Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 16 page


Date: 2015-10-07; view: 456.


 

Індустрыялізацыя прынесла значныя змены ў сацыяльную структуру насельніцтва, садзейнічала росту рабочага класа і тэхнічнай інтэлігенцыі, рэзка скарацілася колькасць сялянства.

 

Галоўным жа вынікам індустрыялізацыі для СССР было стварэнне ваенна-прамысловага комплексу, больш-менш адэкватнага патрабаванням вялікай вайны ў Еўропе. Для Беларусі ў будучай вайне адводзілася роля прыфрантавой тэрыторыі, гэтым прадвызначаліся мясцовыя адметнасці індустрыялізацыі.

Пытанні для самакантролю

Якія галіны прамысловасці будаваліся перш за ўсё падчас індустрыялізацыі ў СССР?

Якія галіны прамысловасці развіваліся ў БССР у 20-30 гг.?

55. Дэфармацыі грамадска-палітычнага жыцця і ўсталяванне таталітарнага рэжыму

 

Сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё СССР прыняло пад канец 20-х гадоў і асабліва ў пачатку 30-х гадоў выразна акрэсленыя камандна-адміністрацыйныя рысы, якія ў рэшце рэшт прывялі да ўсталявання таталітарнага рэжыму. Гэта быў даволі супярэчны час, калі спалучаліся працоўны энтузіязм народа і яго страх перад уладай і беззаконнем, узмоцненым рэпрэсіямі.

 

Першая прычына, што прывяла да ўсталявання таталітарнай сістэмы, каранілася ў прынцыповых палажэннях марксізму: ідэі дыктатуры пралетарыяту, разуменні сацыялізму як абагульненне ўсіх сродкаў вытворчасці, стварэнні моцнай улады, пры якой усялякае разважанне наконт дэмакратыі разглядалася як хітрыкі буржуазіі.

 

Другая прычына звязана з трагізмам Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая ўскалыхнула значную масу маргінальных нізоў. Спроба пабудаваць новае грамадства на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці і калектывізму пераўтварылася ў фарміраванне дыктатуры партыйна-дзяржаўнай структуры, аснову якой складалі выхадцы з тых жа самых нізоў. Да таго ж узровень пісьменнасці, агульнай культуры ўвогуле членаў кіруючай партыі доўгі час заставаўся нізкім. Напрыклад, на 1 студзеня 1938 г. у СССР камуністаў з вышэйшай адукацыяй было толькі 4,5%, з сярэдняй - 8,6%, з пачатковай - 49,0%, без адукацыі - 22,9%.

 

Трэцяя прычына заключаецца ва ўнутрыпартыйнай барацьбе, што вялася ў 20-я гады паміж рознымі групоўкамі. У першую чаргу трэба адзначыць саперніцтва Сталіна і Троцкага. У адрозненне ад Сталіна Троцкі не хаваў свае аўтарытарныя падыходы да сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны, як і асабістыя дыктатарскія памкненні. Самым надзейным сродкам спыніць Троцкага ў той час з'яўлялася падтрымка Сталіна, што і было зроблена большасцю партыйных дзеячаў у 20-я гады. Але гэта ўзмацніла пазіцыі Сталіна, садзейнічала стварэнню глебы для ўзвышэння яго асобы.

 

Пераход да таталітарызму праяўляўся ў далейшым паніжэнні ролі і ўдзелу ў справах грамадства дэмакратычных, прадстаўнічых органаў, поўным іх падпарадкаванні партыйнаму апарату. Саветы ў 30-я гады ўжо толькі стваралі бачнасць улады працоўных. Іх фарміраванне і дзейнасць адбываліся на падставе дырэктыўных указанняў, якія выключалі крытыку партыйна-дзяржаўных органаў, спаборнасць кандыдатур, плюралізм думак. Гэта датычылася дзейнасці не толькі Саветаў, але і прафсаюзаў, камсамола, якія канчаткова страцілі нават мізэрныя рэшткі самастойнасці.

 

Канстытуцыя Беларускай ССР 1927 г. замацоўвала палажэнне аб тым, што БССР з'яўляецца "сацыялістычнай дзяржавай дыктатуры пралетарыяту", у якой ад імя пралетарыяту дыктатуру ажыццяўляе Камуністычная партыя. Таму ўсе дзяржаўныя органы былі падпарадкаваны партыйным установам і павінны былі выконваць дырэктывы і пастановы партыйных з'ездаў, канферэнцый і іх выканаўчых органаў.

 

З прыняццем Канстытуцыі СССР 1936 г. была праведзена больш жорсткая цэнтралізацыя дзяржаўнага апарату, абмяжоўваліся правы саюзных рэспублік. У лютым 1937 г. была прынята новая Канстытуцыя БССР. Яна была падрыхтавана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР і паўтарала ўсе асноўныя палажэнні саюзнай Канстытуцыі. У ёй пацвярджалася ўсеўладзе камуністычных партыйных кіруючых органаў.

 

На першы погляд, карэнныя змены былі ўнесены ў выбарчую сістэму. Абвяшчалася, што выбары дэпутатаў ва ўсе Саветы дэпутатаў працоўных - Вярхоўны Савет БССР, акруговыя, раённыя, гарадскія, местачковыя, сельскія і пасялковыя Саветы дэпутатаў працоўных праводзяцца выбаршчыкамі на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Але права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты фактычна замацоўвалася толькі за камуністычнымі партыйнымі арганізацыямі. Па кожнай выбарчай акрузе вылучаўся толькі адзін кандыдат. Таму гэтыя новаўвядзенні па сутнасці нічога не мянялі і праводзіліся з мэтаю прапаганды, што нібыта пашырыліся дэмакратычныя правы народа ў перыяд пабудовы асноў сацыялізму.

 

У Канстытуцыі абвяшчалася свабода слова, свабода друку, свабода сходаў і мітынгаў, свабода вулічных шэсцяў і дэманстрацый, але толькі на паперы, бо ў той жа час разгарнуліся масавыя рэпрэсіі, калі людзей знішчалі без усялякай віны з іх боку.

 

Яшчэ ў 1927 г., асобаму дзяржаўнаму палітычнаму ўпраўленню (пазне Наркамату ўнутраных спраў) давалася права разглядаць у пазасудовым парадку, аж да прымяненння вышэйшай меры пакарання, справы аб дыверсіях, падпалах, псаванні машынных установак як са злым намерам, так і без яго. Рэпрэсіі праводзілі падраздзяленні НКВД: Галоўнае ўпраўленне дзяржаўнай бяспекі, Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў і пасяленняў, а таксама Асобая нарада пры НКУС і падпарадкаваныя ёй "тройкі" на месцах.

 

У рэспубліках, краях, абласцях, гарадах стваралася разгалінаваная сістэма "троек", падначаленых Асобай нарадзе пры НКУС СССР. У іх склад уваходзілі начальнікі ўпраўленняў НКУС, сакратары партыйных камітэтаў і пракуроры. Састаў "троек", як правіла, зацвярджаўся на бюро партыйнага органа.

 

Шквал рэпрэсій у Беларусі прайшоў па віне Цэнтра і яго прадстаўнікоў, загадчыкаў аддзелаў ЦК УКП(б) Г. Малянкова і Я. Якаўлева, якія гаспадарылі тут летам 1937 г. Першы ў садружнасці з кіраўніком НКУС Яжовым вылучыў версію пра існаванне на Беларусі "разгалінаванай сеткі антысавецкага падполля, "другі выкрыў" перагібы ў ходзе калектывізацыі". Вымысел даходзіў да абсурду. Былому першаму сакратару ЦК КПБ(б) М. Гікалу прыпісвалі арганізацыю ў Мінску тэрарыстычных груп для замаху на жыццё Варашылава. Дайшла чарга і да "выкрыцця" старшыні ЦВК БССР А. Чарвякова, які, не вытрымаў хлусні, зняваг і абраз, скончыў жыццё самагубствам.

 

Усяго ў 20-50-х гг. у Беларусі было неабгрунтавана рэпрэсіравана ў адміністрацыйным парадку звыш 349 тыс. чалавек, а агульная колькасць ахвяр палітычных рэпрэсій склала каля 600 тыс. чалавек. За самавольства Сталіна і яго акружэння наш народ заплаціў вялікую цану.

Пытанні для самакантролю

Што азначаў таталітарны рэжым улады ў СССР?

Якія правы мелі органы НКУС і як іх выкарыстоўвалі?

56. Развіццё адукацыі, навукі і літаратуры ў БССР

 

З усталяваннем Савецкай улады на Беларусі распачаўся працэс фарміравання новай сістэмы адукацыі і навукі, т. зв. сацыялістычнай культуры, якая проціпастаўлялася дарэвалюцыйнай, "буржуазна-памешчыцкай".

 

Станоўчымі фактарамі, што садзейнічалі духоўнаму ўздыму, з'яўляліся ўтварэнне беларускай дзяржаўнасці і палітыка беларусізацыі. З другога боку, негатыўны адбітак на культурнае жыццё Беларусі аказаў таталітарны палітычны рэжым і распачатая ў 30-я гады барацьба з нацыянал-дэмакратызмам.

 

На занятках у школе ліквідацыі непісьменнасці калгаса імя Дзяржынскага Гомельскай акругі. 1929 г.

 

Галоўнай задачай развіцця нацыянальнай культуры ў 20-я гг. стала ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці сярод дарослага насельніцтва. У 1920 г., на момант заканчэння грамадзянскай вайны, у БССР на 1000 чалавек прыходзілася 673 непісьменных. У тым жа годзе пры Наркамаце асветы БССР была створана Рэспубліканская надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці, якая мела свае аддзяленні ў акругах і валасцях. Ужо ў 1921 г. у Беларусі працавала 1088 школ і лікпунктаў з агульным ахопам 39225 чалавек. Была прынята 10-гадовая праграма навучання непісьменных ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў.

 

 

Ліквідацыя непісьменнасці патрабавала арганізацыі новай сістэмы народнай адукацыі. Ужо ў лістападзе - пачатку снежня 1917 г. на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў ствараюцца аддзелы народнай адукацыі, а 27 снежня - Камісарыят асветы Заходняй вобласці і фронту. Новыя органы асветы павінны былі даць насельніцтву адукацыю на роднай мове, аддзяліць школу ад царквы, увесці бясплатную адукацыю для дзяцей да 17 гадоў.

 

Стваралася цэльная сістэма адукацыі. Пачатковай ступенню лічыўся дзіцячы сад (5-7 гадоў), затым ішла школа І-й ступені (8-12 гадоў), ІІ-й ступені (13-16 гадоў) і універсітэт. Навучанне ў школах з'яўлялася бясплатным, сумесным для хлопчыкаў і дзяўчынак. Настаўнікі штогод перавыбіраліся, а экзамены і хатнія заданні былі поўнасцю адменены.

 

Цікава, што ў школе І-й ступені адсутнічала прадметная сістэма навучання. У аснову выхавання і навучання была пакладзена распрацоўка комплексных тэм. Напрыклад, "Знаёмства са школай", "Кастрычніцкая рэвалюцыя", "Пачатак веснавых работ" і г. д. Кожную тэму неабходна было разглядаць у трох аспектах - прырода, праца, грамадства. Такая сістэма апраўдвала сябе толькі ў лепшых, паказальных, школах. А іх было няшмат.

 

Уніфікацыя сістэмы адукацыі на ўсёй тэрыторыі СССР адбылася ў 1934 г. Быў устаноўлены агульны тып школ: пачатковая (1-4 классы), няпоўная сярэдняя (1-7 классы), сярэдняя (1-10 классы). Групы сталі называцца класамі, з'явіліся інстытут класных кіраўнікоў, дырэктары, пяцібальная сістэма, школьная форма. Усяго ў БССР у 1937 г. працавала 7132 агульнаадукацыйныя школы, у якіх вучылася больш за 1 млн. чалавек.

 

Да сур'ёзных недахопаў школьнай адукацыі можна аднесці нізкую паспяховасць у асобных школах, перагружанасць класаў (у сярэднім на адзін прыходзілася 42,6 чалавек), недахоп падручнікаў, нізкі ўзровень настаўніцкіх кадраў. У прыватнасці, у 1939/40 навучальным годзе без уліку заходніх абласцей працавала 40 тыс. настаўнікаў. З іх 10% мелі вышэйшую адукацыю. Нават камісар асветы БССР Еўдакія Уралава скончыла толькі пачатковую школу.

 

У 1919 г. адбылося адкрыццё першай вышэйшай навучальнай установы (ВНУ) у БССР - Горацкага сельскагаспадарчага інстытута - з мэтай падрыхтоўкі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. ЦВК БССР прыняў рашэнне аб арганізацыі ў рэспубліцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які быў урачыста адкрыты 30 кастрычніка 1921 г. У першы год існавання універсітэта на яго факультэтах вучылася і працавала 1250 студэнтаў, 14 прафесараў, 59 выкладчыкаў і асістэнтаў. Рэктарам быў прызначаны вядомы вучоны, гісторык У. Пічэта.

 

У пачатку 20-х гг. былі арганізаваны політэхнічны інстытут, інстытут сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны інстытут і інш. Таксама дзейнічала шырокая сетка сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У 1927/28 навучальным годзе налічвалася 30 тэхнікумаў з 5,3 тыс. навучэнцаў.

 

У пачатку 20-х гадоў студэнтамі ў большай частцы былі мяшчанскія і купецкія дзеці. Але ўжо з 1929 па 1934 гг. праводзіліся спецнаборы з рабочага і сялянскага асяродка. Для іх падрыхтоўкі да навучання стваралі рабфакі (рабочыя факультэты).

 

Вострая патрэба ў спецыялістах выклікала брыгадна-лабараторны метад падрыхтоўкі кадраў, пры якім не ўлічвалася паспяховасць, адсутнічалі дыпломныя работы, а выкладчыку адводзілася роля кансультанта. Таксама была пашырана практыка датэрміновых выпускаў, што зніжала якасць ведаў.

 

У цэлым сістэма адукацыі зрабіла вялікі крок наперад, Усходняя Беларусь за даваеннае дваццацігоддзе дасягнула сярэднееўрапейскага ўзроўню.

 

Янка Купала (сапр. Луцэвіч Іван Дамінікавіч, 1882 – 1942). Карціна С. Андруховіча.

 

Беларуская савецкая навука пачала фарміравацца на аснове Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), які быў арганізаваны ў студзені 1922 г. Перад ім стаяла задача вывучэння мовы, літаратуры, этнаграфіі, гісторыі, прыроды, эканомікі Беларусі. У кастрычніку 1928 г. адбылася рэарганізацыя Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук (БАН).

 

 

Адкрыццё БАН было прымеркавана да дзесяцігоддзя ўтварэння рэспублікі - на 1 студзеня 1929 г. Першымі акадэмікамі сталі вядомыя беларускія вучоныя: глебазнавец Я. Афанасьеў, філосаф С. Вальфсон, гісторык В. Ластоўскі, народныя паэты І. Луцэвіч (Я. Купала) і К. Міцкевіч (Я. Колас), мовавед С. Некрашэвіч, гісторык У. Пічэта і інш. Таксама былі запрошаны расійскія і ўкраінскія навукоўцы. Першым прэзідэнтам БАН быў выбраны акадэмік У. Ігнатоўскі.

 

У 1931 г. БАН перайшла да сістэмы інстытутаў, колькасць якіх складала 14. Супрацоўнікі акадэміі праводзілі геамарфалагічнае апісанне тэрыторыі Беларусі, даследаванні ў галіне фізікі металаў, вывучалі асноўныя праблемы матэматыкі, распрацоўвалі тэхналогію прамысловай вытворчасці каніфолі і шкіпідару і інш. Развівалася беларуская археалогія, этнаграфія, айчынная гісторыя.

 

Поўнасцю рэалізаваць уласны патэнцыял вучоныя Акадэміі навук не маглі па прычыне масавых рэпрэсій. У 1930 г. былі арыштаваны 33 чалавекі, у 1937 г. - 45. Адсутнасць работнікаў прывяла да закрыцця ў 1938 г. Інстытута філасофіі і савецкага будаўніцтва, фізіка-тэхнічнага інстытута.

 

 

Якуб Колас (сапр. Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч, 1882 – 1956) – класік беларускай літаратуры. Карціна У. Стэльмашонка

 

Аналіз мастацкай літаратуры 20-х гг. сведчыць аб яе цеснай сувязі з жыццём народа, з грамадскімі пераменамі. Якуб Колас у паэме "Новая зямля" прадставіў цэласнае ўяўленне аб спадзяваннях беларускага сялянства, яго духоўных памкненнях. У рамане К. Крапівы "Мядзведзічы", аповесці С. Баранавых "Межы", нарысе М. Зарэцкага "Падарожжа на новую зямлю" і іншых творах адлюстравана жыццё, праца і мары простага чалавека-працаўніка. На ніве беларусізацыі плённа працавалі З. Жылуновіч (Цішка Гартны), які пакінуў нам першы беларускі раман "Сокі цаліны" з каларытнымі вобразамі сялян-местачкоўцаў; М. Гарэцкі - аўтар "Гісторыі беларускай літаратуры. ІХ ст. - 1905 г."; Е. Міровіч (Дунаеў) - аўтар першай п'есы на беларускай мове "Машэка" і інш.

 

У 20-я гады ў беларускую літаратуру ўвайшла плеяда маладых таленавітых пісьменнікаў і паэтаў - У. Дубоўка, М. Чарот, П. Галавач, К. Чорны, М. Лынькоў. Яны прынеслі з сабой энтузіязм, аптымізм, рэвалюцыйную рамантыку.

 

Падзеі 30-х гг. негатыўна адбіліся на развіцці беларускай літаратуры. У 1932 г. выйшла пастанова ЦК ВКП(б) "Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый". Перад пісьменнікамі і паэтамі краіны была пастаўлена задача паслядоўнага правядзення ў творчай дзейнасці прынцыпу сацыялістычнага рэалізму. Лагічным вынікам з'явілася ідэалагізацыя рэвалюцыйных падзей і грамадскіх адносін, а савецкі чалавек стаў уяўляцца творцам новага жыцця.

 

Барацьба з "нацдэмаўшчынай" закранула і літаратараў Беларусі. У лагерах і турмах загінула больш за 50 пісьменнікаў і паэтаў, у прыватнасці, М. Гарэцкі, У. Галубок, А. Дудар, М. Чарот і інш. Прыгожае пісьменства ставілася на службу таталітарнай сістэме.

Пытанні для самакантролю

Што такое “брыгадны метад навучэння”?

Што такое “Інбелкульт”?

57. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы.

Эканамічнае становішча

 

У адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам паміж савецкай Расіяй і Польшчай, да тэрыторыі апошняй былі далучаны Гродзенская і значная частка Мінскай губерняў. У кастрычніку 1920 г. польскі генерал Л. Жалігоўскі нібы па сваё ініцыятыве захапіў Вільню і Віленскі край, якія згодна дамове паміж РСФСР і Літвой знаходзіліся пад уладай Літвы. Літоўскі ўрад не меў сілы, каб ваяваць з агрэсарам і Віленскі край быў далучаны да Польшчы, стаў часткай Усходніх крэсаў ці Заходняй Беларусі. Вільня амаль на два дзесяцігодзі стала палітычным і культурным цэнтрам Заходняй Беларусі.

 

У складзе Польшчы Усходнія крэсы былі падзелены на 4 ваяводствы: Палескае, Навагрудскае, Беластоцкае і Віленскае. На тэрыторыі агульнай плошчай каля 110 тыс. км2 пражывала больш за 3,2 млн чалавек, з іх 10% складалі палякі, 12% - яўрэі, 74% - беларусы. Да верасня 1939 г. колькасць насельніцтва дасягала 5 млн. чалавек.

 

Пасля далучэння да Польшчы становішча эканомікі беларускіх губерняў не палепшылася. Прамысловасць Заходняй Беларусі аднаўлялася марудна і нават у 1939 г. не дасягала ўзроўню 1913 г. У 1928 г. перад так званай "вялікай дэпрэсіяй" працавала каля 2 тысяч прадпрыемстваў. 80% прадпрыемстваў былі дробнымі, на іх працавала ад 5 да 20 чалавек. Машыны і механізмы прымяняліся слаба, што прыводзіла да высокага сабекошту і адпаведнай цаны вырабаў. Каб купіць веласіпед ("ровар"), селяніну трэба было прадаць дзве каровы.

 

Адзінай галіной прамысловасці краю, якая набыла значнае развіццё, была дрэваапрацоўчая, за мяжу вывозілася звыш 70% драўніны і фанеры. У Баранавічах, Беластоку і Ваўкавыску працавалі мясакансервавыя заводы англійскай фірмы.

 

Цэнтрам тэкстыльнай прамысловасці быў Беласток і яго прыгарады. На адпаведных прадпрыемствах працавалі штогод у сярэднім да 5 тысяч чалавек. Буйнымі прадпрыемствамі краю былі запалкавая фабрыка "Прагрэс-Вулкан" у Пінску, тытунёвая і фанерная ў Гродне, фанерная фабрыка ў Мастах, шклозавод "Нёман" у Лідскім павеце і фабрыка гумавых вырабаў "Ардаль" у Лідзе.

 

Згодна перапісу насельніцтва ў 1931 г. у прамысловасці і на транспарце колькасць рабочых складала 128 тысяч чалавек. За гады крызісу 1929-1933 гг. яна скарацілася амаль у два разы. Ажыўленне прамысловасці ў наступныя гады адбывалася марудна. З мэтай яго паскарэння польскі ўрад у лістападзе 1936 г. прыняў пастанову аб узмацненні інвестыцыйнага руху на ўсход. Аднак нават у 1939 г. колькасць прамысловых рабочых не пераўзышла ўзровень 1913 г.

 

У галіне сельскай гаспадаркі Заходняя Беларусь з'яўлялася зонай буйнейшага ў Еўропе памешчыцкага землеўладання. Каля 4 тыс. прыватных уласнікаў тут валодалі больш чым паловай усіх зямель, у той час калі на 450 тыс. сялянскіх гаспадарак іх прыпадала каля 41%. Польскі сейм у снежні 1920 г. прыняў закон "Аб надзяленні зямлёй салдат польскай арміі". Згодна з гэтым законам каля 10 тыс. былых афіцэраў і унтэр-афіцэраў польскай арміі, т. зв. асаднікі, на льготных умовах атрымалі ў Заходняй Беларусі зямельныя ўчасткі ад 15 да 45 га.

 

Да большай колькасці сялян меў дачыненне закон аб ліквідацыі цераспалосіцы, ці аб камасацыі, што азначала звядзенне ў адзін кавалак сялянскіх палосак з адначасовым высяленнем на хутар, а таксама ліквідацыю сервітутаў, (карыстанне сялянамі памешчыцкімі сенажацямі, лесам і інш. за адпрацоўку). Да 1939 г. на хутары было пераселена 43% сялянскіх гаспадарак. Найбольш ахвотна ішлі на хутары заможныя гаспадары.

 

З кожным годам расла аграрная перанаселенасць заходнебеларускай вёскі. У пачатку 30-х гадоў яна складала 700 тыс. чалавек, або 50% усіх працаздольных. Неўраджайным быў амаль кожны другі год. Урад дапамогі не аказваў, і многія сяляне галадалі. Узровень 1913 г. у сельскай гаспадарцы Заходняй Беларусі быў дасягнуты толькі ў 1929 г. перад сусветным крызісам, які зноў моцна ўдарыў па ёй. Тым не менш урон быў не такі значны, як пад час калектывізацыі ва Усходняй Беларусі.

 

Заработная плата ў Заходняй Беларусі была прыкладна ў два разы ніжэйшай, чым у Польшчы. Высокія і шматлікія падаткі і зборы, у т. л. пазямельны, царкоўны, дарожны, маставы, капытковы, меліярацыйны, канцылярскі, ураўняльны і іншыя, а таксама штрафы, адымалі значную частку заробку. У адносінах да неплацельшчыкаў падаткаў прымянялася канфіскацыя маёмасці. Толькі за 1929 г. у Навагрудскім і Палескім ваяводствах адзначана 12 тыс. такіх выпадкаў.

 

Асабліва цяжкім было становішча беспрацоўных, большасць з якіх дапамогі не атрымлівалі, або дапамога была вельмі малой. Дрэннае медыцынскае абслугованне, у т. л. недахоп медыцынскіх устаноў і ўрачоў, высокі кошт іх паслуг і лякарстваў, цяжкія ўмовы жыцця з'яўляліся прычынамі хвароб і нават эпідэмій сярод насельніцтва.

 

У пошуках лепшай долі дзесяткі тысяч жыхароў Заходняй Беларусі выязджалі ў іншыя краіны на сезонныя работы ці эмігравалі. З 1921 па 1939 г. колькасць эмігрантаў склала каля 130 тыс. чалавек.

Пытанні для самакантролю

На якія ваяводствы была падзелена тэрыторыя Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы?

Хто такія асаднікі?

58. Грамадска-палітычнае жыццё ў Заходняй Беларусі

 

Рыжскі дагавор 1921 г. і канстытуцыя Польшчы 1921 г. гарантавалі нацыянальным меншасцям права на маёмасць і ахову яе з боку дзяржавы, свабоду веравызнання, права навучання на роднай мове, ужыванне яе ў грамадскіх і дзяржаўных установах, права сходаў, стварэнне таварыстваў і арганізацый і г. д. На практыцы гэтыя правы пастаянна парушаліся, праводзіўся мэтанакіраваны курс на паланізацыю беларускага насельніцтва.

 

Да польскай акупацыі ў 1919 г. у Западнай Беларусі функцыянавалі 359 беларускіх школ, 2 настаўніцкія семінарыі ў Барунах і Свіслачы, 5 агульнаадукацыйных гімназій: у Вільні, Радашковічах, Навагрудку, Клецку і Нясвіжы. Да 1924 г. засталося ўжо толькі 37 беларускіх школ і 4 гімназіі з абмежаванымі правамі. Школьная рэформа ў Польшчы пачатку 1930-х гадоў паспрыяла поўнаму заняпаду беларускіх школ. Шматступеньчатасць, высокая плата за навучанне і іншыя новаўвядзенні абмяжоўвалі доступ дзяцей большасці беларускага насельніцтва ў сярэднія школы і ВНУ. У 1938/39 навучальным годзе не засталося ніводнай беларускай школы. Польскіх школ таксама было недастаткова. У выніку на верасень 1939 г. амаль 130 тыс. дзяцей школьнага ўзросту засталіся па-за межамі адукацыі.

 

Колькасць беларускіх газет і часопісаў скарачалася. Калі у 1927 г. легальна выдаваліся 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1939 г. - 8. Зачыняліся нешматлікія клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні, створаныя ў папярэднія гады беларускай грамадскасцю. Служачыя і рабочыя беларускай, украінскай, літоўскай і яўрэйскай нацыянальнасцей на чыгунцы, камунальных прадпрыемствах і ў дзяржаўных установах замяняліся палякамі, якія прысылаліся найчасцей з цэнтральных раёнаў Польшчы.

 

Адной з праяў нацыянальнага ўціску была рэлігійная нецярпімасць польскага ўрада да праваслаўнага насельніцтва Заходняй Беларусі. З пяцісот існаваўшых у краі праваслаўных цэркваў да 1924 г. больш за 300 былі пераўтвораны ў касцёлы. Каталіцкае польскае духавенства стала дзейсным сродкам паланізацыі насельніцтва.

 

Сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці вызначалі характар і мэты нацыянальна-вызваленчага руху. Актыўнымі сіламі яго былі дэмакратычная інтэлігенцыя, частка рабочага класа і сялянства. Сярод яго ўдзельнікаў было нямала тых, асабліва з бежанцаў, хто прымаў удзел у рэвалюцыях 1917 г., а потым у грамадзянскай вайне і вярнуўся ў Заходнюю Беларусь пасля падпісання Рыжскага дагавора.

 

Пры падтрымцы СССР і Літвы (Літва не магла дараваць Польшчы анексію Віленскага края) у першай палове 1920-х гадоў нацыянальна-вызваленчы рух набыў пераважна ўзброеную партызанскую форму барацьбы. Ужо з лета 1921 г. пачалі ўзнікаць падпольныя і партызанскія арганізацыі. На Беласточчыне і Гродзеншчыне партызанскі рух разгортваўся пад кіраўніцтвам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе лідэры заявілі аб непрызнанні Рыжскага дагавора. ЦК БПС-Р у красавіку 1921 г. прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўсенароднага ўзброенага паўстання на тэрыторыі Заходняй Беларусі і летам 1921 г. стварыў Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт. На Палессі, Навагрудчыне і Віленшчыне партызанскі рух разгортваўся пад кіраўніцтвам камуністаў. Грошы, зброю і літаратуру дастаўлялі нелегальна з Мінска, з фондаў КПБ(б). Найбольш вядомымі кіраўнікамі партызанскай барацьбы былі К. Арлоўскі. С. Ваўпшасаў, В. Корж, А. Рабцэвіч і інш. Асноўнымі аб'ектамі нападаў партызан былі памешчыцкія маёнткі, сядзібы асаднікаў і паліцэйскія ўчасткі, як узброеная апора польскіх уладаў на заходнебеларускіх землях. Паводле афіцыйных звестак урадавых колаў у 1922 г. зроблена 878, у 1923 г. - 503 партызанскія напады. Каб зламаць партызанскі рух, польскія ўлады ўзмацнілі паліцэйскі тэрор. З дапамогай засланых агентаў польская дэфензіва ў пачатку 1922 г. раскрыла эсэраўскія паўстанцкія структуры і правяла масавыя арышты ўдзельнікаў. Дзесяткі партызан былі расстраляны па прыгаворах ваенна-палявых судоў. Па загаду з Масквы восенню 1925 г. партызанскі рух быў спынены.

 

Якасна новы этап у развіцці нацыянальна-вызваленчага руху быў звязаны з выбарамі ў кастрычніку 1922 г. у польскі сейм. Блок нацыянальных меншасцей сабраў у Заходняй Беларусі 286 тыс. галасоў. 11 абраных дэпутатаў утварылі разам сеймавую фракцыю - Беларускі пасольскі клуб (БПК), дзейнасць якога была накіравана ў першую чаргу на адстойванне нацыянальных і сацыяльных правоў беларускага народа.

 

У кастрычніку 1923 г. на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акруговых камітэтаў Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КРПП) была ўтворана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Яна ўвайшла ў склад Кампартыі Польшчы на правах тэрытарыяльна-аўтаномнай арганізацыі, сваёй праграмы і статута не мела. КПЗБ атрымлівала фінансавую і арганізацыйную дапамогу Савецкай Беларусі, аб гэтым сведчыць дзейнасць Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, функцыянаванне падпольнай школы ў Мінску па падрыхтоўцы кадраў для нелегальнай работы ў Заходняй Беларусі.

 

Галоўным палітычным апанентам КПЗБ у асяродку нацыянальна-дэмакратычных сіл была Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), створаная ў маі 1917 г. З сярэдзіны 1920-х гг. яна стала найбольш уплывовай сярод беларускіх дэмакратычных партый. Яе ідэолагі і арганізатары Ф. Абрантовіч, Ад. Станкевіч, В. Гадлеўскі і іншыя адмаўлялі і капіталізм, і сацыялізм, прапагандавалі тэорыю самабытнасці развіцця беларускай нацыі, прынцып самавызначэння народаў, патрабавалі дэмакратычных свабод, права беларускага народа на самастойнасць, а таксама выступалі супраць аддзялення касцёла, як і царквы, ад дзяржавы.

 

Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч (1892 – 1938)

 

Значным поспехам у згуртаванні левых сіл нацыянальна-вызваленчага руху ў краі з'явілася стварэнне летам 1925 г. Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), арганізацыі рэвалюцыйна-дэмакратычнага характару. Праграма БСРГ уключала патрабаванні поўнай свабоды сходаў і дзейнасці палітычных арганізацый, права свабоднага выбрання органаў самакіравання, перадачы памешчыцкіх і царкоўных зямель сялянам без выкупу, скасаванне асадніцтва, 8-гадзіннага рабочага дня, аплатнага водпуску і інш.

 

 

Занепакоеныя ростам папулярнасці БСРГ сярод насельніцтва, польскія ўлады ў студзені 1927 г. арыштавалі кіраўнікоў Грамады Б. Тарашкевіча, С. Рак-Міхайлоўскага, а таксама больш як 400 яе актывістаў. БСРГ была забаронена, сялян гвалтам прымушалі здаваць членскія білеты. Узмацніліся рэпрэсіі супраць іншых беларускіх кааператыўных і культурна-асветных арганізацый.

 

У той жа час на развіццё нацыянальна-вызваленчага руху адмоўна паўплывала імкненне камуністаў фарсіраваць рэвалюцыйны працэс. ЦК КПЗБ у кастрычніку 1932 г. вызначыў у якасці асноўнай тактычнай лініі "папулярызацыю лозунга пра ўсеагульную забастоўку, прапаганду ўзброенага паўстання". Такая тактычная лінія выцякала з курса Камінтэрна на сусветную пралетарскую рэвалюцыю.

 

У адпаведнасці з пагадненнем, заключаным паміж Польшчай і СССР па абмене палітзняволенымі, С. Рак-Міхайлоўскі, Б. Тарашкевіч і іншыя кіраўнікі БСРГ у 1932 г. прыехалі ў БССР, дзе ў хуткім часе былі абвінавачаны ў "контррэвалюцыйнай змове і антысавецкай дзейнасці" і рэпрэсіраваны. Аднекуль з'явілася версія аб "засмечанасці" КПЗБ і КРПП, "агентамі польскай дэфензівы", у 1939 г. рашэннем Камінтэрна гэтыя партыі былі распушчаны.

 

Пытанні для самакантролю

Хто арганізаваў партызанскі рух у Заходняй Беларусі?

Колькі часу існавала Беларуская сялянска-рабочая грамада?

 

 

VII. БЕЛАРУСЬ У ГАДЫ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

Пачатак Другой сусветнай вайны. Аб'яднанне Заходняй Беларусі з БССР

Нападзенне Германіі на СССР. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі

Акупацыйны рэжым. Беларускі калабарацыянізм

Партызанскі рух і падполле

Вызваленне Беларусі. Завяршальны этап вайны

59. Пачатак Другой сусветнай вайны. Аб'яднанне Заходняй Беларусі з БССР

 

Другая сусветная вайна змяніла ход гістарычных падзей. Яна адбывалася ва ўмовах новай расстаноўкi сiл у Еўропе. Дагавор аб узаемным ненападзе памiж СССР i Германiяй 23 жнiўня 1939 г. сведчыў, што вялiкiя краiны абышлiся з Польшчай прыкладна так, як калісьці тры манархіі з Рэччу Паспалітай. Вайна распачалася 1 верасня 1939 г. несправакаваным нападам Германіі на Польшчу. У абарону Польшчы выступілі Англія і Францыя, яны аб'явілі вайну Германіі. Аднак галоўныя ваенныя дзеянні ў верасні разгарнуліся на польскім тэатры вайны. Нямецкія генералы мелі шматразовую перавагу над палякамі ў танках, самалётах, артылерыі, жывой сіле. Дывізіі рэйха ўварваліся ў Польшчу з захаду і поўначы (з Усходняй Прусіі). Польскія войскі мужна абаранялі сваю краіну. Першымі героямі Другой сусветнай вайны сталі абаронцы Вестэрплятэ (пад Гдыняй), Млавы, Модліна, Варшавы.


<== previous lecture | next lecture ==>
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 15 page | Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 17 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.23 s.