Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 20 page


Date: 2015-10-07; view: 540.


 

Увага да навукі прыносіла свае вынікі. Дасягненні беларускіх навукоўцаў на шэрагу напрамкаў атрымалі прызнанне не толькі ў СССР, але і за мяжою. Працы ў галіне матэматыкі, оптыкі, спектраскапіі, паўправаднікоў і г. д. былі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. На працягу 50 першай паловы 80-х гг. прадстаўнікі беларускай навукі атрымалі 35 прэмій СССР і 57 Дзяржаўных прэмій БССР. Шэраг беларускіх навукоўцаў былі ўшанаваны званнем Героя Сацыялістычнай Працы.

 

Абнаўленчыя працэсы ў савецкім грамадстве сярэдзіны 50-х гг. садзейнічалі таксама ажыўленню беларускай літаратуры. Вярнуліся да творчасці былыя вязні сталінскіх лагераў С. Грахоўскі, А. Звонак, Я. Пушча, Я. Скрыган і інш. Працягвалі плённую працу пісьменнікі і паэты, імёны якіх асабліва загучалі ў пасляваенныя гады. У асяроддзі літаратараў пачало фарміравацца новае бачанне праблем савецкага грамадства і месца пісьменніка ў ім. Лаўрэатамі саюзных (Ленінскіх) сталі П. Броўка (зборнік паэзіі "А дні ідуць..."), I. Мележ (трылогія "Палеская хроніка"), М. Танк (зборнік вершаў "Нарачанскія сосны").

 

 

Быкаў Васіль Уладзіміравіч (1924 – 2003).

 

Шырока вядомай у СССР і за яго межамі стала творчасць В. Быкава. Яго аповесць "Трэцяя ракета" (1962) была ўшанавана Дзяржаўнай прэміяй БССР. Тэма вайны, адна з галоўных для беларускай прозы, раскрываецца ў творах пісьменніка праз трагічны лёс асобных людзей, якія часта аказваюцца перад маральным выбарам. Афіцыйным прызнаннем яго заслуг у савецкія часы сталі званні Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР.

 

 

Адметнай з'явай стала творчасць У. Караткевіча. Ён звярнуўся да новага для беларускай літаратуры жанру - гістарычнай прозы, які фактычна быў забаронены ў 30-40-х гг. На жаль, толькі пасля смерці таленавіты майстар беларускага слова, знайшоў афіцыйнае прызнанне: у 1984 г. за раман "Чорны замак Альшанскі" ён пасмяротна быў удастоены Дзяржаўнай прэміяй.

 

На працягу 60-80-х гг. да вядомых творцаў беларускай прозы і паэзіі годна далучыліся А. Адамовіч, Р. Барадулін, Г. Бураўкін, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч, А. Дудараў, С. Законнікаў, В. Іпатава, У. Някляеў, А. Разанаў, Б. Сачанка, I. Чыгрынаў, Я. Янішчыц і іншыя. Многія з іх заявілі аб сабе не толькі як літаратары, але як і грамадскія дзеячы, людзі актыўнай жыццёвай пазіцыі ў змаганні за нацыянальную культуру і дэмакратычныя перамены ў грамадстве. Іх уплыў на нацыянальна-культурнае развіццё краіны мог быць большы, калі б не русіфікатарская палітыка. У сярэдзіне 80-х гг. наклад беларускамоўных кніжных выданняў быў амаль у 10 разоў меншы, чым рускамоўных. Штучна стваралася незапатрабаванасць беларускамоўнай творчасці, што ператварылася ў адну з пагроз нацыянальнага развіцця.

Пытанні для самакантролю

Калі была ўведзена ўсеагульная сярэдняя адукацыя?

Чым увайшоў у гісторыю літаратуры Уладзімір Караткевіч?

70. Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы для Беларусі

 

У ноч з суботы на нядзелю 26 красавіка 1986 г. аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі (ЧАЭС) падзяліла гісторыю Беларусі на да і паслячарнобыльскі перыяды.

 

“Чарнобыльскі шлях” у Мінску - пратэст супраць утойвання наступстваў катастрофы.

 

Як высветлілася потым, аварыя мела глыбінныя прычыны, якія караніліся ў тэхнічным адставанні СССР і сур'ёзных праліках у развіцці атамнай энергетыкі. Непасрэдна 26 красавіка ў выніку непрадуманых дзеянняў дзяжурнай змены (суб'ектыўны фактар) пры наяўнасці слабасцей у канструкцыі рэактара і станцыі ў цэлым (аб'ектыўны фактар) адбыўся выбух на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС. Разбурэнне рэактара прывяло да выкіду ў паветра велізарнай колькасці радыеактыўных рэчываў, якія патокамі паветра сталі хутка распаўсюджвацца на велізарныя тэрыторыі.

 

 

Прадстаўнікі самых розных прафесій праявілі самаахвярнасць у першыя гадзіны і дні, не дапусцілі пашырэння маштабаў аварыі.

 

Першасны аналіз сітуацыі паказаў, што непасрэдна ад выбуху ўздзеянню радыяцыі падверглася паўднёвая частка Беларусі. Пазней тэрыторыя інтэнсіўнага забруджвання павялічылася ў раёнах Магілёўскай вобласці, але тут яна з'явілася пераважна ў выніку мэтанакіраванага асаджэння спецрэагентамі радыенуклідаў з радыеактыўных хмараў, якія рухаліся ў напрамку Масквы. У выніку на тэрыторыю Беларусі прыпала 70% усяго радыеактыўнага забруджвання. У гэтай зоне апынулася каля 2 млн. 100 тыс. чалавек (25% беларускага насельніцтва).

 

Між тым саюзныя і рэспубліканскія ўлады у першыя дні абралі тактыку ўмаўчання інфармацыі аб маштабах бяды і практычна замарудзілі арганізацыю дзеянняў, якія маглі б паменшыць адмоўныя вынікі для насельніцтва. На другі дзень пасля аварыі аб рэзкім павышэнні радыяцыйнага фону ў паветранай прасторы сваіх краінаў загаварылі прадстаўнікі Швецыі, Нарвегіі, Англіі і інш. Толькі пасля гэтага афіцыйныя СМІ СССР сціпла паведамілі аб аварыі, у выніку якой адбылося "некаторае павышэнне радыяцыйнага фону". І хаця памеры катастрофы станавіліся ўсё больш відавочнымі, беларускае кіраўніцтва (першы сакратар ЦК КПБ М. Слюнькоў) і падначаленыя яму ведамствы працягвалі хаваць ад насельніцтва праўду. У пачатковы перыяд аварыі кіраўніцтва рэспублікі нават адмовілася ад сродкаў, якія выдзяляў саюзны цэнтр для ліквідацыі гэтай бяды. Не звярнулася яно за дапамогай і да міжнароднай супольнасці.

 

Развіццё падзей прымусіла кіраўніцтва рэспублікі прыняць 4 мая 1986 г. рашэнне аб адсяленні насельніцтва з 30-кіламетровай зоны навокал ЧАЭС, у першую чаргу з Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў. Да канца года ў чыстыя месцы было адселена 27,7 тыс. чалавек, а на Украіне, дзе плошчы забруджвання былі значна меншыя, адсялілі каля 100 тыс. Да таго ж былі дапушчаны сур'ёзныя памылкі і пралікі ў справе арганізацыі работы, тэрмінах выканання, інфармавання насельніцтва, забеспячэння яго прасцейшымі сродкамі абароны ад радыяцыі, прыборамі кантролю і дазіметрыі, аховы маёмасці і г. д.

 

Падыходы да вынікаў аварыі пачалі мяняцца пасля першых альтэрнатыўных выбараў 1989 г. Вярхоўнага Савета БССР. Новы склад Савета зацвердзіў Дзяржаўную праграму ліквідацыі ў Беларускай ССР наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС на 1990-1995 гг., якую распрацаваў урад Беларусі.

 

У межах праграмы былі вызначаны дадатковыя захады па ахове здароўя насельніцтва: пачалося адсяленне ў чыстыя раёны яшчэ каля 100 тыс. чалавек, былі складзены і апублікаваны карты забруджанасці тэрыторыі рэспублікі, створаны Інстытут радыяцыйнай медыцыны і інш. Каб забяспечыць з боку дзяржавы сацыяльную падтрымку лю-дзей, якія пацярпелі ад аварыі, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь у 1991-1992 гг. прыняў некалькі новых законаў.

 

Намаганні новага кіраўніцтва Беларусі былі падтрыманы міжнароднымі арганізацыямі. Генеральная Асамблея ААН прыняла спецыяльную рэзалюцыю аб аказанні Беларусі міжнароднай дапамогі. Прыкладна ў гэты ж час беларускае кіраўніцтва, навукоўцы і грамадскасць рашуча і аргументавана выступілі супраць заяваў чыноўнікаў МАГАТЭ (Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі) аб нібыта завышаных ацэнках небяспекі радыяцыйнага ўздзеяння на здароўе людзей і забруджанасці навакальнага асяроддзя. Цень Чарнобыля ўскосна закранула аўтарытэт міжнароднга атамнага кансорцыума, які ў першую чаргу занепакоіўся аб сваёй будучыні. Невыпадкова дзеянні прадстаўнікоў МАГАТЭ ў публікацыях, у тым ліку замежных, расцэньваліся як змова міжнароднага атамнага лобі, яго нежаданне ў пэўнай ступені падзяліць адказнасць за тэхнагенную катастрофу, якая ў гіганцкіх маштабах змяніла стан прыроднага асяроддзя і зрабіла яго небяспечнай для чалавека.

 

У выніку аварыі небяспечнымі радыенуклідамі засмечана 23% тэрыторыі краіны: больш за 1/3 усяго вырваўшагася цэзія-137, які распаўсюджваецца праз прадукты харчавання і асядае ў мышачных тканках, выпала на Беларусь; 10% тэрыторыі ўтрымліваюць стронцый-90 і 2% - выключна небяспечныя ізатопы плутонія. Зараз каля 70% калектыўнай дозы апраменьвання насельніцтва Беларусі выклікана радыенуклідамі праз прадукты харчавання.

 

Аварыя разбурыла ўклад жыцця соцень тысяч людзей і нарадзіла пастаянны стрэс у насельніцтва. Забруджаныя раёны пакінулі 335 тыс. чалавек, ліквідавана 415 населеных пунктаў, 607 школаў і дашкольных устаноў, 97 бальніц.

 

Яна падарвала эканамічны патэнцыял краіны. У зоне забруджанасці знаходзіцца 47% унікальных фармовачных пяскоў, 91% пяскоў для вытворчасці шкла, 13% запасаў розных глінаў, 5 млн. кубаметраў будаўнічага пяску, гравію і гліны, 13,5 млн. т. торфу, 7,7 млн. т. мелу, прыпынена разведка тэрыторый, перспектыўных на газ і нафту ў аб'ёме, прыкладна, 52 млн. тон. Агульныя страты склалі 235 млрд. долараў ЗША, або 32 гадавых рэспубліканскіх бюджэты 1985 г.

 

Чарнобыль увайшоў у гісторыю не толькі як вынік грубых памылак людзей і недасканаласці сістэмы, але і як суровае папярэджанне чалавецтву. Ен высветліў яшчэ адну важную ісціну - неабходнасць праўдзівага інфармавання насельніцтва. Утойванне праўды стварае дадатковыя пагрозы.

Пытанні для самакантролю

Колькі насельніцтва Беларусі апынулася ў зоне радыёактыўнага забруджання?

Які ўрон эканоміцы Беларусі нанесла Чарнобыльская катастрофа?

71. Палітыка перабудовы ў СССР і нацыянальна-дэмакратычны рух на Беларусі

 

Другая палова 1980-х гг. увайшла ў гісторыю СССР спробай сур'ёзных рэформаў, усебаковага абнаўлення грамадства, якія атрымалі назву "палітыкі перабудовы". Да гэтага часу праявы застою ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны станавіліся ўсё больш відавочнымі і пагражалі перарасці ў агульнадзяржаўны крызіс. Жыццёвы ўзровень насельніцтва СССР быў непараўнальна ніжэйшы, чым у краінах Захаду. А да таго ж савецкі рэжым рэзка крытыкаваўся за парушэнне правоў чалавека і адсутнасць дэмакратыі.

 

Ініцыятары перабудовы на чале з Генеральным сакратаром ЦК КПСС М. Гарбачовым першапачаткова разлічвалі вывесці краіну з паласы застою пад лозунгам удасканальвання сацыялізму, не закранаць істотна асноў сістэмы. Выйсце бачылася ў паскарэнні эканамічнага развіцця краіны, паколькі менавіта эканамічныя праблемы найбольш адчувальна ўплывалі на настроі грамадства ў цэлым. М. Гарбачоў і яго калегі (М. Якаўлеў, Э. Шэварднадзе і інш.) адмовіліся ад шматлікіх дагматаў і прымхаў камунізму ў сацыяльна-эканамічнай сферы.

 

Канкрэтным праяўленнем новых падыходаў у эканоміцы стаў перавод з 1987 г. прадпрыемстваў і аб'яднанняў на гаспадарчы разлік і самафінансаванне. На гэтыя ўмовы ў Беларусі з 1988 г. перайшлі прамысловасць, аграпрамысловы комплекс, транспарт, большасць будаўнічых арганізацый. У 1989-1991 гг. былі прыняты законы СССР аб кааперацыі, аб уласнасці, аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці, аб сялянскай гаспадарцы, аб арэндзе і арэндных адносінах, аб зямлі і інш. Узнікненне розных формаў уласнасці і гаспадарання сведчыла аб паступовым укараненні элементаў рыначнай эканомікі.

 

Аднак перабудова эканамічных і сацыяльных адносінаў не магла ісці ў адрыве ад рэфармавання грамадска-палітычнай сферы. Адміністрацыйна-камандная сістэма, якая склалася за гады савецкай улады, аказалася слабаўспрымальнай да пераменаў. Менавіта яна была ядром так званага "механізма тармажэння". Але нават на гэтым фоне ў параўнанні з суседнімі рэспублікамі БССР выглядала адной з самых кансерватыўных. Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва Беларусі дэманстравала прыхільнасць да захавання старой сістэмы і ціхае супрацьдзеянне рэформам.

 

Між тым, у Маскве, на Украіне, у Прыбалтыйскіх рэспубліках шырокія колы інтэлігенцыі рэфарматарскія захады Гарбачова разумелі як адыход ад таталітарнага рэжыму, распачалі інтэнсіўны перагляд ідэалагічных установак, афіцыйнай канцэпцыі гісторыі міжнацыянальных і міжнародных адносін. У грамадска-палітычную практыку ўкараніліся прынцыпы галоснасці (пераадоленне цэнзуры і закрытасці дзеянняў уладных структуп), палітычнага і светапогляднага плюралізму.

 

Дэмакратызацыя грамадскага жыцця на Беларусі пачалася з узнікнення нефармальных аб'яднанняў і клубаў па інтарэсах. Было для іх характэрна, гэта імкненне да дэмакратычных пераменаў. Рух за дэмакратыю станавіўся сінонімам перабудовы.

 

Частка грамадскіх аб'яднанняў асноўным напрамкам сваёй дзейнасці абрала захаванне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры: "Талака" і "Тутэйшыя" ў Мінску, "Паходня" ў Гродне, "Узгор'е" ў Віцебску, "Талака" ў Магілёве, "Край" у Брэсце і інш. На аснове такіх груповак у другой палове 1980-х гг. на Беларусі ўнутры агульнага руху за дэмакратыю стала фарміравацца беларуская нацыянальна-дэмакратычная плынь.

 

Пэўная палітызацыя грамадскіх клубаў і аб'яднанняў у значнай ступені была выклікана не толькі агульным кансерватызмам кіраўніцтва БССР, але і яго нежаданнем улічваць рэальны стан беларускай мовы, у якім яна апынулася за папярэднія гады. Яшчэ ў снежні 1986 г. 28 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі накіравалі на імя М. Гарбачова ліст, у якім звярталася ўвага на неабходнасць развіцця беларускай мовы і адраджэння беларускай культуры. У адказ кіраўніцтва рэспублікі заявіла, што праблема надуманая і не вартая ўвагі. А між іншым, па перапісу 1979 г. каля 60% беларусаў прызнавалі сваёй роднай мовай беларускую і ў якасці другой роднай мовы называлі рускую. У выніку беларускамоўнае пытанне стала набываць палітычную афарбоўку і напрыканцы 1980-х гг. заняло важнае месца ў дзейнасці шэрагу грамадскіх аб'яднанняў, якія паступова сталі афармляцца ў апазіцыю КПСС-КПБ.

 

 

Лідэр Беларускага народнага фронту Зянон Пазняк і першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Яфрэм Сакалоў на мітынгу, арганізаваным БНФ (1990 г.).

 

Першым за глыбокае абнаўленне беларускай рэчаіснасці з пазіцый нацыянальнага адраджэння выказаўся Беларускі народны фронт (БНФ). Устаноўчы з'езд БНФ быў праведзены ў чэрвені 1989 г. у Вільні. У прынятай праграме "Адраджэньне за перабудову" адзначалася неабходнасць забеспячэння рэальнага суверэнітэту Беларусі і надання беларускай мове статуса дзяржаўнай.

 

Амаль адначасова з афармленнем БНФ узнікалі іншыя групоўкі, камітэты, а пазней і палітычныя партыі. У чэрвені 1989 г. было заснавана Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. У аснову дзейнасці ТБМ была пакладзена тлумачальна-асветніцкая і адукацыйная праца. У сакавіку 1991 г. адбыўся устаноўчы з'езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ), узнік шэраг іншых партый. Пры наяўнасці істотных разыходжанняў у мэтах і задачах, партыі ў сваіх праграмах і дзейнасці важнае месца адводзілі пытанням адраджэнскага характару.

 

26 студзеня 1990 г. Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў закон "Аб мовах у Беларускай ССР", паводле якога беларуская мова юрыдычна была зацверджана ў якасці адзінай дзяржаўнай (за рускай мовай пакідаўся статус мовы міжнацыянальных зносін), а 27 ліпеня 1990 г. - закон "Аб культуры ў Беларускай ССР".

 

Абуджэнне нацыянальнай свядомасці грамадзян і асабліва прыняцце закона аб мовах у БССР актывізавалі на пачатку 90-х гг. як прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння, так і яго праціўнікаў. І хаця нацыянальна-дэмакратычны рух на Беларусі не набыў такога размаху як у суседніх рэспубліках, сувязь паміж палітыка-прававымі зменамі дэмакратычнага характару і беларускім адраджэннем станавілася ўсё больш відавочнай.

Пытанні для самакантролю

Што такое “галоснасць” і “светапоглядавы плюралізм”?

Якія галоўныя патрабаванні выказаў БНФ у момант свайго стварэння?

 

 

ІХ. РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ

Крызіс СССР як унітарнай дзяржавы.

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР

Дасягненне незалежнасці Беларусі.

Дэнансацыя саюзнага дагавора 1922 г. і ўтварэнне СНД

Дзяржаўнае будаўніцтва.

Грамадска-палітычнае жыццё Рэспублікі Беларусь

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь:

асноўныя напрамкі і вынікі

Незалежная Беларусь на міжнароднай арэне

Паскарэнне гуманітарнага развіцця

72. Крызіс СССР як унітарнай дзяржавы.

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР

 

Распачатая ў сярэдзіне 1980-х гг. перабудова стварыла прынцыпова новую сітуацыю ў грамадска-палітычнам і духоўным жыцці, але яна не спыніла спаўзанне СССР да крызісу. Больш таго, крызіс стаў сістэмным, ён ахапіў увесь сацыялістычны лагер.

 

У канцы 80 - пачатку 90-х гг. па краінах Усходняй Еўропы прайшла рэвалюцыйная хваля, агульны характар падзей якой можна вызначыць так: гэта былі антытаталітарныя масавыя рухі, якія прывялі да падзення старых дзяржаўна-партыйных правячых структур. Галоўным лозунгам гэтых рухаў было аднаўленне дэмакратычных свабод і барацьба за правы чалавека.

 

М. Гарбачоў адмовіўся ад традыцыі падаўляць сілай антыкамуністычныя масавыя выступленні ў краінах Усходняй Еўропы. Перабудова ў СССР, аслабленне пазіцыі КПСС рабілі немагчымым імперскія дзеянні ў адносінах з іншымі краінамі. Менавіта гэты аспект палітыкі, звязанай з імем М. Гарбачова, стаў асноўным пры прысуджэнні яму Нобелеўскай прэміі міру за 1990 г.

 

Рэвалюцыйная хваля на мяжы 80-90-х гг. у кожнай з краін Усходняй Еўропы мела свае асаблівасці. У адных яна ішла мірна, у другіх суправаджалася, на жаль, людскімі стратамі. Авангардную ролю адыграла інтэлігенцыя і студэнцкая моладзь. Пачалася з Польшчы, дзе кіраўніцтва ПАРП на пачатку 1989 г. было вымушана сесці за стол перамоў, летам таго ж года на першых свабодных парламенцкіх выбарах ПАРП пацярпела паражэнне, і ў краіне распачаўся дэмантаж сацыялізму. Потым прыйшла чарга ГДР, насельніцтва якой востра перажывала раскол Германіі. 9 лістапада адбылася кульмінацыя так званай "кастрычніцкай" рэвалюцыі - разбурэнне і поўная ліквідацыя "Берлінскай сцяны", як сімвалу падзелу Германіі. У лістападзе 1989 г. адбылася "аксамітная" або "пяшчотная" рэвалюцыя ў Чэхаславакіі. У канцы года адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх атрымаў перамогу вядомы дысідэнт В. Гавел. Чэхаславацкая федэрацыя з 1 студзеня 1993 г. перастала існаваць, уступіўшы месца Чэшскай і Славацкай Рэспублікам.

 

Крывавы характар набылі падзеі ў Румыніі, якая з'яўлялася "востравам таталітарызму". Народнае паўстанне ў снежні 1990 г. закончылася арыштам і расстрэлам Н. Чаўшэску.

 

У СССР назіралася падзенне аўтарытэту і ўплыву саюзнага кіраўніцтва, пастановы і рашэнні якога ўсё часцей ігнараваліся ўрадамі саюзных рэспублік. Партыйна-палітычнае кіраўніцтва шэрагу рэспублік паступова станавілася на шлях адкрытага супрацьстаяння інтарэсаў сваіх краін і рэгіёнаў так званым агульнасаюзным інтарэсам. Усё больш відавочным і адчувальнным станавілася разбалансаванне ўсёй палітычнай сістэмы і паступовая страта манаполіі КПСС на ўладу.

 

Асабліва рэзка, у пэўнай ступені нечакана для савецкага кіраўніцтва, у другой палове 1980-х гг. абвастрылася нацыянальная праблема. Праявіўся крызіс той сістэмы міжнацыянальных адносін, якая стваралася і замацоўвалася ў СССР на працягу дзесяцігоддзяў. Заключаны ў 1922 г. дагавор аб утварэнні Саюза ССР грунтаваўся на ідэі федэратыўнага суполь-ніцтва савецкіх рэспублік. Ён пакідаў за яго ўдзельнікамі даволі шырокія правы. Аднак шэраг фактараў прывялі з цягам часу да пераўтварэння саюзнай федэрацыі ва ўнітарную дзяржаву, для якой характэрны абсалютызацыя ўлады адзінага палітычна-адміністрацыйнага цэнтра. Правы рэспублік, якія складалі федэрацыю, станавіліся ўсё больш абмежаванымі.

 

Пагаршэнне эканамічнага становішча і дэстабілізацыя палітычнай сістэмы СССР у спалучэнні з сур'ёзнымі памылкамі і пралікамі КПСС у час перабудовы паскорылі цэнтрабежныя тэндэнцыі. У канцы 1980-х гг. шэраг рэспублік - Латвія, Літва, Эстонія - адкрыта паставілі пытанне аб выхадзе з Саюза (у верасні 1991 г. іх патрабаванне было афіцыйна задаволена). Абвастрыліся адносіны не толькі на агульнасаюзным, але і на міжрэспубліканскім узроўні і нават унутры асобных рэспублік. Справа пагражала (і даходзіла!) да ўзброеных міждзяржаўных і міжэтнічных сутычак. Паміж Азербайджанам і Арменіяй яны перараслі ў буйнамаштабныя баявыя дзеянні.

 

Перад кіраўніцтвам Савецкага Саюза паўстала праблема выбару формаў і спосабаў рэагавання ў склаўшайся сітуацыі. Нягледзячы на асобныя спробы выкарыстання сілавых метадаў, прыярытэт быў аддадзены пошуку цывілізаваных прававых шляхоў. У красавіку 1990 г. быў прыняты закон "Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб'ектамі федэрацыі", які значна пашыраў правы саюзных рэспублік. На парадак дня ставілася падрыхтоўка новага саюзнага дагавора.

 

Аднак спадзяванні паправіць становішча не спраўдзіліся: недавер да цэнтра і супярэчнасці паміж асобнымі рэспублікамі нарасталі. Асабліва адчувала гэта Расія, якая была ядром Саюза, якую абвінавачвалі ў імперскіх імкненнях. У варунках нарастаючых супярэчнасцяў расійскае кіраўніцтва пайшло на неардынарны крок: 12 чэрвеня 1990 г. быў абвешчаны дзяржаўны суверэнітэт Расійскай Федэрацыі. Крыху пазней, 16 ліпеня, аб сваім суверэнітэце заявіла Украіна. Атрымалася так, што пасля гэтага толькі Беларусь юрыдычна яшчэ прытрымлівалася нормаў саюзнага дагавора.

 

Пытанне аб суверэнітэце Беларусі неаднаразова ўздымалася прадстаўнікамі розных колаў і грамадскіх аб'яднанняў. Яно было вырашана 27 ліпеня 1990 г. У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР урачыста прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР.

 

Згодна Дэкларацыі, Беларусь - "суверэнная дзяржава, якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу" (арт. 1). Вышэйшай мэтай суверэнітэту прызнавалася забеспячэнне свабоднага развіцця і дабрабыту грамадзян рэспублікі. Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ.

 

У адпаведнасці са зместам Дэкларацыі з дня яе прыняцця на тэрыторыі рэспублікі абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў Беларускай ССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных зносінах. Па сутнасці гэта азначала спыненне дзейнасці на Беларусі саюзных законаў.

 

Абвяшчэнне суверэнітэту не было накіравана на разрыў шматбаковых сувязяў з іншымі рэспублікамі. Наадварот, у канцы 1990 г. і пачатку 1991 г. былі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве Беларусі ў розных сферах з Расіяй, Украінай і Казахстанам. Перазаключэнне дагавораў паміж рэспублікамі сведчыла аб ускосным юрыдычным прызнанні ўрадамі ўжо суверэнных краін недзейснасці саюзнага дагавора 1922 г.

Пытанні для самакантролю

Якія краіны выйшлі першымі са складу СССР?

Хто раней абвясціў дзяржаўны суверэнітэт: Беларусь ці Украіна?

73. Дасягненне незалежнасці Беларусі.

Дэнансацыя саюзнага дагавора 1922 г. і ўтварэнне СНД

 

У сувязі з нарастаннем "рэвалюцыі суверэнітэтаў" паўстала пытанне аб самім існаванні СССР, вырашэнне якога ажыццяўлялася метадам пошуку і памылак. М. Гарбачоў настаяў на правя-дзенні ў сакавіку 1991 г. рэферэндума па праблеме захавання СССР. Аднак пытанне для рэферэндума было пастаўлена так, што будучае Саюза магло быць толькі ў форме федэрацыі, да таго ж сацыялістычнай. Афіцыйна ў рэферэндуме прынялі ўдзел 9 рэспублік (за выключэннем Літвы, Латвіі, Эстоніі, Грузіі, Арменіі, Малдовы). Усяго са 196 млн. дарослых жыхароў СССР галасавала 111,3 млн., з якіх 57% выказалася за захаванне СССР. У канцы красавіка ў падмаскоўнай рэзідэнцыі Нова-Агарова было падпісана пагадненне Прэзідэнта СССР і вышэйшых асоб дзевяці рэспублік ("9 + 1") аб хутчэйшым заключэнні новага саюзнага дагавора. Сам апублікаваны праект некалькі разоў мяняўся і насіў кампрамісны характар. Галоўнае ў ім было тое, што на працягу 6 месяцаў пасля падпісання дагавора павінны быць праве-дзены новыя выбары вышэйшых органаў Саюза. Разам з тым ўмацоўвалася структура ўлады ў Расійскай Федэрацыі. 12 чэрвеня 1991 г. Б. Ельцын усеагульным прамым галасаваннем быў абраны прэзідэнтам Расіі.

 

Распад СССР паскорылі падзеі, якія адбыліся ў Маскве з 18 па 21 жніўня 1991 г. Падчас адпачынку Прэзідэнта СССР у Крыме група вышэйшых дзяржаўных асоб (Г. Янаеў - віцэ-прэзідэнт СССР, В. Паўлаў - прэм'ер-міністр СССР, Б. Пуга - міністр унутраных спраў СССР, В. Кручкоў - старшыня КДБ СССР і інш.) стварылі Дзяржаўны камітэт па надзвычайнаму становішчу, абвясцілі аб хваробе М. Гарбачова і пераходзе ўсёй улады ў свае рукі. Партыйнае кіраўніцтва спрабавала з дапамогай войскаў і КДБ падавіць дэмакратычныя рухі і аднавіць таталітарны рэжым у СССР.

 

У БССР дзейнасць змоўшчыкаў падтрымалі Магілёўскі, Гродзенскі, Брэсцкі абкомы КПБ, а ЦК нават забараніў выхад газеты "Знамя юности", якая актыўна падтрымлівала перабудову. Толькі Мінскі гарадскі Савет народных дэпутатаў асудзіў пераварот і апазіцыя, якая па прыкладу Масквы правяла ў Мінску дэманстрацыю і мітынг.

 

Пралік арганізатараў перавароту заключаўся ў неда-ацэнцы актыўнасці дэмакратычных сіл і рашучасці асабіста Б. Ельцына да супрацьдзеянняў.

 

Б. Ельцын як прэзідэнт Расіі абвінаваціў кіраўніцтва КПСС у спробе дзяржаўнага перавароту і сваім указам забараніў дзейнасць кампартыі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Гэта таксама быў своеасаблівы дзяржаўна-палітычны пераварот. Кіруючая партыя не толькі адхілялася ад улады, але і ўвогуле была ліквідавана.

 

У Мінску група з 25 дэпутатаў (большасць з апазіцыі) прапанавала склікаць 5-ю нечарговую сесію Вярхоўнага Савета БССР. 25 жніўня на ёй быў прыняты Закон "Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР "Аб дзяржаўным суверэнітэце БССР" і пастанова "Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР". Ва ўласнасць Беларусі перайшла агульнасаюзная маёмасць. Таксама пачаўся працэс дэпартызацыі, а дзейнасць КПБ - КПСС прыпынялася. На пасяджэнні Вярхоўнага Савета Прэм'ер-міністр Беларусі В. Кебіч заявіў, што прыпыняе членства ў КПСС разам з усім Кабінетам Міністраў.

 

З 17 па 19 верасня адбылася 6-я нечарговая сесія Вярхоўнага Савета, на якой разглядаўся Закон "Аб назве БССР". Дэпутаты прынялі рашэнне перайменаваць БССР у Рэспубліку Беларусь, а ў скарочаных назвах - "Беларусь". У той жа дзень зацвердзілі законы "Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь", "Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь". Старшынёй Вярхоўнага Савета на альтэрнатыўнай аснове быў выбраны прафесар фізікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта С. Шушкевіч. Так у гісторыі Беларусі пачаўся новы этап незалежнай Рэспублікі Беларусь.

 

Што датычыцца лёсу Саюза ССР, то ў пачатку верасня 1991 г. пачаў работу V з'езд народных дэпутатаў СССР. 5 верасня ён прыняў канстытуцыйны закон аб уладзе ў пераходны перыяд, а затым здаў свае паўнамоцтвы Дзяржаўнаму Савету СССР. Новы Вярхоўны Савет стварыць не атрымалася, бо некаторыя рэспублікі накіравалі туды сваіх прадстаўнікоў з правамі назіральнікаў.

 

Дзяржсавет 9 верасня 1991 г. афіцыйна прызнаў незалежнасць Прыбалтыйскіх дзяржаў: Літвы, Латвіі, Эстоніі. Праз некалькі дзён яны былі прыняты ў ААН. СССР скараціўся да 12 рэспублік. Прэзідэнт М. Гарбачоў паспрабаваў замацаваць Саюз на аснове новага пагаднення. 14 лістапада ва ўрадавай рэзідэнцыі ў Нова-Агарова (пад Масквой) сем рэспублік (Расія, Беларусь, Азербайджан, Казахстан, Кыргызтан, Туркменістан, Таджыкістан) заявілі аб намеры стварыць Садружнасць Суверэнных Дзяржаў (ССД) і да 25 лістапада зацвердзіць новы саюзны дагавор. Але гэтага не адбылося, бо ўсе чакалі выніку рэферэндума аб незалежнасці Украіны, прызначанага на 1 снежня. Большасць жыхароў гэтай рэспублікі выказаліся за выхад з СССР. Лёс Саюза быў вырашаны.

 

Станіслаў Шушкевіч

 

8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы, у рэзідэнцыі "Віскулі" (пад Брэстам) кіраўнікі Беларусі (С. Шушкевіч), Расійскай Федэрацыі (Б. Ельцын), Украіны (Л. Краўчук) падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаў (СНД). У ім абвяшчалася, што СССР як суб'ект міжнароднага права спыніў сваё існаванне. Тры дзяржавы аб'ядналіся ў СНД і запрасілі ўступаць у Садружнасць новыя дзяржавы былога СССР. У хуткім часе кіраўнікі сярэднеазіяцкіх рэспублік і Казахстана заявілі ў Ашгабаце аб намеры далучыцца да СНД. 21 снежня адбылася алмаацінская сустрэча "брэсцкай тройкі", "ашгабацкай пяцёркі" і Арменіі. На ёй была прынята Дэкларацыя аб канчатковым спыненні існавання СССР і ўрэгуляванні звязаных з гэтым праблем. Да канца 1991 г. да СНД далучыліся таксама Малдова і Азербайджан.

 

 

25 снежня 1991 г. М. Гарбачоў падпісаў указ аб спыненні выканання ім функцыі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і заявіў аб сваім зыходзе з пасады Прэзідэнта СССР. У той жа вечар з вежы Вялікага Крамлёўскага палаца быў спушчаны сцяг СССР і ўзняты адноўлены сцяг Расіі.

 

Такім чынам, незалежнасць Рэспублікі Беларусь была атрымана не столькі ў выніку ўнутранага нацыянальнага руху, колькі ў выніку распаду СССР. Таму нацыянальная свядомасць беларусаў, з аднаго боку, атрымала ўнутраны ўздым, а з другога - пачуццё трывогі і заклапочанасці аб уласным лёсе.


<== previous lecture | next lecture ==>
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 19 page | Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 21 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.565 s.