|
Балты і славяне на тэрыторыі сучаснай Беларусі 21 pageDate: 2015-10-07; view: 462. Пытанні для самакантролю Якія наступствы меў жнівеньскі путч 1991 г.? Якія рэспублікі 8 снежня 1991 г. дэнансавалі Саюзны дагавор 1922 г.? 74. Дзяржаўнае будаўніцтва. Грамадска-палітычнае жыццё Рэспублікі Беларусь
Працэс станаўлення суверэннай беларускай дзяржавы паскорыўся пасля падаўлення жнівеньскага путчу 1991 г. у Маскве. Функцыі, якія раней належалі Палітбюро ЦК КПСС у Маскве, перайшлі да Вярхоўнага Савета РСФСР. Як і ў Расіі, на Беларусі дзейнасць кампартыі была забаронена, а ўся ўлада фактычна перайшла да Вярхоўнага Савета і ўрада БССР. Усе арганізацыі, установы і прамысловыя прадпрыемствы, якія размяшчаліся ў рэспубліцы і знаходзіліся ў саюзным падпарадкаванні, былі аб'яўлены маёмасцю Беларусі. Пачаўся працэс фарміравання ўласных органаў кіравання, інстытутаў і атрыбутаў незалежнай дзяржавы.
Моцныя змяненні зазнала сістэма органаў дзяржаўнай улады і кіравання. У жніўні 1991 г. саюзна-рэспубліканскае Міністэрства ўнутраных спраў БССР стала рэспубліканскім Міністэрствам унутраных спраў. КДБ БССР таксама стаў рэспубліканскім ведамствам і перайшоў у падпарадкаванне Вярхоўнага Савета БССР. На пачатку 1992 г. распачало сваю дзейнасць Галоўнае ўпраўленне пагранічных войскаў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. За кароткі тэрмін Упраўленне стварыла новыя пагранатрады і правяло работу па ўмацаванні пагранзастаў, а на мяжы з Літвой і Латвіяй яны былі створаны нанава. У верасні 1991 г. Вярхоўным Саветам была прынята пастанова "Аб мытнай службе Рэспублікі Беларусь", быў створаны Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь.
Як вядома, адным з найважнейшых інстытутаў незалежнай дзяржавы з'яўляецца ўласнае войска - гарант яе бяспекі і самастойнасці. 20 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў пастанову "Аб стварэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь". У сакавіку 1992 г. пачало дзейнічаць Міністэрства абароны. Усе часці і падраздзяленні Беларускай ваеннай акругі, якія не ўваходзілі ў склад стратэгічных сіл СНД, перайшлі ў падначаленне Міністэрства абароны Рэспублікі. Ваенная дактрына, якая была распрацавана ў 1992 г., дэкларавала імкненне Беларусі стаць бяз'ядзернай дзяржавай. Прадугледжвалася скарачэнне 130-тысячнай арміі прыкладна ўдвая.
Новую ролю стала адыгрываць Міністэрства замежных спраў Беларусі, ранейшае існаванне якога было хутчэй фармальнасцю, чым неабходнасцю. Яно распачало працу па ўстанаўленні дыпламатычных адносін з іншымі краінамі свету.
Важнай праявай суверэнітэту беларускай дзяржавы стала фарміраванне ўласнай грашовай сістэмы. У абарачэнне былі ўведзены разліковыя білеты Нацыянальнага банка Беларусі, якія ў народзе назвалі "зайцамі" (на іх былі размешчаны малюнкі жывёльнага свету Беларусі). Першапачаткова яны мелі паралельнае хаджэнне з грашыма старога, яшчэ савецкага ўзору, а з 1995 г. сталі адзіным плацёжным сродкам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
На працягу 1992-1994 гг. Вярхоўны Савет стаў арэнай жорсткай фракцыйнай палітычнай барацьбы па пытаннях эканамічнага жыцця, вызначэння палітычнага ладу дзяржавы, будучага дагавора з Расіяй.
Новы статус беларускай дзяржавы, а таксама яе палітычны лад, складванне якога адбывалася на пачатку 90-х гг., патрабавалі афармлення і заканадаўчага замацавання ў Канстытуцыі, падрыхтоўку якой было даручана Канстытуцыйнай камісіі. У Вярхоўным Савеце разгарэўся канфлікт паміж апазіцыяй, якую прадстаўлялі пераважна дэпутаты ад БНФ, і большасцю парламентарыяў, што падтрымлівалі Прэм'ер-міністра В. Кебіча па пытанні аб прэзідэнцтве. Апазіцыя імкнулася зменшыць значэнне пасады Кіраўніка дзяржавы. На яе думку, палітычная традыцыя Беларусі патрабавала парламенцкага кіравання. Апазіцыя прапанавала, каб Прэзідэнт абіраўся Вярхоўным Саветам. Праўрадавая большасць імкнулася да рэдакцыі Канстытуцыі, дзе будучы прэзідэнт надзяляўся б правамі поўнага кантролю за выканаўчай уладай. Урад В. Кебіча і дэпутацкія групы, якія яго падтрымлівалі, атрымалі перавагу ў палітычнай барацьбе. У студзені 1994 г. дэпутаты адклікалі С. Шушкевіча з пасады Старшыні Вярхоўнага Савета. На гэту пасаду быў абраны Мечыслаў Грыб, пад яго кіраўніцтвам была хутка завершана падрыхтоўка новай Канстытуцыі.
15 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў новую Канстытуцыю - Асноўны закон Рэспублікі Беларусь. Паводле Канстытуцыі, Беларусь абвя-шчалася унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. У Рэспубліцы ўводзілася пасада Прэзідэнта. Ні парламент, ні Прэзідэнт не атрымалі рашучай перавагі ва ўладных паўнамоцтвах. Выбары першага Прэзідэнта былі пры-значаны на 10 чэрвеня 1994 г.
Кандыдатамі на пасаду Прэзідэнта былі вылучаны 6 чалавек: А. Дубко, В. Кебіч, А. Лукашэнка, В. Новікаў, З. Пазняк, С. Шушкевіч. Шырокую падтрымку сярод грамадзян знайшла перадвыбарная праграма А. Лукашэнкі. У ёй акцэнт рабіўся на сацыяльную справядлівасць, навядзенне парадку, барацьбу з карупцыяй, павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, збліжэнне з Расіяй. Важным фактарам поспеху А. Лукашэнкі сталі яго здольнасці як сацыяльнага аратара.
Пераможцам першага тура выбараў 19 чэрвеня стаў А. Лукашэнка, які набраў 45% галасоў. В. Кебіча, хаця ён і выйшаў у другі тур, падтрымала толькі 17,4% выбаршчыкаў. У наступным туры выбараў 10 ліпеня амаль 80% выбаршчыкаў першым Прэзідэнтам Беларусі абралі А. Лукашэнку.
Лукашэнка Аляксандр Рыгор'евіч (н. 1954)
З мэтай забеспячэння эфектыўнасці дзяржаўнай палітыкі Прэзідэнтам было праведзена рэфармаванне сістэмы выканаўчай улады. У пачатку 1995 г. была створана падпарадкаваная Прэзідэнту скразная вертыкальная структура, якая ўключала выканаўчыя і распарадчыя органы як у цэнтры, так і на месцах, т. зв. "вертыкаль" - строга цэнтралізаваная сістэма дзяржаўнага кіравання.
Між тым у грамадстве працягваліся палітычныя рознагалоссі і барацьба. Важным этапам барацьбы паміж урадавымі коламі і апазіцыяй сталі парламенцкія выбары, прызначаныя на 14 мая 1995 г. Для ўдзелу ў выбарах апазіцыйныя партыі БНФ, БСДГ, АДПБ арганізавалі перадвыбарны блок, аднак перамагчы на выбарах не здолелі.
Прэзідэнт ініцыяваў правядзенне ў адзін дзень з парламенцкімі выбарамі рэспубліканскага рэферэндуму. Па ўсіх чатырох пытаннях: аб наданні рускай мове роўнага статусу з беларускай; аб увядзенні новых Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; аб адабрэнні дзеянняў Прэзідэнта, накіраваных на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй; аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжвалі магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі - Прэзідэнт атрымаў падтрымку грамадзян.
У чэрвені 1996 г. Прэзідэнт унёс у Вярхоўны Савет прапанову аб рэферэндуме па пытаннях, якія датычыліся ў тым ліку і артыкулаў, замацаваных у Канстытуцыі: аб перанясенні нацыянальнага свята з 27 ліпеня (Дзень абвяшчэння суверэнітэту ў 1990 г.) на 3 ліпеня (Дзень вызвалення Мінска Чырвонай Арміяй у 1944 г.), аб свабодным абароце зямлі, аб адмене смяротнага пакарання, аб рэарганізацыі парламента, аб тэрміне паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы.
Ва ўмовах абвостранай канфрантацыі ў грамадстве, спроб апазіцыі сарваць рэферэндум, а таксама няўдалай спробы правесці Вярхоўным Саветам 20 лістапада працэдуру імпічмента Прэзідэнту, 24 лістапада 1996 г. адбыўся другі рэспубліканскі рэферэндум. З 7,4 млн. чалавек, якія мелі права у ім удзельнічаць, прагаласавалі каля 6,2 млн. чалавек. За прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прагаласавалі каля 5,2 млн. чалавек, ці 70,45% грамадзян, унесенных у спісы для галасавання.
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Беларусь ператваралася ў прэзідэнцкую рэспубліку з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт з'яўляецца гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Выканаўчую ўладу ўзначальвае Прэм'ер-міністр Урада. Новая рэдакцыя Канстытуцыі пашырыла правы і паўнамоцтвы Савета Міністраў. Замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета з 260 дэпутатамі быў сфарміраваны двухпалатны парламент - Нацыянальны сход, які з гэтага часу складаецца з Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў: выбіраюцца насельніцтвам) і Савета Рэспублікі (па 8 чалавек выбіраюцца ад кожнай вобласці і г. Мінска і 8 чалавек прызначаюцца Прэзідэнтам).
Апазіцыя спрабавала аспрэчыць новыя палітычныя рэаліі, аднак з цягам часу палітычная сітуацыя ў краіне набыла адносную стабільнасць. Пытанні для самакантролю Хто з беларускіх палітыкаў кіраваў прыняццем Канстытуцыі 1994 г.? Як вырашылася пытанне аб дзяржаўнай мове ў Беларусі падчас рэферэндума 1995 г.? 75. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь: асноўныя напрамкі і вынікі
Самастойнае развіццё незалежная Беларусь пачынала ва ўмовах распаду сістэмы, якая трымалася на адміністрацыйна-камандных метадах упраўлення. Пасля набыцця суверэнітэту Беларусь, як і іншыя былыя савецкія рэспублікі, абрала курс пераходу да рынкавых адносінаў. Аб гэтым было заяўлена ў кастрычніку 1990 г., калі Вярхоўны Савет зацвердзіў урадавую праграму пераходу да рыначнай эканомікі. Агульнасаюзны крызіс і развал СССР яшчэ больш абвастрыў эканамічнае становішча на Беларусі. З боку былых саюзных партнёраў рэзка скараціліся пастаўкі разна-стайнай прадукцыі, якая была неабходна для беларускай прамысловасці, нарастала інфляцыя, узнік таварны голад на спажывецкім рынку, сталі зніжацца паказчыкі развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
Праграма пераходу да рынку прадугледжвала ў першую чаргу стварэнне на Беларусі прыватнага сектара эканомікі. У верасні 1991 г. Савет Міністраў прыняў адпаведную пастанову, якая дазволіла прыватызацыю дзяржаўнай уласнасці. Да канца 1992 г. ва ўласнасць працоўных калектываў і асобных уладальнікаў перайшло 190 прадпрыемстваў. Замацаванню новых формаў уласнасці садзейнічаў закон 1993 г. "Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь", на аснове якога была распрацавана Дзяржаўная праграма раздзяржаўлення і прыватызацыі. Яе ажыццяўленне было разлічана на пяць гадоў.
Новае заканадаўства стварыла прававую базу для дзейнасці сумесных беларуска-замежных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, якія цалкам належалі замежным уласнікам. За 1991-1995 гг. колькасць сумесных прадпрыемстваў (СП) узрасла з 283 - да 1836, а колькасць замежных, адпаведна, павялічылася са 116 да 889. Пашырэнне магчымасцяў да стварэння сумесных і замежных фірмаў і прадпрыемстваў спрыяла прыцягненню ў беларускую эканоміку замежных інвестыцый. У 1995 г. яны склалі 14,7 млн. долараў ЗША.
Пэўныя змены адбыліся ў сельскагаспадарчай сферы. Сяляне атрымалі права выбару формаў гаспадарання і ўласнасці, у выніку чаго паскорыўся працэс утварэння фермерскіх гаспадарак. За 1992 - 1995 гг. іх колькасць вырасла да трох тысяч.
З абраннем у ліпені 1994 г. першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў зроблены паварот да ўзмацнення ролі дзяржавы ў эканамічных працэсах. 2 верасня 1995 г. А.Р. Лукашэнка публічна абвясціў аб вызначэнні курсу на пабудову "рынкавага сацыялізму". Новы курс прадугледжваў дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі, узмацненне кантролю за прыватызацыяй. Важнае месца адводзілася паглыбленню эканамічнай інтэграцыі паміж дзяржавамі СНД. У хуткім часе былі распрацаваны "Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996-2000 гг.". Іх рэалізацыя забяспечыла з 1996 г. штогадовы прырост унутранага валавога прадукту (УВП), які з'ўляецца адным з асноўных паказчыкаў развіцця эканомікі. Павялічыўся аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў. Шэрагу прадпрыемстваў удалося пераадолець цяжкасці першай паловы 90-х гг. Сталі эфектыўна працаваць у новых умовах вытворчыя аб'яднанні "Мінскі трактарны завод", "Атлант", "Гарызонт" і інш. У цэлым па краіне павялічыўся рост рэальных даходаў насельніцтва, удалося не дапусціць рэзкага росту беспрацоўя, была захавана сацыяльная стабільнасць, адноўлена сістэма кіравання эканомікай.
Разам з тым эканамічнае развіццё ў гэты перыяд адбывалася нераўнамерна, скачкападобна. З 1995 г. замарудзіліся тэмпы прыватызацыі, узмацнілася дзяржаўнае рэгуляванне прыватнага прадпрымальніцтва. Па шэрагу важнейшых паказчыкаў дасягнуць узроўню 1990 г. так і не ўдалося. Вызначаныя прыярытэты развіцця эканомікі не былі рэалізаваны ў поўнай меры. Адбывалася дэвальвацыя беларускага рубля, панізіўся ўзровень рэнтабельнасці, павялічылася доля стратных прадпрыемстваў.
Сацыяльна-эканамічная сітуацыя абвастралася сыравіннай энергетычнай залежнасцю ад былога адзінага народна-гаспадарчага комплексу СССР, арыентацыяй беларускай эканомікі на былы саюзны рынак, наступствамі Чарнобыля, а таксама састарэлымі тэхналогіямі.
У такіх умовах асобае значэнне набывае развіццё міжнародных эканамічных сувязяў. Беларусь у 90-я гг. гандлявала са 132 краінамі свету. Галоўнымі партнёрамі былі Расійская Федэрацыя і Украіна. Пры гэтым адмоўнае сальда тавараабароту (імпарт у Рэспубліку пераважаў над экспартам) існавала ў адносінах з 57 краінамі, сярод якіх найперш з Расіяй (1253,8 млн. долараў ЗША). Затое з краінамі па-за СНД склалася станоўчае сальда. Праўда, у складзе беларускага экспарту вельмі слаба была прадстаўлена навукаёмкая высокатэхналагічная прадукцыя, усяго каля 1%.
Марыеў Павел Лук'янавіч (н. 1938)
Быў замацаваны курс на захаванне калгасна-саўгаснай сістэмы. Пры гэтым цэнавая палітыка была не на карысць вытворцаў сельгаспрадукцыі: закупачныя цэны часта не адпавядалі рэальным затратам, у той час як на прамысловую прадукцыю для сельскай гаспадаркі (паліва, тэхніку, мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін і інш.) яны пастаянна ўзрасталі. Замарудзіўся працэс фермерызацыі сяла, за 10 год на Беларусі самаліквідаваліся больш за дзве тысячы фермерскіх гаспадарак. За гэты перыяд рэзка павялічылася колькасць стратных калгасаў і саўгасаў: у 1991 г. яны складалі 0,6% ад агульнай колькасці, а ў 2000 г. - 48,8%. Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ўпала на 25%, павялічыўся харчовы імпарт.
Такім чынам, у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі 1991-2001 гг. можна вызначыць два этапы. Першы - 1991-1995 гг. За гэты час быў прыняты пакет законаў, якія склалі прававую базу для правядзення ў Беларусі рынкавых рэформ. Разам з тым гэта быў перыяд, на працягу якога востра далі аб сабе знаць разрыў былых эканамічных сувязяў, праблема выбару шляху пераходу да рынку, адсутнасць вопыту ў рэалізацыі вызначаных праграм, пагаршэнне якасці жыцця значнай часткі насельніцтва. Аслабла кіруючая роля дзяржавы ў эканоміцы.
Другі перыяд пачаўся з 1995 г. Былі зроблены крокі па пераадоленні абвальнага росту цэн, стабілізацыі беларускага рубля, пашырэнні міжнародных эканамічных сувязяў. Узмацненне ролі дзяржавы абумовіла пэўны ўздым у беларускай эканоміцы. Аднак істотнага паляпшэння эканамічнай сітуацыі не адбылося. Пытанні для самакантролю Хто прапанаваў будаваць у Беларусі “рынкавы сацыялізм”? З кім і чым гандлюе Рэспубліка Беларусь? 76. Незалежная Беларусь на міжнароднай арэне
Пераход ад фармальна-дэкларатыўнага ўдзелу Беларусі ў ажыццяўленні знешнепалітычнага курсу СССР да нацыянальна арыентаванай знешняй палітыкі пачаўся з абвя-шчэння дзяржаўнага суверэнітэту ў ліпені 1990 г. і быў завершаны ў снежні 1991 г. дэнансацыяй саюзнага дагавора 1922 г. Станаўленне Беларусі як суб'екта міжнароднай супольнасці адбывалася ва ўмовах геапалітычных зменаў: былыя савецкія рэспублікі сталі самастойнымі дзяржавамі, ліквідаваліся аўтарытарныя рэжымы ў Еўропе, спынілі існаванне Арганізацыя Варшаўскага Дагавора і Савет Эканамічнай Узаемадапамогі, закончылася "халодная вайна".
Контуры знешняй палітыкі незалежнай Беларусі былі акрэслены ў заяве Вярхоўнага Савета "Аб прынцыпах знешнепалітычнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь". Асновай знешняй палітыкі абвяшчалася забеспячэнне жыццёвых інтарэсаў беларускага народа. Росту аўтарытэту Беларусі садзейнічала тое, што з самага пачатку самастойнага выхаду на міжнародную арэну ў якасці базавых прынцыпаў знешняй палітыкі яна абрала бяз'ядзернасць і нейтралітэт. Рэспубліка заявіла аб гатоўнасці прытрымлівацца прынцыпаў Статута ААН, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і ўзятых міжнародных абавязацельстваў. У лютым 1992 г. Беларусь падпісала Хельсінскі Заключны акт нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе 1975 г., далучылася да шэрагу іншых міжнародных пагадненняў. Беларусь адмовілася ад ядзерных узбраенняў, тым самым пацвердзіла курс на бяз'ядзернасць і нейтралітэт. У 1992 г. тактычныя ядзерныя зарады былі вывезены на тэрыторыю Расіі. У адпаведнасці з міжнароднымі пагадненнямі з 1993 г. пачалося скарачэнне агульных узбраенняў.
Міжнародная супольнасць адгукнулася на гэта хуткім прызнаннем Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы. На ліпень 1994 г. яе прызналі 123 краіны. Дыпламатычныя і консульскія адносіны на ўзроўні пасольстваў, генконсульстваў былі ўстаноўлены з 97 краінамі свету. У сваю чаргу прадстаўніцтвы і пасольствы Беларусі былі адкрыты ў многіх еўрапейскіх краінах, ЗША, Канадзе, Ізраілі і інш. Сімвалічна, што Беларусь стала першай з краінаў СНД, якая атрымала ў Савеце Еўропы статус спецыяльна запрошанага.
На пачатку 1994 г. з афіцыйным візітам Беларусь наведаў Прэзідэнт ЗША Б. Клінтан. У выніку перамоў кіраўнік ЗША і Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С.С. Шушкевіч падпісалі шэраг сумесных дакументаў аб супрацоўніцтве. Хутка пашыраліся кантакты з іншымі краінамі. У цэлым міжнародная супольнасць з разуменнем і павагаю сустрэла погляды і мэты незалежнай Беларусі, якія былі прадстаўлены з трыбуны ААН у 1991 г. і ў прамове першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі на юбілейнай, пяцідзесятай, сесіі Генеральнай Асамблеіі ААН у 1995 г.
На развіццё палітычных і эканамічных адносін Беларусі з заходнімі краінамі ў другой палове 90-х гг. негатыўна паўплывалі разыходжанні ў поглядах урадаў некаторых краінаў і міжнародных арганізацый на канстытуцыйны крызіс у Беларусі. Заходнія дзяржавы, еўрапейскія арганізацыі: Савет Еўропы, Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ), Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), не прызналі вынікі лістападаўскага рэферэндуму 1996 г. у Беларусі, уведзеную пасля яго Канстытуцыю ў новай рэдакцыі і сфарміраваны на яе аснове Нацыянальны сход. На падставе гэтага ў студзені 1997 г. ПАСЕ пазбавіла Беларусь статуса спецыяльна запрошанага.
Прэтэнзіі і рашэнні ПАСЕ былі расцэнены кіраўніцтвам краіны як спробы адкрытага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы. Адначасова кіраўніцтва Беларусі імкнулася давесці да міжнароднай супольнасці сваю пазіцыю па спрэчных пытаннях.
Асаблівае значэнне надавалася замацаванню партнёрства з Расіяй. Узаемныя палітыка-эканамічныя інтарэсы дзвюх дзяржаў прывялі да падпісання ў лютым 1995 г. Дагавора аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй. Ён стаў прававой асновай для заключэння шэрагу іншых пагадненняў. Паглыбленне эканамічнай інтэграцыі з Расіяй у траўні 1995 г. было падтрымана большасцю ўдзельнікаў Усебеларускага рэферэндуму. Паступова ў развіцці інтэграцыйнага працэсу ўсё большую вагу стала набываць ідэя палітычнага яднання дзвюх краін. Яна знайшла адлюстраванне ў дагаворы ад 2 красавіка 1996 г. аб стварэнні Супольнасці суверэнных дзяржаў. Дагавор прадугледжваў стварэнне Вышэйшага савета Супольнасці, прадастаўленне грамадзянам Беларусі і Расіі роўных правоў у адукацыі, працаўладкаванні, ахове здароўя, аплаце працы і г. д. Далейшае палітычнае збліжэнне дзяржаў было замацавана дагаворам аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі ад 2 красавіка 1997 г.
Палітычная накіраванасць інтэграцыі выклікала крытычную занепакоенасць часткі беларускага грамадства. Аднак у кантэксце заяў аб тым, што падпісаныя дакументы ўлічваюць інтарэсы абодвух бакоў, прадугледжваюць захаванне шырокай самастойнасці і не пагражаюць іх суверэнітэту, быў зроблены наступны крок: 8 снежня 1999 г. у Маскве прэзідэнты краін падпісалі Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У адпаведнасці з дагаворам былі створаны Вышэйшы дзяржаўны Савет і Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы, ўведзены пасады старшынь Саветаў і ўстаноўлены агульны бюджэт.
Далейшае паглыбленне інтэграцыйнага працэсу беларускае кіраўніцтва звязвала з распрацоўкай праекта канстытуцыйнага акта Саюзнай дзяржавы, правядзеннем рэферэндуму ў абедзвюх дзяржавах, абраннем саюзнага парламента і фарміраваннем наднацыянальных органаў улады.
Разам з тым Беларусь праводзіла шматвектарную знешнюю палітыку. Дыпламатычныя адносіны Рэспубліка Беларусь падтрымлівала са 153 краінамі (на кастрычнік 2002 г.). У 45 краінах яна мела 51 дыпламатычнае прадстаўніцтва; у тым ліку 42 пасольствы, 7 генеральных консульстваў і 2 пастаянных прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях. За мяжою знаходзілася 11 аддзяленняў пасольстваў (10 у рэгіёнах Расійскай Федэрацыі і 1 - у г. Боне, Германія). Адначасова ў Беларусі дзейнічалі 33 пасольствы, 12 замежных консульскіх устаноў, 12 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый; па сумяшчальніцтву ў Беларусі было акрэдытавана 76 замежных паслоў. Шырокія міжнародныя сувязі Беларусі адкрываюць магчымасці вырашэння важных палітычных і эканамічных задач. На парадку дня стаяць пытанні далейшага ўмацавання пазіцый Беларусі ў Еўропе і сусветным супольніцтве, пераадолення пэўнай палітычнай і эканамічнай дыскрымінацыі ў краінах Еўрасаюза, прыцягненне замежных інвестыцый, каардынацыя дзеянняў з членамі СНД і краінамі-удзельніцамі Мытнага саюзу ў сферы мытнай палітыкі, узаемнага гандлю і гандлю з трэцімі краінамі, выкарыстанне вопыту замежных краін у вырашэнні праблем пераходу да рынкавай эканомікі, забеспячэнне эфектыўнага ўдзелу міжнародных структур у пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы і г. д. Эфектыўнасць знешнепалітычнай дзейнасці беларускага кіраўніцтва і надалей будзе вымярацца тым, наколькі яна садзейнічае вырашэнню ўнутраных праблем краіны і забяспечвае інтарэсы беларускага народа ў міжнародным супольніцтве. Пытанні для самакантролю Ці прызнала сусветная супольнасць незалежную Беларусь? У якіх формах падтрымліваюцца афіцыйныя сувязі Беларусі з замежнымі краінамі? 77. Паскарэнне гуманітарнага развіцця
Абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі выклікала сапраўдны пераварот у духоўным жыцці грамадства. Нацыянальная культура перастала быць часткай "агульнай культуры савецкага народа", яна самавызначылася як культура беларускага народа і дзяржавы. Статус дзяржаўнай быў нададзены беларускай мове, на ёй гаварылі ў парламенце, урадзе. Ідэямі дзяржаўнасці насычаліся навука, мастацтва, іншыя сферы інтэлектуальнай творчасці.
З мэтай стварэння спрыяльных умоў для далейшага развіцця нацыянальнай адукацыі і культуры ў 1991 г. былі прыняты Закон аб адукацыі і Закон аб культуры, якімі былі гарантаваны свабода творчай дзейнасці, стварэнне ўмоваў дзеля ўсебаковага развіцця асобы, задавальненне адукацыйных запатрабаванняў кожнага чалавека, плюралізм напрамкаў і стыляў, абарона інтэлектуальнай уласнасці, гуманістычная накіраванасць, арыентацыя на агульначалавечыя каштоўнасці.
На працягу 90-х гг. былі зроблены захады па ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы адукацыі. З 1998 г. пачалася рэформа 4,5 тыс. агульнаадукацыйных школ. Яе асноўнымі рысамі сталі: дэмакратызацыя сістэмы адукацыі, арыентацыя яе на агульначалавечыя каштоўнасці, стварэнне ўмоў для гарманічнага развіцця асобы, павышэнне якасці і эфектыўнасці адукацыі. Пачаўся пераход школ на 12-гадовае навучанне, у т. л. абавязковае 10-гадовае. Узніклі новыя формы навучальных устаноў, з'явілася больш за 120 "элітарных" гімназій, ліцэяў, каледжаў.
У 90-я гг. пашырылася сетка вышэйшых навучальных устаноў. Сістэма дзяржаўнай вышэйшай адукацыі Беларусі аб'яднала 44 універсітэты, акадэміі. Побач з імі ўзніклі 20 недзяржаўных навучальных устаноў, навучанне ў якіх платнае. Выпрабаванне часам з іх вытрымалі толькі 12, аднак альтэрнатыўнасць формаў ВНУ стала фактам. За дзесяцігоддзе колькасць студэнтаў узрасла з 190 тыс. да 300 тыс. чалавек. У 2001 г. студэнтам стаў кожны другі выпускнік сярэдняй школы. Па колькасці студэнтаў у разліку на 10 000 насельніцтва Беларусь выйшла на сярэднееўрапейскі ўзровень (300 чалавек), што з'яўляецца найбольшым паказчыкам у гісторыі нашай краіны.
У 90-я гады складаныя працэсы адбываліся ў навуковай сферы. Тэмпы развіцця навуковага патэнцыялу знізіліся. Колькасць супрацоўнікаў, занятых у навуцы, паменшылася ў два разы, а фінансаванне з дзяржбюджэту - у 4 разы. Аднак і ў гэтых умовах у структуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з'явіліся новыя навуковыя ўстановы: інстытуты праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, радыебіялогіі, сацыялогіі, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў і інш. У 1993 г. Інстытут ядзернай энергетыкі пераўтвораны ў Акадэмічны навукова-тэхнічны комплекс "Сосны", у склад якога ўвайшлі Інстытут праблем энергетыкі, Інстытут радыяцыйных фізіка-хімічных праблем і Інстытут радыяэкалагічных праблем.
Роля вядучай навуковай установы нададзена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у сценах якой сканцэнтравана каля 70% фундаментальных даследаванняў краіны. У 1993 г. быў прыняты Закон "Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі", які ўсклаў на Акадэмію навук адказнасць за развіццё ў краіне фундаментальных навуковых даследаванняў.
Елізар'еў Валянцін Мікалаевіч (н. 1947)
У 90-я гады скарбніца беларускай культуры папоўнілася значнымі творамі літаратуры, мастацтва. Гучны рэзананс у культурным жыцці атрымала пастаноўка ў 1995 г. балета "Страсці" ("Рагнеда") А. Мдзівані і В. Елізар'ева. Аўтары пастаноўкі атрымалі Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь (1996) і прэмію Міжнароднай асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА (1996). Рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь узбагацілі оперы "Князь Наваградскі", "Майстар і Маргарыта", "Візіт дамы" і інш. Да мастацкага асэнсавання рэальных гістарычных падзей былі скіраваны сучасныя пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы "Князь Вітаўт", "Звон - не малітва", "Страсці па Аў-дзею", "Тутэйшыя" і інш.
Традыцыйным стала правядзенне музычных фестываляў "Музычнае Палессе", "Музы Нясвіжа", Міжнародны фестываль арганнай музыкі ў Полацку, "Мінская вясна", "Беларуская сакавіца", беларускай песні і паэзіі ў Мала-дзечне і інш. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца міжнародны фестываль "Славянскі базар" у Віцебску.
У беларускай літаратуры 90-х гадоў прыкметна праявіліся спробы адысці ад празмерна ідэалагізаванага мастацтва і ўзрасла цікавасць да мінулых літаратурных эпох, мадэрнізму і постмадэрнізму. Новае пакаленне літаратараў ахвотна выкарыстоўвае ў сваёй творчасці разнастайныя жанравыя і стылёвыя формы замежнай літаратуры, і не толькі еўрапейскай.
Літаратура вызначылася велізарным попытам на новыя этычныя і эстэтычныя каштоўнасці. Павышанай увагай да сацыяльнага боку рэчаіснасці, імкненнем выкрываць маральныя язвы грамадства вылучаюцца многія творы сучаснай тэматыкі. Адкрыта заяўленая грамадзянская пазіцыя, высокае гуманістычнае гучанне характэрна для шматлікіх твораў В. Быкава, Я. Брыля, П. Панчанкі, І. Пташнікава, А. Разанава, А. Дударава і інш.
У выяўленчым мастацтве выразна пашырыліся нефармальныя тэндэнцыі. Адкрыліся недзяржаўныя галерэі "Арт-творчасць", "Віта-нова", "Жыльбел", "Верхні горад" і інш. З'явіліся неафіцыйныя творчыя аб'яднанні. Традыцыйна высокім прафесіяналізмам вызначаецца беларуская школа графікі, у тым ліку работы В. Шаранговіча, Ю. Герасіменкі-Жызнеўскага і інш.
У маі 1993 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны". Помнікі культурнай спадчыны сканцэнтраваны ў 138 музеях і іх філіялах - гістарычных, краязнаўчых, гісторыка-археалагічных, літаратурна-мемарыяльных, мастацкіх. Іх фонды папоўніліся асабістымі архівамі шматлікіх вядомых дзеячаў літаратуры і мастацтва. Прадоўжылася рэстаўрацыя гістарычнай забудовы Верхняга горада ў Мінску, Мірскага замка, які на сесіі адпаведнага камітэта ЮНЕСКА быў уключаны ў спіс сусветнай культурнай спадчыны. Пашыраны рэстаўрацыйныя работы ў Гродне, Нясвіжы, Брэсце і інш.
Апошнім часам адраджаецца і актыўна развіваецца каля 40 відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзейнічае больш 50 клубаў і дамоў рамёстваў, творчых майстэрняў народных майстроў.
Духоўны патэнцыял нацыі ўзбагаціўся шляхам далучэння да яго сіл і творчасці прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Яскравы прыклад - дзейнасць лаўрэата Нобелеўскай прэміі Ж. Алфёрава, які падтрымлівае сувязі з навукай і грамадскім жыццём Беларусі.
|