|
Утварэнне Рэчы Паспалітай. Барацьба ВКЛ за захаванне незалежнасціDate: 2015-10-07; view: 1580. Пасля смерці Жыгімонта Старога гаспадаром ВКЛ і Польшчы стаў яго сын Жыгімонт ІІ Аўгуст(1548 – 1572 гг.). Важнейшым мерапрыемствам вялікага князя з'явілася падпісанне Віленскага прывілея 1563 г., у якім праваслаўная і каталіцкая шляхта былі канчаткова ўраўняны ў правах. Віленскі прывілей меў не столькі практычнае значэнне, колькі фармальнае, бо дыскрымінацыйныя нормы Гарадзельскага прывілея фактычна не дзейнічалі (асабліва пасля прыняцця прывілеяў 1434 і 1447 гг.). Прывілей 1563 г. быў выдадзены з мэтай палітычнай кансалідацыі шляхты ВКЛ пасля няўдач у Лівонскай вайне. Разам з тым пры Жыгімонце Аўгусце стала адкрытым супрацьстаянне магнатаў з аднаго боку і шляхты – з другога. Справа ў тым, што на соймах да голасу шматлікай шляхты ніхто не прыслухоўваўся. Усё вырашалі магнаты. Асабліва яскрава супрацьстаянне магнатаў і шляхты выявілася ў час сойма, які сабраўся ў 1562 г. пад Віцебскам. На ім шляхта звярнулася да вялікага князя з просьбай “учыніць супольны сойм з палякамі, каб разам караля выбіраць і права аднолькавае ўжываць”. Гэты зварот Жыгімонт Аўгуст не змог задаволіць, аднак вярхоўная ўлада, каб прыцягнуць на свой бок шляхту, правяла адміністрацыйна-тэрытарыяльную і судовую рэформы 1565 – 1566 гг.Быў уведзены адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на ўзор польскага (створаны новыя ваяводствы і паветы), утвараліся павятовыя соймікі, якія вырашалі мясцовыя пытанні, і павятовыя суды,дзе галоўную ролю адыгрывала шляхта. У гэты ж час ВКЛ аказалася ўцягнута ў чарговы маштабны канфлікт з Масквою.Да сярэдзіны XVI ст. Лівонскі ордэн апынуўся ў абставінах сур'ёзнага палітычнага крызісу. Гэта праявілася ў першую чаргу ў ваенным аслабленні дзяржавы. Крызіснае становішча Лівоніі выкарысталі суседнія краіны – Маскоўская дзяржава і Вялікае княства Літоўскае. Зацікаўленасць у падпарадкаванні Лівоніі вынікала са стратэгічна-абарончых меркаванняў і гандлёва-эканамічных інтарэсаў краін. У 1558 г. Расія пачала вайну з Лівонскім ордэнам, спадзяючыся “прарубіць” выхад у Балтыйскае мора. У 1559 г. магістр ордэна Готгард Кетлер звярнуўся за дапамогай да вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста. Паміж ордэнам і княствам быў заключаны саюз і ордэн перайшоў пад патранат ВКЛ. Але захаваць у час вайны сваю тэрыторыю ордэн не здолеў. Частку зямель захапіла Данія, частку – Швецыя, а Курляндыя і Земгалія, стаўшы наследным герцагствам, апынуліся ў залежнасці ад ВКЛ. У выніку ў 1561 г. Лівонскі ордэн спыніў сваё існаванне. Пасля далучэння Курляндыі і Земгаліі да ВКЛ маскоўскі цар Іван IV Грозны перанёс ваенныя дзеянні на землі ВКЛ. У лютым 1563 г. была ўзята самая магутная крэпасць – Полацк. Пратрымаліся палачане 16 дзён. Можа, час аблогі яшчэ б працягваўся, каб не памылкі ваяводы Станіслава Давойны. Ён, убачыўшы размяшчэнне маскоўскай артылерыі прама пад пасадскімі сценамі, распарадзіўся запаліць і пакінуць добра ўмацаваны пасад горада. Маскоўскія ратнікі ўварваліся ў пасадскую частку і завязалі бой з палачанамі. Простыя жыхары, якія знаходзіліся тут, убачыўшы такі паварот падзей, вырашылі не ісці ў Верхні замак, а падацца ў маскоўскі лагер. Там апынуліся ад 11 да 20 тысяч палачан. Дзеянні С. Давойны выклікалі крытыку з боку мясцовых баяр. Далешы суцэльны абстрэл замка маскоўскім войскам прывёў да капітуляцыі Полацка. Пасля захопу Полацка пагроза навісла над Вільняй. Пачаліся мірныя перагаворы з Масквой, аднак Жыгімонт ІІ Аўгуст не мог змірыцца са стратай Полаччыны. У выніку ў студзені 1564 г. ваенныя дзеянні ўзнавіліся. Аднак, поспех быў ужо не на баку Івана Грознага. У 1564 г. пад Чашнікамі на рацэ Ула гетман Мікалай Радзівіл разбіў удвая большы 24-тысячны корпус П.Шуйскага, а затым здолеў дабіцца перамогі над другой рускай арміяй пад Оршай. Пасля гэтага пачалася пазіцыйная вайна. Маскоўскі цар пабудаваў на беларускіх землях крэпасці Туроўлю, Сокал, Красны, Каз'яны, Улу, Сураж. Катастрафічнае становішча ў Лівонскай вайне вымушала ВКЛ да больш цеснага саюзу з Польшчай. Існавалі і іншыя перадумовы для збліжэння Польшчы і ВКЛ. Сістэма палітычнага кіравання ў ВКЛ складвалася пад уплывам польскага ўзору дзяржаўнага ладу. Так, польскі сенат па сваіх функцыях адпавядаў літоўскай паны-радзе, а шляхецкі сойм быў важнейшым органам дзяржаўнага кіраўніцтва ў абедзвюх дзяржавах. Да таго ж ВКЛ і Польшча часам мелі аднаго гаспадара (Ягайла, Казімір, Аляксандр, Жыгімонт І Стары, Жыгімонт ІІ Аўгуст). У ВКЛ склаўся пэўны пласт насельніцтва, які падтрымліваў унію. Гэта была дробная шляхта, якая хацела атрымаць залатыя шляхецкія вольнасці. Да саюза імкнуліся польскія магнаты, якія жадалі атрымаць у Літве новыя землі і пасады. Уніі жадаў і сам кароль і вялікі князь, які не меў сыноў і жадаў захаваць саюз польшчы і ВКЛ пасля сваёй смерці. Люблінскі сойм, які павінен быў аформіць саюз ВКЛ і Польшчы, пачаўся 10 студзеня 1569 г. і працягваўся шэсць драматычных месяцаў. Кожны з бакоў ставіў свае ўмовы. Ніхто не саступаў. Больш таго, калі паслы Вялікага княства ўбачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння уніі на непрымальных для іх умовах, яны пакінулі сойм. Тады польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы. Польская шляхта дабілася ад Жыгімонта ІІ Аўгуста выдання злачынных ўказаў аб далучэнні да каралеўства Польскага украінскіх зямель: Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. Тэрыторыя ВКЛ звузілася да тэрыторыі Беларусі і Літвы. Гэта поўнасцю супярэчыла Прывілею Аляксандра 1492 г. і Статуту 1588 г., таму існавалі ўсе падставы для пазбаўлення Жыгімонта Аўгуста ўлады, але ВКЛ не магла весці вайну адначасова з Масквой і Польшчай, таму вымушана была саступіць. Ліцвінская дэлегацыя вярнулася ў Люблін і прыняла ўмовы палякаў. У такім выпадку палітыку Польшчы адносна Княства напярэдадні заключэння уніі можна лічыць экспансіянісцкай і вялікадзяржаўніцкай. 1 ліпеня 1569 г. акт Люблінскай уніі паміж Польшчай і ВКЛ быў падпісаны. Ён абвяшчаў, што “каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае складаюць адно нераздзельнае цэлае, адну агульную Рэч Паспалітую”. Узначальваў дзяржаву кароль, які адначасова з'яўляўся і вялікім князем літоўскім. Абранне і каранацыя манарха павінны былі адбывацца ў Польшчы. Асобныя соймы ВКЛ і Польшчы скасоўваліся. Агульныя соймы павінны былі склікацца толькі ў Польшчы. Унія абвясціла правядзенне адзінай знешняй палітыкі, дазвол палякам набываць землі і пасады ў Літве, а ліцвінам у Польшчы. Грошы ў дзвюх дзяржавах прызнаваліся раўнацэннымі і аднолькавымі, прадугледжвалася уніфікацыя заканадаўства (законы ВКЛ, накіраваныя супраць Польшчы, скасоўваліся і наадварот). У адпаведнасці з умовамі Люблінскай уніі ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай захавала шырокую аўтаномію. Захоўваліся адміністрацыйны апарат, тытул і пячатка, заканадаўства, войска, судовая і фінансавая сістэмы. Дзяржаўнай мовай Княства заставалася старабеларуская. Як бачна, адпаведна акту Люблінскай уніі Польшча і ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай займалі роўнае прававое становішча. Новы дзяржаўна-прававы саюз паміж ВКЛ і Польшчай можна разглядаць як персанальна-парламентарную унію. Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста (апошняга з Ягелонаў) і нядоўгага праўлення француза Генрыха Валуа (1573 – 1574 гг.) каралём Рэчы Паспалітай быў абраны трансільванскі князь Стэфан Баторый (1576 – 1586 гг.). У 1579 г. кароль сабраў 40-тысячнае войска і рушыў на вызваленне Полацка. Рускія войскі 20 дзён стрымлівалі атакі польска-ліцвінскага бока, аднак вымушаны былі адступіць. У 1580 г. ліцвінскае войска замацавала свае поспехі і адваявала ўсе захопленыя Масквой падчас Лівонскай вайны землі, а таксама Вялікія Лукі. Жаўнераў, якія найбольш вызначыліся ў бітвах, кароль адорваў шляхецтвам. Адным з такіх герояў быў Перавал, які распачаў славуты род Пржывальскіх. У 1581 г. Стэфан Баторый планаваў захапіць Пскоў, але горад (буйнейшая каменная крэпасць у рэгіёне) вытрымаў доўгую асаду. У 1582 г. паміж ваюючымі бакамі было заключана Ям-Запольскае перамір'е. Масква адмовілася ад Лівоніі на карысць Рэчы Паспалітай, а таксама перадала Літве Веліж. Стэфан Баторый у сваю чаргу вярнуў Івану Грознаму Вялікія Лукі. Як і для ўсяго ВКЛ, так і ў прыватнасці для Беларусі, што пацярпела больш за іншыя землі, завяршэнне Лівонскай вайны стала важнай гістарычнай падзеяй. Дзяржаўна-прававыя сувязі паміж Польшчай і ВКЛ пасля 1569 г. будаваліся не ў поўнай меры на падставе акта Люблінскай уніі. Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае адпаведна гэтаму дакументу павінны былі займаць роўнае прававое становішча. На самой справе польскія кіруючыя колы адводзілі Княству ролю правінцыі. З моманта ўтварэння Рэчы Паспалітай палякі зрабілі шэраг парушэнняў і прынізілі ліцвінскі бок. Па-першае, трэць зямель ВКЛ напярэдадні ўтварэння Рэчы Паспалітай у адпаведнасці з актамі Жыгімонта Аўгуста была супрацьпраўна далучана да Польшчы. У адпаведнасці з заканадаўствам ВКЛ князь не прызнаваўся ўласнікам дзяржавы і не меў права памяншаць яе тэрыторыю. Па-другое, вялікакняжацкі сойм юрыдычна перастаў існаваць, а на вальным сойме Рэчы Паспалітай са 180 дэпутатаў толькі 46 былі з ВКЛ. Па-трэцяе, палітычная дыскрымінацыя дапаўнялася эканамічнай. Дазвол польскай шляхце атрымліваць зямельныя ўладанні ў межах Княства стварыў небяспечнага канкурэнта для мясцовай знаці. Усё гэта выклікала ў шырокага кола шляхты незалежніцкія антыпольскія памкненні. Яны праяўляліся ў рэзкім непрыняцці пераважнай большасцю шляхты, як буйной, так і дробнай, асобных палажэнняў уніі і наогул палітыкі каралёў Рэчы Паспалітай, рэзідэнцыяй якіх у другой палове XVI ст. быў Кракаў. Апазіцыйныя настроі і ўчынкі знаходзілі сваё праяўленне як у словах, так і ў справах пануючага саслоўя ВКЛ. У лісце аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага да трокскага кашталяна Астафія Валовіча, які быў напісаны ўсяго праз 5 гадоў пасля уніі, гаварылася: “Не дай бог ляху быць каралём, выража Літву і тым больш Русь”. Яшчэ больш рэзка супраць прапольскай палітыкі Жыгімонта Аўгуста выказаўся аўтар сатырычнага твора “Прамова Мялешкі”, што датуецца 1589 г.: “Прэч Жыгімонта караля! Таго і да людзей няма чаго прылічаць, бо Падляшша і Валынь нашыя згубіў, ляхам патураючы”. Антыпольскія словы не разыходзіліся са справамі ліцвінскіх палітыкаў. Насуперак Люблінскай уніі на працягу 70-80-гг. XVI ст. у ВКЛ рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя соймы. Прычым у час бескаралеўя ў Рэчы Паспалітай 1574 – 1576 гг. на сойме ў Вільні разглядалася пытанне аб выбары караля. Больш таго, ліцвіны прапаноўвалі свае кандыдатуры – маскоўскага цара Івана Грознага ці яго сына Фёдара. Але ў гэтым іх не падтрымалі палякі. Тым не менш, Стэфан Баторый атрымаў карону ВКЛ асобна на сойме ў Вільні. Пры яго падтрымцы ў 1581 г. была створана асобная вышэйшая судовая інстанцыя для Вялікага княства – Галоўны трыбунал. Самым важкім здабыткам у барацьбе за дзяржаўную самастойнасць нашай дзяржавы было прыняцце ў 1588 г. трэцяга Статута ВКЛ. Згодна з ім скасоўваліся многія пастановы Люблінскай уніі. Найбольш паказальным з'яўлялася тое, што ў Статуце сама унія наогул не ўзгадваецца. Паводле зместу гэтага заканадаўчага помніка, ВКЛ з'яўлялася дзяржавай не толькі з асобным заканадаўствам, але і ўласнай тэрыторыяй, апаратам улады, войскам і фінансамі. Палякам як чужынцам было забаронена набываць землі і атрымоўваць пасады ў ВКЛ. Гэты закон не быў парушаны нават падчас барацьбы паміж каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам (1587 – 1632 гг.) і канцлерам ВКЛ Львом Сапегам за пасаду віленскага біскупа. Справа ў тым, што Жыгімонт ІІІ прызначыў на гэтую пасаду паляка Бернарда Мацяеўскага, а канцлер да каралеўскага ўказа не прыціснуў вялікакняжацкую пячатку. У рэшце ў 1600 г. пасада была аддадзена ліцвіну Бенядзікту Войне. Пасля такіх выступленняў польскі бок вымушаны быў ісці на ўступкі ліцвінам. З 1655 г. польскім воінскім часцям было забаронена без дазволу перасякаць мяжу ВКЛ, а з 1673 г. кожны трэці сойм пачаў збірацца ў Гародні. У 1696 г. шляхта ВКЛ цалкам ураўноўвалася з польскай у адносінах узмацнення кантроля над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. Як бачна, інкарпараваць ВКЛ у склад Польшчы не ўдалося. Княства заставалася паўнапраўнай адзінкай федэрацыі. Разам з тым у межах Рэчы Паспалітай паступова адбываліся працэсы паланізацыі ліцвінскай шляхты. Праз далучэнне да “залатых вольнасцей” фарміравалася своеасаблівая супольнасць – “народ шляхецкі” (у процівагу бяспраўнаму “люду простаму”). Шляхта Рэчы Паспалітай аб'ядноўвалася адзінымі правамі і прывілеямі, у значнай ступені адзінай рэлігіяй (каталіцкай), а таксама польскай мовай. У 1696 г. пастановай сойма ўсё афіцыйнае справаводства ў дзяржаве было пераведзена на польскую мову. Між тым, поўнага этнічнага атаясамлення беларуска-літоўскай шляхты з польскай ніколі не існавала. Ліцвінская самасвядомасць ва ўсе часы прысутнічала ў шляхецкім асяроддзі.
4.5 Вялікае Княства Літоўскае ў складзе Рэчы Паспалітай ў канцы ХVІ – першай палове ХVІІІ ст.: унутранная і знешняя палітыка. Пасля перамогі ў Лівонскай вайне кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый некалькі разоў прадпрымаў спробы ажыццявіць новы паход на Масковію, але сойм адмаўляўся яго фінансаваць. Толькі ў 1586 г. з'явлася магчымасць ажыццявіць новы паход на Пскоў, але з-за смерці караля ён так і не адбыўся. Пасля барацьбы за ўладу новым каралём і вялікім князем стаў прадстаўнік шведскай дынастыі Жыгімонт Ваза (1587 – 1632 гг.). Дарэчы, пад час выбараў новага гаспадара шляхта ВКЛ на чале з Львом Сапегам, як і на мінулых выбарах прапанавала абраць каралём расійскага цара Фёдара Іванавіча. Тым самым, Л.Сапега ініцыяваў своеасаблівы “інтэграцыйна праект” аб'яднання Расіі, ВКЛ і Польшчы пад кіраўніцтвам сына Івана Грознага. Пры гэтым Сапега разлічваў, што ў такім выпадку ВКЛ будзе належыць вядучая роля, а не надзелены здольнасцямі кіраўніка і хваравіты Фёдар Іванавіч стане паслухмянай марыянеткай у руках ліцвінскай шляхты. Але з-за непрадуктыўнай пазіцыі маскоўскіх паслоў на сойме гэты праект так і застаўся на паперы. Абраны новым каралём Жыгімонт Ваза пачаў праводзіць актыўную знешнюю палітыку. Пры ім Рэч Паспалітая аказалася ўцягнута ў ваенныя канфлікты з асноўнымі суседзямі. У 1600 – 1629 гг. адбылася вайнаРэчы Паспалітай і ШвецыіПовадам да вайны стала дэтранізацыя (пазбаўленне трону) ў 1599 г. Жыгімонта Вазы са шведскага прастолу (да гэтага часу Жыгімонт адначасова быў і каралём Швецыі). На пачатку вайны шведы даволі хутка замацаваліся ў Эстоніі і падышлі да Рыгі. Толькі пад Кірхгольмам у 1605 г. гетман Ян Караль Хадкевіч атрымаў перамогу. Гэта выратавала Рыгу, аднак шведы ў Прыбалтыцы засталіся. У 1609 г. войскі Рэчы Паспалітай нанеслі яшчэ адзін удар па шведах пад Рыгай і занялі Пярну. Ваенныя дзеянні на 8 год прыпыніліся. Аднак ужо ў 1621 г. сын Карла ІХ Густаў ІІ Адольф, узмацніўшы армію, захапіў большую частку Лівоніі і Рыгу. Жыгімонт ІІІ Ваза вымушаны быў у 1629 г. у Альтмарку падпісаць мір. У выніку Рэч Паспалітая страціла Эстонію і Рыгу, захаваўшы за сабой толькі землі Курляндыі і Латгаліі. Больш удала, на першых парах разгортваўся канфлікт з Масквою.У прыватнасці, ў гэты час адбылася так званаяінтэрвенцыяРэчы Паспалітай у Маскву 1604 – 1618 гг.Упачатку XVII ст. дзяржаўныя колы Рэчы Паспалітай вырашылі скарыстаць крызісную сітуацыю ў Маскоўскім княстве. Справа ў тым, што ў 1591 г. пры загадкавых абставінах загінуў васьмігадовы сын Івана Грознага, спадкаемца прастола царэвіч Дзмітрый. Новы рускі цар Барыс Гадуноў, што стаў кіраваць пасля смерці апошняга з Рурыкавічаў – Фёдара Іванавіча, прыйшоўся недаспадобы простаму народу. У выніку пачалі распаўсюджвацца чуткі, быццам царэвіч Дзмітрый выратаваўся. Адпаведна знайшоўся і самазванец, які заявіў аб сваіх прэтэнзіях на царскі прастол. У ролі Ілжэдзмітрыя выступіў Грыгорый Атрэп'еў, манах, які перабраўся ў Рэч Паспалітую. Менавіта праз яго кароль Жыгімонт ІІІ Ваза хацеў авалодаць Масквой. Паход Ілжэдзмітрыя І на Маскву адбыўся ў 1604 г. Войска самазванца пастаянна папаўнялася простым рускім людам. Пасля смерці Барыса Гадунова на бок Ілжэдзмітрыя пачалі пераходзіць дваране, што адкрыла яму шлях да Масквы. Летам 1605 г. самазванец атрымаў тытул цара усяе Русі. Але праз год маскоўскае баярства за супрацоўніцтва з палякамі звергла яго з прастола, і царом быў абвешчаны Васіль Шуйскі. У 1607 г. у Маскоўскую дзяржаву Жыгімонтам Вазам быў арганізаваны паход Ілжэдзмітрыя ІІ. Ён замацаваўся ў вёсцы Тушына пад Масквой, за што атрымаў мянушку “тушынскі злодзей”. Толькі вясной 1609 г. войска Васіля Шуйскага разам з народнымі апалчэнцамі нанесла паражэнне тушынцам. Пасля двух няўдалых спроб у верасні 1609 г. Жыгімонт ІІІ Ваза распачаў адкрытую інтэрвенцыю супраць Расіі. Ён сам узначаліў армію і аблажыў Смаленск (горад быў узяты толькі ў 1611 г.). У ліпені 1610 г. у Маскве пачаўся арганізаваны палякамі мяцеж. Мяцежнікі захапілі цара В.Шуйскага, і пад націскам польскіх войск маскоўскае баярства дало згоду на прызнанне сына Жыгімонта Вазы Уладзіслава царом. Два гады сталіца Рускай дзяржавы была ў руках польска-ліцвінскіх войск. Аднак, у 1612 г. народнае апалчэнне на чале з Кузьмой Мініным і князем Дзмітрыем Пажарскім прымусіла войскі Рэчы Паспалітай пакінуць дзяржаву. Новым рускім царом у 1613 г. стаў Міхаіл Раманаў. У 1617 г. войскамі Рэчы Паспалітай была здзейснена апошняя спроба авалодання Масквой, але безвыніковая. У снежні 1618 г. быў заключаны Дэулінскі мір, паводле якого да Рэчы Паспалітай адышлі Ноўгарад-Северская, Чарнігаўская і Смаленская землі. Пасля смерці Жыгімонта ІІІ Вазы Маскоўская дзяржава зрабіла спробу вярнуць сабе Смаленск. Час быў выбраны адмыслова – шляхта Рэчы Паспалітай абірала новага караля. Спачатку канфлікт ішоў па маскоўскаму сцэнарыю. Рускія войскі даволі лёгка авалодалі памежнымі тэрыторыямі, а Смаленск трапіў у аблогу. З лістапада 1632 г. па верасень 1633 г. нешматлікі смаленскі гарнізон на чале з Аляксандрам Гансеўскім адбіваў напады і цярпеў нястачы. Урэшце на падмогу да яго прыйшло войска Рэчы Паспалітай на чале з новым каралём, сынам Жыгімонта Вазы Уладзіславам IV (1632 – 1648 гг.). Маскоўскае войска трапіла ў акружэнне і вымушана было капітуляваць. Вясной 1634 г. быў падпісаны Палянаўскі дагавор, які пакідаў межы некранутымі. Разам з тым Уладзіслаў адмовіўся ад прэтэнзій на маскоўскі прастол, а Міхаіл Раманаў атрымаў права ўключыць у свой тытул дадатак “усяе Русі”. Трэццім ворагам, з якім сутыклася Рэч паспалітая ў ХVІІ ст. стала Асманская імперыя. Адна з найбольш значыных бітваў з туркамі адбылася ля Хоцінскай крэпасці ў 1621 г., дзе аб'ядненыя сілы палякаў, ліцвінаў і ўкраінскіх казакаў пад кіраўніцтвам гетмана Яна Караля Хадкевіча (каля 35 тысяч) здолелі перамагчы аб'яднаныя сілы султана Асмана ІІ і татар (каля 180-ці тысяч ваяроў з удзелам баявых сланоў). У сярэдзіне XVII ст. у Рэчы Паспалітай былі вельмі напружанымі адносіны з Рускай дзяржавай, Турцыяй і Швецыяй. Неспакойна было і ўнутры краіны. Увядзенне фальваркава-паншчыннай сістэмы ўзмацніла эксплуатацыю прыгонных сялян. Гэта прымушала іх шукаць лепшыя ўмовы жыцця. Беларускія сяляне пачалі шукаць вольніцу на Украіне – у Запарожскай Сечы. “Паказачванне” сялян стала масавай з'явай першай паловы XVII ст. Дадатковае напружанне ў адносіны паміж шляхтай і сялянамі ўносіла іх палярызацыя па этнічных прыкметах – мове і веравызнанню. Усё гэта прывяло да антыфеадальнай вайны, якая разгарнулася ў сувязі з паўстаннем пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага на Украіне. На Беларусі гэтыя падзеі вядомы як казацка-сялянская вайна 1648 – 1651 гг. Б.Хмяльніцкі, імкнучыся стварыць незалежную казацкую дзяржаву, меў намер уключыць паўднёвыя беларускія землі ў яе склад. Ужо вясной 1648 г. на Беларусь былі накіраваны казацкія атрады (загоны) Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Галавацкага. Да восені 1648 г. у руках паўстанцаў апынуліся гарады Тураў, Пінск, Мазыр, Брагін, Бабруйск, Лоеў. Антыказацкую кампанію па загаду новага караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра Вазы (1648 – 1668 гг.) узначаліў гетман ВКЛ Януш Радзівіл. Маючы 10-тысячнае войска ён авалодаў паўднёвабеларускімі гарадамі, жорстка падаўляючы выступленні нізоў. У адказ на гэта украінскі гетман накіраваў на Беларусь новыя загоны пад кіраўніцтвам Галоты, Пабадайлы і Крычэўскага. Рашаючая бітва адбылася 31 ліпеня 1649 г. пад Лоевам, дзе казакі былі разбіты. У 1651 г. паміж гетманам Украіны Б. Хмяльніцкім і Рэччу Паспалітай быў падпісаны Белацаркоўскі мірны дагавор, паводле якога з Беларусі выведзены ўсе казацкія атрады. Вайна завяршылася паражэннем сялян і гарадскіх нізоў. Акрамя крыві, ні паўстанцам, ні дзяржаве яна нічога не прынесла. Праз два гады дзяржава аказалася ўцягнута яшчэ ў адзін крывавы канфлікт- Вайну Расіі і Рэчы Паспалітай 1654-1667 гг.Повадам да гэтай вайны стала рашэнне Пераяслаўскай Рады 1654 г., адпаведна якому Украіна пераходзіла ў падданства да Расіі з захаваннем пэўнай аўтаноміі. Пасля гэтага кроку стала зразумелым, што канфлікту паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай не пазбегнуць. Рускі цар Аляксей Міхайлавіч Цішайшы распачаў вайну ў маі 1654 г. Рускія войскі дзейнічалі на смаленскім напрамку, а казакі аказвалі ім дапамогу на поўдні Беларусі. Ужо ў ліпені 1654 г. Полацк, Віцебск, Магілёў і Смаленск апынуліся “пад царскай рукой”. Поспех кампаніі 1654 г. тлумачыўся тым, што маскоўскі цар правёў добрую агітацыю сярод праваслаўнага насельніцтва, гарантаваў шляхце і каталіцкаму духавенству захаванне ўсіх зямель і прывілеяў, абяцаў купцам вольны гандаль з рускімі гарадамі і пацверджанне правоў. Што датычыцца сялянства і гарадскіх нізоў, то яны з пераходам у рускае падданства разлічвалі атрымаць палёгку ў павіннасцях і спакой у дзяржаве. Спробы наступлення войск Рэчы Паспалітай на Беларусі і Украіне ў 1654 – 1655 гг. не ўдаліся. Амаль уся Беларусь была занята рускімі вайскамі. У 1655 г. цар Аляксей Міхайлавіч заняў Вільню і абвясціў сябе вялікім князем літоўскім. Знешнепалітычны крызіс Рэчы Паспалітай выкарыстаў шведскі кароль Карл Х Густаў. Ужо летам 1655 г. шведскія войскі занялі Браслаў, Друю, Іказнь. Пачалася Першая Паўночная вайна. У такой сітуацыі гетман ВКЛ Я.Радзівіл вырашыў разарваць саюз з Польшчай і падпісаў Кейданскую унію са Швецыяй (кастрычнік 1655 г.). Княству такі саюз мог забяспечыць перамогу над Масквой. Частка магнатаў выступіла супраць саюза са шведамі. Так, Павел Сапега са сваім войскам аблажыў замак Я. Радзівіла. Але той у снежні 1655 г. памёр. Смерць галоўнага ініцыятара аб'яднання са Швецыяй прадвызначыла і лёс Кейданскай уніі. Аляксей Міхайлавіч у кастрычніку 1656 г. заключыў Віленскае перамір'е з Янам Казімірам Вазам, каб сумеснымі сіламі перамагчы Швецыю. У выніку шведскія войскі доўга не ўтрымаліся ў ВКЛ і пакінулі межы дзяржавы. У 1660 г. паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай быў падпісаны Аліўскі мір. Ніякіх тэрытарыяльных змен не адбылося. Тым часам маскоўскія войскі па-ранейшаму займалі большую частку тэрыторыі ВКЛ. Нягледзячы на царскія абяцынні, яны праводзілі грабежніцкую палітыку ў адносінах да мясцовага насельніцтва. У выніку баявых дзеянняў, гаспадарання маскоўскага войска, голаду і хвароб акупіраваныя землі Беларусі былі пераўтвораны ў пустэчу. Праехаўшы дарогамі Панямоння, каралеўскі сакратар Стэфан Мядэкша адзначаў, што “трупаў па дарогах поўна, вёскі, мястэчкі папаленыя, беднай хаткі цяжка пабачыць цэлай”. Усё гэта выклікала шырокі рух народнага супраціўлення на беларускай зямлі. Ужо ў ліпені 1654 г. сяляне сталі ствараць атрады для самаабароны. Іх удзельнікі называліся шышамі. Сялянскія атрады рабілі напады на рускія гарнізоны, затрымлівалі ганцоў, якіх ваяводы накіроўвалі з данясеннямі да цара. У змаганні з маскоўскім войскам асабліва вызначыліся сялянскія фарміраванні, якія падначальваліся Дзянісу Мурашку. Акрамя сялян, антымаскоўскія настроі ахапілі духавенства, шляхту, мяшчан. Яны таксама стваралі ўзброеныя атрады.. Пасля смерці Б.Хмяльніцкага новы ўкраінскі гетман Іван Выгоўскі ў 1659 г. падпісаў Гадзяцкі дагавор з Рэччу Паспалітай і распачаў ваенныя дзеянні супраць Масквы. Гэта прадвызначыла поспех польска-ліцвінскіх войскаў у першай палове 1660-х гадоў. У 1660 г. яны перамаглі рускія войскі на рацэ Бася (Магілёўшчына), а ў 1661 г. – пад Кушлікамі (Полаччына) і адваявалі Вільню. У 1667 г. быў падпісаны Андросаўскае перамір'е з Расіяй на 13 гадоў і 6 месяцаў, па якім Масква далучыла да сябе Смаленскае ваяводства і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Дагавор прадугледжваў сумесныя дзеянні Расіі і Рэчы Паспалітай у сувязі з узмацненнем пагрозы татара-турэцкага нашэсця. У 1686 г. гэтая ж патрэба ў саюзніку па антытурэцкай кааліцыі стала адной з прычын падпісання “вечнага міру” паміж Масквой і Варшавай. У пачатку ХVІІІ Рэч Паспалітая аказалася ўцягнута ў Другую Паўночную вайну (1700 – 1721 гг.).У канцы XVII ст. кароль Рэчы Паспалітай (па сумяшчальніцтву саксонскі курфюрст) Аўгуст ІІ Моцны (1697 – 1706 гг., 1710 – 1733 гг.) далучыўся да Паўночнага саюза краін (Расія, Данія, Саксонія), якія выступілі супраць Швецыі. У ходзе вайны Расія імкнулася забяспечыць сабе выхад да Балтыйскага мора. Аўгуст Моцны быў зацікаўлены далучыць да Рэчы Паспалітай тэрыторыю Ліфляндыі і Эстляндыі. Першымі ваенныя дзеянні пачалі Саксонія і Данія. У лютым 1700 г. саксонскі корпус уварваўся ў Лівонію і пачаў аблогу Рыгі. Але ужо летам 1700 г. пасля высадкі шведскага дэсанта пад Капенгагенам дацкі кароль падпісаў капітуляцыю. У лістападзе 1700 г. пад Нарвай шведы разграмілі расійскую армію, якой кіраваў Пётр І. Пасля гэтага Карл ХІІ выступіў супраць Аўгуста ІІ і ў бітве каля Рыгі і 20 ліпеня 1701 г. разграміў яго. У канцы 1701 г. шведы ўвайшлі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, у маі 1702 г. занялі Варшаву. Аўгуст ІІ запрасіў міра, аднак Карл ХІІ нават адмовіўся з ім сустрэцца. Ён меркаваў зрабіць каралём Рэчы Паспалітай свайго прыхільніка Станіслава Ляшчынскага. Пакуль Карл ХІІ займаўся “польскімі справамі”, Пётр І аднавіў сваю армію, захапіў Нарву, Дэрпт, Нотэбург. У 1703 г. у падтрымку Расіі шляхта ВКЛ стварыла Віленскую канфедэрацыю, а ў 1704 г. частка польскай шляхты аб'ядналася ў Сандамірскую канфедэрацыю. Другая частка польскай шляхты ў 1704 г. у падтрымку Швецыі арганізавала Варшаўскую канфедэрацыю. Яе прыхільнікі ў красавіку 1704 г. абвясцілі новым каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага(1704 – 1710 гг.). У кастрычніку 1704 г. Пётр І вырашыў увесці свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, каб аказаць дапамогу Аўгусту ІІ, аднак не паспеў. У 1706 г. рускія войскі сталі адступаць на поўдзень да Кіева. Карл ХІІ, нягледзячы на фарсіраваны марш, не змог дагнаць рускую армію. Там не менш, у 1706 г. ён прымусіў Аўгуста ІІ падпісаць Альтранштацкі мір, паводле якога Аўгуст ІІ афіцыйна адмаўляўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць С. Ляшчынскага і разрываў саюз з Расіяй. У 1708 г. на тэрыторыі Беларусі зноў разгарнуліся актыўныя баявыя дзеянні. 14 ліпеня 1708 г. каля Галоўчына на Магілёўшчыне адбылася бітва, у якой шведы атрымалі апошнюю значную перамогу ў вайне з Расіяй. У верасні 1708 г. шведская армія выйшла да межаў Расіі, аднак для паспяховага наступлення ў Карла ХІІ не хапала сіл. Шведскі кароль заручыўся падтрымкай украінскага гетмана Івана Мазепы і накіраваў свае войскі на Украіну. На дапамогу Карлу ХІІ з Прыбалтыкі выступіў 16-тысячны корпус Левенгаўпта з абозам зброі і харчу. Расійскае камандаванне вырашыла нанесці галоўны ўдар па гэтаму атраду, каб не дапусціць яго злучэння з асноўнымі сіламі шведаў. Рускі корпус узначальваў непасрэдна Пётр І. Бітва адбылася 28 верасня1708 г. каля вёскі Лясная. Левенгаўпт пацярпеў паражэнне, страціў абоз і артылерыю. Перамогай рускіх войск завяршылася і генеральная бітва ІІ Паўночнай вайны пад Палтавай (27 чэрвеня 1709 г.). Станіслаў Ляшчынскі ўцёк у Памеранію, а Аўгуст ІІ абвясціў Альтранштацкі мір несапраўдным, аднавіў саюз з Расіяй і ў 1710 г. вярнуў сабе карону. Другая Паўночная вайна закончылася ў 1721 г. перамогай кааліцыі, але Рэч Паспалітая, акрамя матэрыяльных і людскіх страт (1/3 несельніцтва), нічога не атрымала. Акрамя шматлікіх войнаў сітуацыя ў дзяржаве абвастралася у выніку магнацкіх сутычак. Яшчэ ў сярэдзіне ХVІІ ст. магнацкія групоўкі распачалі барацьбу за ўладу, пры гэтым ніводная з іх не магла дамагчыся перамогі. Сіл хапала толькі на тое, каб не дапусціць да ўлады праціўнікаў. Супрацьстаянне ў канцы ХVІІ ст. перарасло ў сапраўдную грамадзянскую вайну. Замест таго, каб клапаціцца пра дзяржаву, магнаты збіралі шматтысячныя войскі і зводзілі свае рахункі на полі бітвы. Рабаваліся “чужыя” вёскі, разбураліся гарады. Адна з найбольш вялікіх бітваў у гэтым супрацьстаянні адбылася 1700 г. на Віленшчыне каля Алькенікаў. Свавольствы магнатаў, няздольнасць цэнтральных органаў улады умацаваць дзяржаву дапаўняліся нявырашаным рэлігійным пытаннем у Рэчы Паспалітай. У краіне назіраўся ўціск ўсіх некатолікаў (іх называлі дысідэнтамі), а ў першую чаргу – праваслаўных (схізматыкаў). Так, калі каралі Уладзіслаў Ваза і Ян Казімір больш схіляліся да саступак праваслаўным, то Міхаіл Вішнявецкі (1669 – 1673 гг.) і асабліва Ян Сабескі(1674 – 1696 гг.) адкрыта праяўлялі да “схізматыкаў” сваю непрыхільнасць. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай быў таксама прадвызначаны знешнепалітычнымі абставінамі, звязанымі з баявымі дзеяннямі ў гады другой Паўночнай вайны. Рэч Паспалітая стала, па словах Ф.Энгельса, “заезным дваром і карчмой” для іншаземных войскаў. Такое становішча дазваляла суседнім дзяржавам адкрыта ўмешвацца ва ўнутраныя справы нашай краіны. Безумоўна, з боку манархаў рабіліся спробы па цэнтралізацыі ўлады ў краіне. Першым з каралей Рэчы Паспалітай, які хацеў пазбавіць шляхту “залатых вольнасцей” і ў першую чаргу абмежаваць “ліберум вета”, быў Аўгуст ІІ Моцны. Кароль у 1717 г. увёў на тэрыторыю Рэчы Паспалітай саксонскія войскі. Аднак гэта выклікала моцнае супраціўленне шляхты, якая не хацела губляць свае правы. Супраць Аўгуста ІІ пачалося паўстанне. Кароль вымушаны быў прасіць дапамогі ў свайго саюзніка Пятра І. Расійскі бок прапанаваў прымірыць шляхту і караля на сойме. У 1717 г. адбыўся сойм, які доўжыўся толькі 6 гадзін. Князь Г. Даўгарукі ад імя Расіі абвясціў наступныя патрабаванні: саксонская армія павінна была пакіyнуць Рэч Паспалітую, магнатам забаранялася ствараць ваенныя саюзы супраць караля, скарачалася колькасць войска Рэчы Паспалітай (для Польшчы – 18 тысяч, для ВКЛ – 6 тысяч). Гэты сойм атрымаў назву “нямога”, бо пастановы прымаліся без абмеркавання. Убачыўшы аслабленасць Рэчы Паспалітай, у 1719 г. Аўстрыя і Прусія падрыхтавалі план падзелу Рэчы Паспалітай і звярнуліся з ім да Расіі. Праўда Пётр І не падтрымаў дадзены план. Такім чынам, з-за шматлікіх войн Рэч Паспалітая аказалася аслабленай і фактычна у пачатку ХVІІІ ст. згубіла сваю самастойнасць, паколькі моцныя замежныя дзяржавы маглі ў любы час умешвацца ва ўнутраныя справы краіны.
4.6 Спробы рэформ у другой палове ХVІІІ ст. Падзелы Рэчы Паспалітай. Паўстанне Т.Касцюшкі Пасля смерці Аўгуста ІІ Моцнага (1733 г.) у Рэчы Паспалітай разгарнулася жорсткая барацьба за ўладу паміж магнацкімі групоўкамі. У хуткім часе яна выйшла за межы краіны і вылілася ў так званую вайну за “польскую спадчыну” 1733 – 1735 гг. паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй – з другога. Каралём на сойме ў Варшаве быў абраны прыхільнік саюза з Францыяй С. Ляшчынскі. Гэта не задаволіла Расію і Аўстрыю, і яны пад выглядам “абаронцаў польскіх свабод” увялі свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. У выніку каралём быў абвешчаны прыхільнік саюза з Расіяй, сын Аўгуста ІІ Моцнага Аўгуст ІІІ (1733 – 1763 гг.). Пры Аўгусце ІІІ ў 1756 – 1763 гг. Рэч Паспалітая, выступаючы на баку Расіі, умяшалася ў “Сямігадовую вайну”. У 1763 г. пасля смерці Аўгуста ІІІ за ўладу ў дзяржаве зноў распачалася барацьба паміж магнацкімі групоўкамі. Першую з іх складалі Браніцкія, Радзівілы і Патоцкія (прыхільнікі Паўднёвага саюза з Францыяй, Іспаніяй, Аўстрыяй), а другую – Чартарыйскія і Масальскія (прыхільнікі Паўночнага Саюза з Англіяй, Прусіяй і Расіяй). У 1764 г. Чартарыйскія звярнуліся за дапамогай да Расіі. Расія і Прусія, падкупіўшы дэпутатаў сойма, садзейнічалі выбранню каралём былога палюбоўніка Кацярыны ІІ Станіслава Панятоўскага (1764 – 1795 гг.), які кранаваўся пад імем Аўгуста IV. Але нечакана для Расіі новы кароль адразу ж спрабуе праводзіць самастойную палітыку і ўзмацніць дзяржаву. У 1764-1766 гг. Станіслаў Панятоўскі пачаў рэформы, накіраваныя на ўмацаванне цэнтральнай ўлады ў Рэчы Паспалітай. У эканамічнай сферы падскарбіем земскім Антоніем Тызенгаўзам праводзілася рэформа, дзякуючы якой на паўночным захадзе Беларусі з'явілася даволі значная колькасць мануфактур, прыбытак з якіх накіроўваўся ў дзяржаўны скарб. У 1773 г. была арганізавана “Адукацыйная камісія”, дзейнасць якой стала пачаткам рэформы ў галіне асветы. Ажыццяўляліся некаторыя змены і ў палітычнай сістэме. Так, сойм 1764 г. увёў абмежаванне на выкарыстанне права ліберум вета. Цяпер эканамічныя пытанні сталі вырашацца простай большасцю галасоў. Гэта былі першыя памкненні рэфарматараў, скіраваныя на ўмацаванне дзяржавы. Узмацненне Рэчы Паспалітай не задавальняла Расію, Аўстрыю і Прусію. Гэтыя дзяржавы сталі шукаць “зачэпкі”, каб і далей умешвацца ва ўнутрыпалітычныя справы краіны. Кароль Прусіі пачаў “клапаціцца” аб абароне правоў пратэстантаў ў Рэчы Паспалітай, а Расія аб роўнасці праваслаўных з католікамі. У 1767 г. пад эгідай Расіі і Прусіі былі створаны Слуцкая праваслаўная і Торуньская пратэстанцкая канфедэрацыі. У выніку Сойм 1768 г. задаволіў памкненні “дысідэнтаў”. Але міру гэта не прынесла. Цяпер узбунтавалі католікі. У 1768 г. ва ўкраінскім мястэчку Бар была абвешчана канфедэрацыя (Барская) ў абарону каталіцкай веры і незалежнасці Рэчы Паспалітай. Удзельнікі барскай канфедэрацыі выступілі супраць Расіі. Аднак супрацьстаяць царскаму войску канфедэраты не змаглі. Да 1771 г. барскія канфедэраты былі разбіты. Апошняя бітва адбылася пад Сталовічамі (ля сучаснага горада Баранавічы). Пасля гэтых падзей у 1772 г. Расія, Прусія і Аўстрыя ажыццявілі першы падзел Рэчы Паспалітай. Расія заняла паўночна-ўсходнюю Беларусь з Полацкам, Віцебскам, Мсціславам і частку Інфлянтаў. Прусія атрымала тэрыторыю з гарадамі Холмам, Мальбаркам, Вармію. Аўстрыя набыла польска-ўкраінскія землі на поўдзень ад верхняй Віслы, Падолію, частку Валыні. Для прыдання законнасці сваім дзянням пад пагрозай сілы тры дзяржавы запатрабавалі склікання надзвычайнага сойма, які павінен быў ухваліць падзел. 29 верасня 1773 г. дэлегаты падпісалі трактаты, тым самым адмовіўшыся ад гвалтоўна адабраных земляў. 30 верасня 1773 г. іх зацвердзіў кароль. Пасля першага падзелу Станіслаў Аўгуст звярнуўся да некаторых манархаў Еўропы з просьбай аб гарантыях незалежнасці той часткі Рэчы Паспалітай, якая яшчэ заставалася пад яго ўладай. Аднак Англія і Францыя адмовіліся ад разгляду дадзенага пытання. З гэтай прычыны ўлады Рэчы Паспалітай дзеля вырашэння сваіх унутраных праблем па-ранейшаму звярталіся за дапамогай да Расіі. Пасол Расіі ў Варшаве Штакельберг быў у гэты час самай важнай фігурай. Нягледзячы на спробы рэформ, у дзяржаве працягвалася бязладдзе і свавольства магнатаў У 80-х гадах XVIII ст. Караль Радзівіл (па мянушчы Пане Каханку) нават пачаў чэканіць і запусціў ў абарачэнне уласныя залатыя манеты. Усяго іх з'явілася некалькі соцень. На манетах у анфыс была размешчана выява караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і надпіс «Krol Poniatowski, kiep z laski Boskiey» («Кароль Панятоўскі, дурань з ласкі Божай»). У 1787 г. Францыя падштурхнула Турцыю да вайны з Расіяй. Апошняя была вымушана вывесці з Рэчы Паспалітай частку войскаў на ўсход. Гэтым неадкладна скарысталася Прусія, якая жадала перахапіць ініцыятыву ў справах Рэчы Паспалітай. У 1790 г. С. Панятоўскі абвясціў аб саюзе з Прусіяй, абедзве дзяржавы абавязваліся весці, калі спатрэбіцца, сумесныя баявыя дзеянні. Абвастрэнне расійска-прускіх адносін дазволіла кіруючым колам Рэчы Паспалітай пачаць рэформы. Так званы Чатырохгадовы сойм (1788 – 1792 гг.) пасля працяглай работы прыняў так званую Канстытуцыю 3 мая 1791 г. Яна стала першай у Еўропе і другой ў свеце (пасля ЗША). Згодна з Канстытуцыяй пануючай рэлігіяй абвяшчалася каталіцкая, аднак прадстаўнікам іншых веравызнанняў гарантавалася свабода выканання абрадаў. За шляхтай захоўвалася пануючае становішча ў дзяржаве, аднак прынцып “ліберум вета” адмяняўся, забаранялася стварэнне канфедэрацый. У адпаведнасці з Канстытуцыяй мяшчане атрымоўвалі права асабістай недатыкальнасці, маглі прадстаўляць свае інтарэсы ў соймавых камісіях, займаць пасады ў дзяржаўных установах і судах. Тым самым канстытуцыйна замацоўваліся правы буржуазіі. Канстытуцыя 1791 г. ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на Польшчу і ВКЛ (цяпер дзяржава стала унітарнай). Каралеўская ўлада ўмацоўвалася, станавілася спадчыннай. Наступным каралём пасля смерці Станіслава Аўгуста павінен быў стаць яго пляменнік Юзаф Панятоўскі. Для Рэчы Паспалітай ствараліся адзіныя ўрад, адміністрацыйны апарат, судовая сістэма, войска. Як бачна, Канстытуцыя 3 мая 1791 г. закладвала аснову вывядзення Рэчы Паспалітай з палітычнага крызісу і ставіла яе на шлях буржуазнага развіцця. Разам з тым ініцыятары прагрэсіўных рашэнняў перабольшылі свае сілы. Унутры краіны Канстытуцыя 1791 г. мела шмат праціўнікаў у магнацкім асяроддзі і сярод шляхты. Далёка не ўсе правамоцныя жыхары ВКЛ былі згодны з фактычным скасаваннем самастойнасці Княства. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай выклікала вострае незадавальненне Расіі. У 1792 г. Расія ўвяла свае войскі ў Рэч Паспалітую. Праціўнікі рэформаў, якія абапіраліся на Расію, аб'ядналіся ў Таргавіцкую канфедэрацыю. Войска Рэчы Паспалітай не змагло супрацьстаяць аб'яднаным сілам Расіі і таргавічан. У 1793г. пачаліся расійска-прускія перагаворы, у ходзе якіх быў абвешчаны другі падзел Рэчы Паспалітай. Прусія атрымала Гданьск і Торунь разам з часткай Вялікапольшчы, да Расіі адышлі беларускія землі з гарадамі Менскам, Нясвіжам, Слуцкам, Пінскам, Мазыром. У верасні 1793 г. у Гродна па патрабаванні Прусіі і Расіі быў скліканы сойм, які павінен быў зацвердзіць другі падзел. Але дэпутаты, якія прыйшлі на пасяджэнне, адказалі поўным маўчаннем. Тады дэпутат Анковіч прамовіў: “Маўчанне – знак згоды”. Вось такім чынам быў “зацверджаны” дадзены дагавор. Другі падзел Рэчы Паспалітай паставіў яе на край гібелі. Гэта добра ўсведамлялі палітычныя сілы краіны. Адзіным выхадам з дадзенага становішча магло стаць паўстанне. Роля яго кіраўніка выпала ўраджэнцу маёнтка Марачоўшчына (ля мястэчка Косава на Брэшчыне) Тадэвушу Касцюшку. Будучы нацыянальны герой Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі належаў да старажытнага шляхецкага беларускага роду Касцюшкаў, які вядомы з 1458 г. Т. Касцюшка атрымаў адукацыю ў Варшаўскім кадэцкім корпусе, а пасля яго заканчэння на працягу трох гадоў вучыўся ў Парыжы. Прыхільнік рэвалюцыйных дэмакратычных ідэй, Касцюшка не знайшоў сабе службы ў Рэчы Паспалітай. У 1776 г. ён паехаў у Амерыку, каб ваяваць на баку рэспубліканцаў супраць англійскага каланіяльнага ўладарніцтва. У Амерыцы ваенны інжынер Касцюшка даслужыўся да звання брыгаднага генерала, зблізіўся з Дж. Вашынгтонам, сябраваў з Т. Джэферсанам. У сярэдзіне 1780-х Т. Касцюшка вярнуўся на Радзіму, каб уключыцца ў вызваленчую барацьбу. 24 сакавіка 1794 г. паўстанне пачалося ў Кракаве, а ў ноч з 22 на 23 красавіка 1794 г. быў атакаваны расійскі гарнізон у Вільні. Горад перайшоў у рукі паўстанцаў. Кіраўніком паўстання ў ВКЛ стаў палкоўнік, паэт, рэспубліканец па поглядах трыццацігадовы Якуб Ясінскі. Ім быў утвораны асобны ад Польшчы ўрад – Найвышэйшая літоўская рада. Найбольш значныя перамогі паўстанцы атрымалі пад Рацлавіцамі (4 красавіка) і Варшавай (18 красавіка). Разам з узброенай барацьбой паўстанцы ўжывалі партызанска-дыверсійныя формы. 1 чэрвеня 1794 г. Я. Ясінскі аддаў загад аб стварэнні атрадаў, якія павінны былі распачаць партызанскія дзеянні ў тыле рускага войска. Найбольш буйнымі рэйдамі ўглыб тэрыторыі Беларусі былі паходы Міхала Клеафаса Агінскага на Дынабург і Стафана Грабоўскага на Меншчыну. У выніку такіх дзеянняў царскае войска адступала. Каб прыцягнуць на свій бок сялянства, 7 мая 1794 г. Т. Касцюшка абвясціў “Паланецкі універсал”. Згодна з ім сяляне атрымлівалі асабістую свабоду, але без зямлі. Безумоўна, частка сялян у выніку падтрымала паўстанцаў. Гэта былі касінеры (сяляне, узброеныя косамі). Разам з тым спробы распаўсюдзіць паўстанцкі рух на тэрыторыі, якія раней увайшлі ў склад Расіі, поспеху не мелі. Да канца лета атрады Касцюшкі ўжо не вытрымлівалі ўдараў царскіх войскаў І. Ферзена і А. Суворава. У жніўні 1794 г. капітулявала Вільня. У верасні 1794 г. каля вёскі Крупчыцы пад Кобрынам пацярпелі паражэнне атрады К. Серакоўскага. Апошняя буйная бітва адбылася 10 кастрычніка пад Мацяёвіцамінедалёка ад Варшавы. Паўстанцы пацярпелі паражэнне, а Т. Касцюшка трапіў у палон. 4 лістапада А. Сувораў авалодаў Прагай – прадмесцем Варшавы. Пры яе абароне загінуў Я. Ясінскі. 6 лістапада 1794 г. капітулявала Варшава. У кастрычніку 1795 г. адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай. Прусія атрымала Кракаў, Аўстрыя – Сандамір, Хелм і Люблін. Да Расіі адыходзілі Літва, Курляндыя, заходняя частка Беларусі. 25 лістапада 1795 г. С. Панятоўскі адрокся ад прастола. Так завяршылася больш чым 200-гадовая гісторыя Рэчы Паспалітай.
4.7 Дзяржаўны лад, органы кіравання, судовая сістэма і войска ВКЛ Вялікае княства Літоўскае ад самага свайго пачатку з'яўлялася феадальнай манархіяй, якую ўзначальваў вялікі князь (гаспадар). Ён узначальваў усё кіраўніцтва дзяржавай, камандаваў узброенымі сіламі, з'яўляўся найвышэйшым суддзёй, заключаў міжнародныя пагадненні. Аднак улада вялікага князя не была абсалютнай, яна абмяжоўвалася паны-радай і соймам. У склад паны-радыўваходзіў вялікі князь, а таксама асобы, якія займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады з ліку буйных феадалаў і бліжэйшых родзічаў князя (ваяводы, кашталяны, старосты, гетман, канцлер, маршалак земскі, каталіцкія біскупы). Колькасць паноў-радных не была пастаяннай. Пры Гедыміне іх налічвалася прыкладна 20 чалавек, у XV – першай палове XVI ст. – 45 чалавек, а пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565 г., калі былі ўтвораны новыя ваяводствы і паветы, паноў-радных стала 65. Усе яны сядзелі на так званых лавіцах, ад першай да апошняй, у залежнасці ад займаемага ў грамадстве становішча. Паны-рада ў поўным складзе збіралася рэдка, толькі для вырашэння найважнейшых спраў, а ўсе бягучыя справы вялікі князь вырашаў з так званай праднейшай радай (“першай лавіцай”), у склад якой уваходзілі толькі пяць найбольш уплывовых асоб: віленскі біскуп, віленскія ваявода і кашталян, трокскія ваявода і кашталян. Гаспадарская рада была найбольш уплывовай ў пачатковы перыяд узнікнення і развіцця ВКЛ. У далейшым яе роля некалькі аслабла, таму што з'явіўся новы агульнадзяржаўны орган – вальны сойм. У яго склад уваходзілі вялікі князь, радныя паны і шляхта ўсіх зямель ВКЛ. Спачатку шляхта запрашалася на сойм пагалоўна, што выклікала залішнюю шматлюднасць. Каб пазбегнуць гэтага, Жыгімонт І Стары ў 1511 г. загадаў выбіраць па два прадстаўнікі ад кожнага павета для ўдзелу ў вальным сойме. Дэлегаты выбіраліся на павятовых сойміках, дзе збіралася ўся шляхта таго ці іншага павета і выпрацоўваліся інструкцыі паслам-дэпутатам. Соймы не толькі ўдзельнічалі ў выбранні вялікіх князёў, але і вырашалі ўсе найважнейшыя пытанні і справы адносна вайны і міру, арганізацыі абароны краіны, унутранай палітыкі, увядзення надзвычайных падаткаў, прыняцця законаў. Да сярэдзіны XVI ст. сойм пераўтварыўся ў важнейшы заканадаўчы і кантралюючы орган, пачаў выступаць у якасці феадальнага парламента. Соймавыя пасяджэнні адбываліся найчасцей у Вільні, аднак маглі збірацца таксама ў Берасці, Наваградку, Гародні. Пасля 1569 г. сістэма кіравання дзяржавай прыцярпела змяненні. Рэч Паспалітая была канстытуцыйнай, саслоўна-прадстаўнічай манархіяй на чале з выбарным каралём (які адначасова з'яўляўся і вялікім князем). Улада караля была вельмі абмежаванай, прычым настолькі, што самастойна ён не валодаў ні заканадаўчай, ні судовай, ні выканаўчай уладай. У сферы заканадаўства кароль меў права заканадаўчай ініцыятывы, канчатковага рэдагавання законаў, санкцыянаваў соймавыя пастановы. Наяўнасць Галоўнага Трыбунала Польшчы і ВКЛ рэзка абмяжоўвала судовую ўладу караля. Ён нават не меў права памілавання злачынцаў. Таксама кароль не мог распараджацца дзяржаўнай казной. Заканадаўчым органам быў двухпалатны парламент (вальны сойм), які складаўся з трох так званых “соймавых станаў”: караля, Сената (рады) і пасольскай ізбы. У Сенат уваходзілі найбольш знатныя свецкія і духоўныя феадалы (прыкладна 150 чалавек). Пасольская ізба складалася з дэпутатаў ад шляхецкіх павятовых соймікаў. Колькасць дэпутатаў пасольскай ізбы перавышала 200 чалавек. Вальныя соймы разглядалі і прымалі пастановы на асобных пасяджэннях Сената і пасольскай ізбы. На агульных пасяджэннях у выпадку супадзення пастаноў яны прымаліся і пасля зацвярджэння каралём набывалі сілу закона. Пастановы прымаліся адзінагалосна. Група дэпутатаў альбо адзін дэпутат маглі выкарыстаць ліберум вета (“не дазваляю”) і пастанова адмянялася. Улада манарха ў Рэчы Папспалітай была значна абмежавана “залатымі шляхецкімі вольнасцямі”. Шляхта Рэчы Паспалітай таксама магла аб'яўляць канфедэрацыі – палітычныя саюзы, якія ўтвараліся для рэалізацыі канкрэтных мэтаў. Яны ствараліся як для падтрымкі караля, так і для абвяшчэння адмовы падпарадкоўвацца каралю (так званыя рокашы). Асаблівасцю дзяржаўнага апарата ВКЛ з'яўлялася адсутнасць калегіяльных галіновых органаў кіравання, замест якіх была створана сістэма вышэйшых і мясцовых пасадаў. У сістэме вышэйшых службовых асобаў важная роля належала канцлеру, які з'яўляўся кіраўніком дзяржаўнай канцылярыі, захавальнікам вялікакняжацкай пячаткі, без якой ніводны нарматыўны акт не меў юрыдычнай сілы. Канцлер наглядаў за распрацоўкай нарматыўных актаў, сачыў за ўлікам усёй карэспандэнцыі, што паступала на імя вялікага князя. Таксама пад кантролем канцлера знаходзіўся дзяржаўны архіў – метрыка. Намеснікам канцлера быў падканцлер. Гетманз'яўляўся камандуючым узброенымі сіламі дзяржавы. Падскарбій быў захавальнікам дзяржаўнай казны. Ён ведаў прыбыткамі і выдаткамі, перадачай у арэнду дзяржаўнай маёмасці. Маршалак старшынстваваў на пасяджэннях паны-рады і сойма, сачыў за прыдворным этыкетам, кіраваў прыёмам замежных паслоў. У склад цэнтральнай княжацкай адміністрацыі ўваходзілі таксама вялікі харунжы, які насіў дзяржаўны сцяг на святочных мерапрыемствах, вялікі мечнік, вялікі лоўчы, вялікі кухмістр, вялікі стольнік, чашнік і іншыя службовыя асобы. Сістэма мясцовага кіравання ВКЛ мела доўгую эвалюцыю. Яна фарміравалася разам з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам дзяржавы. У адпаведнасці з рэформай 1565 г. беларускія землі ўваходзілі ў склад 8 ваяводстваў (Віленскага, Трокскага, Берасцейскага, Віцебскага, Менскага, Наваградскага, Мсціслаўскага, Полацкага) і 16 паветаў. Паветы складаліся з некалькіх валасцей (10-30 сёл). На чале ваяводства стаяў ваявода, які вырашаў гаспадарчыя, вайсковыя, судовыя пытанні на сваёй тэрыторыі. Прызначаліся ваяводы вялікім князем са згоды паноў-рады, абавязкова з ураджэнцаў ВКЛ. Намеснікамі ваяводы былі: падваявода (вёў справы канцылярыі), кашталян (кіраваў узброенымі сіламі галоўнага замка ваяводства), гараднічы (быў камендантам замка, адказваў за яго рамонт), ключнік (наглядаў за зборам падаткаў), ляснічы і лоўчы (кіравалі ляснымі промысламі і паляваннем), стайнік (ажыццяўляў нагляд за гадоўляй коней для войска і дзяржаўнай стайняй у ваяводстве). Кіраўнікамі адміністрацыі ў паветах былі старосты. Староста, як і ваявода, абавязаны быў сачыць за падтрыманнем правапарадку на падведамнай тэрыторыі, здзяйсняў нагляд за гаспадарчай дзейнасцю дзяржаўных маёткаў і за паступленнем у дзяржаўны скарб прыбыткаў. У паветах захоўваліся старажытныя пасады ключніка, стайніка, гараднічага, ляснічага, а таксакма харунжага – павятовага сцяганосца, які ведаў улікам і зборам усіх ваеннаабавязаных людзей павета ў выпадку ваеннай небяспекі. Павятовы маршалак старшынстваваў на пасяджэннях павятовага сойміка. Ніжэйшым звяном у сістэме органаў мясцовага дзяржаўнага кіравання былі кіраўнікі дзяржаўнымі і вялікакняжацкімі маёнткамі – дзяржаўцы, якія ў больш старажытны час называліся цівунамі. Дзяржаўцы неслі адказнасць за сваю дзейнасць непасрэдна перад цэнтральнай уладай. Свая сістэма ўпраўлення існавала ў гарадах з самакіраваннем (магдэбургскім правам). Органам самакіравання лічыўся гарадскі магістрат, які аб'ядноўваў раду (распарадчы орган) і лаву (суд). Галавой магістрата і адпаведна горада з'яўляўся войт. Ён звычайна прызначаўся цэнтральнай адміністрацыяй. Войт сачыў за падтрыманнем парадку ў горадзе, зборам сродкаў у дзяржаўную казну, здзяйсняў правасуддзе. Яго намеснікам быў лентвойт. Гарадская рада ў большасці беларускіх гарадоў складалася з 6 – 20 радцаў, якія абіраліся мяшчанамі. На чале рады стаялі бурмістры. Яны займаліся рашэннем бягучых спраў гарадскога кіравання, ведалі пытаннямі гандлю, рамёстваў, гарадскога добраўпарадкавання, клапаціліся пра стан гарадскіх абарончых збудаванняў. У склад гарадской лавы ўваходзілі лаўнікі, абраныя мяшчанамі, а ўзначальваў лаву войт. Суд, які працаваў у гарадах з Магдэбургскім правам, называўся войтаўска-лаўніцкім. Некаторыя тэрыторыі ВКЛ мелі значную адасобленнасць ад цэнтра. Гэта былі так званыя землі “прыслухоўваючыя”. Да іх ліку адносіліся: Смаленская, Віцебская, Полацкая землі, Падляшша, Валынь, Падолле, Кіеўшчына, Чарнігава-Северская зямля і Жамойція. Тут захоўваліся мясцовыя старажытныя органы дзяржаўнага кіравання. Вялікі князь, прызначаючы службовых асоб у гэтыя землі, павінен быў улічваць настроі мясцовай знаці. Прычым гэта была не адзіная ўступка мясцовым феадалам. Прывілеі вялікіх князёў абмяжоўвалі ваяводаў “прыслухоўваючых” земляў у судовай уладзе. На ваяводскім судзе была абавязковай прысутнасць мясцовых баяр. Да таго ж усе пасады ў дадзеных ваяводствах маглі займаць толькі ўраджэнцы гэтых зямель. Паступова развівалася і ўдасканальвалася судовая сістэма ВКЛ. Вышэйшай судовай інстанцыяй з'яўляўся вялікакняжацкі (гаспадарскі) суд. На гэты суд ускладалася задача апеляцыйнага перагляду спраў. Тут разглядаліся справы аб дзяржаўных злачынствах, аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя, па скаргах на злоўжыванні ўладай вышэйшых службовых асоб. У выпадку адсутнасці вялікага князя або па яго даручэнні маглі працаваць суды паноў-рады і сойма. Судовая ўлада вялікага князя была значна абмежавана заснаваным у 1581 г. Галоўным судом(Трыбуналам)ВКЛ. Ён складаўся з суддзяў, якія штогод абіраліся на павятовых сойміках з ліку мясцовай шляхты. Ад кожнага павета абіралася па два суддзі. Рашэнні Галоўнага суда былі канчатковымі і абскарджанню не падлягалі. У сістэме мясцовых судоў найбольш старажытным быў замкавы (гродскі) суд. Судовыя пасяджэнні адбываліся ў замку (“гродзе”). Суд з'яўляўся агульнасаслоўным і тут разглядаліся пераважна крымінальныя справы. Прававыя іскі шляхты, што мела ў павеце свае землі, разглядаў земскі павятовы. У ім жа вырашаліся крымінальныя справы шляхты, за выключэннем спраў, падсудных гродскаму суду. Падкаморскі суд разглядаў зямельныя і межавыя спрэчкі феадалаў. Справы ў дадзеным судзе разглядаліся суддзёй-падкаморыем з удзелам зацікаўленых бакоў. Падкаморый выязджаў на месца, рабіў абмер спрэчных зямель, знаёміўся з доказамі, якія павінны былі прадставіць бакі, пры неабходнасці апытваў сведак. Як правіла, пад кіраўніцтвам падкаморыя ўстанаўліваліся спецыяльныя межавыя знакі. Судовыя паўнамоцтвы знаходзіліся таксама ў руках ваяводы. Ваяводскі суд разглядаў справы шляхты, што трымала маёнткі ў вялікакняжацкіх землях, мяшчан тых гарадоў, што не мелі магдэбургскага права, а таксама дзяржаўных сялян. Прыватнаўласніцкіх і царкоўных сялян судзілі самі землеўласнікі на вотчынным судзе. Для вотчыннага суда не было ўсталявана ніякіх працэсуальных правілаў. Існавала толькі абмежаванне, што справы, па якім прадугледжвалася ў якасці пакарання смяротная кара, павінны былі разглядацца замкавым судом. Працяглы час на тэрыторыі Беларусі дзейнічаў старажытны копны суд. У ім правасуддзе здзяйснялі простыя людзі ў адносінах да іншых простых людзей. Капа збіралася на вызначаных месцах. Рашэнні гэтага суда выконваліся адразу і абскарджанню не падлягалі. Паступова дзейнасць копных судоў абмяжоўвалася. Стала абавязковай прысутнасць на капе прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі. Рашэнні копных судоў маглі быць скасаваныя ваяводам ці старостам. Усе названыя судовыя інстанцыі абапіраліся ў сваёй дзейнасці на дзяржаўнае заканадаўства. Спачатку аснову права ВКЛ складалі нормы так званага звычаёвага права (якое існавала пераважна ў непісаным выглядзе і засноўвалася на існуючых прававых звычаях). Першапачаткова звычаёвае права ўсходніх славян было зафіксавана ў міжнародных пагадненнях і так званай “Рускай праўдзе”. Рэдакцыямі апошняй актыўна карысталіся і ў ВКЛ. Першым агульнадзяржаўным прававым актам, якім сталі кіравацца ўсе судовыя органы ў ВКЛ стаў Судзебнік Казіміра, створаны ў 1468 г. Акрамя таго, прававыя нормы замацоўваліся ў княжацкіх прывілеях і граматах, пастановах соймах. У XVI ст. новым у праве ВКЛ стала з'яўленне Статутаў, якія аб'ядноўвалі нормы розных галін права і сталі галоўным юрыдычным дакументам у ВКЛ. Вядомы тры рэдакцыі Статута: 1529, 1566, 1588 гг. Апошні з іх дзейнічаў на Беларусі да 1840 г. Для свайго часу гэта быў перадавы помнік заканадаўства, бо тут была сфармулявана ідэя прававой дзяржавы, вызначана роўнасць усіх грамадзян перад законам. Разам з тым нельга забываць, што гэта было заканадаўства феадальнага грамадства. Тут вызначалася прывілеяванае становішча шляхты, прыніжанае становішча “люду простага”. Пакаранні за злачынства былі балючыя і жудасныя – адсячэнне рукі, адразанне вуха, носа. Напрыклад, хто ўкраў мёд, таму ўспарвалі жывот, выцягвалі кішкі і намотвалі іх на дрэва ці на слуп. Войска ВКЛ да канца XVI ст. уяўляла сабой ўсеагульнае апалчэнне – паспалітае рушанне. Па заканадаўству ВКЛ ваеннаабавязанымі былі ўсе мужчыны, якія мелі ва ўласнасці зямлю. Са сваіх зямельных уладанняў шляхціц павінен быў выставіць добра ўзброенага і навучанага для вайсковай службы жаўнера: аднаго ад 8 службаў (адна служба – гэта два сялянскіх двара). Рашэнне па зборы паспалітага рушання прымаў вальны сойм. У кожным павеце збіралася свая харугва (полк) на чале з харунжым. Харугвы злучаліся на ўзроўні ваяводства на чале з кашталянам. З ваяводстваў войска рухалася да месца агульнага збору, дзе гетман прымаў яго пад сваю каманду. Толькі ў XVIІ – XVIІІ стст. войска ВКЛ стала наёмным прафесійным. Баявой адзінкай у войску было кап'ё: вершнік, збраяносец-парабак і лучнік. Воіны былі ўзброены агнястрэльнай зброяй: ручніцамі, аркебузамі, халоднай зброяй – мячамі, кордамі, шаблямі, шпагамі, а таксама лукамі, тарчамі (лёгкімі шчытамі). У XVI ст. войска ВКЛ славілася сваёй артылерыяй. Многія гарматы мелі непаўторныя назвы – “салавейкі”, “спявачкі”. У Нясвіжы была адліта гармата “Гідра”, якая мела форму калоны грэчаскага стылю. Гармату ўпрыгожвала выява пяцігаловай гідры. Форму васьміграннага слупа мела гармата з назвай “Сава”, на якой быў надпіс-папярэджанне: “Дзе Сава-знішчальнік – там абвяшчаецца смерць”. 4.8 Сацыяльна-эканамічнае развіццё Вялікага Княства Літоўскага ў ХІV – ХVІІІ ст. У разглядаемы перыяд на беларускіх землях працягваўся працэс фарміравання і ўсталявання феадальных адносін, а гэта значыць галоўным сродкам вытворчасці была зямля. Буйнейшым уласнікам зямлі была дзяржава ў асобе вялікага князя (гаспадара). Прыкладна да сярэдзіны XVI ст. дакладнага падзелу гаспадарскіх уладанняў на дзяржаўныя і асабістыя вялікага князя не было. Вялікі князь літоўскі стаяў на чале іерархічнай піраміды, што складалася з свецкіх і духоўных феадалаў. Свецкімі феадаламі з'яўляліся воіны, якіх спачатку называлі баярамі, а з канца XIV ст., пад польскім уплывам – зямянамі і шляхціцамі. Нашчадкі Рурыкавічаў і Гедымінавічаў звычайна захоўвалі тытул “князь”. Тыя шляхціцы, якія займалі высокія дзяржаўныя пасады, мелі сваіх васалаў сталі называцца “панамі” (з сярэдзіны XVI ст. гэты тытул стаў абазначаць усіх шляхціцаў, што мелі прыгонных сялян). Духоўнымі феадаламі з'яўляліся іерархі, а таксама епіскапствы, цэрквы, манастыры як праваслаўныя так і каталіцкія. Увогуле феадальнае грамадства падзялялася на саслоўі (станы) – сацыяльныя супольнасці, прадстаўнікі якіх валодалі аднолькавымі правамі і абавязкамі. У ВКЛ сфарміраваліся два прывілеяваныя станы-саслоўі: шляхта і духавенства, і два непрывілеяваныя – мяшчане і сяляне. Прывілеяваны статус шляхты быў абумоўлены яе выключным правам на валоданне зямлёй. Характэрнай прыметай прыналежнасці да яго з'яўлялася абавязковае выкананне ваеннай службы. Занятак рамяством ці гандлем лічыўся для шляхціца ганьбай і меў для яго вынікам згубу шляхецтва. Юрыдычна ўсе прадстаўнікі шляхецкага саслоўя лічыліся роўнымі паміж сабой, але ў маёмасных адносінах розніліся. Самыя багатыя называліся магнатамі, а беззямельныя – галотай. У XVI-XVIIІ стст. шляхецкае саслоўе налічвала 8-10% насельніцтва ВКЛ. Да шляхты па юрыдычнаму становішчу прымыкала духавенства. Аднак прадстаўнікі духавенства розных цэркваў (праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай, уніяцкай) у розныя часы мелі неаднолькавае становішча. Жыхары гарадоў з другой паловы XV ст. называліся мяшчанамі. У маёмасных адносінах мяшчанства падзялялася на тры асноўныя пласты. Вышэйшы пласт складалі вярхі гарадской адміністрацыі, буйныя гандляры, сярэдні – рамесныя майстры, служачыя магістрата. На ніжэйшай ступені ў гарадах знаходзіліся “каморнікі”, “лёзныя”, “гультаі”, “парабкі” – гарадскія нізы. Афармленне сялянства ў асобнае саслоўе ў ВКЛ адбылося да сярэдзіны XVI ст., калі асноўная маса сялян была запрыгонена і ліквідаваны юрыдычныя адрозненні ў становішчы розных груп сялян. Самай гаротнай часткай сялян былі халупнікі і кутнікі. Халупнікі мелі толькі хату, а кутнікі, ці яшчэ іх звалі каморнікі, нават і ўласнай хаты не мелі, а туліліся ў кутках (каморках) хат багатых сялян. Феадалы яшчэ з часоў старажытнай Русі для забеспячэння асабістых патрэб у сельскагаспадарчай прадукцыі стваралі гаспадаркі ў сваіх “дварах” – адміністрацыйна-гаспадарчых цэнтрах маёнткаў. Прыкладна да сярэдзіны XV ст. панская гаспадарка насіла натуральны характар. Асноўным вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі было сялянства. Кожная сялянская сям'я звычайна мела ў карыстанні зямельны надзел. Такую сялянскую гаспадарку называлі “дымам”. Сяляне аднаго сяла ўтваралі абшчыну (“грамаду”). Некалькі суседніх абшчын – воласць. Важнейшымі заняткамі сялян з'яўляліся земляробства і жывёлагадоўля. У XІV-XVI стст. на большай частцы Беларусі пашыраўся трохпольны севазварот. У якасці цяглавай сілы выкарыстоўваліся коні і валы. Асноўнымі прыладамі земляробства былі драўляная двухзубая саха, на рабочыя часткі якой насаджваліся жалезныя нарогі (наканечнікі), і драўляная барана. Убіралі ўраджай сярпамі, касой-гарбушай, снапы малацілі драўлянымі цапамі. Зерне малолі ў ручных жорнах. З канца XV ст. на Беларусі пачалі распаўсюджвацца ветракі. Сярод збожжавых культур па-ранейшаму першае месца належала жыту. Сеялі таксама пшаніцу, ячмень, авёс, проса, боб, гарох, лён, каноплі. У гаспадарках расло пагалоўе жывёлы, павялічвалася колькасць свойскай птушкі. За карыстанне зямлёй сяляне неслі на карысць феадала шматлікія павіннасці. Прыкладна да канца XV ст. пераважнай формай зямельнай рэнты была натуральная даніна. З сярэдзіны XV ст., у сувязі з развіццём таварна-грашовых адносін, даніна паступова выцясняецца паншчынай і чыншам. Акрамя асноўных павіннасцей сяляне выконвалі дадатковыя павіннасці. Паводле той ці іншай галоўнай павіннасці вылучаліся даннікі (плацілі натуральную даніну ці “дзякла”), асадныя сяляне ці чыншавікі (плацілі грашыма чынш) і цяглыя (адпрацоўвалі паншчыну). Найбольш прывілеяванай катэгорыяй былі сяляне-слугі, галоўнай павіннасцю якіх былі службы, што патрабавалі спецыяльных навыкаў. З другой паловы XV ст. на Беларусі ішоў працэс пераўтварэння гаспадарак феадалаў у фальваркі. Гэта дом і гаспадарка феадала, прадукцыя якой была скіравана на продаж, гэта значыць мела таварны характар. Стварэнне фальваркаў было выклікана, галоўным чынам, павелічэннем попыту на збожжа на замежных рынках. У сувязі з тым, што ў гэты час вялікія зямельныя абшары ў Заходняй Еўропе былі заняты пад гадоўлю авечак і развядзенне вінаграднай лазы, запашка пад збожжавыя культуры рэзка скарацілася. У выніку кошт жыта на працягу першай паловы XVI ст. вырас у пяць разоў, што зрабіла гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй вельмі прыбытковым. Ужо з пачатку XVI ст. у тых рэгіёнах, што знаходзіліся ў басейнах сплаўных рэк Заходні Буг і Нёман і на прылеглых тэрыторыях, фальваркі атрымалі значнае распаўсюджанне. Пад фальваркі адбіраліся найбольш урадлівыя землі. Гэта феадаламі рабілася, каб як мага больш вывезці зерня за мяжу і ўзбагаціцца. Фальваркавая гаспадарка засноўвалася на працы залежных сялян. Больш чым паўвекавая практыка дзейнасці фальваркавай гаспадаркі пераканала феадалаў у яе прыбытковасці. У 1557 г. Жыгімонт Аўгуст выдаў дакумент – “Устава на валокі”. У ім выкладалася сутнасць аграрнай рэформы, якая атрымала назву “валочная памера”. Мэтай рэформы было павелічэнне прыбытковасці дзяржаўнай гаспадаркі. Рэформа адразу пачалася толькі ў дзяржаўных маёнтках, аднак у хуткім часе яе сталі праводзіць таксама свецкія і царкоўныя феадалы. Асноўным напрамкам “валочнай памеры” было ўпарадкаванне сялянскага землекарыстання. Рэформай уводзілася адзіная стандартная зямельная меру да якой дакладна вызначаліся падаткі і павіннасці. Такой мерай стала валока, роўная 21,36 га. На валокі разбівалася ўся зямля маёнтка, і тая, якая адыходзіла непасрэдна пад фальваркі, і тая, якой карысталіся сяляне. Кожная сялянская сям'я мела права атрымаць валоку зямлі, аднак часцей валоку бралі дзве сям'і. Галоўнай павіннасцю з цяглай валокі была паншчына (“цягла”) па два дні ў тыдзень. Галоўнай павіннасцю з асаднай валокі быў чынш (“асада”), які складаў 52 грошы з валокі ў год. У ходзе рэформы складаліся інвентары – дакументы, у якіх вызначаліся памеры сялянскіх надзелаў і нормы павіннасцей. Як паказаў час, увядзенне валокі ў якасці зямельнай меры і адзінкі абкладання сялян дазволіла феадалам значна павялічыць прыбытковасць сваіх маёнткаў за кошт павелічэння эксплуатацыі беларускага сялянства. Правядзенне аграрнай рэформы прывяло да таго, што абшчыннае землекарыстанне на захадзе Беларусі было заменена падворным. Цяпер кожны сялянскі двор вымушаны быў самастойна вырашаць, колькі зямлі браць для апрацоўкі, і адпаведна колькі павіннасцей потым выконваць. На ўсходзе Беларусі аграрная рэформа 1557 г. мела свае асаблівасці. Па-першае, з-за памежнага становішча з Расіяй і кепскай урадлівасці зямлі у рэгіёне фальваркаў было створана мала. З гэтай прычыны асноўным вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі з'яўлялася сялянская гаспадарка, якая пераводзілася з даніны на чынш. Па-другое, у адрозненне ад заходніх рэгіёнаў захоўваліся абшчыннае землекарыстанне і кругавая парука. Развіццё фальваркава-паншчыннай сістэмы паскорыла працэс прымацавання сялян да зямлі. Безумоўна, памешчыкам было патрэбна, каб сяляне пастаянна працавалі ў фальварку і кантракты з заходнееўрапейскімі гарадамі не зрываліся. У Беларусі прыгонніцтва прасочваецца па гістарычных крыніцах з сярэдзіны XV ст. Па характары асабістай залежнасці з гэтага часу вылучаліся “людзі пахожыя” (маглі пераходзіць ад аднаго гаспадара да другога) і “людзі непахожыя”. У гэты ж час ішоў працэс запрыгоньвання. Пачатак заканадаўчаму афармленню прыгоннага права паклаў прывілей Казіміра 1447 г. Прывілей абавязваў феадалаў не прымаць да сябе збеглых залежных сялян. Таксама феадалы атрымалі права самастойна судзіць сваіх сялян (уведзены вотчынны суд). Судзебнік 1468 г. прадугледжваў пакаранне за дапамогу пры ўцёках залежных людзей ад феадалаў. У XVI ст. працэс запрыгоньвання завяршыўся. Статут 1566 г. устанаўліваў 10-гадовы, а Статут 1588 г. – 20-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян. Такім чынам, паступова аформілася адзіная ў прававым становішчы катэгорыя прыгонных сялян, якіх можна было прадаваць, абменьваць, аддаваць у залог. Гэта была найбольш суровая форма прыгоннага права, якая праіснавала амаль 300 гадоў. З XVI ст. распаўсюдзілася практыка здачы феадальных маёнткаў у арэнду на вызначаны тэрмін (ад 1 да 5 год). Часовых арандатараў асабліва не цікавіла, як развіваецца сялянская гаспадарка. За кароткі тэрмін свайго гаспадарання яны імкнуліся “выцягнуць” як мага больш грошай з падуладных сялян. Адсюль – павышэнне норм павіннасцей. Менавіта супраць злоўжыванняў і свавольстваў арандатараў часцей за ўсё вялі барацьбу сяляне. Самымі распаўсюджанымі формамі пратэсту сялян былі скаргі на арандатараў, адмова ад выканання павіннасцей, парубкі лесу, патравы пасеваў і сенажацей, забойствы панскіх слуг. Адкрытым супраціўленнем эксплуатацыі былі ўцёкі прыгонных. Сярод паўстанняў найбольш буйнымі на Беларусі былі выступленні Севярына Налівайкі (1595 г.). У XVIІ – пачатку XVIІІ ст. эканоміка Беларусі не раз цярпела разбурэнні ў выніку ваенных падзей. Аднаўленне гаспадаркі пачалося толькі ў 1720-я гг. Каб атрымаць добры прыбытак з фальваркаў, феадалы павінны былі ў першую чаргу ўмацаваць сялянскую гаспадарку. У выніку сялянам рабілася саступка, якая заключалася ў надзяленні іх “прыёмнымі” землямі. Па меры ўмацавання сялянскай гаспадаркі раслі феадальныя павіннасці. Вялізарныя павіннасці і сацыяльная безабароннасць прымушалі сялян у крайніх выпадках хапацца за зброю і абараняць свой гонар і дабрабыт. У Беларусі ў XVIII ст. адбыліся два буйныя сялянскія выступленні, якія можна прыраўняць да паўстанняў, – Крычаўскае і Камянецкае. На чале Крычаўскага паўстання стаяў беларускі селянін Васіль Вашчыла. У маі1740 г.Васіль Вашчыла ўзначаліў першы ўзброены сялянскі атрад, які пачаў баявыя дзеянні супраць арандатарскіх наймітаў і здабыў поспехі ў барацьбе з упэўненым у сваёй непераможнасці шляхецкім злучэннем. Паўстанцы ўзялі ўладу ў свае рукі. Князь Геранім Фларыян Радзівіл, каб задушыць паўстанне, накіраваў на Крычаўшчыну войска са сваёй слуцкай рэзідэнцыі. Войска без відавочных страт адбіла атакі паўстанцаў і адкінула іх ад Крычава за Сож. У хуткім часе войска Радзівіла канчаткова расправілася з сялянскімі фарміраваннямі. Праз дзесяць гадоў пасля Крычаўскага пачалося паўстанне сялян ва ўладанні каталіцкай царквы Каменьшчына Мазырскага павета. Ажыўленне эканамічнага развіцця беларускіх земляў, якое адбывалася па меры фарміравання ВКЛ, знайшло адлюстраванне ў жыцці гарадоў. На працягу ХІІІ – першай паловы XVI ст. на тэрыторыі Беларусі было каля 40 гарадоў. Асабліва значнай была роля такіх гарадоў, як Полацк, Віцебск, Брэст, Наваградак, Мінск, Слуцк. Гарадское насельніцтва расло галоўным чынам за кошт сялян, але дакладных дадзеных аб яго агульнай колькасці няма. Найбуйнейшым горадам на Беларусі быў Полацк (больш 10 тысяч чалавек). У параўнанні з ім насельніцтва Мінска, Гродна, Наваградка магло складаць толькі каля 4 тысяч чалавек. У гэты ж час на Беларусі пачалі ўзнікаць мястэчкі – невялікія пасяленні гарадскога тыпу, якія ў асноўным належалі магнатам. У XVI ст. у ВКЛ адбываўся значны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва (урбанізацыя). Так, калі на 1500 г. у Княстве налічвалася 83 гарадскіх паселішча, то на 1600 г. – 387. Разам з тым большасць гарадскіх паселішчаў заставаліся невялікімі. Асноўнымі заняткамі гарадскога насельніцтва па-ранейшаму былі рамяство і гандаль. Рамеснікі адной спецыяльнасці аб'ядноўваліся ў цэхі. Першае ўзгадванне аб іх ёсць у вялікакняжацкай грамаце Мінску ад 1552 г. Цэхі з'яўляліся своеасаблівымі манапалізаванымі структурамі рамеснікаў пэўнай прафесіі, якія дапамагалі арганізаваць збыт прадукцыі, вызначыць цану, а таксама пазбегнуць канкурэнцыі з боку “партачоў”(нецэхавых майстроў). Каб дабіцца у цэху высокага звання майстра, трэба было на працягу некалькіх гадоў прайсці школу вучня(“хлопца”), затым падмайстра (“чалядніка”). Толькі пасля гэтага здаваўся экзамен на майстра. Для праверкі ступені валодання сваім рамяством прэтэндэнт на майстра павінны быў зрабіць “штуку”. З умацаваннем і паступовай цэнтралізацыяй ВКЛ паступова фарміруецца агульнадзяржаўны ўнутраны рынак ВКЛ. Рынкі гарадоў усё больш трывала звязвалі паміж сабою ўсе рэгіёны Княства. Гэтую сувязь забяспечвалі гарадскія гандляры, якіх у той час называлі “прасоламі”. Ва ўсіх гарадах і мястэчках у вызначаныя дні, звычайна раз–два за тыдзень, адбываліся таргі. Для іх правядзення былі адведзены спецыяльныя месцы – рынкі. Разам з унутраным гандлем у ВКЛ актыўна развіваўся і знешні, якім займаліся багатыя вярхі гарадскога купецтва. Іх называлі “гасцямі”. Так беларускія гандляры куплялі ў Кракаве, Любліне, Гнезна, Познані вялікімі партыямі сукно, палотны, жалеза, свінец, волава і прадавалі іх у беларускіх гарадах. На знешнім рынку беларускія купцы пераважна прадавалі вырабы мясцовага рамяства. Таксама ў Заходнюю Еўропу, Польшчу, Прыбалтыку і рускія гарады трапляла прадукцыя сельскай і лясной гаспадаркі: жыта, пшаніца, смала, каноплі, мёд, воск, сала, футры, сырыя і вырабленыя скуры, мыла, паташ (драўляны попел), драўніна. Як бачна гарады станавіліся цэнтрамі фарміравання новых сацыяльна-эканамічых адносін, якія хоць і не выходзілі за межы феадальнага ладу, усё ж не ўкладваліся ў яго традыцыі. У выніку гарадское насельніцтва стала ставіць перад дзяржавай пытанне аб пашырэнні сваіх правоў. З гэтай прычыны апошнія атрымалі права на самакіраванне, вядомае як магдэбургскае права. Першай грамату на самакіраванне атрымала Вільня (1387 г.), потым Берасце (1390 г.). У XV ст. магдэбургскае права было нададзена яшчэ некалькім беларускім гарадам – Слуцку (1441 г.), Гародні (1496 г.), Полацку (1498 г.) і Менску (1499 г.). У XVІ ст. магдэбургскае права атрымаў і Віцебск (1597 г.), які, праўда, яшчэ з 1561 г. меў уласнае гарадское права, заснаванае на мясцовай прававой традыцыі. Гэта была адзіная сістэма гарадскога права славянскага паходжання, якая дзейнічала на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў эпоху позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу. Сімвалам горада з магдэбургскім правам з'яўлялася ратуша, у якой размяшчаўся гарадскі магістрат. Аднак квітнеючыя беларускія гарады XVI – пачатку XVII ст. увайшлі ў другую палову XVII – XVIIIст. у стане страшэннага разбурэння. Сведчаннем таму сумныя лічбы. На 50 – 70 % былі разбураны гарадскія пасяленні Менскага, Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага ваяводстваў. Некаторыя населеныя пункты практычна былі зруйнаваны з зямлёй. Так, калі да пачатку ваенных дзеянняў другой Паўночнай вайны ў Крычаве мела жыхарства 500 сем'яў, то пасля засталося каля 20. У XVIII ст. побач з рамеснай пачала фарміравацца мануфактурная арганізацыя вытворчасці.Мануфактурамі называлі прадпрыемствы, заснаваныя на ручной працы і шырокім яе падзеле. Мануфактуры ўзнікалі, перш за ўсё, у малых гарадах і мястэчках, бліжэй да крыніц сыравіны. Да таго ж у буйных гарадах значную канкурэнцыю ім складалі цэхі. Першыя мануфактуры з'явіліся ў 10 – 30-х гг. XVIII ст. Гэта Налібоцкая і Урэцкая шкляныя мануфактуры, Свержаньская фаянсавая. Шырокую вядомасць набыла Слуцкая мануфактуры шаўковых паясоў, якія належалі Радзівілам. У прадмесцях Гародні дзейнічалі створаныя Антоніем Тызенгаўзам суконная, баваўняная, палатняная, карункавая, панчошная, капялюшная, карэтная, аружэйная і іншыя дзяржаўныя мануфактуры. Усяго на 53 мануфактурах было занята 2400 рабочых. Тым самым, калі у другой палове XVII – першай палове XVIII ст. беларускі горад перажываў заняпад у сваім развіцці. Звязаны ён быў з разбурэннямі і нястачамі ваеннага ліхалецця. Але ў другой палове XVIII ст. гаспадарчае жыццё горада аднавілася.
4.9 Царква і рэлігія ў Вялікім Княстве Літоўскім. Рэфармацыя. Контррэфармацыя. Берасцейская царкоўная унія Праваслаўная царква ў ВКЛ з'яўлялася адной з асноўных хрысціянскіх канфесій. Яна пачала сваю дзейнасць на ўсходнеславянскіх землях яшчэ з часоў Старажытнай Русі. Пануючае становішча за праваслаўнай царквой на беларускіх землях захоўвалася і ў другой палове ХІІІ – XIV ст. Праўда, яе арганізацыйна-іерархічная падначаленасць змянілася, таму што кіеўскі мітрапаліт у XIV ст. зрабіў сваёй рэзідэнцыяй Уладзімір, а потым Маскву. У выніку Масква стала рэлігійным цэнтрам усіх усходнеславянскіх зямель, у тым ліку і тых, што ўваходзілі ў склад ВКЛ. Гэта магло садзейнічаць ўмацаванню ўплыву Масквы ў Літве не толькі ў рэлігійных пытаннях, але і ў палітычных. Каб пазбегнуць уплыву з боку Масквы, вялікія князі рабілі спробы стварэння асобнай царкоўнай арганізацыі на землях ВКЛ. Ужо ў часы праўлення Гедыміна была створана Літоўская праваслаўная мітраполія з цэнтрам у Наваградку. Пры Альгердзе з 1355 г. літоўскім мітрапалітам з'яўляўся Раман. Пасля яго смерці асобныя мітрапаліты ў ВКЛ не прызначаліся. Толькі ў 1415 г. пры Вітаўце ў Наваградку адбыўся царкоўны сабор, які прызнаў новым мітрапалітам Рыгора Цамблака. Канчатковае адасабленне праваслаўнай царкоўнай арганізацыі ВКЛ ад маскоўскай адбылося ў 1458 г. З гэтага часу на ўсходнеславянскіх землях сталі дзейнічаць дзве асноўныя арганізацыі праваслаўнай царквы, з якіх адна захоўвала традыцыйнцю назву – “мітраполія Кіеўская і ўсяе Русі”, а другая стала называцца мітраполія “Масквы і ўсяе Русі”. Тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў склад Полацкай, Турава-Пінскай, часткова мітрапаліцкай, Уладзіміра-Берасцейскай, Смаленскай і Чарнігаўскай епархій. Ніжэйшым структурным элементам праваслаўнай царкоўнай арганізацыі з'яўляўся прыход з мясцовым храмам. Праваслаўная царква адыгрывала значную ролю ў грамадскім жыцці ВКЛ. Да прыкладу, полацкія архіепіскапы ўваходзілі ў савет полацкага князя, прысутнічалі на з'ездах мясцовай знаці, падпісвалі дагаворы з іншымі княствамі. Вялікую ролю адыгрывала царква ў духоўным жыцці: захаванні і пераемнасці культурнай спадчыны, пашырэнні кніжнай справы і асветы, развіцці мастацтва. Духоўныя дзеячы актыўна займаліся летапісаннем, палемічнай і літургічнай пісьменнасцю. У XV – XVІ стст. праваслаўная царква вяла барацьбу супраць пашырэння ўплыву каталіцкай царквы ў ВКЛ. Пачынаючы з Ягайлы, праваслаўнае духавенства паступова стала губляць свае пазіцыі ў дзяржаве. Але, улічваючы, што большасць насельніцтва ВКЛ складалі праваслаўныя, вялікія князі да сярэдзіны XVІ ст. у дачыненні да царквы праводзілі адносна талерантную палітыку. Становішча праваслаўя значна пагоршылася пасля Берасцейскай уніі 1596 г. Большасць епіскапаў на чале з мітрапалітам перайшлі ва уніяцтва. У адрозненні ад праваслаўя распаўсюджанне каталіцтва на Беларусі пачалося значна пазней – у пачатку ХІІІ ст. Тады насадзіць каталіцызм на тэрыторыі Беларусі імкнуліся самыя разнастайныя сілы – Лівонскі ордэн, Польскае каралеўства і сам Ватыкан. У сярэдзіне ХІІІ ст. па палітычных матывах каталіцтва прыняў князь Міндоўг. Разам з тым ваенна-палітычная барацьба з крыжакамі доўгі час перашкаджала распаўсюджанню і афіцыйнаму зацвярджэнню ў ВКЛ каталіцызму як дзяржаўнай рэлігіі. Рэлігійнае становішча ў ВКЛ змянілася пасля Крэўскай уніі. Гэтая унія з'явілася своеасаблівай мяжой у гісторыі распаўсюджвання каталіцызму на тэрыторыі Беларусі. Пасля Крэўскай уніі падтрымліваць каталіцкую веру пачала сама вярхоўная ўлада, і каталіцтва набыло статус дзяржаўнай рэлігіі. У адпаведнасці з прывілеем Ягайлы феадалы-католікі атрымлівалі неабмежаваныя правы валодання і распараджэння сваімі вотчынамі, а таксама вызвалялася ад выканання шэрагу дзяржаўных павіннасцей. Пры падтрымцы вярхоўнай улады пачала стварацца арганізацыйная структура каталіцкай царквы. У 1387 г. была створана Віленскае каталіцкае біскупства, якое ахапіла амаль усю тэрыторыю Беларусі. Хутка расла зямельная ўласнасць каталіцкай царквы. Віленскае біскупства ў сярэдзіне XVІ ст. значна пераўзыходзіла ўладанні ўсіх праваслаўных епархій ВКЛ. З канца XІV ст. на Беларусі і ў Літве з'явіліся каталіцкія манаскія ордэны, непасрэдна падначаленыя папе рымскаму. Гэта былі ў асноўным “жабрацкія” ордэны францысканцаў (Ліда, Ашмяны, Пінск), аўгусцінцаў (Берасце), бернардзінцаў(Полацк). Іх з'яўленне таксама сведчыла пра распаўсюджанне каталіцызму ў ВКЛ. У 1517 г. у Заходняй Еўропе пачалася Рэфармацыя, якая хутка набыла сапраўдны размах. Рэфарматары выступалі за аднаўленне чысціні хрысціянскай рэлігійнасці, перабудову царквы, лічылі, што асновай сапраўднай веры з'яўляецца толькі Біблія. Рэфарматары выступалі супраць гандлю індульгенцыямі (граматамі, якія адпускаюць грахі), усеўладдзя і разбэшчанасці каталіцкй царквы, пышнай абраднасці, царкоўнага землеўладання (царква не павінна быць багатай). Асноўнымі еўрапейскімі плынямі Рэфармацыі былі лютэранства, кальвінізм і цвінгліянства. Для вызначэння ўсіх плыняў Рэфармацыі выкарыстоўваецца тэрмін пратэстантызм. У першай палове XVІ ст. Рэфармацыя з'явілася на тэрыторыі ВКЛ. Падставамі для яе распаўсюджвання можна лічыць крызіс каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, распаўсюджванне ў краіне рэнесансава-гуманістычных ідэй, вальнадумства, кнігадрукавання, пашырэнне міжнародных сувязей, у першую чаргу з Заходняй Еўропай. Распаўсюджванню ідэй Рэфармацыі садзейнічала моладзь, якая вучылася ў еўрапейскіх універсітэтах ці пражывала пры еўрапейскіх дварах манархаў. Рэфармацыя ў ВКЛ мела шэраг асаблівасцей. Па-першае, яна не стала народнай, ахапіла толькі магнатаў, шляхту, часткова гарадскія вярхі. Магнаты пад крылом новай веры хацелі адгарадзіцца ад каталіцкай Польшчы і аслабіць уладу вялікага князя, якога падтрымлівала каталіцкая царква. Шляхту прываблівала тое, што царква адмаўлялася ад землеўладання і можна было за кошт яе фондаў пашырыць свае ўладанні. Гарадскія вярхі змагаліся супраць прывілеяў каталіцкай царквы, якія ўшчамлялі іх сацыяльна-эканамічныя правы, супраць канкурэнцыі царквы ў сферах гандлю і рамяства. Па-другое, значны ўплыў на Рэфармацыю аказалі рэнесансава-гуманістычныя павевы. У выніку фарміравалася талерантнае грамадства (у той час, як у Заходняй Еўропе пачыналіся рэлігійныя войны). Па-трэцяе, у пэўнай ступені на Рэфармацыю ў ВКЛ аказалі ўплыў гусіцкі і анабаптысцкі рухі (анабаптысты выступалі за хрышчэнне людзей у свядомым узросце). Па-чацвёртае, на тэрыторыі ВКЛ Рэфармацыя праходзіла і ў праваслаўнай царкве ў форме распаўсюджання “ерасяў”. У прыватнасці, яна выявілася у руху несцяжацеляў, якія выступалі супраць накапіцельства, царкоўнага землеўладання. У ВКЛ з Масквы збеглі старац Арцёмій, Феадосій Касы, Фама. Найбольшае распаўсюджанне на Беларусі атрымаў кальвінізм. Галоўным ідэолагам і мецэнатам кальвінізму ў ВКЛ быў М. Радзівіл Чорны. Менавіта пры яго непасрэдным удзеле ў 1553 г. у Вільні і Берасці былі заснаваны першыя кальвінісцкія абшчыны (зборы). У XVІ ст. на Беларусі існавала каля 85 кальвінісцкіх цэркваў. Прыхільнікам Рэфармацыі былі даспадобы рэспубліканскія прынцыпы, якія прапагандавалі кальвіністы. Кальвінісцкія абшчыны (у адрозненні ад лютэранскіх) былі больш самастойнымі: феадалы ці гараджане самі збіралі сродкі на ўтрыманне храмаў, выбіралі святароў – міністраў. Дзейнасць кальвіністаў не абмяжоўвалася толькі рэлігійнай барацьбой. Пры кальвінісцкіх зборах адкрываліся школы, шпіталі, друкарні. Адна з першых школ з'явілася ва ўладаннях жмудскага старасты Яна Кішкі. Рэктарам гэтай школы быў вядомы гуманіст Ян Ліцыній Намыслоўскі. У 1553 г. пад апекай М. Радзівіла Чорнага ў Берасці была адкрыта першая на тэрыторыі Беларусі друкарня, дзе была выдадзена “Радзівілаўская Біблія” (першы поўны пераклад Бібліі на польскую мову). У 60-я гг. XVІ ст. у ВКЛ з'яўляецца асобная плынь Рэфармацыі – антытрынітарызм (арыянства), да якой далучыліся некаторыя кальвіністы. У Беларусі арыяне называлі сябе літоўскімі братамі. Яны выступалі за рэфармаванне рымска-каталіцкай царквы, крытыкавалі асноўныя догмы хрысціянскай рэлігіі, у тым ліку вучэнне аб адзінасутнасці Троіцы. Асабліва актыўным дзеячам быў Сымон Будны – выдатны рэлігійны дзеяч, мысліцель, асветнік. Сацыяльныя праблемы найбольш актыўна ставілі прадстаўнікі левага, плебейска-сялянскага крыла антытрынітарыяў – Марцін Чаховіц, Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі, Пётр з Ганёндза. Яны выступалі супраць прыгнёту, войнаў, за ліквідацыю прыватнай уласнасці. Рафармацыя мела важныя вынікі ў плане грамадска-палітычнага, сацыяльнага і духоўнага развіцця зямель ВКЛ. Па-першае, Рэфармацыя садзейнічала пашырэнню асветы (пры зборах адкрываліся школы, была зроблена спроба заснаваць у Вільні ВНУ – рэфармацыйную акадэмію), актывізацыі духоўнага жыцця грамадства, распаўсюджанню ідэй гуманізму, чалавечай роўнасці. Пры зборах ствараліся шпіталі і друкарні. Па-другое, Рэфармацыя садзейнічала рэлігійнай талерантнасці. Па ініцыятыве магнатаў-пратэстантаў быў прыняты Віленскі (1563 г.) прывілей, які ўраўноўваў ва ўсіх правах шляхту “хрысціянскай веры”. У 1573 г. у Рэчы Паспалітай быў прыняты акт Варшаўскай канфедэрацыі аб свабодзе веравызнання. Па-трэцяе, Рэфармацыя садзейнічала барацьбе магнатаў ВКЛ за палітычную адасобленасць ад Польшчы. Па-чацвёртае, Рэфармацыя садзейнічала пашырэнню сувязей з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Разам з тым Рэфармацыя не дасягнула такога высокага ўзроўня, што ў краінах Заходняй Еўропы. Пашырэнне рэфармацыі садзейнічыла развіццюконтррэфармацыі – рэлігійна-палітычны рух супраць Рэфармацыі. Ён разгарнуўся ва ўсіх краінах Еўропы. Пачатак Контррэформацыі ў Еўропе паклаў Трыдэнцкі сабор. Асноўнымі сродкамі барацьбы з Рэфармацыяй сталі інквізіцыя і ордэн езуітаў. У ВКЛ Контррэфармацыя пачалася ў 1569 г. (пасля заключэння Люблінскай уніі). Контррэфармацыя ў ВКЛ мела свае асаблівасці. Тут не было такіх жорсткіх падзей, як Варфаламееўская ноч 1572 г. у Еўропе, кастроў інквізіцыі. Паступова зачыняліся пратэстанцкія храмы, друкарні, прыхільнікі найбольш радыкальных рэфармацыйных рухаў высылаліся за межы. Контррэфармацыя ў ВКЛ выявілася ў місіянерска-прапаведніцкай дзейнасці каталіцкай царквы, у пашырэнні ўладанняў касцёла, узрастанні ўплыву католікаў у палітычным жыцці і сферы асветы. Контррэфармацыя аказала адмоўны ўплыў не толькі на пратэстантызм, але і на праваслаўе. Справа ў тым, што многія праваслаўныя магнаты пад уплывам Рэфармацыі сталі пратэстантамі, а затым пад уплывам езуітаў перайшлі ў каталіцтва. Наступленне каталіцтва ў Рэчы Паспалітай увасобілася таксама і ў заключэнні Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. Спробы аб'яднання праваслаўнай і каталіцкай цэркваў адбываліся адразу пасля царкоўнага расколу 1054 г. Папа рымскі неаднойчы прапаноўваў канстанцінопальскаму патрыярху ўмовы аб'яднання пад сваім верхавенствам, аднак той адмаўляўся. У ВКЛ ідэя уніі ўзнікла ў канцы XIV ст., калі Княства пачало збліжэнне з каталіцкай Польшчай. Так, першай спроба была зроблена Ягайлам і мітрапалітам Кіпрыянам, якія ў 1396 г. прапанавалі склікаць уніяцкі сабор у “рускіх” землях ВКЛ. У 1418 г. на Канстанцкім Усяленскім Саборы ад імя Вітаўта мітрапаліт Рыгор Цамблак вёў перагаворы аб уніі. У 1439 г. адбыўся Фларэнтыйскі сабор, дзе унія была абвешчана, аднак падтрымкі з боку праваслаўнага насельніцтва ВКЛ яна не атрымала. Новы этап ў развіцці уніяцкай ідэі адносіцца да 80 – 90-х гг. XVІ ст., калі ўжо была ўтворана Рэч Паспалітая і актывізавалася дзейнасць каталіцкай царквы. У гэты час ідэолагі каталіцызму прыйшлі да высновы, што прымусам насадзіць каталіцкую рэлігію ў ВКЛ немагчыма, што трэба мяняць тактыку, улічваць рэальныя абставіны. Ватыкан стаў разглядаць уніяцтва як пераходны “мосцік” у каталіцызм. Да уніі схіляліся і кіруючыя колы ВКЛ, частка магнатаў і шляхты. Яны лічылі, што аб'яднанне цэркваў будзе садзейнічаць спыненню рэлігійных спрэчак, умацаванню дзяржаўна-палітычных асноў Княства. Апошнім штуршком да рэалізацыі ідэі царкоўнай уніі стала ўтварэнне ў 1589 г. маскоўскай патрыярхіі. Цяпер праваслаўная арганізацыя ВКЛ магла трапіць у падпарадкаванне не аслабленаму Канстанцінопалю, а моцнай Маскве. А гэтага кіеўскі мітрапаліт не хацеў, таму і пайшоў у падпарадкаванне папе рымскаму, які абяцаў шэраг ільгот. Умовы Берасцейскай уніі былі выкладзены яшчэ ў кнізе лідэра езуітаў ВКЛ Пятра Скаргі “Аб адзінстве царквы Божай” (1577 г.). У рэшце рэшт пасля доўгай падрыхтоўкі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза звярнуўся да папы рымскага з праектам уніі і той у 1595 г. гэты праект зацвердзіў. Засталося толькі правесці царкоўны сабор у самой Рэчы Паспалітай. Сабор сабраўся у кастрычніку 1596 г. у Берасці. Міхаіл Рагоза, Іпаці Пацей, Кірыла Цярлецкі і яшчэ 5 епіскапаў падтрымалі унію, а Гедэон Балабан і Міхаіл Капысценскі выступілі супраць яе. У выніку ў Рэчы Паспалітай замест праваслаўнай царквы усё ж была абвешчана царкоўная унія і ўтворана новая грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква. Кіеўскі мітрапаліт цяпер атрымліваў блаславенне не ад канстанцінопальскага патрыярха, а ад папы рымскага, праваслаўныя вернікі прызнавалі вяршэнства Рыма, але пры гэтым захоўвалі ўсе праваслаўныя абрады. Мова богаслужэнняў па-ранейшаму была царкоўнаславянскай. Аднак унія напачатку не стала асновай кансалідацыі, раскол сабора быў перанесены на грамадства. У выніку гвалтоўных метадаў насаджэння уніі і традыцыяналізму свядомасці праваслаўных святароў і прыхаджан па Беларусі пракацілася хваля антыуніяцкіх выступленняў. Так, у 1623 г. у Віцебску быў забіты уніяцкі архіепіскап Іясафат Кунцэвіч. Пасля гэтых падзей у 1620-1630-я гады кіруючыя колы і уніяцкія іерархі спынілі жорсткі ўціск праваслаўя. Урад Рэчы Паспалітай быў вымушаны прызнаць дзейнасць праваслаўнай царквы. Гэтаму спрыялі так званыя артыкулы прымірэння, зацверджаныя Варшаўскім соймам 1633 г. Разам з тым пачаліся рэформы ва уніяцкай царкве, якія праводзілі мітрапаліты Іосіф Руцкі, Анастас Сялява, Рафаіл Корсак. Быў створаны уніяцкі манаскі ордэн базыльян(які арганізаваў эфектыўную сістэму школьнай адукацыі па ўзору езуіцкай), пачалася падрыхтоўка вопытных уніяцкіх святароў, выкарыстанне беларускай мовы ў богаслужэбнай практыцы. Хуткае распаўсюджанне уніяцкай царквы было выклікана і тым, што захоўвалася праваслаўная абраднасць. Толькі Замойскі сабор 1720 г. крыху наблізіў уніяцкую абраднасць да каталіцкай. У выніку уніятамі да канца XVІІІ сталі 80 % (3/4) хрысціянскага насельніцтва. Разам з тым уніяцкая царква не стала пануючай у Рэчы Паспалітай. Уніяты не былі прадстаўлены ў Сенаце, а дзяржава хоць і падтрымлівала уніяцкую царкву, але лічыла яе другараднай.
|