Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Першабытны лад на тэрыторыі Беларусі


Date: 2015-10-07; view: 2161.


ISBN

Юрчак Дзяніс Валер'евіч

Дзядзінкін Аляксандр Леанідавіч

ББК

УДК

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

КУРС ЛЕКЦЫЙ

Віцебск

УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”

 

Аўтары-складальнікі:

Дулаў Анатоль Мікалаевіч

 

Гісторыя Беларусі:вучэбна-метадычны комплекс. У 2 ч. Ч.1. Курс лекцый / А.М. Дулаў, А.Л. Дзядзінкін, Дз.В. Юрчак. – Віцебск: УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, 2011.

У кнізе змешчаны лекцыйны курс па гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. Матэрыял структураваны ў адпаведнасці з экзаменацыйнымі пытаннямі па курсу “Гісторыя Беларусі” для студэнтаў негістарычных спецыяльнасцяў УА “ВДУ імя П.М. Машэрава” дзённай і завочнай формы навучання.

Рэкамендаваны для студэнтаў негістарычных спецыяльнасцяў УА “ВДУ імя П.М. Машэрава” дзённай і завочнай формы навучання пры падрыхтоўцы да заняткаў і экзамену па курсу “Гісторыя Беларусі.

2.1 Беларускія землі ў каменным веку. Засяленне тэрыторыі Беларусі чалавекам

Самым працяглым перыядам у гісторыі чалавецтва з'яўляецца старажытнасць (да з'яўлення дзяржаўнасці і пісменнасці). Сучасныя даследчыкі прапануюць розныя варыянты перыядызацыі першабытнай гісторыіна Беларусі. Найбольш пашыранымі сярод перыядызацый з'яўляюцца агульнагістарычная (якую нельга блытаць з агульнагістарычнай ці агульнасусветнай перыядызацыяй усёй гісторыі), археалагічная і этнічная, згодна з якімі можна вылучыць наступныя этапы:

агульнагістарычная археалагічная этнічная
І. Праабшчына (першабытны чалавечы статак) 100-35 тыс. гадоў назад   І. Каменны век 1. Палеаліт (старажытны каменны век) а) ніжні або ранні палеаліт (3,5 млн. гадоў назад-100 тыс. гадоў назад) б) сярэдні палеаліт або эпоха мусцье (100-35 тыс. гадоў да н.э.) в) верхні або позні палеаліт (35- 10 тыс. да н.э.) 2. Мезаліт (сярэдні каменны век: IX-V тыс. да н.э.) 3. Неаліт (новы каменны век: V – ІІІ тыс. да н.э.) І. Даіндаеўрапейскі перыяд (100 тыс. гадоў назад – ІІІ тыс. да н.э.)
ІІ. Ранняя родавая (мацярынская) абшчына 35 тыс. гадоў назад – ІІІ тыс. да н.э.  
ІІІ. Позняя родавая (бацькоўская) абшчына кан. ІІІ (ІІ) тыс. да н.э. – VІІІ - VІІ стст. да н.э. ІІ. Бронзавы век кан. ІІІ (ІІ) тыс. да н.э. – VІІІ - VІІ стст. да н.э. ІІ. Індаеўрапейскі перыяд (з канца ІІІ (ІІ) тыс. да н.э.)
ΙV. Суседска-родавая (тэрытарыяльная) абшчына VІІІ - VІІ стст. да н.э. – V ст. н.э. ІІІ. Ранні жалезны век VІІІ - VІІ стст. да н.э. – V ст. н.э.

 

Каменны век з'яўляецца самым працяглым перыядам у гісторыі. Згодна з сусветнай перыядызацыяй ён пачаўся дзесьці 2,6 млн. гадоў таму, калі з'явіліся першыя прылады працы, і скончыўся толькі ў 10 тысячыгоддзі да н.э. Менавіта ў гэты час і сфарміраваўся сучасны чалавек. На сёняшні дзень існуе некалькі тэорый паходжання чалавека. Згодна з тэорыяй боскага тварэння (крэяцыянізм) чалавек быў створаны Богам. Такі падыход з'яўляецца самым старажытным і пануе ў хрысціянстве, ісламе і іншых рэлігіях свету. Акрамя таго, у апошні час набывае папулярнасць тэорыя знешняга умяшальніцтва, паводле якой людзі з'явіліся на планеце з космасу (самі каланізавалі зямлю, ці былі расселяны больш развітымі істотамі). Але на фоне вышэйназваных тэорый найбольш абгрунтаванай і распаўсюджанай выступае эвалюцыйная, стораная ў ХІХ ст. Ч.Дарвінам. Згодна з ёю чалавек вылучыўся з жывёльнага свету ў выніку эвалюцыі і натуральнага адбору пад уздзеяннем унутранных і знешніх фактараў. Але ўсё гэта адбывалася далёка ад нашых земляў, бо з-за неспрыяльных кліматычных умоў (некалькі ледавікоўяў) тэрыторыя сучаснай Беларусі доўгі час заставалася незаселенай.

Пранікнуць на Беларусь першабытны чалавек змог толькі ў часы сярэдняга палеаліту (100 – 35 тысяч год таму), калі ледавік адступіў на поўнач і яго максімальная мяжа знаходзілася на лініі сучасных гарадоў Гродна – Орша. Аднак і ў гэты час клімат быў халодным, кароткія летнія адлігі змяняліся працяглымі зімамі. На поўдзень ад ледавіка прасціралася тундра і стэп, а найбольш характэрнымі прадстаўнікамі фауны былі шарсцістыя насарогі, маманты і паўночныя алені.

Пра з'яўленне ў гэты час чалавека на беларускіх землях сведчаць знаходкі першабытных прылад працы ля вёсак Свяцілавічы і Падлужжа на Гомельшчыне і Абідавічы на Магілёўшчыне. Лічыцца, што першымі насельнікамі Беларусі сталі неандэртальцы, якія па прапорцыях цела былі блізкія да сучаснага чалавека (хаця згодна з найноўшымі даследаваннямі не былі нашымі продкамі). Іх чарапы яшчэ захоўвалі шмат прымітыўных рыс: пакаты лоб, вялікія надброўныя валікі, скошаная ніжняя сківіца. Каб лепш супрацьстаяць суровым умовам існавання, неандэртальцы аб'ядноўваліся ў статкі (праабшчыны), дзе ўсе члены калектыву падначальваліся аўтарытэту і моцы важака.

У верхнім палеаліце на Беларусь праніклі людзі сучаснага тыпу – краманьёнцы(ці Homo sapiens – чалавек разумны). Першыя стаянкі (месцы часовага пражывання) знойдзены археолагамі ля вёсак Юравічы(Калінкавіцкі раён, 26 тыс. год назад) і Бердыж (Чачэрскі раён, 23 тыс. год назад). Іх насельнікі жылі ў буданах, каркас якіх рабіўся з буйных касцей мамантаў, зверху пакрываўся скурамі жывёл, а ўнізе для надзейнасці абкладваўся біўнямі і чарапамі маманта. Усяго на кожнай стаянцы магло жыць 20-40 чалавек. Асноўным заняткам палеалітычнага чалавека было загоннае паляванне на мамантаў. Ужываючы для запалохвання агонь, людзі заганялі жывёлу ў яры, дзе яе потым дабівалі камянямі і дзідамі. Забітага маманта дастаўлялі на месца стаянкі. Мёрзлая зямля дазваляла захоўваць запасы мяса на працягу доўгага часу ў спецыяльных ямах-лядоўнях. Збіральніцтва і рыбалоўства ў палеалітычны час з-за неспрыяльных кліматычных умоў былі распаўсюджаны менш.

У верхнім палеаліце, а затым у мезаліце і неаліце асноўным вытворчым калектывам была ранняя родавая абшчына. У яе склад уваходзілі сваякі, якія займалі адно паселішча і сумесна вялі гаспадарку. Мужчыны былі паляўнічымі і выраблялі прылады працы. Жанчыны займаліся збіральніцтвам, якое гарантавала пастаянную наяўнасць ежы, даглядалі хатні ачаг, шылі адзенне, выхоўвалі дзяцей. Тым самым, вялікая роля ў жыцці абшчыны належала жанчыне. Па гэтай прычыне пры заключэнні шлюбаў муж пераходзіў у род сваёй жонкі. Лічэнне сваяцтва вялося па мацярынскай лініі. Такія абшчыны называюць мацярынскімі(матрыярхат). Сям'я ў гэты час была палігамнай (шматмужаства, шматжонства), дзеці не заўсёды ведалі свайго бацьку. Пазней зарадзіўся новы тып шлюбных адносін: парная сям'я. Аднак і тут саюз мужчыны і жанчыны не быў устойлівым.

Каля 14 тысяч гадоў таму назад з тэрыторыі Беларусі пачаў адступаць ледавік. Вымерлі маманты і шарсцістыя насарогі, асноўным аб'ектам палявання стаў паўночны алень. Прыроднае асяроддзе паступова набывала сучасны выгляд. Тэрыторыя Беларусі пакрылася лясамі, спачатку хвойнымі, потым, па меры пацяплення, – змешанымі. У лясах пачалі вадзіцца сучасныя віды жывёлы: алені, ласі, зубры, дзікі, бабры, мядзведзі. Новую пасляледавіковую эпоху археолагі называюць мезалітам.

У мезаліце з розных бакоў адбываецца паступовае засяленне усёй тэрыторыі Беларусі, у выніку чаго тут сфарміравалася першае сталае (аўтахтоннае) насельніцтва. Тады ж з'яўляюцца і новыя сацыяльныя супольнасці. У пошуках дзічыны прадстаўнікі адной абшчыны часта разыходзіліся дробнымі групамі ў розныя бакі і сяліліся на новых месцах. На значнай тэрыторыі ўзнікалі паселішчы роднасных абшчын. Усе разам такія абшчыны складалі племя. Племя займала даволі вялікую тэрыторыю і абараняла яе ад суседзяў, перашкаджала пранікненню на свае землі іншых плямёнаў. У шлюб можна было ўступаць толькі з прадстаўнікамі свайго племені (эндагамія), разам з тым гэта не павінны былі быць прадстаўнікі аднаго роду (экзагамія).

Змены клімату паўплывалі на ўсе бакі жыццядзейнасці чалавека. У мезаліце паляванне стала індывідуальным. Для павелічэння яго эфектыўнасці людзі вынайшлі першае механічнае прыстасаванне – лук істрэлы. З дапамогай гэтай новай зброі можна было паляваць на любую жывёлу і трапляць у яе на вялікай адлегласці. Важнейшым дасягненнем мезалітычнага чалавека было прыручэнне сабакі, які дапамагаў чалавеку на паляванні. Таксама ў мезаліце рэзка павялічылася роля рыбалоўства. Аб гэтым сведчыць з'яўленне першых лодак і спецыялізаваных прылад – гарпуноў, вудаў з касцянымі кручкамі, плеценых сетак. Важнымі заняткамі мезалітычнага чалавека былі збіральніцтва “дароў прыроды” (ягад, грыбоў, арэхаў, дзікай садавіны) і бортніцтва (збор мёду дзікіх пчол).

Заключным этапам каменнага веку стаў неаліт. У гэты час у самых спрыяльных рэгіёнах – Месапатаміі і Егіпце – людзі стварылі першыя дзяржавы. На Беларусі неаліт пачаўся са з'яўлення керамікі. Неалітычны посуд рабіўся з гліны, якую размочвалі і змешвалі з валакністымі расліннымі рэшткамі, пяском, здробненымі ракавінамі. Дзякуючы дамешкам, посуд не трэскаўся пры абпале і быў моцным. Гаршкі былі вастрадоннымі, іх ляпілі з шырокіх гліняных стужак. Акрамя таго, у неаліце на аснове пляцення ўзнікла прадзенне і ткацтва, быў вынайдзены просты па сваёй канструкцыі ткацкі станок.

Асноўным матэрыялам для вырабу пралад працы ў каменным веку быў камень. Часцей за ўсё выкарыстоўваўся моцны і найбольш прыдатны да апрацоўкі крэмень. Каб зрабіць прылады працы, былі патрэбны вялікія кавалкі крэменю, якія рэдка сустракаліся на паверхні, таму крэмень ў неаліце сталі здабываць шахтавым спосабам. На Беларусі крэмнездабываючыя шахты былі знойдзены ля сучаснага пасёлка Краснасельскі (Ваўкавыскі раён). Там першабытныя людзі пры дапамозе ручной капалкі (кайла) выкопваліся ямы глыбінёй ад 6 да 8 метраў, дзе і знаходзіліся радовішчы крэмню. Непадалёк ад шахтаў крэмень апрацоўваўся, а затым абменьваўся з суседнімі плямёнамі. Паказальна, што менавіта ў гэты час людзі навучыліся распілоўваць і шліфаваць крэмень.

У канцы неаліта на Беларусі з'явіліся земляробства і жывёлагадоўля, а гэта значыць пачалася неалітычная рэвалюцыя – пераход ад спажывецкай (прысвойваючай) да вытворчай гаспадаркі. Аднак, у поўнай меры гэты працэс завяршыўся на Беларусі толькі ў бронзавым веку ў сувязі з пранікненнем індаеўрапейцаў.

Жыццё першабытных людзей праходзіла ў жорсткай барацьбе за існаванне. Чалавеку не хапала ведаў, каб зразумець і растлумачыць навакольны свет. Многія з'явы і падзеі ўспрымаліся ім на аснове існуючага досведу і тлумачыліся завшнатуральна. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў з'яўленні такіх ранніх формаў рэлігіі, як, фетышызм, анімізм, магія і татэмізм. Фетышызмам прынята называць веру ў звышнатуральныя ахоўныя ўласцівасці неадушаўлённых прадметаў (амулетаў і абярэгаў). Яна дажыла да нашых дзён і фіксуецца ў многіх рэлігіях. У хрысціян, напрыклад, фетышызм знайшоў адлюстраванне ў веры ў ахоўныя ўласцівасці нацельнага крыжыка. Анімізмвера ў існаванне душ і духаў. Старажытныя людзі лічылі, што ва ўсім вакол іх існуе душа, таму нават забіваючы жывёлу заўсёды прасілі ў яе прабачэння і тлумачылі прычыны забойства, каб яе дух не помсціў паляўнічаму пасля смерці. Веру ў здольнасць чалавека звышнатуральным чынам праз выкананне якіх-небудзь дзеянняў (рытуалаў) уздзейнічаць на людзей, жывёл, расліны і іншыя з'явы прыроды, характэрную для першабытных людзей, прынята называць магіяй. Праз магічныя рытуалы першабытныя людзі спрабавалі забяспечыць поспех на паляванні, пазбавіцца ад хваробы, гарантаваць добрае здароўе і г.д.

Усё вышэйпералічаныя формы рэлігіі ў той ці іншай меры захоўваюцца і ў сучасных рэлігіях. Адзінай выключна старажытнай рэлігійнай формай выступае татэмізм. Назва яе паходзіць з мовы паўночнаамерыканскіх індзейцаў племені аджыбва і азначае “яго род”. Зараз пад татэмізмам прынята разумець веру ў паходжанне рода ці племені ад якога небудзь жывёльнага (зрэдку расліннага) продка. Гэтага жывёльнага продка і называлі татэмам. Сведчанні пра татэмных жывёл захаваліся ў абрадах, фальклоры, казках. Так, на аснове казак можна прыйсці да высновы, што нашыя продкі пакланяліся мядзведзю (свята Камаедзіца, сюжэты казак, якія змяшчаюць сляды старажытных міфаў пра чалавечы ахвярапрынашэнні), ваўку (легенды пра ваўкалакаў), вужу (змяінны культ быў распаўсюджаны яшчэ ў ХІХ ст., калі вужа лічылі духам, што ахоўвае сялянскую сядзібу).

Пра з'яўленне першабытных форм рэлігіі ў верхнім палеаліце сведчылі першыя пахаванні і раннія формы мастацтва, якія сведчылі пра фарміраванне ў чалавека абстрактыных уяўленняў і мыслення. Важнае месца ў жыцці першабытных людзей займаў пахавальны абрад, які быў звязаны з верай чалавека ў замагільнае жыццё і страхам перад смерцю. На Беларусі існавалі два асноўныя віды пахавання памерлых. Першы – трупапалажэнне (інгумацыя), калі цела змяшчалася ў неглыбокую яму, закопвалася ў грунт. Другі – трупаспаленне (крэмацыя), калі цела спальвалі на агні, які лічыўся свяшчэннай сілай. Апашні з'явіўся пазней і быў звязаны з пераходам да вытворчай гаспадаркі.

Разам са з'яўленнем рэлігійных уяўленняў чалавека ўзнікла і першабытнае мастацтва. Некаторыя вучоныя лічаць, што мастацтва ўзнікла з магічных абрадаў, якія былі звязаны найперш з паляваннем. Так, мужчыны перад паляваннем на зямлі малявалі выяву жывёлы, якую хацелі забіць, цэліліся ў яе і выконвалі вакол малюнка рытуальны танец, імітуючы ў ім рухі паляўнічага. Самыя раннія помнікі мастацтва ўзніклі яшчэ ў палеаліце. Шырока вядомыя на многіх палеалітычных стаянках Еўропы вырабленыя з косці фігуркі жанчын – палеалітычныя Венеры. Адна такая змайстраваная з біўня маманта статуэтка знойдзена ля беларускай мяжы на стаянцы Елісеевічы ў Бранскай вобласці (Расія). Статуэтка жанчыны – гэта выява мацярынскіх продкаў, сімвал адзінства і кроўнай сувязі членаў рода. Акрамя таго, ў каменным веку мастацтва на Беларусі было прадстаўлена аздабленнем прылад працы. Так, у Юравічах была знойдзена пласціна з біўня маманта, на якой каменным разцом нанесены арнамент, які нагадвае рыбную луску. У неалітычную эпоху змест мастацтва пашыраецца, а формы становяцца больш разнастайнымі. Мяркуючы па касцяных фігурках, у эпоху неаліта ўшаноўваліся лось, качка, чапля, змяя. У неаліце пашыраюцца выявы антрапаморфных істот. Такая выява знойдзена на адной пасудзіне з паселішча Юравічы – кампазіцыя “мужчына з качкай”. Калі ў мастацтве палеаліту антрапаморфныя выявы прысвечаны пераважна жанчынам, то ў неаліце сустракаюцца толькі мужчынскія выявы.

2.2 Насельніцтва Беларусі ў бронзавым і раннім жалезным вяках: этнічны склад, грамадскі лад, асаблівасці гаспадарчага развіцця і культуры

Пачатакбронзавага веку на Беларусі навукоўцы звязваюць з шырокамаштабнай міграцыяй прадстаўнікоў археалагичнай культуры шнуравой керамікі ці культуры баявых секер (індаеўрапейцаў), якая на нашых землях адбывалася ў ІІ тыс. да н.э. Прарадзімай індаеўрапейцаў (якіх таксама называюць арыямі) хутчэй за ўсё была Усходняя Анатолія (сучасная Турцыя). Індаеўрапейцы былі добрымі жывёлаводамі і земляробамі, таму іх культура была значна вышэйшай і больш развітай у параўнанні з культурай паляўнічых і рыбаловаў, на землі якіх яны праніклі. Больш таго, менавіта індаеўрапейцы ўпершыню ў гісторыі чалавецтва вынайшлі кола, што дазваляла ім перамяшчацца і мігрыраваць на вялікія адлегласці

Выхад індаеўрапейцаў за межы сваёй прарадзімы прывёў да змешвання іх з рознымі па сваёй культуры і мове народамі. У такіх умовах захаваць першапачатковую культуру і адзіную мову індаеўрапейцы ўжо не маглі. У Заходняй Еўропе фарміравалася супольнасці германцаў, раманцаў, кельтаў, у Цэнтральнай Еўропе – славян, а на Беларусі – балтаў. У выніку сінтэзу індаеўрапейцаў з мясцовым насельніцтвам на Беларусі з'явіліся новыя археалагічныя культуры, у якіх заўважаліся рысы шнуравой арнаментацыі керамікі.

У той жа час паняцце “бронзавы век” для Беларусі ўмоўнае. Мясцовай сыравіны для вырабу бронзы (сплаў медзі і волава) на тэрыторыі нашай краіны не было, таму большая частка прылад працы па-ранейшаму выраблялася з крэмня. Бронзавыя вырабы былі пераважна прывазныя каўказскага ці карпацкага паходжання. Калі яны ламаліся, дык пераплаўлялі на месцы, каб не губляць каштоўны матэрыял. У гэты ж час было зроблена шмат іншых дасягненняў у вырабе прылад працы і розных рэчаў: вынайдзены свідравальны станок, з'явіўся пласкадонны посуд, а гэта значыць у інтэр'еры жытла ўжо былі дашчаныя паліцы і сталы.

Са з'яўленнем індаеўрапейцаў на Беларусі актывізаваўся працэс пераходу ад спажывецкай да вытворчай гаспадаркі – завяршылася неалітычная рэвалюцыя. Спачатку пад пасевы займалі ўчасткі ў поймах рэк. Глебу рыхлілі драўлянымі і рагавымі матыкамі (матычнае земляробства). Паколькі большая частка тэрыторыі Беларусі была пакрыта лясамі, то адчуваўся недахоп зямлі. У выніку ў бронзавым веку пачалі выпальваць і высякаць лясы – узнікла падсечна-агнявое(ляднае) земляробства. Для таго, каб падрыхтаваць дзялянку (ляду) пад сяўбу, высякалі лес, давалі дрэвам высахнуць, а потым спальвалі. Попел угнойваў глебу, а агонь знішчаў пустазелле. Для апрацоўкі зямлі выкарыстоўвалі барану-сукаватку. Акрамя таго насельніцтва бронзавага веку займалася земляробствам, гадавалі коз, авечак, кароў, коней і свіней.

Жывёлагадоўля і земляробства вылучылі на першы план працу мужчыны. Мужчына пасвіў і ахоўваў статак, высякаў лясы і апрацоўваў зямлю. Мужчына стаў галоўным у абшчыне. Цяпер пры заключэнні шлюбаў не мужчына адыходзіў у род жонкі, а жонка прыходзіла ў род свайго мужа. Такую абшчыну называюць позняй родавай ці бацькоўскай(патрыярхат). На гэтай стадыі развіцця грамадства ўзнікае маёмасная няроўнасць, рэзка пагаршаецца становішча жанчыны. Парная сям'я ў эпоху бронзавага веку канчаткова змяняецца больш трывалай аднашлюбнай (манагамнай). Аднак, у сувязі з тым, што прылады працы былі неэфектыўнымі, малая сям'я не магла быць асобнай гаспадарчай адзінкай. У выніку патрыярхальная сям'я заставалася вялікай, яна ўключала цэлы клан найбольш блізкіх родзічаў.

Заключным этапам першабытнасці на тэрыторыі Беларусі стаў ранні жалезны век, які найперш характарызаваўся з'яўленнем і шырокім распаўсюджаннем металургіі, вырабам з жалеза прылад працы і зброі. Жалеза выплаўлялі з мясцовай сыравіны – рудой балотнай руды. Руду апрацоўвалі ў глінабітных доменных пячах. Пасля абпалу жалеза ў выглядзе дробных размякчаных кавалкаў металу са шлакамі (крыцы) асядала на дно печы. Калі печ астывала, яе разбуралі, каб узяць порыстую масу чорнага металу на далейшую апрацоўку. Такі спосаб атрымання жалеза называецца сырадутным. Старажытныя металургі з'яўляліся адначасова і кавалямі. Атрыманае крычнае жалеза разагравалі на кавальскім горне, а потым пракоўвалі, каб выдаліць з яго шлакі і зрабіць кавалак жалеза больш шчыльным. З жалеза выраблялі асноўныя прылады працы, зброю. Каляровыя металы ў жалезным веку пачалі выкарыстоўваць пераважна ў ювелірнай справе.

Асноўнымі відамі гаспадаркі ў раннім жалезным веку былі земляробства і жывёлагадоўля, якія дапаўняліся рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам. Па-ранейшаму практыкавалася падсечна-агнявая сістэма, аднак прымянялася і вораўная з выкарыстаннем драўлянаг рала, якое часам асаджалася жалезным наральнікам. Цяглавай сілай пры ворыўным земляробстве былі вол і конь. Вырошчвалі збожжавыя культуры: жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, проса, а таксама бабовыя і розную гародніну. Ураджай збіралі сярпамі. Зерне расціралі на муку ў каменных зерняцёрках. Ежу гатавалі на адкрытых ачагах. Печы з'явіліся толькі ў канцы ранняга жалезнага веку. У жывёлагадоўлі найбольшае значэнне мела развядзенне буйной рагатай жывёлы і свіней.

Амаль усё неабходнае для жыцця людзі выраблялі на месцы самі. Такую гаспадарку называюць натуральнай. Разам з тым развіццё прадукцыйных сіл у жалезным веку непазбежна вяло да росту колькасці прадуктаў, здабываемых асобным вытворчым калектывам. Не ўсе прадукты, што здабываліся, ішлі ў ежу. З'явіліся лішкі – так званы “прыбавачны прадукт”. Яго можна было выкарыстоўваць для абмену або накаплення, што адразу актывізавала гэтыя працэсы. На тэрыторыю Беларусі прывозілі бронзу, бурштын, шкляныя каралі (з антычных гарадоў Паўночнага Прычарнамор'я). Жалезным векам датуюцца знойдзеныя на Беларусі грэчаскія і рымскія манеты. У абмен на прывазное багацце жыхары Беларусі прапаноўвалі футры, мёд, воск, збожжа і рабоў.

З ростам прадукцыйнасці працы ў асобных родаў і плямён назапашвалася маёмасць, што вяло да войнаў з мэтай рабаўніцтва. Дзеля абароны свайго жыцця і маёмасці людзі пачалі сяліцца ў цяжкадаступных месцах, сярод балот і лясоў, умацоўваючы свае паселішчы равамі з землянымі валамі. Так узніклі ўмацаваныя паселішчы – гарадзішчы, якія сталі асноўным тыпам пасялення амаль на працягу ўсяго ранняга жалезнага веку і прыйшлі на змену неўмацаваным селішчам. Зноў жа ў сувязі з пачаткам войнаў у пачатку нашай эры пачалі ўтварацца саюзы плямён. У гэтых умовах у грамадска-палітычным жыцці на вядучую ролю выйшлі мужчыны-войны. Менавіта іх агульны сход вырашаў цяпер пытанні вайны і міру, выбіраў правадыра племені і старэйшыну рода. Такі грамадска-палітычны лад, які ўзнік на апошняй стадыі першабытнаабшчыннага ладу атрымаў назву “ваеннай дэмакратыі”.

Асноўнай вытворчай адзінкай ранняга жалезнага веку стала малая сям'я. Паколькі знікла неабходнасць працаваць родавым калектывам, то многія сем'і пачалі выходзіць з абшчыны і перасяляліся на новае месца. А гэта азначала, што на змену родавай абшчыне паступова прыйшла суседска-родавая ці тэрытарыяльная абшчына. Кіраўніцтва абшчынай знаходзілася ў руках патрыярхальнай знаці. Яна выкарыстоўвала сваё прывеліяванае становішча ў грамадстве і хутка багацела. У сувязі з пачаткам войнаў пачало фарміравацца патрыярхальнае рабства.

Большую частку нашай краіны ў жалезным веку засялялі балты, пра што сведчаць назвы водных аб'ектаў (гідронімаў), у прыватнасці рэк Волча, Гайна, Друць, Клёва, Лучоса, Ула. У паўночных раёнах сучаснай Віцебскай вобласці у пачатку броннзавага веку жылі фіна-угры (продкі сучасных фінаў, эстонцаў, венграў) Пра іх прысутнасць тут сведчыць назва ракі Дзвіна. Напрыканцы жалезнага веку з паўднёвага захаду пачалася славянская міграцыя (гідронімы Стыр, Стубла, Сваратоўка, Рубча).

Вучоныя вызначылі некалькі археалагічных культур ранняга жалезнага веку. У прыватнасці, Падзвінне засялялі плямёны днепра-дзвінскай археалагічнай культуры. Некаторыя гісторыкі лічаць магчымым звязаць днепра-дзвінцаў з андрафагамі, пра якіх пісаў Герадот. Менавіта з гэтымі народамі звязана і ўзнікненне першага умацаванага пасялення – гарадзішча – на месцы сучаснага Віцебска. Яно узнікла на беразе р.Віцьба на так званай гары Ламіха, што існавала да ХІХ ст. непадалёк ад упадзення Віцьбы ў Дзвіну (на месцы сучаснага гарвыканкама і мастацкага музея). Непадалёк, у раёне Пескаваціка, Лужасна і Бароніках яшчэ тры гарадзішчы днепра-дзвінцаў. Цэнтральную і паўночна-заходнюю частку Беларусі засялялі плямёны культуры штрыхаванай керамікі. Яе посуд адрознівае знешняя паверхня, пакрытая хаатычна нанесенай штрыхоўкай, якая была зроблена пучком травы. Сярэдняе і Верхняе Падняпроўе ў раннім жалежным веку было заселена мілаградскімі плямёнамі. Частка гісторыкаў звязвае гэтае насельніцтва з неўрамі, пра якіх пісаў старажытнагрэчаскі гісторык Герадот. Плямёны культур днепра-дзвінскай, мілаградскай і штрыхаванай керамікі з'яўляліся балцкімі. У канцы І тыс. да н.э. на месцы знаходжання мілаградцаў сфарміравалася зарубінецкая, а затым кіеўская археалагічная культура, ў якіх разам з балцкімі прысутнічылі і некаторыя славянскія прыкметы.

У бронзавым і раннім жалезным вяках свае адметныя рысы мела першабытнае мастацтва і рэлігія. Важным элементам першабытнага мастацтва з'яўляецца арнаментацыя посуду – адбіткі грабенчатага і лінейнага штампа, наколы, насечкі, ямкі. З распаўсюджаннем земляробства і жывёлагадоўлі ў арнаментыцы шырокае распаўсюджанне набыла салярная (сонечная) сімволіка (круг, крыж, зорка). Значную ўвагу першабытныя людзі ўдзялялі аздабленню сваёй вопраткі і цела. Для гэтага служылі каралі-падвескі з зубоў жывёл, касцяныя пласцінкі, трубачкі, хрыбеты рыб, а таксама бурштынавыя ўпрыгожанні прыбалтыйскага паходжання, якія на Беларусі пачалі распаўсюджвацца з канца неаліту. Новым крокам у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве быў выраб упрыгожанняў з медзі і бронзы. Сярод іх трэба назваць шыйныя грыўні, фібулы (шпількі). Прыгожа выглядалі бронзавыя жаночыя падвескі-лунніцы. З музычных інструментаў старажытнасці вядомы свістулькі з птушыных костак, казіныя ражкі, бубны.

Першабытнае мастацтва было цесна звязана з раннімі рэлігійнымі ўяўленнямі. Як і раней шырокае распаўсюджанне мелі анімізм, фетышызм, татэмізм і манія. Каб прыцягнуць на свой бок сілы прыроды, старажытныя людзі выконвалі розныя абрады. Так, на ранніх ступенях развіцця першабытнага грамадства ўзнік культ агню. З пераходам да вытворчай гаспадаркі на першае месца ў земляробаў выходзіць культ сонца, у жывёлаводаў – культ каня і іншай хатняй жывёлы. На стадыі распаду родавага ладу найбольш пашыраным з культаў першабытных людзей быў культ продкаў, звязаны з анімістычнымі ўяўленнямі аб продках як ахоўніках роду. У гэтым кульце знайшлі адлюстраванне і татэмічныя ўяўленні першабытных людзей, калі ўшаноўваліся татэмы, якія лічыліся першапродкамі чалавека.

У разглядаемы перыяд шырокае распаўсюджванне набывае пахавальны абрад у форме крэмацыі, што таксама было звязана з фарміраваннем культаў сонца і агню. У многіх жыхароў Беларусі традыцыйным становіцца пахаванне рэшткаў нябожчыка ў курганах, якія ў народзе часам называюць “валатоўкамі” (нашы продкі верылі, што ў курганах пахаваны волаты – вялікія, дужыя людзі, якія раней насялялі Беларусь). З ускладненнем гаспадарчага жыцця і ўяўленняў пра навакольны свет, на змену раннім культам паступова прыйшло язычніцтва (паганства, політэізм), якое ўяўляла собою веру ў існаванне мноства багоў. Сярод найбольш ранніх бостваў, хутчэй за ўсё, былі бог сонца, маланкі і грому, урадлівасці і г.д. Акрамя таго, людзі пачалі верыць ў існаванне самых разнастайных духаў, якія засялялі усё вакол (вадзянікі, лесуны, хатнікі, русалкі і інш), і з якімі трэба было жыць у згодзе.

 

3. Беларускія землі ў V – пачатку ХІІІ стст.

3.1 Засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі. Фарміраванне супольнасцей крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Праблема “старажытнарускай народнасці”

Нараўне з балтамі, германцамі, раманцамі, кельтамі і іншымі этнічнымі групамі славянебылі адной з галін індаеўрапейцаў, якая рассялілася на еўрапейскім кантыненце. Рымскія аўтары І-ІІ стст. называлі славян венедамі. Гісторыкі VI ст. – антамі і склавінамі. Аднак іх першапачатковае месца пражыванне па сёняшні дзень не вызначына. Пра радзіму славян вучоныя выказвалі мноства супярэчлівых гіпотэз. Яшчэ манах Кіева-Пячорскага манастыра Нестар, аўтар старажытнага летапісу “Аповесці мінулых гадоў”, лічыў так званай “прарадзімай” славян землі вакол ракі Дунай, адкуль славяне рассяліліся на абшарах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Сучасныя даследчыкі магчымай прарадзімай называюць Прыпяцка-Сярэднедняпроўскі рэгіён, ці Балканскі паўвостраў. Але найбольш верагоднай версіяй выглядае лакалізацыя старажытных славян у Вісла-Одэрскім міжрэччы.

У пачатку VI ст. н.э. пачалося “Вялікае перасяленне народаў”, у выніку якога многія народы Еўропы пакінулі свае месцы пражывання і мігрырывалі на іншыя тэрыторыі. Не засталіся па-за гэтым працэсам і славяне, якія на працягу VI-VIІ стст. падзяліліся на тры вялікія групы: заходніх славян (Вісла-Одэрскае міжрэчча, сучасныя палякі, чэхі, славакі і інш.), паўднёвых славян (Балканскі паўвостраў, сучасныя балгары, сербы, харваты, славенцы і інш.) і ўсходніх славян (сучасныя беларусы, рускія і украінцы). Усходнія славяне каланізавалі абшары Усходняй Еўропы. Каланізацыя – гэта працэс засялення і асваення незанятых або новых зямель перасяленцамі. Шырокая славянская каланізацыябеларускіх зямель адбываецца ў VI – VIІІ стст. н.э.

Археолагі паведамляюць, што ў гэты час на поўдні Беларусі з'яўляюцца помнікі тыпова славянскай пражскайархеалагічнай культуры. Спачатку прышлае славянскае насельніцтва жыло на неўмацаваных пасяленнях – селішчах. Селішчы былі невялікіх памераў і размяшчаліся “гнёздамі” (некалікі селішч непадалёк адно ад аднаго). Жытламі славян былі паўзямлянкі зрубнага тыпу з печамі-каменкамі, у той час як мясцовае балцкае насельніцтва выкарыстоўвала наземныя жытлы слупавой кантрукцыі з адкрытымі ачагамі пасярэдзіне. З VIІ ст. узнікаюць умацаваныя равамі і валамі славянскія гарадзішчы. Гарадзішча было не толькі месцам сховішча падчас небяспекі для навакольнага насельніцтва, але і з'яўлялася ўмацаванай сядзібай знаці. Адным з самых вывучаныхславянскіх гарадзішчаў з'яўляецца гарадзішча ля в. Хатомель (Столінскі раён), якое належала славянам-дулебам. Асновай гаспадаркі ў славян былі ворыўнае земляробства і жывёлагадоўля. Менавіта з прыходам славян былі удасканалены асобныя сельскагаспадарчыя прылады працы на Беларусі. У прыватнасці на змену вядомаму ў балтаў ралу, якім успахвалі зямлю, прыйшла славянская саха. На змену зерняцёркам – каменныя жорны. Акрамя таго, славяне былі добрымі рамеснікамі і актыўна займаліся гандлем. Дзякуючы ім на тэрыторыі Беарусі з'явілася ганчарнае кола.

Поўнач і цэнтр Беларусі ў VI – VIІІ стст., калі на нашых землях з'явіліся славяне, засялялі плямёны, якіх археолагі адносяць да банцараўскай культуры. Найбольш даследаваным помнікам гэтай культуры з'яўляецца гарадзішча Банцараўшчына (Мінскі раён), якое размяшчалася на левым беразе ракі Свіслач. Знаходкі банцараўскага тыпу выяўлены і пад час раскопак Віцебска, што сведчыць пра пражыванне носьбітаў гэтай культуры на месцы будучага горада. У Беларускім Падняпроўі сфарміравалася калочынская культура. Найбольш даследаваным гарадзішчам гэтай культуры з'яўляецца Нікадзімава(Горацкі раён). Тут знаходзілася сядзіба ваеннага правадыра і яго дружыны. Банцараўскую і калочынскую культуры пераважная большасць даследчыкаў адносяць да балта-славянскіх супольнасцей. У матэрыяльнай культуры гэтых народаў прысутнічалі прыкметы як культуры славян (паўзямлянкавыя жытлы з печамі-каменкамі, асноўны тып пасялення – селішча, гаршкі з выпуклымі бакамі, крэмацыя), так і балтаў (наземныя пабудовы слупавой канструкцыі, размяшчэнне побач з пасяленнем гарадзішча-сховішча, інгумацыя і інш.).

Паўночнымі суседзямі банцараўскіх плямён былі плямёны культуры доўгіх курганоў. Назва культуры звязана з пахавальнымі пабудовамі ў выглядзе невысокіх валападобных насыпаў (курганоў), унутры якіх змяшчаліся гаршкі з чалавечымі касцямі, што засталіся пасля спалення нябожчыка. Частка даследчыкаў адносяць гэтую культуру таксама да балта-славянскай, некаторыя сцвярджаюць, што гэта былі балты.

У VI – VIІІ стст. на Беларусі канчаткова сфарміравалася асобая палітычная сістэма – ваенная дэмакратыя. Кіраўніком племені з'яўляўся правадыр, які здзяйсняў ваенныя паходы, абараняў тэрыторыю племені ад ворагаў. Ён абапіраўся на дружыну. Абмяжоўвалі ўладу правадыра савет старэйшын племені і народны сход. Народны сход складаўся з усіх свабодных мужчын, здольных насіць зброю.

У той жа час, у раннім сярэднявеччы актывізаваўся працэс разлажэння першабытнага ладу. Вярхоўным уладальнікам зямлі, лясоў і вадаёмаў з'яўлялася суседская(сельская) абшчына. Разам з тым ворныя землі, як і прылады працы, пераходзілі ва ўласнасць асобных сем'яў. Паміж членамі абшчыны ўзнікала расслаенне. Канчаткова вылучылася ў асобную групу племянная знаць. З асяроддзя збяднелых людзей утваралася залежнае сялянства, якое яшчэ не страціла сваёй свабоды, але ўжо стаяла на сацыяльнай лесвіцы ніжэй, чым свабодныя абшчыннікі. У жывёлагадоўлі і земляробстве прымянялася праца рабоў (існавала хатняе рабства), колькасць якіх папаўнялася ў асноўным за кошт ваеннапалонных. Але іх выкарыстанне не набыло шырокага распаўсюджання, таму і умовы пражывання рабоў, у параўнанні з умовамі ўтрымання нявольнікаў на амерыканскіх плантацыях XVIII – ХІХ стст. былі значна лепшымі.

У VIІІ-ІХ стст. на землях Верхняга Падняпроўя і Падзвіння ў выніку славяна-балцкага сінтэзу сфарміравалася некалькі аб'яднанняў усходніх славян. Яны ўяўлялі сабой даволі ўстойлівыя супольнасці дрыгавічоў, крывічоў-палачан і радзімічаў. Нестар называў усходнеславянскія супольнасці “княжаннямі”, а сучасныя гісторыкі называюць іх саюзамі плямён ці протанароднасцямі.

Крывічы-палачане рассяліліся ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны і з'яўляліся разам з крывічамі пскоўскімі і смаленскімі адной з трох галін крыўскага племені (самага буйнога з усіх усходнеславянскіх плямён). Найбольш старажытнымі гарадамі крывічоў-палачан з'яўляліся Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў. Першае датаванае ўпамінанне пра крывічоў змяшчаецца ў “Аповесці мінулых часоў” і адносіцца да 859 г., дзе гаворыцца, што варагі бралі з іх даніну. У далейшым у летапісах крывічы сустракаюцца ў сувязі з паходам кіеўскіх князёў на Царград.

Па-рознаму тлумачаць гісторыкі назву племені – “крывічы”. Адны яе выводзяць ад прозвішча старэйшыны роду Крыва, ці ад слова “кроўныя” (блізкія па крыві). Іншыя, ад імя язычніцкага святара Крыва-Крывейтэ. Згодна з яшчэ адной версіяй назва племені паходзіць ад балцкага (літоўскага) слова “krievas” – “крывы”, што характарызуе халмістую (крывую) мясцовасць, у якой пражывалі крывічы. На думку Г.А. Хабургаева прыкладна так называлі сябе балтскія народы, якія жылі тут да прыходу славян. Апошнія, рассяліўшыся на балцкіх землях, асемілявалі мясцовых жыхароў і запазычылі іх назву, дабавіўшы да яе тыпова славянскі постфікс “-ічы”. У выніку і ўтварылася назва крывічы, сляды ад якой і па сёняшні дзень захоўваюцца ў балцкіх народаў. Так, латышы і сёння называюць Расію Krievija (kreivs – “рускі”), а Беларусь у латышскай мове гучыць як Baltkrievija (Белая Крывія).

Этнічную прыналежнасць усходнеславянскага насельніцтва археолагі вызначаюць па знойдзеных у курганных пахаваннях жаночых упрыгожаннях. Так, этнавызначальнай прыкметай крывічоў з'яўляецца драцяное бранзалетападобнае скроневае кальцо дыяметрам 5-11 см з завязанымі канцамі.

Дрыгавічы займалі значную частку Паўднёвай і Цэнтральнай Беларусі. Важнымі дрыгавіцкімі гарадамі з'яўляліся Тураў, Пінск, Слуцк, Менск. Апошні ў далейшым быў заваявыны крывічамі і ўвайшоў у склад крывіцкага Полацкага княства. На аснове ж племяннога княжання дрыгавічоў у делейшым сфарміравалася Тураўскае княства.

Назва “дрыгавічы” на думку адных даследчыкаў паходзіць ад імя правадыра Драгавіта. Але гэта тлумачэнне паходжання назвы выступае вельмі спрошчаным. Больш абгрунтаваным з'яўляецца тлумачэнне паходжання назвы племені ад слова “дрыгва” (балоцістая мясцовасць), бо менавіта балотны рэльеф з'яўляецца асноўным у Прыпяцкім Палессі, дзе і пражывалі дрыгавічы. Само ж слова “дрыгва” балцкага паходжання. У літоўскай мове і зараз есць слова “drègnas” (сыры, вільготны). Ад асаблівасці мясцовасці і назвалі сябе мясцовыя балты, якіх потым асімілявалі славяне, якія запазычылі іх назву, перарабіўшы яе на свой лад. Этнавызначальнай прыкметай дрыгавічоў сталі вялікія металічныя пацеркі авальнай формы, упрыгожаныя напаянымі шарыкамі металічнай (срэбранай) зерні, а таксама пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы.

Радзімічы размяшчаліся ў Пасожжы. Найбольш значнымі гарадамі на іх землях былі Гомель, Чачэрск, Прупой (сучасны Слаўгарад). У летапісе пра радзімічаў гаворыцца, што яны прыйшлі от ляховъ (палякаў)”. Але гэтае сцвярджэнне не падцвярджаецца археолагамі. Першыя летапісныя звесткі пра радзімічаў адносяцца да 885 г. Пад гэтым годам паведамляецца, што кіеўскі князь Алег абавязаў радзімічаў плаціць даніну яму, а не хазарам, як было раней.

Назва “радзімічы”, згодна з летапісам, паходзіць ад імя правадыра Радзіма: “и пришедъша седоста Радимъ на Съжю, и прозвашася радимичи. У той жа час сучасныя даследчыкі мяркуюць, што назва племені паходзіць ад балцкага слова “radimas” (знаходжанне), што блізка па значэнню да беларусскага “радзіма”. Тым самым, радзімічы – гэта людзі адной “радзімы” (супляменнікі). Летапісец даў адмоўную характарыстыку жыцця радзімічаў: “...жылі яны ў лясах, нібы дзікуны, спажывалі брудную ежу, было ў іх брыдкаслоўе перад бацькамі і нявесткамі, на бясоўскіх ігрышчах выкрадалі сабе жонак, якіх мелі па дзве-тры”. Падобная характарыстыка радзімічаў з боку летапісца сведчыць пра тое, што радзімічы доўга захоўвалі веру бацькоў – язычніцтва, а гэта хрыясціянінам летапісцам успрымалася вельмі адмоўна. Этнавызначальнай прыкметай радзімічаў былі сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, якія жанчыны мацавалі да галаўнога убора і насілі ад аднаго да васьмі.

Паўночна-заходняя частка Беларусі ў гэты час, як і раней была заселена балцкімі народамі. У далейшым на аснове племянных княжанняў крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў сфарміраваліся асобныя княствы, якія стануць часткамі адзінай цэнтралізаванай дзяржавы пры кіеўскім князі Уладзіміры Святаславічы. Пры гэтым звесткі пра існаванне саміх плямен знікнуць. Узнікае пытанне, якія этнічныя працэсы адбываліся на беларускіх хемлях ў Х – ХІІІ стст.? У савецкай гістарыяграфіі 1950-х гг. склаўся стэраатып пра фарміраванне ўсходнімі славянамі так званай “старажытнарускай народнасці”. Асобныя сучаныя даследчыкі, як, напрыклад, М.Ф. Піліпенка, таксама сцвярджаюць, што такая этнічная супольнасць існавала ў рэальнасці ў перыяд так званай Кіеўскай Русі і стала авновай трох сучасных усходнеславянскіх народаў – беларусаў, рускіх, украінцаў.

У той жа час іншыя даследчыкі адмаўляюць існаванне старажытнарускай народнасці. Так яшчэ В.О. Ключэўскі сцвярджаў, што ні ў адной гістарычнай крыніцы гэтага перыяду “не сустракаецца назвы рускі народ”. Больш таго, ён зазначае: “Руская дзяржава ў ІХ – ХІ стст. не была дзяржавай рускага народа, таму што яшчэ не існавала рускага народа”. Да падобных высноў падштурхоўвае тое, што ў гэты час у перыяд панавання натуральнай гаспадаркі і зараджэння феадалізму не існавала рэальных падстаў да фарміравання вялікай этнічнай супольнасці на тэрыторыі Старажытнай Русі. Нетрывалыя палітычныя (асабліва ва ўмовах хутка наступіўшай феадальнай раздробленнасці), эканамічныя і культурныя сувязі не дазвалілі сфарміравацца старажытнарускай народнасці. У той жа час, гэта ніяк не адмаўляе існаванне адзінай усходнеславянскай супольнасці ў папярэдні час. Яна, безумоўна, існавала ў перыяд рассяленя славян са сваёй прарадзімы. І яё, у прынцыпе, таксама можна ўмоўна назваць “старажытнарускай народнасцю”, на аснове якой, на думку Э.М. Загарульскага ўтварыліся усходнеславянскія плямёны і княжэнні крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, палян, драўлян, вяцічаў і інш. У далейшым, у выніку эканамічнага, сацыяльнага і дзяржаўнага развіцця Старажытнай Русі складваліся групы княстваў і зямель, што з'явілася адной з перадумоў узнікнення ў будучым беларускай, русскай і украінскай народнасцей.

3.2 Узнікненне дзяржаўнасці ва ўсходніх славян. Полацкае княства ІХ – ХІ стст.

У сярэдзіне ІХ ст. ва Усходняй Еўропе з'явіліся варагі (нарманы). Гэта былі выхадцы са Скандынавіі, пераважна купцы і воіны, якія імкнуліся авалодаць вялікім водным шляхам “з вараг у грэкі”. Варагі збіралі даніну з наўгародскіх славен, крывічоў і некаторых фіна-угорскіх плямён (чудзь, весь). У “Аповесці мінулых часоў” расказваецца, што наўгародцы, крывічы, чудзь адмовіліся плаціць варагам даніну і ў 859 г. прагналі іх “за мора”. Аднак сярод саміх плямён не было згоды, часта ўспыхвалі міжусобныя войны. У выніку гэтыя плямёны ў 862 г. накіравалі сваіх паслоў да аднаго з варажскіх правадыроў Рурыка з запрашэннем на княжанне. У летапісе пра гэта гаворыцца так: “Пайшлі за мора да варагаў, да русі. Бо так звалі тых варагаў..”. Адсюль быццам і назва дзяржавы ўзнікла – “Русь”.

Рурык стаў наўгародскім князем і праз два гады пачаў раздаваць гарады сваім “мужам” (набліжаным асобам). Сярод гэтых гарадоў пад 862 г. упершыню названы Полацк. Дадзены зафіксаваны ў летапісу факт даў падставу некаторым гісторыкам сцвярджаць, што менавіта ад “запрашэння” варагаў (нарманаў) бярэ пачатак дзяржаўнасць ва ўсходніх славян (“нарманская тэорыя”). Хаця прыхільнікі другой крайнасці адмаўлялі ўвогуле ролю варагаў у стварэнні дзяржаўнасці ва ўсходніх славян (“антынарманская тэорыя”). На самой справе “запрашэнне” варагаў усяго толькі паскорыла дзяржаваўтваральны працэс на ўсходнеславянскіх землях, які і да гэтага часу ішоў, хаця і маруднымі тэмпамі.

Калі паўночныя землі ўсходнеславянскага рэгіёна ў другой палове ІХ ст. аказаліся ў залежнасці ад Рурыка, то землі палян, севяран, радзімічаў папалі пад уладу хазар (цюркамоўны народ, які ў VII – Х стст. займаў тэрыторыю Крыма, Дона, Ніжняга Паволжа, стэпы і лесастэпы Усходняй Еўропы да Дняпра). Вызваленне палян ад неабходнасці ўплаты даніны хазарам звязваецца з дзейнасцю “мужоў” Рурыка Аскольда і Дзіра. У летапісе гаворыцца, як яны “з родамі сваімі” адправіліся па Дняпры ў сталіцу Візантыі Канстанцінопаль (Царград). Даплыўшы да Кіева, яны забілі нашчадкаў заснавальніка горада Кія, вызвалілі гараджан ад уплаты даніны хазарам і сталі правіць зямлёй палян.

Новы этап у гісторыі ўсходніх славян звязаны з фарміраваннем адзінай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. Паколькі сын Рурыка Ігар пасля смерці бацькі быў малалетнім, улада перайшла да сваяка і ваяводы Рурыка Алега. У 882 г. Алег забіў Аскольда і Дзіра і абвясціў Кіеў сталіцай Русі: “Няхай будзе маці гарадоў рускіх”. Князь даволі хутка падпарадкаваў сабе і шэраг славянскіх зямель, у тым ліку радзімічаў (885 г.). У 907 г. Алег ажыццявіў удалы паход на Царград. У складзе яго войска знаходзілася дружына крывічоў-палачан. Гэта дае падставу сцвярджаць, што ў часы Алега беларускія землі былі падначалены Кіеву.

Далей Полацк знікае са старонак летапісу і ўзгадваецца толькі ў апошняй чвэрці Х ст. У гэты час у Полацку правіць першы летапісны князь Рагвалод. З летапісаў вядома, што ён “прыйшоў з-за мора”. Верагодна, што князь быў варагам, але не належаў да правячай у іншых княствах дынастыі Рурыкавічаў. Каля 980 г. Рагвалод аказаўся ўцягнуты ў дынастычную барацьбу, якую вялі за кіеўскі прастол сыны Святаслава Ігаравіча – Уладзімір (наўгародскі князь) і Яраполк (кіеўскі князь). Як сведчыць летапіснае паданне, браты звярнуліся за дапамогай да Рагвалода і імкнуліся замацаваць дамоўленасць, ажаніўшыся з дачкой полацкага князя Рагнедай. Маладая князёўна, ведаючы пра пазашлюбнае нараджэнне Уладзіміра, у зняважлівай форме адмовілася выходзіць за яго замуж, назваўшы яго “рабынічам”. У адказ Уладзімір сабраў вялікае войска і выступіў у паход на Полацк. Горад быў захоплены. Уладзімір забіў Рагвалода і яго сыноў, а Рагнеду гвалтоўна ўзяў у жонкі і даў ёй імя Гарыслава. У гэтым жа годзе наўгародскі князь падманам забіў свайго старэйшага брата Яраполка і стаў кіеўскім князем, падначаліўшы сябе ўсю “Рускую зямлю”.

Уладзімір здолеў утрымаць Русь пад сваёй уладай. Калі радзімічы ў 984 г. узнялі паўстанне супраць Кіева, Уладзімір Святаславіч рушыў супраць іх з войскам. На рацэ Пяшчані радзімічы былі разбіты атрадам ваяводы Воўчага Хваста.

У гісторыю Рускай дзяржавы Уладзімір таксама ўвайшоў як Хрысціцель, за што ў народзе яго назвалі “Красным Сонейкам”. Перад прыняццем хрысціянства, Уладзімір мусіў ажаніцца з візантыйскай прынцэсай Ганнай. Але дзеля гэтага князю трэба было пазбавіцца ад свайго гарэма. У прыватнасці, сваіх жонак Уладзімір “раздаў” дружыннікам. Новы шлюб вызваляў іх ад папярэдніх абавязацельстваў і рабіў князя свабодным. Але Рагнеду-Гарыславу за яе княскага паходжання князь не выдаў за аднаго са сваіх “мужоў”. Ёй быў наканаваны іншы лёс – манастыр. Згодна з легендарнымі звесткамі Рагнеда, даведаўшыся пра намер Уладзіміра і каб адпомсціць Уладзіміру за крыўду, нанесеную ёй у 980 г., зрабіла замах на яго жыццё. Але князь у час спробы забойства прачнуўся і вырашыў сам забіць жонку, але за Рагнеду заступіўся іх старэйшы сын Ізяслаў. У прысутнасці сына князь разгубіўся. Уладзімір параіўся з баярамі і замест жорсткага выслаў Рагнеду з сынам у спецыяльна пабудаваную крэпасць, якая атрымала назву Ізяслаўль. Менавіта там Рагнеда прыняла пострыг і пад імем Анастасія жыла ў манастыры да 1000 г., а Ізяслава запрасілі на полацкі сталец (трон), дзе ён кіраваў да канца жыцця, але пад кантролем бацькі. Згодна з летапісам, Ізяслаў быў князь-кніжнік, які распаўсюджваў хрысціянства і асвету. Памёр ён вельмі рана у 1001 г. ва ўзросце не больш за дваццаць гадоў. Ізяслаў пакінуў пасля сябе двух сыноў – Усяслава і Брачыслава. Першы з іх пражыў толькі да 1003 г. Другі – Брачыслаў Ізяслававіч – стаў новым полацкім князем (1003 – 1044 гг.).

Пра дзейнасць Брачыслава нам вядома мала. Летапіс паведамляе, што ў 1021г. Брачыслаў напаў на залежны ад Кіева Ноўгарад і разрабаваў яго. Калі Брачыслаў вяртаўся ў Полацк, згодна з летапісам яго сустрэла войска кіеўскага князя Яраслава Мудрага (другі сын Рагнеды, родны дзядзькам Брачыслава). Адбылася бітва на рацэ Судомір(Судоме). У бітве Брачыслаў прайграў, аднак па мірнай дамоўленасці з Яраславам Полацку былі перададзены гарады Віцебск і Усвят – важныя пункты на гандлёвым шляху “з вараг у грэкі”. Гэтыя землі дазволілі полацкаму князю кантраляваць волакі (сухапутныя шляхі зносін паміж дзвюма рэкамі), дзе прасцей за ўсё было збіраць гандлёвыя пошліны.

Але гэтая бітва выглядае даволі загадкава. Чаму Яраслаў Мудры, разбіўшы пляменніка, аддае яму два стратэгічна важных горада? Чаму дазваляе узмацніцца Полацкай зямлі? На гэта пытанне дазваляюць адказаць іншыя гістарычныя крыніцы, якія моцна супярэчаць “Аповесці мінулых гадоў”, дакладней той яе часткі, якая была створана ў часы праўлення ў Кіеве князя Яраслава, прычым па яго загадзе. Так старажытная скандынаўская “Сага аб Эйдмундзе” сцвярджае, што бітвы на р.Судомір увогуле не было. Два войскі ў 1021 г. сыйшліся, але князі чакалі і не спяшаліся распачынаць бой. У гэты ж час былы “муж” Яраслава, які з-за незадаволенасці аплатай сваіх паслуг у папярэдняга гаспадара перайшоў на службу да Брачыслава, здолеў захапіць у палон жонку кіеўскага князя Яраслава Інгегерду (у хрысціянстве Ірына). Менавіта гэты факт, на думку навукоўцаў, і засатавіў падпісаць кіеўскага князя мірную дамову з пляменікам, перадаўшы яму Віцебск і Усвяты. Паказальна, што менавіта 1021 г. з'яўляецца першай узгадкай пра Віцебск у старажытных летапісах, хаця горад, безумоўна, існаваў задоўга да гэтага.

У далейшым Яраслаў з Брачыславам жылі мірна. У Кіеве нават быў створаны так званы “Двор Брачыславаў”, які хутчэй за ўсё выконваў функцыі гандлёвага прадстаўніцтва полацкіх купцоў. Акрамя таго пра княжанне Брачыслава сведчыць яго палітыка ў адносінах да балтаў. Есць падставы сцвярджаць, што князь праводзіў наступальную палітыку ў славяна-балцкім памежжы, там ён заснаваў горад Браслаў (старажытны Брачыслаўль). Магчыма, ў гэты ж час былі заснаваны фарпосты (крэпасці) Полацкага княства ў Падзвінні – Кукенойс і Герцыке. Акрамя таго менавіта Брачылаў далучыў да княства Менскую воласць.

Пасля Брачыслава полацкім князем стаў яго адзіны сын Усяслаў Чарадзей(1044 – 1101 гг.). У летапісе гаворыцца, што маці (язычніца з фіна-угорскага племені водзь) нарадзіла яго “от волъхвования”. Людзі верылі, што князь мог ператварацца ў ваўка (быў ваўкалакам) ці тура з залатымі рагамі, а таксама валодае іншымі звышнатуральнымі здольнасцямі. У першыя два дзесяцігоддзі свайго праўлення Усяслаў падтрымліваў мірныя адносіны з Кіевам, дзе княжылі спачатку Яраслаў Мудры, а затым яго сын Ізяслаў. У 1060 г. Чарадзей прыняў удзел у сумесным паходзе паўднёварускіх князёў супраць качэўнікаў-торкаў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што за ўдзел у гэтым паходзе Чарадзей атрымаў гарады Оршу і Копысь.

Але 1065 год стаў паваротным у палітычнай гісторыі Полацкага княства. Выкарыстаўшы канфлікт, які ўзнік паміж паўднёварускімі князямі, Усяслаў Чарадзей ажыццявіў паход на Пскоў. Горад яму ўзяць не ўдалося, але адносіны з Кіевам сапсаваліся. У наступным 1066 г. Усяслаў ажыццявіў паход на Ноўгарад, горад быў узяты, шмат людзей выведзена ў палон. Чарадзей зняў званы з Наўгародскага Сафійскага Сабора і перавёз іх у Полацк (да гэтага часу свая Сафія, як сімвал незалежнасці і велічы, была пабудавана і ў Полацку). У адказ паўднёварускія князі Яраславічы (сыны Яраслава Мудрага) ажыццявілі паход на ўладанні непакорнага князя, захапілі і спалілі Менск (які размяшчаўся раней у іншым месцы на рацэ Менка). Рашаючая бітва адбылася 3 сакавіка 1067 г. на рацэ Няміга (тэрыторыя сучаснага Мінску). “І была сеча жорсткая, – запісаў летапісец, – і шмат людзей загінула, і перамаглі Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад. Усяслаў жа кінуўся наўцёкі”. Аднак у братоў Яраславічаў не было сіл праследваць полацкага князя і яны запрасілі Чарадзея на мірныя перагаворы, гарантуючы яму бяспеку клятвай на крыжы. Перамовы павінны былі адбыцца пад Оршай 10 ліпеня 1067 г. Полацкі князь разам з сынамі пераехаў у ладдзі праз Днепр, увайшоў у шацёр кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча, аднак той парушыў крыжацалаванне і захапіў Чарадзея і двух яго сыноў у палон.

У кіеўскай турме Усяслаў сядзеў больш года. У 1068 г. паўднёварускія князі пацярпелі паражэнне ад стэпавых качэўнікаў – полаўцаў. Калі вестка пра гэта дайшла да Кіева, то кіяўляне сталі патрабаваць ад свайго князя Ізяслава выдаць ім коней і зброю для барацьбы з ворагамі. Ізяслаў не зрабіў гэтага, чым выклікаў выступленне кіяўлян, якія вызвалілі Усяслава Чарадзея з турмы. Даведаўшыся пра гэта, Ізяслаў уцёк. 15 верасня 1068 г. кіяўляне абвясцілі Усяслава вялікім князем кіеўскім. На гэтай пасадзе Чарадзей знаходзіўся сем месяцаў. У гэты час, на думку даследчыкаў, Усяслаў здолеў дамовіцца з братамі Ізяслава Яраславіча, якія прызналі яго ўладу, адбіў напад полаўцаў. Згодна ж “Словам пра паход Ігаравы” Усяслаў у Кіеве “судзіў суды” (сам непасрэдна вяршыў суд, не дапускаючы да гэтага карумпаваных мясцовых баяр) і “раздаваў князям гарады” (раздаваў іншым князям удзелы). За гэты час былы князь Ізяслаў з дапамогай свайго цесця польскага уладара сабраў войска і падышоў з ім да Белгарада. Тут павінна была адбыцца бітва з Усяславам. Аднак Чарадзей прыняў рашэнне ў бітву не ўступаць і вярнуцца на Полаччыну, саступіўшы кіеўскі прастол Ізяславу.

У Полацку Чарадзей адразу замацавацца не змог, бо ў горадзе знаходзіўся кіеўскі намеснік, сын Ізяслава Мсціслаў. Пасля смерці Мсціслава тут правіў яшчэ адзін Ізяславіч – Святаполк. Урэшце Усяслаў стаў жыць у фіна-угорскім племені водзь (з якога паходзіла яго маці). У 1069 г. ён узначаліў паход гэтага племені на Ноўгарад, але ў бітве на рацэ Гзень быў разбіты і трапіў у палон. Аднак, як было сказана ў летапісе, наўгародцы адпусцілі Усяслава“бога радзі”. Чаму яны так паступілі? Чаму адпусцілі князя, які спаліў іх горад тры гады таму? Растлумачыць такія паводзіны наўгародцаў можна толькі тым, што яны былі зацікаўлены ва ўзмацненні Полацка, які б мог забяспечыць адасобленнасць самаго Ноўгарада ад ўлады кіеўскіх князёў, чого так прагнула наўгародская эліта. А моцным Полацк у той час мог быць толькі пры Усяславе Чарадзеі. Таму прыйшлося забыць былыя крыўды і даць магчымасць полацкаму князю вярнуцца ў родны горад.

У 1071 г. Усяслаў Брачыслававіч выгнаў Святаполка Ізяславіча з Полацка. З гэтага часу сутычкі з Кіевам сталі даволі частымі. У 1077 і 1078 гг. супраць Полацка былі арганізаваны паходы паўднёварускіх князёў. Горад узяць ім не ўдалося, але наваколле яго было выпалена. Адным з удзельнікаў паходаў быў Уладзімір Манамах, у будучым вялікі князь кіеўскі (прозвішча атрымаў у гонар дзеда – візантыйскага імператара Канстанціна Манамаха). Ёсць меркаванне, што прычынай паходаў былі агрэсіўныя дзеянні Усяслава ў Падняпроўі. Сапраўды, у 1078 г. Чарадзей напаў на Смаленск і спаліў яго. Уладзімір Манамах паспрабаваў дагнаць Усяслава, аднак не паспеў. Помсцячы Чарадзею, Уладзімір разрабаваў ваколіцы Лукомля, Лагойска і Друцка. У 1084 г. Уладзімір Манамах паспрабаваў нанесці яшчэадзінудар па Полацкаму княству і захапіў Менск, не пакінуўшы ў ім “ні чалядзіна, ні скаціны”.

Нічога невядома аб гісторыі Полаччыны з 1084 па 1101 г. Апошняе хутчэй сведчыць пра стабільнасць у княжанні, калі не адбывалася ніводнай вайны з суседзямі. Толькі пад 1092 г. у летапісе сустракаюцца звесткі пра нейкі страшны мор ў горадзе, калі “мерцвякі білі палачан”. Але гэты перыяд стабільнасці скончыўся са смерцю Усяслава Чарадзея, якога не стала ў сераду ў 9 гадзін раніцы 14 красавіка 1101 г. Гэта адзінае ў старажытнарускіх летапісах дакдаднае ўказанне смерці князя, што сведчыць аб тым, якое значэнне надавалі Усяславу ў Кіеве. Са смерцю Чарадзея завяршылася сапраўды вялікая эпоха беларускай гісторыі.

 

3.3 Палітычная гісторыя Тураўскага княства. Землі Пабужжа, Пасожжа і Верхняга Панямоння ў ІХ – пачатку ХІІІ стст.

На поўдзень ад Полацкага княства знаходзілася Тураўская зямля, якая ўтварылася на аснове племяннога княжання дрыгавічоў. Першае ўпамінанне пра Тураў адносіцца да 980 г., калі там княжыў Тур. Гісторыкі сумняваюцца ў дакладнасці гэтага сведчання і разглядаюць яго як легенду або як больш познюю прыпіску, якая “растлумачвала” паходжанне назвы горада.

У 980-х гг. Тураў апынуўся ў складзе Рускай дзяржавы князя Уладзіміра Святаславіча. Пад 988 г. летапіс паведамляе, што кіеўскі князь перадаў у кіраванне сваім сынам розныя воласці. Тураў атрымаў прыёмны сын Уладзіміра Святаполк(яго бацькам з'яўляўся старэйшы брат Уладзіміра Яраполк, на цяжарнай жонцы якога Уладзмір ажаніўся, аб'явіўшы затым Святаполка сваім законным сынам). Ведаючы пра сваё паходжанне малады князь вырашыў дамагчыся поўнай незалежнасці ад Кіева. У 1009 ці 1010 г. Святаполк узяў шлюб з дачкой польскага князя Баляслава Храбрага. Разам з ёю у Тураў прыбыў яе асабісты духаўнік кальбергійскі біскуп Рэйнберн, які спавядаў каталіцтва. У 1012 г. тураўскі князь за памкненне адасобіцца ад Кіева разам з жонкай і яе духаўніком быў схоплены Ўладзімірам. У турме Рэйнберн загінуў, далейшы лёс жонкі Святаполка невядома, а сам князь па просьбе кіеўскіх баяр быў вызвалены і пражываў пэўны час пад наглядам у Вышгарадзе.

У ліпені 1015 г. пад час падрыхтоўкі коннага пахода на ўладанні свайго другога сына Яраслава, які таксама імкнуўся да самастойнасці і перастаў выплочвацьданіну Кіеву, Уладзімір памірае. Новым кіеўскім князем па старшынству стаў Святаполк. У гонар гэтага ён загадаў адчаканіць сярэбраныя манеты (срэбранікі) з надпісам “Святаполк на стале”.

Атрымаўшы вялікакняжацкі сталец, згодна з версіяй летапісца, Святаполк стаў паступова распраўляцца са сваімі братамі, якія маглі прэтэндаваць на прастол. Пад Пераяслаўлем быў забіты Барыс, а пад Смаленскам – Глеб. Менавіта гэтыя маладыя князі былі аб'яўлены ў далейшым першымі рускімі святымі. Святаполка ж як арганізатара забойства сталі называць Акаянным. Але навукоўцы сумняваюцца ў версіі летапісца, якім Святаполк намаляваны толькі чорнымі фарбамі. Летапіс пісаўся ў Кіеве пры наступным князі Яраславе і рукой летапісца, па словах акадэміка А.А. Шахматава, кіравалі “политические страсти и мирские интересы”. Калі ж паглядзець на сітуацыю ў дзяржаве, дык узнікае пытанне, а навошта Святаполку забіваць братоў? Ён жа ўсё роўна старэйшы і мае усе правы на кіеўскі сталец. Больш падстаў пазбавіцца ад патэнцыйных канкурэнтаў меў наўгародскі князь Яраслаў Мудры, які таксама прэтэндаваў на кіеўскі трон і збіраўся скінуць з яго Святаполка. Магчымасць забойства Барыса і Глеба па ініцыятыве Яраслава падцвярджаюць скандынаўскія крыніцы.

Яраслаў распачаў вайну супраць Святаполка. Спачатку яму шанцавала і ён перамог праціўніка. Але Святаполк звярнуўся за дапамогай да свайго цесця караля польскага Баляслава Харобрага і з яго войскам нанёс сакрушальны ўдар па Яраславу, сілы якога былі ўшчэнт разбіты ў 1018 г. на р. Заходні Буг. Тым самым, Святаполк вярнуў сабе кіеўскі сталец. Яраслаў збег у Ноўгарад, дзе жыхары горада сабралі яму грошы для найму новага варажскага войска. З ім Яраслаў у чарговы раз рушыў на Кіеў. Рашаючая бітва паміж князямі адбылася ў 1019 г. на рацэ Альта. Перамогу атрымаў Яраслаў. Паранены Святаполк уцёк, але па дарозе у Польшчу памёр. У выніку гэтага на кіеўскі трон ізноў узыйшоў Яраслаў Мудры, а Тураўскае княства было ўключана ў склад агульнай Кіеўскай дзяржавы.

Доўгі час тураўскім князем лічыўся сам кіеўскі князь. Але дзесьці напярэдадні смерці Яраслава Мудрага тураўскім князем стаў яго трэці сын Ізяслаў. Атрымаўшы пасля смерці бацькі (1054 г.) кіеўскі прастол, Ізяслаў захаваў за сабой і Тураў. Кіеўскім князям вельмі важна было захаваць кантроль над рачным шляхам па Прыпяці. І ў далейшым, як толькі на кіеўскім прастоле аказваўся новы князь, Тураў перадаваўся яго сыну або заставаўся ў прамым падпарадкаванні самаго кіеўскага князя.

Пасля гібелі Ізяслава Яраславіча ў 1078 г. вялікім князем кіеўскім стаў яго малодшы брат Усевалад. Тураўскае і Уладзімір-Валынскае княства атрымаў старэйшы сын Ізяслава Яраполк. Пасля смерці гэтага князя ў 1088 г. на княжанне ў Тураў быў прызначаны малодшы сын Ізяслава Святаполк, які пасля смерці свайго дзядзькі Усевалада (1093 г.) па старшынству стаў адначасова князем кіеўскім, наўгародскім і тураўскім. Святаполк вёў упартую барацьбу з качэўнікамі, але ў той жа час быў чалавекам скупым і срэбралюбівым. Ён нажываўся на нястачы людзей, скупіў соль і прадаваў яе па завышаных цэнах. Гэта выклікала абурэнне народа і прывяло да паўстання ў Кіеве, у пачатку якога ў 1113 г. Святаполк памёр. Вялікім князем кіеўскім стаў сын Усевалада Уладзімір Манамах.Уладзімір не дазволіў князям з дынастыі Ізяславічаў трымаць Тураў. Па яго загаду сын Святаполка Яраслаў быў забіты. Тураўская зямля засталася за кіеўскім вялікім князем. Пасля смерці Уладзіміра Манамаха кіеўскім і тураўскім князем быў яго сын Мсціслаў (1125-1132 гг.). Як бачна, Тураў надоўга трапіў у залежнасць ад Кіева.

Феадальная раздробленнасць закранула і Тураўскае княства. Аднак гэты працэс пачаўся не ў першай палове ХІІ ст., як на Полаччыне, а ў другой палове ХІІ ст. Гэта звязана з тым, што ў першай палове ХІІ ст. Тураў знаходзіўся пад моцным кантролем кіеўскіх князёў.

Пераломным у гісторыі Турава стаў 1157 г. У гэтым годзе Тураў захапіў Юрый Яраславіч, сын забітага па загаду Уладзіміра Манамаха Яраслава Святаполкавіча. Паходы на Тураў 1158 і 1160 гг. не завяршыліся поспехам Кіева. Тураў у саюзе з Пінскам (першае ўзгадванне – 1097 г.) выстаяў у гэтым супроцьстаянні. Пасля смерці Юрыя Яраславіча ў 1162 г. княства было падзелена паміж яго сынамі – Святаполкам, Глебам і Яраполкам. Узніклі самастойныя Тураўская, Пінская, Дубровіцкая, Клецкая і Слуцкая воласці, якія паступова трапілі пад уплыў суседняга Галіцка-Валынскага княства.

Грамадска-палітычны лад у Тураве меў некаторыя асаблівасці. Тураўскія князі паводле роднасных сувязяў мелі права перайсці на вялікакняжацкі прастол у Кіеве, калі для гэтага надыходзіла іх чарга як прадстаўнікоў княжацкага роду Рурыкавічаў. Адначасова Тураўскае княства працягвала падпарадкоўвацца свайму князю, які станавіўся вялікім князем кіеўскім. У такім выпадку ў Тураве галоўную ролю выконвалі пасаднік (намеснік князя) і тысяцкі (кіраўнік гарадскога апалчэння). Тураў нараўне з Ноўгарадам сталі тымі гарадамі ў Кіеўскай Русі, дзе роля пасадніка з-за амаль пастаяннай адсутнасці князя была надзвычай высокай.

Цікавым з'яўляецца і той факт, што жыхары Турава мелі права прапаноўваць кіеўскаму мітрапаліту кандыдатуру на пасаду епіскапа. Так адбылося з прызначэннем Кірылы Тураўскага. Аднак, трэба сказаць, што гэты выпадак быў хутчэй выключэннем з правіла, а не традыцыяй, якая склалася ў Тураўскім княстве.

Крыху абасоблена ад іншых частак сучаснай Беаларусі, якія былі уключаны ў склад Полацкага і Тураўскага княстваў, існавалі землі Пабужжа, Пасожжа і Верхняга Панямоння. Землі Сярэдняга Пабужжа на працягу многіх стагоддзяў уключалі гарады Берасце, Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, Бельск. Галоўным горадам у рэгіёне з'яўлялася Берасце (першае ўзгадванне – 1019 г.(бітва на р.Альта)). З пачатку ХІ ст. горад уваходзіў у склад Тураўскага княства. Пасля разгрому Святаполка Акаяннага на Альце Берасце было занята палякамі. Толькі пасля паходу Яраслава Мудрага на горад ў 1022 г., горад быў вернуты Тураўскаму княству, а ў другой палове ХІІ ст. ўвайшоў ў склад Галіцка-Валынскага княства.

Другім пасля Берасця буйным палітычным цэнтрам Пабужжа стаў Драгічын. Верагодна, у 1181 г. ён стаў цэнтрам асобнага ўдзельнага княства пад уладай князёў з турава-пінскай дынастыі. У 1235 г. Драгічын быў захоплены мазавецкім князем Конрадам, які пасяліў у ім крыжакаў. Але ў 1237 г. горад быў захоплены Данілам Галіцкім, які ў гэтым горадзе каранаваўся, атрыманай ад Папы Рымскага каралеўскай каронай.

Землі Беларускага Пасожжа ўваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Да Смаленскага княства адносілася паўночная частка Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (Слаўгарад). Тэрыторыя ніжняга цячэння Сажа з Гомелем (першае ўзгадванне – 1142 г.), Чачэрскам і Рэчыцай уваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства. Беларускія землі ў Ніжнім Папрыпяцці з гарадамі Мазыр і Брагін уваходзілі ў склад Кіеўскага княства.

У Беларускім Панямонні (“Чорная Русь”) у ХІІ ст. таксама ўзніклі цэнтры самастойных княстваў: Гародня, Наваградак, Ваўкавыск і Слонім. Разам з тым, гэты рэгіён вызначаўся кампактным пражываннем тут розных народаў. У прыватнасці, побач са славянскімі гарадамі ў Панямонні жылі балцкія плямёны (да прыкладу, яцвягі, літва). Найбольш старажытным з пералічаных гарадоў лічыцца Гародня, якая ўпершыню прыгадваецца ў 1127 г. у свувязі з удзелам мясцовага князя Ўсеваладка ў паходзе сына Ўладзіміра Манамаха Мсціслава на Полацк. Але, калі ўлічыць меркаванне гісторыкаў, што Наваградак быў заснаваны князем Яраславам Мудрым пад час паходу на Літву ў 1044 г., тады менавіта гэты горад трэба лічыць самым старажытным ў Панямонні. У палітчыным жыцці гарады рэгіёна доўгі час напрамую залежылі ад Кіева і з'яўляліся, па сутнасці, фарпостамі Русі на славяна-балцкім памежжы. У будучым менавіда гэтаму рэгіёну будзе наканавана стать цэнтрам першапачатковага фарміраванняновай магутнай дзяржавы ўсходніх славян і балтаў – Вялікага княства Літоўскага.

 

3.4 Беларускія землі ў перыяд феадальнай раздробленасці. Барацьба з крыжакамі і мангола-татарамі ў першай палове ХІІІ ст.

Перыяд распаду дзяржаў у сярэднія вякі на больш дробныя ўтварэнні гісторыкі называюць часам феадальнай раздробленасці. Усходнеславянскія землі ўступілі ў перыяд раздробленнасці пазней краін Заходняй Еўропы. Распаду Кіеўскай Русі ў значнай ступені паспрыяла рашэнне, якое было прынята на Любецкім з'ездзе князёў у 1097 г., дзе было обвешчана: “няхай кожны князь трымае вотчыну сваю”. Кожнае княства станавілася незалежным і цяпер мела права самастойна вызначаць свой унутраны парадак, весці самастойную знешнюю палітыку. Удзельныя княствы перыяду феадальнай раздробленнасці ў крыніцах ХІІ – ХІІІ стст. называюцца “валасцямі”. Разам з тым Уладзімір Манамах і яго сын Мсціслаў не пагадзіліся з рашэннем Любецкага з'езда, працягвалі кантраляваць развіццё ўдзельных княстваў. У выніку толькі пасля смерці Мсціслава ў 30-я гг. ХІІ ст. Русь канчаткова распалася. Летапісец з горыччу занатаваў: “Раздрася вся Русская земля”.

Прычыны феадальнай раздробленасці на Русі былі наступныя: 1) паслабленне ролі цэнтра ў выніку развіцця феадальных адносін і ўмацавання гарадоў на перыферыі; 2) адсутнасць трывалых эканамічных сувязей паміж цэнтрам і месцамі ва ўмовах панавання натуральнай гаспадаркі; 3) сепаратызм буйных феадалаў-вотчыннікаў.

Феадальная раздробленасць на Полаччыне пачалася пасля смерці Усяслава Чарадзея ў 1101 г. Князь меў шэсць сыноў, але іх чаргаванне і ўдзелы з-за адсутнасці дакладных звестак застаюцца прадметам дыскусій. Хутчэй за ўсё Барыс правіў у Полацку, Глеб – у Менску, Святаслаў – у Віцебску. Свае ўдзелы, напэўна, таксама атрымалі Давыд, Раман і Расціслаў. Барыс, як старэйшы, прызнаваўся вялікім князем Полацкай зямлі ў цэлым (хаця па іншых звестак старэйшым быў Давыд). Але, відаць, ён не кантраляваў усю зямлю і адносіны паміж братамі былі напружаныя. Да прыкладу, ніхто не дапамог Барысу на пачатку яго праўлення змагацца з яцвягамі. Адзіным сумесным паходам братоў быў правальны паход 1106 г. супраць земгалаў, якія пасля гэтага перасталі плаціць даніну Полацку.

З усіх братоў самую актыўную знешнюю палітыку праводзіў менскі князь Глеб, які імкнуўся пашырыць свае ўладанні перш за ўсё ў напрамку да Дняпра. Для гэтага менскі князь заключыў саюз з Оршай, Копыссю і Друцкам. Таксама Глеб ажыццяўляў паходы на землі Тураўскага княства. У выніку інтарэсы Глеба сутыкнуліся з інтарэсамі Кіева. У 1105 г. кіеўскі князь Святаполк Ізяславіч адправіў на Менск войска, аднак Глеб адстаяў горад. Дарэчы, кіеўскага князя падтрымаў Давыд Усяславіч, які выступіў супраць брата. У 1116 г. пасля таго, як Глеб спаліў Слуцк, ужо Уладзімір Манамах направіў на Менск шматлікае войска. Пасля двухмясячнай аблогі горада Глеб папрасіў міру, паабяцаўшы ва ўсім слухацца кіеўскага князя. Аднак, пасля адыходу Уладзіміра ў Кіеў Глеб працягнуў захопніцкую палітыку ў Падняпроўі. У выніку новага пахода Манамаха (1119 г.) Менск быў захоплены і далучаны да Кіева, а Орша і Копысь перададзены Смаленску. Глеб быў захоплены ў палон, дзе ў тым жа годзе і памёр. Пахаваны менскі князь у Кіева-Пячэрскім манастыры.

У 1127 г. памёр полацкі князь Барыс. Па старажытнаму звычаю полацкі прастол перайшоў да яго брата Давыда. Новы князь меў нямала праціўнікаў. На Полаччыне пачаліся разлады, у якія ўмяшаўся кіеўскі князь Мсціслаў (сын Уладзіміра Манамаха). У паходзе на Полацк на баку Кіева таксама выступіў гродзенскі князь Усеваладка. У выніку на полацкі сталец быў пастаўлены сын Барыса Рагвалод, а Давыд адхілены ад улады.

У 1128 г. Мсціслаў рыхтаваў вялікі паход супраць полаўцаў. Папярэдне ён паведаміў полацкім князям, што яму спатрэбіцца іх падтрымка. Аднак полацкія князі адмовілі дзёрзкім адказам: “Ты з Банякам Шалудзякам будзьце здаровыя абодва і ўпраўляйцеся самі, а мы маем дома што рабіць”. Тым самым яны спрабавлі паказаць сваю незалежнасць ад Кіева. Здзейсніўшы паспяховы паход супраць качэўнікаў і без палачан, Мсціслаў адразу накіраваў свае войскі і захапіў Полацк. У 1129 г. князі Рагвалод, Давыд, Расціслаў, Святаслаў разам з жонкамі і дзецьмі былі вывезены спачатку ў Кіеў, дзе ім было аб'яўлена аб пакаранні за непаслушэнства, а потым сасланы ў Канстанцінопаль. Візантыйскі імператар Іаан, зяць Мсціслава, прызначыў полацкіх князёў у войска, дзе яны змагаліся супраць арабаў (сарацынаў). Так пачаўся “візантыйскі палон” полацкіх князёў. На Полаччыне ў якасці намеснікаў сталі правіць сыны кіеўскага князя Мсціслава, а не “Рагвалодавы ўнукі”.

Пасля смерці Мсціслава (1132 г.) яго месца ў Кіеве заняў брат Яраполк. Гэтую сітуацыю выкарысталі палачане, якія выгналі кіеўскага намесніка і пасадзілі на полацкі сталец прадстаўніка полацкага княжацкага дому віцебскага князя Васільку Святаславіча. Полацк зноў атрымаў незалежнасць. Пасля смерці Яраполка (1139 г.) у Полацк вярнуліся “палонныя князі” з Візантыі. З гэтага часу пачалася вострая барацьба ў самой Полаччыне за сталец. Пасля смерці Васількі Святаславіча ў 1144 г. полацкі сталец вярнуў сабе Рагвалод Барысавіч. У Менскім удзеле пачаў правіць Расціслаў Глебавіч.

У 1130-х і 1140-х гг., на думку асобных навукоўцаў, Васілька Святаславіч з'яўляўся адначасова і князем віцебскім. Але поўнасцю даказаць гэту гіпотызу немагчыма. Тым не менш, па дадзеных археолагаў менавіта ў гэты час у Віцебску назіраецца сапраўдны ўздым у развіцці. У 1136-40 гг. горад быў абнесены новым магутным абарончым валам, адначасова былі ўзведзены каменныя цэрквы св. Міхаіла на гары Ламіха, Дабравешчанская і св. Параскевы Пятніцы ў вакольным горадзе. Усё гэта сведчыла пра ўзвышэнне горада ў параўнанні з папярэднім этапам.

У сярэдзіне ХІІ ст. у Полацкай зямлі пачалася дынастычная барацьба. У 1151 г. Рагвалод Барысавіч быў захоплены палачанамі і адпраўлены ў Менск, дзе яго ўтрымлівалі “ў цяжкай няволі”, а полацкім князем стаў прадстаўнік менскай дынастычнай лініі Расціслаў Глебавіч. Разам з тым такая сітуацыя была нядоўгай. Ужо ў 1158 г. веча выгнала Расціслава, і на полацкі пасад вярнуўся Рагвалод Барысавіч. Пазней веча запрасіла ў Полацк віцебскага князя Усяслава Васількавіча, які кіраваў да 1180 (1186) г. Усяслаў, каб умацаваць свае пазіцыі ў Полацку, уступіў у саюз са смаленскім князем Давыдам Расціславічам.

У перыяд феадальнай раздробленасці ў Полацку змяняецца роля князскай улады. Раней князь быў адзінаасобным правіцелем і толькі пры рашэнні самых важных дзяржаўных пытанняў часам раіўся са сваімі бліжэйшымі дарадчыкамі – “думчымі”, “лепшымі” мужамі, якія ўваходзілі ў склад княжацкай рады. Да ліку найбліжэйшых дарадцаў князя адносіліся: епіскап (кіраваў епархіяй – царкоўнай акругай), пасаднікі (з'яўляліся намеснікамі князя ў розных гарадах дзяржавы), тысяцкія (кіравалі народным апалчэннем – “полкам”, а таксама сачылі за парадкам у дзяржаве), падвойскія (кантралявалі выкананне распараджэнняў веча і князя), ключнікі і цівуны (выконвалі фінансавыя функцыі, валодалі судова-адміністрацыйнымі паўнамоцтвамі). Але ў перыяд феадальнай раздробленнасці роля князя яшчэ больш аслабла. Яго ўлады паступова стала абмяжоўвацца народным сходам дарослых гараджан – вечам. На вечы ажыццяўляўся вышэйшы суд, кантралявалася дзейнасць князя, вырашаліся пытанні вайны і міру. Ад імя веча заключаліся дамовы з іншымі гарадамі. Калі веча не падтрымлівала князя, той вымушаны быў пакінуць горад. На месца выгнанага князя веча выбірала іншага прадстаўніка княжацкай дынастыі.

Свае адметнаці феаальная раздробленасць мела ў Тураўскім княтсве, дзе яна распачалася даволі позна толькі пасля смерці Юрыя Яраславіча ў 1162 г. Пасля гэтага княства было падзелена паміж сынамі князя Юрыя – Святаполкам, Глебам і Яраполкам. У выніку на поўдні Беларусі склаліся самастойныя Тураўская, Пінская, Дубровіцкая, Клецкая і Слуцкая воласці, якія паступова трапілі пад уплыў суседняга Галіцка-Валынскага княства. Характэрнай рысай жыцця Тураўшчыны ў канцы ХІІ ст. стала адсутнасць зафіксаваных міжусобных канфліктаў паміж сынамі Юрыя Яраславіча.

Такім чынам, феадальная раздробленасць – гэта заканамерны працэс, які меў станоўчыя і адмоўныя бакі. Да першых можна аднесці рост гарадоў, якія сталі цэнтрамі ўдзельных княстваў, развіццё культуры і ўзвышэнне веча. Да адмоўных: пачатак крывапралітных міжусобных войн і агульнае аслабленне “Рускай зямлі” на фоне росту знешняй небяспекі, якая ў пачатку ХІІІ ст. была прадстаўлена крыжацкай і татарскай агрэсіяй.

Найбольшую пагрозу для беларускіх зямель уяўлялі нямецкія рыцары – крыжакі. У канцы ХІІ ст. першыя немцы пад выглядам распаўсюджання каталіцкай веры сярод мясцовага насельніцтва высадзіліся ва Ўсходняй Прыбалтыцы, дзе пражывалі былцкія і фіна-угорскія плямёны. Так у 1186 г. першы такі місіянер каталіцкі святар ордэна аўгусцінцаў Мейнард з'явіўся ў вусці Заходняй Дзвіны і атрымаў ад полацкага князя якога нямецкія хронікі называюць Вальдэмарам (хутэй за ўсё Уладзімір ці Валодша) права на распаўсюджанне каталіцтва сярод ліваў (фіна-угры). Колькасць немцаў у рэгіёне хутка ўзрасла. Яны пабудавалі тут свае крэпасці Ікскуль і Гольм, а ў 1201 г. заснавалі Рыгу. Сумеснымі намаганнямі каталіцкай царквы і рыцарства ў 1202г. быў створаны ордэн Мечаносцаў(“Браты воінства Хрытова”), які дапамагаў немцам і біскупу рыжскаму распаўсюджваць свой уплыў у рэгіёне.

Паступова рыцары прасоўваліся ўверх па Заходняй Дзвіне на тэрыторыю ліваў і латгалаў, пагражаючы Полацку. З гэтай прычыны дружыны полацкага князя Уладзіміра першымі з ўсходніх славян выступілі супроць крыжакаў і летам 1203 г. асадзілі Ікскуль і Гольм, але значнага поспеху не мелі. У 1206 г. Уладзімір паспрабаваў яшчэ раз асадзіць Гольм, але на дапамогу палачанам прыйшла толькі частка ліваў. Аблога працягвалася 11 дзён. Узяць крэпасць дружыны так і не змаглі. Тым часам рыцары паступова наблізіліся да васальнага ад Полацка Кукенойса. Тут княжыў Вячка. З невялікай дружынай ён мужна адбіваўся ад захопнікаў, але не атрымаў своечасовай дапамогі ад полацкага князя. У 1208 г. Вячка вымушаны быў спаліць Кукенойс і пакінуць княства. Ён працягваў барацьбу з крыжакамі да канца жыцця і загінуў у 1223 г. пры абароне Юр'ева. У 1209 г. рыцары абрабавалі і спалілі Герцыке. Князь Усевалад не змог адстаяць горад.

У такіх умовах, калі Полацк імкліва губляў свае пазіцыі ў Прыбалтыцы, троба было нешта неадкладна прадпрымаць. Але дзеля падрыхтоўкі рашаючага пахода патрэбны быў часовы мір. Мірныя перамовы паміж полацкім князем Уладзімірам і рыжскім епіскапам Альбертам адбыліся ў 1210 г. У выніку быў заключаны дагавор, які затым быў зменены новым пагадненнем 1212 г. Згодна з апошнім Полацк прызнаваў страту Ніжняга Падзвіння, спынялася выплата лівамі даніны полакаму князю, а немцы гарантавалі полацкім гандлярам свабодны шлях па Дзвіне. Скарыстаўшы часовае зацішша полацкі князь Уладзімір пачаў рыхтаваць вялікі паход сумесна з эстамі і літоўцамі супраць рыцараў, які павінен быў адбыцца ў1216 г. Аднак з-за раптоўнай смерці полацкага князя, які хутчэй за ўсё быў атручаны крыжакамі, паход так і не адбыўся. Нягледзячы на супярэчнасці паміж дзяржавамі, гандлёвыя адносіны паміж Полацкам і крыжакамі працягваліся. У 1229 годзе была падпісана гандлёвая грамата Смаленска, Полацка і Віцебска з Рыгай і Гоцкім берагам.

Націск крыжакоў на ўсходнеславянскія землі ўзмацніўся з канца 1230-х гг. У гэты час у Прыбалтыцы з'явіўся яшчэ адзін крыжацкі ордэн – Тэўтонскі. Тэўтонаў запрасіў сюды мазавецкі князь Конрад для пакарэння ваяўнічага балцкага племені прусаў. Гэта рыцары здолелі зрабіць і хутка сталі пагражаць суседнім балцкім і славянскім землям. У 1237 г. пасля паражэння ад балтаў пад Шаўляем мечаносцы і тэўтоны заключылі саюз. Ордэн Мечаносцаў стаў лічыцца “філіялам” Тэўтонскага (атрымаў назву Лівонскага), аднак захаваў сваю самастойнасць. У гэтых умовах вялікае значэнне для абароны Беларусі меў саюз Полацка, Віцебска і Ноўгарада. Пра гэта сведчыць шлюб наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча (пазней празванага Неўскім) з дачкой полацкага князя Брачыслава. У сумесных бітвах усходнія славяне змаглі прыпыніць пранікненне крыжакоў. У бітве з рыцарамі на Няве (1240 г.) вызначыўся адвагай Якаў Палачанін, пра якога ў летапісе гаворыцца: “Наехаў на полк з мячом і мужна біўся і пахваліў яго князь”. Другая перамога Аляксандра Неўскага адбылася на Чудскім возеры ў 1242 г. Гэтая бітва ў гісторыю ўвайшла як Лядовае пабоішча.

Разам з крыжацкай агрэсіяй беларускім землям у ХІІІ ст. сталі пагражаць мангола-татары. Першая сутычка за імі для ўсходніх славян адбылася ў 1223 г. на рацэ Калцы. У гэтай бітве прымаў удзел нясвіжскі князь Юрый. У 1237 г. унук Чынгісхана Батый пачаў вялікі паход на Русь. На працягу зімы 1238 г. мангола-татары разрабавалі Разань, Каломну, Маскву і Уладзімір. У 1239 – пачатку 1240 гг. было захоплена Чарнігаўскае княства. Верагодна тады быў разбураны і спалены Гомель. У 1240 г. мангола-татары разрабавалі Кіеў. Не абмінула гэта навала і поўдня Беларусі. У Іпацьеўскім летапісе гаворыцца, што ў 1241 г. у ваколіцах Берасця “нельга было выйсці на поле, бо быў смурод ад вялікай колькасці забітых”. Выказваецца меркаванне, што тут адбыўся бой з мангола-татарамі, у якім загінула шмат воінаў. Аднак тэрыторыя Беларусі не зведала мангола-татарскага іга. Гісторыкі тлумачаць гэта рознымі прычынамі. Адны кажуць, што войска Батыя было моцна аслаблена барацьбой з паўночна-ўсходнімі княствамі. Другія сцвярджаюць, што захопнікі не хацелі праходзіць праз палескія балоты. Нягледзячы на гэта, пагроза з боку мангола-татар існавала яшчэ доўга.

 

3.5 Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель ў ІХ – ХІІІ стст.

У Еўропе ў ІХ – ХІІІ стст. пачалі фарміравацца феадальныя адносіны. Феадалізмуклад, які заснаваны на манапольнай уласнасці феадалаў на зямлю і няпоўнай уласнасці на залежных сялян. Феадал прысвойваў дадатковы прадукт шляхам эксплуатацыі сялян, а селянін за права землекарыстання выплочваў рэнту: натуральную (даніна), адпрацовачную (паншчына) і грашовую (чынш). Паступова складвалася асабістая залежнасць сялян ад феадалаў.

Гісторыкі вылучаюць два шляхі развіцця феадалізму: сінтэзны і бяссінтэзны. У шэрагу краін Заходняй Еўропы феадалізм развіваўся ў выніку сінтэзу германскіх родаплемянных і познарымскіх рабаўладальніцкіх адносін. Гэта сінтэзны шлях развіцця феадалізму. Ён быў характэрны для франкскага, вестгоцкага і іншых варварскіх каралеўстваў. Германцы запазычвалі некаторыя дасягненні рымскай тэхнікі і агракультуры: двухполле і трохполле, добрае ўгнаенне глебы, стойлавае ўтрыманне жывёлы. Пры сінтэзным шляху развіцця феадалізма даволі хутка склалася іерархічная структура зямельнай уласнасці і класа феадалаў. Ад сінтэзнага шляху развіцця феадальных адносін адрозніваўся працэс феадалізацыі, які гісторыкі называюць бяссінтэзным. Працэс феадалізацыі ў дадзеным выпадку ішоў марудна. Ён праходзіў у краінах, дзе ўзаемадзеянне з рымскім грамадствам было менш значным ці адсутнічала наогул (англасаксонскія каралеўствы, скандынаўскія краіны, славянскі рэгіён). Тут феадалізм канчаткова ўсталяваўся прыкладна на тры стагоддзі пазней – да ХІІІ ст.

У ІХ-ХІІІ стст. на беларускіх землях феадалізм толькі зараджаўся, пры гэтым яшчэ існавалі моцныя перажыткі родаплемяннога і рабаўладальніцкага ўкладаў. Прыкметай першабытнага ўкладу з'яўлялася існаванне ў славян суседскай абшчыны, дзе працавалі свабодныя сяляне. Сведчаннем існавання элементаў рабаўладальніцтва з'яўляецца фарміраванне патрыярхальнага рабства. Такім чынам, ва ўсходніх славян суіснавалі тры эканамічныя ўклады: родаплемянны, рабаўладальніцкі і феадальны. Суіснаванне розных гаспадарчых укладаў носіць назву шматукладнасць.

Феадалізацыя грамадства ўсходніх славян адбывалася ў два этапы. Першы этап ахоплівае ІХ – ХІ стст., калі найбольш пашыранай была дзяржаўная зямельная ўласнасць. Вялікі князь з'яўляўся вярхоўным уласнікам зямлі. Залежнасць насельніцтва ад цэнтра засноўвалася на выплаце натуральнай даніны абшчынамі. Паралельна ішоў працэс фарміравання баярскага землеўладання, аднак да ХІІ ст. асноўнымі княжацкімі падараваннямі былі не зямельныя ўгоддзі, а права збору даніны з вызначанай тэрыторыі (“васалітэт без ленаў”). З ХІІ ст. пачынаецца другі этап развіцця феадалізму, калі з'явілася княжацкае, баярскае і царкоўнае землеўладанне.

На вяршыні феадальнай сацыяльнай іерархіі стаяў князь. Затым ішлі феадалы, якія вылучыліся з асяроддзя дружыннікаў. Дружынай называлася войска князя, яна служыла асабіста князю і знаходзілася на яго ўтрыманні. Дружына складалася з розных груп узброеных людзей. На першым месцы была “старэйшая” дружына – “баяры” (“баляры”, “сільныя мужы”). Малодшыя дружыннікі называліся “дзецкія” (“отракі”). Аснову дружыны часцей складалі наёмнікі, якімі ў Х–ХІ стст. былі варагі. Разам з дружынай князь збіраў даніну з насельніцтва. Працэс збору даніны называўся палюддзе. Месца збору даніны – пагост. Пазней нормай стала перадача права збору даніны аднаму з сваіх баяр, што атрымала назву кармлення.

Князь з'яўдяўся верхоўным правіцелем і суддзёй, аднак ён не меў права ажыццяўляць правасуддзе аднаасобна, а павінен быў судзіць сумесна з членамі рады (старэйшымі мужамі) альбо пад час работы веча. Доўгі час судаводства ажыццяўлялася ў адпаведнасці з нормамі звычаёвага права, якое ўяўляла сабой сістэму няпісаных правіл паводзін людзей, успрынятых дзяржавай. Першым старажытным помнікам пісанага права, адпаведна якому ажыццяўлялася судаводства, была “Руская праўда” (ХІ ст.).

Акрамя феадалаў адным з саслоўяў тагачаснага грамадстава было духаваенства, якое ўключала епіскапаў, кіраўнікоў прыходаў і манахаў. Але найбольш масавай адзінкай феадальнага грамадства заставаліся сяляне, якія аб'ядноўваліся ў абшчыны (“верв”). Апошнія ўключалі ў сябе свабодных сялян (“людзей”), якія мелі свой уласны надзел. Абшчына несла адказнасць перад князем за выкананне павіннасцей. Самі абшчыннікі былі звязаны паміж сабой кругавой парукай: разам адказвалі за ўчыненае на яе тэрыторыі злачынства, пакрывалі страты, нанесеныя ўласнікам. Асноўнай вытворчай адзінкай абшчыны была гаспадарка адной сялянскай сям'і – “дым”.

Паступова сяляне сталі трапляць у залежнасць ад феадалаў. У першую чаргу фарміравалася катэгорыя смердаў. Гэта асабіста свабодныя сяляне, якім феадал даваў зямлю і якія неслі на яго карысць павіннасці. Узнікла таксама чэлядзь. У адпаведнасці з “Рускай Праўдай” чалядзінамі, як і халопамі, называлі рабоў, аднак з ХІ ст. чэляддзю сталі лічыць усіх людзей (у тым ліку і асабіста свабодных), якія жылі пры двары феадала і былі заняты ў яго гаспадарцы. Большую частку чэлядзі складалі халопы. Яны поўнасцю страцілі асабістую свабоду і па свайму стану былі рабамі. Халопамі станавіліся палонныя, а таксама тыя, хто ажаніўся з халопкаю, дзеці халопаў і тыя, хто прадаў сам сябе ў халопы пры сведках. Сярод залежнага насельніцтва вылучаліся таксама закупы і радовічы. Закупычасова несвабодныя людзі, якія мелі сваю гаспадарку, але траплялі ў залежнасць да феадала за ўзятую пазыку (“купу”). Яны наймаліся працаваць на зямлю феадала, каб выплаціць гэтую пазыку. Пры гэтым праца закупа на зямлі феадала не ішла па пагашэнне пазыкі, сваёй працай ён выплочваў толькі працэнты. Калі закуп самавольна пакідаў зямлю феадала, ён аўтаматычна ператвараўся ў халопа. Разам з тым закуп у адрозненне ад халопа меў некаторыя правы. Яго нельга было біць без прычыны, ён мог паскардзіцца на гаспадара суддзям, у яго нельга было адымаць маёмасць. Радовічысяляне, звязаныя з феадалам пэўнымі абавязальніцтвамі (радам). Па свайму прававому становішчу радовічы былі набліжаны да закупаў. Аднак у адрозненне ад закупаў яны, відавочна, працавалі не на зямлі феадала, а займаліся рамяством ці выконвалі адміністрацыйныя функцыі. Яшчэ да залежнага насельніцтва належылі прошчаннікі (адпушчаныя рабы) і ізгоі(сяляне, якіх выгналі з абшчыны).

Важнейшым заняткам жыхароў беларускай вёскі было земляробства. Асноўнымі прыладамі апрацоўкі зямлі былі драўляныя рала і саха (з Х ст.) з жалезнымі наральнікамі і сашнікамі. Ураджай збіралі металічнымі сярпамі, зерне малацілі на таку драўлянымі цапамі. На муку зерне малолі пры дапамозе каменных жорнаў. Сяляне вырошчвалі азімае жыта, пшаніцу, ячмень, проса, авёс, грэчку. Разам са збожжавымі вырошчвалі гарох, бабы, лён, каноплі. Асноўнай сістэмай земляробства была папаравая сістэма – двухполле, зрэдку – трохполле. Двухполле прадугледжвала чаргаванне папарнага ўчастка (зямля “адпачывала”) і пасеваў, а трохполле – папару, азімых і яравых культур. Акрамя земляробства развіваліся садоўніцтва, агародніцтва і жывёлагадоўля.

З хатніх промыслаў самымі распаўсюджанымі былі ганчарства (з выкарыстаннем ганчарнага кола), прадзенне, пляценне і ткацтва (з выкарыстаннем кроснаў). Жыхары беларускай вёскі займаліся чорнай металургіяй, дастаўлялі ў горад жалеза ў выглядзе таварных крыц. У жыцці вёскі па-ранейшаму вялікая роля належала дапаможным заняткам: паляванню, рыбалоўству, збіральніцтву і бортніцтву.

Першыя гарады на тэрыторыі Беларусі – гэта агароджаныя, умацаваныя паселішчы (адсюль назва “горад”). Галоўная рыса горада часоў феадалізму – развіццё рамяства і гандлю. Ва ўсходнеславянскіх землях, як і ў краінах Заходняй Еўропы, гарады ўзнікалі з умацаваных паселішчаў (Тураў), замкаў князёў ці парубежных крэпасцяў (Менск, Браслаў, Наваградак), на міжнародных гандлёвых шляхах (Полацк, Віцебск, Усвят). Гарады Кіеўскай Русі, як і заходнееўрапейскія, выконвалі аднолькавыя функцыі, з'яўляючыся абарончымі, культурнымі, гандлёва-рамеснымі і адміністрацыйнымі цэнтрамі. Разам з тым усходнеславянскія гарады мелі шэраг асаблівасцей у параўнанні з заходнееўрапейскімі: па-першае, пабудовы тут вырабляліся толькі з дрэва, а не з цэглы; па-другое, у нашых гарадах у разглядаемы час не было яшчэ рамесных цэхаў і гарадскога самакіравання.

Шэраг беларускіх гарадоў атрымалі назву ад рэк, на якіх яны былі заснаваны – Полацк, Віцебск, Пінск, Слуцк, Друцк. Іншыя гарады атрымалі назву ад імені князя-заснавальніка – Ізяслаўль (сучаснае Заслаўе), Барысаў, Браслаў. Пісьмовыя помнікі называюць больш 35 гарадоў ранняга сярэднявечча. Самымі старажытнымі з'яўляюцца Полацк (862 г.), Віцебск (974 г., 1021 г.), Тураў (980 г.), Ізяслаўль, Берасце (1019 г.), Копысь, Браслаў, Менск (1067 г.), Орша, Друцк, Лагойск, Лукомль, Пінск (1097 г.), Барысаў, Слуцк (1116 г.), Гародня (1127 г.), Клецк, Мсціслаў, Прапойск, Крычаў, Гомель (1142 г.), Рагачоў, Брагін, Мазыр, Чачэрск.

З даціроўкай першай узгадкі ў летапісах Віцебска есць пэўныя праблемы. Часцей за ўсё сёння ўжываецца лічба 974 г., якая ўжыта ў “Віцебскім летапісу” ХVIII ст. У ім пра заснаванне горада напісана: “У год 974 (княгіня) Вольга, пабіўшы яцвягаў і печанегаў, пераправілася з воямі праз раку Дзвіну і заначавала, а ўпадабаўшы гару, заклала драўляны замак, які назвала ад ракі Віцьбы Віцебскам”. Аднак гэтыя сведчанні выклікаюць некаторыя сумненні і з'яўляюцца, хутчэй за ўсё, мясцовай легендай, створанай у пазнейшыя часы. Бо, як даказалі археолагі, гарадзішча на месцы сучаснага Віцебска існавала з першых стагоддзяў нашай эры, а княгіня Вольга памерла ў 869 г. і заснаваць горад у 974 г. не магла. Есць версія, што гэта памылка перапісчыка і ў тэксце павінен быць 947 г. Але гэта толькі версія, таму першай прыгадкай горада трэба лічыць 1021 г., калі горад названы ў “Аповесці мінулых гадоў”

Ядром старажытных горадоў быў дзядзінец–умацаванываламі, равамі, сценамі цэнтр горада.Каля дзядзінцаўзнікалі паселішчы рамеснікаў і гандляроў – пасады. Калі пасад абносіўся ўмацаваннямі, ён ператвараўся ў вакольны горад. Побач з вакольным горадам узнікалі новыя пасады, дзе жыў шматлікі люд. Цэнтрам грамадскага жыцця быў торг– гарадскі рынак.Ён звычайна размяшчаўся на беразе ракі недалёка ад дзядзінца. Вуліцы ў гарадах былі вузкімі, каля 3 метраў у шырыню. За горадам знаходзіліся курганныя некропалі (могільнікі).

Сацыяльны склад насельніцтва гарадоў вызначаўся разнастайнасцю. Тут жылі купцы, рамеснікі, баяры, князі, дружыннікі, духавенства. Пры дварах феадалаў знаходзіліся халопы і чэлядзь, якія абслугоўвалі вышэйшы слой гарадской знаці.

Вядучая роля ў гарадскім рамястве належала кавальству. Старажытныя кавалі ведалі сакрэты атрымання сталі, маглі зварваць яе з жалезам, ужывалі загартоўку вырабаў, выкарыстоўвалі пайку, коўку, рэзку зубілам, абточку і паліроўку. Развівалася ювелірная справа (выраб падвесак, скроневых кольцаў, бранзалетаў, пярсцёнкаў). Гарадскія ганчары акрамя посуду выраблялі плінфу – шырокую і плоскую абпаленую цэглу, плітку для падлогі мураваных храмаў. З дрэва рабіўся бандарны і сталовы посуд, транспартныя сродкі. Да апрацоўкі дрэва блізкімі па тэхналогіі былі вырабы з косці. У якасці сыравіны выкарыстоўвалі рог і трубчастыя косці дзікіх жывёл. З косці выраблялі грабяні, тронкі нажоў, шашкі і шахматы, маленькія нагрудныя абразкі. У шырокім ужытку была апрацоўка каменю. З валуноў ці каменных блокаў узводзіліся храмы. З камня высякалі мукамольныя жорны і тачыльныя кругі. Сляды гарбарнай і шавецкай вытворчасці маюцца ва ўсіх гарадскіх пасяленнях. У якасці сыравіны выкарыстоўвалі скуру буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней. З мяккай, добра апрацаванай скуры шылі абутак (боты, чаравікі, пасталы), похвы для нажоў, кашалькі для крэсіва, мячы для гульні ў лапту.

Горад меў сувязі з акругай. З вёсак сюды прывозілі сельскагаспадарчую прадукцыю і сыравіну для рамеснікаў. Зробленыя ў горадзе рэчы, напрыклад, гліняныя гаршкі ганчароў, жалезныя нажы і сякеры кавалёў, знаходзілі збыт сярод насельніцтва вёсак. Аднак патрэба насельніцтва ў набыцці тавараў у ХІ – ХІІ стст. была абмежаванай. Істотнага ўплыву на натуральны характар гаспадаркі гарады ў той час не аказвалі. Адсутнасць значнага тавараабмену паміж горадам і вёскай прымушала гарадскіх рамеснікаў часткова займацца агародніцтвам і жывёлагадоўляй. Пра сярэдневяковы горад гаварылі, што ён быў “напалову забудаваны, а напалову засеяны”. З гэтага вынікае, што ўнутраны гандль (паміж горадам і вёскай)развіваўся слаба.

Беларускія гарады, якія стаялі на гандлёвым шляху “з вараг у грэкі” былі цэнтрамі ў першую чаргу знешняга гандлю. На Беларусь з Кіева прывозілі прадметы рэлігійнага культу, з Паўночнай Украіны – каменныя прасліцы для верацён, з Прыбалтыкі – бурштын. З поўдня – соль, амфары з віном і аліўкавым алеем, з Каўказа – самшыт для вырабу грабянёў. Для феадальнага двара з Візантыі і Блізкага Усходу прывозілі прадметы раскошы – дарагія тканіны, шкляны посуд, грэцкія арэхі. У замежныя краіны беларускія купцы пастаўлялі футра, мёд, воск, смалу, лён.

У ІХ-Х стст. у грашовым абарачэнні на Беларусі былі арабскія срэбныя дырхемы. У ХІ ст. распаўсюдзіліся заходнееўрапейскія срэбныя дэнарыі. У ХІІ-ХІІІ стст. на Беларусі быў “безманетны перыяд” – у абарачэнні хадзілі залатыя і срэбныя зліткі (грыўні).

Такім чынам, развіццё ўсходнеславянскіх гарадоў мела некаторыя агульныя рысы з развіццём гарадоў Заходняй Еўропы. Аднак нашы гарады развіваліся больш павольна, чым заходнееўрапейскія.

 

 

3.6 Рэлігія і культура ў ІХ – ХІІІ стст. Дзейнасць асветнікаў

Культурабеларускіх зямель з'яўляецца састаўной часткай старажытнарускай культуры. Агульныя карані маюць рэлігійныя ўяўленні, фальклор, літаратура, архітэктура і мастацтва.

У старажытнасці асноўнай рэлігіяй славян было язычніцтва. Язычніцтва(паганства) – умоўны тэрмін, які абазначае старажытныя вераванні і культы, што існавалі да пашырэння трох сусветных рэлігій. Назва “язычніцтва” паходзіць ад царкоўнаславянскага слова “языцы” – народы, чужаземцы, а назва “паганства” – ад лацінскага “paganus” – язычнік. Язычніцтва – надзвычай шматслойная і разгалінаваная сістэма вераванняў, якая ўключае ў сябе першабытныя рэлігійныя ўяўленні – анімізм, фетышызм, татэмізм, магію, політэістычныя ўяўленні. У славян-язычнікаў быў складаны пантэон багоў: Пярун – бог грому і маланкі, апякун вайсковай справы (пасля рэлігійнай рэформы язычніцтва пры князі Ўладзіміры аб'яўлены вярхоўным богам), Сварог – бог неба, Дажбог – бог сонечнага святла, Хорс – бог сонца, Вялес – бог жывёлагадоўлі і багацця, Стрыбог – бог вятроў, Цёця – багіня восеньскага ўраджаю, дабрабыту і сямейнага жыцця, Лада – багіня вясны, апякунка шлюбу і сям'і, Лёля – багіня дзявочай прыгажосці і кахання, Мокаш – жаночае бажаство ўрадлівасці і хатняга ачага. Былі багі, ад якіх, на думку старажытных славян, залежалі будучы ўраджай, жыццё і побыт людзей: Ярыла (вясна), Купала (лета), Аўсень (восень), Каляда (зіма). Як бачна, для ўсходніх славян было характэрна шматбожжа. Акрамя багоў людзі верылі ў разнастайных духаў, якія насялялі ўсё вакол. Сярод іх былі вадзянікі, лесуны, багнікі, лазнікі, хатнікі, кікімары, русалкі. Апошнія засялялі рэкі, лясы, палі і ўяўляліся ў выглядзе простых дзяўчын (а не так як зараз з рыбінымі хвастамі).

Месцы, дзе язычнікі пакланяліся сваім багам і прыносілі ім ахвяры, называюцца капішчамі(свяцілішчамі). Размяшчаліся яны на ўзвышшах, астравах, на берагах рэк і азёр, сярод балот. Культавыя абрады выконвалі язычніцкія святары – вяшчуны. У Віцебску старажытныя капішчы размяшчаліся на Лысай (цяпер Успенская) гары і Юр'евай горцы. На апошняй прыносілі ахвяры Ярыле, культ якога пасля прыняцця хрысціянства ператварыўся ў пакланенне святому Юрыю.

Святы і абрады нашы продкі здаўна прымяркоўвалі да пэўных каляндарных дат. У студзені ў дзень зімовага сонцастаяння святкаваліся Каляды. На гэтае свята прыпадаў абрад ваджэння “казы”. Калядоўшчыкі збіралі пачастункі ў гаспадароў, тым самым як бы прымалі даніну на карысць сонца: “Дзе каза рогам, там жыта стогам”. Ужо зімой сяляне-земляробы чакалі вясны, спадзяваліся на добры ўраджай.

У сакавіку спраўлялася Масленіца – свята заканчэння зімы. Людзі пяклі бліны, наладжвалі гульні на санях. У дзень вясновага сонцастаяння святкавалі “гуканне вясны”. Дзяўчаты спявалі песні, кідалі ўгору “жаўранкаў”, злепленых з цеста. У красавіку адзначалі старажытнае свята Камаедзіца, калі заканчвалася спячка мядзведзя, і ён выходзіў з бярлогі. Вытокі свята звязаны з татэмізмам. Каб задобрыць мядзведзя, людзі гатавалі і елі гарохавую кашу – камы. Лічылася, што гэта самая любімая страва татэмнай жывёлы. Вялікдзень (у хрысціян – Пасха) некалі адкрываў новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім “рухомым” календары. На гэтае свята ў гонар руплівых гаспадароў спяваліся валачобныя песні, якія захаваліся толькі ў фальклоры беларусаў. У пачатку мая адзначалася старажытнае свята выгану кароў – Ярылаў (у хрысціян – Юр'еў) дзень. Праводзіўся абрад выезду ў поле Ярылы: вакол маладога хлопца ў белай вопратцы дзяўчаты вадзілі карагоды і спявалі абрадавыя песні. У маі таксама адзначалася Радаўніца, калі на могілках паміналі памерлых.

Дзень летняга сонцастаяння адзначаўся святам Купалля. Яно праходзіла ў ноч на 22 чэрвеня (па старым стылі). У паданнях расказваецца, што ў купальскую ноч расліны размаўляюць паміж сабой, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца прывідным святлом. Вельмі пашыранай на купальскім свяце была варажба, моладзь шукала папараць-кветку. У старажытнай Беларусі шмат дзе спраўлялі Дажынкі – свята канца жніва. У верасні адзначалася Узвіжанне – свята закрывання зямлі на зіму. У гэты дзень нашы продкі нават не хадзілі ў лес – лічылася, што ўсе змеі выпаўзалі апошні раз пагрэцца, каб затым схавацца ў норы на зіму. Асноўнае свята ў кастрычніку – Пакровы. Да гэтага дня трэба было закончыць усе сельскагаспадарчыя работы, падрыхтавацца да зімы. З гэтага часу наступала пара восеньскіх вяселляў. У лістападзе і снежні моладзь збіралася на вячоркі, куды запрашаліся музыкі.

Вельмі багатай была вусная народная творчасць (фальклор) нашых продкаў. Сярод апавядальных жанраў трэба назваць казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі, пацешкі, замовы. Даволі цікавым з'яўляецца былінны эпас Беларусі. Тут расказваецца пра асілкаў Іванку Прастачка, Івана Падвея, Івашку Мядзвежае Вушка, Кацігарошка. Асілкі выратоўвалі людзей, змагаючыся з рознымі міфічнымі істотамі – Змеем Гарынычам, Кашчэем Бессмяротным. У быліне пра Волха Усяславіча паказаны полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Тут ухваляецца спрытнасць і мудрасць князя-ваўкалака.

Паэтычная творчасць прадстаўлена абрадавай паэзіяй, якая падзяляецца на дзве вялікія групы – каляндарна-абрадавая і сямейна-абрадавая творчасць. Каляндарна-абрадавая творчасць цесна звязана з працай земляроба.

На змену язычніцтву на Беларусі ў Х ст. прыйшло хрысціянства. Яно ў І ст. н.э. зарадзілася ў Палестыне ў асяроддзі беднага яўрэйскага насельніцтва. Сімвалам гэтай веры была святая Троіца – Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог-Святы Дух. Паступова хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй ва ўсёй Еўропе. Сфарміраваліся два хрысціянскія цэнтры – Рым і Канстанцінопаль. На Русі хрысціянства афіцыйна было ўведзена ў 988 г. Уладзімірам Святаславічам. Старажытнаруская дзяржава прыняла новую веру па візантыйскаму ўзору. Услед за Кіевам хрысціянства прыняло насельніцтва Полацкага княства. Полацк стаяў на гандлёвым шляху “з вараг у грэкі”, яго жыхары ўжо даўно былі знаёмы з хрысціянскай верай, таму не аказвалі супраціўлення прымусоваму хрышчэнню. А вось у Тураве, магчыма, прыняцце хрысціянства суправаджалася крывавымі падзеямі. Пра гэта метафарычна гаворыцца ў паданні пра каменныя крыжы, якія прыплылі ў горад па Прыпяці, калі вада ў рацэ стала чырвонай ад крыві.

Хрысціянства на працягу некалькіх стагоддзяў распаўсюджвалася ў саперніцтве з язычніцтвам. Язычніцкія святары былі ў пашане ў Полацку нават сярод прадстаўнікоў княжацкай дынастыі. Так, летапіс прыпісвае Усяславу Чарадзею нараджэнне ад чараўніцтва. Разам з тым хрысціянская царква не столькі выдаляла язычніцтва са святаў і абрадаў нашых продкаў, колькі прыстасоўвала яго да новага рытуалу. Так фарміравалася дваяверства.

Царква – слова грэчаскага паходжання, яно абазначае “дом божы”. У перыяд сярэднявечча царква – гэта арганізацыя духавенства і вернікаў, якая дзейнічала на аснове хрысціянскага веравучэння і культу. На чале царквы на Русі стаяў кіеўскімітрапаліт, які прызначаўся канстанцінопальскім патрыярхам. Першыя мітрапаліты былі грэкамі ці балгарамі. Мітрапаліт у сваю чаргу прызначаў епіскапаў у найбольш буйныя ўсходнеславянскія гарады. Так, у 992г. была створана Полацкая епархія, а 1005 г.– Тураўская. Першым вядомым полацкім епіскапам быў Міна (1105 г.), першым тураўскім – Фама. Епіскап быў у сваёй епархіі вышэйшым прадстаўніком царквы, ён прызначаў святароў. Ніжняй ячэйкай царквы быў прыход.

Важнейшым атрыбутам хрысціянства былі манастыры. Паводле падання першай манахіняй на Беларусі была Рагнеда, пра якую звесткі падае Цвярскі летапіс. Манастыры напачатку ўзніклі на Тураўшчыне. Так, яшчэ князь Уладзімір Святаславіч пад час хрышчэння Русі пад Пінскам заснаваў Лешчанскі манастыр, пазней у Тураве быў заснаваны Варварынскі манастыр. На Полаччыне манастыры ўзніклі ў ХІІ ст. Гэта – Барысаглебскі манастыр (на беразе р. Бельчыца), а таксама мужчынскі і жаночы манастыры ў Полацку, заснаваныя Ефрасінняй Полацкай.

Прыняцце хрысціянства супала па часе з усталяваннем дзяржаўнасці ў беларускіх землях і станоўча паўплывала на ход гэтага працэсу. Вера ў адзінага бога адпавядала адзінаўладдзю князя ў дзяржаве, а значыць, духоўна асвячала гэтую ўладу. Сувязі з хрысціянскімі краінамі, асабліва з Візантыяй, садзейнічалі развіццю знешняга гандлю і рамяства. Знаёмства з візантыйскай культурай з'явілася стымулам для развіцця мастацтва, адукацыі, літаратуры і архітэктуры ўсходніх славян. У выніку прыняцця хрысціянства значна ўзрос аўтарытэт Полацкага і Тураўскага княстваў на міжнароднай арэне. З імі як з роўнымі пачалі лічыцца іншыя хрысціянскія дзяржавы. Разам з тым пасля афіцыйнага расколу хрысціянства на праваслаўе і каталіцызм (1054 г.) значна ўскладніліся адносіны з краінамі Заходняй Еўропы.

Разам з хрысціянствам на землях старажытнарускай дзяржавы з'явілася пісьменнасць. Заслуга стварэння славянскай азбукі (“кірыліцы”) належыць братам Кірылу і Мяфодзію Салунскім. Самым старажытным помнікам пісьменства на Беларусі з'яўляецца віслая пячатка князя Ізяслава канца Х ст., знойдзеная ў Ноўгарадзе. На пячатцы зроблены надпіс – імя князя ў грэчаскім гучанні (Изаславос), змешчаны княжацкі знак – трызубец. У Ноўгарадзе таксама знойдзена свінцовая пячатка Ефрасінні Полацкай з надпісам “Господи помози Рабе своеи Ефросини нарецаемои”.

На Беларусі выяўлена шмат помнікаў эпіграфікі (навука, якая вывучае надпісы на камянях, сценах пабудоў і бытавых прадметах). Надпіс ХІ ст. выяўлены ў Полацкай Сафіі, дзе на вялікім камяні ў падмурку выразаны імёны будаўнікоў: “Давидъ, Тоума, Микоула, Петъръ, Воришъ”. Надпісы ХІІ ст. ёсць на прасліцах (“бабино праслень” з Віцебска, “Настасино праслен” з Пінска), амфарах (“Ярополче вино” з Пінска). Добра вядомы помнікі эпіграфікі ХІІ ст. – Барысавы камяні каля Полоцка і Рагвалодаў камень пад Оршай. У Берасце знойдзены грэбень-алфавіт. Выключным помнікам эпіграфікі з'яўляецца надпіс на крыжы Ефрасінні Полацкай. У першай частцы надпісу гаворыцца, што ў 6669 (1161) годзе Ефрасіння навечна падаравала крыж царкве Спаса. У другой частцы надпісу напісаны праклён таму, хто выкрадзе крыж. На ніжняй пласціне адваротнага боку – дробны надпіс з імем яго стваральніка Лазара Богшы.

Важнейшымі помнікамі пісьменнасці з'яўляюцца берасцяныя граматы. Найбольш старажытнай граматай, звязанай з тэрыторыяй нашай краіны, з'яўляецца грамата ХІ ст., якая была выяўлена ў Ноўгарадзе. Яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацка ці Віцебска. На Беларусі знайшлі дзве берасцяныя граматы: першую ў Віцебску, а другую ў Мсціславе. У віцебскай грамаце канца ХІІІ ст., знойдзенай экскаватаршчыкам пад час работ на плошчы Свабоды, гаворыцца аб тым, што Сцяпан просіць Няжылу купіць жыта на 6 грыўняў.

Самая ранняя рукапісная кніга з тэрыторыі Беларусі – Тураўскае Евангелле (ХІ ст.), напісанае на царкоўнаславянскай мове. Матэрыялам для кніг у той час служыў пергамент – спецыяльна вырабленая скура цялят. Вокладкай служылі дзве дошкі, абцягнутыя скурай, а закрывалася кніга з дапамогай спражкі.

У першай палове ХІ ст. пачалося летапісанне. У пачатку ХІІ ст. манахам Нестарам была створана “Аповесць мінулых часоў”. Ёсць звесткі пра існаванне Полацкага летапісу, які верагодна захоўваўся ў бібліятэцы Сафійскага Сабору. Важнейшымі жанрамі літаратуры Х-ХІІІ ст. былі словы (твор аратарскай прозы ў форме прамовы, пропаведзі або паслання – “Словы…” Кірылы Тураўскага, ХІІ ст.), жыціі (аповед пры жыццё і дзейнасць служыцеля царквы – “Жыціе Ефрасінні Полацкай”, “Жыціе Кірылы Тураўскага”), прытчы (твор павучальнага характару – “Прытча пра сляпога і кульгавага” Кірылы Тураўскага).

Пашырэнню пісьменнасці садзейнічалі рэлігійна-асветніцкія дзеячы. Сярод іх асабліва трэба вазначыць унучку Усяслава Чарадзея Еўфрасінню Полацкую (1104-1167 гг.). У раннім узросце яна пайшла ў манастыр. З цягам часу Ефрасіння заснавала мужчынскі і жаночы манастыры, пры якіх працавалі скрыпторыі (школы-майстэрні па перапісванню кніг). Па загаду Ефрасінні Лазарам Богшам быў зроблены крыж, дойлідам Іаанам пабудавана Спаская царква. Ефрасіння спрыяла будаўніцтву царквы Святой Багародзіцы. Мужчынскаму манастыру асветніца падаравала ікону Божай Маці Эфескай, прывезеную з Візантыі. Напрыканцы жыцця Ефрасіння ажыццявіла падарожжа ў Святую зямлю, Іерусалім. Ефрасіння Полацкая была кананізавана (далучана да ліку святых).

Другім вядомым рэлігійным дзеячам быўКірыла Тураўскі (1130-1182 гг.) – асветнік, пісьменнік, знакаміты прамоўца. Ён нарадзіўся ў Тураве ў сям'і багатых бацькоў, але “не ўзлюбіў багацця і марнай славы гэтага свету і пайшоў у манастыр”. На пэўны час Кірыла замураваўся ў невялікай вежы (“стаўпе”), здзяйсніўшы хрысціянскі подзвіг пустэльніцтва. Ён быў першым стоўпнікам на Беларусі. За красамоўства яшчэ пры жыцці Кірылу празвалі Златавустам. З творчай спадчыны Кірылы Тураўскага захаваліся “Слова на Вялікдзень”, “Прытча пра сляпога і кульгавага”. У сваіх творах асветнік выступаў супраць язычніцтва і прапаведаваў хрысціянскае веравучэнне, заклікаў прыхаджан “чытаць кнігі святыя ў царкве і дома”, адзначаць дні святыя “не ў п'янстве з гульнямі і абжорстве, але прыходзячы ў царкву, дапамагаючы бедным”.

Кніжнікамі і філосафамі былі ўраджэнцы Смаленска Клімент Смаляціч і Аўраамій Смаленскі. Ад творчай спадчыны Клімента застаўся адзіны твор – “Пасланне Фаме прасвітару”. Клімент Смаляціч быў кіеўскім мітрапалітам. Аўраамій Смаленскі – манах Селішчанскага манастыра, ён усё жыццё правёў у келлі (пакой для манаха), перапісваў кнігі. Аўраамій з'яўляўся вучнем Клімента Смаляціча.

З усталяваннем хрысціянства на землях Старажытнай Русі пачалася гісторыя манументальнага дойлідства. Найбольш старажытнымі помнікамі архітэктуры з'яўляюцца храм Прачыстай Багародзіцы (Дзесяцінная царква) у Кіеве (Х ст.), а таксама Сафійскія Саборы (“Сафія” – мудрасць Божая) ў Кіеве і Ноўгарадзе, пабудаваныя ў першай палове ХІ ст. Першым мураваным храмам на тэрыторыі Беларусі быў Сафійскі сабор у Полацку, які быў пабудаваны ў візантыйскім крыжова-купальным стылі. Полацкая Сафія зроблена ў тэхніцы муроўкі са схаваным радам, калі адзін рад цэглы (плінфы) быў “утоплены”, а прастора паміж верхнім і ніжнім радамі запаўнялася вапнавай рошчынай. У выніку храм набываў паласатыя чырвона-белыя фасады. Унутраная прастора сабора была распісана фрэскамі (манументальны жывапіс вадзянымі фарбамі па сырой тынкоўцы) і ўпрыгожана мазаікай. Некалькі разоў Сафія гарэла і разбуралася, але яе аднаўлялі. У час апошняй перабудовы ў XVIII ст. храм набыў выгляд двухвежавага будынку ў стылі віленскага барока.

Пасля заканчэння будаўніцтва ў сярэдзіне ХІ ст. Сафійскага сабора манументальнае будаўніцтва на Беларусі ўзнаўляецца ў ХІІ ст. У гэты час пачалі фарміравацца дзве мясцовыя архітэктурныя школы – полацкая і гродзенская.

Заснавальнікам полацкай школы з'яўляецца дойлід Іаан, які па загаду Ефрасінні Полацкай усяго за 30 тыдняў пабудаваў Спаскую царкву.Асаблівасцямі полацкага стылю былі: наяўнасць аднаго купала, какошнікаў, вежападобны выгляд, муроўка са “схаваным радам” (паласатая кладка). Рысы полацкай архітэктуры ўвасоблены і ў Дабравешчанскай царкве ў Віцебску. Праўда, крыху незвычайнай тут з'яўляецца будаўнічая тэхніка: сцены храма змураваны з квадратаў часанага каменю, якія чаргуюцца з двума-трыма радамі плінфы.

Самым раннім помнікам гродзенскай архітэктурнай школы з'яўляецца Барысаглебская (Каложская) царква. Асаблівасцямі гродзенскага стылю з'яўляліся: дэкараванне сцен храма адшліфаванымі валунамі і арнаментам у выглядзе крыжоў, зробленых з паліраванай керамічнай пліткі, а таксама наяўнасць збаноў-галаснікоў, якія паляпшалі акустыку.

ХІІІ ст. пакінула вельмі мала помнікаў абарончай архітэктуры. Найбольш вядомы і добра захаваны – 30-метровая, круглая ў плане вежа ў Камянцы (“Белая вежа”). Яе пабудаваў Алёкса паміж 1276 і 1288 гг. па загадзе валынскага князя Уладзіміра Васількавіча. Вышыня 5-яруснай вежы складае 30 м., вонкавы дыяметр – звыш 13 м. У вежы мог размясціцца вялікі ваенны гарнізон. Сцены праразаліся байніцамі – вузкімі шчылінамі, праз якія вёўся абстрэл варожага войска. Ёсць звесткі пра тое, што падобныя вежы былі ў Гродна, Тураве і Полацку. Будаўнічыя матэрыялы і тэхніка архітэктурных форм сведчаць пра рамана-гатычны воблік помнікаў. Падобныя вежы ў Заходняй Еўропе атрымалі назву “данжон”.

У Х – ХІІІ стст. на тэрыторыі Беларусі сфарміравалася прафесійнае мастацтва: манументальны жывапіс, іконапіс, кніжная графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дробная пластыка. Роспісы храмаў рабіліся ў візантыйскай манеры. У фрэскавым жывапісе выкарыстоўваліся карычнева-чырвоныя, блакітна-сінія, жоўта-зялёныя фарбы. Іконапіс таксама знаходзіўся пад уплывам візантыйскай школы. Жывапіснае аздабленне старажытных рукапісаў выяўлялася ў афармленні ініцыялаў (загаловачных літар), заставак і канцовак, у мініяцюрах (ілюстрацыях).

Шэдэўрам старажытнага мастацтва Беларусі з'яўляецца шасціканцовы крыж, зроблены па замове Ефрасінні Полацкай у 1161 г. Лазарам Богшам. Драўляная аснова крыжа была пакрыта асобнымі срэбранымі і залатымі пласцінкамі. У сяродкрыжжах прымацаваны два невялікія крыжы з праразным арнаментам: вышэй чатырохканцовы, ніжэй – шасціканцовы. Галоўнае месца ў дэкарацыі адведзена каляровым эмалям. Выявы прадстаўляюць фігуры святых. Увенчвае кампазіцыю Ісус Хрыстос. У крыжы знаходзіліся святыя для кожнага верніка хрысціянскія рэліквіі: кавалачак гасподняй труны, кроў Хрыста, мошчы святых. Гісторыя крыжа трагічная. Некалькі разоў яго выкрадалі, пасля чаго ён зноў вяртаўся ў храм, аднак ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны крыж знік, і дагэтуль невядома, дзе ён знаходзіцца. Аднавіў святыню ўжо ў наш час мастак-ювелір з Брэста Мікалай Кузьміч. Зараз крыж захоўваецца ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры ў Полацку.

 

4. Дзяржаўна-палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ

4.1 Утварэнне і развіццё Вялікага Княства Літоўскага ў пачатку ХІІІ – сярэдзіне XIV стст.

У сярэдзіне ХІІІ ст. у Панямонні, на балта-ўсходнеславянскім сумежжы пачалося фарміраванне новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага. Назва княства звязана з тым, што першыя князі былі выхадцамі з балцкага племені літва. Назва “Літва” ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца пад 1009 г. у запісах нямецкага горада Кведлінбурга. У “Аповесці мінулых часоў” першая згадка Літвы датуецца 1040 г., калі кіеўскі князь Яраслаў Мудры заваяваў землі Літвы і прымусіў яе плаціць даніну Кіеву.

Па пытанні месцазнаходжання летапіснай Літвы ў сучаснай гістарычнай навуцы вядуцца дыскусіі. Па меркаванні літоўскіх даследчыкаў і польскага гісторыка Г. Лаўмянскага, летапісная Літва размяшчалася ва ўсходняй частцы сучаснай Літоўскай рэспублікі. Беларускі гісторык М. Ермаловіч змяшчаў Літву ХІІ – ХІІІ стст. у Верхнім Панямонні на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў прасторы паміж Маладзечна, Наваградкам, Слонімам і Менскам. Больш слушным з'яўляецца меркаванне, што летапісная Літва размяшчалася на тэрыторыі сучасных усходнелітоўскіх і суседніх паўночна-заходніх беларускіх зямель (А. Краўцэвіч, В.Насевіч).

У этнічным сэнсе літва ўяўляла сабой адзін са шматлікіх балцкіх народаў, побач з яцвягамі, прусамі, жамойтамі, латгаламі і інш. Балты па ўзроўні свайго грамадскага развіцця адставалі ад усходніх славян. У ХІІ – пачатку ХІІІ ст. яны перажывалі працэс распаду родаплемянных адносін і пераходу да класавага грамадства. У літоўскіх плямён ужо існавала сацыяльная і маёмасная няроўнасць. На чале грамадства стаялі племянныя князі – кунігасы. Яны жылі ў сядзібах сярод сваіх дружыннікаў і рабоў, праводзілі зіму ў зборы даніны, а лета – у набегах на суседзяў. Мелася родавая знаць, якая валодала ўмацаванымі дварамі з чэляддзю. Маючы добрых баявых коней і ўзбраенне, у час паходаў арыстакраты стваралі грозную літоўскую конніцу. Просты люд сумяшчаў абавязкі земляробаў і воінаў. Да шлюбу кожны з іх лічыў справай гонару паўдзельнічаць у паходах пад кіраўніцтвам правадыра. Паходы мелі грабежніцкі характар і з'яўляліся адной з крыніц назапашвання багаццяў літоўскай знаці. Такім чынам, літва знаходзілася на стадыі ваеннай дэмакратыі, якая папярэднічала ўзнікненню дзяржавы. Якраз на пачатку XIII ст. набегі літвы набылі асабліва актыўны характар, ахапілі прастору ад Валыні да Наўгародскай зямлі. Так, у 1225 г. літоўская раць дасягнула Таржка (больш за 500 кіламетраў ад Літвы!). Трэба адзначыць, што ваяўнічы рух літвы быў скіраваны за межы Панямоння, якое з'яўлялася рэгіёнам балта-славянскага супрацоўніцтва.

Усходнеславянскія землі ў ХІІ – першай палове ХІІІ ст. знаходзіліся ў стадыі феадальнай раздробленасці. Шматлікія князі з роду Рурыкавічаў падзялілі свае ўладанні на невялікія княствы, абароназдольнасць якіх была невысокай. Аднак час раздробленасці быў часам эканамічнага росквіту. Рост вытворчых сіл, умацаванне феадальных адносін, паглыбленне грамадскага падзелу працы, развіццё гандлю садзейнічалі пераадоленню адасобленасці княстваў, рыхтавалі глебу для кансалідацыі. У гістарычнай перспектыве раздробленасць павінна была завяршыцца новым аб'яднаннем усходнеславянскіх земляў.

Такім чынам, супалі дзве тэндэнцыі: дзяржаваўтваральніцкая ў балтаў і імкненне да кансалідацыі ў заходніх землях Русі. Аднак рэалізаваліся гэтыя тэндэнцыі ў сярэдзіне ХІІІ ст. пад уплывам знешнепалітычнай прычыны – небяспекі з боку крыжакоў і мангола-татар.

Пачатак утварэнню ВКЛ паклаў саюз, які быў заключаны паміж панямонскім горадам Наваградкам і мацнейшым літоўскім кунігасам Міндоўгам. Наваградак стаў цэнтрам аб'яднання зямель Верхняга і Сярэдняга Панямоння, таму што займаў выгоднае геапалітычнае становішча (знаходзіўся далёка ад шляхоў паходаў крыжакоў і мангола-татар), з'яўляўся значным цэнтрам рамяства і гандлю. Міндоўг у сваю чаргу быў адным з племянных князёў, які ў 20 – 30-я гг. ХІІІ ст. здолеў падпарадкаваць значную частку літоўскіх плямён.

Пад 1235 г. летапіс прыгадвае “Літву Міндоўга”: “...Данил же возведе на Кондрата Литву Мендога Изяслава Новгородьского”. Гэта звестка кажа шмат пра што. Па-першае, Літва належала Міндоўгу. Па-другое, Ізяслаў Наваградскі дзейнічаў сумесна з Міндоўгам, што сведчыць пра іх цесныя сувязі. Па-трэцяе, і Ізяслаў, і Міндоўг выступалі ці то як васалы, ці то як наёмнікі Данілы Раманавіча, князя уладзіміра-валынскага, які іх накіраваў на свайго ворага Конрада Мазавецкага.

У 1240-я гг. Міндоўг стаў князем у Наваградку. У крыніцах няма ніякіх сведчанняў, што Міндоўг захапіў Наваградак гвалтоўна, як і таго, што ён знайшоў там прытулак, калі быў чамусьці выгнаны з Літвы. Хутчэй за ўсё ён валодаў Літвой і Наваградчынай адначасова і са згоды мясцовага насельніцтва. Відавочна, да гэтага часу памёр наваградскі князь Ізяслаў, які не пакінуў нашчадкаў. Таму мясцовае баярства вырашыла запрасіць на княскі пасад уладара ваяўнічай літвы, які меў сілы пры неабходнасці аказаць узброенае супраціўленне татарам.

З'яўленне Міндоўга ў Наваградку прывяло да выхаду Наваградскага княства з-пад уплыву галіцка-валынскіх князёў. Таму каля 1248 г. супраць Міндоўга склалася магутная кааліцыя, у якую ўвайшлі галіцка-валынскія князі Даніла і Васілька, пляменнік Міндоўга полацкі князь Таўцівіл, жамойцкі кунігас Выкінт, Лівонскі ордэн. Распачалася ўзброеная барацьба. Міндоўг імкнуўся разбурыць кааліцыю. У гэтых мэтах ён уступіў у перамовы з крыжакамі і з дыпламатычных меркаванняў прыняў каталіцкую веру. Затым у 1253 г. Міндоўг каранаваўся ў Наваградку і прыняў тытул караля. Папа рымскі Інакенцій IV абвясціў, што прымае новае каралеўства пад сваё заступніцтва. Гэта дазволіла Міндоўгу нейтралізаваць варожасць Лівоніі.

У 1254 г. быў заключаны мір з Галіцка-Валынскім княствам. Наваградак быў перададзены сыну Данілы Галіцкага Раману, які пачаў там княжыць як васал Міндоўга. Дачка Міндоўга была выдадзена замуж за другога сына Данілы – Шварна. Сын Міндоўга Войшалк ахрысціўся ў праваслаўе і пайшоў у манастыр на тэрыторыі Галіцка-Валынскага княства. У хуткім часе ён заснаваў паблізу Наваградка Лаўрышаўскі манастыр.

Мір паміж Міндоўгам і Галіцка-Валынскім княствам пратрымаўся да 1258 г. і быў парушаны ўмяшальніцтвам магутнай знешняй сілы – мангола-татараў. Татарскі ваявода Бурундай прымусіў Данілу Галіцкага дапамагчы яму ажыццявіць паход на Літву. Між тым для татар гэты паход быў няўдалы: Міндоўг, верагодна, разбіў іх войска. У той жа час у Наваградку з'явіліся Войшалк з Таўцівілам, якія забілі Рамана Данілавіча. Пасля гэтых падзей Міндоўг упэўнена адчуваў сябе ў Літве.

У 1260 г. жамойты перамаглі крыжакоў каля воз. Дурбе. Пасля гэтага Міндоўг разарваў саюз з Лівонскім ордэнам і вярнуўся ў язычніцтва. Пачала фарміравацца моцная антыордэнская кааліцыя, да якой далучыўся наўгародскі князь Аляксандр Неўскі. Але восенню 1263 г. Міндоўг і двое яго сыноў (Рэпік і Рукля) былі забіты. Змову супраць яго арганізавалі жамойцкі князь Транята, полацкі князь Таўцівіл і нальшанскі князь Даўмонт – непасрэдны забойца Міндоўга. Даўмонт меў асабістую прычыну для помсты. Справа ў тым, што незадоўга да гэтага памерла жонка Міндоўга Марта, перад смерцю яна быццам бы выказала пажаданне, как новай жонкай састарэлага князя стала яе сястра блізнятка, якая на той момант была замужам за Даўмонта. Ці было так на самой справе (магчыма, княжна спадзявалася, што за яе дзецьмі лепш прыглядзіць іх родная цеця), ці гэта было ўласнае жаданне Міндоўга, агучанае як воля Марты, невядома. Але пажаданне памерлай княжны для язычнікаў з'яўлялася законам і Даўмонт вымушаны быў пагадзіцца з гэтым, але затаіў помсту, чым уласна і скарысталіся іншыя змоўшчыкі.

У выніку змовы Транята атрымаў вялікакняжацкі пасад, але на ўладу прэтэндаваў і полацкі князь Таўцівіл. Транята запрасіў яго на перамовы і забіў з дапамогай здрадніка – полацкага баярына. Але неўзабаве Транята і сам быў забіты былымі конюхамі Міндоўга (відавочна забойства арганізаваў Войшалк).

З дапамогай пінскіх і наваградскіх дружын Войшалк (1264 – 1267) здолеў усталяваць уладу над Літвой. Разам са Шварнам Данілавічам Войшалк пачаў помсціць прыхільнікам змовы: “поча вороги свои избивати, изби их бесчисленное множество, а другие разбегошося камо кто видя”. У 1265 г. галіцка-наваградскае войска захапіла Дзевалтву і Нальшаны. Іх гаспадар – Даўмонт – уцёк у Пскоў, дзе гараджане прынялі яго на княжанне. Там былы забойца Міндоўга ахрысціўся ў праваслаўе і атрымаў імя Цімафей, а затым неаднаразова кіраваў абаронай горада ад крыжакоў, за што быў кананізаваны царквой і зараз лічыцца святым заступнікам Пскоўскай зямлі.

Пасля гэтага Войшалк раптам зноў згубіў цікавасць да палітычных спраў і пажадаў аднавіць сваё манаства – ці то ў выніку нейкіх палітычных інтрыг, ці то сапраўды з мэтай пакаяння за пралітую кроў. Ад улады над Літвой ён адмовіўся на карысць свайго швагра (мужа сястры) Шварна Данілавіча(1267 – 1270), а сам пайшоў у манастыр. Старэйшы брат Шварна Леў пакрыўдзіўся за тое, што ўлада дасталася не яму, а Шварну, і ўласнаручна забіў Войшалка. У Літве Шварн меў пэўную падтрымку з-за свайго сваяцтва з загінуўшай дынастыяй Міндоўга. З другога боку, яго ўзвышэнне не магло не выклікаць моцнага незадавальнення літоўскай знаці, для якой падпарадкаванне чужому князю было абразай. Магчыма, менавіта мясцовыя баяры паспрыялі таму, што панаванне Шварна не зацягнулася. У 1270 г. князь памёр (магчыма, яму дапамаглі гэта зрабіці).

Наступным князем ВКЛ стаў Трайдэн (1270 – 1282). Для Галіцка-Валынскага княства гэтая кандыдатура была непажаданай, пра што сведчыць абурэнне мясцовага летапісца: “Нача княжити в Литве окаянный и беззаконный, проклятый, немилостивый Троиден. Его же беззакония не могохом писати срама ради...”. Трайдэн усталяваў сваю ўладу ва ўсім Верхнім Панямонні, здолеў стабілізаваць унутраны лад дзяржавы. У ваколіцах Гародні і Слоніма ён пасяліў прусаў, якія ратаваліся ад крыжакоў. Адначасова князь даволі аспяхова змагаўся супраць крыжакоў (захапіў Дзінабург), палякаў, Галіцка-Валынскага княства і мангола-татар.

Пасля смерці Трайдэна палітычная гісторыя Літвы апускаецца ў змрок. Імя яго пераемніка гістарычныя крыніцы не называюць. Выказваюцца меркаванні, што княжыць маглі браты Будзікід і Будзівід ці Путувер (Лютувер), імёны якіх прыгадваюцца ў летапісах. Але вызначыць колькі кіравалі гэтыя князі, іх паходжанне і чаргаванне не ўяўляецца магчымым. Тым не менш, папярэдняе развіццё ВКЛ дазваляла сцвярджаць, што княства як самастойнае славяна-балцкае палітычнае ўтварэнне ў рэгіёне склалася, і хутка пачало прэтэндаваць на ролю лідэра на землях усходніх славян.

Ажыўленне палітычнага жыцця ВКЛ пачалося ў 90-я гг. ХІІІ ст. з пачаткам княжання Віценя (каля 1295 – 1316). Паводле паведамлення летапісу, стаўшы князем у Наваградку, Віцень пачаў выкарыстоўваць у якасці асабістага сімвалу “Пагоню”(выяву ўзброенага вершніка). Гэты князь актыўна супрацьстаяў крыжакам. За 1300 – 1315 гг. крыжакі зрабілі каля 20 рэйдаў на землі Літвы. У адказ з 1298 па 1313 год Віцень зрабіў адзінаццаць уварванняў у Прусію, яго войскі неаднаразова спусташалі Лівонію. Пры Віценю ў складзе ВКЛ канчаткова замацавалася Полацкая зямля. Згодна звесткам беларуска-літоўскіх летапісаў, апошні самастойны полацкі князь завяшчаў свае ўладанні рыжскаму архібіскупу, пасля чаго ў горадзе пачалося засілле каталіцкіх ксяндзоў і нямецкіх купцоў. Полацкае баярства звярнулася па падтрымку да Віценя, які выбіў рыжан з Полацка у 1307 г.Далучэнне Полацка да Літвы адбылося на падставе дагавора – “рада”, які гарантаваў палачанам захаванне мясцовых законаў і суда, манапольнае права баярства на заняцце пасад мясцовага кіравання. Акрамя таго, Віцень пашырыў тэрыторыю ВКЛ да Буга, далучыўшы ў 1315 г. Берасцейскую зямлю. У 1316 г. вялікі князь памёр. Легенда паведамляе, быццам ён загінуў ад удару маланкі.

Яшчэ больш узмацнілася ВКЛ пры вялікім князю Гедыміне(1316 – 1341). Пры ім паспяхова вялася барацьба з крыжакамі. Асаблівай мужнасцю і вайсковым майстэрствам у гэтай барацьбе вызначыўся князь Давыд Гарадзенскі(верагодна, сын Даўмонта), дзейнасць якога пачалася яшчэ пры Віценю. У 1314 г. ён адбіў напад крыжакоў на Наваградак. Неаднойчы Давыд прыходзіў на дапамогу Пскову, здзяйсняў рэйды ў Прусію. У 1326 г. пад час далёкага паходу на нямецкі Брандэнбург Давыд Гарадзенскі быў забіты здраднікам.

У час княжання Гедыміна ў складзе ВКЛ апынулася амаль уся тэрыторыя Беларусі. У 1318 г. яго сын Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй. У 1320 г. Яраслаў памёр, а Віцебскае княстваадышло па спадчыне Альгерду, які істотна узмацніў горад, пабудаваўшы ў Віцебску замест драўлянага каменны замак. Вялікі ўклад у развіццё горада ўнеслі і абедзве жонкі Альгерда віцебская княжна Марыя і цвярская княжна Ульяна.

У 1320-я гг. у складзе ВКЛ апынулася і Менскае княства. Палітычная мудрасць Гедыміна выявілася ў тым, што далучаным землям ён гарантаваў захаванне традыцыйных законаў. Прынцып кіравання Гедыміна быў наступны: “старыны не рушыць, навіны не ўводзіць”. Да таго ж Гедымін хоць і заставаўся язычнікам, аднак заўсёды падтрымліваў праваслаўе. Сам Гедымін называў сябе каралём Літвы і Русі, а беларуска-літоўская дзяржава стала называцца Вялікім княствам Літоўскім і Рускім. Пры ім жа сталіцай ВКЛ з 1323 г. стала Вільня.

У 1341 г. Гедымін загінуў ад ранення з агнястрэльнай зброі пры штурме крыжацкага замка. Пераемнікам, па волі бацькі, стаў яго сярэдні сын Яўнуцій (1341 – 1345). Ён праявіў сябе як князь слабы і нерашучы. У выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута Яўнуцій быў пазбаўлены прастола. Вялікім князем быў абвешчаны Альгерд (1345 – 1377), які стаў правіць разам са сваім братам Кейстутам.

4.2 Дзяржаўная палітыка вялікіх князёў ВКЛ у перыяд другая палова XIV – першая трэць XV стст.

З 1345 па 1377 гг. вялікім князем літоўскім быў сын Гедыміна Альгерд, але фактычна у ВКЛ існаваў дуумвірат (адначасовае праўленне двух правіцеляў) Альгерда і Кейстута. Яны размежавалі паміж сабой “сферы ўплыву”. Альгерду дасталася ўсходняя палова княства з цэнтрам у Вільні. Ён праводзіў актыўную знешнююю палітыку (у асноўным наступаў) на ўсходнім і паўднёвым накірунках, дзе кантактаваў з рускімі княствамі і татарамі. Цэнтрам уладанняў Кейстута сталі Трокі. Ён адказваў за адносіны з заходнімі суседзямі і пераважна абараняў дзяржаву ад крыжакоў, якія здзейснілі з 1345 па 1377 гг. каля 100 рэйдаў. Кейстут, у сваю чаргу, зрабіў каля 40 паходаў у адказ, тры разы трапляў у палон і тры разы збягаў з палону. У 1348 г. браты біліся з крыжакамі на р. Стрэве, аднак рашаючай перамогі не атрымалі.

Сам Альгерд далучаў да ВКЛ так званыя “рускія землі” (тэрыторыі былой Кіеўскай Русі). У 1350-я гг. былі далучаны Бранскае княства, Мсціслаўская зямля. Пасля перамогі над татарамі на Сініх Водаху 1362 г. у складзе княства замацаваліся ўкраінскія землі (Кіеўшчына, Падолле і Чарнігаўшчына). Адначасова Альгерд імкнуўся падтрымаць Цвярское княства (адкуль была яго другая жонка Ульяна) і недапусціць узвышэння Масквы, якая таксама стала прэтэндаваць на лідэрства ва ўсходнеславянскім рэгіёне. У выніку князь здзейсніў тры паходы на Маскву ў 1368, 1370 і 1372 гг., аднак не дасягнуў стратэгічных поспехаў (двойчы даходзіў да сцен крамля, але не прыступаў да аблогі). У маскоўскім летапісе пра Альгерда гаворыцца, што ён “не піў ні піва, ні віна, меў вялікі розум, употай рыхтаваў свае паходы, ваяваў не столькі колькасцю людзей, колькі ўменнем”.

У час праўлення Альгерда у склад ВКЛ увайшлі практычна ўсе беларускія землі. Існавалі тры шляхі іх уваходжання ў склад дзяржавы: дагаварны, шлях дынастычнага шлюбу, шлях ваеннага захопу. Пры гэтым абсалютная большасць беларускіх земляў увайшла ў склад ВКЛ добраахвотна, кіруючыся ваенна-палітычнай мэтазгоднасцю. Княства склалася як федэрацыя асобных зямель і княстваў. Яно паўстала як балта-ўсходнеславянская дзяржава са значнай перавагай усходнеславянскай тэрыторыі і насельніцтва (90% тэрыторыі і 80% насельніцтва пры Гедыміне і Альгердзе).

Дуумвірат (сумеснае праўленне) Альгерда і Кейстута зрабіў грамадскае жыццё ў краіне стабільным. Аднак пасля смерці Альгерда ўзнік палітычны крызіс. Справа ў тым, што вялікім князем па жаданні Альгерда стаў Ягайла (13771392 гг.) – старэйшы сын ад другога шлюбу з цвярской княжной Ульянай. Пераход прастолу да Ягайлы выклікаў дынастычную барацьбу ў ВКЛ. Супраць Ягайлы выступілі яго брат Андрэй Полацкі – сын Альгерда ад першага шлюбу з віцебскай княжной Марыяй, а таксама дзядзька Кейстут са сваім сынам Вітаўтам.

Першым у 1377 г. распачаў барацьбу Андрэй Полацкі, які лічыў, што мае больш правоў на княжацкі пасад як старэйшы сын Альгерда. Але ў выніку нападу Ягайлы Андрэй уцёк у Пскоў, дзе быў прыняты на княжанне. Тым часам Ягайла аддаў Полацк свайму брату Скіргайлу. Аднак палачане адмовіліся прыняць новага князя і з ганьбай прагналі таго з горада, пасадзіўшы на каня задам наперад. У 1380 г. Андрэй Альгердавіч разам са сваім родным братам Дзмітрыем (князь бранскі) удзельнічаў у Кулікоўскай бітве супраць татар на баку маскоўскага князя, дзе вызначыліся сваім военным талентам. Ягайла ж уступіў у саюз з татарскім ханам Мамаем, прывеў войска ВКЛ да месца бітвы, але, свядома ўхіліўся ад удзелу ў баявых дзеянняў.

У 1381г. абвострыліся адносіны паміж Ягайлам і Кейстутам, якому па-ранейшаму належала заходняя частка ВКЛ з Трокамі. Кейстут раптоўна з'явіўся ў Вільні, захапіў Ягайлу і знайшоў дакменты, якія сведчылі пра змову таго з крыжакамі супраць дзядзькі. Ягайла быў пазбаўлены вялікага княжання, аднак, па просьбе Вітаўта, Кейстут захаваў за ім Крэва і Віцебск. Але Ягайла не скарыўся. У 1382 г. па яго ініцыятыве ў Вільні адбылося паўстанне прыхільнікаў Ягайлы. Кейстут і Вітаўт былі вераломна захоплены. Першага з іх змясцілі ў вежу Крэўскага замка, дзе князь быў задушаны па загадзе Ягайлы. Вітаўт ацалеў, бо пры наведванні жонкай Ганнай пераапрануўся ў адзенне служанкі і ўцёк з затачэння, знайшоўшы прытулак у Тэўтонскім ордэне. Ягайла, які зноў стаў вялікім князем, уладкаваў Скіргайлу замест Кейстута ў Троках.

Тым часам у суседняй Польшчы памёр кароль польскі і венгерскі Людовік. Ва ўмовах адсутнасці ў Людовіка сыноў каралевай была аб'яўлена дачка Людовіка Ядзвіга. Сярод прэтэндэнтаў польская знаць аддала перавагу Ягайлу. На гэта былі прычыны. У Польшчы і Літвы быў агульны вораг – Тэўтонскі ордэн, які закрываў выхад у Балтыйскае мора і пастаянна пагражаў іх інтарэсам. Польская шляхта хацела спыніць канфлікты з ВКЛ з-за Валыні і Падолля, атрымаць землю на гэтай тэрыторыі. Каталіцкая царква імкнулася мірным шляхам ахрысціць літоўцаў – апошні язычніцкі народ у Еўропе – і праваслаўных славян перавесці ў каталіцтва.

Ягайла імкнуўся ўмацаваць сваё становішча. Знаходжанне Вітаўта ў Ордэне дазваляла апошняму весці наступ на землі ВКЛ на законных падставах. Вітаўт у 1384 г. вымушаны быў падпісаць з крыжакамі вельмі нявыгаднае пагадненне, якім перадаў у залежнасць Ордэну ўсе свае вотчыны, якія трэба было яшчэ вярнуць. У выпадку смерці Вітаўта, крыжакі атрымлівалі апеку над яго малалетнімі сынамі, а калі памруць і яны – магістр меў права выдаць адзіную дачку Вітаўта замуж, застаючыся вярхоўным распараджальнікам яе спадчыны. У хуткім часе сыны Вітаўта памерлі (былі атручаны). Вітаўт даведаўся, што напярэдадні барацьбы за польскую карону Ягайла хоча з ім замірыцца. Князь зрабіў цяжкі выбар паміж забойцам бацькі і забойцамі дзяцей на карысць Ягайлы. Папаліўшы памежныя крыжацкія замкі, Вітаўт вярнуўся ў ВКЛ, дзе атрымаў частку бацькоўскіх земляў з Гродна, Ваўкавыскам і Камянцом.

Умовы дзяржаўна-прававога аб'яднання Літвы і Польшчы былі выпрацаваны ў Крэве (Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). На іх падставе 14 жніўня 1385 г. было падпісана пагадненне з Польшчай – Крэўская ўнія. Ягайла абавязаўся прыняць каталіцтва і перавесці ў новую веру сваіх падданых, вызваліць палонных палякаў, “назаўсёды далучыць свае Літоўскія і Рускія землі да Каралеўства Польскага”.

У 1386г. пачалося ажыццяўленне ўмоў уніі. Ягайла прыняў каталіцтва, ажаніўся з Ядзвігай і стаў польскім каралём пад імем Уладзіслаў ІІ. Яго намеснікам у ВКЛ стаў Скіргайла. Такім чынам, паміж ВКЛ і Польшчай была заключана персанальная (дынастычная) унія, у выніку якой утварыўся трывалы саюз дзяржаў. Гэты саюз у будучым дазволіў атрымаць перамогу над Тэўтонскім ордэнам. У выніку уніі пачалося паступовае збліжэнне дзяржаўных інстытутаў. Узмацніўся культурны ўплыў Захаду праз Польшчу. ВКЛ станавілася часткай заходнееўрапейскай цывілізаці.

У 1387 г. Ягайла пачаў хрышчэнне Літвы ў каталіцтва. Былі выдадзены прывілеі (граматы), якімі феадалам-католікам дараваліся вялікія маёмасныя правы (права перадаваць свае ўладанні ў спадчыну) і стваралася каталіцкае Віленскае біскупства. У выніку правядзення падобнай палітыкі ў ВКЛ узнікла “рускае пытанне” – незадаволенасць праваслаўных феадалаў нераўнапраўным становішчам з феадаламі-католікамі. Зноў цэнтрам супраціўлення стаў Полацк. Андрэй Альгердавіч адмовіўся прыносіць прысягу на вернасць каралю Ягайле. У саюзе са Смаленскам і Лівоніяй Андрэй пачаў баявыя дзеянні. Скіргайла здолеў справіцца з саюзным войскам. Андрэй пратрымаўся ў Полацку да зімы 1388/89 г., калі Скіргайла падманам захапіў яго ў палон. У канцы 1380-х гг. супраць Скіргайлы выступіў Вітаўт. Ён стаў выразнікам інтарэсаў як той часткі літоўскага баярства, якая не жадала развітвацца з паганствам, так і той, што выступала супраць узмацнення польскага ўплыву ў Княстве. Вітаўт паспрабаваў захапіць Вільню, аднак, пацярпеўшы няўдачу, другі раз вымушаны быў збегчы да крыжакоў.

З крыжацкім войскам Вітаўт рабіў напады на землі ВКЛ. Жорсткая барацьба вялася з пераменным поспехам. Падтрымку Вітаўт чакаў і з боку Маскоўскага княства. У 1391 г. адбыўся шлюб яго дачкі Соф'і з маскоўскім князем Васілём Дзмітрыевічам. Аднак рэальна Вітаўта падтрымаў толькі Ордэн. У 1392 г. Вітаўт нанёс Скіргайлу рашаючае паражэнне. Ягайла, каб прадухіліць разрыў ВКЛ з Польшчай прызнаў перамогу Вітаўта. У 1392 г. паміж Ягайлам і Вітаўтам было падпісана Востраўскае пагадненне, згодна якому Вітаўт быў абвешчаны князем ВКЛ (1392 – 1430 гг.), але на правах васала Ягайлы. Перамога Вітаўта паспрыяла замацаванню самастойнасці ВКЛ у цесным саюзе з Польшчай.

Важнейшым мерапрыемствам Вітаўта на першым этапе яго праўлення была адміністрацыйная рэформа 1393-1395 гг. Каб умацаваць сваю ўладу ў ВКЛ, Вітаўт вырашыў ліквідаваць сістэму спадчыннага надзельнага княжання. Інстытут княжання быў заменены інстытутам намесніцтва. Там, дзе Вітаўту былыя ўдзельныя князі супраціўленне не аказвалі, мясцовыя валадары надзяляліся іншымі княствамі. Хто ж супраціўленне аказваў, атрымліваў турэмнае зняволенне. Намеснікамі былі давераныя асобы Вітаўта. Да прыкладу, у Кіеве ім стаў Іван Гальшанскі, а ў Віцебску, па волі Ягайлы, – Фёдар Весна.

Умацаваўшы свае пазіцыі ў дзяржаве, Вітаўт распачаў актыўную міжнародную дзейнасць. Палітычнай праграмай князя стала далучэнне да ВКЛ усіх “рускіх зямель”. Саюзнікам Вітаўта стаў беглы залатаардынскі хан Тахтамыш, які знайшоў прытулак у ВКЛ. Вітаўт абяцаў вярнуць Тахтамышу трон, а той – выдаць князю ярлык (дакумент, які даваў права на кіраванне) на Ноўгарад, Пскоў і Маскоўскае вялікае княства. Дзеля рэалізацыі сваіх планаў, Вітаўт таксама імкнуўся заручыцца падтрымкай Тэўтонскага ордэна. У 1398 г. ён заключыў на востраве Салін (на Нёмане) пагадненне з крыжакамі, паводле якога прадугледжвалася дапамога ВКЛ Ордэну ў заваяванні Пскова і ордэнская падтрымка Княству для авалодання Ноўгарадам і паходу супраць Залатой Арды. За гэта Вітаўт саступаў Ордэну частку Жамойці. На святкаванні падпісання Салінскага дагавора баярства ВКЛ абвясціла Вітаўта “каралём Літвы і Русі”.

Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У паходзе Вітаўта і Тахтамыша супраць Арды ўдзельнічалі атрады з Польшчы і Тэўтонскага ордэна. Рашаючая бітва з залатаардынскім войскам адбылася 12 жніўня 1399 г. на рацэ Ворскле (левы прыток Дняпра, сучасная Украіна). Войска Вітаўта было амаль цалкам знішчана, тысячы воінаў загінулі (у тым ліку героі Кулікоўскай бітвы Андрэй і Дзімітрый Альгердавічы) ці трапілі ў палон (“попусти бог татаром”). Сам князь Вітаўт ледзве выратаваўся ўцекамі. Паражэнне на Ворскле мела сваім вынікам Віленска-Радамскую унію ВКЛ з Польшчай 1401 г., падпісаную на ўмовах Ягайлы. У адпаведнасці з гэтай уніяй саюзніцкія адносіны паміж Польшчай і ВКЛ пацвярджаліся. Вітаўт атрымаў пажыццёвы тытул вялікага князя літоўскага і поўную свабоду ў вырашэнні унутраных спраў. Пасля яго смерці ўлада над ВКЛ павінна была перайсці да Ягайлы і яго нашчадкаў. Польскі бок абяцаў, што ў выпадку смерці Ягайлы баяры ВКЛ будуць удзельнічаць у выбарах караля.

Нягледзячы на паражэнне на Ворскле Вітаўт працягнуў палітыку, накіраваную на падпарадкаванне ВКЛ рускіх княстваў. У 1403 г. было захоплена Вяземскае княства, а ў 1404 г. – далучаны Смаленск. З маскоўскім князем Васілём І Вітаўт заключыў пагадненне. Межы паміж дзяржавамі былі вызначаны па рацэ Угры – прытоку Акі. Пасля смерці Васіля І, у 1427 г. часова ў васальную залежнасць да ВКЛ трапіла Маскоўскае княства, дзе рэгентшай пры новым князі Васілі ІІ была Соф'я Вітаўтаўна. Выкарыстаўшы гэта, Вітаўт заключыў выгадныя дагаворы з Псковам і Ноўгарадам, падпарадкаваў Цвярское і Разанскае княствы. Акрамя таго, Вітаўт актыўна ўмешваўся ў справы Залатой Арды і Крыма. Скарыстаўшы усобіцы паміж ардынскімі ханамі, Вітаўт уключыў у склад ВКЛ землі Паўднёвага Падолля і выйшаў да Чорнага мора. У гістарычнай літаратуры гэта называецца “братаннем Вітаўта з Чорным морам”. Дзякуючы ўсяму гэтамі ВКЛ дасягнула свайго найбольшага тэрытарыяльнага пашырэння (каля 687 тысяч км² без уліку прычарнаморскіх стэпаў), стала адной з самых вялікіх еўрапейскіх дзяржаў, што працягнулася ад мора да мора.

У пачатку XV ст. абвострыліся адносіны паміж Польшчай і ВКЛ з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам – з другога. У 1409 г. Жамойць паўстала супраць крыжакоў. Вітаўт падтрымаў гэтае выступленне. У выніку Жамойць уз'ядналася з ВКЛ. Ваенны канфлікт выліўся ў “Вялікую вайну1409 – 1411 гг. Вітаўт і Ягайла вырашылі аб'яднаць свае сілы, каб нанесці рашаючае паражэнне крыжакам. Вітаўт збіраў палкі ў Літве і ў рускіх землях. Таксама ў войска Вітаўта ўваходзілі татары хана Джэлал-ад-Дзіна (сына Тахтамыша) і атрад наёмнікаў-чэхаў пад кіраўніцтвам Яна Жыжкі. Ягайла арганізоўваў атрады палякаў. У выніку Вітаўт назбіраў 40 харугваў, Ягайла – 50. Крыжацкае войска, у якое ўваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Чэхіі і іншых краін складалася з 51 харугвы і мела гарматы. Кіраваў крыжацкім войскам вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген. У выніку ў рашаючай бітве з абодвух бакоў прымала ўдзел каля 60 тысяч чалавек.

У ліпені 1410 г. войскі саюзнікаў злучыліся і рушылі на сталіцу Ордэна Мальбарк (Марыенбург). Варожыя войскісустрэліся15 ліпеня 1410 г. на тэрыторыі Ордэна каля вёсак Грунвальд, Таненберг, Людвігсдорф (сучасная Польшча). Літоўскія і польскія войскі занялі ўчастак, які зарос лесам і хмызняком. Супраць правага фланга крыжакоў стаялі польскія палкі, супраць левага – літоўскія. Камандуючым саюзнымі войскамі быў Ягайла. Непасрэдна войскамі ВКЛ кіраваў князь Вітаўт. Бітва пачалася ў другой палове дня з атакі конніцы ВКЛ і татараў, якія панеслі значныя страты ад гармат і ўдару войска крыжакоў. Татары, а усед за імі і літоўскія харугвы пачалі прытворныя ўцёкі. Была выкарыстана выпрабаваная тактыка, якая заключалася ў тым, каб прымусіць рыцараў пачаць праследаванне і тым самым расстроіць іх рады і ўдарыць зноў. Гэта ўдалося. Рыцары падумалі, што яны ўжо блізкія да перамогі. Але Вітаўт у ходзе імітаванага “адступлення” перагрупаваў войскі і ўдарыў па рассеяных па полю крыжаках. Поспех быў на баку Вітаўта. Гэта натхніла і польскія войскі, якія вялі цяжкі бой з правым флангам рыцараў. Мужна змагаліся ў цэнтры тры смаленскія палкі пад кіраўніцтвам Сямёна Лінгвена. Ян Длугаш адзначаў: “Нага наступала на нагу, даспехі ўдараліся аб даспехі, і людзі біліся, і коні давілі людзей”. Бітва завяршылася поўным разгромам крыжакоў. Перамога пад Грунвальдам была адной з важнейшых падзей гісторыі ВКЛ, Польшчы і тых славянскіх народаў, якім пагражала нямецкая агрэсія. Па Торуньскаму мірнаму дагавору 1411 г. Ордэн адмовіўся ад прэтэнзій на Жамойць і павінен быў выкупіць усе занятыя саюзнікамі замкі.

Па выніках вайны ў 1413 г. паміж Вітаўтам і Ягайлам была заключана новая Гарадзельская унія. У адпаведнасці з гэтым дакументам ВКЛ ужо разглядалася не як васал Польшчы, а як раўнапраўны палітычны партнёр. Тым самым вялікі князь Вітаўт здолеў дабіцца поўнай самастойнасці княства. Але партнёрства ВКЛ і Польшчы павінна было працягвацца і пасля смерці Вітаўта і Ягайлы. Палякі абавязваліся не выбіраць новага караля без згоды ВКЛ, і наадварот, на абранне вялікага князя патрабавалася згода Польшчы. На польскі ўзор ў ВКЛ ствараліся два ваяводствы – Віленскае і Трокскае. Прадугледжваліся агульныя з'езды паноў і шляхты.

У сярэдзіне 1420-х гг. адносіны паміж Ягайлам і Вітаўтам сапсаваліся. На гэта паўплывала нараджэнне ў сямідзесяцігадовага польскага караля двух сыноў ад маладой жонкі Соф'і Гальшанскай, што пазбаўляла Вітаўта ўсялякіх шанцаў атрымаць польскую карону пасля смерці Ягайлы. Каб набыць роўны статус з Ягайлам, Вітаўт задумаў пераўтварыць ВКЛ па ўзору Польшчы ў каралеўства. Задума каранацыі Вітаўта выклікала шырокі міжнародны рэзананс, аднак яна не здзейснілася – палякі арганізавалі блакаду межаў ВКЛ і затрымалі пасольства ад Папы Рымскага з каронай. Каранацыя была перанесена, але князь памёр так яе і не дачакаўшыся. Нягледзячы на гэта, час праўлення Вітаўта (1392 – 1430 гг.) прынята лічыць залатым векам гісторыі ВКЛ,калі княства дасягнула найвялікшай магутнасці.

 

4.3 Вялікае Княства Літоўскае ў 30-я гг. ХV ст. – першай палове ХVІ ст.: унутранная і знешняя палітыка.

Пасля смерці Вітаўта вялікім князем літоўскім без згоды Польшчы стаў малодшы брат Ягайлы – Свідрыгайла(1430 – 1432 гг.). Яго палітыка была скіравана на замацаванне лініі на дзяржаўную самастойнасць Вялікага княства Літоўскага. Пры гэтым Свідрыгайла спрабаваў пашырыць сацыяльную базу велікакняжацкай улады за кошт схілення на свой бок праваслаўных феадалаў. Застаючыся католікам, ён пачаў дапускаць праваслаўных да кіравання дзяржавай.

Узрастанне пры Свідрыгайле палітычнай ролі ўсходнеславянскіх феадалаў выклікала незадаволенасць літоўскай арыстакратыі. Пры дапамозе Польшчы была арганізавана змова супраць вялікага князя. Свідрыгайлу ўдалося збегчы ў Полацк, дзе ён знайшоў падтрымку з боку мясцовых князёў і баяр. А вялікім князем літоўскім быў абвешчаны родны брат Вітаўта – Жыгімонт Кейстутавіч (1432 – 1440 гг.). Ягайла зацвердзіў гэта абвяшчэнне. Жыгімонт у сваю чаргу граматай ухваліў унію з Польшчай, раней скасаваную Свідрыгайлам. Склалася сітуацыя, калі дзяржава аказалася падзеленай на дзве часткі (Вялікае княства Літоўскае і Вялікае княства Рускае), кожная з якіх мела свайго вялікага князя. На баку Жыгімонта былі ўсе літоўскія землі (Вільня, Коўна, Трокі, Жамойць, а таксама Гародня). На баку Свідрыгайлы – князі, баяры і гараджане Полацкай, Віцебскай, Смаленскай, Северскай, Кіеўскай зямель, часткі Валыні і Падолля. Акрамя таго, дапамогу Свідрыгайлу аказвалі крыжакі, цвярскі князь, татары і малдаўскі гаспадар.

Супрацьстаянне бакоў прывяло да феадальнай вайны (1432 – 1436 гг.). Вялася яна з пераменным поспехам. У 1434г., каб аслабіць рух на чале са Свідрыгайлам, у Троках ад імя Жыгімонта Кейстутавіча быў выдадзены прывілей, які пашыраў на рускіх князёў і праваслаўную шляхту ўсе “наданні, свабоды, прывілеі і выгады”, што былі раней дараваны феадалам-католікам. Трокскі прывілей гарантаваў праваслаўнай шляхце недатыкальнасць іх зямельных уладанняў, ільготы ў дзяржаўных павіннасцях, магчымасць займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Тым самым, прывілей супакоіў частку праваслаўных, якія адыйшлі ад барацьбы. Акрамя таго, каталік Свідрыгайла страціў давер праваслаўных феадалаў і з-за сваёй канфесійнай палітыкі. Справа ў тым, што Свідрыгайла быў прыхільнікам ідэі уніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Разам з тым ідэю уніі не падабалася кіеўскаму мітрапаліту Герасіму і большай частцы праваслаўнай шляхты. Мітрапаліт быў абвінавачаны ў здрадзе, арыштаваны і жыўцом спалены на “жыдоўскім камяні” ў Віцебску ў ліпені 1435 г. Гэтыя жорскія дзеянні адштурхнулі многіх ад Свідрыгайлы. У выніку рашаючая бітва грамадзянскай вайны, якая адбылася ў 1435 г. пад Вількамірам,скончылася паражэннем Свідрыгайлы. Сам князь збег спачатку ў Віцебск, а потым на Украіну.

Феадальная вайна завяршылася перамогай Жыгімонта Кейстутавіча. Князь, каб умацаваць сваю ўладу, стаў абапірацца ў сваёй дзейнасці на дробных і нерадавітых баяр. З гэтым былі не згодны магнаты (князі Чартарыйскія, віленскі ваявода Доўгірд, трокскі ваявода Лялуша), якія ў 1440 г. забілі Жыгімонта ў яго замку ў Троках. Пасля смерці Жыгімонта палякі імкнуліся мацней падпарадкаваць ВКЛ Кароне Польскай. Замест пасады вялікага князя літоўскага яны хацелі ўвесці намесніцтва на чале з 13 гадовым Казімірам Ягайлавічам, які прыехаў у Вільню. Аднак гэтага зрабіць не ўдалося – ліцвіны таемна абвясцілі вялікім князем літоўскім малодшага сына Ягайлы Казіміра (1440 – 1492 гг.) і каранавалі яго “шапкай Гедыміна”. Пасля знікнення ў бітве пад Варнай свайго старэйшага брата Уладзіслава ІІІ (якога амерыканскі гісторык М. да Сілва лічыць бацькай Х.Калумба) Казімір быў запрошаны на польскі трон. Шляхта ВКЛ згадзілася на гэта толькі на умовах выдання вялікім князем прывілея, які ўвайшоў у гісторыю як Прывілей Казіміра 1447 г. Прывілей пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, іх спадчынныя правы на маёнткі. У адносінах да сялян менавіта гэты прывілей паклаў пачатак юрыдычнаму афармленню іх феадальнай залежнасці. Казімір абяцаў, што цяпер ён не будзе прымаць баярскіх сялян на свае землі. Суд над сялянамі таксама перадаваўся ў рукі баяр. Звяртаюць на сябе ўвагу тыя артыкулы прывілея 1447 г., якія аберагалі ВКЛ ад пасяганняў з боку польскіх феадалаў на яго суверэнныя правы і адасобленасць.

Яшчэ больш шырокае значэнне меў Судзебнік Казіміра, выдадзены ім у 1468 г. Гэты дакумент паклаў пачатак новаму этапу ў развіцці як прававой тэорыі, так і практыкі заканадаўчай дзейнасці ВКЛ. Ён з'явіўся першай спробай кадыфікацыі права ў княстве.

У 1481 г. супраць Казіміра была арганізавана змова праваслаўных князёў Міхаіла Алелькавіча і Івана Гальшанскага. Яна была выклікана аддаленнем старэйшай лініі Альгердавічаў, да якой належаў Міхаіл Алелькавіч, ад палітычнай улады ў ВКЛ і правоў на Вільню і Кіеў. Змоўшчыкі хацелі пазбавіць пасада, а магчыма і забіць Казіміра, а на трон узвесці Міхаіла Алелькавіча. Змова была выкрыта, Міхаіл Алелькавіч і Іван Гальшанскі пакараны смерцю.

Пасля смерці Казіміра вялікім князем літоўскім быў абраны яго чацвёрты сын Аляксандр (1492 – 1506 гг.). Новы князь быў вымушаны лічыцца з узмацненнем баяр. Так, у 1492 г. Аляксандр Казіміравіч выдаў Генеральны прывілей, дзе не толькі пацвердзіў усе правы і вольнасці, якія феадалы ВКЛ атрымалі раней, але і дараваў новыя. Цяпер вялікі князь абавязаваўся весці дыпламатычныя зносіны толькі пасля ўзгаднення з паны-радай, сваёй воляй нічога не адмяняць, без згоды рады не рабіць прызначэнняў на дзяржаўныя пасады, распараджацца фінансамі толькі пад яе кантролем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вялікага князя, але ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала дзяржаўныя пытанні. Такім чынам, прывілей 1492 г. істотна абмяжоўваў уладу манарха на карысць шляхты. Паны-рада з дарадчага органа ператварылася ў заканадаўчы і распарадчы орган дзяржаўнага кіравання, а ВКЛ – з абсалютнай ў абмежаваную манархію.

З канца XV ст. на жыццё ВКЛ аказваў уплыў такі знешнепалітычны фактар, як абвастрэнне адносін з Маскоўскай дзяржавай. Масква стала прэтэндаваць на ролю збіральніка былых зямель Кіеўскай Русі. Адрозненні паміж усходнеславянскім насельніцтвам Літвы і Маскоўскай дзяржавы ў мове і культуры тады былі яшчэ нязначнымі. Вельмі важным фактарам было тое, што насельніцтва гэтых краін спавядала адну праваслаўную веру і называла сябе аднолькава – рускімі. Каб перахапіць ініцыятыву ў збіранні рускіх зямель, маскоўскія князі абвясцілі сябе абаронцамі праваслаўя.

Адносіны паміж Масквой і Літвой найбольш абвострыліся пры маскоўскім князі Іване ІІІ, які аб'явіў свае правы на “спадчыну Рурыкавічаў” – ўсе землі былой Кіеўскай Русі. Агрэсія Масквы прыкрывалася ідэяй абароны праваслаўных падданых ВКЛ ад прыцяснення. Пачаліся войны з ВКЛ. Іван ІІІ выкарыстаў смерць Казіміра Ягайлавіча і ў 1492 г. выказаў тэрытарыяльныя дамаганні да Літвы. У падданства да маскоўскага князя сталі пераходзіць князі парубежных тэрыторый ВКЛ (Варатынскія, Вяземскія, Бяляўскія). У выніку Масква без цяжкасцяў авалодала землямі ў вярхоўях Акі. Гэта стала повадам для першай маскоўска-літоўскай вайны 1492 – 1494 гг. Для ВКЛ вайна аказалася няўдалай, княства было непадрыхтаваным да шырокіх ваенных дзеянняў. Урэшце Аляксандр адмовіўся ад прэтэнзій на Ноўгарад, Пскоў, Цвер, Разань. Мірны дагавор падмацоўваўся шлюбам вялікага князя Аляксандра з дачкой Івана ІІІ Аленай.

Мір паміж Масквой і Літвой быў нядоўгім. Прычынай гэтага было непрызнанне ВКЛ за вялікім князем маскоўскім тытула “государя всея Руси”. Новы пераход на бок Масквы шэрага князёў памежных абласцей стаў повадам для другой маскоўска-літоўскай вайны 1500 – 1503 гг. Маскоўскае войска ў 1500 г. разбіла войска Літвы на р. Ведрашы, недалёка ад Дарагабужа. У палон патрапіў гетман ВКЛ князь Канстанцін Астрожскі. У выніку ВКЛ страціла вялікую тэрыторыю на Верхняй Ацэ, Чарнігава-Северскую зямлю з гарадамі Гомель, Чарнігаў, Старадуб, Пуціўль, Ноўгарад-Северскі, частку Смаленшчыны. Да Масквы адышлі таксама частка Кіеўскай і Віцебскай зямель. Усяго ў выніку гэтай вайны Літва страціла 19 гарадоў, а Аляксандр вымушаны быў прызнаць за маскоўскім вялікім князем тытул “государя всея Руси”.

У час гэтой вайны Аляксандру пасля смерці яго брата караля польскага Яна Альбрэхта ў 1501 прапанавлі адначасова ўзначаліць ВКЛ і Польшу, аднавіўшы тым самым дынастычную ўнію дзвюх дзяржаў, якая існавала пры Казіміры ў 1447 – 1492 гг. Палякі спадзяваліся, што менавіта такі іх выбар (а на трон прэтэндавалі і іншыя браты Александра) дазволіць ізноў уключыць ВКЛ у сверу сваіх інтарэсаў. Аляксандр прыняў прапанову і стаў каралём польскім (1501 – 1506 гг.).

3 70-х гадоў XV ст. Вялікаму княству Літоўскаму давялося адбіваць частыя набегі крымскіх татар, якія суправаджаліся разбурэннямі беларускіх гарадоў і сёл. Татары ўводзілі ў палон мірных жыхароў, якіх потым нярэдка прадавалі ў рабства. Колькасць набегаў значна вырасла ў пачатку XVІ ст. За перыяд з 1474 г. па 1569 г. татары зрабілі 75 набегаў на землі Княства. 3-за адсутнасці арганізаванай абароны на поўдні татарская конніца лёгка пранікала ў глыбінныя раёны Беларусі, а насельніцтва нашага краю вымушана было плаціць ардыншчыну– дзяржаўны падатак, які ішоў на тое каб адкупіцца ад Крыма (сплочваўся пераважна футрам). Войска ВКЛ не раз разбівала крымскіх татар. Гэта адбылося на рацэ Уша недалёка ад Бабруйска (1502 г.), пад Давыд-Гарадком (1503 г.). Але рашаючая бітва адбылася ў 1506г., калі пад Клецкам на рацэ Лань татары былі разбіты літоўскім войскам, якім камандаваў Міхаіл Глінскі(выхадзец з шляхецкага роду з татарскімі каранямі). Радасная вестка аб перамозе паспела дайсці да вялікага князя, які быў у гэты час у Вільні. Аляксандр памёр амаль адразу пасля бітвы. Бітва пад Клецкам стала буйнейшай перамогай над крымчакамі ў Беларусі і паклала канец іх буйным набегам за Прыпяць.

Перад смерцю Аляксандр завяшчаў літоўскі прастол свайму брату Жыгімонту (пятаму сыну Казіміра). Палякі, баючыся страціць Літву, таксама абралі Жыгімонта польскім каралём. Жыгімонт стаў кіраўніком дзяржавы будучы ўжо ў немаладым узросце. Ён пракняжыў 42 гады, таму ў гісторыю увайшоў пад імем Жыгімонта І Старога (1506-1548гг.).

Пачатак праўлення князя быў вельмі складаным. У 1507 – 1508 гг. адбылася трэцяямаскоўска-літоўская вайна. У красавіку 1507 г. маскоўскія войскі былі пасланы на Полаччыну і Смаленшчыну. Яны абмінулі крэпасці і пустошылі воласці ў глыбіні ВКЛ, даходзячы да Бярэзіны. Нечакана вайна з Масквой для Княства ўскладнілася ўнутрыпалітычнай праблемай. У лютым 1508 г. М. Глінскі ўзняў мяцеж сцпраць Жыгімонта Старога. Міхаіл Глінскі ў свой час карыстаўся асабістай дружбай вялікага князя Аляксандра, аднак пасля смерці таго быў адхілены ад двара і трапіў у няміласць да новага гаспадара. У выніку Глінскі паставіў задачу стварыць самастойную дзяржаву на былых старажытнарускіх землях і самаму ўзначаліць яе. Паўстанне было падтрымана праваслаўнымі феадаламі і маскоўскім князем Васілём ІІІ. Зноў было выкарыстана “рускае пытанне”.

Ваенныя дзеянні пачаліся вясной 1508 г. на поўдні Беларусі, дзе ў Глінскага былі буйныя маёнткі. Цэнтрам паўстання стаў горад Тураў. Адсюль Глінскі са сваім атрадам дайшоў да Мазыра, авалодаў Клецкам і Капылём. На бок паўстанцаў перайшлі многія князі паўднёва-ўсходніх і ўсходніх зямель (Орша, Крычаў, Гомель). У саюзе з маскоўскім ваяводам Васілем Шамячычам М.Глінскі ўзяў у аблогу Мінск і Слуцк, аднак няўдала. Апошні з названых гарадоў мужна абараняла княжна Анастасія Слуцкая, у якую быў закаханы Глінскі. Але не убачыўшы перспектывы перамогі Масква адмовілася дапамагаць мяцежнікам, і паўстанне было падаўлена. Закончылася і вайна 1507-1508 гг. Быў падпісаны “вечны мір”, па якому ВКЛ прызнала пераход да Масквы зямель, страчаных у час праўлення Аляксандра.Сам Міхал Глінскі збег у рускія землі, дзе яго пляменніца Алена хутка стала новай жонкай вялікага князя маскоўскага, ад гэтага шлюбу нарадзіўся Іван Васільевіч IV (Іван Грозны).

Умовы міру 1508 г. не задаволілі Маскву. Васіль III жадаў захапіць Смаленск і рыхтаваўся да новай вайны. Яго падтрымала Свяшчэнная рымская імперыя германскай нацыі і іншыя еўрапейскія краіны. У 1512 – 1522 гг. адбылася чацвёртая маскоўска-літоўская вайна. 19 снежня 1512 г. руская армія на чале з вялікім князем рушыла да Смаленска. Але асада скончылася безвынікова. У 1513 г. адбылася другая асада Смаленска. Толькі па выніках трэцяга паходу на Смаленск 30 чэрвеня 1514 г. горад капітуляваў. Васіль III, рушыў на захад да Оршы. Тут на рацэ Крапіўна адбылася грандыёзная бітва. 8 верасня1514 г. Канстанцін Астрожскі з 30-тысячным войскам разграміў 80-тысячнае войска князя Булгакава-Голіцы і баярына Чалядніна. Пасля гэтага вайна набыла пазіцыйны характар і працягвалася яшчэ амаль дзесяць гадоў. Аднак усе спробы ВКЛ вярнуць заваяваныя Масквой землі былі дарэмныя. У выніку ў 1522 г. было заключана пяцігадовае перамір'е, якое потым было прадоўжана яшчэ да 1533 г. Смаленск па ўмовах міру заставаўся за Масквой, аднак у тытул Васіля ІІІ не ўпісвалася тытулаванне “князь смаленскі”.

Смерць Васілія III і смуты ў Маскоўскай дзяржаве пры яго малалетнім пераемніку падштурхнулі Вялікае княства Літоўскае да спробы вяртання заваяваных Масквой тэрыторый. Пачалася пятая маскоўска-літоўская вайна 1534 – 1537 гг. Жыгімонт І Стары імкнуўся адваяваць Смаленск, аднак ВКЛ змагло вярнуць толькі Гомель і некаторыя нязначныя воласці на ўсходзе. У 1537 г. зноў было заключана перамір'е, якое працягвалася да самай Лівонскай вайны.

У часы праўлення Жыгімонта Старога пагрозу для ВКЛ па-ранейшаму складалі крымскія татары, набегі якіх працягваліся. У 1521 г. татары спустошылі землі паміж Слуцкам і Пінскам. Рашаючая бітва адбылася ў 1527 г. на рацэ Альшаніца(правы прыток Дняпра), недалёка ад Кіева. Войска ВКЛ пад кіраўніцтвам К. Астрожскага разграміла татар.

Жыгімонта шанавалі як разумнага і разважлівага кіраўніка. Праўленне Жыгімонта Старога вызначалася адсутнасцю каталіцкага фанатызму ў адносінах да праваслаўных. Пры ім на пасаду трокскага ваяводы быў уключаны праваслаўны князь К. Астрожскі. Жыгімонт Стары быў вядомы як надзвычай адукаваны манарх, апякун навук. Ён меў у Вільні вялікую бібліятэку, запрашаў да сябе таленавітых скульптараў, архітэктараў, мастакоў, дапамагаў асветніку Ф.Скарыне. Даволі прагрэсіўнымі поглядамі вызначалася і яго жонка, прадстаўніца вядомага міланскага роду Бона Сфорца, якая ў далейшым стала ініцыятарам многіх рэформ у ВКЛ.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
 | Утварэнне Рэчы Паспалітай. Барацьба ВКЛ за захаванне незалежнасці
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.445 s.