Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 15 page


Date: 2015-10-07; view: 463.


 

Планаваліся таксама практычныя меры па арганізацыі нацыянальных вайсковых злучэнняў, увядзенні ў ваенныя школы і ваенкаматы беларускай мовы, пераход на яе ваеннага камандавання. Асобны раздзел прысвячаўся пераводу на беларускую мову партыйнай работы: напісанню на ёй марксісцкай літаратуры, арганізацыі сеткі перыядычнага друку.

 

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (1881 – 1931) – грамадскі, дзяржаўны дзеяч, гісторык. Скончыў універсітэт у г. Тарту (Эстонія), працаваў выкладчыкам у Вільні і Мінску. Супрацоўнічаў з левымі эсэрамі, у 1920 г. уступіў у кампартыю. Займаў высокія пасады ў БССР, садзейнічаў нацыянальна-культурнаму развіццю і палітыцы беларусізацыі. Напісаў шэраг твораў па гісторыі Беларусі. Быў прызначаны першым прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук (1928 – 1930). У 1930 г. абвінавачаны ў нацыянальна-дэмакратычным ухіле, вызвалены з усіх пасад. Скончыў жыцце самагубствам. Яго сям'я была рэпрэсавана.

 

Сярод актыўных праваднікоў беларусізацыі было нямала партыйных і дзяржаўных дзеячаў, што прыйшлі ў КП(б)Б з Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА), Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Вакол камуністаў-беларусаў гуртаваліся маладыя камуністы, якія ў савецкі час атрымалі адукацыю і выхаванне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, тэхнікумах, на курсах беларусазнаўства, у літаратурна-творчых аб'яднаннях. Вялікую работу па беларусізацыі вялі такія вядомыя ў той час дзяржаўныя і партыйныя дзеячы як Старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў, Старшыня СНК БССР М. Галадзед, пісьменнік З. Жылуновіч, старшыня Інстытута беларускай культуры, гісторык У. Ігнатоўскі, нарком асветы БССР А. Баліцкі, загадчык аддзела друку ЦК КП(б)Б А. Адамовіч. Вакол гэтага ядра аб'ядноўваліся многія вядомыя вучоныя, літаратары, вопытныя педагогі, культпрасветпрацаўнікі, сярод якіх былі С. Некрашэвіч, Я. Лесік, А. Смоліч, В. Ластоўскі і інш.

 

 

Неабходна падкрэсліць, што пры правядзенні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу рэспублікі ў 1924-1929 гг. улічваўся нацынальны прынцып. З мэтай уліку нацыянальных інтарэсаў і патрэб нацыянальных меншасцей - вывучэнне і карыстанне роднай мовай, захаванне сваёй самабытнасці, каштоўнасцей роднай культуры і г. д. - у месцах іх кампактнага пражывання былі ўтвораны нацыянальныя Саветы. У 1928 годзе ў БССР налічвалася 28 яўрэйскіх, 19 польскіх, 16 рускіх, 5 татарскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія сельскія саветы. У 1932 г. быў утвораны польскі раён з цэнтрам у Дзяржынску.

 

Да пачатку 1928 г. на беларускую мову выкладання перайшло да 80% агульнаадукацыйных школ. Тысячы настаўнікаў закончылі паўтарамесячныя курсы па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы па беларускай мове. Беларуская мова стала асноўнай мовай у сельскагаспадарчых, педагагічных тэхнікумах, частцы прафтэхвучылішчаў, рабфакаў, вячэрніх школ для дарослых, у школах рабочай і сялянскай моладзі. Паслядоўна праводзіўся перавод на беларускую мову лекцыйных курсаў і семінараў у вышэйшых навучальных установах, у першую чаргу, на педагагічным і іншых факультэтах Белдзяржуніверсітэта. Беларусізаваліся камуністычны універсітэт, савецка-партыйныя школы, сістэма партыйна-палітычнай вучобы.

 

У 1928 г. у цэнтральных партыйных, дзяржаўных, прафсаюзных органах, грамадскіх арганізацыях беларускай мовай валодала 80% служачых, на акруговым і раённым узроўні - 70%. Сярод работнікаў кіруючых структур павялічылася колькасць беларусаў. У адміністрацыйных органах на пачатку 1929 г. доля беларусаў дасягнула 51,3%, гаспадарчых - 30,8%. У часцях Чырвонай Арміі была сфарміравана 2-я тэрытарыяльная дывізія, створана Аб'яднаная беларуская школа камандзіраў. З 11 газет, якія выдаваліся ў рэспубліцы ў 1927 г., 3 выходзілі на беларускай мове, 4 - на рускай, па 2 - на яўрэйскай і польскай мовах. У акруговых газетах частка матэрыялу друкавалася на рускай, частка на беларускай мовах.

 

Значны ўплыў на развіццё беларускай, а таксама яўрэйскай і польскай культуры аказваў Інстытут беларускай культуры, які разгарнуў дзейнасць у гэтым напрамку з 1924 г. Высокую актыўнасць у правядзенні беларусізацыі, стварэнні твораў на беларускай і іншых нацыянальных мовах праяўлялі члены творчых саюзаў. У рэспубліцы павялічылася выданне беларускіх кніг і вучэбных дапаможнікаў.

 

Аднак у восень 1929 г. пачаліся карэнныя перамены ў кірунках нацыянальнай дзейнасці КП(б)Б. Прычыны гэтых перамен у першую чаргу звязаны з крутым сталінскім пераломам, з агульным становішчам у краіне. З адмовай ад палітыкі нэпа, з пабудаванай на сілавых метадах палітыкай калектывізацыі, фарміраваннем адміністрацыйна-камандных метадаў кіравання і складваннем культу асобы, рэжыму асабістай улады І. Сталіна.

 

Гэта выкарыстоўвалі для кампраметавання палітыкі беларусізацыі як нацыяналістычныя, вялікадзяржаўныя элементы, так і частка інтэлігенцыі нацыянальных меншасцей. Яны баяліся, што іх культурныя запыты будуць ігнаравацца. Была раздута кампанія супраць "нацыянал-дэмакратызму", яго прыраўнялі да нацыяналістычнай плыні і пачалі граміць. І ўсё гэта падмацоўвалася жорсткай рэпрэсіўнай палітыкай, накіраванай супраць арганізатараў і праваднікоў палітыкі беларусізацыі, прадстаўнікоў беларускай культуры, навукі, літаратуры, асабліва пасля прыняцця ў 1931 г. пастановы ЦК КП(б)Б аб узмацненні барацьбы з ухіламі ў нацыянальным пытанні.

Пытанні для самакантролю

Па чыёй ініцыятыве праводзілася “беларусізацыя”?

Якіх поспехаў дасягнула “беларусізацыя”?

52. Новая эканамічная палітыка

 

Першая сусветная вайна і грамадзянская вайна прывялі да велізарных разбурэнняў у Расіі і на Беларусі. Панавала гаспадарчая разруха, разваліліся або аслаблі ранейшыя эканамічныя сувязі, ішло распыленне рабочага класа. Вельмі востра паўстала пытанне збяднення большай часткі насельніцтва. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала 50% ад 1913 г. Не хапала хлеба, запалак, солі. Не ў лепшым стане знаходзілася прамысловасць, агульны аб'ём валавой прадукцыі якой складаў 15-20% ад даваеннага ўзроўню.

 

"Ваенны камунізм" пасля заканчэння грамадзянскай вайны страціў усе аргументы на сваю карысць. У гэты час рашаючым фактарам сталі адносіны да Савецкай улады сялян, чыя лаяльнасць да яе і падпарадкаванне харчразвёрстцы былі выкліканы страхам страты сваіх зямельных надзелаў у выпадку "белай рэстаўрацыі". Як толькі гэта пагроза знікла, сяляне сталі патрабаваць права свабодна распара-джацца зямлёй і прадукцыяй сваёй працы, выказваць незадаволенасць харчразвёрсткай. Сяляне ўсё часцей супраціўляліся прадстаўнікам улады, у розных рэгіёнах краіны ўспыхвалі паўстанні.

 

Супраціўленне сялян палітыцы харчразвёрсткі пагаршала і без таго жабрацкае жыццё гараджан. У студзені 1921 г. хлебны паёк рабочых быў скарочаны. Галадала па ўсёй Савецкай краіне каля 40 млн. чалавек. Улады лічылі, што уціхамірыць сялян толькі армія. Толькі ў Тамбоўскую губерню было паслана да 50 тыс. чырвонаармейцаў на чале з М. Тухачэўскім. 1 сакавіка 1921 г. паўсталі маракі Кранштата, якіх называлі "гонарам рэвалюцыі". Яны патрабавалі свабоды слова, друку, шматпартыйнасці, ліквідацыі харчразвёрсткі, свабоды гандлю, "поўнага права сялян над зямлёй". Падаўленнем мяцяжу кіраваў старшыня Рэўваенсавета Л. Троцкі сумесна з дэлегатамі Х з'езда РКП(б).

 

Л. Троцкі ўнёс прапанову ў Палітбюро абмежаваць развёрстку, прычыну крызісу ён бачыў у высокіх заданнях. У. Ленін убачыў іншае - крызіс ваенна-камуністычных метадаў будаўніцтва сацыялізму. Аднак фактычна гэта быў больш глыбокі крызіс - крызіс усёй канцэпцыі сацыялізму, якую прапаноўвалі К. Маркс і У. Ленін. "Ваенны камунізм", або эксперымент па стварэнню камуністычнага грамадства, з'явіўся сацыяльнай утопіяй. У далейшым гэты эксперымент адважыліся паўтарыць толькі кітайскія камуністы падчас грамадзянскай вайны ў 30-я гады, ды групоўка ў Кампучыі ў 70-я гады. Кіраўніцтва расійскай кампартыі ўжо на пачатку 20-х гадоў зразумела, што, каб пераадолець крызіс, захаваць сваю ўладу, трэба рэзка змяніць палітычны курс.

 

Першай антыкрызіснай мерай нэпа стала замена харчразвёрсткі натуральным падаткам. Гэта было адобрана Х з'ездам РКП(б), які адбыўся 8-16 сакавіка 1921 г. Натуральны падатак быў менш развёрсткі, аб'яўляўся перад пасяўной, не мог быць павялічаны на працягу года. Падатак першапачаткова складаў 20% ад чыстага прадукту, затым быў зменшаны да 10%, а з 1924 г. стаў збірацца грашыма. Усе лішкі прадукцыі пасля выканання падатку заставаліся ў селяніна.

 

Партыя вымушана была пайсці на дазвол прыватнага, кааператыўнага і дзяржаўнага гандлю. У адрозненне ад іншых савецкіх рэспублік у БССР вядучае месца займаў прыватны гандаль. На яго долю ў 1922/1923 г. прыходзілася 90% гандлёвых прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Дзяржаўны гандаль меў першынство ў аптовай сферы.

 

Селянін атрымаў права свабоднага выбару формы апрацоўкі зямлі і гарантыю землекарыстання. З усіх рэспублік СССР Беларусь з'яўлялася найбольш сельскагаспадарчай: у 1920-1923 гг. тут налічвалася 89% сельскага насельніцтва. Зразумела, што сельская гаспадарка была стрыжнем, вакол якога варочалася ўся эканоміка рэспублікі. Асаблівасцю эканамічнага становішча Беларусі было тое, што ўвядзенне нэпа супала па часе з перадачай зямлі сялянам. У 1921 г. сялянства павялічыла сваё землекарыстанне на 11,4% коштам былых уладанняў памешчыкаў. Але гэта была нязначная прырэзка - менш чым па адной дзесяціне на двор, бо 70% нацыяналізаваных зямель была перададзена ў дзяржаўны лясны і зямельны фонд. У выніку забяспечанасць сялян зямлёй у БССР была ніжэй сярэдняй па СССР на 41%.

 

У верасні 1922 г. Прэзідыум ЦВК БССР прыняў закон аб працоўным землекарыстанні. У ім аднолькава законнымі прызнаваліся арцелі, абшчыны, прыватнае ўладанне ў выглядзе водрубаў ці хутароў. Дазвалялася здача зямлі ў арэнду і выкарыстанне наёмнай працы, праўда калі працуюць і члены сям'і.

 

Зямельны крызіс можна было пераадолець толькі інтэнсіфікацыяй формаў вядзення сялянскай гаспадаркі. Наркамат земляробства БССР распрацаваў курс на замену трохполля шматполлем, на развіццё жывёлагадоўлі і кааперацыі. Паралельна пачаў дзейнічаць новы Зямельны кодэкс БССР (прыняты ў жніўні 1924 г.).

 

За аснову землеўпарадкавання быў прыняты ўчасткава-падворны парадак землекарыстання ў форме пасёлкаў - аб'яднанняў 10-20 двароў з агульным шматпольным севазваротам (да 200 дзесяцін), а таксама хутароў. Ліквідацыя цераспалосіцы дазваляла павялічваць прадукцыйнасць працы, змяншаць выдаткі на апрацоўку зямлі, паляпшаць культуру земляробства. Быў створаны рэзервовы зямельны фонд, з якога надзяляліся бяднейшыя сяляне. Праўда, дзейнічалі мінімальныя (5,6 дзесяціны) і максімальныя (11,9 дзесяціны) нормы землекарыстання на адну гаспадарку. Да 1928 г. больш за 25% двароў выйшла на хутары і водрубы, на 1,4 млн. га былі створаны пасёлкі. Заахвочвалася сялянская кааперацыя, якая насіла крэдытна-збытавы характар і аб'ядноўвала ў 1928 г. 50% гаспадарак.

 

З адменай дэкрэта аб нацыяналізацыі ўсёй прамысловасці ажыццяўлялася дэнацыяналізацыя дробнай і часткі сярэдняй прамысловасці і вяртанне яе былым уладальнікам. Каля 300 прадпрыемстваў было аддадзена ў арэнду. Прычым кожны грамадзянін мог сам арганізаваць саматужную або прамысловую вытворчасць з наймам рабочых: да 10 пры рухавіку, да 20 без рухавіка. Былі зняты абмежаванні на іх дзейнасць і дадзены правы юрыдычных асоб.

 

Нармальнае функцыянаванне гаспадарчага механізма было немагчымым без грашовай рэформы. Рэформа пачалася ў 1922 г. з выпуску новай грашовай адзінкі - савецкага чырвонца. Чырвонцы абменьваліся на золата: 1 чырвонец раўняўся 10 дарэвалюцыйным рублям або 7,74 г. чыстага золата, або 5,14 доларам ЗША. У снежні 1921 г. пачала працаваць Усебеларуская кантора дзяржаўнага банка ў Мінску, якая ў далейшым арганізавала 9 філіялаў у акруговых цэнтрах. Ствараліся камерцыйныя банкі, таварыствы ўзаемнага крэдыту. У адшчадных касах былі адменены абмежаванні на сумы прыватных асоб і арганізацый. Дзяржава абвясціла гарантыю тайны ўкладаў, сярэдняя велічыня якіх павялічылася ў 3,3 раза.

 

Была адноўлена грашовая аплата, уведзены тарыфы зарплаты, зняты абмежаванні на яе рост. Арганізацыя працы пачала будавацца на прынцыпах матэрыяльнага стымулявання - здзельнай аплаты. Укараненне гаспадарчага разліку дазволіла пазбавіцца ад ураўнілаўкі, улічваць кваліфікацыю работніка і яго працоўную актыўнасць. У зарплату ўключаўся кошт камунальных паслуг для сем'яў рабочых і служачых. І, як вынік, рост прадукцыйнасці працы, якая ў 1927 г. перавысіла даваенны ўзровень у 1,8 раза.

 

Нэп меў спрыяльныя вынікі для эканомікі Беларусі. Да 1927 г. была поўнасцю адноўлена сельская гаспадарка, прамысловасць Беларусі дасягнула даваеннага ўзроўню. Пры гэтым на долю дзяржаўнага сектара прыходзілася амаль 3/4 усёй прадукцыі.

 

Партыйны і дзяржаўны апарат не мог прыняць новы эканамічны курс, таму што той адмаўляў камандныя метады кіравання: таварна-грашовыя адносіны патрабавалі гнуткай прафесійнай палітыкі, ведаў і вопыту. А ў партдзяржапараце адсутнічалі стымулы да перабудовы: гарантаваная заработная плата, дачы, санаторыі - усё гэта ён атрымліваў незалежна ад эфектыўнасці працы.

 

Нэпам былі незадаволены таксама малакваліфікаваныя рабочыя, беспрацоўныя, беднякі, батракі. Яны склалі тую сацыяльную глебу, якая падтрымала дзеянні партапарату па ліквідацыі новай эканамічнай палітыкі.

Пытанні для самакантролю

Які падатак на сялянскую гаспадарку быў уведзены НЭПам?

Што азначаў НЭП у фінансавай сферы?

53. Калектывізацыя ў Беларусі

 

У канцы 20-х гадоў групоўка Сталіна распачала адыход ад нэпа і рэпрэсіі супраць "непралетарскіх элементаў". На вёсцы галоўным ворагам быў аб'яўлены "кулак", г. зн. заможны селянін. У 1927 г. на Беларусі такіх налічвалася 4,1% ад усяго вясковага насельніцтва.

 

Узмацненне "антыкулацкай лініі" ў другой палове 20-х гг. паставіла заможных сялян перад пытаннем: ці патрэбна пашыраць вытворчасць, калі "лішкі" ў любы момант могуць быць канфіскаваны дзяржавай? Як вынік, у 1927-1928 гг. экспарт збожжа па СССР скараціўся ў 8 разоў у параўнанні з 1926-1927 гг. Да таго ж існаваў дыспарытэт цэн на збожжа і прамысловыя тавары. Нарыхтоўчыя цэны былі значна ніжэйшымі за рыначныя. Хлебанарыхтоўчы крызіс ставіў пад пагрозу планы індустрыялізацыі.

 

З другога боку, рэзка павялічыўся попыт на збожжа ўнутры краіны. У ходзе індустрыялізацыі гарадам, рабочым і служачым патрабавалася ўсё больш і больш прадуктаў харчавання. Невыкананне дзяржаўнага плана нарыхтовак збожжа прывяло да ўвядзення ў гарадах прадуктовых картак.

 

 

І. Сталін падчас паездкі ў Сібір у студзені 1928 г. заявіў, што прычынай хлебанарыхтоўчых цяжкасцяў з'яўляецца "кулацкая стачка". Таму партыйна-савецкім органам было прапанавана актыўна выкарыстоўваць артыкул 107 Крымінальнага кодэксу (барацьба са спекуляцыяй) і сілай забіраць "лішкі" хлеба ў сялян. Там жа ён заявіў: "Мы краіна савецкая, мы імкнёмся да стварэння абагульненай гаспадаркі не толькі ў прамысловасці, але і ў сельскай гаспадарцы." Такім чынам быў вызначаны курс на масавую калектывізацыю сельскай гаспадаркі.

 

Летам 1929 г. Сталін абвясціў лозунг "суцэльнай калектывізацыі", які прадугледжваў завяршыць калектывізацыю ў збожжавых раёнах вясной 1932 г. Тэрмін заканчэння калектывізацыі для Беларусі прадугледжваўся ў 1932-1933 гг. Але кіраўніцтва БССР на чале з К. Геем вырашыла фарсіраваць тэмпы калектывізацыі, закончыць працэс да 1931 г. У Маскву была накіравана дакладная запіска з просьбай аб'явіць БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі.

 

Каб забяспечыць высокія тэмпы калектывізацыі, у вёску паслалі тысячы ўпаўнаважаных, а ў гарадах на прамысловых прадпрыемствах ствараліся спецыяльныя брыгады дапамогі. Кіраўніцтва рэспублікі сфарміравала спецыяльную групу рабочых агульнай колькасцю 612 чалавек (99 - з Горкаўскага завода "Чырвонае Сормава"). Пасля двухтыднёвай падрыхтоўкі на курсах яны ў пачатку лютага 1930 г. выехалі на месцы прызначэння, працавалі старшынямі і членамі праўлення калгасаў, загадчыкамі аддзелаў і інструктурамі ў акруговым апараце. Слабадасведчаныя ў асаблівасцях сялянскага жыцця, яны лічылі за лепшае дзейнічаць метадам загадаў і прымусаў.

 

Працэс кааперавання быў падменены "раскулачваннем". У БССР раскулачванню падлягала 34 тыс. гаспадарак. Да мая 1930 г. пад рэпрэсіі падпала 15,6 тыс. сем'яў. Пры гэтым адну частку сялян нацкоўвалі на другую, заахвочвалі падзелам маёмасці кулакоў. ЦК КП(б)Б у лютым 1930 г. даў класіфікацыю кулацтва па трох катэгорыях: 1) актыўныя праціўнікі калектывізацыі; 2) найбольш заможныя; 3) усе астатнія.

 

 

Тых, каго адносілі да першай катэгорыі, без суда і следства паводле рашэння "троек" (1-шы сакратар райкома, старшыня райвыканкома, начальнік ДПУ) арыштоўвалі і накіроўвалі ў месцы зняволення або расстрэльвалі. Сялян, аднесеных да другой катэгорыі, высылалі ў Казахстан, на Урал, Поўнач, Сібір. "Кулакоў" трэцяй катэгорыі пазбаўлялі права на зямельны надзел у сваёй вёсцы і давалі ім участак за межамі калгасаў. Але на Беларусі адчуваўся недахоп зямлі, таму іх запісвалі ў катэгорыю спецперасяленцаў.

 

Нават сераднякоў і беднякоў, якія сумняваліся ў мэта-згоднасці суцэльнай калектывізацыі, абвяшчалі класавымі ворагамі, агентамі кулацтва і г.д. У выніку ў вёсцы зноў абвастрылася палітычнае становішча, сталі нарастаць сялянскія хваляванні. У студзені - сярэдзіне красавіка 1930 г. у БССР было зарэгістравана 520 "кулацкіх" выступленняў - перш за ўсё гэта была расправа над камуністамі і актывістамі.

 

Таксама да актыўных формаў пратэсту сялян можна аднесці забой хатняй жывёлы. Трэба мець на ўвазе і тое, што стымулаў уваходжання ў калгасы не было. Жывёла і інвентар абагульняліся бясплатна. Пай, які сяляне ўносілі ў калгас, не ўлічваўся пры размеркаванні вырабленай прадукцыі. Але асноўнай формай непрымання калектывізацыі ў Беларусі была пасіўнасць (бяздзейнасць) вясковых жыхароў.

 

Кіраўніцтва краіны, каб ліквідаваць "перагібы", вырашыла прыняць тэрміновыя меры. 2 сакавіка 1930 г. на старонках "Праўды" быў надрукаваны артыкул І. Сталіна "Галавакружэнне ад поспехаў (Да пытанняў калгаснага руху)", дзе ўпершыню асуджалася практыка прымусовай калектывізацыі, давалася ўказанне весці работу ў адпаведнасці з мясцовымі ўмовамі, не абагульняць прысядзібныя землі, агароды, жыллёвыя будынкі і г. д.

 

Адразу адбыўся адток сялян з калгасаў. Да 1 чэрвеня 1930 г. працэнт калектывізацыі паменшыўся з 58% да 11,1%, частка сельгасарцеляў распалася. Аднак восенню 1930 г. палітыка суцэльнай калектывізацыі была зноў адноўлена. Кіраўніцтва ЦК КП(б)Б вырашыла "паскорыць" тэмпы калектывізацыі, для чаго намячалася "ўзмацніць пралетарскую дапамогу вёсцы", мабілізаваць студэнтаў сельскагаспадарчых і педагагічных навучальных устаноў, а таксама актывістаў цэнтральнага апарату. Па ранейшаму прымусова абагульваліся жылыя памяшканні і жывёла, аплата працадзён праводзілася па астаткаваму прынцыпу - пасля выканання дзяржаўных паставак, якія паглыналі ўсе даходы.

 

Але вясной 1932 г. замест суцэльнай калектывізацыі адбыўся новы адток сялян з калгасаў. Калі на пачатку года калектывізацыя аддымала 50,4% двароў, - паменшылася да 43,7%; распалася звыш 1000 калгасаў. Тым разам выхад з калгасаў з'явіўся натуральнай рэакцыяй сялян выратавацца ад голаду, які ахапіў СССР у 1932-1933 гг. і забраў 3-4 млн. жыццяў, перш за ўсё на Украіне і чарназемнай паласе Расіі. Ён быў выкліканы неўраджаем і жорсткай нарыхтоўчай палітыкай. Масавы голад абышоў нашу рэспубліку, хоць і тут шматлікімі былі паведамленні аб адсутнасці збожжа ў 12 раёнах, аб выпадках апухання людзей і галоднай смерці ў Ельскім, Нараўлянскім і іншых раёнах.

 

Партыйнаму кіраўніцтву краіны стала зразумела, што голым адміністраваннем утрымаць сялян у калгасах немагчыма. Таму быў дазволены калгасны гандаль сельскагаспадарчымі прадуктамі, праводзіліся мерапрыемствы па павышэнні аплаты працы і даходаў калгаснікаў, забеспячэнні іх асабістай жывёлай і кармамі.

 

Першы трактар на калгасным поле.

 

Актыўную ролю ў правядзенні калектывізацыі сталі адыгрываць машынна-трактарныя станцыі. Менавіта яны, па задуме савецкага кіраўніцтва, павінны былі пераканаць сялянскія масы ў перавазе сацыялістычнага спосабу вытворчасці, заснаванага на калектыўнай працы. У пачатку 1929 г. пачалася арганізацыя МТС, а ў 1932 г. налічвалася 57 МТС, якія мелі 1500 трактароў і абслугоўвалі 33% калгасаў. На палях з'явіліся першыя камбайны.

 

 

Узмацнялася і адміністрацыйнае ўздзеянне на вёску, у МТС былі створаны палітычныя аддзелы, якія дзейнічалі камандна-загаднымі метадамі і з'яўляліся органамі "дыктатуры пралетарыяту" ў вёсцы. Палітаддзелы павінны былі кантраляваць калгасы, саўгасы і мясцовыя партыйныя арганізацыі ад "засмечанасці".

 

Галоўнымі метадамі калектывізацыі былі гвалтоўныя метады: запалохванне, прымус, раскулачванне, спецпасяленні, расстрэлы. Калгаснікі не мелі пашпартоў і поўнасцю залежалі ад свайго старшыні. Старшыня ў сваю чаргу падпарадковаўся райкому партыі, ад якога залежаў яго лёс. Напрыклад, толькі ў 1936 г. у БССР было заменена 1500 старшынь калгасаў.

 

На канец 1940 г. мелася 10165 калгасаў і 92 саўгасы. Дробнатаварная гаспадарка была разбурана і ператворана ў буйную, сацыялістычную. Аднак узровень сельскагаспадарчай вытворчасці заставаўся нізкім, а планы яе павышэння не былі выкананы. У 1938 г. прысядзібныя ўчасткі калгаснікаў складалі 4,0% плошчы, а давалі 45% усёй сельгас-прадукцыі, у т. л. 70% мяса. Да таго ж калгаснікі не мелі адпачынку, выхадных дзён, ім не аплачваліся водпускі па цяжарнасці і родах, не прадастаўлялася пенсія.

 

Калектывізацыя прывяла да адчужэння былых уладальнікаў зямлі ад асноўнага сродку вытворчасці - зямлі. Фактычна сяляне пераўтварыліся ў наёмных дзяржаўных работнікаў. Менавіта гэтага патрабавала тэорыя К. Маркса і У. Леніна аб пабудове камунізму. Адначасова таталітарны рэжым І. Сталіна атрымаў эфектыўны механізм кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем харчавання ва ўсёй дзяржаве.

Пытанні для самакантролю

Навошта бальшавікам была патрэбна калектывізацыя сялян?

Якую ролю адыгрывалі МТС?

54. Адметнасці індустрыялізацыі ў БССР

 

Пераход да новай эканамічнай палітыкі дазволіў у сціслыя тэрміны аднавіць дарэвалюцыйны ўзровень эканомікі і нават пераўзысці яго. Аднак нэп не зламаў дарэвалюцыйную структуру эканомікі. БССР заставалася пераважна сялянскай, з перавагай сельскай гаспадаркі, лесаперапрацоўчай і лёгкай прамысловасці. Неразвітасць індустрыі стварала востры таварны дэфіцыт, які суправаджаўся моцнай інфляцыяй. А на тэрыторыі Беларусі ўдзельная вага прамысловасці ў народнай гаспадарцы складала ў 1925 г. толькі 22%. Тэхнічная насычанасць была таксама вельмі слабой. Пераважалі дробныя і саматужныя прадпрыемствы, на якіх працавала больш за 70% рабочых. Цяжкай прамысловасці не было зусім. У БССР ў 1927 г. працавалі толькі 82 інжынеры з вышэйшай адукацыяй і 111 тэхнікаў. Нізкім быў і агульны, адукацыйны і культурны ўзровень насельніцтва. Паводле перапісу 1926 г. пісьменных ва ўзросце 9 гадоў і старэй у Беларусі было ўсяго 40,7%.

 

СССР, на думку камуністаў, павінен быў быць арганізацыйнай і ваенна-тэхнічнай базай сусветнай рэвалюцыі. Таму кампартыя брала курс на індустрыялізацыю. Індустрыялізацыя павінна была ажыцяўляцца за кошт унутраных рэзерваў і назапашванняў, перш за ўсё правядзення "суровага рэжыму эканоміі", коштам максімальнай перакачкі сродкаў са сферы сельскай гаспадаркі ў сферу індустрыі. Менавіта на такой перакачцы настойвалі левыя ў ВКП(б), якія ўзялі на ўзбраенне ідэю Троцкага аб "звышіндустрыялізацыі" за кошт сялянства, якую затым падтрымаў І. Сталін.

 

Індустрыялізацыя ў БССР праходзіла як састаўная частка адзінага працэсу індустрыялізацыі ўсяго СССР, але мела і свае адметнасці. Так, пагранічнае становішча рэспублікі рабіла немэтазгодным размяшчэнне на яе тэрыторыі прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці, ваенна-прамысловага комплексу. У БССР адсутнічалі разведаныя радовішчы нафты, вугалю, металаў. Таму асноўная ўвага тут аддавалася развіццю не цяжкай прамысловасці, а лёгкай, мясцовай, перш за усё - працаёмкай.

 

Мясцовыя рэсурсы і асігнаванні з саюзнага бюджэту дазволілі вырашыць праблему назапашвання сродкаў для прамысловага будаўніцтва. Асноўнай крыніцай была сама прамысловасць. Важнай крыніцай былі накапленні працоўных, унутраныя пазыкі і ашчадныя касы. Трэба таксама ўлічваць і так званы "звышпадатак" у выглядзе розніцы ад завышэння цэн, якія плаціла сялянства за прамысловыя тавары, і заніжаных цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю. Амаль 1/3 сродкаў, укладзеных у прамысловасць БССР за гады 1-й пяцігодкі, паступіла з саюзнага бюджэту.

 

Большасць сродкаў з бюджэту рэспублікі накіроўваліся на рэканструкцыю і рамонтныя работы ў паліўную, дрэваапрацоўчую, папяровую і гарбарную прамысловасць. З 1925 па 1928 гг. у рэспубліцы было пабудавана 150 новых прамысловых прадпрыемстваў, пачалося будаўніцтва буйнейшай у рэспубліцы электрастанцыі - БелДРЭС (пад Оршай), а ў 1928 г. даў першую прадукцыю станкабудаўнічы завод "Энергія". У гэтым жа годзе на базе невялікіх заводаў у Мінску быў створаны металаапрацоўчы завод "Камунар".

 

Па волі партыйнага кіраўніцтва краіна паступова стала ўцягвацца ў "індустрыяльны скачок", фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, датэрміновае выкананне пяцігодкі. Гэта прывяло да перагляду планаў пяцігодкі, прыняццю павышаных абавязацельстваў. Пачалі адкідацца зацверджаныя раней нормы выпрацоўкі. Вынікам сталі разбалансаванасць вытворчасці, паломкі і прастоі абсталявання, павелічэнне выпуску бракаванай прадукцыі, зніжэнне дысцыпліны працы. Узніклі фінансавыя, матэрыяльныя і іншыя цяжкасці. Да гэтага дадалося падзенне ўзроўню сельскагаспадарчай вытворчасці, што з'явілася вынікам непрадуманага фарсіравання тэмпаў калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Пагоршылася харчовая забеспячэнне краіны, што прымусіла зноў увесці харчовыя карткі.

 

Завод “Бальшавік” у Мінску. Пушчаны ў 1927 г.

 

Як выхад з цяжкага становішча былі ўзмоцнены камандныя метады кіраўніцтва эканомікай. Была праведзена перабудова кіравання народнагаспадарчым комплексам. 5 сту-дзеня 1932 г. была прынята пастанова ЦВК СССР "Аб рэарганізацыі саўнаргасаў". Беларускі СНГ быў рэарганізаваны ў Наркамат лёгкай прамысловасці БССР. Прадпрыемствы цяжкай і лясной прамысловасці, падначаленыя яму, пераходзілі ў распараджэнне адпаведных саюзных наркаматаў. Сіндыкатны гандаль стаў замяняцца размеркаваннем зверху па фондах і нарадах. Фінансаванне індустрыяльнага будаўніцтва грашовымі сродкамі было ўскладзена на Наркамат фінансаў, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне прадпрыемстваў - на Дзяржплан і галіновые наркаматы. Непасрэднай крыніцай фінансавання буйнамаштабнага капітальнага будаўніцтва станавілася не вытворчасць, а сфера размеркавання і абарачэння (падатак з абароту і пазык). У партыйных органах з'явіліся новыя падраздзяленні - галіновыя аддзелы па прамысловасці, будаўніцтве, транспарце, сельскай гаспадарцы і іншыя. Такім чынам была створана камандна-размеркавальная сістэма эканомікі.

 

 

Цэнтральныя органы кіравання фактычна пачалі рэгламентаваць усе асноўныя паказчыкі развіцця рэспубліканскай прамысловасці. Перавага аддавалася колькасным паказчыкам. За першую пяцігодку (1928-1932) у БССР было пабудавана 538 прамысловых прадпрыемстваў. Пачалі працаваць Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, швейныя фабрыкі ў Магілёве, Мінску, Віцебску, абутковая фабрыка ў Гомелі, Гомсельмаш, Магілёўская фабрыка штучнага валакна, ільнокамбінат у Оршы. Істотна змянілася галіновая структура прамысловасці. Аб'ём буйной прамысловасці вырас амаль у 4,3 раза. У рэспубліцы з'явіліся машынабудаўнічая, хімічная і іншыя галіны вытворчасці. Колькасць спецыялістаў з тэхнічнай адукацыяй у народнай гаспадарцы ў параўнані з 1929 г. вырасла больш чым у 40 разоў. Важным сацыяльным вынікам стала ліквідацыя ў 1931 г. беспрацоўя.

 

Другі пяцігадавы план (1933-1937), які, як і першы, быў, паводле афіцыйных звестак, выкананы за 4 гады і 3 месяцы, на справе даў рост аб'ёму прамысловай вытворчасці ў 1,9 раза, замест запланаваных 3,8 раза. Значна павялічылася выпрацоўка электраэнергіі на базе шырокай здабычы торфу. Прадукцыйнасць працы на прадпрыемствах, падпарадкаваных наркаматам, узрасла на 65,5%. Буйная прамысловасць стала аказваць вырашальны ўплыў на ўсю гаспадарку.

 

З 1938 г. пачаў выконвацца трэці пяцігадавы план. Павелічэнне агульнага аб'ёму валавой прадукцыі прамысловасці планавалася ў 3,5 раза.

 

У выніку індустрыялізацыі коштам велізарных высілкаў народа ў БССР была створана сучасная матэрыяльна-тэхнічная база народнай гаспадаркі. У 1929-1940 гг. у рэспубліцы ўведзены ў дзеянне і рэканструяваны 1863 прадпрыемствы, якія выпускалі 90% яе прамысловай прадукцыі. Вырасла ўдзельная вага прадукцыі беларускай прамысловасці ў агульнасаюзнай вытворчасці і яе вываз за межы рэспублікі. Грунтоўныя змены адбыліся ў структуры прамысловасці. З'явіліся галіны, якія ўвасаблялі значны крок наперад у тэхнічным прагрэсе, напрыклад, станкабудаванне.


<== previous lecture | next lecture ==>
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 14 page | Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 16 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.246 s.