|
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 17 pageDate: 2015-10-07; view: 456.
Сярод ваеннаслужачых польскай арміі на "крэсах усходніх" знаходзілася шмат рэзервістаў з ліку беларусаў, мабілізаваных яшчэ ў красавіку-чэрвені 1939 г. Па сведчанні польскіх крыніц беларусы праявілі мужнасць і адвагу ў баях пад Млавай, на ўзбярэжжы Гдыні, пры абароне Модліна і Хеля. Гераічнай старонкай удзелу беларусаў у нямецка-польскай вайне 1939 г. стала абарона Брэсцкай крэпасці. Абаронцы на чале з брыгадным генералам К. Плісоўскім адбілі 7 варожых атак. Аднак, калі былі вычарпаны запасы зброі, гарнізон крэпасці быў вымушаны пакінуць пазіцыі і адысці ў паўднёва-заходнім накірунку.
Беларуская ССР у 1940 г. Палітыка-адміністрацыйная карта
Такім чынам, для беларусаў узброенае змаганне з нямецкімі войскамі пачалося амаль за два гады да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. З 300 тыс. польскіх вайскоўцаў, што трапілі ў нямецкі палон, 40 тысяч назваліся беларусамі. Некалькі тысяч беларусаў у складзе польскіх ваенных часцей перабраліся на Захад у Францыю, Англію. Немалая іх колькасць апынулася на Захадзе разам з арміяй Андэрса. Беларусы прынялі актыўны ўдзел на франтах Заходняй Еўропы. Яны штурмавалі Монтэ-Касіна ў Італіі, вызвалялі Нарвегію і Францыю. Пасля заканчэння вайны адны з іх засталіся на Захадзе, другія вярнуліся ў Беларусь. Многія з гэтых мужных вайскоўцаў толькі ў 90-х гадах атрымалі баявыя ўзнагароды прызначаныя ім урадамі Польшчы і іншых еўрапейскіх дзяржаў.
Згодна з дадатковым сакрэтным пратаколам, прыкладзеным да савецка-германскага пакта аб ненападзе, германскiя войскi не павiнны былi перасякаць устаноўленую мяжу па лiнii рэк Нарэў, Вiсла i Сан на выпадак ваеннага канфлiкту Германii з Польшчай. Гэта азначала, што Заходняя Беларусь, у т. л. Беластоцкае ваяводства, у выпадку акупацыi тэрыторыi Польшчы Германiяй павiнна была адысцi да БССР.
Ва ўмовах, калі ўжо амаль усе жыццёва важныя цэнтры Польшчы былі заняты нямецкімі войскамі. Кіраўніцтва СССР патавіла задачу "пакласці канец прыгнёту працоўных Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, прадаставіць поўную бяспеку працоўным гэтых абласцей". Раніцай 17 верасня войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу. Беларускі фронт налічваў больш за 200 тыс. салдат і афіцэраў. Войскам фронту супрацьстаяла 45 тысяч польскіх салдат і афіцэраў, з якіх прыкладна палова не была ўзброена і не зведзена ў канкрэтныя воінскія адзінкі. Урад Польшчы прызнаў, што стану вайны краіны з СССР няма. СССР таксама не аб'яўляў вайны Польшчы. Таму ў загадзе Вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброеных сіл Польшчы маршала Э. Рыдз-Сміглы 17 верасня 1939 г. польскім войскам прадпісвалася не ўступаць у баі з савецкімі воінскімі падраздзяленнямі, за выключэннем спроб раззбраення ці яўных баявых дзеянняў. Камандзіры польскіх часцей павінны весці перамовы "ў мэтах выхаду гарнізонаў у Румынію, ці Венгрыю".
Большасць сялян, рабочых, рамеснікаў, інтэлігенцыі Заходняй Беларусі сустракалі Чырвоную Армію як вызваліцельніцу. Яшчэ да прыходу савецкіх вайсковых часцей у некаторых месцах ствараліся партызанскія атрады, адбывалася раззбраенне паліцыі, асаднікаў. У сёлах і мястэчках фарміраваліся рэўкамы, якія бралі ўладныя функцыі.
Лёс краю вырашаўся ў Маскве. Аб гэтым сведчыць пастанова Палітбюро ЦК УКП(б) ад 1 кастрычніка 1939 г. "Пытанні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны", якая складалася з 33 пунктаў. Пастанова абавязвала склікаць Украінскі і Беларускі Народныя сходы з выбарных, вызначала змест рашэнняў, якія павінны былі прымацца на сходах.
Выбары ў Народны сход праводзіліся пры надзвычай высокай палітычнай актыўнасці насельніцтва краю. З юрыдычнага пункту гледжання гэта быў усенародны плебісцыт, пераважная большасць удзельнікаў якога выказалася ў падтрымку ўсталявання Савецкай улады, палітыкі правядзення радыкальных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, за ўз'яднанне беларускага народа ў адзінай нацыянальнай дзяржаве. У выбарах 22 кастрычніка было абрана 929 дэпутатаў, супраць галасавалі каля 10% выбаршчыкаў. Мелі месца выстаўленне кандыдатаў незалежна ад прапанаваных уладамі, спробы зрыву перадвыбарных сходаў.
Прытыцкі Сяргей Восіпавіч (1913 – 1971)
Сярод абраных дэпутатаў Народнага сходу пераважалі былыя актыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі: П. Пестрак, С. Прытыцкі, М. Серада, У. Царук і інш. Некаторыя з іх у якасці палітзняволеных правялі па 10 і больш гадоў у турмах Польшчы. Па сацыяльнаму складу сярод абраных дэпутатаў пераважалі прадстаўнікі сялянства - 563, рабочых - 197, інтэлігенцыі 112. Пасяджэнні Народнага сходу пачаліся 28 кастрычніка ў гарадскім тэатры Беластока ў святочнай атмасферы. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі ўрада БССР, народныя паэты Беларусі Я. Купала, Я. Колас. Па дакладу дэпутата С. Прытыцкага, якога польскія ўлады ў 1936 г. прыгаварылі да смяротнага пакарання, сход 29 кастрычніка адзінагалосна прыняў дэкларацыю аб уладзе. У ёй абвяшчалася аб устанаўленні савецкай ўлады на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая будзе "належаць працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў працоўных". Таксама адзінагалосна была прынята дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. У ёй змяшчаўся зварот да Вярхоўных Саветаў СССР і БССР аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і Беларускай ССР у мэтах "пакласці канец раз'яднанню беларускага народа".
Нечарговая пятая сесія Вярхоўнага Савета СССР на апошнім пасяджэнні 2 лістапада прыняла Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і аб'яднанні з БССР. Працэс юрыдычна-прававога афармлення прыняцця Заходняй Беларусі ў склад БССР быў завершаны 12 лістапада 1939 г. на нечарговай трэцяй сесіі Вярхоўнага Савета БССР.
Тэрыторыя, якая ўвайшла ў склад Беларускай ССР, складала амаль 100 тыс. км2 з насельніцтвам 4,7 млн. чалавек. Вільня і віленскі край рашэннем маскоўскіх улад былі перададзены Літве у якасці платы за згоду на размяшчэнне на літоўскай тэрыторыі савецкіх войск.
Пытанні для самакантролю Ці ваявалі паміж сабой СССР і Польшча восенню 1939 г.? Хто прыняў рашэнне аб уваходзе Заходняй Беларусі ў склад БССР? 60. Нападзенне Германіі на СССР. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі
Вядома, што А. Гітлер прышоў да ўлады з праграмай рэваншу за паражэнне Германіі ў Першай сусветнай вайне, кампенсацыі панесеных краiнай страт.
Большасць немцаў падтрымала ідэю рэваншу. Адначасова Нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя Германіі абяцала ўсталяваць ва ўсім свеце новы, фашысцкі парадак, дзе немцы будуць элітай, гаспадарамі. Гітлер і яго паплечнікі збіраліся перамагчы ўсе дэмакратычныя краіны Еўропы, ЗША, забраць калоніі, падзяліць зямны шар са сваімі бліжэйшымі саюзнікамі - фашысцкай Італіяй і Японіяй.
Савецкі Саюз з яго камуністычным рэжымам быў для нацыстаў асабліва небяспечным, бо дэманстраваў канкурэнтную, таксама таталітарную ідэалогію. Менавіта пад сцягам антыкамунізму Гітлер збіраўся ўсталёўваць "новы парадак" у Еўропе.
На што разлічвала і спадзявалася фашысцкая Германія ў вайне супраць Савецкага Саюза: перш за ўсё - на нетрываласць ладу СССР, многанацыянальнай дзяржавы, асабліва з улікам масавых рэпрэсій сталінскага рэжыму, і немагчымасць правесці ўсеагульную мабілізацыю пасля першых ваенных няўдач і наладзіць масавы выпуск ваеннай прадукцыі. Нямецкія ваенныя добра ведалі слабыя месцы Чырвонай Арміі. Згодна плану "Барбароса" прадугледжваліся яе разгром ў самы кароткі тэрмін, да наступлення халадоў, і акупацыя еўрапейскай тэрыторыі СССР. Вялікі вопыт стасункаў Германіі і іншых краін з савецкай уладай (Брэсцкі мірны дагавор 1918 года, Рыжскі мірны дагавор 1921 года, пагадненні паміж Германіяй і СССР 1939 года) дазваляў спадзявацца на магчымасць кампрамісу з І. Сталіным, у тым ліку на значныя ўступкі з яго боку.
22 чэрвеня 1941 г. на свiтанку нямецка-фашысцкія ўзброеныя сiлы атакавалi дзяржаўную мяжу СССР ад Чорнага да Баранцава мораў. У складзе трох груп нямецка -фашысцкіх армій: "Поўнач", "Цэнтр" і "Поўдень" было 190 дывізій (у тым ліку 19 танкавых і 14 матарызаваных), 4 паветраныя флоты, якія налічвалі 5,5 млн. чалавек і мелі на ўзбраенні каля 4,3 тыс. танкаў, больш за 47 тыс. гармат і мінамётаў, каля 5,5 тыс. самалётаў.
Чырвоная Армія налічвала больш за 5 млн. чалавек, у пяці заходніх ваенных акругах знаходзілася ў той час каля паловы яе складу. Дырэктыва №1 Наркамата абароны і Генштаба аб прывядзенні войскаў у баявую гатоўнасць, накіраваная ў ваенныя акругі ў апошні момант, да часцей і падраздзяленняў не дайшла, што дало фашыстам вялікую перавагу. Распачатую вайну супраць СССР савецкае кіраўніцтва ахарэктарызавала як агрэсіўную і захопніцкую з боку Германіі і абарончую, справядліваю-Вялікую Айчынную - з боку Савецкага Саюза. Спробы кантратакаваць праціўніка значнага поспеху не мелі, наадварот, ускладнілі становішча.
Асаблiва трагiчная абстаноўка ў першыя дні і нават гадзiны Вялiкай Айчыннай вайны склалася для савецкiх войскаў на Беларусi. Тут, на 450 кiламетравым участку дзяржаўнай гранiцы германскае ваеннае камандаванне выкарыстала супраць савецкiх войскаў сваю самую магутнаю групоўку войскаў - групу армiй "Цэнтр". Групоўка "Цэнтр" налiчвала 50 дывiзiй (з iх 15 танкавых) і дзве матарызаваныя брыгады, або 820 тыс. салдат i афiцэраў, 1 800 танкаў, 14 300 гармат i мiнамётаў, 1 680 баявых самалётаў.
Германскiм войскам з савецкага боку супрацьстаялi войскi Заходняй Асобай ваеннай акругi, якая 22 чэрвеня 1941 г. стала называцца Заходнiм фронтам. Заходнi фронт меў 44 дывiзii (24 стралковых, 12 танкавых, 6 матарызаваных i 2 кавалерыйскiя). Агульная колькасць войскаў і тэхнікі Заходняга фронту складала 630 тыс. салдат i афiцэраў, 2,2 тыс.танкаў, 10 тыс. гармат i мiнамётаў, каля 2 тыс. самалётаў.
Галоўны ўдар па савецкiх войсках у Беларусi германская армiя нанесла ў раёнах Брэста i Гродна. Тут колькасць нямецкiх войскаў у жывой сiле i тэхнiцы пераўзыходзiла савецкiя войскi ў 5 разоў. Гэтыя два ўдарныя кулакi павiнны былi зламаць супрацiўленне Чырвонай Армii з наступным выхадам на аператыўную прастору i авалоданнем гарадамi Мiнск i Смаленск. Нечаканасць удару прынесла цяжкія страты ваенна-паветраным сілам. Толькі ў час першай бамбардыроўкі было знішчана больш за 500 самалетаў. Немцы сталі ўладарамі ў паветры.
Ужо ў першыя гадзiны iнтэрвенцыi на гродзенскiм напрамку германскiя войскi адчулi моцнае супрацiўленне. Мужнасць і стойкасць праявілі пагранічнікі. А калі часці Чырвонай Армii 23 чэрвеня 1941 г. пакiнулі Гродна i адышлі за раку Нёман, танкавая дывiзiя контратакавала працiўнiка і адкінула яго, затрымаўшы нямецкае наступленне. Асаблiва жорсткiя баi вялiся ў раёне Брэсцкай крэпасцi. Колькасць абаронцаў крэпасцi складала ўсяго каля 4 тыс. байцоў, працiўнiк меў амаль 10-разовую перавагу. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасцi працягвалася да канца лiпеня 1941 г.
I ўсё ж войскi вермахта за два днi прасунулiся ў глыб тэрыторыi Беларусi больш чым на 100 км. 26 чэрвеня 1941 г. нямецкiя механiзаваныя часцi ўжо падступалі да сталiцы Беларусi. Войскi 13-й армii ўтрымлiвалi рубяжы да 28 чэрвеня. Гераiчна змагалiся з танкамi працiўнiка воiны 100-й стралковай дывiзii пад камандаваннем генерал-маёра I. Русiянава, якiя ў баях за Мiнск знiшчылi больш як 100 танкаў i бронемашын працiўнiка. Аднак становiшча абаронцаў Мiнска пагаршалася. Трагiчнай была абстаноўка i ў самiм Мiнску ў час яго абароны. На горад часта налятала нямецкая авiяцыя, усё навокал гарэла. 24 чэрвеня штаб Заходняга фронту, кiраўнiкi кампартыi i ўрада рэспублiкi спешна, без аб'явы аб эвакуацыi накiравалiся ў г. Магiлёў.
Са стратай Мiнска ў акружэнне трапiлi войскi чатырох савецкiх армiй. Па звестках нямецкага камандавання ў аперацыях пад Беластокам, Брэстам i Мiнскам часцi вермахта захапiлi ў палон 330 тыс. савецкіх ваеннаслужачых. Адной з галоўных прычын гэтаго было імкненне савецкага камандавання атакаваць праціўніка чаго б гэта ні каштавала. 22 червеня вечарам камандуючы Заходнім фронтам Д.Р. Паўлаў атрымаў загад перайсці ў наступленне і за два дні знішчыць праціўніка, а ў першай палове ліпеня праведзены буйныя наступальныя аперацыі: Сянно-Лепельская і Рагачоўска-Жлобінская. У першым выпадку задача была наогул, як аказалася, нерэальнай, у двух другіх - дасягнуты мясцовы поспех, праціўнік адкінуты на 30-40 км. Але без падтрымкі з флангаў войскі пападалі ў акружэнне. Гінулі, пападалі ў палон десяткі тысяч лепшых, спрактыкаваных воінаў, тысячы адзінак баявой тэхнікі.
З 3 па 26 лiпеня савецкiя войскi гераiчна абаранялi Магiлёў. Працiўнiк сканцэнтраваў тут 4 пяхотныя, 1 танкавую дывiзii i iншыя вайсковыя фармiраваннi. Iм супрацьстаялi байцы стралковага корпуса i народнага апалчэння.
Разам з воiнамi Чырвонай Армii на беларускай зямлi супраць захопнiкаў змагалiся i дзесяткi тысяч мясцовых жыхароў. На тэрыторыi Вiцебскай, Гомельскай, Магiлёўскай i Палескай абласцей было створана больш як 200 фармiраванняў народнага апалчэння, якое налiчвала 33 тыс. чалавек i 78 знiшчальных батальёнаў колькасцю 13 тыс. чалавек. Потым частка з iх адышла з часцямi Чырвонай Армii, на базе некаторых былi створаны партызанскiя атрады.
Нямецкiя войскi спынiлi наступленне ў канцы лiпеня 1941 г. на смаленскiм напрамку i перайшлi да ўмацавання флангаў групы армiй "Цэнтр". У гэтых умовах гомельскi напрамак набыў выключнае значэнне. Баi за Гомель працягвалiся амаль 20 дзён. Пад сценамi горада вермахт страцiў звыш 80 тыс. сваiх салдат i афiцэраў. I толькi ў ноч на 20 жнiўня 1941 г. Гомель быў пакiнуты савецкiмi войскамi i апалчэнцамi. Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусi была акупiравана нямецкiмi войскамi.
У ходзе абарончых баёў войскi Чырвонай Армii страцiлi 1,5 млн. чалавек забiтых, параненых i тых, што трапiлі ў палон, а таксама 10 тыс. гармат i мiнамётаў, 5 тыс. танкаў i 2 тыс. баявых самалётаў. Вермахт страцiў у 1941 г. на Беларусi каля 1000 танкаў i 150 тыс. ваеннаслужачых забiтымi i параненымi.
Абарончыя баі ў Беларусі далі магчымасць савецкаму камандаванню разгарнуць войскi другога стратэгiчнага эшалона на рубяжы рэк Заходняя Дзвiна-Днепр, мабiлiзаваць стратэгічныя рэзервы краiны, каб даць адпор ворагу. Намечаныя камандаваннем вермахта тэрміны захопу Смаленска i Масквы былі сарваны.
Галоўнымі прычынамі паражэнняў Чырвонай арміі на пачатковым этапе вайны зяўляюцца: цвёрдая ўпэўненасць І.В. Сталіна і савецкага кіраўніцтва ў немагчымасці нападу з боку Германіі летам 1941 г.: з-за яе негатоўнасці (непадрыхтаванасці) да вайны ў зімовых умовах (адсутнасць цёплага адзення для арміі, зімніх гатункаў паліва для тэхнікі і - змазкі для зброі); асэнсаванне таго факту, што нямецкая ваенная дактрына не дапушчае магчымасці вайны на два і болей фронты (Германия вяла вайну з Англіяй, разгортваўся рух Супраціўлення ў Польшчы, Францыі, Югаславіі, Грэцыі); ваенна-тэхнічнай і мабілізацыйнай перавагі Чырвонай Арміі над нямецкай (асабліва ў танках, а таксама ў гарматах і самалётах, сыравіне);
непадрыхтаванасць Чырвонай Арміі да баявых дзеянняў у абароне: абарона дрэнна вывучалася як від ваенных дзеянняў; не быў дэталева распрацаваны і даведзены да войскаў план абароны краіны, панаваў шапказакідацельскі настрой "вайна малой крывёй, на чужой тэрыторыі", абарона не была забяспечана інжынерна-тэхнічнымі сродкамі, не хапала супрацьтанкавых сродкаў, нават тапаграфічных карт; ва ўмовах хуткага пераўзбраення армія не паспявала асвойваць новую техніку; армія была няўдала размешчана ў прыгранічных раёнах, самая моцная групоўка - на Украіне, а напрамак галоўнага ўдару прышоўся на Беларусь; стыкі паміж ваеннымі групоўкамі не былі прыкрыты;
адсталыя сродкі сувязі (у асноўным па правадах і кур'ерская);
маральна-псіхалагічная разгубленасць (па прычынах ідэалагічна-прапагандысцкіх пралікаў, нечаканасці няўдач);
велізарныя людскія і матэрыяльна-тэхнічныя страты Чырвонай Арміі за першыя месяцы вайны абумовілі і новыя цяжкасці, і новыя няўдачы.
Брэсцкая крэпасць-герой. Холмскія вароты
Адначасова з ваеннымі дзеяннямі ішла інтэнсіўная работа па мабілізацыі людскіх і тэхнічных рэсурсаў рэспублікі, неабходных для барацьбы з германскімі захопнікамі. Мабілізацыя прайшла толькі на тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай і Палескай абласцей. У ліпені-жніўні часці Чырвонай Арміі папоўніліся амаль на 500 тыс. чалавек з ліку прызваных у армію жыхароў Беларусі.
У ліпені-жніўні 1941 г. было эвакуіравана ў тыл 1,5 млн. спецыялістаў народнай гаспадаркі і членаў іх сямей, 124 буйныя прамысловыя прадпрыемствы. Сярод іх былі "Гомсельмаш", Магілёўскі завод авіяцыйнага маторабудавання і іншыя. Эвакуіраваныя з Беларусі прадпрыемствы размя-шчаліся пераважна ў Паволжы, на Урале, у Сібіры. Рабочыя, інжынерна-тэхнічныя работнікі на новых месцах паказвалі прыклад сапраўднага працоўнага гераізму. Хутка правялі мантаж абсталявання, перабудавалі тэхналогію вытворчасці і наладзілі выпуск зброі.
У цэлым ваенныя дзеянні летам 1941 г. для СССР азначалі ваенную катастрофу. Немцы акупіравалі Прыбалтыку, Беларусь, Украіну, акружылі Ленінград, наступалі на Маскву. У палон здалося каля 3-х млн. салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Каб выправіць становішча, патрабаваліся новыя вялікія ахвяры і велізарнае напружанне ўсіх сіл савецкай дзяржавы.
Вялікая Айчынная вайна дзеліцца на чатыры этапы: чэрвень 1941 - май 1942 (пачатак вайны - перамога пад Масквой), май 1942 - март 1943 (другое наступленне фашыстаў - перамога пад Сталінградам), красавік 1943 - лістапад 1944 (перамога пад Курскам - выгнанне акупантаў), лістапад 1944 - верасень 1945 (вызваленне народаў Еўропы і Азіі). У дачыненні да Беларусі Вялікая Айчынная вайна мае адметнасці. Выдзяляюцца тры асноўныя этапы: чэрвень 1941 - жнівень 1941 (пачатак вайны - акупацыя ўсей тэрыторыі), жнівень 1941 - жнівень 1944 (жыццё ў рэжыме акупацыі - вызваленне), жнівень 1944 - верасень 1945 (удзел беларускіх воінаў у вызваленчым загранічным паходзе).
Вялікая трагедыя гэтай вайны паўстала з неразумення абодвумі бакамі стратэгічных мэтаў праціўніка. Усяму свету, і І. Сталіну ў першую чаргу, было зразумела, што шанцаў на поўную перамогу над СССР, яго знішчэнне, у Германіі няма. Але ён не ўцяміў, што Германія можа мець і абмежаваныя, кароткатэрміновыя планы, напрыклад, нанесці такі ўрон Чырвонай Арміі, каб яна не змагла паўстаць на працяглы тэрмін. Галоўная памылка А. Гітлера ў ацэнцы мэтаў І. Сталіна, які сам прэтэндаваў на ролю гегемона Еўропы. Пытанні для самакантролю Колькі дзён вайны спатрэбілася немцам, каб узяць Мінск? Які абласны горад Беларусі немцы ўзялі апошнім? 61. Акупацыйны рэжым. Беларускі калабарацыянізм
У пачатку верасня 1941 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі ўсталяваўся нямецкі акупацыйны рэжым, які ўяўляў сабой сістэму палітычных, адміністратыўных, ваенных, эканамічных і ідэалагічных мер, накіраваных на ліквідацыю савецкага дзяржаўнага ладу, рабаванне багаццяў і рэсурсаў, заняволенне і знішчэнне беларускага народа. Ваенная і акупацыйная палітыка нямецкіх уладаў была загадзя распрацавана ў дырэктыўных дакументах. План "Барбароса" вызначаў стратэгію і тактыку нападзення на СССР. Генеральны план "Ост" вызначаў праграму каланізацыі захопленых тэрыторый, анямечвання, высялення і знішчэння народаў Усходняй Еўропы. Інструкцыя пра асобныя вобласці да дырэктывы № 21 плана "Барбароса" ад 13 сакавіка 1941 г. прадугледжвала дэцэнтралізацыю і расчляненне тэрыторыі СССР. Дырэктывы па кіраванню эканомікай у акупіраваных усходніх абластях устанаўлівалі метады эканамічнага рабавання. Дырэктывы вярхоўнага галоўнага камандавання германскай арміі ад 13 мая 1941 г. "Пра ваенную падсуднасць у раёне "Барбароса" і пра асобныя паўнамоцтвы войск" здымалі з ваеннаслужачых германскай арміі ўсякую адказнасць за любыя злачынствы на акупіраванай тэрыторыі.
Адміністрацыйны падзел тэрыторыі Беларусі падчас гітлераўскай акупацыі
Тэрытарыяльнае адзінства Беларусі перастала існаваць, яна была падзелена на пять частак. Буйнейшай часткай, больш за трэць БССР, стаў утвораны акупантамі на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, амаль усёй Гомельскай, ўсходніх раёнаў Мінскай і некалькіх раёнаў Палескай вобласці Тылавы раён групы армій "Цэнтр", які падпарадкоўваўся нямецкай ваеннай адміністрацыі. Ваенна-адміністрацыйныя функцыі тут выконвалі створаныя вермахтам палявыя і мясцовыя камендатуры.
Менш за трэць даваеннай тэрыторыі Беларусі складала так званая Генеральная акруга "Беларусь", у якую былі ўключаны былыя вобласці: Баранавіцкая, Вілейская (без паўночна-заходніх раёнаў), заходнія і паўночныя раёны Мінскай і паўночныя раёны Пінскай (усяго 68 раёнаў з 192, што былі ў складзе БССР перад пачаткам вайны). Плошча. Паводле звестак акупацыйных уладаў на снежань 1941 г. тут пражывала 3 млн. 138 тыс. чалавек. Генеральная акруга "Беларусь"разам з генеральнымі акругамі "Літва", "Латвія" і "Эстонія" ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята "Остланд". Яго адміністрацыйны цэнтр знаходзіўся ў г. Рызе.
Да рэйхскамісарыята "Украіна" адышла паўднёвая частка Беларусі з гарадамі Брэст, Пінск, Мазыр, чыгункай Брэст-Гомель і ўсімі раёнамі, што знаходзіліся на поўдзень ад яе. Усё справаводства на гэтых тэрыторыях вялося толькі на нямецкай і ўкраінскай мовах. Разліковым грашовым сродкам былі нямецкія акупацыйныя маркі і ўкраінскія карбованцы, якія ўвеў у абарачэнне Ровенскі эмісійны банк.
Беластоцкую вобласць акупацыйныя ўлады далучылі да Усходняй Прусіі. На гэтай тэрыторыі дзейнічалі нормы нямецкага права. Кіраўніцтва ўсімі структурамі ўлады ажыццяўлялі нямецкія чыноўнікі. Паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці ўключылі ў склад генеральнай акругі "Літва".
Толькі на тэрыторыі Генеральнай акругі "Беларусь" калабаранты атрымалі права на абмежаванае выкарыстанне беларускай мовы. Нямецкую акупацыйную адміністрацыю - генеральны камісарыят "Беларусь" - тут з 17 ліпеня 1941 г. да апошняга дня свайго жыцця (22 верасня 1943 г.) узначальваў генеральны камісар (гаўляйтэр) В. Кубэ. Пасля яго забойства падпольшчыкамі генеральны камісарыят узначаліў генерал паліцыі К. Готберг.
Уся тэрыторыя так званай Генеральнай акругі была падзелена на 10 акругоў (гебітскамісарыятаў). У якасці дапаможных мясцовых устаноў акупанты стварылі гарадскія і раённыя ўправы, у якіх працавалі прадстаўнікі мясцовай калабарацыі. Звычайна аддзелы ўправы дубліравалі назвы і функцыі нямецкіх аддзелаў акруговых камісарыятаў. Напрыклад, у складзе Мінскай гарадской управы былі створаны аддзелы прамысловасці, гаспадаркі, працы і аховы здароўя. Аднак без санкцыі нямецкіх акупацыйных уладаў адміністрацыя ўправы не магла вырашаць нават самыя звычайныя пытанні гаспадарчага і грамадскага жыцця ў гарадах і іншых населеных пунктах адміністрацыйных акругоў. На чале ўсёй гарадской і раённай адміністрацыі стаяў бургамістр. Звычайна бургамістры прызначаліся з ліку беларускіх эмігрантаў. На тэрыторыі былых сельскіх саветаў акупанты стварылі воласці, якія ўзначальвалі прызначаныя імі валасныя старшыні. У вёсках акупацыйную ўладу прадстаўлялі старасты. Уся вертыкаль створанай сістэмы ўлады кантралявалася нямецкімі чыноўнікамі.
Каб паставіць на службу рэйха эканоміку Беларусі, акупанты ўжо з ліпеня 1941 г. пачалі рэгістрацыю працаздольнага насельніцтва ў гарадах. Усе прадпрыемствы і ўстановы Беларусі былі ўзяты на ўлік, была праведзена іх дэталёвая інвентарызацыя. 1 снежня 1941 г. у Мінску працавалі 73 прадпрыемствы, а ў красавіку 1943 г. - 150. Рабочыя і служачыя падвяргаліся жорсткай эксплуатацыі. Усё насельніцтва ва ўзросце ад 14 да 65 гадоў у абавязковым парадку прыцягвалася да прымусовых работ, плаціла шматлікія падаткі. Акупанты выкарыстоўвалі і эканамічныя метады кіравання гаспадаркай. На тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь працавалі банкі, у 1943 г. іх было каля 100.
Вясной 1942 г. на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь акупацыйныя ўлады правялі зямельную рэформу. Усе калгасы, іх праўленні, рэвізійныя камісіі былі ліквідаваны, а іх зямля і інвентар перайшлі да ўжытку сялян у рамках так званых "абшчынных гаспадарак". З чэрвеня 1943 года абвяшчалася раздача зямлі сялянам, але яна так і засталася дэкларацыяй. На тэрыторыі Усходняй Беларусі калгасы па-ранейшаму існавалі дзеля забеспячэння харчовых патрэб фронту.
Кіраўніцтва рэйха выкарыстоўвала працоўныя рэсурсы акупіраваных тэрыторый, у тым ліку і Беларусі, у якасці рабочай сілы для прамысловасці і сельскай гаспадаркі Германіі. Працэс гэты пачаўся з канца 1941 г., але буйныя памеры набыў на пачатку 1943 г. Усяго за гады вайны нямецкія акупацыйныя ўлады накіравалі на работы ў Германію звыш 400 тыс. жыхароў Беларусі.
У адносінах да мясцовага насельніцтва нямецкія ўлады з першых дзён свайго гаспадарання распачалі палітыку генацыду. Праграма каланізацыі акупіраваных усходне-славянскіх тэрыторый прадугледжвала прымусовае высяленне і знішчэнне 75% насельніцтва Беларусі і засяленне "вызваленых" зямель нямецкімі каланістамі.
Дзеці вайны
У 1942 г. у сувязі з разгортваннем партызанскага руху забойствы і катаванні мірнага насельніцтва Беларусі набылі сістэмны характар, акупанты спалілі 772 вёскі, разам з 46 992 жыхарамі. Беларуская зямля ў гэты час вайны была пакрыта густой сеткай лагераў смерці, дзе за гады варожага панавання было знішчана звыш мільёна савецкіх ваеннапалонных і жыхароў Беларусі. Для яўрэйскага насельніцтва былі створаны гета. Яны сталі месцам масавай бойні, дзе загінулі сотні тысяч яўрэяў.
З набліжэннем лініі фронту да Беларусі акупанты ўзмацнілі расправу з насельніцтвам, вывозілі ў рэйх тэхналагічнае абсталяванне і сыравіну. 7 верасня 1943 г. нямецкая армія атрымала загад ператварыць тэрыторыю, якую яна пакідае, у "зону пустыні". Нямецкія войскі з педантычнасцю выконвалі гэты загад. За перыяд нямецкага генацыду на Беларусі гарадское насельніцтва рэспублікі страціла звыш 1063 тыс. жыхароў, беларуская вёска - 445 594 мірных жыхароў. На беларускай зямлі нямецкія акупанты закатавалі 810 000 савецкіх ваеннапалонных.
Як і ў іншых краінах Еўропы ў Беларусі немцы спрабавалі выкарыстаць калабарацыянісцкі рух. Калабарацыяністы (ад франц. слова соllаbоrаtіоn-супрацоўніцтва) - асобы, якія супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі. Да калабарацыяністаў на Беларусі можна аднесці супрацоўнікаў інстытутаў мясцовага самакіравання і паліцыі, у іх ліку Беларускай народнай самадапамогі (БНС), Беларускага корпуса самааховы (БКС), Саюза беларускай моладзі (СБМ), Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) і Беларускай краёвай абароны (БКА). Па розных звестках, калабарацыянісцкі рух на Беларусі налічваў 80-100 тыс. чалавек, значная колькасць з якіх была далучана да яго акупантамі і іх памагатымі шляхам прымусу.
Беларуская народная самадапамога (БНС) была створана ў кастрычніку 1941 г. па загаду генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ. Кіруючым органам з'яўлялася Цэнтральная рада, якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Практычна БНС займалася вырашэннем толькі сацыяльных пытанняў: зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцей, прадуктаў харчавання і вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу лаяльным да акупантаў, вярбавала новых членаў. Напачатку такая дзейнасць БНС у пэўнай ступені адпавядала інтарэсам германскіх акупацыйных уладаў. Але паступова Беларуская народная самадапамога набывае рысы палітычныга руху. Дзеля дасягнення сваёй галоўнай мэты - самакіравання ў складзе германскага рэйха, кіраўніцтва БНС дамаглося ад немцаў дазволу на фарміраванне з лета 1942 г. ваенізіраваных фарміраванняў пад назвай Беларускі корпус самааховы (БКС). Было сфарміравана 20 батальёнаў, але ваеннага значэння яны не атрымалі, паколькі належнага ўзбраення немцы ім не далі, многія ў БКС былі мабілізаваны прымусова.
У сакавіку 1943 г. на з'ездзе Цэнтральнай рады і акруговых кіраўнікоў БНС быў выпрацаваны мемарандум, які патрабаваў ад нямецкіх уладаў поўнай аўтаноміі Беларусі і стварэння беларускага ўрада і беларускага войска. Падобныя дзеянні кіраўніцтва БНС не спадабаліся нямецкай адміністрацыі. У выніку кіраўнік БНС І. Ермачэнка быў зняты з пасады і высланы з Беларусі. Яго месца заняў В. Іваноўскі. Паводле распараджэння германскіх уладаў ад І8 сакавіка 1943 г., дзейнасць БНС у далейшым абмяжоўвалася толькі аховай здароўя і матэрыяльнай дапамогай насельніцтву.
Дзеля ажыццяўлення прагерманскай маладзёжнай палітыкі на Беларусі 22 чэрвеня 1943 г. быў створаны Саюз беларускай моладзі (СБМ). Цэнтральны штаб СБМ на чале з М. Ганько і Н. Абрамавай знаходзіўся да ліпеня 1944 г. у Мінску, а потым перабраўся з шэрагам іншых інстытутаў беларускіх калабарацыяністаў у Берлін. Пры штабе было 4 аддзелы, у тым ліку і "Працоўная група" па вярбоўцы і адпраўцы моладзі на работы ў Германію. На месцах былі створаны акруговыя і раённыя штабы СБМ. Члены арганізацыі насілі спецыяльную форму, мелі свой друкаваны часопіс "Жыве Беларусь". "Саюз беларускай моладзі" знаходзіўся пад кантролем аддзела моладзі генеральнага камісарыята "Беларусь". СБМ налічваў у 1944 г. 12 635 чалавек, з якіх да 5 тыс. былі накіраваны на работу і вучобу ў Германію.
|