Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 14 page


Date: 2015-10-07; view: 517.


 

Пытанне аб лёсе Беларусі стала прадметам тэрміновага разгляду ў ЦК РКП(б). 24 снежня 1918 г. Пленум ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Пленум абавязаў Паўночна-Заходні абком РКП(б) правесці партыйна-арганізацыйную работу па нацыянальна-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. 25 снежня 1918 г. у Наркамнаце адбылася нарада І. Сталіна з адказнымі работнікамі Белнацкама, дзе абмяркоўвалася пытанне аб практычным здзяйсненні рашэння ЦК РКП(б) аб утварэнні БССР. У гэты ж дзень І. Сталін у размове па тэлефоне са старшынёй Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) А. Мясніковым паведаміў, што ЦК партыі згадзіўся на ўтварэнне беларускага савецкага ўрада.

 

30 снежня 1918 г. адкрылася ў Смаленску VІ Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя. Дэлегаты аднагалосна выказаліся за абвяшчэнне БССР. Канферэнцыя вызначала межы рэспублікі і па дакладу камісіі, утворанай для вывучэння гэтага пытання, прыйшла да высновы, што ў склад рэспублікі павінны ўвайсці Мінская, Магілёўская, Гродзенская губерні поўнасцю, Віцебская губерня без Дзвінскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветаў, а таксама частка тэрыторыі Смаленскай губерні, населенай пераважна беларусамі.

 

Канферэнцыя абвясціла сябе І з'ездам Кампартыі бальшавікоў Беларусі. Быў створаны кіруючы орган КП(б)Б - Цэнтральнае бюро КП(б)Б на чале з А. Мясніковым.

 

31 снежня 1918 г. ЦБ КП(б)Б абмеркавала пытанне аб складзе Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада БССР. Было вырашана, што ва ўрад увойдуць прадстаўнікі ад Белнацкама, Паўночна-Заходняга камітэта РКП(б) і Аблвыкамзаха. Старшынёй урада быў зацверджаны З. Жылуновіч.

 

1 студзеня 1919 г. Часовы ўрад Беларусі абнародаваў маніфест у сувязі з утварэннем БССР. Уся ўлада на Беларусі, адзначалася ў маніфесце, належыць Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Зямля з жывым і мёртвым інвентаром, лясы, воды і нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі і заводы, банкі становяцца ўласнасцю народа. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей на тэрыторыі Беларусі адмяніў усе загады і распараджэнні акупацыйных уладаў, аб'явіў па-за законам Беларускую раду.

 

5 студзеня 1919 г. Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад БССР, ЦБ КП(б)Б пераехалі ў Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай БССР. У снежні 1918 - студзені 1919 гг. на Беларусі адбыліся валасныя, павятовыя і губернскія з'езды саветаў. Галоўны сэнс усёй перадвыбарнай агітацыі - барацьба за "класавую чысціню" саветаў. У выніку ў Савет былі выбраны ў асноўным камуністы.

 

І Усебеларускі з'езд Саветаў. Карціна А. Д. Шыбнёва.

 

2-3 лютага 1919 г. у Мінску адбыўся І Усебеларускі з'езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Старшыня УЦВК Я. Свярдлоў, які прысутнічаў на з'ездзе, абвясціў пастанову прэзідыума УЦВК "Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі". У адказ з'езд прыняў "Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай і РСФСР".

 

 

І з'езд Саветаў па загаду з Масквы вызначыў тэрыторыю Савецкай Беларусі ў складзе Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тэрыторыі Віцебскай, Смаленскай і Магілёўскай губерняў адышлі да Расіі. Справа ў тым, што ў ЦК РКП(б) ведалі намер кіруючых колаў Польшчы па аднаўленні краіны ў межах 1772 г. А гэта азначала б далучэнне да Польшчы ўсёй тэрыторыі Беларусі. Таму маскоўскія ўлады адабралі ад БССР яе ўсходнія рэгіёны, планавалі, калі іншыя тэрыторыі Беларусі захопіць Польшча, мець як мага далей на захад мяжу РСФСР.

 

І Усебеларускі з'езд Саветаў прыняў рашэнне аб аб'яднанні Беларускай ССР і Літоўскай ССР у адну дзяржаву. Гэта рашэнне зноў жа было праведзена паводле ўказання ЦК РКП(б). Паколькі польскі ўрад прэтэндаваў на тэрыторыі Літвы і Беларусі, ЦК РКП(б) лічыў неабходным аб'яднаць іх, каб весці агульную барацьбу з ворагам. Адначасова, як сказаў на з'ездзе Я. Свярдлоў, аб'яднанне Беларусі і Літвы абмяжуе нацыянальны рух у абедзвюх краінах.

 

27 лютага 1919 г. былі створаны ЦВК Літоўска-Беларускай ССР і яго прэзідыум на чале з К. Цыхоўскім, урад аб'яднанай рэспублікі - Савет Народных Камісараў на чале з В. Міцкявічусам-Капсукасам. У сувязі з утварэннем Літоўска-Беларускай ССР узнікла неабходнасць зліць і камуністычныя партыі Літвы і Беларусі. На аб'яднаным з'ездзе (4-6 сакавіка 1919 г.) быў абраны ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі.

 

Так Беларуская Савецкая Рэспубліка праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці стала часткай новага штучнага дзяржаўнага ўтварэння - ЛітБел.

Пытанні для самакантролю

Якія погляды на будучыню Беларусі існавалі сярод бальшавікоў?

Хто прыняў рашэнне аб ліквідацыі БССР і стварэнні ЛітБел?

48. Польска-савецкая вайна і праблемы беларускай дзяржаўнасці.

Другое абвяшчэнне БССР

 

Юзэф Пілсудскі (1867 – 1935), нацыянальны герой Польшчы, нарадзіўся на Беларусі і лічыў сябе ліцвінам. Быў сасланы ў Сібір, у час рэвалюцыі 1905 –1907 гг. кіраваў баявой арганізацыяй Польскай сацыялістычнай партыі. Дзеля дасягнення незалежнасці Польшчы ў ходзе Першай сусветнай вайны ствараў ваенізаваныя польскія легіены. Пасля паражэння Германіі вярнуўся ў Варшаву і стаў Начальнікам адроджанай польскай дзяржавы.

 

Польская палітычная эліта марыла аднавіць сваю дзяржаву ў межах Рэчы Паспалітай 1772 г. З гэтай мэтай у першай палове лютага 1919 г. Польшча пачала ваенныя дзеянні супраць Савецкай Расіі. Першай ахвярай на шляху польскіх войскаў стала Беларусь. Аднак каб прыцягнуць на свой бок большую частку беларускага насельніцтва кіраўнік Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскі, які называў сябе беларусам (літвінам), не скупіўся на прывабныя абяцанні. Ён гаварыў аб тым, што беларускі народ будзе будаваць адносіны з польскім народам як роўны з роўным, на падставе так званай "федэралісцкай канцэпцыі", згодна з якой павінны быць утвораны пад узначаленнем Польшчы Беларуская, Літоўская і Украінская самастойныя дзяржавы. Аднак хутка "федэралісцкія" абяцанні польскім урадам былі забытыя.

 

 

У сваю чаргу ўрадам Савецкай Расіі былі зроблены прыгатаванні да вайны. ЦВК Расіі прыняў 1 чэрвеня 1919 г. пастанову аб аб'яднанні ваенных сіл савецкіх рэспублік. Была праведзена тэрміновая мабілізацыя ў Чырвоную Армію. Прызваныя ў армію накіроўваліся на Заходні фронт.

 

Але польскія войскі мелі значную перавагу. 8 жніўня 1919 г. яны ўвайшлі ў Мінск, у жніўні-верасні 1919 г. захапілі Ігумен, Нова-Барысаў, Бабруйск, Жлобін, Рагачоў. Значна дапамаглі Польшчы заходнія краіны і ЗША. Жорсткі акупацыйны рэжым, устаноўлены польскімі ўладамі, аказаў значны ўплыў на тактыку беларускіх нацыянальных партый. Беларускія эсэры адкрыта выказаліся на "Беларускім з'ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны" ў чэрвені 1919 г. за ўтварэнне літоўска-беларускай дзяржавы ў межах былога Вялікага княства Літоўскага. Эсэры заявілі, што яны рашуча адмяжоўваюцца ад польскай арыентацыі і будуць абараняць нацыянальныя інтарэсы беларускага народа.

 

Беларускія эсэры пайшлі на збліжэнне з бальшавікамі. У снежні 1919 г. у Смаленску паміж эсэрамі і бальшавікамі быў падпісаны дагавор аб агульных дзеяннях. У дагаворы гаварылася, што абедзве партыі бяруць на сябе абавязкі актыўна абараняць сацыяльныя і нацыянальныя інтарэсы беларускага працоўнага народа.

 

6 красавіка 1920 г. у Маскву выехала дэлегацыя ЦК БПС-Р на чале з П. Бадуновай. У размове з І. Сталіным П. Бадунова заявіла, што "беларускія эсэры адмежаваліся ад згодніцкіх і нацыяналістычных партый, якія згубілі сацыялістычнае аблічча, што па сваім рэвалюцыйным характары яны з'яўляюцца самай блізкай партыяй да РКП(б)".

 

Ад імя ЦК БПС-Р Бадунова выказала патрабаванні прызнання з боку Савецкай Расіі законным урадам Беларускі ўрад В. Ластоўскага, выбраны 13 снежня 1919 г. Радай БНР, запрашэнне яго да мірных перагавораў з Польшчай, абвяшчэння і фактычнага здзяйснення незалежнасці той часткі этнаграфічнай Беларусі, якая занята савецкімі войскамі.

 

ЦК РКП(б) фактычна адхіліў прапановы беларускіх эсэраў. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла запіска сакратара ЦК КП(б) ЛіБ В. Кнорына, у якой змяшчалася адмоўная характарыстыка беларускіх эсэраў. Сярод камуністаў Беларусі па-ранейшаму панавала думка, што здзяйсненне права беларускага народа на сваю нацыянальную дзяржаўнасць - гэта "хітрыкі нацыяналістаў". Аднак ЦК РКП(б) усё ж станоўча аднёсся да аб'яднання сіл бальшавікоў і эсэраў у агульнай барацьбе супраць польскіх інтэрвентаў. 29 красавіка 1920 г. ЦК РКП(б) накіраваў сваіх прадстаўнікоў у Беларускі паўстанцкі камітэт, утвораны ў сакавіку 1920 г. беларускімі эсэрамі як аператыўны цэнтр па кіраўніцтву паўстанцкай барацьбой у тыле польскіх інтэрвентаў. ЦК РКП(б) на перагаворах з прадстаўнікамі ЦК БПС-Р слушна аднёсся і да прапановы абмеркаваць пытанне аб аднаўленні беларускай дзяржаўнасці. Абодва бакі дамовіліся вярнуцца да гэтага пытання пасля паляпшэння становішча на Заходнім фронце.

 

Пасля паспяховага ліпеньскага (1920) наступлення Чырвонай Арміі, калі ўся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад польскіх захопнікаў, практычна паўстала пытанне пра аднаўленне беларускай дзяржаўнасці. Але сярод кіраўніцтва ЛітБела па-ранейшаму не было адзінай думкі па гэтым пытанні. Члены ЦК КП(б) Літвы і Беларусі В. Кнорын, Р. Пікель, І. Рэйнгольд і іншыя, якія ў 1918 г. падзялялі пазіцыю А. Мяснікова, не лічылі неабходным аднавіць суверэнную Беларускую Савецкую Рэспубліку. Яны абмяжоўваліся наданнем беларусам культурна-нацыянальнай аўтаноміі ў межах Мінскай губерні, якая павінна была ўвайсці ў склад РСФСР як адміністрацыйная адзінка. Па-ранейшаму рашэнне "беларускага пытання" яны ставілі ў залежнасць ад вынікаў сусветнай рэвалюцыі.

 

Другая частка членаў ЦК КП(б) Літвы і Беларусі на чале з А. Чарвяковым настойліва прапаноўвала ЦК РКП(б) тэрмінова разгледзець беларускае пытанне. ЦК 6 ліпеня 1920 г., калі Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, выказаўся за аднаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці.

 

Тым часам, 12 ліпеня 1920 г. у Маскве быў падпісаны мірны дагавор паміж Літвой (сталіца - г. Коўна), у якой улада належала ліберальным дзеячам, і РСФСР. Урад РСФСР пайшоў на тое, каб уключыць частку тэрыторый з гарадамі Гродна, Шчучын, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў у межы Літвы. Віленскі край з Вільняй таксама быў прызнаны часткай Літвы. У сувязі з падпісаннем гэтага дагавора дэ-юрэ перастала існаваць Літоўска-Беларуская ССР.

 

У гэтых умовах пачалася практычная работа па аднаўленні беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску адбылося сумеснае пасяджэнне прадстаўнікоў Белваенрэўкома (створаны бальшавікамі і эсэрамі), ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, прафсаюзаў, Беларускай камуністычнай арганізацыі, Бунда па пытанні аднаўлення БССР. На пасяджэнні была прынята "Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь". У адпаведнасці з Дэкларацыяй уся ўлада на тэрыторыі Беларусі да склікання Усебеларускага з'езда Саветаў пераходзіла да Ваенна-рэвалюцыйнага Камітэта. Беларуская Рэспубліка аднаўлялася ў межах адной Мінскай губерні, а дакладней, толькі 6 яе паветаў.

 

Беларускія эсэры адмовіліся падпісаць Дэкларацыю, хоць спачатку выказаліся ў яе падтрымку. Яны прапанавалі пашырыць тэрыторыю рэспублікі да яе этнаграфічных межаў. Акрамя таго, яны патрабавалі склікаць Усебеларускі працоўны кангрэс для вырашэння пытання аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі, сфарміраваць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў усіх партый нацыянальнай дэмакратыі, утварыць беларускае войска, забяспечыць поўную незалежнасць Беларусі ад Расіі, абвясціць беларускую мову дзяржаўнай.

 

ЦК КП(б) ЛіБ адхіліў гэтыя патрабаванні. Тады ЦК БПС-Р вывеў сваіх прадстаўнікоў з Белваенрэўкама і заявіў, што партыя эсэраў абараняе інтарэсы сялянства і працоўнай беларускай інтэлігенцыі і не падзяляе бальшавіцкую пазіцыю па праблеме дзяржаўнай улады на Беларусі. Супрацьстаянне нарастала. Эсэры сталі выкарыстоўваць для прапаганды сваіх поглядаў валасныя і павятовыя з'езды Саветаў. На некаторых з іх былі прыняты эсэраўскія рэзалюцыі. ЦК партыі бальшавікоў у сваю чаргу ўзмацніў ідэалагічную барацьбу супраць эсэраў.

 

Жорская пазіцыя бальшавікоў тлумачылася тым, што ў гэты час Чырвоная Армія разгарнула наступленне на польскім фронце Войскі пад камандаваннем М. Тухачэўскага падыходзілі да Варшавы, камісары сцвярджалі, што Чырвоная Армія дойдзе да Атлантыцкага акіяна і Ў Еўропе пераможа сацыялістычная рэвалюцыя.

 

 

Аднак пагроза паноўнай расійскай акупацыі выклікала патрыятычны ўздым сярод палякаў. 15-17 жніўня 1920 г. здарыўся "цуд над Віслай": польскім войскам удалося перахапіць ініцыятыву і пачаць хуткае контнаступленне. Чырвоныя войскі з вялікімі стратамі адступілі да Мінска. Пасля некалькіх спроб аднавіць сваю перавагу ў польска-савецкай вайне бальшавіцкі ўрад пагадзіўся на перамір'е, якое і было падпісана 12 кастрычніка 1920 г. Лінія фронта пераўтварылася ў часовую мяжу і падзяліла Беларусь на дзве часткі.

 

Адначасова ў Слуцкім павеце рыхтавалася яшчэ адна акцыя, якая атрымала назву "Слуцкае паўстанне". Справа ў тым, што на аснове дагавора аб перамір'і польскія войскі павінны былі адысці за дэмаркацыйную лінію, а Чырвоная Армія ўвайсці ў Слуцкі павет. 15-16 лістапада 1920 г. у занятым польскімі войскамі Слуцку па ініцыятыве суддзі Пракулевіча быў сабраны з'езд прадстаўнікоў валасцей і мястэчак Слуцкага павета, на якім прысутнічала 127 чалавек, з'езд абраў Слуцкую беларускую раду ў складзе 17 чалавек і даручыў ёй арганізаваць нацыянальнае войска, абвясціў "незалежнасць Беларусі ў яе этнаграфічных граніцах".

 

На працягу трох дзён была сфарміравана вайсковая брыгада ў складзе двух палкоў, у якіх налічвалася каля 4 тыс. чалавек. Калі Чырвоная Армія 22 лістапада 1920 г., згодна з умовамі дагавора аб перамір'і, пачала набліжацца да Слуцка, брыгада ўслед за польскім войскам пачала адыходзіць на захад, у Польшчу.

Пытанні для самакантролю

Як ставіліся да польскай акупацыі беларускія эсэры?

Хто абвясціў незалежнасць БССР 31 ліпеня 1920 г.?

49. Беларусь на мяжы дзьвух антаганістычных сістэмаў

 

Вынікам І сусветнай вайны былі рэвалюцыі ў шэрагу краін, падзенне трох еўрапейскіх імперый, узнікненне дзесятка новых дзяржаў і новы падзел Еўропы: на пераможцаў і пераможаных у жудаснай вайне. Са студзеня 1919 г. па студзень 1920 г. у Парыжы працавала мірная канферэнцыя дзяржаў, на якой дамініравалі кіраўнікі ЗША, Англіі, Францыі. 28 чэрвеня 1919 г. быў падпісаны Версальскі мірны дагавор з германіяй. Дзяржавы-пераможцы ўсклалі на немцаў усю адказнасць за распальванне сусветнай вайны і пакаралі Германію: адабралі на карысць суседзяў 48 адсоткаў яе тэрыторыі (больш за ўсіх атрымалі Польшча і Францыя), разброілі і абклалі рэпарацыямі. Аналагічныя ўмовы міру былі прадыктаваны Аўстрыі, Венгрыі, Балгарыі, Турцыі.

 

Амерыканская дэлегацыя спрабавала рэалізаваць патрабаванні 14 пунктаў Вільсана, пад сцягам якіх ЗША ўступілі ў І сусветную вайну. Сярод амеріканскіх патрабаванняў былі: адмова ад тайнай дыпламатыі, забяспячэнне свабоды міжнароднага гандлю, стварэнне міжнароднай арганізацыі для абароны міру і бяспекі ўсіх краін.

 

Еўрапейская грамакдкасць сімпаіызавала пазіцыі ЗША, таму Англія і Францыя былі вымушаны пагадзіцца з 14 пунктамі Вільсана. Аднак іх практычная палітыка была накіраваная перш за ўсё на забяспячэнне сваіх імперыялістычных планаў і амбіцый.пасля таго, як у грамадзянскай вайне ў Расіі перавага схілілася на бок чырвоных, Парыжская канферэнцыя прызнала права на незалежнасць народаў Эстоніі, Латвіі, Літвы, Азербайджана, Арменіі, Грузіі.

 

Дэлегацыя Беларускай Народнай Рэспублікі, якая прадстаўляла эміграцыйны ўрад БНР, начале з Антонам Луцкевічам таксама прыехала ў Парыж у маі 1919 г. Дэлегацыя спрабавала дамагчыся падтрымкі дзяржавамі Антанты незалежнасці БНР і тэратарыяльнай цэласці Беларусі, але безвынікова. Адны заходнія палітыкі не хацелі дараваць лідэрам БНР вымушанага супрацоўніцтва з германскімі акупацыйнымі ўладамі ў 1918 г. Другія лічылі беларускі нацыянальны рух заслабым для ўтварэння незалежнай дзяржавы. Палітыкі Англіі і Францыі ў большасці сваёй заставаліся пад уплывам белай эміграцыі з Расіі якая катэгарычна супрацьдзейнічала спробам аднаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці на Беларусі.

 

Адначасова кіраўнікі Парыжскай канферэнцыі не падтрымалі прэтэнзіі Польшчы на беларускія землі. Усходняя мяжа Польшчы ў снежні 1919 г. была вызначана на лініі Гродна-Няміраў-Брэст (хаця польскія войскі ў той час акупавалі Вільню і Мінск). Гэтая-ж лінія мяжы была прапанавана ў ноце міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Дж. Керзана 7 ліпеня 1920 г., калі савецкія войскі падыходзтлі да Варшавы (т. зв. Лінія Керзана). Аднак, калі палякам удалося адбіць наступленне Чырвонай арміі і зноў акупаваць Заходнюю Беларусь, еўрапейскія дзяржавы не пярэчылі падзелу Беларусі паміж Савецкай Расіяй і Польшчай.

 

Самай адметнай расай Навейшага часу (эпохі пасля І сусветнай вайны) было ўстанавленне камуністычнай дыктатуры ў Расіі. Камуністы лічылі Савецкую Расію плацдармам для здзяснення сусветнай рэвалюцыі. У сакавіку 1919 г. у Маскве быў утвораны Камуністычны Інтэрнацыял, яго філіяламі сталі кампартыі ў іншых краінах. Заходнія дзяржавы спрабавалі паўплываць на ход грамадзянскай вайне ў Расіі шляхам інтэрвенцыі сваіх узброенных сіл на карысць белых армій. Аднак наўдачы белагвардзейскіх войскаў і шырокія пратэсты грамадкасці ў сваіх краінах прымусілі кіраўніцтва дзяржаў вывесці войскі з Расіі і дэ-факта пагадзіцца з перамогай чырвоных.

 

Канфрантацыя паміж бальшавіцкім кіраўніцтвам Расіі і еўрапейскай дэмакратыяй працягвалася ў іншых формах. Камуністы вялі актыўную ідэялагічную прапаганду, іх разведка і структуры Камінтэрну імкнуліся дэстабілізаваць палітычнае становішча ў заходніх краінах. Адначасова савецкі дыктатар І. Сталін рыхтаваў СССР да новай сусветнай вайне за перамогу камуніззма ва ўсім свеце.

 

Падзеленая Рыжскім мірам на дзве, прыкладна роўныя часткі Беларусь апынулася на мяжы дзьвух антаганістычных сістэмаў, стала арэнай вострай ідэйна-палітычнай барацьбы.

 

З аднаго боку, такое становішча паспрыяла вырашэнню шэрагу нацыянальных задач. Бальшавікі далі згоду на аднаўленне БССР улетку 1920 г., а таксама на яе тэрытарыяльнае пашырэнне ў 1924 і 1926 гадах. У БССР адкрываліся школы і інстытуты, навуковыя і культурныя ўстановы, на працягу дэкады 20-х гадоў праводзілася палітыка беларусізацыі, БССР, на думку Крамля, павінна была дэманстраваць працоўным Заходняй Беларусі і іншых краін, як станоўча і справядліва вырашаюцца ў Савецкім Саюзе нацыянальныя пытанні.

 

 

З другога боку, насельніцтва Усходняй Беларусі апынулася пад пільным ідэялагічным наглядам парторганаў і НКВД. На тэрыторыі БССР былі размешчаны буйная групоўка савецкіх войскаў, спецпадраздзяленні разведкі і контрразведкі. Уздоўж мяжы будаваліся ваенныя ўмацаванні. З тэрыторыі БССР у Заходнюю Беларусь накіроўваліся групоўкі партызанаў і баявікоў, якія на працягу 1921-1925 гг. вялі ўзброенную барацьбу супраць польскіх улад. Пасля спынення бесперспектыўнай партызанскай вайны працягвалася жорсткае супрацьдзеянне разведак і контрразведак, ідэялагічных цэнтраў і палітычных структур. "Вайна на нябачным фронце" прывяла нават да таго, што ў 1938 г. па загаду Сталіна Камінтэрн распусціў Кампартыю Заходняй Беларусі (КПЗБ), бо яна, было заяўлена, "насычана шпіёнамі і правакатарамі".

 

Польскія ўлады ў адказ разглядалі кожны нацыянальны рух у Заходняй Беларусі як "пятую калону" Крамля, разгортвалі рэпрэсіі, каланізацыю тэрыторый, паланізацыю беларускага насельніцтва. Урады і значная частка грамадкасці заходнееўрапейскіх краін разглядалі Заходнюю Беларусь як фарпост супраць бальшавізма, таму не пярэчалі несправядлівай, каланіяльнай палітыцы польскіх улад у гэтым краі.

 

У другой палове 30-х гадоў у Еўропе ўзнік трэці блок дзяржаў - фашыцскі. Палітычная сітуацыя ў Еўропе абвастрылася, разгарнулася інтэнсіўная падрыхтоўка да новай вайны. У гэтай жорсткай, бязлітаснай канфрактацыі трох ідэйна-палітычных і ваенных блокаў - Англіі і Францыі, Германіі і Італіі, СССР і Камінтэрна - народ Беларусі як і народы іншых невялікіх краін Еўропы, заставаўся закладнікам імперыялістычнай па сутнасці палітыкі вялікіх дзяржаў.

Пытанні для самакантролю

Што азначала нота Керзана ад 7 ліпеня 1920 г.?

Чаму на Версальскай канферэнцыі Беларусь не была прызнана як суб'ект міжнароднай палітыкі?

 

 

VI. БЕЛАРУСЬ У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД

Удзел БССР у стварэнні СССР. Павелічэнне тэрыторыі рэспублікі

Палітыка беларусізацыі

Новая эканамічная палітыка

Калектывізацыя ў Беларусі

Адметнасці індустрыялізацыі ў БССР

Дэфармацыі грамадска-палітычнага жыцця і ўсталяванне таталітарнага рэжыму

Развіццё адукацыі, навукі і літаратуры ў БССР

Заходняя Беларусь у складзе Польшчы.

Эканамічнае становішча

Грамадска-палітычнае жыццё ў Заходняй Беларусі

50. Удзел БССР у стварэнні СССР. Павелічэнне тэрыторыі рэспублікі

 

Грамадзянская вайна 1918-1920 гг. на тэрыторыі былой Расійскай імперыі засталася адной з найбольш трагічных старонак гісторыі чалавецтва. Дваранска-буржуазны блок пацярпеў паражэнне, расійскае грамадства пазбавілася былой палітычнай, эканамічнай і інтэлектуальнай эліты. Прайграў вайну і нацыянальна-дэмакратычны рух. Чырвоная Армія знішчыла Украінскую Народную Рэспубліку, нацыянальна-дзяржаўныя ўтварэнні ў Грузіі, Арменіі, Азербайджане. У гэтых краінах, як і на Беларусі, была абвешчана савецкая ўлада, што на практыцы азначыла ўсталяванне дыктатуры бальшавіцкай партыі, яе рэгіянальных камітэтаў.

 

Але далейшае развіццё міжнацыянальных адносін, аднаўленне народнай гаспадаркі, ліквідацыя эканамічнай і культурнай адсталасці народаў, якія раней уваходзілі ў склад Расійскай імперыі, не магло быць вырашана ў рамках так званага ваенна-палітычнага саюза савецкіх рэспублік. Фармальна рэспублікі былі незалежныя, як роўныя заключалі дагаворы з РСФСР, на самой жа справе паўнамоцтвы РСФСР перавышалі паўнамоцтвы іншых савецкіх рэспублік. І гэта пры тым, што фактычная ўлада канцэнтравалася ў руках кіраўніцтва бальшавіцкай партыі.

 

У ходзе спрэчак у 1922 г. пра тое, якім быць новаму Саюзу, выявіліся два пункты погляду. Першы: прапанова І. Сталіна ажыццявіць "аўтанамізацыю" савецкіх рэспублік, г.зн. уключыць іх у склад РСФСР. Другі: ідэя У. Леніна ўтварыць новае дзяржаўнае аб'яднанне - Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, у які ўваходзілі б на роўных правах усе савецкія рэспублікі. Адны партыйныя дзеячы бачылі ў ленінскім плане ідэі канфедэрацыі, іншыя ж прапаноўвалі наогул скасаваць самастойнасць рэспублік. Але ў любым варыянце дзяржаўная ўлада павінна была належаць камуністычнай партыі, якая будавалася паводле прынцыпу дэмакратычнага цэнтралізму і забеспечвала ўсебаковы кантроль за ўсімі сферамі грамадскага жыцця. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, пераважная большасць партыйных і савецкіх дзеячаў выказалася за ленінскі план.

 

16 верасня 1922 г. Цэнтральнае Бюро КП(б)Б пастанавіла "лічыць мэтазгодным устанаўленне адносін паміж камісарыятамі Беларусі і камісарыятамі РСФСР аналагічныя з адносінамі, устаноўленамі паміж РСФСР і Украінай". Улічваючы, што адносіны РСФСР з УССР будаваліся як адносіны дзвюх роўных і незалежных рэспублік, гэта фактычна азначала, што ЦБ КП(б)Б было супраць сталінскага плана "аўтанамізацыі".

 

На Беларусі ідэя стварэння СССР была падтрымана на павятовых партыйных канферэнцыях, 6 павятовых і 116 валасных з'ездах Саветаў, шматлікіх сходах працоўных. З'езды Саветаў УССР, БССР, ЗСФСР і Х Усерасійскі з'езд Саветаў (снежань 1922 г.) прызналі аб'яднанне савецкіх рэспублік у адзінай дзяржаве своечасовым. 30 снежня 1922 г. І з'езд Саветаў СССР зацвердзіў Дэкларацыю аб утварэнні СССР, у якой былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы аб'яднання рэспублік: раўнапраўе і добраахвотнасць уваходжання іх у Саюз ССР, права свабоднага выхаду з Саюза і доступ у яго новым савецкім сацыялістычным рэспублікам. З'езд зацвердзіў Дагавор аб утварэнні СССР, які прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярхоўнага суда і Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення, вызначаў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік.

 

Быў абраны вярхоўны орган улады Саюза ССР - Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК). Старшынямі ЦВК былі выбраны старшыні ЦВК рэспублік, а кіраўніком урада (СНК) - У. Ленін, які ўжо быў цяжка хворы і практычнай дзейнасцю не займаўся. У снежні 1922 г. у СССР увайшлі РСФСР, УССР, БССР, Закаўказская СФСР (у складзе Азербайджанскай ССР, Армянскай ССР, Грузінскай ССР). Першая Канстытуцыя СССР (студзень 1924 г.) дэкларавала працоўным краіны шырокія дэмакратычныя правы і свабоды, актыўны ўдзел у кіраванні дзяржавай.

 

У сакавіку 1924 г. па прапановах і хадайніцтвах беларускага кіраўніцтва Прэзідыум ЦВК СССР прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. У снежні 1926 г. вернуты яшчэ два паветы: Гомельскі і Рэчыцкі. Вяртанне Савецкай Беларусі тэрыторый на ўсходзе значна ўзмацніла яе эканамічны і культурны патэнцыял, было актам гістарычнай справядлівасці.

 

Стварэнне СССР адкрывала магчымасць аб'яднаць намаганні гістарычна звязаных паміж сабой народаў, спрыяць іх хуткаму эканамічнаму, сацыяльнаму і культурнаму развіццю. Аднак з канца 20-х гг. у СССР перавага ўсё больш стала надавацца цэнтралізму, скараціліся правы і магчымасці рэспублік. Фактычна пачала здзяйсняцца сталінская ідэя "аўтанамізацыі". БССР у складзе СССР фактычна карысталася толькі правамі нацыянальна-культурнай аўтаноміі і тэрытарыяльным самакіраваннем.

Пытанні для самакантролю

Як змяніўся статус БССР пасля 30 снежня 1922 г. (дэ-юрэ і дэ-факта)?

Што такое “ўзбуйненне” БССР?

51. Палітыка беларусізацыі

 

Палажэнне аб тым, што беларусізацыя ёсць "самая значная частка нацыянальнай палітыка КП(б)Б" і што яе прызначэнне - дзяржаўнае, эканамічнае і культурнае адраджэнне Беларусі на савецкай аснове", неаднаразова паўтаралася ў 1920-я гады ў партыйных дакументах, пастановах дзяржаўных органаў, прамовах вядомых палітычных дзеячаў. У дакументах, якія вызначалі шлях і метады ажыццяўлення беларусізацыі, акцэнт рабіўся на двух момантах: неабходнасці "адказных адносін" да нацыянальнай інтэлігенцыі, якая іграе вялікую ролю ў нацыянальна-культурным будаўніцтве, і "выключнай важнасці" авалодання беларускай мовай "усёй партыяй". Гэта палітыка была цесна ўвязана з правядзеннем у жыццё каранізацыі - палітыкі "вылучэння і ўсё большага ўцягвання ў кіруючую працу ў эканоміцы і культуры работнікаў усіх мясцовых, карэнных нацыянальнасцей" (беларусаў, яўрэяў, палякаў, рускіх) пры ўмове, што "каранізацыя ёсць вылучэнне беларускіх работнікаў у першую чаргу".

 

Першае шырокае абмеркаванне прынцыпаў беларусізацыі як важнейшага выяўлення нацыянальнай палітыкі, якія ў далейшым удакладняліся, канкрэтызаваліся і дапаўняліся, адбылося на VII з'ездзе КП(б)Б (сакавік 1923 г.) пасля даклада Старшыні ЦВК і Старшыні СНК БССР А. Чарвякова "Нацыянальныя моманты ў дзяржаўным і партыйным будаўніцтве". У дакладзе ставілася задача дабіцца як мага хутчэйшага нацыянальнага адраджэння беларускага народа, яго культуры, мовы, разумнага спалучэння ў практычнай дзейнасці нацыянальнага і інтэрнацыянальнага.

 

Важным дакументам палітыкі беларусізацыі стала "Платформа па нацыянальным пытанні", прынятая на пашыраным пасяджэнні ЦБ КП (б)Б у ліпені 1923 г. У платформе адзначалася шматнацыянальнасць насельніцтва (па перапісу 1926 г. доля беларусаў у ім складала 80,6%, яўрэяў - 8,2%, рускіх - 7,7%, палякаў - 2%) і яго спецыфічнае рассяленне - беларусы жылі ў асноўным у сельскіх населеных пунктах, яўрэі - у гарадах і мястэчках, дзе складалі 40-60% іх жыхароў, рускія - пераважна ў гарадах; асаблівасці моўнай сітуацыі - рускамоўны горад і беларускамоўная вёска, адносіны ў грамадстве да беларускай мовы; незавершанасць працэсу кансалідацыі беларусаў у сучасную нацыю.

 

У платформе прапанавалася вырашыць шэраг задач як перадумоў разгортвання беларусізацыі. На першае месца ставілася правядзенне пад кантролем ЦБ КП(б)Б чысткі дзяржаўнага і партыйнага апарату ад "нацыяналістычных" элементаў. Другая задача - перавод дзяржаўных і партыйных устаноў на мясцовыя мовы з абавязковым вывучэннем гэтых моў усімі супрацоўнікамі. Мясцовымі мовамі прызнаваліся беларуская, яўрэйская, руская і польская. Грамадзяне рэспублікі мелі права звяртацца вусна і пісьмова ў органы дзяржаўнай улады на ўсіх чатырох мовах і атрымаць адказ на мове свайго звароту. Адказныя кіраўнікі і супрацоўнікі дзяржаўных устаноў абавязаліся вывучыць дзяржаўныя мясцовыя мовы. Дзяржаўныя мовы, у першую чаргу беларуская, падлягалі ўвядзенню ў справаводства перш за ўсё ў Наркамасветы, Наркамземе, міліцыі, судовых інстанцыях, на пошце і тэлеграфе. Ва ўсіх без выключэння школах беларуская мова ўводзілася як абавязковая.


<== previous lecture | next lecture ==>
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 13 page | Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 15 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.071 s.