|
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 13 pageDate: 2015-10-07; view: 507.
Беларускі народны камітэт накіраваў свае дэлегацыі на канферэнцыі сацыялістаў у Стакгольме (красавік 1916 г.) і Лазане (чэрвень 1917 г.). У Лазане А. Луцкевічам быў выкладзены спецыяльны мемарандум, у якім беларусы заяўлялі аб сваім бяспраўі ў Расійскай дзяржаве і прасілі спачування і падтрымкі ў цывілізаваных народаў, каб прымусіць царызм паважаць іх (беларусаў) нацыянальныя і культурныя правы. Але сацыялісты розных краін, у тым ліку і Расіі, не адгукнуліся на заклікі беларускіх дзеячаў. Пытанні для самакантролю Калі і як лінія руска-германскага фронту падзяліла Беларуь? Якую палітыку праводзіла германскае камандаванне на акупіраванай беларускай тэрыторыі?
V. РАСІЙСКІЯ РЭВАЛЮЦЫІ І ЛЁС БЕЛАРУСІ Лютаўская рэвалюцыя 1917 года і беларускі рух Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. у Расіі і ўстанаўленне Савецкай улады на Беларусі Брэсцкі мір. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі Утварэнне БССР і Літоўска-Беларускай ССР Польска-савецкая вайна і праблемы беларускай дзяржаўнасці. Другое абвяшчэнне БССР Беларусь на мяжы дзьвух антаганістычных сістэмаў 44. Лютаўская рэвалюцыя 1917 года і беларускі рух
Сацыяльна-эканамічны лад, стан гаспадаркі не вытрымалі таго напружання, якога патрабавала небывалая па маштабах вайна. Гаспадарчая разруха ўсё больш паглыблялася. Фронт, не атрымліваў самага неабходнага і ледзь трымаўся. У многіх гарадах Расіі рэальнай стала пагроза голаду і галодных бунтаў даведзеных да адчаю людзей. Народныя масы патрабавалі міру, хлеба і свабоды. Зняць напружанасць у грамадстве цар і яго ўрад не маглі.
Пачатак рэвалюцыі паклалі забастоўкі, вулічныя мітынгі і дэманстрацыі ў Петраградзе, праведзеныя 23 лютага 1917 г. у сувязі з Міжнародным жаночым днём. Неўзабаве выступленні рабочых і салдат перараслі ва ўзброенае паўстанне. 2 сакавіка цар Мікалай ІІ адрокся ад прастола на карысць брата Міхаіла, які на другі дзень таксама адмовіўся ад прастола.
Рэальная ўлада ў сталіцы перайшла да Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які сфарміраваўся ў ходзе паўстання і абапіраўся на яго ўзброеныя сілы. Вядучыя пазіцыі ў Савеце занялі эсэры і меншавікі. Адначасова, пры актыўным удзеле ранейшай думскай апазіцыі, сфарміраваўся Часовы ўрад, які ўзначаліў князь Г. Львоў. Большасць месцаў у ім занялі кадэты. Дэмакратычны лагер ва ўрадзе прадстаўляў міністр юстыцыі сацыяліст А. Керанскі, які адначасова з'яўляўся намеснікам старшыні Петраградскага савета. Савет падтрымаў Часовы ўрад, стварыў назіральны камітэт за яго дзейнасцю. Узгодненая праграма Часовага ўрада і Петраградскага савета складалася з наступных палажэнняў: амністыя палітычным вязням, свабода слова, друку і г. д., скасаванне нацыянальных абмежаванняў, падрыхтоўка да склікання Устаноўчага сходу (парламента), замена паліцыі народнай міліцыяй, выбары ў органы мясцовага самакіравання, невывад войскаў рэвалюцыйнага Петраградскага гарнізона на фронт, прадстаўленне салдатам грамадзянскіх правоў. Канчаткова пытанне аб будучым дзяржаўным ладзе павінна было вырашыцца ва Устаноўчым сходзе.
Звесткі аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе прыйшлі на Беларусь 1 сакавіка. Па прыкладу Петраграда ў гарадах і мястэчках Беларусі ствараліся саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, 4 сакавіка была ўтворана народная міліцыя. Па прыкладу сталіцы саветы прызнавалі Часовы ўрад і яго органы на месцах - пры ўмове "адпаведнасці іх дзейнасці інтарэсам народа".
Адначасова ўзніклі гарадскія грамадскія камітэты. Ініцыятыва іх стварэння, як правіла, зыходзіла ад дзеячаў земскага і гарадскога самакіравання. Працягвалі сваю дзейнасць гарадскія думы.
6 сакавіка 1917 г. Часовы ўрад перадаў уладу ў губернях і паветах сваім камісарам, якія назначаліся з ліку старшыняў губернскіх і павятовых земскіх упраў. Да губернскіх камісараў пераходзілі функцыі губернатараў. Акрамя паліцыі, жандармерыі і пракуратуры ўсе астатнія мясцовыя дзяржаўныя органы захоўваліся і павінны былі дзейнічаць пад кіраўніцтвам камісараў. Ім падпарадкоўвалася міліцыя, ім жа даручаўся нагляд за законнасцю дзейнасці ўсіх устаноў і чыноўнікаў.
З усіх партый найбольш уплывовай стала партыя кадэтаў, якая ўвабрала ў свой склад прадстаўнікоў заможных слаёў насельніцтва, афіцэрства і інтэлігенцыі. Мэтамі кадэтаў пасля лютаўскага перавароту 1917 г. было скліканне пасля заканчэння вайны Устаноўчага сходу, які павінен прыняць Канстытуцыю, вырашыць пытанне аб дзяржаўным ладзе і правесці неабходныя для развіцця краіны сацыяльна-эканамічныя рэформы. Кадэты выказаліся за працяг разам з саюзнікамі вайны да поўнай перамогі.
Найбольшым уплывам сярод насельніцтва Беларусі карысталася партыя эсэраў. Хуткі ўздым яе папулярнасці быў абумоўлены шырокавяшчальнай праграмай, абяцаннем даць кожнаму селяніну зямлю без выкупу, дабіцца дэмакратычнага міру і г. д. Эсэры займалі моцныя пазіцыі амаль што ва ўсіх саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, салдацкіх камітэтах Заходняга фронту, панавалі ў саветах сялянскіх дэпутатаў. Эсэраўская партыя фактычна падтрымала працяг вайны.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі актыўную ролю ў палітычным жыцці Беларусі сталі адыгрываць бальшавікі. Галоўная ідэя іх лідэра У. Леніна заключалася ў тым, "каб буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя перарасла ў сацыялістычную". Галоўны лозунг бальшавікоў "Уся ўлада Саветам!" быў цесна злучаны з іншым: "Ніякай падтрымкі Часоваму ўраду!" Ужо тады лідэры бальшавікоў не выключалі ўстанаўлення аднапартыйнай сістэмы ў Расіі. Вырашыць пытанне аб вайне і міры бальшавікі абяцалі яшчэ да склікання Устаноўчага сходу.
Лютаўская рэвалюцыя садзейнічала ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху, барацьбе за самавызначэнне беларускага народа. Сталі ўзнікаць беларускія грамадскія і культурна-асветніцкія гурткі і арганізацыі. Аднавіла сваю дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада, пачалі ўтварацца новыя беларускія партыі.
Моцным штуршком для беларускага руху з'явіўся з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый, які адбыўся 25-27 сакавіка 1917 г. у Мінску. З'езд падтрымаў Часовы ўрад, а таксама выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Ра-сійскай федэратыўнай рэспублікі. На з'ездзе было пастаўлена пытанне пра неабходнасць адкрыцця беларускага універсітэта і іншых вышэйшых навучальных устаноў, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову выкладання. Па аналогіі з Вільняй з'езд утварыў Мінскі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) для выпрацоўкі асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі. Большасць БНК склалі прадстаўнікі БСГ.
Найбольш уплывовай беларускай палітычнай партыяй стала Беларуская сацыялістычная грамада. Канферэнцыя БСГ (сакавік 1917 г.), якая адбылася ў Мінску, выступіла таксама ў падтрымку Часовага ўрада, салідарызавалася з лозунгам "рэвалюцыйнага абаронніцтва"; выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай рэспублікі; выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю і перадачу яе сялянам для карыстання ў адпаведнасці з працоўнай нормай, але канчатковае вырашэнне аграрнага пытання адносіла да кампетэнцыі краёвага сейму аўтаномнай Беларусі, перасцерагала сялян ад неарганізаваных анархічных выступленняў; патрабавала 8-гадзіннага рабочага дня і вызначэння гарантаванага мінімуму заработнай платы.
Да сярэдзіны 1917 г. Грамада налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых. Мела сваіх прадстаўнікоў у саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гарадскіх думах Мінска, Петраграда, Бабруйска і іншых, удзельнічала ў рабоце Савета нацыянальных сацыялістычных партый - каардынацыйнага органа сацыялістычных партый народаў Расіі.
Палітычны, сацыяльны і эканамічны крызіс, які катастрафічна паглыбляўся, вельмі палохаў Часовы ўрад. Нежыццяздольнасць урада была відавочнай для прамыслоўцаў, дзелавых людзей, прадстаўнікоў дваранства, афіцэраў і інш. Выйсце з крызісу яны бачылі ў саюзе антысацыялістычных ліберальных і кансерватыўных груповак і ўсталяванні моцнай дыктатуры, здольнай навесці парадак у тыле і на фронце, ліквідаваць супрацьборства. Правыя знайшлі свайго кандыдата ў дыктатары - новага Вярхоўнага галоўнакамандуючага генерала Л. Карнілава, стаўка якога знаходзілася ў Магілёве.
У канцы жніўня 1917 г. адданыя Карнілаву часці па яго загаду рушылі з фронту на Петраград, каб нейтралізаваць Часовы ўрад, ліквідаваць саветы, усталяваць ваенную дыктатуру. Аднак разлік карнілаўцаў на шырокую падтрымку з боку большасці воінскіх часцей не апраўдаўся. Пры саветах былі сфарміраваны ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, на прадпрыемствах - баявыя дружыны, чырвонаармейскія атрады. У выніку рашучых дзеянняў рэвалюцыйных сіл змова Карнілава была ліквідавана, а сам генерал быў ізаляваны ў г. Быхаве.
У гэты найбольш востры этап барацьбы значна панізіўся ўплыў партый эсэраў і меншавікоў, якія пасля паражэння карнілаўцаў адмовіліся сфарміраваць урад без лібералаў, імкнуліся выратаваць буржуазны Часовы ўрад. У той жа час узрос уплыў партыі бальшавікоў, што знайшло адлюстраванне ў павелічэнні іх колькасці ў саветах.
Не было яснага ўласнага ўяўлення, якімі шляхамі можна выйсці з сацыяльна-палітычнага і эканамічнага крызісу і ў беларускіх дзеячаў. Некаторыя з іх падтрымлівалі Часовы ўрад, іншыя былі гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх.
У верасні 1917 г. частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку - Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю, на чале з А. Чарвяковым, якая фактычна цалкам прыняла праграму РСДРП(б), яе стратэгію і тактыку. Дзейнічала яна ў асноўным у Петраградзе і Маскве.
БСГ у кастрычніку 1917 г. правяла ІІІ з'езд, на якім была зацверджана новая праграма, менш радыкальная ў сацыяльна-эканамічных пытаннях у параўнанні з былымі праграмнымі палажэннямі. Па ініцыятыве БСГ быў утвораны новы цэнтр беларускага руху - Вялікая беларуская рада.
А тым часам усеагульны крызіс усё больш паглыбляўся. Пашыраўся рух за скліканне ІІ Усерасійскага з'езда саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Часовы ўрад так і не змог выпрацаваць рэальную праграму, каб выцягнуць краіну з цяжкага крызісу. Бальшавікі пачалі актыўную падрыхтоўку ўзброеннага паўстання. Пытанні для самакантролю За каго былі беларускія нацыянальныя арганізацыі пасля Лютаўскай рэвалюцыі: за Часовы урад, за эсэраў ці за бальшавікоў? Якія сілы манархічнага накірунку прысутначалі на Беларусі і як яны дзейнічалі? 45. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. у Расіі і ўстанаўленне Савецкай улады на Беларусі
25 кастрычніка 1917 г. ў Петраградзе бальшавікі ўзнялі ўзброенае паўстанне. У той жа дзень адкрыўся ІІ з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, на якім прысутнічалі 649 дэлегатаў, у тым ліку 390 бальшавікоў. Беларусь і салдат Заходняга фронту прадстаўляў 51 дэлегат (24 бальшавікі, а астатнія - меншавікі і эсэры). З'езд прыняў пастанову аб пераходзе ўлады ў краіне да саветаў, сфарміраваў урад на чале з У. Леніным, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт, прыняў першыя дэкрэты аб міры, аб зямлі.
Перамога Кастрычніцкага паўстання ў Петраградзе, першыя дэкрэты Савецкай улады выклікалі розныя водгукі на Беларусі. Супраць такога вырашэння пытання аб уладзе выступілі эсэры, меншавікі, бундаўцы, сіянісцкія партыі, правае крыло БСГ. Прыхільнікі Часовага ўрада ў некаторых гарадах утварылі "камітэты выратавання рэвалюцыі", але іх дзейнасць была паралізавана намаганнямі салдат Заходняга фронту.
Вялікая Беларуская рада разам з Цэнтральнай Беларускай вайсковай радай, Беларускай сацыялістычнай грамадой звярнуліся з "Граматай да беларускага народа", у якой характарызавалі Кастрычніцкае паўстанне як праяву анархіі і заклікалі народ не выконваць "сеючыя нязгоду поклічы", захоўваць парадак і спакой.
Аднак значная частка працоўных Беларусі і салдат Заходняга фронту са спачуваннем сустрэла першыя дэкрэты Савецкай улады. Былі спынены ваенныя дзенні на франтах, узнікла надзея сялян атрымаць зямлю.
У лістападзе 1917 г. адбыліся тры з'езды саветаў: з'езд саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, трэці з'езд саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, другі з'езд армій Заходняга фронту. Іх рашэннямі (а дакладней - па волі бальшавіцкай партыі) быў абраны Абласны выканаўчы камітэт саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) і яго выканаўчы орган - Абласны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Гэтым жа рашэннем быў зацверджаны адміністрацыйна-гаспадарчы статус Беларусі як Заходняй вобласці ў межах Савецкай Расіі.
Правыя сацыялісты і беларускія партыі і арганізацыі не прызналі легітымнымі краёвыя органы ўлады саветаў. Яны імкнуліся ўтварыць такую ўладу, якая, на іх думку, забяспечвала прадстаўніцтва ад розных палітычных сіл Беларусі. У такіх умовах Вялікая Беларуская рада і незалежны ад яе Беларускі абласны камітэт (БАК) пры Усерасійскім з'ездзе саветаў сялянскіх дэпутатаў вырашылі склікаць Першы Усебеларускі з'езд. У шэрагах Вялікай Беларускай рады пераважалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады, у БАК - прыхільнікі агульнарасійскай партыі эсэраў. Галоўная мэта з'езда - вырашэнне лёсу Беларусі.
Спачатку радаўцы не хацелі губляць ініцыятыву па скліканні з'езда, але калі пераканаліся ў тым, што БАК ставіць пытанне аб шырокім прадстаўніцтве з удзелам саветаў, кааператываў прафсаюзаў і іншых арганізацый, вымушаны былі пагадзіцца з іх прапановамі.
БАК звярнуўся за дапамогай у Савет Народных Камісараў Расіі, і апошні ў асобе Сталіна абяцаў беларускім прадстаўнікам - левым эсэрам В. Селіванаву і Ф. Караткевічу матэрыяльную і палітычную дапамогу пры ўмовах, што гэты орган будзе дзейнічаць у хаўрусе з Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў у Мінску (г.зн. Аблвыкамзахам). Абодва бакі дамаўляліся, што ўлада на Беларусі павінна належаць краёваму Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў, выбранаму на краёвым з'ездзе. Такім чынам, урад Леніна не лічыў Аблвыкамзах і СНК Заходняй вобласці канчаткова сфарміраванымі органамі Савецкай улады на Беларусі.
Як сведчаць пратаколы пасяджэнняў Саўнаркома, 2 снежня 1917 г. быў заслуханы даклад Сталіна пра Беларускую раду і аб неабходнай фінансавай дапамозе БАК. Было вырашана "для арганізацыі беларускага з'езда выдзеліць 500 тыс. руб. згодна каштарысу (каштарыс знаходзіцца ў Селіванава і Караткевіча)".
Зразумела, без дапамогі і арганізацыйнай работы БАК Першы Усебеларускі з'езд з шырокім прадстаўніцтвам наогул не адбыўся б. Не выпадкова на з'ездзе пераважалі прыхільнікі партыі эсэраў.
Афіцыйным днём адкрыцця з'езда трэба лічыць 14 снежня. К гэтай даце з'ехаліся 1872 дэлегаты, былі дасягнуты пагадненні паміж фракцыямі наконт далейшай работы, выбраны новы прэзідыум, утвораны Савет з'езда, які стаў кіруючым органам, зацверджаны палажэнне аб прадстаўніцтве і склад мандатнай камісіі. 15 снежня прыняты новы парадак дня. 15-17 снежня адбылося абмеркаванне амаль усіх запланаваных пытанняў. Але 17 снежня 1917 г. бальшавікі разагналі з'езд.
Рашэнне аб роспуску з'езда было прынята тады, калі з'езд паспрабаваў набыць усю паўнату ўлады. Рашэнне аб роспуску з'езда было прынята таксама і пад уплывам канфлікту, які адбыўся паміж Украінскай радай і Савецкім урадам, з-за пагрозы, што ўкраінскія падзеі перакінуцца на Беларусь. Трэба ўлічваць і неразуменне кіраўнікоў бальшавіцкіх арганізацый беларускага пытання, якія, дарэчы, лічылі, што эпоха нацыянальных дзяржаў ужо адышла і ўсе праблемы, у тым ліку, нацыянальныя, вырашае сусветная рэвалюцыя.
Такім чынам, галоўную адказнасць за разгон з'езда нясуць бальшавікі. Гэта была іх велізарная памылка. З'езд разагналі ў той момант, калі быў прыняты першы пункт рэзалюцыі аб "уладзе". Ён пастанавіў "выдзеліць са свайго склада орган краёвай улады ў выглядзе Усебеларускага савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў", якому "ўручыў кіраванне Беларуссю да склікання Беларускага ўстаноўчага сейма". Такая пастанова была прынята ў мэтах аховы цэласнасці Беларусі ў складзе Расійскай Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспублікі". Адзначым, што гэты першы пункт не толькі не супярэчыў, але адпавядаў дамоўленасцям Сталіна і БАК.
Астатнія пункты рэзалюцыі сведчылі пра тое, што ўзнікла магчымасць для супрацоўніцтва ўсіх сацыялістычных партый на савецкай аснове (напрыклад, патрабаванне неадкладнай перадачы ўсёй зямлі без выкупу ў рукі сялянства, утварэнне народнага кантролю за вытворчасцю і г. д.). Аднак гэтага не адбылося. Нейкую долю адказнасці павінны несці і некаторыя беларускія неанароднікі, уласныя амбіцыі якіх таксама не дазволілі выпрацаваць неабходны кампраміс.
Пасля разгону з'езда частка яго дэлегатаў сабралася ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі і 18 (31) снежня было прынята рашэнне аб перадачы краёвай улады Радзе Старшынь або Радзе Усебеларускага з'езда. 21 снежня 1917 г. Рада Усебеларускага з'езда абрала са свайго складу Выканаўчы камітэт з 10 чалавек.
Разгон з'езда, далейшыя падзеі высветлілі канфрантацыйнае рознагалоссе, якое ўсё больш абвастралася паміж партыямі сацыялістычнага накірунку. Няздольнасць сацыялістаў зразумець адзін аднаго, імкненне бальшавікоў да аднапартыйнай дыктатуры з'явіліся прычынай разгарання грамадзянскай вайны ў Расіі. Пытанні для самакантролю Хто ўтварыў Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту? Хто арганізаваў Першы Усебеларускі з'езд 14-17 снежня 1917 г.? 46. Брэсцкі мір. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі
Пасля разгону Першага беларускага з'езда ў беларускім руху набылі моц незалежніцкія настроі. Гэтаму садзейнічаў таксама і той факт, што на пачатых у канцы снежня 1917 г. перагаворах паміж Савецкай Расіяй і Германіяй лёс Беларусі вырашаўся без беларускіх прадстаўнікоў. Пасля абвяшчэння незалежнасці Літвы (16 лютага 1918 г.) Віленская Беларуская рада, абраная на беларускай канферэнцыі ў канцы сту-дзеня 1918 г., стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі, але ўсё роўна не адмаўляла ідэю беларуска-літоўскай канфедэрацыі.
Пасля таго, як Л. Троцкі сарваў мірныя перагаворы ў Брэсце, Германія пачала 18 лютага 1918 г. наступленне на ўсход, што прымусіла савецкія ўстановы хутка эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. У гэтых умовах прадстаўнікі беларускіх арганізацый паспрабавалі апярэдзіць наступаўшых немцаў, зацвердзіць сваю ўладу. Але 21 лютага 1918 г. немцы былі ўжо ў Мінску. І ў той жа дзень Выканкам Усебеларускага з'езда звярнуўся да народаў Беларусі з 1-й Устаўной граматай і абвясціў аб фарміраванні Народнага Сакратарыята - урада Беларусі, на чале з Я. Варонкам, куды ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады, эсэраў, сіяністаў-сацыялістаў.
Хоць Выканкам Рады Усебеларускага з'езда і абвясціў сябе часовай уладай на Беларусі, фармальна беларуская дзяржава абвешчана не была. У Выканкаме строга прытрымліваліся рэзалюцыі Усебеларускага з'езда, паводле якой Беларусь павінна была ўваходзіць у склад Расійскай дэмакратычнай рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэспубліканскім ладам.
Больш таго, 25 лютага немцы недвухсэнсова далі зразумець, хто валодае рэальнай уладай і з'яўляецца сапраўдным гаспадаром у Мінску. У той жа дзень у памяшканне Народнага сакратарыята ўвайшоў германскі камендант з салдатамі, заняў дом, выгнаў членаў "беларускага ўрада", канфіскаваў казну, іншы скарб і зняў сцяг, які быў вывешаны беларускімі дзеячамі.
А тым часам пры абыякавасці немцаў, у горадзе развар'яваліся польскія легіянеры з корпуса Доўбар-Мусніцкага - разрабавалі пошту і касы, забіралі скарб у людзей, культурныя каштоўнасці і харч. У такіх умовах прадстаўнікі беларускіх аб'яднанняў вырашылі з немцамі не сварыцца. 28 лютага дэлегацыя Народнага сакратарыята наведала рэзідэнцыю германскай ваеннай адміністрацыі, дзе выказала лаяльнасць да акупацыйных уладаў.
3 сакавіка 1918 г. быў заключаны паміж Расіяй і Германіяй Брэсцкі мір, паводле якога Расія страчвала значную тэрыторыю. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самастойнымі дзяржавамі. Інтарэсы беларусаў не былі прыняты пад увагу ніводным з бакоў. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэрыторыя Беларусі была падзелена па лініі Дзвінск-Свянцяны-Ліда-Пружаны-Бярэсце. Немцы арыентаваліся на стварэнне "малой Літвы" з далучэннем да этнічнай Літвы часткі беларускіх зямель, у тым ліку Віленшчыны і Гродзеншчыны. Астатняя тэрыторыя Беларусі разглядалася як прэрагатыва Расійскай Федэрацыі, часова акупаваная Германіяй.
Такія абразлівыя стаўленні да Беларусі выклікалі новы выбух нацыянальнай свядомасці. 9 сакавіка 1918 г. адбылося пасяджэнне Выканкама Усебеларускага з'езда, у якім таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі некаторых мясцовых рад, земстваў, гарадскога самакіравання. На гэтым пасяджэнні была прынята 2-я Устаўная грамата. Цяпер краіна фармальна абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай, а Выканкам Усебеларускага з'езда пераўтвараўся ў Раду БНР. Абвяшчалася свабода слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, "безумоўная вольнасць сумлення", недатыкальнасць асобы і жылля.
Трэба адзначыць, што некаторыя палажэнні 2-й Устаўной граматы супадалі з дэкрэтамі Савецкай улады. Так, абвяшчалася аб касаванні прыватнай уласнасці на зямлю, якая перадавалася "без выкупу тым, хто самі на ёй працуюць". Лясы, азёры і нетры зямлі абвяшчаліся ўласнасцю БНР, устанаўліваўся 8-гадзінны працоўны дзень.
Аднак БНР толькі дэкларавалася. Германская акупацыйная адміністрацыя спакойна рэагавала на гэтую акцыю. Немцы зразумелі, што ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці, не падмацаваная масавым народным рухам, ва ўмовах жорсткай акупацыі рэальных перспектыў на поспех не мае. У той жа час кайзераўская Германія разлічвала праз беларускую тэрыторыю стварыць своеасаблівы калідор у Расію паміж Літвой і Украінай, каб абмінуць транзітныя дарогі праз нядаўна абвешчаныя маладыя дзяржавы і мець без усякіх пасрэднікаў адносіны з велізарным расійскім рынкам. У гэтых мэтах Германіі магла спатрэбіцца і "кішэнная" БНР.
Разам з тым некаторыя беларускія дзеячы не былі задаволены 2-й Устаўной граматай, паколькі яна не вызначала адносіны з іншымі дзяржавамі. Неўзабаве 6 сяброў Віленскай беларускай рады (В. Ластоўскі, браты Луцкевічы і інш.) былі кааптаваны ў склад Рады БНР, што ўмацавала незалежніцкую плынь у ёй. 23 сакавіка 1918 г. А. Луцкевіч прапанаваў Народнаму сакратарыяту абвясціць незалежнасць БНР.
25 сакавіка 1918 г. пасля вострых спрэчак на пася-джэнні Рады была прынята 3-я Устаўная грамата, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР. Акт ад 25 сакавіка 1918 г. толькі дэклараваў незалежнасць. Для шырокіх мас ён быў нечаканым. Значная частка народа была не падрыхтавана да ўспрымання ідэі разрыву з Расіяй. Негатыўна да ідэі незалежнасці аднесліся расійскія эсэры і яўрэйскія сіяністы, якія марылі аб Расійскай федэратыўнай рэспубліцы з аднаўленнем Устаноўчага сходу.
Не выяўлялі зацікаўленасці да БНР краіны Антанты і ЗША, бо не жадалі губляць для сябе адчыненай брамы для інтэрвенцыі супраць Савецкай Расіі. У гэтых умовах дзеячы БНР пачалі ствараць беларускі камандны склад, які прызначыў спецыяльнага камісара для ваенных спраў К. Езавітава, абвясціў аб узбраенні грамадзян. У адказ у пачатку красавіка 1918 г. нямецкія акупацыйныя ўлады заявілі, што яны забараняюць дзейнасць Народнага сакратарыята.
Пасля гэтых падзей узмацніўся ўплыў "Менскага беларускага прадстаўніцтва", у якім пераважалі правыя сілы, што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за далейшае беларуска-германскае збліжэнне. 12 красавіка 1918 г. сябры "Менскага беларускага прадстаўніцтва" (П. Аляксюк, Р. Скірмунт, А. Уласаў і інш.) былі кааптаваны ў склад Рады БНР, што змяніла суадносіны сіл на карысць правых.
25 красавіка 1918 г. на імя кайзера Вільгельма ІІ была накіравана тэлеграма, якую падпісалі старшыня Рады БНР І. Серада, старшыня Народнага сакратарыята Я. Варонка, сябры Рады П. Аляксюк, Р. Скірмунт, А. Аўсянік, П. Крачэўскі і Я. Лёсік. Падпісанты ад імя ўсёй Рады заявілі, што добрую будучыню Беларусі яны бачаць "толькі пад апекай германскай дзяржавы". Гэта з'явілася штуршком да расколу БСГ і крызісу кіраўніцтва БНР. З Рады выйшлі эсэры, меншавікі, яўрэйскія сацыялісты.
БСГ фактычна распалася і на яе рэштках сталі фарміравацца Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП).
Значных поспехаў БНР дасягнула ў развіцці асветы і культуры. Паводле розных падлікаў, працавалі ад 150 да 350 школ. Падрыхтоўка настаўнікаў вялася ў Свіслацкай семінарыі і Мінскім педінстытуце. У красавіку 1918 г. была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, якая неўзабаве пераўтварылася ў Беларускую кансерваторыю. У красавіку 1918 г. створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Беларускага універсітэта ў Мінску, у якую ўвайшлі А. Смоліч, М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі і інш. Па ініцыятыве І. Луцкевіча ў 1918 г. была створана першая беларуская навуковая ўстанова - Беларускае навуковае таварыства ў Вільні. Выдаваліся беларускія кнігі, часопісы і газеты.
Германскія акупацыйныя ўлады, з аднаго боку, не перашкаджалі культурна-асветніцкай дзейнасці БНР, а з другога - ухіляліся ад афіцыйнага прызнання яе.
Па запрашэнні У. Леніна новы кіраўнік урада БНР лідэр БСДП А. Луцкевіч у лістападзе 1918 г. наведаў Маскву з мэтай нармалізаваць двухбаковыя адносіны. Аднак менавіта ў гэтыя дні стала вядома аб рэвалюцыі ў Германіі і яе капітуляцыі ў вайне. Бальшавікі зноў вярнуліся да сваёй ідэі сусветнай камуністычнай рэвалюцыі, а БНР у гэтым ім толькі перашкаджала. Былі перапынены ўсялякія кантакты з БНР, атрады Чырвонай Арміі атрымалі загад заняць беларускія гарады, адкуль эвакуіраваліся нямецкія гарнізоны.
Рада БНР, каб не быць арыштаванай, мусіла выехаць з Мінска ў Гродна, а пасля ў эміграцыю - спачатку ў Літву, а пазней яна знаходзілася ў Празе, пасля ў Парыжы, ЗША, Канадзе.
Галоўнай заслугай дзейнасці ўрада БНР было тое, што ён азнаёміў грамадскасць суседніх краін з наяўнасцю беларускага нацыянальнага руху, акрэсліў этнічныя межы Беларусі, прадухіліў яе падзел паміж суседнімі дзяржавамі (Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой) як "нічыйнай" тэрыторыі. Гэта была першая спроба адрадзіць нацыянальную дзяржаўнасць на беларускай зямлі, і гэты чын прынцыпова паўплываў на адносіны расійскіх (бальшавіцкіх) уладаў да Беларусі. Пытанні для самакантролю Як вырашаўся лёс Беларусі па ўмовах Брэсцкага міру? Што карыснага для Беларусі зрабіў урад БНР? 47. Утварэнне БССР і Літоўска-Беларускай ССР
Вырашэнне праблем беларускай дзяржаўнасці было звязана з палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі пераўтварэннямі. Прадстаўнікі Паўночна-Заходняга камітэта бальшавікоў - В. Кнорын (Кнорыньш), А. Мяснікоў (Мяснікян) і іншыя вельмі адмоўна аднесліся да ідэі беларускай дзяржаўнасці. Некаторыя з іх нават адмаўлялі сам факт існавання беларускай нацыі і лічылі, што ўвогуле эпоха стварэння нацыянальных дзяржаў скончылася, што беларуская дзяржаўнасць - задумка "буржуазных нацыяналістаў".
Аднак сярод бальшавікоў існавалі іншыя пункты гле-джання. 31 студзеня 1918 г. у расійскай сталіцы быў утвораны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) як асобны аддзел Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей РСФСР. Да мая 1918 г. Белнацкам узначальваў А. Чарвякоў. У склад камісарыята ўваходзілі і левыя эсэры. Яго прадстаўніцтвы дзейнічалі ў Віцебску, Оршы, Смаленску і супрацоўнічалі з беларускай секцыяй пры ЦК левых эсэраў.
Белнацкам вёў палітычную і культурна-асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў на тэрыторыі Савецкай Расіі, клапаціўся пра бежанцаў. Заснаваў у Маскве Беларускі народны універсітэт, Беларускае навуковае таварыства, адкрыў беларускія школы. Выдаваў кнігі, брашуры, газету "Дзянніца", часопіс "Чырвоны шлях". Кіраўнікі Белнацкама А. Чарвякоў, З. Жылуновіч і іншыя лічылі неабходным стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі і ўстанаўленне цесных сувязяў з РСФСР (на прынцыпах аўтаноміі). У верасні 1918 г. Белнацкам выступіў з патрабаваннем "Аб перайменаванні Заходняй вобласці ў Беларуска-Літоўскую". Тым самым Белнацкам хацеў хоць часткова, хоць па назве, зрабіць крок у напрамку стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці народаў гэтага краю. Аднак Паўночна-Заходні камітэт РКП(б) не прыняў дадзенай прапановы.
Пасля ануліравання Брэсцкага міру расійскія войскі аднавілі тут Савецкую ўладу. Кіраўніцтва БНР выехала ў эміграцыю. Але ж зноў паўстала пытанне аб утварэнні беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
Некаторыя партыйныя, савецкія, ваенныя органы без дазволу Паўночна-Заходняга камітэта партыі сталі звяртацца да цэнтральных органаў Расіі з прапановай абвяшчэння самастойнай Беларускай Рэспублікі. Аднак спачатку ў Маскве не прыслухоўваліся да голасу прыхільнікаў стварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці таму, што ў той сітуацыі цэнтральныя органы Савецкай Расіі не маглі не лічыцца з думкай Паўночна-Заходняга абкома партыі камуністаў, Аблвыкамзаха. Дарэчы, бальшавіцкія дзеячы па-ранейшаму марылі, што вось-вось пераможа сусветная сацыялістычная рэвалюцыя.
|