Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 18 page


Date: 2015-10-07; view: 536.


 

У снежні 1943 г., калі быў вызвалены ад нямецкіх акупантаў шэраг раёнаў Усходняй Беларусі, на тэрыторыі Генеральнай акругі "Беларусь" акупацыйнымі ўладамі было аб'яўлена аб стварэнні дапаможнага дарадчага органа нямецкага кіравання на Беларусі - Беларускай цэнтральнай Рады (БЦР).

 

У склад БЦР уваходзіла 14 чалавек. Яе кіруючым органам быў прэзідыум на чале з Р. Астроўскім. Структурна БЦР складалася з 12 аддзелаў. Фармальна германскія акупацыйныя ўлады перадалі ў сферу падпарадкавання БЦР справы сацыяльнага забеспячэння, культуры, адукацыі і абароны. Толькі ў сакавіку 1943 г. БЦР атрымаў ад немцаў дазвол на стварэнне большых, чым раней, узброеных фарміраванняў. Пад назвай Беларуская краёвая абарона (БКС) было сфармірована 55 батальёнаў. Пры наступленні Чырвонай Арміі большасць мабілізаваных у склад БКС перайшлі на яе бок, да партызан, разыйшліся па хатах.

 

Адным з найбольш значных мерапрыемстваў у гісторыі БЦР быў ІІ Усебеларускі кангрэс, які адбыўся 27 чэрвеня 1944 г. у Мінску. Ён быў скліканы па прапанове прэзідэнта БЦР Р. Астроўскага з дазволу генеральнага камісара Беларусі К. фон Готберга. Удзельнікі ІІ Усебеларускага кангрэса накіравалі прывітальную тэлеграму А. Гітлеру. Усебеларускі кангрэс, скліканы за некалькі дзён да вызвалення Мінска, больш нагадваў спектакль. 30 чэрвеня 1944 г. большасць членаў БЦР пакінула Мінск і накіравалася ў Кёнігсберг, а адтуль у Берлін, дзе рэзідэнцыя БЦР знаходзілася да поўнага разгрому фашысцкай Германіі

 

Перамога Чырвонай Арміі на франтах вайны, актыўная дзейнасць беларускіх партызан і падпольшчыкаў, патрыятызм і разважлівасць насельніцтва рэспублікі не дазволілі нямецкім акупантам ажыццявіць у поўнай меры свае мэты на беларускай зямлі.

Пытанні для самакантролю

Што такое “Генеральная акруга Беларусь”?

З якой мэтай акупанты стварылі “Беларускую цэнтральную раду”?

62. Партызанскі рух і падполле

 

Партызанскі рух не з'яўляецца толькі нацыянальнай беларускай з'явай. Аднак дзейнасць партызанскіх атрадаў і злучэнняў на Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны набыла асабліва значныя памеры. Супраць акупантаў змагаліся не асобныя атрады дыверсантаў, на барацьбу падняўся ледзь не ўвесь народ. У радах антыфашысцкага руху на тэрыторыі рэспублікі налічвалася каля 444 тыс. партызан і падпольшчыкаў. 374 тыс. чалавек з'яўляліся байцамі 1 255 партызанскіх атрадаў, большасць з якіх былі аб'яднаны ў 213 брыгад. Колькасць беларусаў у партызанскіх атрадах складала 71,1%, рускіх - 19,3%, украінцаў - 3,9% і 5,7% былі прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей.

 

26 чэрвеня 1941 г. першы сакратар Акцябрскага РК КП(б)Б Гомельскай вобласці Ц. Бумажкоў і ўпаўнаважаны Наркамата нарыхтовак па Акцябрскаму раёну Ф. Паўлоўскі стварылі партызанскі атрад "Чырвоны Кастрычнік". Партызаны правялі шэраг удалых аперацый, у час якіх знішчылі 30 нямецкіх танкаў, узарвалі некалькі мастоў, разграмілі штаб нямецкай дывізіі ў в. Воземля, захапілі і перадалі савецкаму камандаванню карысныя дакументы. Камандзіру атрада Ц. Бумажкову і камісару Ф. Паўлоўскаму першым з беларускіх партызан 6 жніўня 1941 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

 

Летам 1941 г. на тэрыторыі Гомельскай вобласці было арганізавана 65 партызанскіх атрадаў. Колькасць партызан перавышала 1770 чалавек. Аднак у снежні 1941 г. засталося 10 фарміраванняў і прыкладна 150 чалавек.

 

Трэба ўлічваць і той факт, што з першых дзён нямецкія акупанты распачалі мэтанакіраваную палітыку тэрору, чым наводзілі жах на насельніцтва. Ужо 16 ліпеня 1941 г. А. Гітлер зрабіў заяву на нарадзе ў сваёй стаўцы: "Рускія аддалі загад аб партызанскай вайне ў нашым тыле. Гэта партызанская вайна мае і свае перавагі. Яна дазваляе нам знішчаць усё тое, што паўстае супраць нас". У ліпені-жніўні 1941 г. адбылася першая буйнамаштабная карная экспедыцыя пад кодавай назвай "Прыпяцкія балоты". Карнікі прайшліся з захаду на ўсход па Брэсцкай, Мінскай, Пінскай і Палескай абласцях, знішчылі 14 тыс. галоўным чынам мірных жыхароў.

 

Акупанты пачалі лічыць партызан за рэальную сілу. Калі ў першыя месяцы акупацыі немцы прапаноўвалі за злоўленага партызана літр шнапсу і пару пачак махоркі, або 100 рублёў грашыма, то па меры актывізацыі партызанскіх дзеянняў зімой 1941- 1942 гг. гэтая цана вырасла да 5 000 рублёў.

 

У верасні 1942 г., быў створаны цэнтр кіравання партызанскім рухам на тэрыторыі рэспублікі - Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР). Яго ўзначаліў другі сакратар ЦК КП(б)Б П. Калінін. Савецкая авіяцыя дастаўляла партызанам аўтаматы, вінтоўкі, кулямёты, мінамёты, выбуховыя рэчывы і інш. Для ўмацавання партызанскага руху з савецкага тылу ў Беларусь было накіравана звыш 11 тыс. ваенных спецыялістаў і арганізатараў партызанскай вайны.

 

Папаўненне партызанскіх фарміраванняў узмацнілася ў сувязі з мабілізацыяй беларускай моладзі на работы ў Германію. Дзесяткі тысяч маладых людзей, каб пазбегнуць гвалтоўнага ўгону ў Германію, ішлі ў партызаны. У лістападзе 1943 г., згодна з дадзенымі БШПР, колькасць партызан складала ўжо 122 тыс. чалавек.

 

Беларускія партызаны. Карціна У. Сухаверава

 

Узмацненне партызанскага руху на Беларусі, якое адбылося ў 1943 г., дазволіла народным мсціўцам рэспублікі перайсці да правядзення шырокамаштабных баявых аперацый супраць нямецкіх акупантаў, такіх як, напрыклад, "Рэйкавая вайна". Аперацыя праводзілася партызанамі Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Ленінградскай, Калінінскай, Смаленскай і Арлоўскай абласцей. Галоўнай яе задачай было разбурэнне чыгуначных камунікацый у тыле праціўніка напярэдадні наступальных аперацый Чырвонай Арміі. Распрацаваў аперацыю "Рэйкавая вайна" Цэнтральны штаб партызанскага руху. На Беларусі "Рэйкавая вайна" праводзілася ў тры этапы. Першы этап пачаўся ў ноч на 3 жніўня 1943 г. і працягваўся да сярэдзіны верасня 1943 г. Асноўная мэта аперацыі - садзейнічаць контрнаступленню Чырвонай Арміі пад Курскам. У вызначаны час 74 тыс. партызан Беларусі нанеслі мноства моцных удараў па чыгуначных камунікацыях праціўніка. За час першага этапа партызаны Беларусі пусцілі пад адхон 833 варожыя эшалоны і 3 бронепаязды, узарвалі 184 чыгуначныя масты і 556 мастоў на аўтамабільных дарогах, знішчылі тэлефонна-тэлеграфныя лініі працягласцю 400 кіламетраў. Правялі шэраг паспяховых аперацый па разгрому варожых гарнізонаў.

 

 

Другі этап "рэйкавай вайны" пад умоўнай назвай "Канцэрт" праводзіўся з 19 верасня да пачатку лістапада 1943 г. За гэты перыяд часу партызаны падарвалі 90 тыс. чыгуначных рэек, 1 041 эшалон, 72 чыгуначныя масты. У выніку праціўнік, нягледзячы на складанае становішча на савецка-германскім фронце, быў вымушаны падвоіць колькасць войскаў на Беларусі для аховы стратэгічных камунікацый свайго тылу.

 

Трэці этап "рэйкавай вайны" быў распачаты ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г., незадоўга да правядзення савецкімі войскамі аперацыі "Баграціён". На гэтым этапе партызаны Беларусі непасрэдна ўзаемадзейнічалі з наступаючымі войскамі Чырвонай Арміі. У ходзе аперацыі яны падарвалі 61 тыс. рэек, знішчылі 8 чыгуначных мастоў. Былі поўнасцю выведзены са строю асноўныя чыгуначныя лініі, часткова паралізаваны варожыя перавозкі амаль па ўсіх дарогах Беларусі.

 

Аперацыя "Рэйкавая вайна" дапамагла разграміць фашысцкія войскі на розных участках фронту ў 1943- 1944 гг.

 

Значную работу па ператварэнню партызанскага руху ў масавую народную вайну супраць іншаземнага нашэсця выканалі падпольныя органы Камуністычнай партыі рэспублікі. У тыле ворага ў гады вайны выдавалася каля 170 падпольных газет, тыраж якіх налічваў мільёны экзэмпляраў. За гады вайны было выдадзена і распаўсюджана 28,5 млн. лістовак. Падпольны савецкі друк заклікаў да ўзброенай барацьбы супраць акупантаў. Ён выклікаў у насельніцтва рэспублікі не толькі інфармацыйную цікавасць, але і знаходзіў належны практычны водгук.

 

На тэрыторыі Заходняй Беларусі партызанскі рух быў менш інтэнсіўным, чым ва ўсходніх рэгіёнах рэспублікі. Фарміраванне антыфашысцкага руху там ішло марудна. Яно пачалося са стварэння падпольных арганізацый, якія займаліся падборам кадраў, і падрыхтоўкі матэрыяльна-тэхнічнай базы для далейшага разгортвання партызанскай барацьбы. Ядро антыфашысцкага падполля складалі ўдзельнікі нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, з ліку членаў КПЗБ, КСМЗБ і савецкія вайскоўцы-акружэнцы.

 

Істотныя складанасці і цяжкасці савецкаму партызанскаму руху стварала на абшарах Заходняй Беларусі польскае падполле і дзейнасць Арміі Краёвай (АК). Польскія падпольныя арганізацыі пачалі стварацца прадстаўнікамі эміграцыйнага ўрада Польшчы, у тым ліку і на тэрыторыі Заходняй Беларусі, ужо восенню 1939 г. Галоўнай мэтай АК, утворанай у лютым 1942 г., было адраджэнне незалежнай польскай дзяржавы ў межах 1939 г. Таму значныя сілы АК праводзілі свае ўзброеныя акцыі на Беларусі як супраць нямецкіх акупантаў і мясцовых беларускіх калабарацыяністаў, так і супраць савецкіх партызан і падпольшчыкаў, асабліва пасля разрыву ў красавіку 1943 г. адносін паміж СССР і польскім эмігранцкім урадам у Лондане.

 

Напярэдадні ажыццяўлення Чырвонай Арміяй аперацыі "Баграціён" у чэрвені 1944 г. узброеныя фарміраванні Арміі Краёвай на тэрыторыі Заходняй Беларусі налічвалі каля 20 тыс. салдат і афіцэраў.

 

Партызаны і падпольшчыкі Беларусі сваёй дзейнасцю ў гады Другой сусветнай вайны нанеслі нямецкім акупантам значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, дэмаралізавалі дзейнасць варожага тылу, чым істотна паспрыялі поспеху Чырвонай Арміі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. За гераізм і адвагу каля 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 88 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

63. Вызваленне Беларусі. Завяршальны этап вайны

 

Разгром нямецкіх войскаў летам 1943 г. на Курска-Арлоўскай дузе дазволіў Чырвонай Арміі перайсці ў стратэгічнае наступленне і ўжо ў верасні 1943 г. распачаць шырокамаштабную аперацыю вызвалення Украіны і Беларусі. 23 верасня 1943 г. часці Цэнтральнага фронту фарсіравалі Днепр і вызвалілі ад нямецкіх акупантаў першы раённы цэнтр БССР - гарадскі пасёлак Камарын. 20 воінам, якія вызначыліся пры фарсіраванні Дняпра ў раёне Камарына, было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

 

У асенне-зімовай кампаніі 1943/44 гг. войскі Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі К. Ракасоўскі) удала правялі Гомельска-Рэчыцкую і Калінкавіцка-Мазырскую аперацыі, у выніку якіх у лістападзе 1943 г. былі вызвалены Рэчыца і Гомель, у студзені 1944 г. - Мазыр. На поўдні рэспублікі войскі Беларускага фронту прасунуліся больш як на 200 км у глыб варожай абароны ў паласе шырынёй звыш 100 км. Але поўнасцю вызваліць Беларусь ад акупантаў да лета 1944 г. не ўдалося, немцы ўмацавалі абарону.

 

На пачатку лета 1944 г. лінія фронту на Беларусі праходзіла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска, далей на захад ад Мазыра і па рацэ Прыпяць да Ковеля. Канчатковае выгнанне нямецка-фашысцкіх акупантаў з беларускай зямлі пачалося напрыканцы чэрвеня 1944 г., калі Чырвоная Армія прыступіла да практычнага ажыццяўлення буйной стратэгічнай наступальнай аперацыі пад кодавай назвай "Баграціён". Працягвалася яна з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 г.

 

Савецкаму боку ў гэтай аперацыі супрацьстаялі групы армій "Цэнтр", "Поўнач" і "Паўночная Украіна". Агульная колькасць войск праціўніка складала каля 1,2 млн. салдат і афіцэраў (63 дывізіі і 3 брыгады). Яны мелі 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 1350 баявых самалётаў. З савецкага боку для ўдзелу ў аперацыі "Баграціён" былі прыцягнуты войскі 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў. Агульная колькасць савецкіх войскаў складала 2,4 млн. салдат і афіцэраў, яны мелі на ўзбраенні 36 400 гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак і 5300 самалётаў (без уліку авіяцыі далёкага дзеяння). Да таго ж у тыле ворага дзейнічалі 150 партызанскіх брыгад і 49 асобных атрадаў агульнай колькасцю больш за 143 тыс. чалавек.

 

23 чэрвеня 1944 г. войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту прарвалі абарону нямецкіх войскаў на паўночным захадзе ад Віцебска. Войскі 3-га Беларускага фронту прарвалі абарону праціўніка і абышлі г. Віцебск з паўднёвага і паўднёва-заходняга напрамку. У Віцебскі "кацёл" трапіла танкавая армія, якая на 27 чэрвеня 1944 г. была знішчана. Праціўнік страціў там каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі, больш за 10 тыс. палоннымі.

 

Амаль адначасова з падзеямі пад Віцебскам арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі акружылі 6 дывізій нямецкай арміі. Важнейшай асаблівасцю аперацыі па знішчэнні бабруйскай групоўкі праціўніка было масіраванае выкарыстанне авіяцыі фронту. 526 самалётаў на працягу некалькіх гадзін групамі па 25-30 самалётаў наносілі ўдары па акружанай групоўцы. 28 чэрвеня 1944 г. варожая групоўка колькасцю ў 40 тыс. салдат і афіцэраў была ліквідавана.

 

Падчас паспяхова распачатага наступлення войскі 3-га Беларускага фронту 3 ліпеня 1944 г. вызвалілі сталіцу Беларусі. Першым у Мінск уварваўся танк малодшага лейтэнанта Д. Фролікава 2-га гвардзейскага танкавага корпуса. У 2 гадзіны 30 мінут 3 ліпеня 1944 г. ён перадаў па радыё: "Я - Фролікаў, я - Фролікаў, знаходжуся ў Мінску…".

 

Адначасова на ўсходзе ад Мінска была акружана 105-тысячная групоўка нямецкіх войскаў, якая 11 ліпеня 1944 г. спыніла сваё існаванне. Такім чынам, на першым этапе аперацыі за 12 дзён наступлення савецкія вайсковыя злучэнні прасунуліся наперад на 225- 280 км. Галоўныя сілы групы армій "Цэнтр" былі разбіты. У паласе савецка-германскага фронту з'явіўся пралом шырынёй звыш 400 км. Спробы ліквідаваць яго не прынеслі поспеху германскаму камандаванню.

 

У ходзе беларускай аперацыі былі разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, а 50 дывізій - страцілі звыш паловы свайго складу. Агульныя страты нямецкіх войскаў і іх саюзнікаў склалі каля 500 тыс. салдат і афіцэраў. Урон савецкага боку быў таксама істотным: Чырвоная Армія страціла 765 815 салдат і афіцэраў (з якіх 178 507 чалавек забітымі).

 

У выніку аперацыі "Баграціён" Чырвоная Армія вызваліла Беларусь, частку Літоўскай і Латвійскай ССР, уступіла на тэрыторыю Польшчы і падступіла да межаў Усходняй Прусіі. Германскае камандаванне было вымушана перакінуць на беларускі тэатр ваенных дзеянняў з заходняга фронту ў Еўропе 46 дывізій і 4 брыгады, што значна паспрыяла аперацыям англа-амерыканскіх войскаў у Францыі.

 

12 студзеня 1945 г. войскі шасці франтоў, у тым ліку трох Беларускіх, пачалі Усходне-Прускую, Вісла-Одэрскую і Заходне-Карпацкую наступальныя аперацыі. Савецкае камандаванне змагло забяспечыць значную перавагу над праціўнікам у жывой сіле, а таксама ў тэхніцы.

 

Наступленне пачалося раней запланаванага тэрміну па просьбе саюзнікаў, якія трапілі ў цяжкае становішча ў раёне Ардэн, але праходзіла паспяхова. У выніку гэтых аперацый было знішчана і разгромлена больш за 100 дывізій, вызвалена амаль уся Польшча і частка Чэхаславакіі. Савецкія войскі прасунуліся на захад больш чым на 500 кіламетраў, выйшлі на р. Одру за 60 кіламетраў ад Берліна.

 

Антонаў Аляксей Інакенцьевіч (1896 – 1962).

 

Штурм Берліна пачаўся 16 красавіка 1945 г. Дзесяць дзён спатрэбілася савецкім войскам, каб пераадолець абарону немцаў на подступах да горада. Больш за тыдзень доўжыліся баі ў самім Берліне. 8 мая 1945 г. у прыгарадзе Берліна, Карлсхорсце, у прысутнасці прадстаўнікоў камандавання саюзных армій, немцамі быў падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі.

 

 

На ўсіх этапах Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ уносіў свой уклад у перамогу над фашызмам. Звыш 1,3 млн. жыхароў Беларусі былі мабілізаваны і добраахвотна ўступілі ў рады Чырвонай Арміі. Сотні тысяч беларусаў загінулі на франтах вайны, у партызанскіх атрадах і падполлі. З ураджэнцаў Беларусі вызначылася многа таленавітых палкаводцаў: начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР, генерал арміі, кавалер ордэна "Перамога" А. Антонаў; маршалы Савецкага Саюза В. Сакалоўскі і І. Якубоўскі, маршал авіяцыі С. Красоўскі. 65 салдат і сяржантаў з Беларусі сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеняў.

 

Асаблівай старонкай гісторыі Другой сусветнай вайны з'яўляецца ўдзел нашых суайчыннікаў у антыфашысцкай барацьбе, якая разгарнулася ў Еўропе. У адпаведнасці з ваенным пагадненнем ад 14 жніўня 1941 г. паміж СССР і Польшчай прадугледжвалася стварэнне на тэрыторыі СССР польскай арміі. Камандуючым арміі польскі эмігранцкі ўрад прызначыў генерала У. Андэрса. У сакавіку 1942 г. польская армія ў СССР налічвала звыш 75 тыс. салдат і афіцэраў, з якіх каля 10% былі ўраджэнцамі Заходняй Беларусі. У складзе польскай арміі, якая была сфарміравана ў СССР у 1943- 1944 гг. пад камандаваннем генерала З. Берлінга, колькасць нашых суайчыннікаў была амаль такой самай.

 

Якубоўскі Іван Ігнатавіч (1912 – 1972).

 

Са згоды Савецкага ўрада польская армія генерала Андэрса была эвакуіравана ў 1942 г. у паўднёвыя раёны Ірана і Ірака. У чэрвені 1943 г. з яе складу быў вылучаны 2-гі корпус для ўдзелу ў баявых аперацыях саюзных войскаў. Польскі корпус у складзе 8-й брытанскай арміі вызначыўся ў Італіі ў бітве за Монтэ-Касіна. У гэтай бітве вырашаўся лёс наступлення англа-амерыканскіх войскаў на Рым. Баявая аперацыя пачалася 17 студзеня, а завяршылася 1 мая 1944 г., калі салдаты 2-га польскага корпуса прарвалі нямецкую абарону, так званую "Лінію Густава", і авалодалі цэнтрам варожага супраціўлення - горным кляштарам Монтэ-Касіна. У час наступлення корпуса вызначылася вялікая колькасць беларусаў, многія з іх атрымалі высокія брытанскія і польскія баявыя ўзнагароды. Поспех 2-га польскага корпуса пад Монтэ-Касіна быў аплачаны вялікай крывёю. Ён страціў 70% асабовага складу.

 

 

У гады вайны дзесяткі тысяч нашых землякоў апынуліся ў нямецкім палоне ці былі вывезены ў акупіраваныя германскімі войскамі краіны Еўропы. Многія з іх збеглі з палону і працягвалі барацьбу супраць фашызму ў еўрапейскім руху Супраціўлення. Яны змагаліся ў антыфашысцкіх атрадах Італіі, Францыі, Югаславіі, Славакіі, Чэхіі і Польшчы. Дзесяткі ўраджэнцаў Беларусі былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі гэтых краін.

 

Другая сусветная вайна закончылася 2 верасня 1945 г., калі капітулявала Японія, апошні саюзнік Германіі. У разгроме японскіх войскаў, якія дыслацыраваліся ў Маньчжурыі, таксама ўдзельнічалі тысячы беларусаў.

 

 

Пытанні для самакантролю

Колькі часу доўжылася аперацыя “Баграціён”?

Хто з беларусаў быў начальнікам Герштаба Чырвонай Арміі?

 

 

VIII. БССР У ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХХ ст.

Геапалітычныя вынікі Другой сусветнай вайны.

Удзел БССР у дзейнасці ААН

Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі ў пасляваенны час

Грамадска-палітычнае жыццё БССР ва ўмовах "адлігі"

Асаблівасці эканамічнага развіцця ў 60-я гг.

Гаспадарчая рэформа і яе асноўныя вынікі

Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча БССР ў 1970 - першай палове 1980-х гг.

Развіццё адукацыі, навукі і літаратуры ў Беларусі ў 1950-1980-я гг.

Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы для Беларусі

Палітыка перабудовы ў СССР і нацыянальна-дэмакратычны рух на Беларусі

64. Геапалітычныя вынікі Другой сусветнай вайны.

Удзел БССР у дзейнасці ААН

 

Перамога антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусветнай вайне аказала вялікі ўплыў на развіццё асобных краін і свету ў цэлым. У першыя пасляваенныя гады найбольш істотныя змены адбываліся на еўрапейскім кантыненце, у непасрэднай блізкасці ад Беларусі.

 

Напрыканцы Другой сусветнай вайны рашэннямі Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцый ЗША, Англія і СССР па сутнасці падзялілі Еўропу на сферы ўплыву. Савецкаму Саюзу былі аддадзены пад кантроль краіны Усходняй Еўропы, тыя, якія ў ходзе ваенных дзеянняў былі занятыя Чырвонай Арміяй.

 

Сталін выкарыстаў гэту сітуацыю дзеля пашырэння "сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі". Пры падтрымцы савецкіх войскаў у другой палове 40-х гг. у Албаніі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Чэхаславакіі, Югаславіі былі здзейснены сацыялістычныя рэвалюцыі, а савецкая зона акупацыі Германіі была пераўтворана ў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку. Пазней на шлях сацыялізму сталі таксама пры падтрымцы СССР Кітай, В'етнам, Паўночная Карэя. Большасць з іх была аб'яднана ў эканамічны саюз - Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (1949) і ваенна-палітычны блок - Арганізацыю Варшаўскага Дагавора (1955). Тым самым яны былі адарваны ад сусветнай рыначнай гаспадаркі, а ў палітычнай сферы вымушаны былі кіравацца ўстаноўкамі, якія дыктаваў СССР. Дарэчы, савецкія лідэры вельмі падазрона ставіліся да падзей, якія адбываліся ў краінах Усходняй Еўропы, і жорстка спынялі кожную спробу адыходу ад сацыялізму. Так было ў Берліне ў чэрвені 1953 г., у Будапешце ў лістападзе 1956 г., у Празе ў 1968 г.

 

Найбольш сур'ёзныя спробы ліквідацыі аўтарытарнага рэжыму марксісцка-ленінскай партыі назіраліся ў суседняй з Беларуссю Польшчы. Тройчы - у 1956, 1970 і 1980 гадах тут адбываліся стыхійныя выступленні рабочых супраць "дыктатуры пралетарыяту". У 1956 і 1970 гг. гэтыя выступленні былі абвешчаны ўладамі бунтам і падаўлены ўзброеным чынам. У 1980 г. стыхійны пратэст рабочых супраць павышэння цэн на прадукты харчавання спалучыўся з мэтанакіраванай дзейнасцю палітычнай апазіцыі, якая змагалася ў падполлі. У выніку ўзнікла легальная масавая арганізацыя: Незалежны прафсаюз "Салідарнасць". 16 месяцаў доўжылася адкрытая канфрантацыя "Салідарнасці" з Польскай аб'яднанай рабочай партыяй. Урэшце ўлады не вытрымалі легітымнага супрацьстаяння з апазіцыяй і 13 снежня 1981 г. здзейснілі ваенны пераварот, загналі сваіх палітычных апанентаў альбо ў турмы, альбо на нелегальнае становішча ў краіне, альбо ў эміграцыю за мяжу.

 

Такім чынам, з канца 1940-х гадоў Еўропа і свет раскалоліся на дзве грамадска-палітычныя сістэмы - капіталістычную і сацыялістычную, або, як часта называлі, на два лагеры. Характэрнай рысай пасляваеннага развіцця было нарастанне супярэчнасцяў паміж СССР і ЗША. З 1946 г. паміж былымі саюзнікамі і адпаведна паміж краінамі Еўропы, якія знаходзіліся пад іх уплывам, паўстала "жалезная заслона". Гэта быў перыяд гісторыі, які атрымаў назву "халоднай вайны", эпоха жорсткага саперніцтва паміж дзвюма сістэмамі ва ўсіх сферах - эканоміцы, палітыцы, ідэалогіі. Асабліва небяспечным было супрацьстаянне двух ваенна-палітычных блокаў: Арганізацыі Паўночнаатлантычнага Дагавора (НАТА), створанай заходнімі краінамі ў 1949 г., і Арганізацыі Варшаўскага Дагавора. У складзе СССР Беларусі аўтаматычна адводзілася роля важнейшага ваенна-стратэгічнага плацдарма.

 

Перад чалавецтвам паўстала праблема захавання таго міру, які быў дасягнуты страшнаю цаною шасцігадовай сусветнай вайны. "Халодная вайна" ў 1950-1960-х гг. не раз пагражала перарасці ў "гарачую" і свет балансаваў на мяжы новай глабальнай вайны.

 

Галоўным інструментам бяспекі стала Арганізацыя Аб'яднаных Нацый. Ідэю яе стварэння кіраўнікі Англіі, ЗША і СССР неаднаразова абмяркоўвалі ў гады вайны, а з вясны 1945-га пачалася распрацоўка адпаведных дакументаў. Напачатку кіраўніцтва СССР дамагалася, каб кожная савецкая рэспубліка была прадстаўлена ў ААН як асобная краіна. Але такі варыянт быў адвергнуты. Кіраўнікі трох краін прыйшлі да згоды запрасіць у якасці заснавальнікаў ААН толькі Беларусь і Украіну, улічылі іх ролю ў вайне з фашызмам, велізарныя чалавечыя і матэрыяльныя страты. Канчатковае рашэнне аб гэтым 27 красавіка 1945 г. прыняла міжнародная канферэнцыя ў Сан-Францыска; Беларусь і Украіна былі ўключаны ў лік краін-заснавальніц. Разам з прадстаўнікамі 49 краін свету міністр замежных спраў К. Кісялёў ад імя ўрада БССР 26 чэрвеня 1945 г. падпісаў Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

 

Міжнародная актыўнасць рэспублікі і вынікі яе працы ў ААН вызначаліся агульнапалітычнай сітуацыяй у СССР і развіццём падзей у свеце. Прысутнасць у ААН не змяніла таго факта, што самастойнасць Беларусі ў міжнародных справах доўгі час была больш прывідам, чым рэальнасцю. Знешнепалітычную дзейнасць манапалізаваў саюзны ўрад, і Беларусь адчувала на сабе ўсе наступствы савецкага знешне-палітычнага курсу. Напрыклад, у жніўні 1945 г. без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў БССР, насуперак папярэднім рашэнням, была ўстаноўлена новая савецка-польская мяжа, з-за чаго рэспубліка страціла 17 раёнаў Беластоцкай вобласці і тры раёны Брэсцкай вобласці, а ўзамен з польскага боку атрымала 15 вёсак з беларускім насельніцтвам.

 

Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж былымі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі і пачатак "халоднай вайны" яшчэ больш звузілі магчымасці міжнароднай дзейнасці Беларусі. Практычна толькі ААН заставалася для БССР месцам пэўнай знешнепалітычнай актыўнасці. Аднак, як і раней, беларускія дыпламаты не маглі праявіць самастойнасць.

 

Сітуацыя стала змяняцца ў другой палове 1950-х гг. Пасля смерці Сталіна савецкае кіраўніцтва стала больш актыўна супрацоўнічаць з рознымі структурамі ААН, былі пашыраны правы саюзных рэспублік. Канкрэтнай праявай гэтага стала адкрыццё ў 1958 г. прадстаўніцтва БССР пры ААН, што дазволіла ўзмацніць знешнія сувязі і актывізаваць працу.

 

У наступныя гады пазіцыя Беларускай ССР у ААН па-ранейшаму не выходзіла за межы знешняй палітыкі СССР. Беларусі, як і іншым савецкім рэспублікам, прыйшлося перажыць ганьбу падаўлення савецкімі войскамі "пражскай" вясны 1968 г. у Чэхаславакіі, міжнароднае абурэнне дзеяннямі савецкіх войскаў у Афганістане. Аднак гэта не прыніжае значэння паслядоўнай дзейнасці беларускай дэлегацыі па ўмацаванню міжнароднага міру, ліквідацыі каланіялізму, развіццю рознабаковага супрацоўніцтва паміж краінамі. Многія важныя рашэнні ААН былі прыняты пры непасрэдным удзеле і падтрымцы беларускай дэлегацыі. Сярод іх - Дэкларацыя аб наданні незалежнасці каланіяльным народам і краінам (1960), шэраг важных дагавораў і пагадненняў па абмежаванні гонкі ўзбраенняў. БССР мела сваё прадстаўніцтва ў такіх спецыялізаваных структурах ААН, як ЮНЕСКА (ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры), МАГАТЭ (Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі) і інш. Сведчаннем прызнання станоўчай дзейнасці рэспублікі можна лічыць тое, што за перыяд да сярэдзіны 1980-х гг. БССР падпісала больш 160 дагавораў і пагадненняў, яна абіралася непастаянным членам Савета Бяспекі, неаднаразова яе прадстаўнікі ўваходзілі ў склад Эканамічнага і Сацыяльнага Саветаў ААН.

Пытанні для самакантролю

Якімі метадамі вялася “халодная вайна”?

Чаму Беларусь была ўключана ў склад заснавальнікаў ААН?

65. Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі ў пасляваенны час

 

Вялікая Айчынная вайна і фашысцкая акупацыя прынеслі беларускаму народу велізарныя страты. Захопнікі разбурылі і спалілі 209 гарадоў і райцэнтраў, 9200 сёл і вёсак. Загінула больш за 3 млн. чалавек. Былі разбураны амаль усе прамысловыя прадпрыемствы і электрастанцыі, абсталяванне вывезена ў Германію альбо знішчана. Гітлераўцы разрабавалі маёмасць калгасаў і саўгасаў. Моцна пацярпелі транспартныя магістралі, было разбурана амаль тры чвэрці жылога фонду гарадоў, поўнасцю знішчана матэрыяльная база адукацыі, навукі, культуры. Па агульнаму ўзроўню развіцця эканомікі рэспубліка была адкінута да 1928 г., а па некатарых галінах - да 1913 г.

 

З вялікім аптымізмам грамадзяне Беларусі ва ўмовах нястачы пачалі аднаўленне сваёй рэспублікі. У забеспячэнні аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі Беларусі фінансавымі і крэдытнамі рэсурсамі рашаючую ролю адыгралі агульнасаюзныя фонды. З саюзных рэспублік ішлі эшалоны з абсталяваннем, інструментамі, машынамі, будаўнічамі матэрыяламі, сельскагаспадарчым інвентаром, насеннем, жывёлай, прадметамі хатняга ўжытку і г. д.

 

 

Першынец беларускага аўтамабілебудавання МАЗ-705. Фота Г. Карзенкі.

 

За гады чацвёртай пяцігодкі (1946-1950) былі пабудаваны і выдалі першую прадукцыю мінскія трактарны, аўтамабільны заводы, мотовелазавод, Мінскі тонкасуконны камбінат, Віцебскі дывановы камбінат. Аднак адставала энергетыка, марудна развівалася вытворчасць тавараў народнага спажывання.

 

 

Складаным было становішча ў сельскай гаспадарцы. Пасяўныя плошчы да пачатку пяцігодкі ў калгасах складалі толькі 59% даваеннага ўзроўню. У аднаўленні сельскай гаспадаркі дамінавалі метады адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Калгасам было вернута звыш 200 тыс. га зямлі, а таксама жывёла, якія з часоў вайны знаходзіліся ў карыстанні грамадзян.

 

 

Першынец беларускага трактарабудавання «Беларусь» МТЗ-2. Фота

 

У пасляваенныя гады карэнныя сацыяльна-эканамічныя перамены адбыліся ў сельскай гаспадарцы заходніх абласцей БССР. Масавая калектывізацыя і тут не абышлася без "ліквідацыі кулацтва як класа". У 1951 г. Савет Міністраў СССР прыняў спецыяльную пастанову "Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР", у выніку чаго за межы рэспублікі былі высланы тысячы "кулацкіх" сям'яў. Толькі пасля смерці Сталіна большасць з іх была рэабілітавана і вярнулася на Бацькаўшчыну.


<== previous lecture | next lecture ==>
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 17 page | Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 19 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.486 s.