбуцыi давялi Беларусь да страшнага спусташэння, нанеслi вялiкi ўрон яе эканомiцы. Сотнi населеных пунктаў ляжалi ў руiнах. Былi спалены Нясвiж, Ляхавiчы, Магiлёў, Вiцебск, Мсцiслаў i шмат iншых гарадоў.

 

 

Ваенныя спусташэннi ўзмацнiлiся засухай, што спасцiгла сельскую гаспадарку. Вялiкiм цяжарам для разрабаванага i збяднелага народа была эпiдэмiя, якая лютавала з 1708 па 1711 гг. i выклiкала вялiкую смяротнасць. У Наваградку пасля яе засталася толькi палова жыхароў. Эпiдэмiя ў Гароднi ў 1710 г. прыняла такiя памеры, што "ўвесь горад застаўся пустым". Сельская гаспадарка, гарады, рамяство, гандаль прыйшлi ў глыбокi заняпад. Вялiкай цаной заплацiў беларускi народ у гэтай вайне. Агульныя страты насельнiцтва склалi каля 30%, а гэта больш за 700 тыс. чалавек (за гады вайны яго колькасць знiзiлася з 2,2 млн. да 1,5 млн. чалавек).

Пытанні для самакантролю

Як паводзілі сябе магнаты ВКЛ падчас Паўночнай вайны?

Як паводзілі сябе швецкія і рускія войскі на тэрыторыі Беларусі падчас Паўночнай вайны?

26. Адукацыя і асвета ў Беларусі ў XVI-XVIII cтст.

 

У ХVI-XVII стст. асвета на Беларусі развівалася ва ўмовах барацьбы паміж праваслаўем, каталіцтвам і рэфармацыйнымі рухамі. Пры падтрымцы ўрада езуіты адкрывалі школы, якія спрыялі ўмацаванню пазіцый каталіцкай царквы і вынішчэнню рэфармацыйнага руху ў ВКЛ. У 1579 г. яны заснавалі Віленскую акадэмію - першую ў ВКЛ вышэйшую навучальную ўстанову. Першым рэктарам акадэміі быў ідэолаг контррэфармацыі Пётр Скарга. Акадэмія мела філасофскі і тэалагічны факультэты, з 1641 г. - юрыдычны. Яна рыхтавала служыцеляў культу, педагогаў, палітычных дзеячаў, дыпламатаў. Мела багатую бібліятэку, астранамічную абсерваторыю. Акадэмія адыграла вялікую ролю ў пашырэнні асветы на Беларусі, знаёмстве беларускага грамадства з дасягненнямі заходнееўрапейскай навукі, фарміравані інтэлігенцыі і адначасова спрыяла ўмацаванню пазіцый каталіцкай царквы. Паводле прыблізных падлікаў, за 1583-1781 гг. акадэмія прысвоіла сваім выпускнікам 4076 вучоных ступеняў па філасофіі, праву, тэалогіі. Сярод яе найбольш вядомых выпускнікоў - Мялецій Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Альберт Каяловіч.

 

Нясвіж. Палац Радзівілаў

 

У найбольш значных гарадах Беларусі (Полацку, Нясвіжы, Оршы, Брэсце, Пінску, Гродне, Наваградку, Віцебску, Мінску, Слуцку, Слоніме і інш.) езуіты адкрылі свае калегіі - навучальныя ўстановы сярэдняга тыпу, якія мелі антыпратэстанцкі, а потым і антыправаслаўны характар. У калегіях выкладаліся граматыка, рыторыка, этыка, багаслоўе, фізіка, матэматыка. Гуманітарна-рэлігійная адукацыя, якую давалі гэтыя школы, напачатку адпавядала патрэбам духоўных і свецкіх феадалаў, спрыяла пашырэнню кругагляду шляхецкага саслоўя. Але да сярэдзіны ХVIII ст. езуіцкія школы перасталі адпавядаць гаспадарчым і палітычным патрабаванням кіруючых колаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай з-за фармалізму і абмежаванасці вучэбных праграм, недахопу рэальных ведаў па прыродазнаўстве і грамадазнаўстве. Акрамя езуітаў свае школы стварылі таксама бернардзіны і іншыя каталіцкія манаскія ордэны.

 

 

Адказам праваслаўнай царквы на каталіцкую экспансію апошняй трэці ХVI ст. было адкрыццё брацкіх школ у Вільні, Брэсце, Магілёве, Мінску, Пінску, Оршы, Шклове і інш. У іх вывучаліся граматыка, рыторыка, арыфметыка, свяшчэннае пісанне, геаграфія, астраномія, мовы (беларуская, польская, грэчаская і лацінская). У навучальным працэсе выкарыстоўваліся элементы класна-ўрочнай сістэмы. Выкладчыкамі брацкіх школ працавалі выдатныя педагогі і царкоўна-культурныя дзеячы канца ХVI - першай паловы XVII стст.: Васіль Цяпінскі, браты Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі, Лявонцій Карповіч.

 

Пасля заключэння ў 1596 г. Берасцейскай царкоўнай уніі пачалі адкрывацца уніяцкія школы, што ўтрымліваліся, кіраваліся і забяспечваліся педагагічнымі кадрамі манаскім ордэнам базыльян, які ў 1613 г. атрымаў ад караля Жыгімонта ІІІ Вазы, а ў 1615 г. ад Папы Рымскага права на заснаванне школ. Шмат зрабілі для заснавання базыльянскіх школ і ўдасканалення ў іх вучэбнага працэсу уніяцкія мітрапаліты Іпацій Пацей і Іосіф Руцкі. Першыя такія школы ўзніклі ў першай чвэрці ХVII ст. у Барунах, Жыровіцах, Мінску, Наваградку, Чарэі. Настаўнікаў для базыльянскіх школ рыхтавалі ў езуіцкіх калегіумах, у Віленскай акадэміі і замежных універсітэтах (Германіі, Італіі, Чэхіі). Пазней большасць настаўнікаў рыхтавалі самі базыльянскія навучальныя ўстановы. У іх вучылася моладзь розных веравызнанняў, у асноўным шляхецкага паходжання і дзеці духавенства. У ваенных падзеях сярэдзіны XVII ст. і Паўночнай вайны значная колькасць базыльянскіх школ была знішчана, іншыя прыйшлі ў заняпад.

 

Тым часам у грамадскім і культурным жыцці Заходняй Еўропы ўкараняліся працэса т. з. Асветніцтва, што можна назваць працягам Рэнесанса на новым, больш высокім узроўні. У сярэдзіне XVII ст. скончыліся рэлігійныя войны, Еўропа прызвычаілася да шматканфесійнасці. Аднака знешняя пагроза: Асманская імперыя пацярпела шэраг паражэнняў (у т. л. ад войска Яна Сабескага пад Венай у 1683 г.) і больш не пагражала Еўропе. Індустрыялізацыя і эксплуатацыя калоній зрабілі Еўропу самай багатай і самай моцнай часткай свету.

 

Інтэлектуальная эліта еўрапейскіх краін вырашыла, што набліжаюцца "царства розуму", эпоха свабоды, роўнасці і грамадскай справядлівасці. Д. Локк, Ж.Ж. Руссо, Вальтэр, Э. Кант і іншыя асветнікі атвяргалі рэлігію, лічылі, што "царства розуму" можна стварыць шляхам асветы і адукацыі грамадства, ад манархаў да сялян, шляхам развіцця ўсіх галін мастацтва, літаратуры, навукі. Манархі шэрагу краін спачувалі (альбо рабілі выгляд, што спачуваюць) ідэям асветнікаў.

 

На Беларусі носьбітамі ідэі Асветніцтва былі Казімір Лашчынскі, Ілля Каніевіч, Феафан Пракаповіч, шэраг магнатаў, частка заможнага мяшчанства. Пад уплывам Асветніцтва адбываліся перамены ў светапоглядзе грамадства: на змену чалавеку набожнаму, часта - забабоннаму прыйшоў ідэал адукаванага, рацыяналістычнага чалавека. У ВКЛ значна ўзрасло друкаванне, павялічвалася колькасць тэатраў і музычных калектываў, узбагацілася дойлідства, у панскіх сядзібах укаранілася мода на сады і паркі, архітэктуру малых форм, але найбольш значным вынікам уплыву Асветніцтва на Рэч Паспаліту была школьная рэформа, ажыццёўленая Адукацыйнай камісіяй - установай па кіраўніцтву народнай асветай, заснаванай сеймам 1773-1775 гг. Гэта першая такая ўстанова ў Еўропе. Першым старшынёй быў І. Масальскі. Адукацыйная камісія ажыццявіла рэформу школ і універсітэтаў у духу ідэй Асветніцтва. Правядзенню рэформы спрыяў роспуск у 1773 г. Папам Рымскім ордэна езуітаў, у руках якога на працягу ХVII-XVIII стст. фактычна знаходзілася манаполія на адукацыю ў Рэчы Паспалітай. Школы і маёмасць ордэна былі перададзены ў распараджэнне Адукацыйнай камісіі.


<== previous lecture | next lecture ==>
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 6 page | Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 8 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.576 s.