|
Культура Беларусі ХІV– пачатку ХVІІ ст. Асаблівасці Адраджэння на БеларусіDate: 2015-10-07; view: 1320. Беларускаякультура ў другой палове ХІІІ – XV ст. мела сярэдневяковы характар, развівалася пад вялікім уплывам з боку царквы. Праваслаўная царква была носьбітам старажытнарускіх традыцый, а каталіцтва ўносіла элементы еўрапейскай культуры. Пісьменнасць была распаўсюджана ў асноўным толькі сярод класа феадалаў, школы існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах і былі мала даступныя народу. У ХІІІ – XV стст. на Беларусі па-ранейшаму распаўсюджвалася царкоўна-рэлігійная літаратура з яе асноўнымі жанрамі. Гэта – кнігі Бібліі, жыціі святых. Выдатнымі ўзорамі кніжнай справы з'яўляюцца рукапісныя Лаўрышаўскае і Друцкае Евангеллі XIV ст., Жыровіцкае Евангелле XV ст., якія змяшчаюць мініяцюры. Вокладкі рукапісных кніг рабіліся з дошак, абцягваліся скурамі і ўпрыгожваліся металічнымі пласцінкамі, каштоўнымі камянямі. Выдатнымі прыкладамі ўрачыстага красамоўства з'яўляюцца творы Рыгора Цамблака: шматлікія пропаведзі, пахвальныя “словы” і жыціі. Сярод свецкіх літаратурных твораў асаблівай папулярнасцю карысталіся такія перакладныя творы, як “Александрыя”, “Троя”, “Трыстан і Ізольда” (больш вядомая на нашых землях пад назвай “Аповесць пра Трышчана”) . З арыгінальных твораў вылучаецца “Хаджэнне ў Царград” Ігнація Смаляніна (канец XIV ст.). Яго апісанне падарожжа мела пазнавальны характар. У XV ст. з умацаваннем ВКЛ узнікла агульнадзяржаўнае летапісанне(беларуска-літоўскія летапісы “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.”). У замкавым будаўніцтве XIV – XV стст. пераважаў раманскі стыль. Збудаванні мелі масіўны і суровы выгляд. Падобныя замкі маюць назву “кастэлі”. У раманскім стылі былі пабудаваны каменныя замкі ў Крэве, Лідзе, Віцебску. У царкоўным будаўніцтве ў гэты час распаўсюджваецца готыка. Для гэтага стылю характэрны вастраканечныя вежы, вузкія вокны, стральчатыя аркі. Яркім прыкладам з'яўляецца Троіцкі касцёл XV ст. у вёсцы Ішкальдзь (Баранавіцкі раён). Гэты касцёл уяўляе сабой храм абарончага тыпу. У канцы XV ст. быў перабудаваны ў храм-крэпасць Сафійскі сабор у Полацку. Царква-крэпасць была ўзведзена ў 1407 г. таксама у в. Сынковічы (Зэльвенскі раён). Прыкладам жывапісу XIV – XV стст. з'яўляюцца фрэскі і абразы. У фрэсках капліцы святой Тройцы ў Люблінскім замку, якія былі напісаны майстрамі з Беларусі і захаваліся да нашага часу, адлюстравана выява Ягайлы – адна з першых партрэтных выяў у беларускім мастацтве. З помнікаў партрэтнага мастацтва таксама трэба назваць партрэт Ульяны і Альгерда на сцяне царквы на Верхнім замку ў Віцебску. Найбольш славутым творам жывапісу гэтага часу з'яўляецца ікона “Маці Божая Замілаванне” з Маларыты (Брэсцкая вобласць). У XIV – XV стст. у касцёлах з'яўляюцца драўляныя скульптуры. Найбольш ранні помнік – “Распяцце” XIV ст. з в. Галубічы (Віцебская вобласць). Пачынаючы з XІV ст. шырокае распаўсюджанне атрымоўвае кафля – керамічныя пліткі. Ёю абкладвалі сцены печаў, выкарыстоўвалі для абліцоўкі сцен будынкаў. Беларускую культуру не абмінула і такая агульнаеўрапейская з'ява як Адраджэнне або Рэнесанс. Адраджэнне (рэнесанс) – умоўная назва гісторыка-культурных працэсаў, звязаных з памкненнем адрадзіць антычную спадчыну. Але гэта было не простай рэстаўрацыяй, а спосабам фарміравання новай культуры, буржуазнай па сваёй сутнасці. Адраджэнне было абумоўлена якаснымі зменамі ў эканамічным і палітычным жыцці краін Еўропы: зараджэннем капіталістычных адносін, фарміраваннем нацыянальных дзяржаў і узмацненнем антыфеадальнай і рэлігійнай барацьбы. Вялікія геаграфчныя адкрыцці, з'яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай, культуры. Філасофска-светапогляднай пазіцыяй Адраджэння з'яўляўся гуманізм – ідэалогія, якая абвяшчала высокую годнасць чалавека, прызнавала яго правы на свабоднае равіццё здольнасцей. У канцы XV – пачатку XVІ стст. склаліся перадумовы для Рэнесансу на Беларусі: рост гарадоў, фарміраванне беларускай народнасці, ажыўленне грамадска-палітычнай дзейнасці, пашырэнне міжнародных кантактаў. З'яўляючыся часткай еўрапейскага Рэнесансу, Адраджэнне на Беларусі мела свае асаблівасці. Па-першае, агульнае эканамічнае адставанне ад перадавых краін Еўропы і панаванне феадалізму стрымлівалі ўсебаковае развіццё свецкай культуры. З гэтай прычыны развіццё рэнесансавай культуры засталося незавершаным. Па-другое, для Рэнесансу ў ВКЛ характэрна большая залежнасць ад рэлігійных традыцый, пэўная сувязь з Рэфармацыяй. Па-трэцяе, дзеячы эпохі Адраджэння на Беларусі абапіраліся на старажытнарускую культуру. У гэтым плане беларуская культура некалькі аддалялася ад еўрапейскай. Для першага этапа Адраджэння ў ВКЛ (канец XV – першая палова XVI ст.) характэрна: узнікненне кнігадрукавання, станаўленне агульнадзяржаўнага заканадаўства (Статут ВКЛ), зараджэнне новалацінскай паэзіі, пранікненне рэнесансавых матываў у палацава-замкавае будаўніцтва і мастацтва. Другі этап эпохі Адраджэння (другая палова XVI ст. – пачатак XVII ст.) характарызуецца ўзнікненнем новага творчага асяроддзя (навукоўцы і пісьменнікі), паскарэннем культурнага развіцця шляхты і часткі мяшчан, агульным пашырэннем свецкай культуры, пранікненнем рэнесансавай педагогікі ў школьную справу, пашырэннем культурных сувязей ВКЛ з замежжам. Прадстаўніком рэнесансавай культуры на Беларусі быў першадрукар, гуманіст і асветнік Францішак Скарына (каля 1490 – каля 1551). Ён нарадзіўся ў купецкай сям'і ў Полацку. Мяркуюць, што першапачатковую адукацыю Ф. Скарына атрымаў у родным горадзе, а таксама ў Вільні. У 1504 г. ён паступіў у Кракаўскі універсітэт, дзе праз два гады атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі. У 1512 г. у італьянскім горадзе Падуя, універсітэт якога славіўся на ўсю Еўропу медыцынскім факультэтам, Ф. Скарына вытрымаў экзамен на атрыманне вучонай ступені доктара медыцыны. Яго таксама цікавілі грамадскія праблемы і гуманітарныя навукі. Зарадзілася думка выдаць кнігі Бібліі на роднай мове, зрабіць іх даступнымі для сваіх землякоў. Апынуўшыся ў Празе, Ф. Скарына пры дапамозе заможных віленекіх і полацкіх мяшчан Багдана Онкава, Якуба Бабіча, Юрыя Адверніка, магчыма і брата Івана Скарыны заснаваў друкарню. 6 жніўня 1517 г. выйшла з друку першая беларуская кніга – “Псалтыр”. Ф. Скарына меў намер выдаць усю Біблію, пра што сведчаць агульны тытульны ліст, прадмова да ўсяго выдання. Аднак гэта задумка засталася незавершанай. За няпоўныя тры гады Францішак Скарына пераклаў, пракаменціраваў і падрыхтаваў да друку 23 кнігі Бібліі, прычым выбраў найбольш важныя на яго думку кнігі «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». У 1520 г. Ф. Скарына пакінуў Прагу і пераехаў у Вільню, дзе адкрыў першую на сваёй Радзіме друкарню. У 1522 г. выйшла ў свет “Малая падарожная кніжка” – зборнік рэлігійных і свецкіх твораў невялікага фармату. Кніга прызначалася людзям, якія па характару сваіх заняткаў павінны былі часта вандраваць. Яна ўтрымлівала канфесійную і астранамічную інфармацыю. Як і апошняе выданне Ф. Скарыны “Апостал” (1525 г.), “Малая падарожная кніжка” была невялікім зручным выданнем, надрукаваным на таннай паперы. Гэтыя якасці рабілі кнігі першадрукара больш даступнымі для шырокіх колаў насельніцтва. Ф. Скарына выступіў у якасці стваральніка новага літаратурнага жанру – прадмоў, у якіх адлюстроўваліся яго грамадска-палітычныя, філасофскія, прававыя, эстэтычныя, мовазнаўчыя і педагагічныя погляды. Коратка і лаканічна пераказваючы змест твораў, прадмовы Ф. Скарыны сталі класічнымі ўзорамі ў гэтым жанры беларускай літаратуры, паслужылі прыкладам для беларускіх пісьменнікаў XVI – XVII стст. Першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарня працавала ў Берасці ў 1550 – 1570-я гг. пад апекай Мікалая Радзівіла Чорнага. Яна выпусціла 40 выданняў на польскай і лацінскай мовах. Тут выйшаў поўны варыянт “Бібліі” на польскай мове. Паслядоўнікамі асветніцкіх спраў Ф. Скарыны з'яўляліся С. Будны і В. Цяпінскі. Сымон Будны ў 1562 г. разам з Мацеем Кавячынскім і Лаўрэнціем Крышкоўскім выдаў у Нясвіжскай друкарні “Катэхізіс” на старабеларускай мове (першае кірылічнае выданне на Беларусі). Катэхізіс – рэлігійная кніга, якая утрымлівае кроткі выклад асноў хрысціянскага веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. У Нясвіжы, акрамя “Катэхізіса”, С. Будны выдаў кнігу “Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам”. Найбольш значным творам С. Буднага з'яўляецца кніга “Аб найгалоўнейшых палажэннях хрысціянскай веры” (Лоск, 1576 г.). У гэтым творы С. Будны адстойваў чалавечую прыроду Хрыста, выступаў супраць незямнога свету і замагільнага жыцця, Боскай Троіцы. С. Будны лічыў, што маральнай дасканаласці чалавек можа дасягнуць і без дапамогі царквы. У маёнтку Цяпіна, што на Полаччыне, здзяйсняў сваю выдавецкую дзейнасць Васіль Цяпінскі. Каля 1570 г. ён выдаў першае ў Еўропе Евангелле на дзвюх мовах (паралельна былі змешчаны царкоўнаславянскі і беларускі тэксты). У прадмове да “Евангелля” аўтар выступаў за развіццё беларускай мовы, набліжэнне асветы да простых людзей. У Заблудаве (каля Беластока, сучасная Польшча) ў 1569 г. расійскія першадрукары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец выдалі “Евангелле вучыцельнае”. Таксама друкарні існавалі ў Лоску, Любчы, Куцейне, Бялынічах, Ашмянах. Некалькі друкарняў дзейнічала ў Вільні: Васіля Гарабурды, Пятра Мсціслаўца і братоў Мамонічаў. У 1588 г. на сродкі Льва Сапегі ў друкарні братоў Мамонічаў быў выдадзены Статут ВКЛ на старабеларускай мове. Друкарню пры Віленскай езуіцкай Акадэміі заснаваў Мікалай Радзівіл Сіротка. Дзеячам эпохі Адраджэння, заснавальнікам новалацінскай паэзіі з'яўляўся Мікола Гусоўскі. Нарадзіўся будучы паэт у сям'і велікакняжацкага лоўчага, таму меў магчымасць пайсці па шляху свайго бацькі. Разам з тым М. Гусоўскі аддаў перавагу набыццю ведаў і атрымаў адукацыю ў Вільні, Польшчы і Італіі. У 1518 г. М. Гусоўскі трапіў у Рым у складзе дыпламатычнай місіі, якую ўзначаліў Эразм Вітэлій – полацкі біскуп. Па замове папы рымскага Льва Х у 1522 г. М. Гусоўскі стварыў свой лепшы твор “Песня пра зубра”. Напісаная на класічнай латыні, паэма не засталася толькі аповедам пра паляванне на зубра, яна аказалася творам, дзе адлюстраваны жыццё народа і лёс краіны ў пераломны момант гісторыі. Адну з галоўных прычын няшчасцяў і пакут Радзімы М. Гусоўскі бачыў у войнах. Паэт-гуманіст заклікаў пакончыць з міжусобіцамі, прапаноўваў ідэю яднання еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсцяў. Ідэалам мудрага правіцеля для аўтара з'яўляўся вялікі князь Вітаўт. Вельмі блізкай да творчасці М. Гусоўскага была літаратурная дзейнасць другога буйнога паэта-лацініста Яна Вісліцкага (каля 1485/90 – 1420). Ён з'яўляецца аўтарам паэмы “Пруская вайна”, якая прысвечана Грунвальдскай бітве. Паэтычная творчасць на Беларусі атрымала развіццё ў другой палове XVI ст. У асноўным пісаліся творы героіка-эпічнага характару, аўтарамі якіх з'яўляліся Андрэй Рымша (“Дэкатэрас”), Ян Радван (“Радзівіліяда”), Гальяш Пельгрымоўскі (“Пасольства да вялікага князя Маскоўскага”). У сваіх творах аўтары апісвалі рэальныя гістарычныя падзеі, усхвалялі ваенныя справы князёў, простых вайскоўцаў. Шырокае распаўсюджанне ў XVI-XVIІ стст. набылі вершаваныя эпіграмы, прысвечаныя дзяржаўным дзеячам – Радзівілам, Сапегам, Валовічам. Усе эпіграмы мелі панегірычны, хвалебны характар. Узорам грамадзянскай, патрыятычнай паэзіі з'яўляецца верш Яна Казіміра Пашкевіча “Польска квітнет лаціною, Літва квітнет русчызною”. У гэтым творы падкрэсліваецца важная роля беларускай мовы ў жыцці дзяржавы. У XVI – XVIІ стст. атрымала росквіт публіцыстычная літаратура, якая выявілася, галоўным чынам, у палемічных творах. У палемічнай літаратуры вяліся спрэчкі праваслаўных з прыхільнікамі царкоўнай уніі. У абарону праваслаўнай царквы і супраць гвалтоўнага навязвання уніяцтва ў сваіх творах выступалі браты Стэфан і Лаўрэнцій Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі, Лявонцій Карповіч. З боку каталіцкай і уніяцкай цэркваў выступалі Пётр Скарга, Іпацій Пацей, Леў Крэўза. Вяршыняй у мастацкіх адносінах лічыцца твор Мялеція Сматрыцкага “Трэнас” (плач Маці – Праваслаўнай царквы па пакінуўшых яе дзецях (пач. XVII ст.). На развіццё гістарычных ведаў, акрамя агульнадзяржаўных летапісаў (у XVI ст. былі створаны “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага” і “Хроніка Быхаўца”) вялікі ўплыў аказвалі творы, аўтарамі якіх былі замежныя даследчыкі. Так, першым гісторыкам ВКЛ можна лічыць Мацея Стрыйкоўскага (“Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі”). Вядомай была ў XVI ст. і “Хроніка Еўрапейскай Сарматыі” Аляксандра Гваньіні. Вялікую ролю ў захаванні і распаўсюджанні кніг адыгрывалі бібліятэкі. Найбольш старажытнай была бібліятэка Полацкага Сафійскага Сабора, якая дзейнічала з ХІ ст. па 1579 г., калі падчас Лівонскай вайны была разрабавана. Вельмі багатай была бібліятэка Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра. Тут было шмат выданняў Ф. Скарыны, унікальны экзэмпляр “Евангелля” В. Цяпінскага, выданні І. Фёдарава і П. Мсціслаўца. У ВКЛ існавала шмат прыватных бібліятэк, найбольш буйнымі з якіх былі бібліятэкі Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў, Солтанаў. Падмуркам рэнесансавай культуры на Беларусі з'яўлялася адукацыя. На Беларусі існавала цэлая сетка навучальных устаноў, стваральнікамі якіх былі праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія, а потым і уніяцкія царкоўныя арганізацыі. Праваслаўныя школы з'явіліся на Беларусі яшчэ з пачаткам распаўсюджвання хрысціянства, а ў XVI ст. узніклі брацкія школы. Першая брацкая школа пачала працаваць у Вільні каля 1584 г. Таксама школы былі арганізаваны ў Брэсце, Пінску, Слуцку, Магілёве. У брацкіх школах вучылі “сем вольных навук” (“трывіум” – граматыка, рыторыка, дыялектыка, а таксама “квадрыум” – арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка). У цэлым брацкія школы былі бессаслоўнымі ўстановамі. Некаторыя з праваслаўных школ па ўзроўню падрыхтоўкі вучняў набліжаліся да вышэйшых навучальных устаноў (грэка-лаціна-руская школа пры Свята-Троіцкім манастыры ў Вільні). Асабліва моцны адбітак на адукацыю ВКЛ аказалі езуіты. Першы езуіцкі калегіум пачаў працаваць у Вільні ў 1570 г., а ўжо ў 1579 г. ён быў ператвораны ў акадэмію – вышэйшую навучальную ўстанову. Дарэчы, Віленская езуіцкая акадэмія – гэта першая ВНУ на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Акадэмія мела некалькі факультэтаў: тэалагічны, філасофскі, прававы, медыцынскі. Сярод выкладчыкаў вызначаліся Марцін Сміглецкі (яго “Логіка” вывучалася студэнтамі Оксфардскага універсітэта), О. Крыгер (першым пазнаёміў студэнтаў з геліяцэнтрычнай сістэмай Каперніка). Таленавітыя педагогі працавалі і ў езуіцкіх калегіумах. У Полацку Мацей Казімір Сарбеўскі выкладаў паэтыку і рыторыку, а ў Гродна працавала сем педагогаў са званнем прафесара. Безумоўна, каталіцкая царква пры арганізацыі навучальных устаноў ставіла перш за ўсё місіянерскія мэты. І тым не менш гэтыя ўстановы давалі вучням добрую падрыхтоўку. Свае школы арганізоўвалі і пратэстанцкія абшчыны. Арыянскія школы працавалі ў Іўі, Наваградку, Нясвіжы, Клецку, Лоску. Рэктарам арыянскай школы ў Іўі быў Ян Ліцыній Намыслоўскі, аўтар шэрагу падручнікаў. З 1617 па 1918 гг. у Слуцку працавала кальвінісцкая гімназія (“Слуцкія Афіны”). Для школ друкавалася вучэбная літаратура. Лаўрэнцій Зізаній выдаў “Азбуку” і “Граматыку славенскую”. У 1619 г. у Еўі (тэрыторыя Літвы) была выдадзена “Граматыка”, якую склаў Мялецій Сматрыцкі. На працягу двух стагоддзяў яна служыла асноўным падручнікам па царкоўнаславянскай мове. У 30-я гг. XVII ст. з'явіўся яшчэ адзін дапаможнік – “Буквар”, выдадзены Спірыдонам Собалем(1631 г. – Куцейна, 1636 г. – Магілёў). Тым самым, у часы Адраджэння культура Беларусі перажывала сапраўдны ўздым, які садзейнічаў яе імкліваму і плённаму развіццю у далейшым.
4.10 Развіццё культуры Беларусі ў ХVІІ – ХVІІІ ст. Барока. Асветніцтва Культурнае жыццё ВКЛ у ХVІІ – ХVІІІ ст. было абумоўлена папярэнім этапам развіцця і знаходзілася ў залежнасці ад далёка неспрыяльных палітычных і сацыльна-эканамічных умоў. Пад уплывам ідэй Адраджэння адбываецца трансфармацыя агульнадзяржаўнага летапісання ў мясцовае. У XVII – XVIII стст. былі створаны “Баркулабаўская хроніка”, “Магілёўская хроніка”, “Віцебскі летапіс” Панцарнага і Аверкі. Узнікаюць творы мемуарнай літаратуры (лісты аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага, дыярыушы ці дзённікі Фёдара Еўлашоўскага, Яна Цадроўскага, Афанасія Філіповіча). Адбываецца нараджэнне камедыйна-сатырычнай плыні ў літаратуры, прадстаўленай такімі творамі як “Прамова Мялешкі” (канец XVI – першая палова XVII ст.), “Ліст да Абуховіча” (1655), “Прамова русіна”. У літаратуры і мастацтве асноўным з XVII ст. становіцца стыль барока. У гэтым стылі напісаны творы настаўніка Полацкага калегіўма Мацея Сарбеўскага, паэта-панегірыста Даніэля Набароўскага, асветніцкая паэма Фамы Іяўлевіча “Лабірынт, або заблытаныя шляхі Мудрасці” (1625 г.), творы Сімяона Полацкага. Мысліцель і асветнік Сімяон Полацкі (сапраўднае прозвішча – Пятроўскі-Сітніяновіч, 1629 – 1680) вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі, працаваў настаўнікам у брацкай школе. У 1664 г. пераехаў у Маскву, быў настаўнікам царскіх дзяцей, у т.л. будучага імператара Пятра І, для якога надрукваў “Буквар языка славенска”. Выдаў зборнікі вершаў “Псалтыр рыфматворная”, “Вертоград многоцветный”. Па яго ініцыятыве была створана першая ў Маскве вышэйшая адукацыйная ўстанова – Славяна-грэка-лацінская акадэмія. У XVI – першай палове XVIІ ст. адбываецца будаўніцтва палацава-замкавых комплексаў у стылі рэнесанс (Мір, Нясвіж, Геранёны, Смаляны). У гэты час у гарадах з Магдэбургскім правам узводзяцца ратушы. Адной з самых старажытных на Беларусі была Нясвіжская ратуша, пабудаваная ў канцы XVI ст. Яскравымі прыкладамі культавага дойлідства былі Нясвіжскі фарны касцёл (першы помнік, які пабудаваны ў стылі барокапа праекце італьянскага архітэктара Джавані Бернардоні), Троіцкі касцёл у в. Чарнаўчыцы, Успенская царква і Петрапаўлаўскі касцёл у в. Новы Свержань, фарны касцёл у Гродна, кальвінскія зборы ў Смаргоні, Асташына, Кухцічах. Праваслаўныя храмы афармляліся на аснове старажытнарускіх традыцый з захаваннем візантыйскіх архітэктурных формаў, а каталіцкія – ў заходнееўрапейскім гатычным стылі. У першай палове XVIІ ст. ў выяўленчым мастацтве, нараўне з маляваннем абразоў і фэсак, характэрным становіцца так званы сармацкі(рыцарскі) партрэт. Да ліку такіх партрэтаў належыць партрэт Ю. Радзівіла, якога празвалі “літоўскім Геркулесам” за вялікі рост і фізічную сілу. Цікавым з'яўляецца мемарыяльны партрэт жонак магната Януша Радзівіла – Катажыны і Марыі, створаны ў 1646 г. віленскім мастаком І. Шрэтэрам. У рамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва развівалася размалёўка па дрэву, чаканка па металу, выраб кафлі. Найбольш яскравым прыкладам развіцця тэатра на Беларусі стала распаўсюджанне народнага лялечнага тэатра – батлейкі. Батлейка ўяўляла сабой скрыню з дошак у выглядзе хаткі ці царквы, усярэдзіне якой паказваліся лялькі-персанажы. Пры езуіцкіх калегіумах дзейнічалі школьныя тэатры. У разглядаемы час развівалася пераважна царкоўная музыка. У XVII ст. распаўсюдзіліся мясцовыя варыянты песень: слуцкі, супрасльскі, магілёўскі і інш. Брацкімі хорамі выконваліся шматгалосыя спевы па партыях. У касцёлах гучалі арганы. Выдатным помнікам музычнай культуры з'яўляецца “Полацкі сшытак”, складзены з твораў, запісаных ў XVIІ стст. круглымі італьянскімі нотамі, якія ляглі ў аснову сучаснай нотнай граматы. Гістарычныя ўмовы развіцця культуры Беларусі былі ўскладнены ў сярэдзіне XVIІ-XVIІІ стст. шматлікімі войнамі. У выніку у другой палове XVIІ ст. беларускае насельніцтва, галоўным чынам майстры-рамеснікі, прымусова перасялялася ў Расійскую дзяржаву. Вялікая колькасць беларусаў апынулася ў Маскве, дзе пасялілася ў Мяшчанскай слабадзе. Майстры з Беларусі на чале са шклоўскім разьбяром Клімам Міхайлавым стварылі сапраўдны шэдэўр XVIІ ст. – пяціярусны, разьбяны, пазалочаны іканастас у Смаленскім саборы маскоўскага Новадзявочага манастыра. Беларускія майстры таксама ўпрыгожвалі аб'ёмнай пазалочанай разьбой палац цара Аляксея Міхайлавіча ў сяле Каломенскім пад Масквой. Сярод вядомых вучоных другой паловы XVII – пачатку XVIII стст. трэба назваць Казіміра Семяновіча – аўтара кнігі “Вялікае мастацтва артылерыі” (выйшла ў 1650 г. у Амстэрдаме). Ён першым у свеце стварыў праект шматступенчатай ракеты і лічыцца папярэднікам К. Цыялкоўскага. Славутага картографам XVII ст. быў Тамаш Макоўскі. Ён падрыхтаваў лепшую карту ВКЛ, якая выдавалася ў Амстэрдаме ў 1603 і 1613 гг. Юзаф Наронскі выдаў кнігу“Геаметрыя, або трактаванне і майстэрства ўсялякага вымярэння”. Аляксей Дубовічвыдаў “Каляндар праўдзівай царквы” (1644 г.). Гэта цікавы агляд па гісторыі сусветнай астраноміі і каляндарных сістэм. Па даручэнні Пятра І выданнем кніг у Амстэрдаме на рубяжы XVII – XVIII ст. займаўся Ілля Капіевіч. Ён выдаў першы дапаможнік па матэматыцы на рускай мове “Краткое и полезное руковедение во арифметику” (1699). Першым беларускім філосафам-атэістам называюць Казіміра Лышчынскага. Яго за трактат “Аб неіснаванні Бога” (1687 г.) спалілі на вогнішчы ў Варшаве. Значныя дасягненні былі зроблены ў галіне навукова-прававой думкі ВКЛ: прафесар Віленскага універсітэта Аляксандр Алізароўскінапісаў кнігі “Аб палітычнай супольнасці людзей” (1651), “Палітычныя пытанні”. Станіслаў Шчука ў крытычным трактаце “Зацьменне Польшчы” (1709), прапаноўваў правесці рэформу палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай. У другой палове XVIІІ ст. на тэрыторыю Беларусі з Заходняй Еўропы пачынаюць пранікаць ідэі Асветніцтва, якія абвяшчалі прыярытэт асветы, навукі, розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Грамадскім ідэалам становіцца адукаваны чалавек. Асветніцтва павінна было ліквідаваць застарэлы феадальны лад і адкрыць шлях да ўтварэння новага – буржуазнага ладу. У ВКЛ Асветніцтва мела свае асаблівасці: 1) праваднікамі ідэй была не буржуазія, а шляхта; 2) паколькі Рэч Паспалітая знаходзілася ў становішчы глыбокага ўнутры- і знешнепалітычнага крызісу, у руху Асветніцтва вядучую ролю адыгрывалі так званыя “актыўныя рэфарматары”, якія выступалі з ідэямі рэфармавання і адраджэння дзяржавы (Антоній Тызенгаўз,Іяхім Храптовіч); 3) у літаратуры і мастацтве развіваліся розныя напрамкі ад барока і класіцызму да ракако і сентыменталізму, але вядучыя пазіцыі пачаў заваёўваць класіцызм. У часы Асветніцтва на Беларусі пашыраюцца ідэі французскіх філосафаў-фізіякратаў. Фізіякраты – французскія буржуазныя эканамісты, якія прызнавалі зямлю і земляробства адзінай крыніцай багацця, а сельскагаспадарчую працу – адзінай вытворчай працай. Ідэі фізіякратаў развівалі Міхаіл Карповіч, Геранім Страйноўскі, Іяхім Храптовіч. Адам Нарушэвіч, Тадэвуш Млоцкі у сваіх творах выступалі прыхільнікамі канцэпцыі натуральнага права, якое дадзена Богам, замацавана грамадскай дамовай з уладай і павінна ахопліваць і аб'ядноўваць усё насельніцтва. Пры гэтым яны выступалі за манархічны лад з моцнай цэнтральнай уладай. Філасофскія працы стваралі Казімір Нарбут, Бенядзікт Дабшэвіч, Саламон Майман, Анёл Доўгірд. Праваслаўны дзеячГеоргій Каніскі (1717 – 1795) меў глыбока рэлігійныя перакананні, аднак паважліва ставіўся да поглядаў Каперніка і Галілея. Г. Каніскі крытыкаваў усяўладдзе магнатаў у Рэчы Паспалітай. У 1757 г. ён заснаваў Магілёўскую духоўную семінарыю. Значны ўклад у развіццё беларускай навукі ўнёс Марцін Пачобут-Адляніцкі (1728 – 1810) – рэктар Галоўнай школы ВКЛ, вучоны-прыродазнавец, які вывучаў планету Меркурый, адкрыў невядомае сузор'е, вызначыў каардынаты шматлікіх населеных пунктаў на Беларусі. Славутыя традыцыі кнігадрукавання працягваліся ў XVIII ст., на працягу якога колькасць друкарняў павялічылася да 11. У 1776 г. выйшла ў свет першая газета на тэрыторыі Беларусі – “Газета Гродзенска” (на польскай мове). Школьная справа ў XVIІ – пачатку XVIІІ стст. усё яшчэ заставалася ў руках каталіцкай і уніяцкай царквы. Школьная адукацыя была двступна пераважна шляхецкім дзецям. Выкладанне вялося на лацінскай і польскай мовах. Прадметам навучання былі “сем вольных навук” – граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка. Цэнтрам адукацыі і навукі па-ранейшаму заставалася Віленская Акадэмія, якая мела статус універсітэта. З 1781 г. Акадэмія называлася Галоўнай школай ВКЛ. Высокі ўзровень адукацыі забяспечвалі езуіцкія калегіумы. З сярэдзіны XVIІІ ст. пачаліся змены ў сістэме школьнай адукацыі. У 1773 г. была створана Адукацыйная камісія (установа накшталт Міністэрства адукацыі). Цяпер школа стала больш даступнай для ўсіх саслоўяў, характар адукацыі стаў свецкім. Увага надавалася не завучванню на памяць, а развіццю разумовых здольнасцей. Выкладанне вялося на польскай мове замест латыні. Школы падзяляліся на ўзроўні: парафіяльныя (ніжэйшая школа), падакруговыя і акруговыя (няпоўная сярэдняя і сярэдняя школы). Напрыканцы XVIІІ ст. дзейнічала 200 пачатковых і 20 школ сярэдняй ступені. Таксама ў ВКЛ адбывалася станаўленне прафесійнай адукацыі. У Гродна працавала медыцынская школа, заснаваная французскім вучоным Жанам Жыліберам. Пры ёй былі створаны анатамічны кабінет, аптэка, батанічны сад. Ж. Жылібер, знаходзячыся на Беларусі выдаў працу “Літоўская флора”. Таксама ў Гродна і Паставах па ініцыятыве Антонія Тызенгаўза былі арганізаваны медыцынская, акушэрская, фінансавая, чарцёжная і рысавальная школы. У 30-я гг. XVIII ст. на Беларусі з'явіліся піярскія школы. Гэтыя школы належалі каталіцкаму ордэну піяраў, аднак яны былі даволі прагрэсіўнымі для свайго часу: тут вывучаліся матэматыка, прыродазнаўства і гуманітарныя навукі. Пераважная большасць замкаў гэтага часу будавалася ў стылі барока па праектах Яна Глаўбіца, Джузепе Сака, Карла Спампані. На змену барока ў канцы XVIII ст. прыйшоў класіцызм. У гэтым стылі будаваліся і перабудоўваліся палацава-паркавыя ансамблі ў Гомелі, Валожыне, Ружанах, Слоніме, Дзярэчыне. У гэты час пашыраецца палацава-паркавая архітэктура, звязаная з будаўніцтвам у магнацкіх рэзідэнцыях паркаў са шматлікімі вадаёмамі, каналамі, каменнымі гротамі. Своеасаблівым натуральным будаўнічым матэрыялам сталі дрэвы і расліны. Уніяцкія храмы ў XVIIІ ст. будаваліся ў стылі віленскага барока. Так, у гэтым стылі паводле праекта Яна Глаўбіца перабудаваны Полацкі Сафійскі сабор, а таксама пабудаваны цэрквы ў Быцені, Жыровічах, Оршы. Касцёлы будаваліся ў стылі барока, а праваслаўныя храмы захоўвалі рысы візантыйскага дойлідства. Прыкладамі віленскага барока ў Віцебску з'яўляецца ратуша, Васкрасенская (рынкавая) царква і Свята-Ўспенскі сабор. Самай яркай з'явай беларускай культуры другой паловы XVIII ст. стаў прыгонны тэатр. Найбольшую вядомасць набылі тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Тызенгаузаў у Гародні, Агінскага ў Слоніме, Сапегаў у Ружанах, Тышкевічаў у Свіслачы. Самым буйным тэатрам Беларусі быў Нясвіжскі, пры ім дзейнічалі балетная, музычная і тэатральная школы. Еўрапейскую славу меў Слонімскі тэатр Міхаіла Казіміра Агінскага (маёнтак Агінскага называлі “Сядзібай Музаў”). У тэатрах ставіліся п'есы замежных аўтараў (Мальера, Вальтэра і інш.). Для Нясвіжскага прыгоннага тэатра п'есы пісала Францішка Уршуля Радзівіл. Многія выхаванцы прыгонных тэатраў праслаўлялі сцэны Варшавы і Пецярбурга. У XVIIІ ст. музыка выйшла на першы план сярод мастацтваў. Сярод кампазітараў, якія працавалі на Беларусі, набылі вядомасць Міхал Клеафас Агінскі (напісаў паланез “Развітанне з Радзімай”), Ян Давыд Голанд, Мацей Радзівіл. Найбольш папулярным музычным жанрам была опера з камічным сюжэтам. Так, ініцыятарам стварэння оперы “Агатка” быў віленскі ваявода Караль Радзівіл па мянушцы Пане Каханку (з гэтымі словамі ён звяртаўся да суразмоўцаў). У жывапісе ў XVIII ст. папулярным заставаўся партрэтны жанр. Пры двары каралёў Рэчы Паспалітай працавалі прафесійныя еўрапейскія майстры. Да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва належаць вырабы мануфактур – Урэцкай шкляной, Слуцкай шаўковых паясоў, Карэліцкай ткацкай. Такім чынам, у XVI – XVIІІ стст. створаныя нашымі землякамі шэдэўры папоўнілі залаты фонд здабыткаў сусветнай культуры.
4.11 Фарміраванне беларускай народнасці. Этнічныя меншасці ў Беларусі Сваю адметнасць на нашых землях у сярэднявеччы мелі этнічныя працэсы. Так, у XVI ст. завяршаецца перыяд фарміравання беларускай народнасці, якая згодна з існуючым у гістарычным падыходзе фарміруецца ў феадальны перыяд. Народнасць – форма моўнай, тэрытарыяльнай, эканамічнай і культурнай супольнасці людзей, якая ўтвараецца гістарычна ў выніку кансалідацыі, зліцця плямён і папярэднічае ўтварэнню нацыі. На фарміраванне беларускай народнасці ўплываў шэраг фактараў. 1) Фарміраванне адзінай этнічнай тэрыторыі (землі, якія заселены і абжыты пэўным народам). Паміж Літвой і Беларуссю мяжа прайшла па лініі Мерач-Трабы-возера Свір. Паўночная мяжа праходзіла на поўнач ад Браслава, Езярышча, Нешчарды – па граніцы ВКЛ з Лівонскім Ордэнам, Псковам і Ноўгарадам. Мяжа з Польшчай праходзіла па Заходняму Падляшшу, а з Украінай – па Палессю. Самымі рухомымі былі ўсходнія межы. У перыяд максімальнага пашырэння ВКЛ у працэс фарміравання беларускай народнасці былі ўцягнуты землі Браншчыны і Смаленшчыны. 2) Грамадска-палітычныя ўмовы. Землі Беларусі знаходзіліся ў складзе адзінай цэнтралізаванай дзяржавы – ВКЛ. Гэтая магутная па тым часе еўрапейская дзяржава магла забяспечыць неабходныя ўмовы для развіцця беларускай народнасці. Да таго ж удзел беларусаў у абароне Айчыны ад знешняй пагрозы кансалідаваў народ. 3) Сацыяльна-эканамічныя ўмовы. Прагрэс у сельскай гаспадарцы і рамястве прывёў да паглыблення грамадскага падзелу працы паміж горадам і вёскай, наладжвання цесных сувязей паміж рознымі рэгіёнамі Беларусі, разбурэння натуральнага характару гаспадаркі, уцягвання беларускіх зямель у таварна-грашовыя адносіны. Такім чынам, у межах ВКЛ фарміраваўся агульны рынак, складваліся агульныя рысы гаспадарчай дзейнасці беларускага насельніцтва. Разам з гэтым адбылося складванне структуры беларускага грамадства праз юрыдычнае афармленне ўсіх станаў-саслоўяў. У выніку дзеяння дадзеных фактараў сфарміраваліся наступныя прыкметы беларускай народнасці: 1) Фарміраванне этнічнай самасвядомасці (усведамлення сваёй адметнасці ад іншых народаў). Працэс фарміравання самасвядомасці быў больш доўгім па часе, чым складванне агульных тэрытарыяльных, эканамічных, сацыяльных рыс. Да таго ж асаблівасцю фарміравання самасвядомасці беларусаў было тое, што сялянства, мяшчанства, дробная шляхта і чорнае духавенства трымалася сваіх каранёў, а феадальная знаць іх губляла. Асноўным эндаэтнонімам (саманазвай) насельніцтва Беларусі ў ХІІІ – XVIII стст. з'яўляўся “рускі люд” (“русіны”). Да таго ж для насельніцтва Беларусі была характэрна “зямляцкая” самасвядомасць: палачанін, віцяблянін, магілёвец, паляшук. Частка насельніцтва Беларусі называла сябе “ліцвінамі” (жыхары Віленскага і Трокскага ваяводстваў, жыхары Беларусі, што па розных прычынах знаходзіліся за мяжой, а таксама шляхцічы). Этнонім “беларусцы” сустракаецца ў пісьмовых крыніцах з канца XVI ст. Так дзякі маскоўскага пасольскага прыказа называлі палонных ці збеглых жыхароў усходніх рэгіёнаў Беларусі. Часам у крыніцах сустакаецца назва “ліцвіны-беларусцы”. 2) Ментальнасць – характэрныя асаблівасці светаўспрымання і светаразумення, якія фарміруюцца гістарычна і залежаць ад складу розуму і спосабу мыслення. Беларусам заўсёды было характэрна: працавітасць, міралюбівасць, гасціннасць, талерантнасць. 3) Традыцыйная народная культура. Культура беларусаў была непаўторнай. У першую чаргу спецыфіка праяўлялася ў тыпах сялянскай сядзібы. Да сярэдзіны XVІ ст. пераважала замкнутая (вяночная) і рассеяная (з адасобленымі пабудовамі) планіроўка. А з сярэдзіны XVІ ст. на захадзе Беларусі (пад уплывам “валочнай памеры”) – пагонная. Цяпер памешчыкі перабудоўвалі вёску пад вулічную планіроўку. Сядзіба будавалася па стандартнаму плану: жылы дом размяшчаўся ў адзін або два рады насупраць адмераных валок зямлі. Сяляне жылі ў драўляных хатах на тры пакоі. На поўначы Беларусі хаты ставілі на падруб (фундамент), а на поўдні зруб ставілі на зямлю ці драўляныя плахі. Страха накрывалася саломай або дранкай, вокны закрываліся засаўкай ці бычым пузыром. Традыцыйнымі заняткамі беларусаў былі земляробства і жывёлагадоўля. Адбываўся пераход ад двухпольнага земляробства да трохпольнага (азімыя, яравыя, папар). Цяглавай сілай на поўдні быў вол, на поўначы – конь. Прыладамі працы былі: саха, матыка, серп, барана, цэп (для абмалоту збожжа). Асноўнай сельскагаспадарчай культурай было жыта, дадатковымі – авёс, пшаніца, проса, каноплі, хмель, лён. Народны касцюм беларусаў меў шэраг непаўторных рыс. Сяляне насілі кашулі (сарочкі), нагавіцы (штаны, порты), зімой – суконныя світы, аўчынныя кажухі, валеныя шапкі-магеркі. Абутак – лапці, радзей – боты. Жанчыны насілі кашулі, андаракі (спадніцы з паласатай ці клетчатай тканіны), безрукаўкі (гарсеты). Галаву пакрывалі наміткамі, каптурамі (чапцамі), хусткамі. Верхняе адзенне і абутак быў тым жа, што і ў мужчын, толькі замест ботаў у святочныя дні жанчыны маглі насіць чаравікі. У светапоглядзе беларусаў пераклікаліся язычніцкія і хрысціянскія ўяўленні. Язычніцкія па свайму паходжанню каляндарна-абрадавыя песні (зімнія – калядныя, вясеннія – валачобныя і г.д.) цяпер прымяркоўваліся да царкоўных свят (да прыкладу, валачобныя спявалі на Пасху). Найбольш пашыранымі фальклорнымі жанрамі ў беларусаў былі лірычныя балады, чарадзейныя казкі, ліра-эпічныя песні аб каханні і валачобныя песні. З ХVІІ ст. паступова распаўсюджваюцца сацыяльна-бытавыя і гістарычныя песні, а таксама сацыяльна-бытавыя казкі і легенды. 4) Мова. У XIV – XVІ стст. фарміруецца беларуская (“руская”, старабеларуская) мова. Ужо ў помніках пісьменнасці XIV – XV стст. выяўляюцца яе характэрныя прыкметы: дзеканне, цеканне, аканне, зацвярдзелыя зычныя р, ч, ш. Станаўленню беларускай мовы садзейнічала замацаванне яе ў якасці афіцыйнай мовы дзяржаўных дакументаў. Вельмі важнай праблемай для сучасных даследчыкаў з'яўляецца вызначэнне паходжання назвы “Белая Русь”. Ёсць шмат поглядаў наконт паходжання назвы “Белая Русь”. Але і зараз гэта застаецца загадкай. Можна прывесці некалькі прыкладаў, як розныя даследчыкі тлумачылі сэнс назвы нашай краіны. Шэраг аўтараў (А. Кiркор, Я. Карскi) лічылі, што ў аснове назвы белы колер адзення, а таксама светла-русыя валасы і блакітныя вочы нашых продкаў. Таксама назва “Белая Русь” звязвалася з прыгажосцю зямлі, чысцінёй рэк і блакітам азёр (Макарый), вялікай колькасцю снега (С.Герберштэйн). Частка даследчыкаў “белай”, г.зн. вольнай Руссю называлi землi ўсходняй Беларусi, якія не залежалі ў XIII ст. ад мангола-татараў (М. Любаўскi, М. Доўнаp-Запольскi). Некаторыя аўтары тлумачылі назву нашага края праз цюркскі эпітэт “белы”, які ў спалучэннi “белы цар”, азначаў “вялiкi, магутны”. Даволі пераканаўчым з'яўляецца меркаванне, што ўсходняя частка нашай краіны была названа Белай Руссю (значыць праваслаўнай) у процiвагу заходняй Чорнай, – доўгі час нехрышчонай (Я. Юхо, К. Тарасаў). Італьянец А.Гваньіні ў сваёй кнізе “Хроніка Еўрапейскай Сарматыі” пісаў: “А ёсць Русь траякая: адна Белая, другая Чорная, трэцяя Чырвоная. Белая – каля Мазыра, Мсціслаўля, Віцебска… Чорная ў Маскоўскай зямлі, а Чырвоная – дзе паветы Галіцкі, Перамышльскі і горад Львоў”. Такое геаграфічнае становішча асобных частак Русі адпавядае еўрапейскай традыцыі, калі зямля, што размешчана на захадзе, называецца “Белай”, на поўначы – “Чорнай”, а на поўдні – “Чырвонай”. Дадзены пералiк варыянтаў паходжання назвы “Белая Русь” наўрад цi можна лiчыць вычарпальным. Версii паходжання назвы працягваюць множыцца. Але апроч таго, што няма згоды наконт паходжання, дакладна не вызначаныя i межы тэрыторый, да якіх яна ў розныя гістарычныя эпохi дастасоўвалася. Упершыню назва “Белая Русь” была зафіксавана ў лацінскай форме “Alba Rusсia” каля 1255 – 1260 гг. у геаграфічным трактаце “Апісанне земляў” (верагодна, у дачыненні да Наўгародскай рэспублікі). У канцы XIV ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белай Русі, аднак да канца XVI ст. за землямі нашай краіны этнонім “Белая Русь” не ўжываўся больш ні ў аднаго аўтара. У 1413 г. магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У другой палове XV ст. М.Кузанскі на геаграфічнай карце зрабіў надпіс “Белая Русь або Масковія”. Да часткi тэрыторыi сучаснай Беларусi, перш за ўсё да Полаччыны, назву Белая Русь пачалі трывала прымяняць у сярэдзіне XVI ст. (“Гісторыя…” Марціна Кромера, 1555 г.). У значэннi “Русь Лiтоўская” тэрмiн Белая Русь спачатку ўжывалi або iншаземцы (М.Кромер, А.Гваньiнi) або ўраджэнцы ВКЛ – прадстаўнiкi адукаваных пластоў грамадства – у тым ліку С. Рысiнскi, які ўпершыню ўжыў тэрмін “leucorussus” (па-грэчаску “беларус”) як этнічную саманазву. У канцы XVI – на пачатку XVII ст. назва Белая Русь трапіла з твораў польскiх гiсторыкаў i публiцыстаў у «Хpонiку Лiтоўскую i Жамойцкую». 3 пачатку XVII ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней у ВКЛ называліся Руссю. Гэтая традыцыя ў XVIII ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята расійскім урадам, які лічыў “беларускімі” Магілёўскую і Віцебскую губерні. Толькі на працягу ХІХ ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэрыторыю нашай краіны і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Акрамя беларусаў на тэрыторыі нашай зямлі ў часы ВКЛ пражывалі літоўцы, рускія, татары, яўрэі, палякі і іншыя этнічныя супольнасці. Літоўцы разам з беларусамі з'яўляліся тытульным насельніцтвам княства. Перасяленцы з Польшчы з'явіліся ў ВКЛ у другой палове XIV ст. у якасці палонных, захопленых у час паходаў вялікіх князёў літоўскіх. Росту польскага насельніцтва ў Беларусі садзейнічалі дзяржаўныя уніі ВКЛ з Польшчай. На тэрыторыі Беларусі сялілі ўзятых у палон маскоўскіх ратнікаў. Даволі значныя групы перасяленцаў з Маскоўскай дзяржавы з'явілася ў ВКЛ у XVІ – XVІІ стст. Гэта былі пераважна прадстаўнікі рэлігійнай (ерэтыкі Феадосій Касы, старац Арцемій) і палітычнай (князь Андрэй Курбскі) апазіцыі. З сярэдзіны XVІІ ст. на поўначы Беларусі пасяліліся стараверы (ці як іх называлі на Беларусі – “маскалі”). Татары пачалі сяліцца на Беларусі верагодна ў першай палове XІV ст. Ужо Гедымін выкарыстоўваў татарскае войска у барацьбе з крыжакамі. Шырокае рассяленне татар пачалося ў канцы XІV – першай трэці XV ст. Сярод іх вылучаліся прывілеяваныя і непрывілеяваныя групы. Да першай групы адносіліся князі – прамыя нашчадкі залатаардынскіх ханаў (іх вярхоўная ўлада выкарыстоўвала ў дыпламатычных адносінах з Крымскім ханствам і Турцыяй), а таксама нашчадкі простых воінаў. Яны мелі меншыя зямельныя ўладанні, неслі ваенную службу, а таксама выконвалі на карысць князя каравульную, кур'ерскую, падводную павіннасці. “Простыя людзі” – гэта самая шматлікая група татар. Іх сялілі ў гарадах і мястэчках, дзе тыя займаліся агародніцтвам, гарбарствам, возніцтвам. Даволі вялікія пасяленні татар былі на захадзе Беларусі: у Гародні, Берасці, Лідзе, Наваградку, Менску. Прыхільнае стаўленне да татарскага насельніцтва з боку вярхоўнай улады было абумоўлена рэлігійнай талерантнасцю, ваеннымі і дыпламатычнымі інтарэсамі. Разам з існавалі абмежаванні ў палітычнай сферы, якія накладаліся на татар. Так, татары не маглі выбірацца ў прадстаўнічыя органы ўлады – сойм і соймікі. Таму татары змаглі вызначыцца толькі на такіх дзяржаўных пасадах як пісар у канцылярыі ВКЛ або дыпламат. Пасля Люблінскай уніі становішча татар пагоршылася. Ва ўмовах наступлення Контррэфармацыі татарам забаранялася будаваць мячэці, татарскай знаці забаранялася мець прыгонных-хрысціян, набываць шляхецкія ўладанні, займаць афіцэрскія пасады ў войску. У выніку многія татары з'ехалі ў Крым і Турцыю. Татары спавядалі іслам, іх галоўнай свяшчэннай кнігай быў Каран. Большасць татар у XVI – XVII стст. забыла сваю спрадвечную мову і ў паўсядзённым жыцці карысталася польскай і беларускай мовамі. Нават іх свяшчэнныя кнігі (Аль Кітабы) былі напісаны па-беларуску, але арабскімі літарамі. Яўрэі пачалі сяліцца на Беларусі яшчэ ў VІІІ ст. Масава засяляць Беларусь яўрэі сталі ў XІV-XV стст. Іх праследвалі у Заходняй Еўропе, а ў ВКЛ прытрымліваліся палітыкі талерантнасці. Ужо ў часы Вітаўта існавалі 5 яўрэйскіх абшчын, у тым ліку ў Гродна і Берасці. У цэнтральных і ўсходніх землях Беларусі яўрэі з'явіліся ў XVІ ст. На яўрэяў накладаліся абмежаванні. Так, яны не маглі набываць зямельную ўласнасць, служыць у войску, хаця ў некаторых прыватных гарадах яўрэі маглі мець свае палкі і ўдзельнічаць у абароне населенага пункта. Каб пазбегнуць абмежаванняў трэба было прыняць хрысціянства. Такім чынам, прававое становішча яўрэяў вызначаў рэлігійны фактар. Яўрэі заўсёды жылі ізалявана – асобнымі кварталамі і абшчынамі – кагаламі, і спавядалі іўдаізм. Яўрэйскае насельніцтва жыло пераважна ў гарадах. Гэта тлумачылася эканамічнымі прычынамі. Яны былі добрымі прадпрымальнікамі і плацілі добрыя падаткі. Да таго ж яны лепш усяго арганізоўвалі функцыянаванне такіх важных галін, як збор падаткаў, гандлёвых пошлін (мытная справа), крэдытарскую дзейнасць. Яўрэі былі таксама добрымі рамеснікамі (праўда, у гарадскія цэхі яны не ўваходзілі, а стваралі свае “брацтвы”). Яшчэ адным этнасам, які з'явіўся ў ВКЛ у XV ст., сталі цыганы. Паходжанне гэтага народа звязваюць з Індыяй, адкуль яны пачалі рассяляцца ў пачатку нашай эры. У 1501 г. вялікі князь Аляксандр афіцыйна дазволіў цыганам сяліцца на тэрыторыі Княства і даў ім пэўныя прывілеі. Цыганы вялі вандроўны лад жыцця (вандравалі табарамі з трох-пяці сем'яў), захоўвалі побытавую спецыфіку і племянную арганізацыю. Актыўна займаліся конегадоўляй, кавальствам і гандлем коньмі, не грэбавалі канакрадствам. Жанчыны клапаціліся пра забеспячэнне сям'і харчаваннем, займаліся варажбой, папрашайніцтвам, знахараствам, спевамі і танцамі. 5. Беларускія землі ў складзе Расійскай імперыі 5.1 Беларускія землі ў складзе Расійскай імперыі ў канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст.: адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, сацыяльная і канфесійная палітыка Па меры ўключэння беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі, на гэтыя землі распаўсюджваліся агульныя прынцыпы кіравання і ўводзіўся адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел па расійскім узоры. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. далучаныя беларускія землі былі ўключаны ў склад Пскоўскай і Магілёўскай губерняў. У 1776 г. з Пскоўскай губерні былі вылучаны беларускія паветы, якія склалі Полацкую губерню. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. была ўтворана Мінская губерня, а пасля трэцяга падзелу – Віленская і Слонімская. У 1796 г. Полацкая губерня была аб'яднана з Магілёўскай і ўтворана Беларуская губерня з цэнтрам у Віцебску. Віленская і Слонімская губерні ўтварылі адну Літоўскую губерню. Мінская губерня захавала сваё існаванне. Указам Аляксандра І у 1802 г. Беларуская губерня была падзелена на дзве – Віцебскую і Магілёўскую. Гэтыя губерні ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Літоўская губерня была падзелена на Віленскую і Гродзенскую, якія разам з Мінскай склалі Літоўскае генерал-губернатарства. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 г. паміж Францыяй і Расіяй да апошняй адышла Беласточчына, якая ўтварыла асобную Беластоцкую вобласць. Сістэма кіравання на Беларусі стваралася па аналогіі з Расійскімі губернямі. Персанальны склад вышэйшай адміністрацыі набіраўся пераважна з рускіх чыноўнікаў. Генерал-губернатар з'яўляўся намеснікам цара і надзяляўся фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі ў падначаленых губернях. Пры ім мелася канцылярыя з невялікім штатам чыноўнікаў, бо асноўныя яго загады праводзіліся праз губернскія і павятовыя ўстановы. Губернатар прызначаўся з ліку давераных асоб цара і быў галоўнай службовай асобай у губерні. Дарадчым і выканаўчым органам у губерні было губернскае праўленне, якое складалася з “общего пристутсвия” і канцылярыі. Гаспадарчай і фінансавай дзейнасцю ў губерні кіравала казённая палата, якую ўзначальваў віцэ-губернатар. Яна займалася раскладам і зборам падаткаў, ажыццяўляла кіраванне і нагляд за казённай маёмасцю, кантралявала выдаткі казённых грошай. У сваёй дзейнасці губернскія ўстановы абапіраліся на саслоўныя установы – губернскія дваранскія сходы, а таксама губернскага прадвадзіцеля дваранства – маршалка. Галоўным органам павятовай улады быў ніжні земскі суд, які выконваў адміністрацыйна-паліцэйскія функцыі. На чале яго стаяў земскі спраўнік, які прызначаўся Сенатам са згоды міністра ўнутраных спраў. Ніжні земскі суд сачыў за падтрыманнем грамадскага парадку ў павеце, зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей.З 1837 г. паветы былі падзелены на станы. У кожны стан прызначаўся станавы прыстаў, які ажыццяўляў паліцэйскія абавязкі і падпарадкоўваўся земскаму спраўніку. Для нагляду за дзяржаўнымі сялянамі ў 1837 – 1838 гг. былі ўтвораны акругі, тэрыторыя якіх магла ахопліваць адзін ці некалькі паветаў. Акругі дзяліліся на воласці. На чале акругі стаяў акружны старшыня. У воласці кожныя тры гады выбіраліся валасны галава і два засядацелі, якія складалі валасное праўленне. У гарадах было скасавана магдэбургскае права, прыватныя гарады і мястэчкі выкупаліся ўрадам. На губернскія і павятовыя цэнтры распаўсюджвалася расійскае самакіраванне паводле “Даравальнай граматы гарадам” 1785 г. Прадстаўніком дзяржаўнай улады ў горадзе выступаў гараднічы, які прызначаўся Сенатам, а выбарныя органы прадстаўлялі гарадская дума і магістрат. Усе гараджане падзяляліся на шэсць разрадаў, у залежнасці ад таго, якой маёмасцю валодалі, і дапускаліся да выбараў дэпутатаў (“гласных”) у гарадскую думу. Яна з'яўлялася распарадчым органам, адказным за гаспадарку і добраўпарадкаванне горада, і выбірала па адным прадстаўніку ад кожнага разрада ў свой выканаўчы орган – шасцігласную думу. Апошняя займалася бягучымі гарадскімі справамі, ведала зборам падаткаў з насельніцтва, гарадскімі даходамі і расходамі. У кампетэнцыю магістратаўуваходзіў улік гарадскіх двароў і насельніцтва, збор падаткаў з нерухомай маёмасці, нагляд за цэхамі, мануфактурамі, школамі, багадзельнямі, гандлем, выкананнем рэкруцкай павіннасці, а таксама разбор шырокага кола грамадзянскіх і крымінальных справаў. Адбыліся змены і ў судовай справе: крымінальныя справы вырашаліся на аснове расійскіх законаў, а грамадзянскія – у адпаведнасці з нормамі Статута ВКЛ 1588 г. Членаў судоў выбірала шляхта, якая мела не менш, чым 10 прыгонных мужчынскага полу. Такім чынам, адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне і стварэнне сістэмы органаў улады і кіравання па расійскіх узорах было скіравана на ўключэнне беларускіх земляў у дзяржаўна-палітычную сістэму Расійскай імперыі. У канцы XVIII ст. у Расійскай імперыі адбылося заканадаўчае афармленне саслоўнага падзелу грамадства. Саслоўі – гэта буйныя сацыяльныя слаі, становішча якіх у грамадстве (абавязкі, правы, прывілеі) замацаваны законам і маюць спадчынны характар. Асноўнымі групамі саслоўяў былі прывілеяваныя (дваранства, купецтва, духавенства) і падатковыя саслоі (сялянства і мяшчанства). Сацыяльная палітыка на далучаных землях Беларусі і Літвы насіла саслоўны характар. Пануючым саслоўем у Расійскай імперыі было дваранства, асновай эканамічнай і палітычнай магутнасці якога было валоданне зямлёй і прыгоннымі. Таму ўрад у сваёй палітыцы на беларускіх землях імкнуўся задобрыць заможную шляхту, каб атрымаць яе падтрымку. Пры ўмове прынясення прысягі на вернасць Расіі, за шляхтай захоўваліся маёнткі, ёй дараваліся правы расійскага дваранства паводле “Даравальнай граматай дваранству” (1785 г.). Па расійскіх законах дваране вызваляліся ад абавязку знаходзіцца на дзяржаўнай службе, ад падаткаў і цялесных пакаранняў. Тыя, хто адмаўляўся прысягаць, павінны былі ў трохмесячны тэрмін прадаць нерухомую маёмасць і выехаць за мяжу. Большасць прадстаўнікоў шляхты прысягнулі Кацярыне ІІ. Маёнткі землеўладальнікаў, якія не прысягнулі, падвяргаліся секвестраванню (секвестр–гэта забарона ці абмежаванне, якое накладваецца дзяржавай на карыстанне маёмасцю) і перадаваліся ў казну (ажыццяўлялася канфіскацыя – прымусовая адчужэнне дзяржавай маёмасці без кампенсацыі страты ўладальніку). Былі скасаваны “залатыя шляхецкія вольнасці”, магнаты згубілі права на ўтрыманне прыватнага войска і ўласных крэпасцяў. Беларуска-літоўская шляхта ўяўляла сабой вельмі значную па колькасці групу насельніцтва (да 10%), у адрозненне ад дваранства Расійскай імперыі (не больш за 2%). Да таго ж многія шляхціцы па сваім маёмасным становішчы і ладзе жыцця мала адрозніваліся ад сялян. Таму яшчэ Кацярына ІІ пачала так званы “разбор шляхты”, які расцягнуўся на многія гады і здзяйсняўся павольна да пачатку 1830-х гг., калі ў выніку паўстання быў актывізаваны (указ ад 19 кастрычніка 1831 г.). Шляхціцам належала прадставіць губернскім уладам дакументы аб сваім паходжанні. Дробная шляхта часта не мела дакументаў, у выніку чаго выключалася з дваранскага саслоўя і пераводзілася ў саслоўе аднадворцаў (у сельскай мясцовасці; былі асабіста свабоднымі, плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць тэрмінам 15 год) ці грамадзян заходніх губерняў (у гарадах). Каб стварыць на Беларусі надзейную апору для расійскай улады Кацярына ІІ пачала раздаваць дзяржаўныя і канфіскаваныя маёнткі рускім памешчыкам. Так значныя зямельныя падараванні атрымалі С. Зорыч, Г. Пацёмкін, А. Сувораў. На вышэйшыя пасады ў краі, за адзінкавымі выключэннямі, прызначаліся расійскія чыноўнікі. У становішчы сялян не адбылося значных змяненняў. Сяляне падзяляліся на прыватнаўласніцкіх (прыгонных), дзяржаўных (казённых) і вольных людзей. Колькасць прыватнаўласніцкіх сялян значна павялічылася ў канцы XVIII – першай чвэрці ХІХ стст., у першую чаргу, у выніку раздачы дзяржаўных сялян расійскім памешчыкам. У канцы 1840-х гг. памешчыкам належала каля 70%, а дзяржаве – 19% усіх сялян. Сяляне ў Расійскай імперыі былі непрывілеяваным, падатковым саслоўем. Таму пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі становішча беларускіх сялян змянілася мала. Прыгоннае права было нават больш жорсткім, чым у Рэчы Паспалітай. Прыгонныя знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад памешчыкаў, якія па сваёй волі вызначалі віды і памеры феадальных павіннасцей, маглі адабраць у прыгонных іх маёмасць, а саміх – прадаць, закласці, завяшчаць (цэлымі вёскамі, сем'ямі, нават разбіваючы сем'і). Памешчык мог падвергнуць селяніна цялесным пакаранням, саслаць у Сібір, здаць па-за чаргой у рэкруты (на вайсковую службу). Без дазволу памешчыкаў сяляне не маглі ўступіць у шлюб, пайсці ў заробкі, звярнуцца ў дзяржаўную ўстанову, заключыць гандлёвую здзелку ад свайго імя. За групавое непадпарадкаванне сялян каралі вайсковыя падраздзяленні. Акрамя нясення павіннасцей на карысць памешчыка, сяляне выплочвалі штогадовы падушны падатак (з кожнага дарослага мужчыны), замест падымнага (з адной хаты) ў Рэчы Паспалітай, земскія, “грамадскі” і “мірскі” зборы, натуральныя спагнанні (кватэрнае, фурманачнае, дарожнае і інш.). Да земскіх падаткаў належалі зборы на ўтрыманне пошты, на будаўніцтва шляхоў і мастоў. Мірскія зборы ішлі на ўтрыманне валаснога праўлення, запасных магазінаў і іншыя мясцовыя патрэбы. Найбольш цяжкімі для дзяржаўных сялян былі павіннасці на карысць арандатараў дзяржаўных маёнткаў. На Беларусі ўводзілася невядомая дагэтуль рэкруцкая павіннасць (ад пэўнай колькасці двароў вылучаліся асобы для службы ў войску на працягу 25, з 1834 г. – 20 гадоў). Да падатковых саслоўяў адносіліся і мяшчане. З-за ліквідацыі магдэбургскага права становішча мяшчан пагоршылася. Яны былі абложаны агульным падушным падаткам, земскім зборам. На мяшчан распаўсюджвалася таксама рэкруцкая павіннасць. Вельмі цяжкай была пастойная павіннасць – прымаць на пастой салдат і афіцэраў гарнізонаў, што размяшчаліся ў гарадах. Мяшчане былі абмежаваны ў свабодзе перамяшчэння і падвяргаліся цялесным пакаранням. Жыхары шэрага мястэчак, што не атрымалі гарадскога статуса, прыраўніваліся да сялян і нават раздаваліся прыватным уладальнікам. У канцы XVIII ст. “Даравальнай граматай гарадам” быў аформлены саслоўны статус купецтва. Купцы атрымала права запісвацца ў адну з трох гільдый, у залежнасці ад заяўленага капіталу, былі вызвалены ад падушнага падатку (замест яго ўносілі гільдзейскую пошліну ў памеры 1% з капітала), ад цялесных пакаранняў. Купцы першай гільдыі вызваляліся і ад рэкруцкай павіннасці. Саслоўны статус купца вызначаўся выключна яго маёмасным становішчам. У выпадку разарэння купец выпадаў са свайго саслоўя. Асобнае месца ў сацыяльнай структуры гарадскога насельніцтва з 1832 г. занялі ганаровыя грамадзяне. Да гэтай катэгорыі адносіліся: дзеці асабістых дваран, дзеці праваслаўных святароў, купцы, якія больш 20-ці год уваходзілі ў склад першай гільдыі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, вучоныя, урачы. Ганаровыя грамадзяне вызваляліся ад падушнай подаці, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў. З'яўленне катэгорыі ганаровых грамадзян было спробай уключыць у саслоўную сістэму новыя сацыяльныя групы (буржуазію і інтэлігенцыю), не дапускаючы іх у дваранскае саслоўе. Духавенства ў Расіі было прывілеяваным саслоўем. Яно падзялялася на чорнае (манаскае) і белае (прыходскае). Гэтае саслоўе было вызвалена ад падаткаў, рэкруцкай павіннасці і цялесных пакаранняў. Канфесійная структура насельніцтва на беларуска-літоўскіх землях у канцы XVIII ст. выглядала наступным чынам: тут пражывала каля 39% уніятаў, 38% католікаў, 10% іудзеяў, 6,5% праваслаўных. Акрамя таго, на гэтых землях жылі стараверы, пратэстанты і мусульмане. На далучанай тэрыторыі царскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій, але гэтая верацярпімасць была адноснай. Ставілася задача пашырыць як мага больш уплыў праваслаўнай царквы. Аднак, паколькі буйныя землеўласнікі належалі да каталіцкай канфесіі, касцёл захаваў сваю маёмасць і свабоду дзейнасці. Забаранялася толькі схіляць у каталіцтва праваслаўных. Была створана Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве. Праўда, каб паказаць сваю ўладу, Кацярына ІІ падпарадкавала касцёл Сіноду, а таксама дазволіла на тэрыторыі імперыі дзейнасць ордэна езуітаў, забароненага папам рымскім (забарона дзейнічала да 1814 г.). Фактычным цэнтрам ордэна да 1820 г., калі ён быў выгнаны за межы Расіі, стаў Полацк. Пачынаючы з 1794 г. пачаўся ціск на ўніятаў з мэтай пераводу іх у праваслаўе. Аднак пасля смерці Кацярыны ІІ ціск быў спынены, а многія перайшоўшыя ў праваслаўе вярнуліся да ранейшага веравызнання. Уніяцкая царква спыніла сваё існаванне ў 1839 г., кал, скліканы па ініцыятыве апошняга ўніяцкага мітрапаліта Сямашкі Полацкі царкоўны сабор абвясціў яе поўнае ўз'яднанне з Рускай праваслаўнай царквой. Для яўрэйскага (іўдзейскага) насельніцтва указам 1794 г. уводзілася мяжа аселасці, якая ўключала беларускія і частку ўкраінскіх губерняў. Іудзеям забаранялася пражываць за межамі гарадоў і мястэчак, трымаць корчмы, арандаваць памешчыцкія маёнткі і прамысловыя прадпрыемствы на вёсцы. Яўрэйскія купцы і рамеснікі, якія спавядалі іудаізм, плацілі ўдвая большыя падаткі, чым хрысціяне (за сплочванне падаткаў адказнасць нёс кагал). Для яўрэяў была павялічаная і норма рэкруцкай павіннасці. Калі яўрэй прымаў праваслаўе, усе абмежаванні для яго скасоўваліся. Такім чынам саслоўная палітыка расійскага урада была скіравана на тое, каб задобрыць заможнае дваранства. Становішча сялян і мяшчан да лепшага не змянілася. Саслоўная структура грамадства паступова ўскладнялася. Пры захаванні свабоды дзейнасці каталіцкага касцёла на далучаных землях ўзмацнілася падтрымка праваслаўя.
|