|
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 19 pageDate: 2015-10-07; view: 490.
У снежні 1947 г. у краіне была адменена карткавая сістэма на харчовыя і прамысловыя тавары і ажыццёўлены пераход да продажу іх у парадку свабоднага гандлю без картак па адзіных дзяржаўных цэнах. Разам з адменай карткавай сістэмы была праведзена грашовая рэформа.
Разам з тым узровень рэальнай заработнай платы так і не дасягнуў даваеннага перыяду, цэны на тавары шырокага спажывання па-ранейшаму былі значна вышэй даваенных. Да таго ж адбыўся рост падаткаў, якія збіраліся непасрэдна з заработнай платы. Яшчэ ў гады вайны былі ўведзены падаткі на адзінокіх і маласямейных грамадзян. Цяжарам на плечы грамадзян клаліся штогадовыя дзяржаўныя пазыкі, якія праводзіліся пад ціскам партыйных і адміністрацыйных органаў. Так званая падпіска на аблігацыі вызначалася на суму не менш месячнага акладу ў год.
Пасля смерці Сталіна ўзнікла магчымасць ажыццявіць некаторую пераарыентацыю эканомікі на паляпшэнне жыцця людзей. Адначасова былі спробы ўключыцца ў навукова-тэхнічную рэвалюцыю. У Беларусі аднаўляліся і мадэрнізаваліся асноўныя вытворчыя фонды, старая тэхніка замянялася новай. За 1955-1958 гг. на прадпрыемствах рэспублікі было ўстаноўлена каля 200 паточных ліній, больш за 1000 адзінак новага і мадэрнізаванага абсталявання.
Савецкая навука ў 50-я гг. атрымала важныя вынікі, у тым ліку ў галіне паўправаднікоў, ЭВМ. Сведкамі дастатковага навуковага і тэхнічнага ўзроўню сталі запускі першых штучных спадарожнікаў Зямлі, будаўніцтва першых у свеце АЭС, атамнага ледакола і г. д. Аднак навукова-тэхнічны прагрэс служыў перш за ўсё ваенным мэтам. Сістэма адміністрацыйнага кіравання да таго ж не давала развівацца ініцыятыве, прадпрымальнасці, станавілася перашкодай на шляху інтэграцыі навукі і вытворчасці.
Хатынь. Помнік беларускім вёскам, знішчаным фашысцкімі акупантамі разам з людзьмі.
Палепшыць узровень жыцця людзей немагчыма было без пераадолення крызіснага стану сельскай гаспадаркі. У адпаведнасці з рашэннямі вераснёўскага Пленума ЦК КПСС (1953 г.) у краіне былі ў 2-5 разоў павышаны нарыхтоўчыя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Акрамя таго, былі спісаны нядоімкі з калгасаў і калгаснікаў па сельгаспадатку за папярэднія гады, падатак з калгаснікаў быў зніжаны ў 2,5 раза, а з 1958 г. ён быў наогул адменены. Былі таксама зніжаны абавязковыя дзяржпастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з калгасаў, павялічаны капіталаўкладанні на патрэбы вёскі, толькі за 1954 г. на Беларусі яны ўзраслі на 52%. У выніку - за некалькі год сялянства пераадолела галечу, выйшла з прыгнечанага стану, аднак заможным не стала. Не стала багатай і ўся краіна, у ёй не хапала нават хлеба для гара-джан. Камуністычнае кіраўніцтва СССР не бачыла іншага выйсця з сітуацыі, як толькі далей узмацняць камандна-адміністрацыйныя метады кіравання гаспадаркай. На гэты раз было вырашана асвоіць цалінныя і закінутыя землі на Усходзе і за гэты кошт вырашыць збожжавую праблему.
На працягу 1954-1956 гг. у Казахстане, Сібіры, Паволжы і на Алтаі было вырашана асвоіць не менш 13 млн. га цалінных зямель. На цаліну была накіравана вялікая колькасць тэхнікі, сотні тысяч навасельцаў. БССР пастаўляла цаліне машыны, абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы. За 1954-1960 гг. на цаліну з Беларусі выехала 60 тыс. чалавек. Перасяленцы з Беларусі стварылі там 24 саўгасы.
Усяго за 1954-1956 гг. было ўзнята каля 36 млн. га цалінных зямель, што склала 30% усіх пасяўных плошчаў СССР таго часу. Гэта дазволіла краіне хутка атрымаць дадаткова сотні мільёнаў пудоў хлеба. У рэкордным ураджаі 1956 г. - 12 млн. тон - доля хлеба з цаліны склала 50%. Між тым, па некаторых сучасных ацэнках, прырост вытворчасці збожжа, аналагічны атрыманаму на цаліне, можна было б забяспечыць на даўно асвоеных землях і меншым коштам. Асваенне цаліны азначала зварот да экстэнсіўных метадаў, марнатраўства рэсурсаў. Пытанні для самакантролю Які ўрон нанесла вайна Беларусі? Якія буйныя заводы былі пабудаваны ў Беларусі адразу пасля вайны? 66. Грамадска-палітычнае жыццё БССР ва ўмовах "адлігі"
У першыя пасляваенныя гады ў СССР захоўвалася палітычная сістэма, якая склалася ў 20-30-я гг. Перамога над фашызмам давала спадзяванне, што людзі нарэшце будуць жыць больш свабодна. Прыкметай таго, што палітычны рэжым стаў менш жорсткім, сведчыў і Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 сакавіка 1947 г. аб скасаванні смяротнага пакарання. У 1948-1949 гг. у СССР не было вынесена аніводнага смяротнага пакарання. Аднак такі стан быў не доўгім. У студзені 1950 г. быў новы указ, згодна якому смяротнае пакаранне зноў аднаўлялася. Верагодна, гэта было звязана з распачатымі працэсамі па так званай "ленінградскай справе". Па гэтай "справе" больш 200 партыйных і савецкіх работнікаў асудзілі, а некаторых прыгаварылі да расстрэлу.
Актывізаваліся рэпрэсіі і на Беларусі. Як і ў перадваенны час, да лістапада 1951 г. іх ажыццяўляў міністр дзяржаўнай бяспекі БССР Л. Цанава. У канцы 40-х гг. ён паспрабаваў расправіцца з С. Прытыцкім, які тады ўзначальваў Гродзенскі абкам партыі. І толькі заступніцтва ЦК КПБ, і перш за ўсе першага сакратара ЦК М. Патолічава, выратавала С. Прытыцкага.
Шырокі рэзананс у 1951 г. атрымала так званая "справа Саевіча". П. Саевіч, нарком асветы рэспублікі, быў абвінавачаны ў змове з "югаслаўскімі рэвізіяністамі", у трацкізме, нацыяналізме, а таксама ў "валютных махінацыях". Ваенны трыбунал прыгаварыў яго да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У пасляваенныя гады былі зноў рэпрэсіраваны пісьменікі У. Дубоўка, А. Александровіч, С. Грахоўскі, А. Звонак, П. Пруднікаў. Усяго ў студзені 1953 г. у лагерах СССР знаходзілася 2,5 млн. вязняў. Пры гэтым так званыя "палітвязні" складалі 21 працэнт.
5 сакавіка 1953 г. памёр Сталін. 6 сакавіка адбылося сумеснае пасяджэнне ЦК КПСС, Савета Міністраў і Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, якое зацвердзіла Г. Малянкова на пасадзе старшыні Савета Міністраў СССР. Сакратарыят ЦК КПСС узначаліў М. Хрушчоў. Хрушчоў і Малянкоў уступілі ў кампраміс з Л. Берыя, які пры Сталіне быў самай уплывовай фігурай. Як арганізатар масавых рэпрэсій, Берыя наводзіў жах на людзей, у т. л. і на іншых кіраўнікоў дзяржавы. У чэрвені 1953 г. Берыя зрабіў спробу змясціць М. Патолічава з пасады першага сакратара ЦК КПБ. Аднак на Пленуме ЦК КПБ (25-27 чэрвеня 1953 г.) беларускія камуністы не далі згоды на такую кадравую замену.
Па ініцыятыве М. Хрушчова 26 чэрвеня 1953 г. Берыя быў арыштаваны, выключаны з партыі, зняты з усіх пасад. У снежні 1953 г. ён быў расстраляны.
Пасля смерці Сталіна пачаўся некаторы паварот да калектыўнага вырашэння партыйных, дзяржаўных, народнагаспадарчых пытанняў. Адносная дэмакратызацыя назіралася ў дзейнасці кампартыі і дзяржаўных органаў Беларусі. Прымаліся меры па вяртанні законнасці і правапарадку. Гэтаму спрыяла скасаванне ў верасні 1953 г. сумна вядомай Асобнай нарады пры Міністэрстве ўнутраных спраў СССР, якая фактычна без суда выносіла ў масавым парадку такія пакаранні, як высылка, зняволенне, расстрэл. Пачалася кампанія па вызваленні вязняў, асуджаных па палітычных матывах.
Новым крокам у далейшых спробах дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця з'явіўся ХХ з'езд КПСС, які праходзіў 14-25 лютага 1956 г. Разам з разглядам пытанняў, скіраваных на паляпшэнне спраў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культуры, навуцы, з пашырэннем дэмакратыі, абгрунтаваннем прынцыпаў мірнага суіснавання дзяржаў з розным грамадска-палітычным ладам з'езд вымушаны быў звярнуць увагу на нечуваныя парушэнні законнасці ў гады сталінскага праўлення. Пад канец работы з'езда на яго закрытым пасяджэнні дэлегаты заслухалі даклад "Аб кульце асобы і яго выніках", з якім выступіў М. Хрушчоў. Гэта стала для іх вялікай нечаканасцю. Паводле некаторых сведак, у часе даклада некалькі чалавек страцілі прытомнасць - настолькі было моцным уражанне ад некаторых фактаў. І хоць даклад не быў надрукаваны да пачатку 90-х гадоў, але яго агульная накіраванасць паступова стала вядома грамадству. Тым больш што 30 чэрвеня 1956 г. ЦК КПСС прыняў пастанову "Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў". У ёй была зроблена спроба выявіць сутнасць дыктатуры Сталіна, паказаны яе наступствы.
Пачалася рэабілітацыя ахвяр сталінскага праўлення. У БССР на працягу 1956-1962 гг. было рэабілітавана больш за 29 тыс. чалавек. І хоць гэта з'яўлялася зусім нязначнай часткай ад шматлікай колькасці неабгрунтавана асуджаных і бязвінна закатаваных людзей, аднак для далейшага грамадска-палітычнага развіцця такі зрух быў вельмі важным.
На аснове рашэння ХХІІ з'езда партыі, які працаваў 17-31 кастрычніка 1961 г. цела Сталіна было вынесена з Маўзалея, паўсюдна пачаўся дэмантаж яго помнікаў і замена імя ў назвах гарадоў, прадпрыемстваў, устаноў, калгасаў, саўгасаў і інш.
Адначасова М. Хрушчоў, якога сталі лічыць вялікім наватарам, навязаў партыі і ўсёй дзяржаве курс на паскоранае будаўніцтва камунізму. На з'ездах КПСС (ХХІ і ХХІІ) прымаліся планы і праграмы, па якіх ужо ў 1980 г. СССР павінен быў апярэдзіць ЗША па ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыках, пабудаваць "матэрыяльна-тэхнічную базу камунізму". Быў прыняты "Маральны кодэкс будаўніка камунізму", як эталон паводзін для грамадзян СССР. На вытворчасці насаджаўся рух "за камуністычную працу" і г. д.
Больш за ўсё пацярпела вёска: "будаўнікоў камунізму" прымушалі ліквідаваць прыватную прысядзібную гаспадарку. Гэта быў бадай што апошні крок у рассяляньванні калгаснікаў: яны больш не трымалі кароў і свіней, закінулі свае палеткі.
Мазураў Кірыла Трафімавіч (1914 – 1989).
І толькі на Беларусі першы сакратар ЦК КПБ Кірыл Мазураў асмеліўся не паслухаць М. Хрушчова. Тут і сялянам, і нават жыхарам малых гарадоў надалей дазвалялася трымаць сваю гаспадарку. У выніку праз невялікі час Беларусь далёка абагнала цэнтральныя рэгіёны Расіі па ўзроўні сельскагаспадарчай вытворчасці, зрабілася галоўным пастаўшчыком бульбы, мясных і малочных прадуктаў у Маскву, Ленінград і іншыя буйныя гарады.
Хрушчоўскі "скачок да камунізму" выклікаў здзіўленне і за мяжой. І толькі кітайскі лідэр Мао Цзэдун вырашыў паспаборнічаць з СССР і абвясціў у сваёй краіне "вялікі скачок": у прамысловасці выплаўлялі жалеза ў прымітыўных печах саматужным метадам, а сотні мільёнаў кітайскіх сялян загналі ў "камуны". "Камуністычныя пераўтварэнні" ў адсталым Кітаі яшчэ больш дыскрэдытавалі гэту ўтапічную ідэю.
Пасля адстаўкі М. Хрушчова ў Савецкім Саюзе паступова забываліся пра яго планы. Партыйнае кіраўніцтва на чарговым з'ездзе КПСС абвясціла што "СССР знаходзіцца на этапе развітога сацыялізму", а пра камунізм больш не ўзгадвалі.
Пытанні для самакантролю Хто ўзначаліў урад СССР пасля смерці Сталіна ў сакавіку 1953 г.? Якая сенсацыя адбылася на ХХ з'ездзе КПСС у лютым 1956 г.? 67. Асаблівасці эканамічнага развіцця ў 60-я гг. Гаспадарчая рэформа і яе асноўныя вынікі
У канцы 50 - пачатку 60-х гг. назіралася пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў СССР, у тым ліку і ў Беларусі. Рэзка знізіліся тэмпы развіцця вытворчасці, рэнтабельнасць прадпрыемстваў, паменшыўся прырост даходаў насельніцтва. Асноўнай прычынай быў курс на паскоранае будаўніцтва камунізма, дагматызм савецкага кіраўніцтва ў пазнанні эканамічных законаў, суб'ектывізм і валюнтарызм у кіраванні эканомікай. У верасні 1957 г. урад СССР прызнаў неабходным не чакаць выканання шостага пяцігадовага плана на 1956-1960 гг., распрацаваць новы план на 1959-1965 гг.
Адной з асаблівасцяў эканамічнага развіцця Беларусі ў гады сямігодкі было хуткае развіццё хімічнай прамысловасці, асабліва вытворчасці мінеральных угнаенняў. У 1963 г. быў уведзены ў строй першы ў Салігорску калійны камбінат, вялося будаўніцтва другога і трэцяга камбінатаў. З уводам у дзеянне калійных камбінатаў у Салігорску, азотна-тукавага завода - у Гродне, суперфасфатнага - у Гомелі ў рэспубліцы была наладжана вытворчасць уласных калійных, азотных і фасфатных мінеральных угнаенняў. Другой асаблівасцю развіцця народнай гаспадаркі Беларусі ў гады сямігодкі стала апераджальнае развіццё новых неметалаёмістых галін - прыборабудавання і электронікі.
Аднак у цэлым прамысловасць СССР пачала рэзка адставаць ад прамысловасці заходніх краін. Апрача зброі, усе іншыя віды прадукцыі былі на нізкім узроўні. На Захадзе назіраўся бум выпуску спажывецкіх тавараў: аўтамашын, тэлевізараў, моднага адзення, а для грамадзян Савецкага Саюза ўсё гэта было недасягальна. Па-ранейшаму не хапала нават харчавання, з пачатку 60-х гадоў СССР распачаў імпарт збожжа.
На развіцці сельскай гаспадаркі яшчэ больш адмоўна адбіліся суб'ектывізм і валюнтарызм у кіраванні. Калгасы і саўгасы атрымлівалі шаблонныя ўказанні з цэнтра па структуры пасяўных плошчаў, агратэхніцы і тэхналогіі вырошчвання той ці іншай сельскагаспадарчай культуры, пачалася так званая "кукурузная ліхаманка", калі загадвалася сеяць кукурузу без уліку адпаведных умоў. У выніку павялічваўся дэфіцыт харчавання.
Бясконцыя перабудовы, непрадуманыя рэарганізацыі і, як следства, - абвастрэнне сацыяльнай напружаннасці ў грамадстве сталі галоўнымі прычынамі змены палітычнага кіраўніцтва СССР. У кастрычніку 1964 г. на Пленуме ЦК КПСС М. Хрушчоў быў вызвалены ад займаемых пасад. Першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны Л. Брэжнеў, Старшынёй Савета Міністраў СССР быў прызначаны А. Касыгін.
Новае кіраўніцтва краіны разумела, што да сярэдзіны 60-х гг. была ўжо дасягнута тая мяжа змен, якія магчыма было б ажыццявіць за кошт частковых удасканаленняў. Патрабаваўся кардынальны паварот у арганізацыі эканамічнага жыцця.
Жывёлагадоўчы комплекс: саўгас-камбінат “Мір” баранавіцкага раёна. Г. Карзенкі.
Пачатак гаспадарчай рэформы сярэдзіны 60-х гг. быў пакладзены сакавіцкім (1965 г.) Пленумам ЦК КПСС, які прыняў пастанову "Аб неадкладных мерах па далейшаму развіццю сельскай гаспадаркі СССР". Была зменена сістэма нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі, уводзіўся цвёрды і нязменны план нарыхтовак на пяць гадоў наперад для кожнага калгаса, саўгаса, раёна, вобласці, рэспублікі. Закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю былі павялічаны ў сярэднім у 1,5-2 разы. Адначасова былі зняты неабгрунтаваныя абмежаванні на ўтрыманне жывёлы ў асабістай дапаможнай гаспадарцы калгаснікаў, рабочых і служачых.
З мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы было вырашана за 1965-1969 гг. паставіць на вёску 1 млн. 790 тыс. трактароў, 1 млн. 100 тыс. грузавых аўтамабіляў, шмат іншай тэхнікі. Акрамя таго, дзяржава брала на сябе ўсе работы па меліярацыі, вапнаванні кіслых глеб, паляпшэнні лугоў і пашаў. Нарэшце, звярталася ўвага на неабходнасць арганізацыйна-гаспадарчага ўмацавання калгасаў і саўгасаў на прынцыпах гаспадарчага разліку, адмены празмернай рэгламентацыі іх гаспадарчай дзейнасці, развіцця ўнутрыкалгаснай дэмакратыі.
Наступным крокам у вырашэнні буйнамаштабнай эканамічнай рэформы сярэдзіны 60-х гг. стаў вераснёўскі (1965 г.) Пленум ЦК КПСС, які па дакладу Старшыні Савета Міністраў СССР А. Касыгіна прыняў пастанову "Аб паляпшэнні кіравання прамысловасцю, удасканаленні планавання і ўзмацненні эканамічнага стымулявання прамысловай вытворчасці". Каб зрабіць прамысловую вытворчасць больш эфектыўнай, было вырашана, па-першае, удасканаліць сістэму планавання ў прамысловасці. Дзеля гэтага замест больш чым 100 абавязковых планавых паказчыкаў, якія спускаліся прадпрыемству зверху, цяпер засталося толькі 8. Калі раней асноўным паказчыкам работы прадпрыемства быў аб'ём валавой прадукцыі, то зараз ім стаў аб'ём рэалізаванай прадукцыі.
Па-другое, пашырыць гаспадарчую самастойнасць прадпрыемстваў, дазвалялася самастойна распараджацца часткай прыбытку і ствараць грашовыя фонды для развіцця вытворчасці, паляпшэння ўмоў працы і быту рабочых і служачых. Па-трэцяе, былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены міністэрствы па галінах прамысловасці, якія павінны былі запямпечыць, высокі тэхнічны ўзровень, укараненне дасягненняў навукі ў вытворчасць.
Першыя крокі гаспадарчай рэформы ўсялялі надзеі. Восьмая пяцігодка, разлічаная на 1966-1970 гг., па шэрагу важных паказчыкаў была выканана. Валавая прадукцыя прамысловасці Беларусі павялічылася за пяцігодку на 79% пры плане 70%. За пяцігодку ў Беларусі ўвайшло ў строй 78 буйных прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх электралямпавы завод у Брэсце, маторарамонтны ў Гомелі, фабрыка трыкатажу ў Брэсце, баваўняна-прадзільная фабрыка ў Гродне, мясакамбінат у Барысаве і інш.
Асаблівасцю развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі ў гады восьмай пяцігодкі стала будаўніцтва буйных адкормачных комплексаў у жывёлагадоўлі, а прадукцыя жывёлагадоўлі ўзрасла на 34%. Але ж гэта быў экстэнсіўны шлях развіцця сельскай гаспадаркі, да таго ж вельмі небяспечны ў адносінах да экалогіі краіны.
Поспехі пачатковага этапа эканамічнай рэформы былі непрацяглымі. Ужо ў першыя гады яе ажыццяўлення пачаліся шматлікія карэкціроўкі, папраўкі, дапаўненні, у выніку якіх яна спачатку з буйнамаштабнай ператварылася ў касметычную, а к пачатку 70-х гг. аказалася настолькі скажонай, што фактычна перастала дзейнічаць. Л. Брэжнеў і большасць членаў Палітбюро ЦК КПСС не падзялялі спадзяванне А. Касыгіна на ролю матэрыяльных стымулаў у развіцці гаспадаркі. Стары гаспадарчы механізм рэформа не ламала, старую адміністрацыйна-камандную сістэму не зжывала. Пытанні для самакантролю Якія эканамічныя рэформы прапанаваў старшыня Савета Міністраў СССР А. Касыгін? Яую ролю ў эканоміцы і экалогіі адыгралі буйныя адкормачныя свінакомплексы? 68. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча БССР ў 1970 - першай палове 1980-х гг.
Восьмая пяцігодка 1966-1970 гг., якая праходзіла на хвалі распачатай у 1965 г. спробы рэфармавання эканомікі, завяршылася паспяхова. Па асноўных паказчыках яна не мела роўных за ўсе папярэднія гады і невыпадкова яе часам вобразна называюць "залатой пяцігодкай". Але гэты перыяд атрымаў і другое вымярэнне: менавіта з сярэдзіны 60-х гг. пачаўся адлік так званай эпохі Брэжнева, эпохі ўзмацнення кансерватызму ў палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці савецкага грамадства, які паступова перарос у застой.
Эканамічны патэнцыял Беларусі на пачатку 70-х гг. выглядаў прывабна. За грошы, якія былі атрыманы за продаж на Захад нафты, газу, мініральных угнаенняў была праведзена тэхнічная рэканструкцыя значнай колькасці прадпрыемстваў, уведзены ў строй новыя: дакладанага машынабудавання, металаапрацоўкі, радыётэхнікі і электронікі, хімічнай прамысловасці. У выніку да сярэдзіны 80-х гг. у рэспубліцы быў створаны буйны тэрытарыяльна-галіновы прамысловы комплекс, у якім налічвалася амаль 1500 прадпрыемстваў.
Разам з тым на пачатку 70-х гг. пачалі больш выразна праяўляцца негатыўныя з'явы ў параўнанні з сусветнай эканомікай. У БССР, як і ва ўсім СССР, узрастала энергаёмістасць вытворчасці, зніжаўся рост прадукцыйнасці працы, больш відавочнай стала неэффектыўнасць эканамічнай мадэлі.
Пагоня за павялічэннем аб'ёмаў прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі прыводзіла часам да непапраўных парушэнняў экалагічных сістэм з негатыўнымі наступствамі для насельніцтва, якія адчуваюцца і ў наш час. У гэты перыяд ажыццяўляліся буйныя праекты па спецыялізацыі, меліярацыі і хімізацыі. У 70-х гг. па вытворчасці мяса на душу насельніцтва Беларусь дагнала развітыя краіны Захаду і ЗША. Але значная частка кармоў паступала з іншых рэспублік, куды потым адпраўлялася мясная прадукцыя. Кожны комплекс даваў каласальную экалагічную нагрузку. Рэспубліка выконвала ролю адкормачнага і перапрацоўчага цэхаў, вялікая частка якаснай прадукцыі вывозілася, насельніцтва беларускіх гарадоў стаяла ў чэргах за мясапрадуктамі, затое адходы пакідаліся Беларусі. Хоць у параўнанні з расійскімі рэгіёнамі забеспячэнне выглядала нядрэнна. У другой палове 70-х насельніцтва Беларусі зноў сутыкнулася з абвастрэннем хранічнай хваробы савецкай эканомікі - дэфіцытам. Вытворчасць спажывецкіх тавараў ва ўмовах жорстка цэнтралізаванай планавай эканомікі хранічна адставала. У лік дэфіцытных тавараў уваходзілі новая зубная паста і туалетная папера. За 1971 - 1985 гг. грашовая маса павялічылыся больш чым у 3 разы, а таварная - толькі у 2 разы. У такіх умовах скарачаліся магчымасці насельніцтва задаволіць свае патрэбы законным шляхам і, як вынік, квітнелі блат, хабарніцтва, раслі чэргі, уводзілася цэнтралізаванае размеркаванне тавараў першай неабходнасці праз так званыя "сталы заказаў", стварэнне спіскаў ільготнікаў і г. д.
Машэраў Пётр Міронавіч (1918 – 1980).
Было б памылковым адказнасць за негатыўныя з'явы ў эканамічным і сацыяльным жыцці ўскладаць толькі на саюзныя органы і ведамствы. Многае залежала ад кіраўніцтва рэспублікі, асабліва ад першага сакратара ЦК КПБ. У 70-80-х гг. гэтую пасаду займалі П. Машэраў, Ц. Кісялёў, М. Слюнькоў, Я. Сакалоў. Гісторыя яшчэ не дала канчатковую ацэнку іх дзейнасці, але кожны з іх пакінуў пэўны след у рэспубліцы. Найбольшым аўтарытэтам сярод насельніцтва карыстаўся П. Машэраў, які ўзначальваў кампартыю Беларусі ў 1965-1980 гг. і нямала зрабіў як кіраўнік. Але ён, як і іншыя, мусіў працаваць па правілах сістэмы, якія вызначаліся не ў Мінску.
Між тым, калі ў сферы эканомікі ў 60-х гг. ды і пазней яшчэ рабіліся пэўныя спробы рэформ, то, як ужо адзначалася, у грамадска-палітычным жыцці адбываўся паварот да кансерватызму. Адбывалася ціхая рэабілітацыя сталінізму, фактычна спынілі сваю дзейнасць камісіі па рэабілітацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, у друку ўсё часцей падаваўся станоўчы вобраз Сталіна. Замест пошуку шляхоў па мадэрнізацыі эканамічнай, грамадска-палітычнай і дзяржаўнай сфераў, правячая КПСС замацоўвала сябе як стрыжань адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Паколькі правал заяўленай у 1961 г. пабудовы камунізму за 20 гадоў стаў відавочным, то 70-я гг. пачаліся прапагандай канцэпцыі так званага "развітога сацыялізму", у якой цэнтральнае месца заняў тэзіс аб павышэнні кіруючай ролі партыі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Адпаведныя папраўкі былі ўнесены ў статут КПСС, а ў кастрычніку 1977 г. палажэнне аб кіруючай ролі партыі, як ядра палітычнай сістэмы, было ўключана ў новую Канстытуцыю СССР. Фармальна палітычная арганізацыя, КПСС па сутнасці, стала часткаю дзяржаўнага апарату, у руках якой была сканцэнтравана рэальная ўлада.
Адпаведна на рэспубліканскім ўзроўні кампартыя Беларусі рэгламентавала жыццё беларускага грамадства, была мясцовай "кіруючай сілай". У сваёй дзейнасці КПБ кіравалася агульнасаюзнымі ўстаноўкамі, што не заўсёды адпавядала інтарэсам рэспублікі і беларускага народа. Найбольш яскрава гэта праявілася ў нацыянальна-культурнай сферы. У 1976 г. ХХV з'езд КПСС зрабіў тэарэтычную выснову, што ў Савецкім Саюзе склалася новая гістарычная супольнасць людзей - савецкі народ. Па сутнасці гэта была ўстаноўка на сціранне нацыянальных адметнасцей, што ў выніку павінна было прывесці да страты нацыянальнай самабытнасці і самасвядомасці беларускага і іншых народаў. На Беларусі гэта рабілася асабліва хутка: у 80-х гг. у беларускіх гарадах ужо не было ніводнай беларускай школы.
Паколькі партыйныя камітэты былі той вышэйшай інстанцыяй, на якой у рэшце рэшт замыкалася кіраўніцтва раёнам, вобласцю, рэспублікай, то Саветы дэпутатаў працоўных, якія па Канстытуцыі складалі аснову народаўладдзя, фактычна былі пазбаўлены рэальнай улады. Ва ўмовах аднапартыйнай сістэмы і пры адсутнасці альтэрнатыўных выбараў кандыдатуры будучых дэпутатаў Саветаў усіх узроўняў праходзілі праз сіта кантролю з боку партыйных камітэтаў і канчаткова зацвярджаліся імі. Асобныя спробы павысіць ролю Саветаў у кіраванні дзяржавай і эканомікай, надаць ім характар органаў сапраўднага народаўладдзя не давалі вынікаў.
Такім чынам, партыйна-дзяржаўная эліта не знайшла рашучасці на глыбокія перамены ў эканамічнай, грамадска-палітычнай і дзяржаўнай сферах і пайшла па шляху ўмацавання аўтарытарна-бюракратычнага стылю кіравання, захавання неэффектыўнай эканамічнай сістэмы. Пытанні для самакантролю Якім чынам у 70-я гады ўзмацнілася роля КПСС у дзяржаве? З якой мэтай стваралася “новая супольнасць людзей - савецкі народ”? 69. Развіццё адукацыі, навукі і літаратуры ў Беларусі ў 1950-1980-я гг.
За першыя пяць пасляваенных гадоў у БССР была ў асноўным адноўлена даваенная сетка агульнаадукацыйнай школы. А ўжо к 1956 г. колькасць школ амаль падвоілася. Палепшылася іх матэрыяльная база, узрос адукацыйны ўзровень настаўнікаў, практычна быў завершаны пераход да ўсеагульнага сямігадовага навучання, пашырылася сярэдняя адукацыя.
Далейшае развіццё агульнаадукацыйнай школы разглядалася як неабходная перадумова паслядоўнага ўздыму ўсёй навукі і культуры. Павышэнне якасці адукацыі звязвалася з правядзеннем рэформы, якая павінна была забяспечыць ажыццяўленне політэхнічнага навучання і працоўнага выхавання. Ужо з 1959/60 навучальнага года сямігадовыя школы былі пераўтвораны ў васьмігодкі, а сярэднія дзесяцігадовыя - у агульнаадукацыйныя адзінаццігадовыя. Васьмігадовае навучанне станавілася ўсеагульным. Аднак рэформа праводзілася непаслядоўна: у большасці школ узровень вытворчага навучання заставаўся нізкім, адсутнічалі адпаведныя навучальныя праграмы і кваліфікаваныя выкладчыцкія кадры. Паколькі прадугледжаныя рэформай планы ў цэлым не былі рэалізаваны, то з 1964 г. адзінаццацігадовыя школы пачалі зноў пераўтвараць у дзесяцігадовыя, а праз два гады прафесійная падрыхтоўка ў школах перастала быць абавязковай.
Новы этап перабудовы школьнай адукацыі разгарнуўся ў 1970-х гг. Спачатку на трохгадовы тэрмін навучання перайшла пачатковая школа. Затым была ўведзена ўсеагульная сярэдняя адукацыя, што можна разглядаць як значны крок у развіцці адукацыі ў цэлым. Між тым перамены ў грамадска-палітычным і сацыяльным жыцці другой паловы 80-х гг. ("перабудова") закранулі і сістэму адукацыі. Адметнай рысай канца 80-х гг. стала з'яўленне навучальных устаноў новага тыпу - гімназій і ліцэяў. Ужо ў 1990/91 навучальным годзе акрамя 5429 дзяржаўных агульнаадукацыйных школ (з іх 2647 сярэдніх) у рэспубліцы працавалі першыя 12 гімназій і 5 ліцэяў. Ва ўстановах ўсіх тыпаў навучалася 1 млн. 507,7 тыс. дзяцей.
Адносна паспяхова развівалася сістэма сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, што дазволіла палепшыць падрыхтоўку кадраў сярэдняга і вышэйшага звяна. Для дзяржаўнага кіраўніцтва гэтым працэсам у 1959 г. было створана Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Увага дзяржавы да гэтага сектара адукацыі, падмацаваная арганізацыйна і матэрыяльна, дазволіла павялічыць колькасць ССНУ са 107 у 1951 г. да 147 у 1990 г. Адпаведна колькасць навучэнцаў узрасла з 35 тыс. да 143,7 тыс. чалавек.
Развівалася і сетка ВНУ: за 1950-1990 гг. іх колькасць павялічылася з 29 да 33, а колькасць студэнтаў з 31,6 тыс. да 184,6 тыс. чалавек. Агульнапрызнаным цэнтрам універсітэцкай адукацыі ў рэспубліцы з'яўляўся Беларускі дзяржаўны універсітэт, на факультэтах якога ў 80-х гг. вучылася каля 15 тыс. студэнтаў. Буйным цэнтрам падрыхтоўкі інжынерных кадраў стаў Беларускі політэхнічны інстытут (зараз Беларуcкі нацыянальны тэхнічны універсітэт), у якім набывалі адукацыю звыш 27 тыс. студэнтаў. Агульны лік выпускнікоў рэспубліканскіх ВНУ ў 1990 г. ў параўнанні з 1950 г. вырас больш чым у 3 разы.
Аднак рост колькасных паказчыкаў не заўсёды суправаджаўся адпаведнымі якаснымі зменамі. Адметнай для Беларусі была дэнацыяналізацыя навучальна-выхаваўчага працэсу. Звязана гэта было з паступовым выцясненнем беларускай мовы і стратай нацыянальнай кампаненты ў сістэме адукацыі і выхавання ў цэлым. Безумоўна, тут праявіўся пэўны адбітак гістарычных фактараў. Аднак галоўная прычына каранілася ў той палітыцы русіфікацыі, актыўным правадніком якой да канца 80-х гг. быў ЦК КПБ. У рэспубліцы мэтанакіравана ўкараняўся тэзіс аб тым, што чым хутчэй адбудзецца зліццё моў (на карысць рускай мовы), тым хутчэй краіна наблізіцца да камунізму. Інтэн-сіўнае скарачэнне школ з беларускай мовай навучання, адсутнасць беларускамоўных навучальных устаноў сярэдняга звяна і ВНУ, выцясненне беларускай мовы з ўжытку ў дзяржаўных установах у спалучэнні з адпаведным выхаваннем і прапагандысцкім уздзеяннем сталі прычынамі нацыянальнага нігілізму, які нарастаў у беларускім грамадстве.
Значныя крокі ў сваім развіцці зрабіла беларуская навука. Вядучая роля тут належала Акадэміі навук БССР. Шэраг інстытутаў акадэміі распрацоўвалі самыя новыя перспектыўныя накірункі навукі ў асобных галінах фізікі, хіміі, матэматыкі. Акадэмічныя навукова-даследчыя падраздзяленні былі створаны ў абласных гарадах Беларусі, пабудаваны спецыяльныя навуковыя гарадкі для інстытутаў ядзернай энергетыкі, анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, інстытута земляробства. Адначасова ўмацоўвалася галіновая навука і навуковая база ВНУ, вучоныя якіх актыўна распрацоўвалі важныя тэарэтычныя і прыкладныя праблемы. З мэтай інтэграцыі навукі з вытворчасцю ў рэспубліцы былі створаны навукова-вытворчыя аб'яднанні. Сярод іх першым у СССР з 1974 г. стала аб'яднанне "МАЗ-БПІ".
|