|
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 12 pageDate: 2015-10-07; view: 498. 40. Рэвалюцыя 1905-1907 гг. і ўдзел у ёй насельніцтва Беларусі
Пачаткам першай расійскай рэвалюцыі лічацца падзеі 9 студзеня 1905 г. У гэты дзень па загаду цара ў Пецярбургу было расстраляна мірнае шэсце рабочых. Гэты трагічны факт высвеціў многія сур'ёзныя праблемы шматнацыянальнай краіны. Прычыны першай расійскай рэвалюцыі мелі свае карані ў супярэчнасцях усерасійскага грамадства: наяўнасці рэшткаў феадальна-прыгонніцкай сістэмы, адсутнасці палітычных свабод, жорсткай эксплуатацыі рабочых прадпрымальнікамі, няздольнасці царскай улады вырашаць шэраг сацыяльных і нацыянальных праблем, забяспечыць агульны прагрэс краіны. Усе гэтыя крызісныя рысы былі паглыблены няўдалай руска-японскай вайной, дзе руская армія цярпела паражэнні. Па свайму характару і накіраванасці першая расійская рэвалюцыя была буржуазна-дэмакратычнай.
Мітынг рабочых і сялян на ст. Баранавічы. Снежань 1905 г. Малюнак С. Раманава.
Падзеі 9 студзеня выклікалі абурэнне ва ўсёй краіне, у тым ліку і на Беларусі. Палітычныя стачкі пратэсту, дэманстрацыі і мітынгі супраць карных захадаў урада адбыліся больш як у 20 гарадах Беларусі. У студзеньскія дні 1905 г. у беларускіх губернях баставала 34 тыс. чалавек. У наступныя месяцы пракацілася хваля эканамічных забастовак, у ходзе якіх рабочыя патрабавалі скарачэння працоўнага дня, паляпшэння ўмоў працы, павелічэння заработнай платы.
Стыхія масавых выступленняў працоўных прымушала партыі левага накірунку ўдакладніць свае погляды і пазіцыі, выпрацаваць тактыку. Але сярод сацыялістаў былі розныя погляды на рэвалюцыйныя падзеі. Больш умераныя меншавікі выступалі за скасаванне самадзяржаўя, але дапускалі ў пэўным сэнсе канстытуцыйную манархію. Найлепшым вынікам рэвалюцыі яны лічылі скліканне прадстаўнічай установы, якую можна пераўтварыць ва Устаноўчы сход. Яны выступалі супраць паўстання, лічылі, што яно можа адбыцца толькі як "паўстанне здзічэлых мас народа". Такія ж погляды былі характэрныя і для бундаўцаў.
Бальшавікі былі не толькі за звяржэнне царскай улады, але і за ўстанаўленне рэвалюцыйнай дыктатуры шляхам узброенага паўстання.
Па-экстрэмісцку выступілі супраць царскага ўрада сацыялісты-рэвалюцыянеры. Яны арганізавалі некалькі тэрарыстычных актаў супраць царскіх саноўнікаў і паліцэйскіх, заклікалі да аграрнага і фабрычнага тэрору, "захопліваць і араць грамадою палі, скідаць паме-шчыкаў, паліцыю, дрэнных старастаў, старшынаў і пісараў".
Пашырала актыўнасць Беларуская сацыялістычная грамада. Яна выдавала лістоўку пад назвай "Царскае жніво", дзе сцвярджалася, што спадзявацца на цара нельга, а таму "Далоў цара, далоў царскі ўрад". У лістоўцы "Што такое канстытуцыя?" БСГ патрабавала свабоды слова, друку, склікання канстытуцыйнага сходу. Сяляне заклікаліся ў час жніва аб'яўляць забастоўкі, патрабаваць ад буйных землеўладальнікаў часткі ўраджаю, а ў выпадках адмовы апошніх, захопліваць панскую маёмасць (у тым ліку і зямлю) і дзяліць яе паміж сабой. БСГ патрабавала таксама дабівацца аўтаноміі для Беларусі. "Кожны народ павінен мець свой сейм, які ведаў бы яго справамі", - лічылі грамадаўцы.
У кастрычніку 1905 г. краіну ахапіла ўсерасійская стачка. На Беларусі ў выніку стачкі была паралізавана ўся чыгунка. Напалоханы моцным рэвалюцыйным рухам, цар вымушаны быў 17 кастрычніка 1905 г. падпісаць Маніфест, у якім былі абяцаны дэмакратычныя свабоды: недатыкальнасць асобы, скліканне заканадаўчай Думы з удзелам у выбарах усіх саслоўяў насельніцтва. Гэта была сур'ёзная перамога рэвалюцыі.
Пасля абвяшчэння Маніфеста 17 кастрычніка актывізаваліся праўрадавыя арганізацыі, у якія ўваходзілі праваслаўныя святары і саноўная бюракратыя. Манархічныя партыі адмаўлялі права беларусаў на сваё самастойнае дзяржаўнае існаванне. Іх ідэолагі разглядалі Беларусь як частку "Заходняй Расіі", якая непадзельна звязана з "адзінай і недзялімай Расіяй", і рабілі выснову: беларусы павінны канчаткова зліцца з рускім народам, быць яго непа-дзельнай часткай.
У канцы 1905 г. была створана партыя "Саюз 17 кастрычніка", якая без агаворак падтрымала царскі ўрад і яго праграму, выкладзеную ў маніфесце. Яна асабліва падкрэслівала неабходнасць захавання адзінства Расійскай дзяржавы. Толькі Фінляндыі "Саюз" лічыў магчымым даць нейкую аўтаномію.
Маніфест 17 кастрычніка віталі лібералы. Аднак яны лічылі, што гэты дакумент не цалкам задавальняе патрабаванні вызваленчага руху. Прапанавалася звольніць з адміністрацыі некаторых асоб і ўтварыць "часовы справавы кабінет". У лістападзе 1905 г. лібералы стварылі Канстытуцыйна-дэмакратычную партыю (кадэтаў). Яна адстойвала канстытуцыйную манархію, выкуп часткі памешчыцкай зямлі сялянамі, свабоду і садзейнічанне прадпрымальніцтву. У канцы 1905 г. гурткі кадэцкай партыі ўзніклі ў Вільні, Магілёве і Пінску.
Партыі сацыялістычнага напрамку адмоўна сустрэлі Маніфест 17 кастрычніка. Яны лічылі, што трэба наступаць на царызм. Пра гэта сведчылі наступныя падзеі. 18 кастрычніка 1905 г. у Мінску ўдзельнікі мітынгу запатрабавалі вызваліць 12 вязняў і губернатар Курлоў вымушаны быў задаволіць гэтае патрабаванне. Але калі вязні былі ўжо на волі і прынялі ўдзел у мітынгу на Прывакзальнай плошчы, па ўдзельнікам мітынга пачалася стральба: загінула больш за 80 чалавек. Эсэры вырашылі правесці ў адказ шэраг тэрарыстычных актаў. Сябра эсэраўскай арганізацыі Л. Язерская параніла магілёўскага губернатара Клінгэбэрга, быў паранены памочнік мінскага паліцмайстра Шклярэвіч. Беспаспяховым быў замах Івана Пуліхава 14 студзеня 1906 г. на жыццё Курлова: бомба не ўзарвалася. Эсэраўскі тэрор спавадаваў узмацненню рэпрэсій і раскол левых сіл.
У снежні 1905 г. у Маскве ўзброенае паўстанне пацярпела паражэнне. На Беларусі паўстання не адбылося, назіраліся некалькі сутычак рабочых з царскімі вайскоўцамі. Адбыліся стачкі на некаторых прадпрыемствах у падтрымку паўстанцаў. Напрыклад, два дні ў снежні быў поўнасцю паралізаваны чыгуначны вузел Баранавічы.
Бальшавікі, эсэры, Бунд, БСГ падтрымлівалі тактыку байкоту І Думы, якая пачала работу ў красавіку 1906 г. Сярод 36 дэпутатаў ад 5 заходніх губерняў былі 10 памешчыкаў, 2 ксяндзы, 11 ліберальных інтэлігентаў і 13 сялян. Частка дэпутатаў ад Беларусі (кадэты і аўтанамісты) выступіла з прапановай аўтаноміі для Паўночна-Заходняга краю з мэтай "арганізацыі самастойнага нацыянальнага быту".
У абставінах спаду рэвалюцыі, націску царскага сама-дзяржаўя на апазіцыйныя плыні беларускія нацыянальныя лідэры вымушаны былі шукаць магчымасці для легальнага руху. Галоўным напрамкам стала культурна-асветніцкая дзейнасць, легальны беларускі друк.
Неўзабаве ў Вільні стала выдавацца "Наша ніва" - легальная штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета на беларускай мове. Яна выдавалася ў 1906-1915 гг. У газеце супрацоўнічалі А. Пашкевіч, В. Ластоўскі, І. Луцкевіч, Я. Купала і Я. Колас. Газета на доўгі час стала цэнтрам беларускага нацыянальнага жыцця, люстэркам думак беларускага народа. Летам 1907 г. адбылася апошняя канферэнцыя БСГ, якая прыняла рашэнне аб яе роспуску. Актыўныя дзеячы і кіруючыя кадры Грамады згрупаваліся вакол рэдакцыі "Нашай нівы". Таму справа БСГ працягвала жыццё ў артыкулах і матэрыялах газеты.
Да сярэдзіны 1907 г. ясна вызначылася паражэнне рэвалюцыі. З чэрвеня 1907 г. царскі ўрад разагнаў ІІ Дзяржаўную думу і арыштаваў сацыял-дэмакратычную фракцыю. Новы выбарчы закон быў выдадзены ў парушэнне асноўнага палажэння Маніфеста 17 кастрычніка 1905 г. без згоды Думы.
Першая расійская рэвалюцыя паскорыла палітычнае размежаванне ўсіх грамадска-палітычных сіл. Былі зроблены пэўныя крокі ў пераўтварэнні самадзяржаўя ў канстытуцыйную манархію. Аднак глыбокіх дэмакратычных рэформ ажыццявіць не ўдалося. Пытанні для самакантролю Хто такія Курлаў і Пуліхаў? Якую ролю адыграла ў гісторыі Беларусі газета “Наша ніва”? 41. Сацыяльна-эканамічнае жыццё беларускіх губерняў у 1900-1914 гг. Сталыпінская аграрная рэформа
Сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі ў пачатку ХХ ст. адпавядала агульным працэсам і тэндэнцыям, характэрным для расійскай і сусветнай эканомікі. Перыяд вызначаецца цыклічнасцю эканамічнага развіцця і новымі з'явамі ў развіцці прамысловасці, буржуазнай рэформай у сельскай гаспадарцы.
Асаблівасцю новага этапа развіцця з'яўлялася тое, што тэхніка і тэхналогія маглі быць паспяхова выкарыстаны толькі на буйных прадпрыемствах. Адсюль і паскораная канцэнтрацыя вытворчасці і капіталу, якая прывяла да ўзнікнення манаполій. Манаполія - гэта саюз буйных прадпрымальнікаў з мэтай кантролю за вытворчасцю і збытам прадукцыі. Упершыню яны з'явіліся ў Германіі (1865) і ЗША (1870) і былі адзінкавай з'явай у сусветнай эканоміцы. Толькі пасля крызісу перавытворчасці 1900-1903 гг. манаполіі, картэлі, сіндыкаты, трэсты і канцэрны - пачалі адыгрываць важную ролю ў гаспадарчым жыцці.
Крызіс і дэпрэсія 1904-1908 гг. у эканоміцы Расійскай імперыі штурхалі фабрыкантаў да аб'яднання капіталаў у форме акцыянерных таварыстваў і стварэння сіндыкатаў. У пачатку 1914 г. на Беларусі былі 34 акцыянерныя таварыствы. Яны карысталіся падтрымкай банкаў, таму мелі большыя магчымасці, чым індывідуальныя прадпрымальнікі.
Дэпрэсія змянілася ажыўленнем у 1908 г. і перайшла ў прамысловы ўздым, які працягваўся аж да пачатку Першай сусветнай вайны. Гэтаму садзейнічалі наступныя фактары: павышэнне пакупной здольнасці насельніцтва; рост цэн на сельскагаспадарчыя прадукты; прыток капіталаўкладанняў у прамысловасць. Несумненна, што прамысловы ўздым цесна звязаны з аграрнай рэформай П. Сталыпіна.
За 1909-1913 гг. фабрычна-заводская прамысловасць павялічыла выпуск прадукцыі на 67,5%. Гэта былі самыя высокія тэмпы развіцця за ўсю гісторыю Беларусі. Колькасць фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў у 1900-1913 гг. вырасла з 799 да 1282, а рабочых на іх з 31,1 тыс. да 54,9 тыс. Адначасова павышалася тэхнічная ўзброенасць прамысловасці: магутнасць рухавікоў вырасла амаль у 2 разы.
Найбольш высокія тэмпы развіцця назіраліся ў дрэваапрацоўцы. На другім месцы знаходзілася папяровая прамысловасць, на фабрыках якой была высокая канцэнтрацыя вытворчасці і рабочых. Найбольш буйной з'яўлялася Добрушская фабрыка (1500 чалавек). Істотныя зрухі адбыліся ў развіцці вытворчасці шкла і будаўнічых матэрыялаў. Акцыянернаму таварыству "Заходняя Дзвіна" належаў шклозавод "Ноўка". Таксама былі пабудаваны шклозаводы ў Мінску і ў Ялізаве Бабруйскага павета. Беларусь спецыялізавалася на вырабе белага ліставога і багемскага шкла.
Рэвалюцыя 1905-1907 гг. і прамысловы ўздым станоўча паўплывалі на паляпшэнне становішча рабочых беларускіх губерняў. Работнікі многіх фабрык і заводаў дамагліся скарачэння працоўнага дня да 8-9 гадзін, палепшыліся ўмовы працы, медыцынскага абслугоўвання. Было адменена крымінальнае праследаванне за ўдзел у эканамічных стачках, а законам ад 4 сакавіка 1906 г. дазвалялася ўтварэнне прафсаюзаў рабочых і служачых у прамысловасці і гандлі. Назіралася тэндэнцыя да росту заработнай платы, хоць яна заставалася непараўнальна меншай, чым у дзяржаўных служачых.
У рэвалюцыі 1905-1907 гг. своеасаблівую вастрыню набыў сялянскі рух і аграрнае пытанне. Таму ўрад прапанаваў свой шлях яго вырашэння - праз аграрную рэформу. Яе ажыццяўленне было звязана з імем прэм'ер-міністра Расійскай імперыі П. Сталыпіна.
Сталыпін не раз назіраў за жыццём нямецкіх хутароў у Прыбалтыцы. Поспехі прускай сельскай гаспадаркі ў тыя гады былі вельмі добра вядомы, бо яна захоўвала памешчыцкае землеўладанне. Да таго ж стаўка рабілася на тое, каб разбіць адзіны агульнасялянскі фронт супраць памешчыкаў, раскалоць вёску, паскорыць стварэнне класа буржуазіі з ліку заможнага сялянства.
Згодна са сталыпінскай аграрнай рэформай кожны селянін мог аб'явіць прыватнай уласнасцю надзел зямлі, які знаходзіўся ў яго карыстанні; кожны селянін мог свабодна выйсці з абшчыны, свабодна выбраць месца жыхарства і род заняткаў; кожны селянін, які замацаваў зямлю ў прыватную ўласнасць, мог патрабаваць аб'яднання ўсіх яго раскіданых палосак у адзіны надзел. Калі на гэты надзел пераносілася сядзіба, то ўзнікаў хутар. У сувязі з малазямеллем сялянам дазвалялася перасяляцца за Урал і атрымліваць невялікія "пад'ёмныя" і пазыкі на ўладкаванне.
Рэформа ажыццяўлялася ў два этапы. Першы пачаўся з Указа ад 9 лістапада 1906 г. Згодна з ім кожны селянін мог выйсці з абшчыны і замацаваць свой надзел у прыватную ўласнасць. (Нагадаем, што абшчыннае землекарыстанне захавалася на Беларусі ў Віцебскай і Магілёўскай гумернях).Санкцыю на гэта павінен быў даць агульны сход сельскай грамады на працягу аднаго месяца. Калі сход не задавальняў просьбу, то канчаткова вырашаў пытанне земскі начальнік. Дазвалялася ствараць хутары, што садзейнічала ліквідацыі цераспалосіцы.
Другі этап пачынаецца з Указа ад 29 мая 1911 г. Зем-леўпарадкавальныя камісіі атрымалі права прымусова - у мэтах ліквідацыі цераспалосіцы - выдзяляць сялянам зямлю ў адным участку і такім чынам штурхаць іх да перасялення на хутары. Да 1915 г. у Магілёўскай губерні выйшлі з абшчыны 56,8% гаспадароў, а ў Віцебскай губерні - 28,9%.
З мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, павышэння культуры земляробства і жывёлагадоўлі землеўпарадкавальнымі камісіямі і земствамі прымаліся меры па ўзмацненню агранамічнай, заатэхнічнай, ветэрынарнай службаў, арганізацыі пунктаў продажу і пракату сельскагаспадарчых машын і прылад, супрацьпажарнай бяспекі.
Можна вызначыць наступныя вынікі рэформы. За 1906-1915 гг. на Беларусі было створана 12,8 тыс. хутароў (12% ад агульнай колькасці гаспадарак). Паскорыўся працэс распаду феадальнай і рост буржуазнай зямельнай уласнасці. Дваране, чыноўнікі, афіцэры прадавалі сваю зямлю. Пераважная большасць гэтых зямель пераходзіла ў рукі сялян-прадпрымальнікаў, якія стваралі гаспадаркі фермерскага тыпу. У той жа час больш за 40 тыс. двароў сялян-беднякоў і сераднякоў не змаглі наладзіць гаспадарку і былі вымушаны прадаць сваю зямлю.
Істотна ўзрасла тэхнічная ўзброенасць памешчыцкіх і пэўнай часткі заможных сялянскіх гаспадарак. У 1910 г. на адзін памешчыцкі маёнтак прыпадала ў сярэднім па 5 жалезных плугоў і па 5,5 розных сельскагаспадарчых машын. Колькасць малатарань і веялак павялічылася да 32,4 тыс. у гаспадарках заможных сялян. Затое сеялкі, жняяркі і сенакасілкі ў іх амаль не сустракаліся. Назіраўся рост сельскагаспадарчай вытворчасці, пасяўныя плошчы пашыраліся за кошт пасеваў тэхнічных і кармавых культур.
Сталыпінская аграрная рэформа не атрымала свайго лагічнага завяршэння. Забойства прэм'ер-міністра і пачатак Першай сусветнай вайны не далі магчымасці рэалізаваць паступовы пераход да амерыканскай мадэлі развіцця сельскай гаспадаркі.
Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 1900-1914 гг. сведчыць аб далейшым развіцці капіталізму, больш глыбокім яго пранікненні ў вытворчыя адносіны. Але, з другога боку, можна сцвярджаць аб недастатковым характары буржуазных пераўтварэнняў. Беларускія губерні заставаліся аграрным рэгіёнам, доля сельскай гаспадаркі ў якім складала 57,5%. Пытанні для самакантролю Якіх правоў дамагліся рабочыя падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг.? У якіх беларускіх губернях праводзілася Сталыпінская рэформа? 42. Асвета, адукацыя і навука ў другой палове XIX - пачатку XX стст.
Дзевятнаццатае стагоддзе стала эпохай сапраўдных прарываў у самых розных галінах навукі. Былі адкрыты электрамагнітная індукцыя, радыеактыўнасць, складзена перыядычная сістэма хімічных элементаў, вывучана прырода святла... Чарльз Дарвін сфармуляваў сваю тэорыю эвалюцыі. З прагрэсам навукі слабелі пазіцыі царквы ў грамадстве. Навука, аднак, развівалася не сама для сябе. Яе адкрыцці знаходзілі прымяненне ў вытворчасці, сродках камунікацыі, медыцыне, іншых сферах чалавечага жыцця. Так з'явіліся тэлеграф, тэлефон, радыё, электрычнае асвятленне. Інтарэсы людзей пашырыліся, а працоўная дзейнасць - ускладнілася, што запатрабавала іх адукаванасці. На працягу XIX ст. у перадавых краінах свету было ўведзена абавязковае ўсеагульнае навучанне дзяцей. Адпаведныя законы былі прыняты: у Даніі - у 1814 г., у ЗША - у 1852 г., у Англіі - у 1870 г. К канцу стагоддзя доля пісьменных сярод мужчынскага насельніцтва Заходняй Еўропы дасягнула 90%, у Расіі 21%.
У 2-й палове XIX - пачатку XX стст. сістэма адукацыі і асветы на Беларусі мела шэраг своеасаблівых рыс у параў-нанні з губернямі Цэнтральнай Расіі. Гэта было звязана не толькі з адметным гістарычным мінулым Беларусі. Вялікі адбітак на сітуацыю наклала паўстанне 1863-1864 гг., якое вымусіла царскі ўрад праводзіць тут палітыку, у тым ліку і адукацыйную, са значнымі карэктывамі.
Пачатковая школа на вёсцы была прадстаўлена царкоўнапрыходскімі школамі, школамі граматы і народнымі вучылішчамі. На Беларусі не было пашыраных у Расіі земскіх школ, бо земствы былі ўведзены тут толькі ў 1911 г. Найбольш прагрэсіўным тыпам пачатковых школ былі народныя вучылішчы. Яны былі адна- і двухкласныя (адпаведна 3-4 і 5-6 гадоў навучання). У праграму ўваходзілі Закон Божы, руская мова, арыфметыка, царкоўныя спевы, рамёствы (для хлопчыкаў) і рукадзелле (для дзяўчынак). Сур'ёзную канкурэнцыю народным вучылішчам складалі царкоўнапрыходскія школы. Настаўнікамі ў іх былі праваслаўныя святары, псаломшчыкі і г.д. Навучалі Закону Божаму, малітвам, выкладалі асновы пісьма, ліку. Выхаванне адбывалася ў духу вернасці праваслаўю і цару. У гарадах да ліку пачатковых навучальных устаноў належалі гарадскія, павятовыя і прыходскія вучылішчы. Праграмы павятовых і прыходскіх вучылішчаў былі блізкія да праграм вясковых народных вучылішчаў і царкоўнапрыходскіх школ.
У парэформенны перыяд сетка пачатковых школ на Беларусі пашыралася вельмі хутка. У 1881 г. тут было 1198 народных вучылішчаў. Аднак пасля забойства Аляксандра ІІ у Расіі пачаўся працяглы перыяд рэакцыі. Урад узяў курс на скарачэнне колькасці народных вучылішчаў: у 1899 г. іх было ўжо толькі 999. Колькасць царкоўнапрыходскіх школ, наадварот, расла. Пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг. пачаўся адваротны працэс, лічба народных вучылішчаў вырасла, а царкоўнапрыходскіх школ станавілася ўсё менш. У тую гістарычную эпоху яны ўжо не мелі вялікай перспектывы.
Паводле перапісу 1897 г., на Беларусі былі пісьменнымі 25,7% жыхароў (36,4% мужчын і 15,2% жанчын). Калі меркаваць па павелічэнні колькасці школ, у далейшым гэта лічба хутка расла. Аднак школ усё роўна не хапала. У 1910 г. з прычыны адсутнасці месцаў у прыёме ў школу было адмоўлена 41% гарадскіх і 24,7% вясковых дзяцей.
Асобнай, і вельмі балючай праблемай тагачаснай сістэмы пачатковай адукацыі быў востры недахоп настаўнікаў. У 1864 г. у Маладзечне была адчынена першая настаўніцкая семінарыя. Да пачатку Першай сусветнай вайны на Беларусі іх было ўжо 12. Больш высокі статус мелі настаўніцкія інстытуты. З 1910 па 1914 гг. былі адчынены інстытуты ў Віцебску, Магілёве і Мінску. Аднак настаўніцкія навучальныя ўстановы не былі нават сярэднімі. Іх выпускнікі не мелі права паступаць ва універсітэты. Увогуле ж вялікім недахопам сістэмы адукацыі Расійскай імперыі была адсутнасць пераемнасці паміж пачатковай і сярэдняй школамі. Тыя, хто скончыў пачатковую школу, без дадатковай падрыхтоўкі не мелі шанцаў паступіць у сярэднюю.
У 1-й палове XIX ст. Беларусь мела добра развітую сістэму сярэдняй адукацыі. Аднак пасля паўстання 1863-1864 гг., у якім навучэнцы сярэдніх навучальных устаноў прынялі актыўны ўдзел, многія з іх спынілі сваё існаванне. Былі зачынены Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Мала-дзечанская прагімназіі, скасаваны прыватныя вучылішчы. У 2-й палове XIX ст. у лік сярэдніх навучальных устаноў на Беларусі ўваходзілі мужчынскія і жаночыя гімназіі, прагімназіі (няпоўныя гімназіі), Горы-Горацкае земляробчае вучылішча, Полацкі кадэцкі корпус і духоўныя семінарыі. Згодна са статутам 1864 г., гімназіі падзяляліся на 2 тыпы: класічныя і рэальныя. Навучанне ў іх было разлічана на 7 класаў. Паўнавартаснымі сярэднімі навучальнымі ўстановамі лічыліся толькі класічныя гімназіі. Толькі іх выпускнікі мелі права паступлення ва універсітэты.
Пасля закрыцця ў 1864 г. Горы-Горацкага земляробчага інстытута (за ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні) на Беларусі не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Як ні імкнуліся тутэйшыя грамадскія колы атрымаць свой універсітэт ці іншую ВНУ, да рэвалюцыі гэтыя высілкі не мелі ніякага выніку. Беларуская моладзь была вымушана вучыцца па-за межамі радзімы ў іншых гарадах Расійскай імперыі.
Адсутнасць ВНУ і тым больш акадэмічных устаноў стала прычынай слабога развіцця навукі на Беларусі. У даследаваннях пераважаў гуманітарны накірунак, звязаны з вывучэннем беларускага народа. Прыкметную працу ў гэтай галіне праводзіў Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, заснаваны ў 1867 г. у Вільні. У 1909 г. была створана Віцебская Архіўная камісія, якая займалася выяўленнем і публікацыяй гістарычных дакументаў. Сярод гісторыкаў вылучаўся М. Доўнар-Запольскі. У 1910 г. апублікаваў сваю "Кароткую гісторыю Беларусі" В. Ластоўскі. Яна стала першай спробай асвятліць айчынную гісторыю з нацыянальных пазіцый. У 1870 г. выйшаў першы грунтоўны слоўнік беларускай мовы - "Словарь белорусского наречия" І. Насовіча. Аднак асабліва вялікую ролю ў вывучэнні нашай краіны і народа адыграла праца яшчэ аднаго філолага - акадэміка Я. Карскага. На працягу 1903-1922 гг. выйшла яго фундаментальная манаграфія "Беларусы" (у 3 тамах, 7 кнігах). У ёй глыбока даследаваны беларуская мова і літаратура, складзена этнаграфічная карта беларускага народа. Работа Я. Карскага не страціла свайго навуковага значэння і да гэтага часу.
За 2-ю палову XIX - пачатак XX стст. справа асветы і адукацыі насельніцтва Беларусі зрабіла вялікі крок наперад, што выявілася ў росце колькасці пісьменных, імклівым пашырэнні сеткі пачатковых і сярэдніх школ. Аднак адсутнасць вышэйшых навучальных і спецыялізаваных навуковых устаноў стрымлівалі разгортванне даследаванняў, і асабліва ў галіне прыродазнаўчых і дакладных навук. Пытанні для самакантролю На колькі менш было пісьменных людзей на Беларусі, чым у Заходняй Еўропе? Хто склаў першую этнаграфічную карту беларусаў? 43. Першая сусветная вайна. Становішча на Беларусі
Першая сусветная вайна пачалася 1 жніўня 1914 г. Яе прычынай з'явіліся супярэчнасці паміж буйнейшымі вядучымі краінамі. Галоўнай была супярэчнасць паміж старой каланіяльнай Англіяй і маладым драпежнікам-германскім мілітарызмам, суперніцтва паміж Германіяй і Расіяй з-за ўплыву на Балканах, а таксам спрэчкі з-за таго, што Германія хацела адарваць ад Расіі і захапіць Польшчу, Фінляндыю, Беларусь і Украіну. У канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. утварыліся два саюзы краін: Германія - Італія - Аўстра-Венгрыя (Траісты саюз) і Англія - Францыя - Расія (Антанта).
Падставай для развязвання вайны з'явілася забойства ў Сербіі наследніка аўстра-венгерскага трона Франца Фердынанда. Сусветная вайна працягвалася 4 гады і 4 месяцы і дорага абышлася чалавецтву. Паводле няпоўных звестак, было забіта, паранена і скалечана 30 млн. чалавек. У вайне ўдзельнічала 38 краін з насельніцтвам звыш 1,5 млрд. чалавек, г. зн. 75% усяго насельніцтва зямнога шара.
Германія намервалася шляхам маланкавай вайны перамагла Францыю, а потым "узяцца" за Расію. Аднак войскі Антанты скаардынаванымі дзеяннямі перашкодзілі гэтаму. Германія і Астра-Венгрыя з першых тыдняў вайны мусілі ваяваць адразу на Заходнім і Усходнім франтах.
Расійская армія пацярпела некалькі паражэнняў ва Усходняй Прусіі саступіла немцам царства Польскае, фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў накірунку Коўна - Вільня - Мінск. У пачатку верасня 1915 г. расійская армія пакінула Вільню, Гродна, Брэст і іншыя гарады Заходняй Беларусі. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск - Паставы - Баранавічы - Пінск.
Беларусь заставалася галоўным тэатрам вайны. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання расійскіх войскаў знаходзілася спачатку ў Баранавічах, а потым у Магілёве. Вярхоўным галоўнакамандуючым спачатку быў блізкі сваяк цара, а потым сам цар. У Мінску кватараваў штаб Заходняга фронту, месціліся іншыя штабы. Гарады і мястэчкі былі перапоўнены штабамі, шпіталямі, складамі і майстэрнямі па рамонту зброі. Афіцэры і салдаты, пакліканыя з усёй Расіі, складалі большую частку дарослага мужчынскага насельніцтва Беларусі. Яны цяпер уплывалі на лёс гэтага краю.
У германскіх акопах
Вайна прынесла бедствы беларускаму народу. Гінула мірнае насельніцтва, руйнаваліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. У сувязі з наступленнем германскіх войскаў велізарная колькасць бежанцаў пацягнулася на ўсход. З Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі рушыла ў бежанцы больш за 1 млн. 700 тыс. чалавек. Да восені 1915 г. бежанцы запоўнілі ўсю ўсходнюю частку Беларусі. Становішча гэтых людзей было надзвычай цяжкім. Яны ператварыліся ў масу жабракоў, галодных і бяздомных, пазбаўленых сродкаў існавання.
Цяжка адбілася вайна на гаспадарцы тэрыторыі Беларусі, што заставалася за Расіяй. У 1917 г. доля прадукцыі мясцовай прамысловасці, прызначанай для цывільнага насельніцтва, складала толькі 15-16% даваеннага ўзроўню. У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі былі мабілізаваны і адпраўлены на фронт. Цяжкім ярмом для сялян Беларусі з'яўляліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. Цэны на прадукты харчавання і адзенне на Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5-8 разоў у параўнанні з 1913 г.
Вайна аказала ўплыў і на стан грамадска-палітычнага жыцця, пазіцыі розных палітычных партый, арганізацый, груповак. Манархічныя і ліберальныя партыі падтрымалі вайну і царскі ўрад, выступілі з заклікам "абароны айчыны". Правыя эсэры фактычна выступілі за падтрымку царскага ўрада пад заклікам "Спачатку перамога - потым рэвалюцыя". Леваэсэраўская плынь лічыла, што ваенныя паражэнні самадзяржаўя паскораць перамогу рускай рэвалюцыі і трэба працягваць рэвалюцыйную барацьбу. Бальшавікі вылучылі лозунгі пераўтварэння імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую, паражэння царскага ўрада. Правыя і ліберальныя партыі абвінавачвалі бальшавікоў у здрадніцтве і адсутнасці патрыятызму.
Немцы захапілі заходнюю частку Беларусі, імкнуліся дзейнічаць больш гнутка ў параўнанні з царскім урадам у адносінах да нацыянальных праблем. Больш таго, нямецкая адміністрацыя паспрабавала выкарыстаць беларускі нацыянальны рух у сваіх мэтах.
Беларускія дзеячы пастараліся таксама атрымаць выгаду з той сітуацыі. У 1915 г. браты Луцкевічы з рэшткаў грамадаўскіх гурткоў у Вільні стварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую групу, якую афіцыйна аб'явілі філіяй БСГ. Пасля таго як кіраўніцтва Германіі заявіла, што "вызваленыя ад Расіі землі не вернуцца зноў пад маскоўскае ярмо", віленскія грамадаўцы разгарнулі актыўныя дзеянні наконт дзяржаўнага самавызначэння. Але ім адразу прыйшлося сутыкнуцца з супрацьдзеяннем каталіцкай царквы і польскіх дзеячаў. Моцны польскі ўплыў не задавальняў германскія акупацыйныя ўлады. У пачатку 1916 г. фельдмаршал Гіндэнбург у загадзе пра школы ў акупіраваным краі абвясціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. У гэтым беларускія дзеячы ўбачылі адраджэнне беларускай ідэі, сталі ўтвараць шэраг легальных арганізацый. На акупіраванай тэрыторыі адкрылася каля 300 беларускіх школ, пачалося выданне на беларускай мове заклікаў, брашур, газеты "Гоман". У Вільні пачалі працаваць "Беларускі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны", "Беларускі клуб", таварыствы "Золак", "Навуковае таварыства", "Беларускі вучыцельскі саюз", "Цэнтральны саюз беларускіх нацыянальных грамадскіх арганізацый".
Каардынацыйным палітычным цэнтрам беларускага руху на акупіраванай тэрыторыі з'яўляўся Беларускі народны камітэт (БНК), які ўзначаліў А. Луцкевіч. Віленскія грамадаўцы ўвайшлі ў кантакт з мясцовымі дэмакратычнымі арганізацыямі літоўцаў, палякаў, яўрэяў. У выніку ў снежні 1915 г. з'явіўся "Універсал Вялікага княства Літоўскага". У гэтым дакуменце падкрэслівалася, што літоўскія, беларускія, польскія і яўрэйскія арганізацыі прыступілі да ўтварэння канфедэрацыі на аснове незалежнасці Літвы і Беларусі як адзінай дзяржавы, якая забяспечыць усім нацыям усе правы ў межах дзяржавы. Але Германія не была зацікаўлена ў такой дзяржаве літоўцаў і беларусаў. У рэшце рэшт немцы далі перавагу літоўцам, якія ў пачатку 1917 г. пры падтрымцы нямецкай ваеннай адміністрацыі абвясцілі літоўскую Раду (Тарыбу) як вярхоўны орган Літвы. Супрацьлеглую пазіцыю заняў В. Ластоўскі, які ў канцы 1915 г. у Вільні стварыў арганізацыю "Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі". Мэта - стварэнне незалежнай беларускай дзяржаўнасці.
|